Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвінне № 9, верасень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвінне № 9, верасень

Сваякоў В.Быкава не запрасілі на адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі

Сродкі на мэмарыяльную дошку Віцебскі аблвыканкам выдаткаваў толькі праз чатыры гады пасьля таго, як прыняў адпаведнае рашэньне.

25 верасьня ў Віцебску заплянаваная акцыя "Мы – беларусы!", і спаміж спартовых спаборніцтваў, дзіцячых выступленьняў і канцэрта эстрадных зорак ёсьць і такі пункт: "адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава на будынку мастацкай школы №1". Некалі тут мясьціўся мастацкі тэхнікум, дзе ў 1939-1940 гадах вучыўся будучы пісьменьнік.

Зазвычай на падобныя імпрэзы прынята запрашаць бліжэйшых сваякоў уганараваных грамадзянаў, іхных сяброў, паплечнікаў ды аднадумцаў. Але ў Віцебску сытуацыя выглядае па-іншаму: сярод запрошаных – толькі прадстаўнікі ўладаў ды праўладнага  Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

– Нас праігнаравалі, – кажа старшыня віцебскай філіі "апазыцыйнага" Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Франц Сіўко. – Кіраваць усім будуць чыноўнікі. Хаця некалькі год таму менавіта мы са скульптарам Валерыем Магучым зьвярталіся ў аддзел культуры зь ініцыятывай зрабіць і ўсталяваць мэмарыяльную дошку. І яшчэ ў 2003-м годзе Таварыства беларускай мовы даслала ў аблвыканкам цэлы сьпіс прапаноў па ўшанаваньні памяці пісьменьніка на Віцебшчыне. З таго сьпісу выканана толькі некалькі пунктаў – адноўлена сядзіба Васіля Быкава на ягонай радзіме, у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну, дзе цяпер мэмарыяльны музэй пісьменьніка, створаны школьны музэй у вёсцы Кублічы, дзе вучыўся Быкаў, і ягонае імя нададзена Кубліцкай дзіцячай бібліятэцы.

Цяпер да гэтага пераліку дадалася яшчэ й мэмарыяльная дошка, якую зрабілі віцебскія скульптары Валеры Магучы і Мікалай Гвозьдзікаў. Найбольш радасьці і гонару гэтая падзея мусіла б прынесьці бліжэйшым сваякам пісьменьніка – ягонай жонцы Ірыне Міхайлаўне ды сястры Валянціне Ўладзіміраўне. Але іх на адкрыцьцё не запрасілі.

– Я сама нічога ня ведаю – ні дзе, ні калі тое адкрыцьцё, – кажа 83-гадовая спадарыня Валянціна, якая жыве на Вушаччыне ў вёсцы Ваўчо. – Але маглі б мне хаця б патэлефанаваць, калі не запрасіць. Мне ж нават з Украіны запрашэньне дасылалі, калі там музэй Васілёў адчынялі! А тут, відаць, улады ўжо вырашылі ўсё правесьці самі. Я гаварыла па тэлефоне зь Ірынай Міхайлаўнай, яна казала, што ведае пра дошку, але ехаць туды не зьбіраецца. Бо без запрашэньня ехаць няёмка, ды й ня хочацца, каб на цябе глядзелі як на ворага.

Дамагчыся справядлівасьці спрабаваў старшыня Віцебскай рады Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык. Яму сказалі, што запрашэньнем гасьцей займаецца намесьнік старшыні гарвыканкаму па ідэалёгіі Павал Лосіч. Ведаючы спадара Лосіча здаўна, віцебскі кіраўнік ТБМ паспрабаваў трапіць да яго на прыём. Але чыноўнік, убачыўшы пад дзьвярыма "апазыцыянэра", выклікаў міліцыянта-ахоўніка, і той загадаў Іосіфу Навумчыку "ачысьціць памяшканьне” ".

– Як гэта можна так абыходзіцца з наведнікамі, якія прыйшлі да цябе на працу! І гэткія  во людзі ладзяць акцыі "Мы – беларусы!", ды лічаць сябе ўвасабленьнем лепшых нацыянальных рысаў?  Такога хамства з боку чалавека, які займаецца ідэалёгіяй ды культурай, я за ўсе 70 год жыцьця ні разу ня бачыў, – абураецца спадар Навумчык.

Сваякі Быкава вырашылі прыехаць у Віцебск як-небудзь іншым разам. Каб ушанаваць памяць блізкага чалавека і славутага пісьменьніка не ў казённай абстаноўцы афіцыйнага сьвята, а шчыра і ад усяго сэрца.

Алена Штраль

26.09.2008

Апазыцыянэры прапануюць праўладным кандыдатам зьняцца з выбараў

Двое незалежных кандыдатаў у дэпутаты зь Віцебшчыны вінавацяць сваіх супернікаў у парушэньнях закону і заклікаюць іх да грамадзкага пакаяньня.

Былы вайсковец Уладзімер Бароўка публічна зьвярнуўся да старшыні Пастаўскага райвыканкаму Эдуарда Казуры, каб той  адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў выбарах.  Адбылося гэта падчас супольнай сустрэчы з выбарцамі Пастаўскай выбарчай акругі №29 у раённым доме культуры, калі  незалежны кандыдат распавядаў, якія беларускія законы ён хацеў бы рэфармаваць у выпадку абраньня ў парлямэнт.

