Магілёўскі далягляд № 3, ліпень
|
Эпідэмія ў лагеры з птушынай назвай
У санаторна-аздараўленчым комплексе "Чайка" Магілёўскага раёну за два дні было шпіталізавана васемнаццаць чалавек. Папярэдні дыягназ – энтэравірусная інфэкцыя. У "Чайцы" зафіксавана групавое захворваньне дзяцей. Усіх захварэўшых даставілі для лячэньня ў Магілёўскую інфэкцыйную бальніцу. Шаснаццаць захварэўшых дзяцей былі прывезены ў бальніцу 19 ліпеня, а наступным днём сюды трапілі яшчэ двое. Усе пацыенты ва ўзросьце ад дзевяці да чатырнаццаці гадоў. Клінічныя праявы вельмі падобныя да энтэравіруснай інфэкцыі: сып на скуры, высокая тэмпэратура, боль у горле. Трэцяя зьмена была скончана на два дні раней заплянаванага, але наступная зьмена пачалася ў тэрмін. Наконт здарэньня ва ўпраўленьні аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама паведамілі, што "спецыялісты-эпідэміёлагі правялі шэраг дыягнастычных і прафілактычных мерапрыемстваў ва ўсіх дзіцячых аздараўленчых установах раёна". На дадзены момант бацькі ўжо забралі дадому ўсіх захварэўшых дзяцей. Стан іх здароўя ацэньваецца як задавальняючы. У пробах вады і прадуктах харчаваньня, якія былі зроблены падчас аналізаў у лагеры, аніякай інфэкцыі не знойдзена. Хутчэй за ўсё, хвароба распаўсюдзілася паветрана-кропельным шляхам. На сёньняшні дзень, як сцвярджаюць інфэкцыяністы, няма нагоды для хваляваньняў. Але гэтае здарэньне, на жаль, ня мае добрага фіналу. Як паведамілі супрацоўнікі "Чайкі", пажадаўшыя застацца невядомымі, падчас праверак да адказнасьці былі прыцягнуты пяцёра, а з займаемай пасады была звольнена ўрач. Для жанчыны звальненьне сталася сапраўднай трагедыяй – у яе памёр муж, у якога ад хваляваньняў за жонку не вытрымала сэрца. Зьміцер Мышкоўскі
Жывёл у магілёўскім заасадзе кармілі з лыжкі
Дзьве казулі і два ласі былі выратаваныя ад пагібелі клопатам супрацоўнікаў заасада. Для гэтага давялося адгарадзіць загоньчык у будынку адміністрацыі і карміць небаракаў дзіцячым харчаваньнем... Зараз жыцьцям жывёл нічога не пагражае, але надоечы яны былі вельмі слабыя: іх кармілі з лыжкі дзіцячым харчаваньнем, вітамінамі, пільнавалі ад чужых вачэй. Сёньня яны – паўнавартасныя жыхары заасада ў Магілёве. Днямі таксама былі дастаўленыя два ласі. Адна жывёліна ўжо дарослая: ласіха сама прыйшла да людзей. Падаецца, што бачыць людзей не ўпершыню, бо характар у яе зусім хатні. Стан здароўя таксама не выклікае турбот. Чаго нельга сказаць пра малое ласяня. Але тое, што ён сам прыбег да людзей станоўча адаб’ецца на ягоным лёсе. Бо заасад станоўча выконвае сваю галоўную функцыю – дапамагае жывёлінам, якія трапілі ў бяду. Сёньня ў заасадзе жывуць выратаваныя жывёлы з усяе краіны. Зьміцер Мышкоўскі
Магілёўскі дзіцячы тэатар запрасілі ў Галівуд
Удзельнікі ўзорнага дзіцячага тэатра "Рэха" былі прызнаны найлепшымі ў намінацыі "Тэатральнае мастацтва" на міжнародным фэстывалі, што ладзіўся ў Львове. Тэатр нават запрасілі выступіць у Галівуд, але фінансы наўрад ці дазволяць такую паездку...
- Мы стварылі тэатар два гады таму, – гаворыць мастацкі кіраўнік тэатра Наталля Дурэйка. - Удзельнічалі ў розных конкурсах ў іншых гарадах, іншых краінах. На рэспубліканскім конкурсе ў Менску ўзялі Гран-пры. І вось - першае месца на міжнародным фэстывалі! Адметнасцю спэктаклю з’яўляецца тое, што гэта аўтарская работа магілёўскага калектыву. Тэкст юныя акторы стваралі разам са сваім кіраўніком. Атрымалася пастаноўка на экалагічную тэму. Гэта напамін пра неабходнасць паважлівых адносінаў да прыроды. Удзельнічаюць ў пастаноўцы 15 чалавек. Узрост актораў ад шасці да семнаццаці год. Для некаторых выступ на фэстывалі быў дэбютным. Аднак хваляванне перапаўняла ўсіх без выключэння. Выступ дзяўчат і хлопцаў быў не проста дастойным. Ён быў сапраўды найлепшым, бо першае месца беларускамоўным "Вітражам" міжнароднае журы прысудзіла адзінагалосна. Паўстае пытанне: ці пабачаць спэктакль-пераможцу гледачы ў іншых краінах? Кіраўнік тэатру паведаміла, што трупа рэпетуе ўжо на ангельскай і нямецкай мовах, бо ў перспектывах – гастролі. Дарэчы, падчас фэстывалю ў Львове да магілёўскай трупы паступіла ўвогуле фантастычная прапанова. - Нам запрапанавалі выступ ў Галівудзе, - кажа кіраўнік тэатру. - Праўда, за кожнага актора прыйдзецца выкласці па тры тысячы даляраў. Вельмі спакушальная прапанова, але фінансава невырашальная... Невядома, ці падтрымаюць мясцовых актораў гарадзкія ўлады, але дакладна вядома, што менавіта дзеці з тэатра "Рэха" могуць годна прадстаўляць Магілёў і ўсю Беларусь на міжнароднай сцэне. Зьміцер Мышкоўскі
Габрэяў аштрафавалі за зорку Давіда
Пракуратура Ленінскага раёна Магілёва прыйшла да высновы, што габрэі няправільна сьвяткавалі Пурым. Вынік - тры штрафа. Праваахоўнікі ўбачылі ў працэсе сьвяткаваньня парушэньне закона РБ "Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў". Афіцыйнае папярэджаньне прадстаўнікам габрэйскай абшчыны было ўручана пракуратурай Ленінскага раёна Магілёва. На тэрыторыі Магілёўскай вобласьці на гэты момант існуе 88 школ, клясаў ды груп, якія маюць рэлігійны характар. Сярод іх 37 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 22 эвангелічных хрысьціян-баптыстаў, 21 вернікаў-эвангелістаў і адна іудзейская група. Аднак колькасьць такога кшталту груп штогод расьце. Тры гады таму, калі паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і дзяржавай было падпісана пагадненьне аб сумеснай працы ў сфэры адукацыі, сталі зьяўляцца ня толькі праваслаўныя нядзельныя школы, але і школы іншых рэлігійных канфэсій. Напрыклад, у дзіцячым садку № 72 горада Магілёва ў 2004 годзе была створана габрэйская дзіцячая група. Але праз два гады яе існаваньня, гэтай групай было атрымана афіцыйнае папярэджаньне з пракуратуры. 14 сакавіка габрэйская суполка сьвяткавала Пурым, але, як паведаміў Генадзь Хортаў, намесьнік пракурора Ленінскага раёна горада Магілёва, "падчас сьвяткаваньня была выкарыстана іудзейская сымболіка – зорка Давіда, рытуальная мінора. А таксама ўдзел у сьвяткаваньні прымалі дзеці, што законам забаронена". Да адміністратыўнай адказнасьці прыцягнуты тры чалавекі – кіраўнік групы, загадчыца дзіцячага садка і яе намесьнік. Зьміцер Мышкоўскі |
Каляровыя эцюды "Вітражы" - любімая пастаноўка "Рэха". Менавіта з ёй і было вырашана выступіць на Першым міжнародным фэстывалі дзіцячай, юнацкай і моладзёвай творчасці, што ладзіўся ў Львове. У выбары не памыліліся. Конкурсная праграма ўключала ў сябе выступы калектываў з Украіны, Нямеччыны, Сірыі. Дзіцячы тэатар "Рэха" з Магілёва быў адзіным прадстаўніком Беларусі. І ў намінацыі "Тэатральнае мастацтва" яму не было роўных.