№ 1, март
|
25 сакавіка павінна аб’яднаць нацыю
Трэба памятаць, што без 25 сакавіка 1918 года не было б 1 студзеня 1919 года і не было б сённяшняй Рэспублікі Беларусь. Гэта тры звяна аднаго ланцугу. Такія высновы зрабіў магілёўскі гісторык Ігар Марзалюк у гутарцы з з аўтарам Bulletinonline.org. Беларусь стварылі сацыялісты Для мяне гэта важнейшы дзень, калі адбылася рэалізацыя беларускай суб’ектнасці, калі беларускія сацыялісты паспрабавалі рэалізаваць светлую беларускую мару – стварыць незалежнаю беларускую дзяржаву, якую ня трэба было ні з кім дзяліць – ні з палякамі, ні з літоўцамі, ні з іншымі "братамі" старэйшымі ці малодшымі. Беларусь упершыню за ўсю сваю гісторыю агучыла, што яна хоча быць сама сабой. Яна зрабіла гэта вуснамі сваіх самых лепшых прадстаўнікоў, якіх, па ідэі, не павінна было ўжо быць. Беларуская нацыянальная ідэя была сфармулявана магілёўцамі Трэба памятаць, што Магілёўская губерня была складовай інтэгральнай часткай руху па абуджэнню і ўзнікненню таго феномена, які цяпер называецца беларускай нацыяй. Многія забываюць адну важкую рэч, што не ў Заходняй Беларусі, а ва Ўсходняй у 1855 годзе была напісана першая гісторыя Беларусі магілёўскім дваранінам Іосіфам Турчыновічам. Яна была надрукавана ў Санкт-Пецярбургу ў 1857 годзе. Гэта першая суб’ектная гісторыя Беларусі. Менавіта жыхары Магілёўскай губерніі, дзве знакамітыя постаці нашага нацыянальнага руху, заснавалі выданне "Гоман". Гэта былі студэнты Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Адзін – студэнт фізіка-матэматычнага факультэта, другі – гісторыка-філалагічнага. Першы нарадзіўся ў Шклове і быў габрэем Хаймам Ратнэрам, другі – мсціслаўскім мешчанінам Марчанкам. Гэтыя хлопцы першымі ў 80-х гадах 19-га стагоддзя, агучылі, што беларусы – самастойная нацыя. Яны выказваліся за тое, што беларусы маюць права на сваю дзяржаву, хаця бы ў выглядзе аўтаноміі ў складзе Расейскай імперыі. Магілёў у першай палове 19-га стагоддзя быў цэнтрам уласнабеларускага нацыянальнага руху і па назве і па значэнню. Гэта былі не крывіцкія і не ліцьвінскія рухі. Калі ў Менску ў 1918 годзе была абвешчана БНР, то ў Магілёве ў тым жа годзе прадстаўнікі ўсіх земстваў, партый і рухаў падтрымалі яе ўрад. Да гэтага моманту ў Магілёве дзеяў беларускі нацыянальны камітэт. Яшчэ да 1918 года сюды па запрашэнню Міхала Кахановіча, лідэра беларускага нацыянальнага камітэту, прыязджаў Іван Луцкевіч, які пабачыў горад і сказаў што гэта наша маленькая Прага. Упершыню беларуская нацыянальная ідэя як ідэялогія, як канстанта беларускай нацыі на самастойнасць была сфармулявана ўраджэнцамі горада Магілёва. Ужо пасля "Гоману" была Беларуская Сацыялістычная Грамада і газэта "Наша Ніва". Ідэі Францішка Багушэвіча таксама былі пасля "Гоману", дзе ўпершыню напісана што беларусы – нармальная славянская нацыя, і яна нічым не горшая за астатнія славянскія нацыі. Без БНР не было б Рэспублікі Беларусь Гэты дзень трэба правесці спакойна, годна, з павагай да сябе і сваіх продкаў. Трэба ўзгадаць тых, хто не шкадаваў ні жыцця, ні сродкаў і будаваў беларускі дом. Трэба памятаць, што без 25 сакавіка 1918 года не было б 1 студзеня 1919 года і не было б сённяшняй Рэспублікі Беларусь. Гэта тры звяна аднаго ланцугу. У гэты дзень трэба прыгадаць нашу гісторыю,культуру, паслухаць нармальную музыку і адчуць сябе нармальнай часткай нармальнай Вялікай Еўрапейскай нацыі. Бог жыве на Беларусі Я не хачу каб 25 сакавіка стала акопным святам. Гэты дзень павінен аб’ядноўваць усю беларускую нацыю і быць агульным святам для ўсіх. 25 сакавіка павінна яднаць беларусаў па-над палітыкай, рэлігіяй, культурнай рознасцю, бо гэтая падзея лучыць і звязвае ў адно. Трэба рабіць так, каб такія святы станавіліся нацыянальнымі і тут неважка тое, хто як галасуе. Гэта мусіць быць святам радасці, а не святам канфрантацыі і крыві. Для мяне гэта свята святое і светлае, якое сведчыць аб тым, што нягледзячы ні на што за кароткі адрэзак часу, за няпоўнае стагоддзе была ўтворана нацыя, было шмат чаго дасягнута і здабыта незалежнасць. Гэта, сапраўды, сведчыць пра тое, што Бог жыве на Беларусі. Вітольд Няўрыда 13.03.2008 |