Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвіньне № 2, люты
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвіньне № 2, люты

Працоўныя месцы ёсьць, а заробкаў – няма

Дзяржаўная кампанія наконт стварэньня новых працоўных месцаў у малых населеных пунктах аказалася дужа нявыгаднай для саміх працаўнікоў.

На ўчастках віцебскай фабрыкі "КІМ" у пасёлках Обаль і Мікалаева Шумілінскага раёну, заробак швачкі складае ўсяго  80 – 120 тысяч рублёў.

Калі ў межах дзяржаўнай праграммы па падтрымцы малых паселішчаў у 2007 годзе гэтыя ўчасткі толькі ствараліся, гаворка вялася пра заробак ў 300-350 тысяч, але такіх грошай  працоўнікі не атрымлівалі ня разу. "Не дацягвае" іхны заробак нават да ўзроўню афіцыйна празнанай па краіне мінімальнай заработнай платы, якая сёньня складае 208 800 рублёў.

Намінальна ў Шумілінскім раёне зьявіліся некалькі дзясяткаў працоўных месцаў. Але кіраўніцтва фабрыкі "КІМ", адкрыўшы ўчасткі ў Мікалаеве і Обалі,  зараз не нясе ніякай адказнасьці за забеспячэньне іх сыравінай і матэрыяламі для вытворчаьці. З тае прычыны праца ў швачак ёсьць толькі 8-10 дзён у месяц. І паколькі заробак залежыць ад колькасьцт вырабленай  прадукцыі, то на рукі жанчыны  атрымліваюць зусім жабрацкія сумы.

Умовы працы "у глыбінцы" таксама вымагаюць паляпшэньня:  зь Віцебску на Шуміліншчыну вывезьлі самыя старыя швейныя машынкі, якія толькі былі ў "кімаўскіх" цэхах. Але ў горадзе іх хаця б было каму рамантаваць – на "КІМе" працуе цэлая служба майстроў-наладчыкаў абсталяваньня. А ў мясцовых "філіялах" набралі на працу толькі швачак, якія не заўжды могуць зладзіць са старой тэхнікай.

Праўда, сказаць, што працаўнікам "КІМу" з абласнога  цэнтру дужа пашанцавала ў параўнаньні з іхнымі калегамі з рэгіёнаў, таксама нельга. Некалі славутае на ўвесь былы СССР прадпрыемства, якое выпускае  шкарпэткі і бялізну, сёньня зусім ня ў ліку перадавых.

Пасьля практыкі на "КІМе" студэнты выпускных курсаў Віцебскага тэхналягічнага ўніверсітэту проста баяцца патрапіць туды па разьмеркаваньні. Галоўная студэнцкая "страшылка" – гэта аповяд пра хлопца, выпускніка 2006 году, выдатніка і атрымальніка прэзыдэнцкай стыпендыі, якому давялося разьмеркавацца на "КІМ" у якасьці эканаміста.

Кажуць, што "паклалі" заробак у 240 тысяч рублёў і пажадалі посьпехаў у працы. Нічога лепшага прадпрыемства не змагло прапанаваць пэрспэктыўнаму маладому спэцыялісту. Зрэшты, нічога добрага  яно ня можа зрабіць і для сваіх філіялаў, адкрытых ня дзеля эканамічнай выгады, а паводле ўказаньня "зьверху", у рэчышчы выкананьня чарговай прэзыдэнцкай праграмы.

Алена Штраль

19.02.2008

Хвароба дыягнастуецца так: беднасьць

Паляўнічы пачаставаў гасьцей дзічынай. У выніку ў Гарадоцкім раёне Віцебшчыны зарэгістравана масавае захворваньне трыхінелёзам.

У абласны інфэкцыйны шпіталь штодня паступаюць хворыя з падазрэньнем на трыхінелёз – паразітарную хваробу, якой паддатныя і чалавек, і жывёла. Дактары падазраюць, што крыніцай заражэньня стала мяса дзікага кабана, а калі дакладней – сыравяленая кілбаса зь дзічыны, якой пачаставаў гасьцей на Новы год 50-гадовы егер зь вёскі Рудня Гарадоцкага раёну.