– Калі я гаварыў пра выбарчае заканадаўства, то сказаў, што трэба катэгарычна забараніць выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу і падвысіць адказнасьць з гэта. А потым распавёў, што накіраваў скаргі ў Цэнтрвыбаркам і пракуратуру пра шматлікія парушэньні ў гэтым сэнсе з боку Эдуарда Казуры. Я маю на ўвазе выкарыстаньне службовага транспату, вызваленьне з працы ягоных давераных асобаў, якія езьдзяць па адмыслова для ніх арганізаваных агітацыйных сходах.І зьвярнуўся да свайго канкурэнта: маўляў, так рабіць нельга, і яму варта зьняць з выбараў  сваю кандыдатуру. Рэакцыя была бурная: старшыня райвыканкаму выйшаў на сцэну і стаў на мяне крычаць – што я з апазыцыі і адпрацоўваю  заходнія грошы, – распавёў Уладзімер Бароўка.

Прапанова Уладзімера Бароўкі – гэта ўжо другі выпадак падчас выбарчай кампаніі, калі незалежны кандыдат прапануе свайму праўладнаму суперніку добраахватна сысьці з выбарчай гонкі. Першым быў Яраслаў Берніковіч з Глыбокага, які напісаў адкрыты ліст да старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Андрэйчанкі – свайго суперніка па Глыбоцкай выбарчай акрузе №22.

– Я не чакаю ад спадара Андрэйчанкі нейкага ліста ў адказ. Я мяркую, ён мусіў бы адказаць канкрэтнымі дзеяньнямі. У сапраўды дэмакратычнай краіне дастаткова было б рэакцыі на мае скаргі, якія я даслаў у акруговую камісію і якія тычацца выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу маім канкурэнтам на выбарах. Я пісаў, што агітацыйныя матэрыялы губэрнатара разносяць па паштовых скрынках паштары, якія знаходзяцца на дзяржаўнай працы. Пісаў і пра тое, што Глыбоцкая, Докшыцкая ды Вушацкая "раёнкі" з нумара ў нумар піяраць Уладзімера Андрэйчанку, распавядаючы то пра адкрыцьцё бібліятэкі, то пра новы газаправод – нібыта да ўсяго гэтага старшыня аблвыканкаму мае асабістае дачыненьне. Але акруговая камісія прызнала гэтыя факты непацьверджанымі, – кажа Яраслаў Берніковіч.

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік лічыць, што падобныя звароты  апазыцыйных кандыдатаў мусілі  б стацца значнай палітычнай зьявай мясцовага ўзроўню –  але гэта ў тым выпадку, калі б выбарчай кампанія праходзіла сапраўды дэмакратычна.

– Гэта малаверагодна, што праўладны кандыдат, якому фактычна загадана стаць дэпутатам, раптам паслухаецца свайго апанэнты ды зьнімецца з ввыбараў. Гэта проста фантастычна ў нашай краіне! Хіба толькі чалавек маральнае  задавальненьне атрымае, што ён прапанаваў праўладнаму кандыдату зьняцца з выбараў. Бо дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі наўрад ці зробяць гэткі заклік агульнавядомым. І таму нашы выбарцы застаюцца па-за усімі такімі палітычнымі "вывертамі", яны ўжо адвыклі, што ёсьць нейкая канкурэнцыя, – гаворыць Леанід Сьвецік.

На думку праваабаронцы, у сапраўднай палітычнай кампаніі заўсёды мусіць быць інтрыга – каб выбарцы былі ўпэўненыя, што могуць паўплываць на яе канчатковы вынік. У сёлетняй выбарчай кампаніі, паводле ягонага меркаваньня, ніякай інтрыгі няма – вынік можна лёгка прадказаць ужо зараз.

Алена Штраль

26.09.2008

Каму дазволена разьвешваць плякаты на слупах?

У райцэнтры Гарадок адказ ведаюць: праўладнаму кандыдату Васілю Байкову, які балятуецца па тутэйшай Віцебскай-Сельскай выбарчай акрузе.

Праблему з разьмяшчэньнем агітацыйных матэрыялаў першым узьняў апазыцыйны кандыдат, старшыня раённай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў: яму не дазволілі вывесіць плякаты ў шэрагу дзяржаўных установаў. Больш таго: разьмешчаны са згоды намесьніцы начальніка раённага паштовага аддзяленьня плякат на наступны дзень таемным чынам зьнік. Спадару Аўтухову давялося падаваць заяву ў міліцыю, каб сьледзтва выявіла, хто і па чыім загадзе зрабіў тое.

Міліцыянты перадалі справу ў райвыканкам, бо менавіта гэты орган мусіць разьбірацца з падобнымі здарэньнямі ў часе выбараў. Аднак у вэртыкалі вырашылі інакш: замест таго, каб заняцца пошукамі , супраць самога Леаніда Аўтухова распачалі адміністрацыйную справу, абвінаваціўшы ў парушэньні парадку разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў.

– Вось гэта прэтэнзіі! – абураецца кандыдат Леанід Аўтухоў. – Мой плякат "пражыў" на пошце ўсяго суткі. Затое агіткі Васіля Байкова ў Гарадку вісяць і на пад’ездах дамоў, і нават на слупах уздоўж Міліяратараў, Чкалава, Бумагіна. Слупы дакладна не зьяўляюцца месцамі, адмыслова вызначанымі райвыканкамам для  для агітацыі! Тым ня менш прэтэнзіі гэтая ўстанова выказвае на мой адрас, парушэньне бачыць у мяне , а не ў майго канкурэнта ад улады Васіля Байкова, старшыні абласнога Камітэту аховы помнікаў і наваколькнага асяроддзя.

У межах адміністрацыйнай справы ў Леаніда Аўтухова спрабавалі ўзяць тлумачэньні. І зноў жа ўзьніклі праблемы: як высьветлілася, юрыст райвыканкаму не валодае беларускай мовай, і адпаведна, ня можа скласьці пратакол апытаньня беларускамоўнага апазыцыянэра. Цяпер райвыканкам мусіць шукаць перакладчыка, а кандыдат Аўтухоў тым часам зьвярнуўся да старшыні Гарадоцкага райвыканкаму А.Мароза, каб былі прынятыя меры па вывучэньні дзяржаўнай беларускай мовы адказнымі супрацоўнікамі і ў размовах з наведнікамі яны маглі б абыходзіцца без перакладу.

Алена Штраль

22.09.2008

Конкурс на тэму: "Хто стане дэпутатам?"

Віцебская гарадзкая газэта "Віцьбічы" абвясьціла палітгульню для сваіх чытачоў: прадказаць, каго абяруць у парлямэнт. Недарэчнае пытаньне…

Рэдакцыя дзяржаўнай газэты прапануе знайсьці нумар ад другога верасьня са сьпісам зарэгістраваных кандыдатаў па чатырох віцебскіх акругах і вызначыцца з прагнозам, хто зь іх пераможа на выбарах. Пытаньне сьмешнае: па ўсіх акругах ідуць праўладныя кандыдаты, так што памыліцца амаль немагчыма.

Ці ёсьць, да прыкладу, варыянты адказу, калі гаворка ідзе пра 17-ю Віцебскую-Горкаўскую акругу №17, па якой балятуюцца разам старшыня Віцебскага гарсавету Генадзь Грыцкевіч і апазыцыянэрка Тацяна Севярынец?  Або ці ёсьць праблема прадказаць, хто пераможа ў 19-й Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20, дзе вылучыліся сябар ПКБ Аляксандар Вінаградаў, прадстаўніца "Эўракааліцыі" Галіна Козырава, 29-гадовы Сяргей Белавусаў з ЛДП і  падтрыманы ўладамі дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжа Аляксандар Ласякін?

Дзейныя дэпутаты Парлямэнту Аляксандар Гудкоў і Сяргей Сямашка таксама відавочна спадзяюцца на перамогу, стаўшы кандыдатамі ў дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 і Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19.

Такім чынам, сэнс конкурс для чытачоў "Віцьбічаў" нават ня ў тым, каб даць правільны адказ, а каб найхутчэй дабегчы да рэдакцыі: менавіта той, хто першым паведаміць правільны адказ, атрымае сувэнір-падарунак.

Зрэшты, конкурс таксама быў абвешчаны  ў апошні момант, калі гэта дазваляе заканадаўства: згодна з Выбарчым кодэксам РБ, за 10 дзён да выбараў забараняецца публікаваньне вынікаў апытаньняў, зьвязаных з галасаваньнем, і прагнозам вынікаў.

Алена Штраль

22.09.2008

Пікеты для апазыцыянэркі забароненыя

Кандыдатка ў дэпутаты Парлямэнту Тацяна Севярынец двойчы зьвярталася ў Віцебскі гарвыканкам па дазвол на агітацыйныя пікеты. Безвынікова.

Абодва разы вядомай актывістцы адмоўлена з адной і той самай прычыны: нібыта яна, настаўніца расейскай мовы і літаратуры на пэнсіі, ня ўмее складаць заявы.

– Атрымаўшы першы раз адмову за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму па ідэалягічнай працы  Паўла Лосіча, я была вельмі зьдзіўленая, – распавядае спадарыня Тацяна. – Ён напісаў, што я парушаю законы аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Прычым у адказе чыноўніка пазначаныя толькі шматзначныя, ці не на ўвесь радок, нумары артыкулаў і пастановаў, якія я мусіла ўлічваць,складаючы заяву. Але не было ніякіх тлумачэньняў таго, што я напісала ня так. Таму вырашыла пайсьці да Паўла Лосіча на прыём і папрасіць, каб ён асабіста дапамог мне скласьці заяўку, раз ужо я такая "непісьменная".

Аднак напісаць "дыктоўку" пад кіраўніцтвам намесьніка старшыні гарвыканкаму Тацяне Севярынец не ўдалося: чыноўнік паклікаў сваю памочніцу, якая параіла кандыдатцы пайсьці дахаты і там "усё яшчэ раз абдумаць".  Тым ня менш апазыцыянэрка настояла на сваім, і зьмест заявы ёй прадыктавалі.

Пікеты, якія Тацяна Севярынец спрабавала замовіць, мусілі адбыцца цягам апошняга перадвыбарчага тыдня. Але і з другое спробы гэта зрабіць не атрымалася. У чарговым адказе з гарвыканкаму за подпісам таго самага П.Лосіча было зноў напісана, што заява складзена неадпаведна. Прычым дату "28 верасьня" чыноўнік чамусьці не разабраў, і "перанёс" выбары на тыдзень раней. У выніку ў адмове зьявілася фармулёўка, што "правядзеньне выбараў 22-га верасьня  не адпавядае рэчаіснасьці".

Трэці раз перапісваць заяву спадарыня Тацяна ўжо ня стала. Паводле яе меркаваньня, адмовы дасылалі зусім не таму, што нехта пераблытаў дату, і не таму, што яна нешта неяк няправільна аформіла заяўку. На думку Тацяны Севярынец, ва ўсім вінаватая "мэты" заяўленага пікету: заклік да няўдзелу ў выбарах, у справядлівасьці якіх ёсьць усе падставы сумнявацца. Прынамсі, вынік галасаваньня па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17, дзе балятуецца апазыцыянэрка, ёю ўжо прадказаны: зь вялікай перавагай галасоў пераможа ейны праўладны канкурэнт, старшыня Віцебскага гарсавету Генадзь Грыцкевіч.

Алена Штраль

18.09.2008

БРСМ прапануе выбарцам кідацца бульбай

Акцыі накшталт "Пойди на выборы вместе с нами", "Приведи на выборы друзей" і нават "Убей в себе овощ" пройдуць на Віцебшчыне.

І ўсё гэта – у межах рэспубліканскага маратону "Молодёжь и выборы – формула ответственности".

Калі "Малады фронт" і "Джынс – за Свабоду" заклікаюць беларусаў байкатаваць выбары, у БРСМе  вырашылі зрабіць усё магчымае,  каб моладзь ішла галасаваць толькі што ня строем. Рэспубліканскае кіраўніцтва  распаўсюдзіла інструкцыі, згодна зь якімі ў рэгіёнах прапанавана правесьці шэраг рэкамэндаваных акцыяў.

З дасланага пераліку, да прыкладу, Аршанская гарадзкая арганізацыя БРСМ абрала акцыю "Приведи на выборы друзей". Яе сэнс у тым, што кампаніям БРСМаўцаў і беспартыйнай моладзі, якія прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, будуць уручаныя білеты на дыскатэку.

У райцэнтры Глыбокае райкам БРСМу мяркуе правесьці спартыўны маратон "Дорогой выбор". Пераможцы атрымаюць значкі, каляровыя стужкі, брашуркі ды іншую рэклямную прадукцыю ідэалягічнага зьместу.

Але ніхто, апрача браслаўскіх БРСМаўцаў, не наважыўся абраць бадай што самую "крэатыўную" акцыю з прапанаванага шэрагу. Толькі на кірмашы ў Браславе можна будзе стацца ўдзельнікам "харчова-спартовага" спаборніцтва пад назовам "Убей в себе овощ". Кажуць, на пачатку акцыі сябры БРСМу  будуць частаваць мінакоў агуркамі ды памідорамі, а потым прапануюць ім праверыць свае "снайпэрскія" здольнасьці: ахвотныя спаборнічаць будуць шпурляць бульбіны ў скрыню, зробленую на ўзор выбарчай урны. Хто пацэліць, таму – прыз. Але які – у райвыканкаме БРСМу ня кажуць, адно што папярэджваюць: у мэтах эканоміі  кожную бульбіну будуць разразаць на дзьве часткі.

Усе забаўляльныя акцыі будуць праходзіць на Віцебшчыне напярэдадні выбараў. Бо дзень 28 верасьня абяцае быць для самых адданых БРСМаўцаў дарэшты занятым: як паведамляе абласная газэта "Віцебскі рабочы",  14 сяброў БРСМу ўключаныя ў склад акруговых камісій, 402 чалавекі ўваходзяць ва ўчастковыя камісіі паводле рашэньняў пленумаў райкамаў і абкаму, а яшчэ 275 вылучаныя працоўнымі калектывамі.

Алена Штраль

15.09.2008

Пяць прычынаў, каб адмовіць кандыдатцы

Актывістка Тацяна Севярынец атрымала адмову ад прадпрыемства "Віцебскія дываны", якое прасіла арганізаваць сустрэчу з выбарцамі.

Віцебская-Горкаўская выбарчая акруга №17, дзе балятуецца Тацяна Севярынец, ахопліве Першамайскі раён гораду. Гэта самая прамыслова разьвітая частка горада, таму актывістка напісала чатыры заяўкі і даслала іх на самыя буйныя прадпрыемствы сваёй акругі: у адпаведнасьці з Выбарчым Кодэксам РБ прасіла арганізаваць сустрэчы з выбарцамі на дрэваапрацоўчым камбінаце, заводзе трактарных дэталяў, фабрыцы "КІМ" і дывановым камбінаце.

З апошняга прадпрыемства ўжо прыйшоў адмоўны адказ, які спадарыня Тацяна папрасіла працытаваць цалкам і на мове арыгіналу.

– Тут пералічана цэлых пяць прычын, па якіх мне адмовілі, – кажа актывистка. – Цытую: "Организовать встречу не представляется возможным по следующим причинам. 1. Большинство работников задействовано на сельхозработах па уборке льнотресты для Богушевского льнозавода. 2. Работниками предприятия оказывается шефская помощь у КУСХП "Вымно". 3. Проводится техническое перевооружение предприятия и монтаж нового оборудования, где задействовано большое количество работников. 4. Выполняются повышенные объёмы по выпуску готовой продукции для коммерческих служб и фирменных магазинов предприятия. 5. Задействовано много работников на сверхурочных работах в связи с болезнью большого колличества работников предприятия. На основании вышеизложенного после изменения вышеуказанных обстоятельств место и время встречи с трудовым коллективом вам будет сообщено дополнительно".

Настаўніца расейскай мовы і літаратуры Т.Севярынец гаворыць, што некалькі разоў перачытала няўклюдныя фармулёўкі адмовы, падпісанай намесьнікам дырэкстара па ідэалягічных пытаньнях Бухціяравым. Ды так і не змагла знайсьці лягічных сувязяў паміж падрыхтоўкай да выбараў і тэхнічным пераўзбраеньнем прадпрыемства, а таксама эпідэміяй масавых хваробаў працаўнікоў, якія мусяць дзень і ноч выконваць "падвышаныя аб’ёмы" ды яшчэ працаваць у падшэфных калгасах.

– Выпраўляць стылістычныя памылкі ў лісьце галоўнага ідэоляга прадпрыемства – гэта няўдзячная справа, і займацца я гэтым ня стану, – сьмяецца спадарыня Тацяна. – Чалавек відавочна высільваўся, прыдумляючы нейкія пяць прычынаў, хаць відавочнай ёсьць адна, галоўная: я прадстаўляю апазыцыю, размовы са мной загадзя лічаць "шкоднымі", спрабуючы наладзіць мне "ізаляцыю".

Што да сустрэчаў на іншых прадпрыемства, то адказу Тацяна Севярынец пакуль не атрымала. Аднак пра адзін кур’ёзны выпадак распавяла: днямі ёй патэлефанавала знаёмая і сказала, што бачыла аб’яву пра сустрэчу работнікаў дрэваапрацоўчага камбінату "з кандыдаткай у дэпутаты Тацянай Севярынец". Дужа зьдзівіўшыся, актывістка папрасіла высьветліць, ці насамрэч ёй дазволілі гэтую сустрэчу згодна з пададзенай  заяўкай, бо яна не атрымлівала ні запрашэньня, ні адмовы. Праз пэўны час знаёмая зноў патэлефанавала, сказаўшы, што аб’яву ўжо зьнялі. Маўляў, сустрэча пакуль адмененая,  і калі адбудзецца, невядома.

Алена Штраль

12.09.2008

Старшыня райвыканкаму аказаўся "тайным апазыцыянэрам"?

Падчас агітацыйнага сходу праўладны кандыдат у дэпутаты Парлямэнту заявіў, што "нічога не баіцца" і раскрытыкаваў дзяржаўную палітыку

Сустрэча з выбаршчыкамі праходзіла ў райцэнтры Шаркоўшчына, які ўваходзіць у склад Пастаўскай выбарчай акругі №29, па якой балятуюцца старшыня Пастаўскага райвыканкаму Эдуард Казыра і незалежны кандыдат, былы камандзір лётнага палка Ўладзімер Бароўка.

Вайсковец-пэнсіянэр выступаў першым, і падчас  выступу таксама даў слова прыутнаму на сустрэчы палітыку Аляксандру Мілінкевічу – сваёй даверанай асобе. А напрыканцы прамовы Ўладзімер Бароўка вымавіў фразу, якая крыху зьдзівіла і нават зьбянтэжыла прысутных: зьвярнуўшыся да  праўладнага канкурэнта, ён папрасіў не паўтараць палажэньняў сваёй праграмы. Публіка ў залі прыціхла ў чаканьні чагосьці незвычайнага, і яно здарылася: стаўшы за трыбуну, старшыня райвыканкаму пачаў "разнос" апошніх дзяржаўных указаў і пастаноў.

Прыдэманстраваўшы нечаканае адзінадушша са сваім апазыцыйным супернікам, чыноўнік заявіў, што ён таксама лічыць непрымальнай кантрактную сыстэму, што ён супраць адмены льготаў і за справядлівае разьмеркаваньне бюджэтных грошай паміж рознымі рэгіёнамі краіны. Заадно высьветлілася: вэртыкальнік лічыць недастаткова спрыяльнымі ўмовы існаваньня малога бізнэсу і фэрмэрства і што ён таксама быў бы ня супраць пашырэньня бясплатнай вышэйшай адукацыі.

Здаецца, такога крутога развароту на 180 градусаў ад праўладнага кандыдата на чакалі нават чальцы ягонай каманды: кіраўнік раённага аддзелу адукацыі нават пачаў было бараніць кантрактную сыстэму, спрабуючы давесьці ейную мэтазгоднасьць. Аднак паколькі Эдуард Казыра ад пачатку заявіў, што "нікога не баіцца" і будзе гаварыць адкрыта, "маральная падтрымка" яму не спатрэбілася.

У залі ўжо былі паверылі, што будуць выбіраць паміж "добрым" кандыдатам і "яшчэ лепшым", але старшыню выканкаму ўсё ж падвяла чыноўніцкая загартоўка. Ён не пагадзіўся з палажэньнем праграмы свайго апанэнта пра тое, што кіраўнікоў варта абіраць, а не прызначаць зьверху. Пэўна, пасьля гэтага шмат у каго з прысутных мільганула думка: "Вось за гэты папулізм, дзядзька, ты "зьверху" і атрымаеш! Ці пройдзеш ты ў парлямэнт, яшчэ невядома, а вось што праблемы з вэртыкалі займееш  пасьля сваіх апазыцыйных прызнаньняў, дык гэта напэўна".

Зрэшты, напрыканцы сходу ўсё стала на свае месцы. Нехта задаў з залі пытаньне: "Вось Уладзімер Бароўка казаў, што гатовы змагацца за свае ідэі ў парлямэнце.  А вы, шаноўны спадар Казыра, ці гатовыя выступіць з прапановамі вярнуць ільготы, адмяніць кантрактную сыстэму ды  ўказы, якія абмяжоўваюць разьвіцьцё прыватнага бізнэсу? " Дакладнага адказу чыноўнік ня даў, сказаўшы толькі: "Вы ж чулі,  што я супраць гэтага, але…"

Алена Штраль

11.09.2008

"Не паставіш лічыльнік – адключым ваду!"

Тых, хто на сьпяшаецца ставіць у хаце  лічыльнікі вады, "Віцебскводаканал" пагражае пакараць: адключыць ваду ўвогуле.

Камульныя службы не стамляюцца нагадваць жыхарам пра Ўказ прэзыдэнта, згодна зь якім да канца году неабходна абсталяваць кватэры і дамы індывідуальнымі прыборамі ўліку вады. Патрабаваньне друкуюць на "жыроўках" разам з разьлікам квартплаты і разьвешваюць на пад’ездах у якасьці аб’яваў.  

Камунальшчыкі распавядаюць пра цуды эканоміі: як ўдала можна ашчаджаць грошы, калі плаціш за ваду не сярэдні кошт па сваёй, да прыкладу, шматпавярхоўцы, а па індывідуальным падліку. Наступным аргумэнтам зазвычай бывае застрашваньне: той, хто не паставіць лічыльнік, з 2009 году будзе плаціць за ваду па сабекошце – а гэта нібыта ў 5-10 разоў больш, чым зараз.

Але "страшылкі" і "натхнялкі" ўзьдзейнічаюць слаба: паводле падлікаў аддзела збыту "Віцбскводаканалу", прыборамі ўліку вады аснашчана толькі 3436 домаўладаньняў, а 5937 гаспадароў ім паабяцаная істотная эканомія грошай?

– У нас век не дачакаесься звычайнага сантэхніка, – распавядае спадарыня Тацяна, жыхарка пяціпавярхоўкі па вуліцы Рэпіна. – Пасьля выкліку могуць прайсьці суткі, а кран усё цячэ й цячэ. Што ў такім выпадку будзе на лічыльніку, калі вада капае і капае, а рамантаваць яго ніхто не сьпяшаецца? Якая мне будзе эканомія, калі так марудна працуюць спэцыялісты?  Каб усталяваць лічыльнік, кажуць, таксама трэба запісвацца ў чаргу, а потым тыдзень чакаць, бязвылазна седзячы дома. Так было ў маёй знаёмай: давялося браць водпуск за свой кошт, бо сантэхнікі штодня абяцалі "прыйдзем заўтра", потым "пасьлязаўтра"  і так тры дні запар.

Адмыслоўцы "Віцебскводаканалу" сьцвярджаюць, што гатовыя ўсталяваць лічыльнік на другі дзень пасьля заяўкі. І што занятыя гэтым 50 сьлесараў і майстроў ЖЭУ. Аднак, зважаючы на скаргі жыхароў, рэчаіснасьць далёкая ад таго, што кажуць чыноўнікі.

– А ў нас іншая праблема, – скардзіцца Васіль Волкаў, гаспадар кватэры ў "хрушчоўцы" па вуліцы Смаленскай. – Дом наш пабудаваны ў 1966 годзе, трубы старыя і гнілыя. Дык сантэхнікі сказалі, што мы мусім ня толькі набыць тыя лічыльнікі за ўласныя грошы, але яшчэ й даць ім расьпіску, што  абяцаем памяняць трубы – бо падчас устаноўкі прыбораў яны могуць выйсьці са строю, або пачнуць працякаць пасьля, калі іх пашкодзіць. Атрымліваецца, мусім выконваць адразу два дзяржаўныя капрызы. Па-першае, нас абавязваюць усталяваць лічыльнікі, тым самым падтрымаць матэрыяльна прадпрыемства, якое іх выпускае, і спэцыялістаў, якім плацяць заробак за паслугі па ўстаноўцы. А па-другое, яшчэ й рамонт камунікацый за свае грошы, хаця рэгулярна адлічваем на тое сродкі праз квартплату. Дык дзе тады справядлівасць?

Тых, хто шукае справядлівасьці, у Віцебску вырашылі пакараць. Вядучы інжынэр "Віцебскводаканалу" Сяргей Волчак, адказваючы на пытаньне карэспандэнта дзяржаўнай газэты "Віцьбічы", наўпрост сказаў, што самая эфэктыўная мера ўзьдзеяньня – гэта адключэньне вады ў тых домаўладаньнях, дзе лічыльнікі ставіць адмаўляюцца. "Мы робім пакватэрны абход і пакідаем прадпісаньне, каб уладальнік цягам 10 дзён паклапаціўся пра лічыльнік. Калі яно не выконваецца, ваду адключаем", – заявіў С.Волчак.

Пакуль у "Віцебскводаканале" не кажуць, колькі кватэр і хатаў ужо пазбавілі вады. Аднак там ня могуць і назваць дакумэнт, згодна зь якім такая мера ўзьдзеяньня зьяўляецца законнай. Ва ўказе, на які спасылаюцца камунальшчыкі, пра адключэньне вады нічога не сказана.

Алена Штраль

08.09.2008

Зь Віцебску забралі самага крэатыўнага міліцыянта

Начальніка абласной управы МУС Леаніда Фармагея, які менш як за год службы праславіўся шэрагам навацый, адправілі на падвышэньне.

Палкоўнік міліцыі Леанід Фармагей працаваў у Віцебску ад сакавіка мінулага году. Да таго ён быў начальнікам упраўленьня аховы правапарадку галоўнага ўпраўленьня міліцыі грамадскай бяспекі і сьпецыяльнай міліцыі МУС Беларусі, а яшчэ раней – начальнікам Дзяржаўтаінспэкцыі. Цікава, што на кожнай з гэтых пасадаў ён доўга не затрымліваўся, затое пакідаў памяць пра сябе  службовымі "крэатыўнымі знаходкамі" на службе: да прыкладу, абвясьціў самагоншчыкаў "біятэрарыстамі" і  прапанаваў у якасьці патрульных ДАІ выстаўляць выключна афіцэрскі склад, паралельна пазбавіўшы службоўцаў права зьбіраць штрафы на месцы парушэньня.

Кажуць, у Віцебск Л.Фармагея накіравалі ці ня ў якасьці пакараньня – каб стрымаць ягоныя "фантазіі", а заадно падмацаваць правапарадак у абласным цэнтры, на ўсю краіну вядомым "Міронаўскімі" бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Некалькі месяцаў працы Леаніда Фармагея ў якасьці начальніка абласной міліцыі зрабілі  Віцебск яшчэ больш вядомым: менавіта ён прапанаваў  падчас "Славянскага базару" выставіць у фэстывальным цэнтры дзяўчат-рэгуліроўшчыц, што стварыла праблемы і для мінакоў, і для кіроўцаў, якія не разумелі рухаў "чароўнай палачкі". Менавіта начальніку абласной управы МУС належалі ідэі праводзіць штомесячныя ўрачыстыя пастраеньні супрацоўнікаў на Плошчы Перамогі і пэрыядычна абвяшчаць "Дзень цьвярозасьці" ў розных рэгіёнах. Падначаленыя Л.Фармагея,  супрацоўнікі медвыцьвярэзьніка, пачалі перад выхадам прышываць "кліентам" на вопратку флікеры, і менавіта ў Віцебску была абвешчаная прапанова зацьвердзіць правы на кіраваньне роварам.  Пад кіраўніцтвам Л.Фармагея міліцыянты ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасьці, дэманструючы свае таленты перад насельніцтвам рада, а таксама вывучалі ступень даверу  народу да міліцыі, раздаючы наведнікам пастарунку адмысловыя анкеты…

Зрэшты, давер да міліцыі за апошні год адчувальна так і ня ўзрос, пра што сьведчаць упартыя статыстычныя дадзеныя, сабраныя міліцыянтамі: як высьветлілася, у бальшыні раёнаў Віцебшчыны людзі не задаволеныя працай міліцыі, і давяраюць ёй усяго 35-45% насельніцтва.

І што да акцыяў "Мірона", то яны за апошні год толькі пачасьціліся – у Віцебску прайшоў нават "бел-чырвона-белы маратон" да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. А той, хто разьвешвае сьцягі ў самых цяжкадаступных месцах, так і застаўся няўлоўным для міліцыянтаў.

Дарэчы, якраз напярэдадні пераводу Л.Фармагея апошні бел-чырвона-белы сьцяг правісеў у цэнтры Віцебску больш за 20 гадзін – міліцыянты з дапамогаю супрацоўнікаў МНС зьнялі яго амаль праз суткі. На думку віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайды, гэта  сьведчыць пра падтрымку ідэі беларускай незалежнасьці ў міліцэйскіх шэрагах. А можа, міліцыянты ў чаканьні новага начальства проста "расслабіліся"…

На месца Леаніда Фармагея, якога прызначылі начальнікам Менскага ГАУС, у Віцебск прыслалі былога намесьніка начальніка менскай міліцыі Аляксандра Найдзенку. Ня выключана, што таксама з мэтаю "разагнаць апазыцыю", бо А.Найдзенка вядомы сваімі выключна нэгатыўнымі выказваньнямі на адрас апазыцыянэраў. Гэта ён прапанаваў удзельнікам "Чарнобыльскага шляху" праводзіць свае акцыі ў 30-кілямэтровай зоне, і менавіта імя А.Найдзенкі згадваецца ў інфармацыйных матэрыялах, прысьвечаных разагнаным апазыцыйным акцыям у Менску.

Алена Штраль

04.09.2008

Апазыцыянэры нэрвуюцца, вэртыкальнікі абыякавыя

Пасьля рэгістрацыі  ў бальшыні акругаў Віцебшчыны засталіся ўсяго па два прэтэндэнты на дэпутацкі мандат: прадстаўнік апазыцыі і праўладны кандыдат.

За дэпутацтва ў парлямэнце будуць змагацца тыя, каго прынята называць дэмакратычнымі актывістамі, і кіраўнікі дзяржаўных структур, а таксама ўжо дзейныя дэпутаты, якія вырашылі застацца на другі тэрмін. Сярод іх – дзейны дэпутат Уладзімер Адашкевіч, суперніцай якога будзе аршанка Ганна Леўчанкава, прадстаўніца партыі БНФ. Начальнік беларускай чыгункі Ўладзімер Жарало, які таксама вырашыў балятавацца ў Воршы – мабыць з-за таго, што гэта буйнейшы чыгуначны вузел краіны, пазмагаецца зь мясцовым настаўнікам, сябрам АГП Уладзімерам Юржыцам. У якасьці адзінай альтэрнатывы намесьніку старшыні Віцебскага аблвыканкаму  Пятру Южыку зарэгістраваны Альберт Маркаў, прадстаўнік БСДП(Г) з Полацку. Канкурэнткай старшыні Віцебскага гарсавету Генадзя Грыцкевіча стала былая настаўніца Тацяна Севярынец, мясцовая актывістка, маці вядомага моладзевага палітыка ПавалаСевярынца.

– Настрой у мяне баявы, калі крыху "дон-кіхоцкі", – гаворыць Т.Севярынец. –Я разумею, што Генадзь Грыцкевіч – прадстаўнік улады, якая мае свой сцэнар выбараў. І тым ня менш я гатовая, як той Дон-Кіхот, змагацца зь ветракамі, бо ведаю настроі простых людзей: зьбіраючы подпісы за вылучэньне, чула шмат ня вельмі добрых слоў пра майго канкурэнта. У Віцебску дастаткова высокія кошты на прадукты і самыя нізкія па ўсёй Беларусі заробкі. Мяркую, у тым ёсьць "заслуга" майго канкурэнта. І няхай выбарцы на прыкладзе маёй асобы бачаць, што ёсьць людзі, гатовыя змагацца зь дзяржаўнай сыстэмай!

Да барацьбы была гатовая і прадстаўніца "Эўракааліцыі" Алена Фаміна, аднак яе выбарчая камісія Віцебскай-Горкаўскай акругі №17 не зарэгістравала.

Не прайшлі рэгістрацыі адразу двое дэмакратычных актывістаў, якія мелі намер балятавацца па Віцебскай-Сельскай выбарчай акрузе №21: сябра  БСДП (Г) Аляксандар Мікулін і прадстаўніца "Эўракааліцыі" Натальля Бялова. Таму канкурэнцыю кіраўніку Абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васілю Байкову будзе складаць адзін Леанід Аўтухоў, сябар Партыі БНФ з райцэнтра Гарадок.

– Я рыхтаваўся да гэтых выбараў усе мінулыя чатыры гады, – кажа  гарадоцкі апазыцыянэр. – У мяне ёсьць добрая каманда, мяне ведаюць людзі. Але ва ўмовах, калі ў выбарчыя камісіі не ўключылі апазыцыянэраў, нельга чакаць справядлівых вынікаў выбараў. Не выключаю, што Рада АДС выступіць з прапановай да апазыцыйных кандыдатаў, каб яны адмовіліся ад удзелу ў выбарах у гэткай недэмакратычнай сітуацыі.

Настроі ў тых, каго зарэгістравалі кандыдатамі на выбары, вельмі супярэчлівыя. Нехта з апазыцыянэраў гатовы ўжо цяпер адмовіцца ад далейшай барацьбы за дэпутацкі мандат, нехта лічыць сваім абавязкам ісьці да канца і атрымаць калі не перавагу ў галасах выбарцаў, дык прынамсі маральную перамогу ў іхных вачох.

Між тым прадстаўнікі дзяржаўных структур паводзяць сябе ня тое каб вельмі спакойна, але нават дэманстратыўна абыякава: хто-ніхто зь іх нават не зьявіўся на пасяджэьні акруговых камісіяў, "велікадушна" абвясьціўшы, што права на выбар эфірнага часу для тэле- і радыёвыступаў  аддае  канкурэнтам.

Алена Штраль

01.09.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: