Прыдзьвінне № 11, люты
|
Прызнанне ў ідэйна правільным каханні
Мяркуецца, што шмат хто з патрыятычнай моладзі Віцебска прызнаецца сёння ў любові да самога прызідэнта, а не нейкіх там Машы ці Пашы. У Дзень сьвятога Валянціна на Плошчы Свабоды віцебскія "бээрэсэмаўцы" збіраюцца ўсталяваць вялікі шост, на які кожны ахвотны зможа прымацаваць уласную "валянцінку". Нехта набудзе яе ў краме ды напіша, што кахае Машу ці Сашу, а хтосьці размалюе стылізаванае сардэчка ў чырвоны ды зялёны колеры і прызнаецца ў любові да палітыкаў, улучна да першага нумара… Менавіта да гэтага заклікала кіраўніцтва БРСМ моладзь праз мясцовыя дзяржаўныя выданьні. Як паведамляе незалежны інтэрнэт-рэсурс "Народныя навіны Віцебска", рамантычныя пачуцьці ў віцеблянаў выклікаюць вядомы тэнісіст Максім Мірны, тэлевядучы Сяргей Кухто і... 11-гадовая сьпявачка Паколькі "валянцінкі" найчасьцей ананімныя, шчырасць пачуццяў аўтараў праверыць немагчыма. Але сумнявацца ў іх падставы ёсьць: летась напярэдадні 14-га лютага віцебскія школы атрымалі адмысловую разнарадку – каму і колькі "валянцінак" мусіць быць падрыхтавана і даслана. Так што пэўны досвед у збіранні "лістоў кахання" віцебскі абкам БРСМ ужо мае і абяцае, што сёлета самыя цікавыя прызнанні і пажаданні насамрэч будуць дастаўленыя адрасатам. Акцыя БРСМа называецца "За любімую Беларусь!" Аднак у Віцебску, падобна, афіцыйна "любіць Беларусь", а таксама кахаць кагосьці ў прыватным парадку дазволена толькі сябрам гэтай арганізацыі. Прынамсі, гарвыканкам адмовіў прадстаўнікам Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў правядзенні ў Дзень святога Валянціна іншай святочнай акцыі – дыскатэкі ў гарадзкім парку каля плошчы Леніна. Улады прапанавалі апазіцыянерам правесці сваю імпрэзу на дальняй ускраіне Віцебску – у парку імя Савецкай Арміі, куды ўзімку не толькі цяжка дабрацца, але й няма магчымасьці падключыць любое электрычнае абсталяванне. У лісьце з гарвыканкама гаворыцца, што менавіта гэтае месца прызначана для правядзення гарадзкіх масавых акцыяй. І толькі "бээрэсэмаўцам" дазволена публічна, у самым цэнтры Віцебска, прызнавацца ў ідэалагічна правільным каханні. Алена Штраль 14.02.2007 |