Магілёўскі далягляд № 4, жнівень
|
Прызёр плянэтарнай алімпіяды зь Беларусі будзе вучыцца ў Расеі
У карэйскім горадзе Кёнгсане адбылася плянэтарная алімпіяда. Больш за 250 навучэнцаў з 67 краінаў сьвету дэманстравалі свае веды па хіміі. За Беларусь выступала і магіляўчанка Ганна Лугавая – навучэнка абласнога ліцэю №3. Выкладчыкі БДУ рыхтавалі каманду целы месяц, і вынікі былі годныя: Ганна – адзіная з беларускай каманды атрымала срэбны мэдаль, тры іншыя ўдзельнікі – "бронзу". Дзяўчына зьбіраецца надалей прысьвяціць сваё жыцьцё навуковай працы, але працягне вучобу не ў БДУ, а ў Маскоўскім дзяржаўным ўнівэрсытэце. – Калі мы прыехалі на алімпіяду, то былі вельмі зьдзіўленыя – на кожным стале стаяў ноўтбук і прыстасаваньне, якое нават нашы выкладчыкі ня бачылі і не працавалі на ім. Вельмі высокі ўзровень, – узгадвае Ганна. Штогод, зь 9 па 11 клясу, Ганна з посьпехам выступала на раённых, рэспубліканскіх алімпіядах па хіміі. Дзяўчынка заўсёды была сярод прызёраў. І тое, што яна стала студэнткай аднаго зь лепшых вузаў былога Савецкага Саюзу, зусім лягічна. Хоць і шкада: Беларусь страціла яшчэ адзін яркі талент... Зьміцер Мышкоўскі 09.08.2006
Жывыя карцінкі да сухіх лічбаў справаздач
Паглядзеўшы бравыя ліпеньскія справаздачы чыноўнікаў Магілева захацелася паглядзець і падабраць да кожнай зь іх жывую карцінку-ілюстрацыю. Каб упэўніцца, ці ўсё сапраўды так цудоўна, як на паперы. Карцінка першая.
Па Беларусі існуе шмат вёсак падобных да вёскі Смолка Чавускага раёна. Тут некалькі год таму пачалі будаваць так званыя "домікі", прызначаныя для маладых спэцыялістаў, сілы якіх патрэбныя на вёсцы. Пабудовам сапраўды пасуе назва "домік", бо, нягледзячы на тры пакоі, ён сапраўды маленькі. Асабліва для вясковага жыцьця. "Домік" больш падобны да лецішча сям’і, што ня мае дзяцей, таму зразумела, што дэмаграфічная праблема на вёсцы пакуль вырашацца ня будзе. Але нават пабудаваны і падрыхтаваны для жыльля дом у названай вёсцы чакаў свайго жыхара два гады. За гэты час ён ператварыўся ў "перасовачны пункт" для людзей без дакладнага месца жыхарства. І толькі пасьля таго, як уся сантэхніка была скрадзена, а дом без догляду пачаў разбурацца, згодна з рашэньнем праўленьня СВК "Мірны" ад 17 ліпеня гэтага года, дом быў аддадзены даглядчыку за жывёлінамі з мясцовай фэрмы. Карцінка другая. Напрыканцы ліпеня адбыўся чарговы асабісты прыём грамадзян старшынём аблвыканкама Барысам Батурам. Кола пытаньняў, што ўздымаліся жыхарамі вобласьці, традыцыйнае – жыльлёвая праблема, газыфікацыя, матэрыяльная падтрымка. З агульнай масы вылучылася наступная скарга: на Машакоўскіх могілках паганяць магілу вэтэрана, а міліцыя ніяк не рэагуе. Старшыня аблвыканкама даручае разабрацца і знайсьці вінаватых. Магілёўскі Дом вэтэранаў таксама стаіць на ўскрайку горада. Навокал няма аніякіх пабудоў – толькі на адлегласьці аднаго прыпынку гарадзкога транспарту знаходзіцца абласная бальніца . Менавіта да Дому вэтэранаў падчас суботнікаў наведваецца ўся гарадзкая эліта: пілуюць, носяць, будуюць. Але пачынаючы з 9 Мая мінулага года (!), на прыпынку "Дом вэтэранаў" "красуюцца" свастыкі і надпісы фашыстоўскага зьместу. Вэтэраны і іх сваякі вымушаны сустракаць і галоўнае сьвята свайго жыцьця, і кожны божы дзень, назіраючы гэтае паскудзтва. Падаецца, што міліцыя застаецца абыякавай да "мастакоў". Але будзем спадзявацца, што па даручэньню старшыні аблвыканкама міліцыя знойдзе так званых скінхэдаў, каб больш нічога не нагадвала вэтэранам і усім астатнім беларусам пра пагрозу фашызму. Карцінка трэцяя. Старшыня гарвыканкама на пасяджэньні, прысьвечаным працы ідэалягічнага сэктара, распавёў, як менавіта праходзіць іспыт кожны кандыдат на пасаду штатнага ідэёляга. - Мы чытаем яму артыкул з апазыцыйнай газэты і прапануем кожнаму з кандыдатаў выступіць у якасьці апанэнта аўтара артыкула, - зазначыў спадар Шорыкаў. Нарада адбывалася ў самыя сьпякотныя дні ліпеня. Тады ж адбыўся і чарговы несанкцыянаваны выкід у паветра меркаптану з мясцовага мясакамбінату. Меркаптан – няшкоднае, але вельмі смуроднае рэчыва, якое вылучаецца пры перапрацоўцы костак жывёл. Людзі, што жывуць вакол мясакамбіната, да пахкага суседа прызвычаіліся, але ў спякотныя дні, калі тэмпэратура паветра была вышэй за трыццаць градусаў, мясцоыя жыхары проста вымушаны былі спаць з адчыненымі вокнамі. Ноччу ад непрыемнага паху прачнуліся амаль усе: плакалі дзеці, хворыя на сардэчна-сасудзістую сыстэму адчувалі сябе вельмі дрэнна. На звароты грамадзян ў гарвыканкам адказы былі зусім не красамоўнымі і тыпова сціплымі: маўляў, высьвятляем, працуем. Такая вось ідэялёгія... Зьміцер Мышкоўскі |
Магіляўчанка Ганна Лугавая заваявала срэбны мэдаль на плянэтарнай алімпіядзе па хіміі. Рыхтавалі яе выкладчыкі БДУ, аднак вучыцца дзяўчына вырашыла ў МДУ.
Больш за 20 тысяч жыхароў Магілёўскай вобласьці стаіць ў чарзе на жыльлё, таму відавочна, што менавіта ў гэтым накірунку мясцовыя ўлады павіны былі сканцэнтраваць ўсе свае намаганьні. Але на чарговым паседжаньні гарвыканкама было прызнана, што за выкананьне прагнозных паказчыкаў па будоўлі жыльля павінна быць адзнака “нездавальняюча”.