– Зь мяса дзікага кабана ні ў якім выпадку недапушчальна рабіць сыравяленую кілбасу, – кажа галоўны ўрач Гарадоцкага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Раман Бабрычэнка. – Яго трэба абавязкова варыць, прычам ня менш за дзьве гадзіны! Але самае галоўнае санітарнае парушэньне – гэта тое, што дзічыну не аддалі на ветэрынарна-санітарную экспертызу: хутчэй за ўсё чалавек пашкадаваў грошай. Таму вінаватага мы прыцягнем да адказнасьці – ён мусіць кампенсаваць нам выдаткі на прафілактычнае лячэньне людзей ад трыхінелёзу.

Санітарныя дактары канфіскавалі 30 кіляграмаў дзічыны і 7 кіляграмаў сыравяленых кілбасных вырабаў. Але праблему гэтым вырашыць аказалася немагчыма, бо немагчыма высьветліць "паходжаньне" небясьпечнай кілбасы: брыгада паляўнічых забіла цягам трох месяцаў каля 30 дзікоў, і мяса ўсе падзялілі паміж сабой. Хтосьці  здаваў яго на экспэртызу, а хтосьці, мажліва, вырашыў на гэтым зэканоміць. Прынамсі, заробак егера Міхаіла Мядзьведзева, які захварэў першым, складае ўсяго  каля 250 тысяч рублёў, а экспэртыза каштуе 14 тысяч.

У шпіталі апынуліся сыны М.Мядзьведзева і іхныя сябры – у тым ліку студэнты мясцовага аграрнага каледжу, якія разам частаваліся дзічынай. На 15 лютага ў інфэкцыйным шпіталі ўтрымліваецца 12 хворых на трыхінелёз. І мэдыкі не выключаюць, што колькосьць такіх пацыентаў можа павялічыцца, бо інкубацыйны перыяд хваробы – 25-40 дзён, і яна яшчэ можа сябе праявіць.

Пры адсутнасьці лячэньня трыхінелёз можа прывесьці да сьмерці хворага: лічынкі-паразіты трапляюць у сыстэму крывазвароту й парушаюць работу ўнутраных органаў, у першую чаргу сэрца, лёгкіх, пячонкі й нават галаўнога мозгу.

На шчасьце, гэтая інфэкцыя даволі рэдка сустракаецца на Беларусі, але на Гарадоччыне ўспышкі хваробы рэгіструюцца пэрыядычна – апошні выпадак трыхінелёзу тут быў зарэгістраваны ў 2000 годзе.

Алена Штраль

18.02.2008

Маладых спецыялістаў змусілі даць "клятву вернасьці"

Каб яны не зьбягалі з Чашнікаў, райкам БРСМ і райвыканкам прыдумалі гэты рытуал для ўсіх дасланых у раён па разьмеркаваньні. Прыехаў – асядай!

Кіраўніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Тацяна Пчолкіна распавяла, што ў лютым цераз яго ўжо прайшлі 98 выпускнікоў навучальных устаноў, якія прыбылі ў Чашніцкі раён на першую ў сваім жыцьці працу.

– Усё было вельмі ўрачыста, – распавядае Т.Пчолкіна. – Хлопцы і дзяўчаты паабяцалі быць добрымі спецыялістамі ў сваёй справе, адказна і прафэсійна працаваць, і некалькі разоў разам зь вядучым  паўтарылі слова "Клянёмся!" У імпрэзе ўзялі ўдзел таксама старшыня райвыканкаму і вэтэраны працы: яны натхнялі моладзь сваім прамовамі.

Некаторыя зь нядаўніх выпускнікоў, цяперашніх маладых спецыялістаў, сталі героямі дакумэнтальнага фільма, адзьнятага адмыслова да гэтай вечарыны.

