Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members dixes Міншчына Рэха № 7, студзень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Рэха № 7, студзень

У Старобіне адкрылася новая паліклініка

Яе аўральна ўводзілі ў лік дзеючых з дапамогай будаўнікоў хіба ці не паловы Меншчыны. Чаму так сьпяшаліся? Каб пасьпець да выбараў прадэманстраваць клопат вэртыкалі пра народ.

Гэта толькі частка Старобінскай бальніцы, увод у эксплюатацыю якой плянуецца ў сакавіку. Аднак ужо цяпер на адкрыцьці прысутнічалі знакавыя асобы мясцовай вэртыкалі: старшыня Менскага аблвыканкаму Нікалай Дамашкевіч і новы старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандар Рымашэўскі. Было многа сказана пра шчырасьць клопатаў вэртыкалі аб дабрабыце людзей.

Але ж ці ўсё так выдатна?

Па першае, хацелася б адзначыць, што будоўля гэтае бальніцы цягнецца не два апошнія месяцы, а ўжо сямнаццаць год. Але ж у кастрычніку 2006 года ў Сатробіне зьяўляецца спадар Дамашкевіч і бліжэйшыя два месяцы амаль для тысячы будаўнікоў з усёй Меншычыны пераўтвараюцца ў сапраўдны вэрхал.

Дырэктар ААТ "Салігорскпрамбуд" Ашэйчык Нікалай Захаравіч тэрмінова накіроўвае сюды нябачную колькасьць людзей . Прыцягваюцца нават сілы зь Менску ды Маладэчна. Людзям даводзіцца працаваць па дванаццаць гадзінаў у суткі, па суботах і нават нядзелях. А калі напярэдадні каталіцкага Раства Хрыстова ўся краіна адпачывала тры дні, у Старобіне рабочым прыходзілася працаваць усе выходныя. Нават была спроба прымусіць людзей выйсьці на будоўлю і 25 сьнежня.

Будаўнікі ўвесь час скардзяцца, што ня бачаць сваіх семьяў, ня могуць займацца сваімі хатнімі справамі, якіх з кожным тыдням назапашваецца ўсё больш і больш. А пра звычайны адпачынак і казаць няма чаго. Часу застаецца, хіба што паесьці, бо зноўку трэба класьціся спаць: зранку ж на працу. Лінейныя інжынэры скардзяцца, маўляў Ашэйчык зарабляе сабе чарговыя мэдалі і прагінаецца перад прэзыдэнтам, а людзей за людзей ня лічыць.

Нехта нават прыпомніў, як паважаны дэпутат Нікалай Захаравіч, яшчэ пад час крызісу з продажам калійных соляў на Беларуськаліі, загадаў прымусіць рабочых працаваць у выходныя пад пагрозай звальненьня. Маўляў калійны гігант стаіць, а людзям на Салігоршчыне падзецца больш няма куды: альбо "Белкалій" альбо "Салігорскпрамбуд". Таму будуць і ў выходныя працаваць.

Мясцовым уладам напярэдадні выбараў патрабавалася паказаць сваё дбаньне і клопат пра шчасьце народа. А тое, што сямнаццаць год гэта нікога не хвалявала, тое што людзі, як парабкі, без выходных і нармалёвага адпачынку да ночы ўкалываюць, тое што якасьць гэтых звыштэрміновых работ будзе нулявая, гэта ж нікога зь мясцовай вэртыкалі не цікавіць.

Вось так і атрымліваееца, што беларусы ўжо на працягу амаль трынаццаці год у мірны час штодзень вядуць нейкія бітвы: за ўраджай, за аграгарадкі, за бібліятэкі і лядовыя палацы, адным словам - за стабільнасьць! Застаецца толькі адное пытаньне: а жыць калі?

Алесь Міхалок

23.01.2007

Салярку з газам заменяць саломай і дровамі

Машина на соломеКіраўніцтва Меншчыны патрабуе актыўна шукаць варыянты выпрацоўкі энэргіі ад "уласных" рэсурсаў. Кожны трэці кіляват мусіць быць выключна "мясцовым".

Улетку мінулага года на 1-й Менскай птушкафабрыцы была зманціравана ўстаноўка HERLT HSV 1300, якую па замежнай ліцэнзіі вырабляе камэрцыйная фірма ў расейскім горадзе Тула. У комплексе зь зернесушылкай М-819 агрэгат сушыў збожжа.

Для распалкі выкарыстоўваліся дровы даўжынёй да аднаго мэтра, шчыльна зьвязаныя дротам у пук. Пасьля печ жэрла рулёны саломы. Нагрэты да тэмпэратуры 1000 °С гарачы газ з камэры гарэньня выкарыстоўваўся для нагрэву сушылкі.

Новы ў Беларусі энэргетычны працэс адлюстраваны ў выніках навуковага назіраньня. Высьветлілася: утрыманьне энэргіі ў адным літры дызельнага паліва і ў 2,4 кіляграма саломы – аднолькавыя! "Адзін рулён, які мае ў дыямэтрыды 1,8 мэтра і вагу 330 кіляграмаў, замяняе як мінімум 140 літраў дызельнага паліва альбо 140 кубамэтаў прыроднага газу", пішуць экспэрэмэнтатары.

Тое, што ў Ждановічах недасушаная салома страшэнна чадзіла альбо слаба спрасаваныя рулоны яе ўспыхвалі, як запалкі, сёньня не камэнтуецца. У Салігорску старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч запатрабаваў яшчэ больш актыўнай рэалізацыі новых праектаў.

– Трэба пашыраць выкарыстаньне ў якасьці мясцовага віду паліва салому ў рулонах й цюках. Кожны мусіць шукаць спосабы, дадатковыя крыніцы. Для атрыманьня таннай энэргіі будзем выкарыстоўваць любую магчымасць, – заклікаў губэрнатар.

Расшыфроўваючы ягоныя тэзы, кіраўнік абласнога ўпраўленьня па надзору за рацыянальным выкарыстаньнем паліўна-энэргетычных рэсурсаў Рыгор Кірыльчык паведаміў, што да 2012 года ўдзельная вага мясцовых відаў паліва ў агульным аб'ёме паліўна-энэргетычных рэсурсаў мусіць быць павялічана да 35 адсоткаў.

– Цяпер выкарыстоўваецца прыкладна 520 тысяч тон умоўнага паліва, а плянуемы паказчык – 940 тысяч тон. Такім чынам, патрабуецца павышаць выкарыстаньне мясцовых відаў паліва больш як на 80 тысяч тон у год, – удакладняе Рыгор Кірыльчык.

У якасьці прыкладу суразмоўца называе модульную кацельню ў вёсцы Раеўка Маладэчанскага раёну, якая функцыянуе на дровах. У год тут іх спальваюць да трох тысяч кубамэтраў. Драўніна ацяпляе вёску, дзе 2,5 тысячы жыхароў, лякарню і лазьню.

Удакладняю, што каштуе кацелья ў весцы Раеўка і паліва для яе больш як 60 000 000 рублёў. А ўсяго Меншчыне патрабуецца такіх установак больш як чатыры сотні. Дзе шукаць вялізарныя грошы?

Пытаньні выклікае і мэта атрымаць 15 адсоткаў энэргіі ў вобласьці на гідраэлектрастанцыях.

Салігорская міні-ГЭС – адна зь першых. Узводзілі яе, пачынаючы ад сьнежня 2005-га. Кошт – адзін мільярд рублёў, плюс яшчэ 220 мільёнаў рублёў зь бюжэту выдаткавана на абсталяваньне. Прынцып дзеяньня заснаваны на перападзе ўзроўняў Салігорскім вадасховічшы і ў рацэ Случ. Зараз вада ідзе праз станцыю, дапамагае выпрацоўваць электрычнасьць.

Плянуецца, што такім чынам будзе атрымана 1 мільён кілаватгадзінаў электраэнергіі ў год. Гэтага хопіць, каб асьвятляць адну вёску на 700 дамоў, або чатыры маленькія населеныя пункты.

Трэба адзначыць, што на Меншчыне ў плянах збудаваць яшчэ дзьве станцыі. Адна разьмесьціцца ў Валожынскім раёне, другая, Войкаўская, каля Плешчаніцаў. Дзьве новыя ГЭС прынясуць яшчэ 1,3 мільёна кілаваттгадзін.

Безумоўна, такія мізэрныя дадаткі манаполію "Газпрома" не разбураць. Ды і аўчынка, верагодна, не вартая вырабу. "Пры цяперашніх коштах абсталяваньня, сыравіны і працы сьмела можна паліць у кацельнях усё той жа газ", – даводзяць незалежныя экспэрты. Атрымліваецца, сёньняшнія пошукі ўладаў уласных энэргарэсурсаў – мартышкіна праца.

Галіна Баравая

18.01.2007

Галасавалі за аднаго, а выйграў іншы

ПосчиталиЖыхар смалявіцкай вёскі Мглё Алег Скачкоў быў лідэрам на выбарах у сельсавет. Іншай думкі прытрымліваліся толькі тамтэйшае начальства. Яно й "перамагло". Вяскоўцы вырашылі не здавацца.

Мглё, паводле вяскоўцаў, адпавядае сваёй назве. Жыцьцё ў ім "во мгле" – інакш не назавеш. Па-першае, тутэйшая гаспадарка "Парыская камуна" ня здольная забясьпечыць вяскоўцаў прыстойнымі заробкамі, якіх бы хапіла на ўтрыманьне сям’і. Па-другое, нягледзячы на геаграфічную выгаду (месьціцца каля аўтадарогі Менск -Жодзіна), вонкавае аблічча Мглё ня мае ніякіх прыкметаў пэрспэктыўнага паселішча.

Напрыклад, вясковая крама даўно патрабуе капітальнага рамонту. Тое ж можна сказаць і пра мясцовы водаправод – працуе, як мокрае гарыць. Мінулай зімой у самы разгар маразоў застаўся без вады васьмікватэрны дом. Ён знаходзіцца на балянсе Смалявіцкай птушкафабрыкі, а ў той, як вядома, вытворчыя справы летась зусім ня клеіліся. Зьвярнуліся пацярпелыя ў сельсавет, які знаходзіцца ў вёсцы Юр’ева, маўляў, трэба замяніць некалькі мэтраў труб на новыя. У адказ – маўчаньне. Пасьля гэтага вяскоўцы накіравалі скаргу ў райвыканкам. Затым у аблвыканкам.

Спатрэбілася больш як паўгода, каб аднавіць водазабесьпячэньне. Прыкметную ролю ў гэтым адыграў мясцовы апазыцыянэр Алег Скачкоў, чалавек з вышэйшай адукацыяй, якая, аднак ні ў Мглё, ні ў яго ваколіцах не патрэбная гаспадарнікам. Працуе спадар Скачкоў звычайным ахоўнікам на торфазаводзе, што месьціцца непадалёку.

Так сталася, што большасьць здарэньняў у Мглё, якія патрабаюць зваротаў да начальства, не абыходзяцца без яго ўдзелу. І гэта нягледзячы на тое, што інтарэсы жыхароў прадстаўляюць у сельскім савеце аж тры дэпутаты. Яны ўжо там "прапісаныя" па два-тры скліканьні. Аднак ніводзін з гэтых "вэтэранаў" ні разу па-сапраўднаму й ня стаў на абарону інтарэсаў вяскоўцаў. Тады й зьвярнуліся жыхары Мглё да спадара Скачкова, каб той на выбарах 14 студзеня стаў іх прадстаўніком у сельсавеце. Практычна ўсе казалі: "На цябе аднаго надзея".

Актывіст пагадзіўся, і хоць улады выставілі супраць яго свайго прадстаўніка, быў перакананы: дэпутацкі мандат у кішэні. Тым больш, папярэднія апытаньні сьведчылі, што абсалютная большасьць выбарцаў, якія жывуць па вуліцах Маладзёжная, Цэнтральная, Азёрная й Жодзінская, зьбіраліся галасаваць за яго.

Але ўвечары 14 студзеня выбарчая камісія ў Юр’еўскім сельсавеце абвясьціла Скачкову, што дэпутатам ён ня стаў. Нібыта толькі 31 жыхар Мглё прагаласаваў за яго кандыдатуру, а 38 – супраць.

– Гэта чыстай вады фальсыфікацыя, – лічыць экс-кандыдат. – Каб даказаць сваю праўду, ужо заўтра абыду ўсіх вяскоўцаў і даведаюся, як людзі прагаласавалі насамрэч. А далей ужо разам вырашым, што рабіць: варта судзіцца з махлярамі ці не.

Міхал Вавула

16.01.2007

У Вялейцы рабочыя мокнуць, у Клецку – мерзнуць

ХолодноШмат у якіх цахах, крамах, грамадзкіх будынках Меншчыны сёньня горш, чым на вуліцы. Холадна, бо скрозь пачалі эканоміць на абагрэве памяшканьняў – гэта, нібыта, задорага.

Ураганны вецер у мінулы панядзелак зноў нарабіў бяды на вялейскім заводзе "Зэніт". З даху над цэхам №104 сарвала часовыя латкі з толі і шыфэру. Празь дзіркі вадзяныя кроплі праліваюцца на станкі. Каб прымусіць людзей працаваць, адміністрацыя распарадзілася збудаваць павеці з поліэтылену. Аднак жанчыны-штампоўшчыцы не жадаюць працаваць у цэху-акварыюме. Ужо двойчы тут узьнікаў стыхійны страйк.

Таксама расьце незадаволенасьць сярод працаўнікоў Клецкага мэханічнага заводу. Сёлета ў лістападзе памяшканьні абаграваліся толькі два дні. Цяпер станочнікі наагул вымушаныя працаваць у ватніках ды валёнках. Каб пагрэць рукі, жанчыны наведваюцца ў цэх, дзе плавяць алюміній. Даводзіцца цярпець смурод і асьцерагацца вымазаць вопратку.

50-гадовая зборшчыца электраапаратуры Ірына Заяц гаворыць, што сёлета мэханічны завод адмаўляецца ад абагрэву кацельні суседняга кансэрвавага заводу.

– Начальства цьвердзіць пра вялікую эканомію, – кажа Ірына Заяц. – Але мы як атрымлівалі па 180 тысяч рублёў у лістападзе, дык і цяпер ні капейкі не дадалі. Затое ўжо больш як 15 нашых людзей прастудзіліся.

У бугальтэрыі завода адмаўляюцца называць лічбы эканоміі на цяпле. Нібыта палохаюцца сурочыць, што надыдуць маразы. Са словаў Ігара Шамрука, кацельня кансэрвавага заводу – газавая ад 2003 году. Спэцыяліст кажа, што цяпер катлы нават нельга тэрмінова пераключыць на мазут.

– Пры кошце газу 100 далляраў за 1000 кубамэтраў нашая вытворчасьць вылеціць у трубу! – пераконвае Ігар Шамрук.

Клецкі мэханічны завод вырабляе бурачныя і кукурузныя сеялкі, электракіпяцільнікі, карпусы электрапрасаў. Цяпер тут маюць працу каля 400 жыхароў райцэнтру і суседніх вёсак.

Скардзяцца на холад у крамах так званых аграгарадкоў прадаўцы і пакупнікі. Алена Панцялеева з Нясьвіскага раёну даводзіць, што ў Вайнілавіцкім сельмагу тэмпэратура ўсяго плюс тры, калі на вуліцы плюс шэсць. У краме – халоднае і сырое паветра. Са словаў Алены Панцялеевай, цукеркі – мокрыя і ліпкія. Каўбасы ад холаду пакрываюцца белым налётам. Крупы і мука сырэюць. Пакупнікі адмаўляюцца іх набываць.

Аналягічная сытуацыя ў крамах вёсак Караліна, Міцькавічы, Лань, Гарадзея.

Пра холад у крамах і сапсаваныя прадукты нагадваю дырэктару гандлёвых прадпрыемстваў Нясьвіскага райспажыўсаюзу Аляксандру Угляніцу. Ён тлумачыць, што сёлета "Белкаапсаюз" аддаў загад не пачынаць ацяпляльны сэзон у "сувязі з цёплым надвор’ем ".

– Але на гэтым тыдні ацяпленьне ў крамах раёну падключым, – запэўнівае спадар Угляніца.

У Нясьвіскай райпаліклініцы урач Іван Костусь пацьвердзіў факты больш частых зваротаў працаўнікоў гандлю за лекавай дапамогай. Аднак афіцыйны ўлік застаецца сьціплым, бо ў пэрыяд падрыхтоўкі да выбараў у мясцовыя саветы мэдыцынскім установам было забаронена выдаваць прадаўцам лісткі часовай непрацаздольнасьці.

Галіна Баравая

16.01.2007

Як помсьцяць апазыцыйным кандыдатам на вёсцы

У вёсцы Хатляны Узьдзенскага раёну пройдуць альтэрнатыўныя выбары. Канкурэнтам афіцыйнага кандыдата будзе прадпрымальнік Аляксандр Лабанок.

Вёска Хатляны месьціцца на паўднёвай ускраіне Ўзьдзеншчыны. Ад райцэнтра яе аддзяляюць два дзясяткі кілямэтраў і бойкі Слуцкі шлях (аўтадарога Менск-Слуцак-Салігорск-Мікашэвічы). Жыцьцё ў гэтым мядзьведжым куце мае свае адметнасьці.

Хатляны – мікрадзяржава, у якой дзейнічае беларуская Канстытуцыя ў трактоўцы тутэйшага начальства. Парадкі тут усталёўваюць кіраўнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства, сельсавету, школы і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Паводле вяскоўцаў, чалавеку "бяз рабскай псыхалёгіі" жыць у адпаведнасьці з гэтымі парадкамі складана. Можна застацца бяз працы, бяз грошай, без кавалку хлеба. Урэшце рэшт, давядзецца зьяжджаць з раёну, што некаторыя хатлянцы й робяць.

Некалькі гадоў назад ў такой сытуацыі апынуся й мясцовы жыхар Аляксандар Лабанок. Ён – апазыцыянэр са стажам. Цяпер – сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Вырашыў нікуды не зьяжджаць, а сваю незалежнасьць ад начальства здабыць прадпрымальніцкай працай. Сёньня мае ў Хатлянах прыватную краму.

Сёлета спадар Лабанок вырашыў паўдзельнічаць у мясцовых выбарах. Напісаў заяву, сабраў неабходную колькасьць подпісаў і зарэгістраваўся кандыдатам у дэпутаты Хатлянскага сельсавету. Гэтая ініцыятыва выклікала незадавальненьне тамтэйшых кіраўнікоў. Адзін зь іх прыслаў свайго падначаленага да Лабанка й перадаў патрабаваньне зьняць сваю кандыдатуру. Бізнэсовец адмовіўся. Пасьля гэтага арганізатары выбараў у тэрміновым парадку зацьвердзілі ў якасьці канкурэнта Лабанку загадчыцу вясковага дзіцячага садку.

Адначасова тутэйшае начальства пачало шкодзіць бізнэсу апазыцыйнага кандыдата. Было вырашана зьліквідаваць пад’язныя шляхі да яго крамы. У адзін зь дзён зьявіліся дарожная тэхніка: трактар і экскаватар разбурылі дарогу, якую Лабанок праклаў за ўласныя грошы. Цяпер да крамы – не дайсьці, не даехаць. Скаргі прадпрымальніка ў міліцыю й пракуратуру пра гвалт над прыватнай уласнасьцю станоўчага для яго выніку ня мелі. Праваахоўчыя органы парушэньні службовых злаўмысьнікаў прызналі, аднак завесьці на іх адміністрацыйную ці крымінальную справу з мэтай кампэнсацыі матэрыяльных і маральных выдаткаў не захацелі.

Міхал Вавула

13.01.2007

За саветамі ў Беларусі перайменавалі кожную трэцюю вёску

ИменаУ год Сьвіньні жыхары Слуцкага раёну хадайнічаюць аб перайменаваньні вёскі Маяк у спрадвечнае Дзюдзева. Год таму сэсія мясцовага райсавету вярнула назву "Вынішчы" паселішчу васемнаццатага стагодзьдзя.

Дзюдзева, Кабыльчыцы, Навозчыцы, Хранава, Цыцкавічы – гэта колішнія назвы вёсак на Случчыне. Выдадзены ў Менску ў семідзесятыя гады "Кароткі тапанімічны слоўнік" прафэсара Вадзіма Жучкевіча ўдакладняе, што назва "Дзюдзева" паходзіць ад дыялектнага дзюдзя – "сьвінчо".

– Вой, праўда ж, – пацьвярджае Зінаіда Мяцельская, – сьвіней у нашай вёсцы заўжды было больш, чым людзей і сабак.

Бабуля Зіна цьвердзіць, што за "панскім часам" тут працавалі ажно сем ветракоў.

– Быў хлеб на стале, а мука – у карыце, – кажа яна.

У гутарцы з былым старшынёй мясцовага сельсавету Уладзімерам Косьцікам высьвятляем, што створаны пасьля 1939 году калгас ў вёсцы Дзюдзева таксама быў самы "сьвінскі" у раёне.

– На тутэйшай сьвінафэрме кармілі да дзьвюх тысяч галоў, – нагадвае суразмоўца. – Нашы людзі ордэны і мэдалі заваёўвалі, у Маскву на ВДНГ езьдзілі. Але як выклічуць каторага атрымаць узнагароду ды скажуць: "Вось гэта сьвінар з вёскі Дзюдзева!" – уся заля пасьміхаецца.

Праўда ці не, што партыйныя людзі не лічылі сьвіней за таварышаў, але ў 1973 годзе вёску перадавікоў Дзюдзева перайменавалі ў Маяк. Праз больш як тры дзесяцігодзьдзі ад былога калгасу "Маяк" – ні сьвятла, ні бліскавіцы. Гаспадарка збанкрутавала, сьвінафэрму зачынілі. Тое, што засталося – далучылі да СПК "Леткаўшчына".

Паводле сельсавецкага перапісу, на сёньня ў былой вёсцы Дзюдзева ўсяго 12 кароў і больш як 70 сьвіней. Дзюдзеўцы працягваюць упарта трымацца за дзюдзек.

Сябра Тапанімічнай камісіі НАН Беларусі Валянціна Лемцюгова тлумачыць, што ў Беларусі на сёньня 25 тысяч вёсак. Падлічана, што больш як трэцяя частка з іх былі перайменаваныя ў 1960-1990 гады.

– Цяпер колькасьць вёсак няўхільна зьмяншаецца, але адначасова пашыраецца ініцыятыва вяртаньня назваў з народнай тапанімікі, – кажа Валянціна Лемцюгова.

Спэцыяліст называе некалькі дзесяткаў паселішчаў, якім вернуты гістарычныя назвы. У прыватнасьці, вёска Дзіўная Лужкоўскага сельсавету на Віцебшчыне набыла ранейшую назву Гарадзец.

Нядаўна жыхары вёскі Нёман Узьдзенскага раёну вярнулі ранейшую назву паселішчу – Магільнае. Менавітатак яно ўзгадваецца ў старажытных летапісах, дарэвалюцыйнай і савецкай навуковай літаратуры як месца бітвы ў ХІІІ стагодзьдзі беларуска-літоўскіх войскаў з татара-мангольскімі заваёўнікамі. Чужынцы былі разьбітыя.

Ну і 18 ліпеня 2006 году дэпутаты Пастаўскага райсавету аднагалосна прынялі рашэньне вярнуць вёсцы Новадруцк назву Парыж. Існуе дакладны гістарычны факт, што 18 ліпеня 1812 году Напалеон Банапарт параўнаў тутэйшы маёнтак з Парыжам. Апякуецца цяпер пастаўскім Парыжам сьвятар Мосарскага касьцёлу ксёндз Ёзас Булька:

– Каля лякарні будзем рабіць бульвары. Напісаў прэзыдэнту, ён аддае гандлёвы цэнтар, што развальваецца. Там будзе плябанія. Будзе заля для вывучэньня Катэхізу і будзе касьцёл.

У пастаўскім Парыжы на сёньня 375 жыхароў.

Галіна Баравая

04.01.2007

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: