Барометр № 1, студзень
|
На помніку льготам не вянуць кветкі
У райцэнтры Пружаны на Берасьцейшчыне ўсё больш людзей наведваецца на месца сымбалічнага пахаваньня сацыяльных ільготаў. – Я ніколькі не шкадую затрачаных сродкаў на будаўніцтва такіх палацаў, – заявіў 27 ліпеня 2007 году ў Пружанах Аляксандар Лукашэнка. Разьвіваючы думку аб грашовай шчодрасьці для гарадкоў глухамані, прамоўца паабяцаў, што неўзабаве ў Пружанах пабудуюць футбольнае поле, баскетбольную і валейбольную пляцоўкі, тэнісны корт. Сыходзіць першая зіма ў выкананьні абяцаньняў. Камяні, якімі пазначаныя месцы будучых спартовых аб’ектаў, пачынаюць абрастаць мохам. А адзін з вырабаў заводу ЖБІ ўпадабаны ўжо як помнік. На ім цяпер жывыя кветкі-гвазьдзікі і памінальныя надпісы: "Любім, помнім, сумуем". Ідэя карыснага выкарыстаньня будаўнічага мерцьвяка належыць маладому жыхару Пружанаў Уладзімеру Радзівончыку. Ён кажа: – Каб глыба дарма не мазоліла людзям вочы, мы трошкі зварухнулі яе на ўзгорак, падсыпалі грунту і наклеілі жалобныя надпісы. Цырымонію адкрыцьця прымеркавалі да 40 дзён пасьля ўступленьня ў сілу лукашэнкаўскага ўказу аб адмене сацыяльных ільготаў. Са словаў Уладзімера Радзівончыка, у Пружанах на сёньня 15 тысяч насельніцтва. Працуюць тут толькі малочны камбінат, лесапілка, каўбасны цэх, ільнозавод. Больш як палова насельніцтва – пэнсіянэры. – Лёдавы палац для іх – аб'ект нянавісьці, – гаворыць Уладзімер. – Старых раздражняе, што дзеля эканоміі электрычнасьці на захаваньне лёду, на вуліцах практычна не ўключаюць электраасьвятленьне. У кватэрах часта адсутнічае гарачая вада. У райцэнтры скасаваныя цяпер ільготы пры наведваньні лазьні і цырульні... Як высьвятляецца, да каменю ў Пружаны наведваецца шмат цікаўных. Некаторыя зь іх падтрымліваюць іронію моладзі і пакідаюць жывыя кветкі. Галіна Баравая 30.01.2008
Ля касьцёлу караля аднаўляюцца набажэнствы
Каталіцкія вернікі вітаюць пачатак рэканструкцыі храма, у крыпце якога ў 1930 годзе быў перазахаваны апошні манарх Рэчы Паспалітай. Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі Казімер Сьвёнтак правёў першае набажэнства ля сьценаў паўразбуранага касьцёла Найсьвяцейшай Троіцы ў вёсцы Воўчын Камянецкага раёна. Вернікі ўхвалілі пачатак рэканструкцыі бажніцы. Аднаўленьню папярэднічала рашэньне Камянецкага райвыканкаму аб перадачы будынка каталікам. Летась улада выдаткавала некалькі мільёнаў рублёў на археалягічныя раскопкі. Як паведаміў нам дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Башкоў, удалося адшукаць 11.000(!) фрагмэнтаў керамічнага посуду і звыш 200 іншых археалягічных знаходак. Сэнсацыяй стала знаходка артэфакта – прадмету, які быў апрацаваны рукамі чалавека ў эпоху Пшэворскай культуры. Гэтая археалягічная культура існавала на тэрыторыі сучаснай Беларусі ад ІІ да ІV стагодзьдзя. Дасьледчыца гісторыі касьцёлу ў Воўчыне Марыя Зарэцкая гаворыць: – Якраз сёлета касьцёлу споўніцца 275 гадоў, а таксама хутка будзе 80 гадоў, як у крыпце гэтай сьвятыні пахаваны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі – апошні кароль Рэчы Паспалітай. Суразмоўца тлумачыць: воўчынскі касьцёл будаваўся па фундацыі падскарбніка (чальца рады Вялікага княства Літоўскага) Станіслава Цялка Панятоўскага. Будынак быў сымбалем параднага ўезду ў палаца-паркавую рэзыдэнцыю. Ён меў чатыры аднолькавыя фасады. На высокіх франтонах стаялі скульптуры чатырох эвангелістаў. У 1795 годзе адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай між Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Былы манарх Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спачатку жыў у Горадні, а пасьля – у Санкт-Пецярбургу, дзе й памёр у 1798 годзе. У 1930 годзе савецкі ўрад прапанаваў Польшчы "забраць свайго караля". Каралеўскую труну перавезьлі ў Воўчын і зачынілі за дзьвярыма пераабсталяванай крыпты. У савецкі пэрыяд касьцёл Найсьвяцейшай Троіцы спазнаў самотны лёс большасьці беларускіх сьвятыняў. Храм пераўтварылі ў сьвіран калгаса імя Жданава. У 1976 годзе ў высокім будынку абрынуўся дах і разам зь ім праваліліся тры з чатырох скульптураў эвангелістаў. У кастрычніку 1978 года вядомы беларускі гісторык Міхаіл Ткачоў запрасіў некалькі сваіх землякоў наведаць Воўчын. Сярод іх апынуўся і Аляксандар Мілінкевіч. Ён згадвае: – Мы ўбачылі драматычную карціну: дах упаў на падлогу. У сьценах тырчэлі бэлькі, валяліся рэшткі некалі цудоўная ляпніны. Хадзіць было небясьпечна. Але мы даволі хутка знайшлі месца верагоднага пахаваньня польскага караля. Суразмоўца пераконвае, што па ініцыятыве Міхаіла Ткачова былі праведзеныя раскопкі і знайшліся фрагмэнты пахаваньня. Не было сумневу, што яны належалі каралю. Гэта ласкуты тканіны і нашытыя на іх некалькі "арлоў" зь "цёлкам" на грудзях – гербам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Трапіліся таксама фрагмэнты срэбных галуноў, абцасы. Міхаіл Ткачоў меў намеры працягнуць раскопкі. Але не ўдалося. На той час у Воўчыне была памежная зона і пра працу археоляга ведалі афіцэры КДБ. У вёсцы кажуць, што менавіта нехта зь іх зацікавіўся месцам пахаваньня караля дзеля ўласнага ўзбагачэньня. З тых часоў ніхто ўжо не займаўся пахаваньнем. Рэшткі Панятоўскага ўпалі ў скляпеньні пад касьцёлам. Галіна Баравая 09.01.2008 |