– Было трохі сьмешна глядзець,  калі нехта з экрану няшчыра распавядае, як яму нібыта пашанцавала трапіць на працу ў Чашніцкі раён і якое добрае яму папалася кіраўніцтва, – гаворыць  маладая настаўніца, запрошаная на імпэзу. – А вось калі пачуліся словы "Клянёмся!", то зрабілася зусім ня сьмешна. Як мне здаецца, адказнага стаўленьня да свае прафэсіі трэба вымагаць ня клятвамі на вернасьць. У кожнага работніка мусяць быць добрыя ўмовы працы, прыстойны заробак і пэрспэктывы прафэсійнага росту. Тады ніякія клятвы не спатрэбяцца, і прыдумляць іх на ўзор "Клятвы юнага піянера" нікому не давядзецца.

Гэтае  меркаваньне, зразумела, не было агучана падчас імпрэзы ў раённым Палацы культуры. Наступным годам мясцовыя ідээлягі і БРСМаўцы абяцаюць паўтарыць рытуал – мажліва, зь некаторымі зьменамі ў праграме.

У раёне чакаюць прыезду маладых урачоў, настаўнікаў, ветэрынараў. Для іх ёсьць шмат вакансіяў, бо выпускнікі навучальных установаў, адпрацаваўшы належныя два гады, вельмі часта зьяжджаюць з Чашніцкага раёну ў іншыя месцы, не знайшоўшы тут для сябе нічога прывабнага... Пакараньня для парушальнікаў "Клятвы вернасьці" у Чашніцкім БРСМе пакуль не прыдумалі.

Алена Штраль

15.02.2008

Пастаўскі райвыканкам прымусілі ахоўваць гістарычны будынак

Грамадзкая рада па ўшанаваньні памяці Альфрэда Ромэра дамаглася, каб Мінкультуры спыніла занядбаньне  былога маёнтка вядомага мастака.

У адказе намесьніка міністра Віктара Кураша на зварот старшыні грамадзкай рады  мастака Алеся Цыркунова напісана, што выканкам Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці мусіць забясьпечыць захаванасьць будынка былой сядзібы  ў вёсцы Каралінова, а таксама адчыніць разьліковы рахунак для збору сродкаў на ўшанаваньне памяці Альфрэда Ромэра.

Пастаўскі краязнаўца Міхась Гіль распавёў, што мастак жыў у гэтых краёх усяго каля дзесяці год.

– А больш дакладна з 1874 году і напрацягу дзесяці гадоў, але ў доме, пабудаваным паводле ўласнага праекту, чым ён і каштоўны, – распавядае М.Гіль. – Дом драўляны, і да 2003 году ў ім мясьцілася школа. Калі дзяцей у вёсцы засталося зусім мала, школу зачынілі, а сядзіба так і засталася трухнець, знаходзячыся на гаспадарчым балянсе райвыканкаму. Грамадзкасьць двойчы звярталася ў райвыканкам па дазвол на правядзеньне рамонту даху будынка, аднак атрамлівала адмоўны адказ. Мы былі прымацавалі там шыльду, што гэта помнік гісторыі, які мусіць ахоўвацца дзяржавай. Але праз колькі дзён шыльда невядомым чынам зьнікла.

Па распараджэньні міністэрства культуры над сядзібай Ромэра прызначылі шэфаў – суседнюю школу, што яшчэ працуе ў вёсцы Камаі. Дарэчы, у Камаях і ў Каралінове ёсьць вуліцы, названыя імем Альфрэда Ромэра, ягонае імя нададзенае Пастаўскай дзіцячай мастацкай школе. Паводле зьвестак Міхася Гіля, да 600-годдзя райцэнтру, якое будзе адзначацца ў наступным годзе, у двары школы паставяць помнік мастаку, жыцьцё якога было зьвязанае з Пастаўшчынай.

Альфрэд Ромэр, прадстаўнік старадаўняга шляхецкага роду нямецкага паходжаньня, займаўся ня толькі мастацтвам: ён вывучаў беларускі побыт, рабіў этнаграфічныя замалёўкі, напісаў дасьледаваньне пра слуцкія паясы. Быў удзельнікам нацыянальна-вызваленчага паўстаньня супраць рускага царызму ў 1863-1864 гг. Зь ягонае мастацкае спадчыны на Пастаўшчыне засталася ўсяго адна карціна "Хрыстос і сірата", якая захоўваецца ў  Камайскім касцёле Іаана Хрысьціцеля.

Алена Штраль

11.02.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: