Светлогорские вести № 9, сентябрь
|
У Светлагорску напярэдадні выбараў "зачысцілі" газету
Поўнасцю зменена кіраўніцтва мясцовага тыднёвіка "Ранак-плюс". Як мяркуюць журналісты, зусім не з-за ненармаўтыўнай лексікі ў падборцы анекдотаў. Былы галоўны рэдактар штотыднёвіка Андрэй Ліпскі паніжаны на дзве пасады. Нагодай стала быццам тое, што ў адным з выпускаў у анекдоце была дапушчана ненарматыўная лексіка. Але былыя журналісты "Ранка" лічаць, што мясцовыя ўлады пачалі ўціск на рэдакцыю пасля таго, як у студзені газета апублікавала артыкул аб тутэйшым прадпрымальніку Анатолі Змітровічу, які быў арыштаваны за акцыю пратэсту. На патрабаванне намесніка старшыні райвыканкама па ідэалогіі Сяргея Меркулава, артыкул знялі з сайту газеты. Пасля таго ў штотыднёвіку істотна зменшылі памер журналісцкай працы, павялічыўшы месца для рэкламы і тэлепраграмы. Услед за гэтым звольнілася Ірына Сапоненка, намесніца галоўнага рэдактара. Цяпер, напярадні выбараў, былы галоўны рэдактар А.Ліпскі пераведзены на пасаду карэспандэнта. На кіраўніцтва газетай прызначаны Вадзім Вежнавец, намеснік дырэктара прадпрыемства "Ранак" і дэпутат Светлагорскага раённага Савета. Намеснікам рэдактара газеты стала рэдактар службы інфармацыі тэлерадыёвяшчання "Ранак" Ірына Найдзёнава, дачка былога адказнага супрацоўніка Светлагорскага райвынканкама і цяперашняга кіраўніка адной з дзяржаўных устаноў. На працягу выбарчай кампаніі "Ранак" прапагандуе толькі кандыдата "ад улады" – цяперашняга дэпутата Валянціну Кавалёву, былую намесніцу старшыні райвыканкама. "Чысткі" адбываюцца не ўпершыню: раней адтуль была вымушаная звольніцца рэдактар тэлевізійных навінаў Алена Раманава – яе супрацоўніцтва з газетай "Комсамольская правда" не задавальняла мясцовы райвыканкам. Арсень Даніловіч 18.09.2008
Светлагорск: генеральны дырэктар асуджаны на 6,5 гадоў
Кіраўнік буйнейшага ў горадзе гандлёвага прадпрыемства Вячаслаў Гаравы апынуўся за кратамі з канфіскацыяй маёмасці. З’яўляючыся старшынём пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў, ён быў арыштаваны супрацоўнікамі КДБ. Суд цягнуўся паўтара месяца. Дырэктар прадпрыемства "Гандлёвы цэнтр" В.Гаравы быў затрыманы 23 красавіка. Праз два дні аб затрыманні паведаміў незалежны інтэрнет-сайт "Бюлетэнь-онлайн". І толькі 16 траўня гэты факт пацвердзіла дзяржаўная газета "Беларусь сегодня", якая назвала В. Гаравога "буйным прадпрымальнікам". Аднак "Гандлёвы цэнтр" не з’яўляецца вынікам прадпрымальніцкай дзейнасці В.Гаравога і не належыць яму. Гэта – былое дзяржаўнае прадпрыемства, якое ў 1996 г. было ператворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. Доля дзяржавы ў статутным фондзе прадпрыемства – 44,72%. У Светлагорску "Гандлёвы цэнтр" утварае сетку з некалькіх магазінаў. Да прызначэння на дырэктарскую пасаду В. Гаравы працаваў у органах улады, выконваў кантрольныя функцыі за дзейнасцю прадпрымальнікаў. На час арышту ён быў дэпутатам раённага Савета і ўзначальваў пастаянную камісію па экономіцы, фінансава-бюджэтных пытаннях, малому і сярэдняму бізнесу, працоўнай занятасці насельніцтва. У пракуратуры Светлагорскага раёна паведамілі, што падчас расследвання высветлена наступнае. У 2006 годзе В. Гаравы атрымаў хабар у 400 000 руб. ад загадчыцы адной з крамаў "Гандлёвага цэнтру", у 2007 г. – 600 000 руб. ад загадчыцы іншай крамы. Грошы даваліся за спрыянне па службе. У 2008 г. дырэктар узяў хабар у 2 900 000 руб. ад кіраўніка аднаго з аб’ектаў "Гандлёвага цэнтру" – за прадоўжанне працоўнага кантракту. Ва ўсіх выпадках грошы даваліся па частках – тройчы. Паводле пракуратуры, апошні мільён В. Гаравы атрымаў 23 красавіка. У гэты ж дзень ён быў затрыманы супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры перадачы хабару службовай асобе Светлагорскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. 800 000 руб. прадназначаліся за дазвол на гандаль у памяшканні, якое не адпавядае Правілам пажарнай бяспекі. Адразу быў накладзены арышт на некалькі кватэр, якія належалі дэпутату. У выніку суда, які пачаўся 22 ліпеня, В. Гаравы прызнаны вінаватым у атрыманні і дачы хабару. 8 верасня суд Светлагорскага раёна прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яшчэ на 5 гадоў В. Гаравы пазбаўлены права займаць пэўныя пасады. Прысуд уступае ў моц праз 10 дзён, на працягу якіх ён можа быць абскарджаны. Паводле штоквартальнай справаздачнасці, з пачатку года прыбытак "Гандлёвага цэнтру" пасля выплат усіх збораў і выдаткаў склаў 10 млн. 799 тыс. рублёў. У звароце знаходзяцца 194 276 акцый гэтага прадпрыемства па 8 400 руб., якімі валодаюць 171 акцыянер, у тым ліку адна юрыдычная асоба. Арсень Даніловіч 17.09.2008
У тэлевізары бачыш адзін толькі твар
Валянціну Кавалёву, светлагорскага кандыдата "ад улады" ў Палату прадстаўнікоў, зноў паказалі па тэлевізары. Дэмакратычнага – Сяргея Дайнеку – у экране не бачна. Валянціна Кавалёва з 2004 – дэпутат Палаты прадстаўнікоў, і зараз вядзе агітацыйную кампанію на новыя выбары. Адразу пасля паседжання акруговай выбарчай камісіі, на якой зарэгістравалі кандыдатаў, В. Кавалёва прыбыла на раённую нараду настаўнікаў. Штогод такія нарады праходзяць у жніўні. Аднак прысутнасць на іх В. Кавалёвай раней не была характэрнай. Участковыя выбарчыя камісіі, як вядома, у асноўным складаюцца з настаўнікаў. Вось і на гэтай нарадзе Людміла Вялічка, начальніца аддзела адукацыі Светлагорскага раённага выканаўчага камітэта, нагадала, што "новы навучальны год будзе годам выбараў у Палату прадстаўнікоў". Затым прысутных павіншавала з трыбуны сама В. Кавалёва. А мясцовае тэлебачанне "Ранак" знайшло гэта нагодай для таго, каб паказаць Кавалёву ў праграме навінаў. Відавочна, фотаздымак з Кавалёвай будзе і ў бліжэйшым выпуску мясцовай штотыднёвай газеты "Ранак-плюс". Дырэктарам кампаніі "Ранак", паводле афіцыйнага сайта Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, з’яўляецца Ігар Кашлікаў. Ад светлагорскай улады тутэйшыя афіцыйныя СМІ курыруе намеснік старшыні райвыканкама па ідэялогіі Сяргей Меркулаў. Ён з’яўляецца і старшынём акруговай выбарчай камісіі. На гэтай пасадзе ў райвыканкаме раней знаходзілася і сама В.Кавалёва. Яна таксама ў свой час з’яўлялася старшынём акруговай камісіі і мае медаль, атрыманы пасля ўдала праведзеных выбараў. Сёлета, калі збіралі подпісы за вылучэнне кандыдатаў, В.Кавалёву ўжо паказаў тэлеканал "Лад". А вось з Сяргеем Дайнекам у афіцыйных СМІ кантактаў няма. Міхаіл Мікіціч 02.09.2008 |