Магілёўскі далягляд №7, сьнежань
|
Аляксандар Агееў: "Каб дэпутацтва было марным, я б не абіраўся другім разам"
Першым пагадзіўся пагутарыць дэпутат Магілёўскага гарадзкога савету, сакратар пастаяннай камісіі "Па ахове здароўя, сацыяльных пытаньнях, працы, адукацыі і культуры, спорту і турызму" Аляксандар Агееў. Ён кандыдат гістарычных навук, дацэнт катэдры археалёгіі і спэцыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова. – Спадар Агееў, вы заняты чалавек, выкладаеце, удзельнічаеце ў шмат якіх кнігавыдавецкіх праектах, дык нашто яшчэ спатрэбіўся дэпутацкі статус? – У 2003 годзе пляцоўку над Палыкавіцкай крыніцай – помнікам гісторыі і прыроды – расплянавалі пад забудову катэджаў. Яна відавочна шкодзіла крыніцы: якасьці вады, разбурала прыроднае навакольле. Эколягі дамагаліся заснаваць тут заказьнік. Я кінуўся быў бараніць крыніцу ад небясьпекі. Спрабаваў узьняць перад грамадзтвам праблему пры дапамозе тэлебачаньня, пісаў у гарадзкія газэты. Вось тады і адчуў сваю бездапаможнасьць. Памятую свае адчуваньні. Я быў гісторыкам-летуценьнікам, які марыў пра сьветлую будучыню Беларусі, нешта дзеля яе набліжэньня рабіў, але быў абсалютна далёкі ад рэальнага жыцьця. У мяне і блізу не было ўяўленьня пра вагары ўплыву на мясцовую ўладу. Тут надышлі выбары, пачалі прапаноўваць паўдзельнічаць у іх, і я вырашыў пазмагацца. Для мяне было важным, што людзі мне давяралі. – На каго найперш абапіраліся ў сваёй перадвыбарчай кампаніі? – Зразумела, у першым шэрагу былі мае блізкія. Сын дужа дапамагаў. Па абраньні я прааналізаваў склад сваёй каманды. Гэта былі перадусім турысты, сябры-калегі, зь якімі ў розным часе я вандраваў. Яшчэ – палітычныя актывісты, перадусім ад партыі БНФ. Да жалю, я не магу назваць усіх іх актыўнымі ўдзельнікамі маёй перадвыбарчай кампаніі. Некаторыя свой удзел, відаць, бачылі ў дэкляраваньні сваёй гатоўнасьці дапамагаць. – Наколькі праблема "Палыкавіцкай крыніцы" блізкая выбарцам? Яны яе разумеюць? – Мая акруга – гэта мікрараён Саломенка, ўскраек Магілёву, гарадзкая мяжа. Акурат за ёй і разьмешчаная пляцоўка, на якой будуюцца катэджы. Навакольле крыніцы зона адпачынку ня толькі жыхароў Саломенкі, але і ўсяго гораду. І тут супадаюць мае асабістыя інтарэсы з грамадзкімі. У тым, што ўдалося затрымаць будаўніцтва катэджаў, прынамсі на чатыры гады, ёсьць і мая заслуга. Неаднойчы я ініцыяваў зборы подпісаў, і людзі ахвотна падпісваліся пад зваротамі да гарадзкіх уладаў. Скончылася "палыкавіцкае" супрацьстаяньне кампрамісным рашэньнем. Частку пляцоўкі забудуюць. Узьвядзеньне катэджаў на другой палове наагул мелася распачацца з парушэньня закону, бо яна маёмасьць лясгасу, які не даваў дазволу на будаўніцтва. – Спадар Агееў, шмат што ва ўпарадкаваньні жыцьця пэўнай супольнасьці залежыць ад здольнасьці грамадзян самаарганізоўвацца дзеля разьвязаньня сваіх агульных праблемаў. За час вашага дэпутацтва былі выпадкі самаарганізацыі? У чым яны выявіліся? – Грамадзяне могуць самі вырашаць свае праблемы. У прынцыпе мясцовы дэпутат і не павінен займацца праблемамі канкрэтнага дому, ці канкрэтнага пад'езду. Гэта – клопат ЖКГ і іншых структур выканаўчай улады. Вось калі яны сваіх функцыяў не выконваюць, дык тут павінен умешвацца дэпутат. Што да самаарганізацыі жыхароў канкрэтнага дому ці пад'езду, дык прыкладаў не багата. Ёсьць ініцыятыўныя людзі, але іхны запал зьнікае пасьля першай жа справы. Яна вымагае столькі высілкаў, што на наступную ініцыятыву папросту іх ужо няма. – Дык што можа стымуляваць сацыяльную самаарганізацыю, ад чаго яна залежыць? – У нас няма законаў, якія б падахвочвалі самаарганізацыю. Гэта праблема ня можа вырашыцца сіламі мясцовых дэпутатаў. У мяне ёсьць асабісты прыклад таго, як мяняецца сытуацыя. Я жыву ў каапэратыўным доме. Старшыня каапэратыву, каб яму было выгадней і зручней падтрымліваць жыльлёвую інфраструктуру, аб'яднаў некалькі дамоў. У чым ягоная перавага? Яго ведаюць усе, і калі нешта здарыцца, ён прыйдзе на дапамогу першым. Безумоўна, ён працуе лепш, чымсьці ЖКГ, ён бліжэй да праблемаў жыльцоў. Разам з тым галоўныя пытаньні ня вырашаныя. Замоўца і выканаўца застаюцца ў адной асобе, а такога не павінна быць. – Ці здолелі вы за час дэпутацтва зьмяніць сваю акругу? – У дэпутата мясцовага савету замала правоў. Дэпутат можа толькі нагадваць і прасіць. Люфт магчымасьцяў замалы. Я ганаруся, што даціснуў пытаньне пра асьвятленьне школьнага стадыёну. Ён, дарэчы, адзіны ў горадзе, які асьвятляецца, і жыхары могуць круглыя суткі яго карыстаць. Тое ж тычыцца і рэйсавага гарадзкога аўтобусу ў выходныя дні. У раёне есьць цяпер паліклініка – гэта таксама і мая заслуга. Праз усё сваё дэпутацтва намагаўся наладзіць зваротную сувязь са сваімі выбарцамі, рэгулярна вывешваў справаздачы. І хоць я не дасягнуў таго, што кожны жыхар раёну са мной вітаецца, калі пачалася новая перадвыбарчая кампанія, дык мяне пазнавалі ды ахвотна падпісваліся. – Пагаворым пра атмасфэру ў Магілёўскім гарвыканкаме і стаўленьне да вас як да незалежнага дэпутата. – Саветы ў нас фармальна-дэкаратыўныя. Разам з тым сыстэма ня можа абысьціся без іх. Лічу гарсавет даволі кваліфікаваным. Ён прадстаўлены спэцыялістамі, якія ўжо нечага дасягнулі ў сваёй галіне – мэдыцыне, эканоміцы, адукацыі, бізнэсе. Я, аднак, мяркую, што бальшыня дэпутатаў не рэалізавалася. Дэпутацкі статус для іх унутраны цэнзар. З большага выдатныя спэцыялісты, яны ўсё ж пасыўныя ўдзельнікі прыняцьця рашэньняў. – Як адрэагаваў навуковы ды выкладчыцкі асяродак Магілёва на вас як незалежнага дэпутата? – Лічылі сапраўды незалежным. А ставіліся па рознаму. У некага была зайздрасьць, нехта ігнараваў. Многія проста прынялі да ведама. Практычна мой статус гісторыкі выкарыстоўвалі. Географы таксама. Мясцовыя апазыцыйныя палітыкі не падыходзілі зусім. За ўвесь свой дэпутацкі тэрмін я ніводнага разу не агучыў звароту ад тамтэйшай палітычнай эліты. Мне падаецца, што падобная ініцыятыва мелася сыходзіць менавіта ад палітыкаў, яны павінны былі ў найперш сябе праяўляць. Андрэй Белагубаў 20.12.2006
БРСМ скарыстаў гандбол для абразы літоўцаў
Перамогай беларускай нацыянальнай зборнай у нядзелю завяршыўся адборачны тур чэмпіянату сьвету сярод жанчын. Нашы дзяўчаты выглядалі годнымі вікторыі, бо яны пераканаўча выйгралі кожную сустрэчу. А новы будынак спартыўнага комплексу "Алімпіец" быў годны прымаць мерапрыемства такога ўзроўню. Не пакінулі без увагі арганізатары і балельшчыкаў: некалькі радоў на адной з трыбунаў увесь час займалі сябры БРСМ, якія й павялі рэй. Але падчас рашаючага, надзвычай напружанага матчу Беларусь-Літва з боку гэтай купкі моладзі ў адрас каманды Літвы пасыпаліся абразы і непрыстойныя жэсты. Падобныя паводзіны нярэдкія для магілёўскіх балельшчыкаў. Гэтым разам у "мясцовы калярыт" зрабіў унёсак і вядучы. Ён схапіў мікрафон і пачаў праз дынамікі заклікаць балельшчыкаў падтрымаць менавіта беларускую каманду, а літоўцам даваў рады больш не закідваць мячы ў нашы вароты. Госьці слухалі гэта са зьдзіўленьнем: прынцыпова нэўтральнае стаўленьне арганізатараў да ўсіх удзельнікаў - міжнародная норма. Але нягледзячы на ідэалягічную "лыжку дзёгцю" беларускія спартоўцы зрабілі сапраўднае сьвята для ўсіх заўзятараў гандболу. Як паведаміў галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай, шанец, што Магілёў прыме гульні сэрыі "плэй-офф" ёсьць, і ён даволі вялікі. А пакуль спадзяемся, што да гульняў нехта давядзе лукамольцам правілы паводзінаў на такога кшталту мерапрыемствах. Зьміцер Мышкоўскі 03.12.2006
Каб зэканоміць, ўлады Магілёва прапануюць адключаць цяпло ў садках
Пры плюсавой зіме шмат прадпрыемстваў спажываюць цяпла больш леташняга. Вэртыкальнікі бачаць выйсьце ў эканоміі на дзецях. Бацькі абураныя. Між тым спэцыялісты даводзяць: найбольш разумнае выйсьце з такой сытуацыі – ручное стацыянарнае рэгуляваньне падачы цяпла. Але нават ужо выдаткаваныя грошы на энэргазьберажэньне ў некаторых сфэрах не засвоеныя. І вось на фоне гэткага безгаспадарчага падыходу сваіх падначаленых першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Ігар Шчарбакоў выступіў з прапановай не падаваць па выходных цяпло ў садкі і школы. Бацькі абураюцца: пры такім раскладзе па панядзелках дзетак будуць сустракаць сьцюдзёныя, яшчэ не прагрэтыя памяшканьні (дарэчы, часта адрамантаваныя за ўласны кошт бацькоў). Але чаму вырашылі пачаць эканоміць менавіта зь дзяцей? Ці ня лепш адключыць цяпло ўва усіх дзяржаўных установах і ладзіць наступную плянёрку пры тэмпэратурах, як трапна зазначыў спадар Шчарбакоў, "анамальна цёплай зімы"? Зьміцер Мышкоўскі 6.12.2006
Абураныя людзі пагражаюць байкотам выбараў
Пра намер ігнараваць выбары заявілі жыхары дома №27, які знаходзіцца ў Магілёве па бульвару Няскораных. За трыццаць год у ім не было рамонта. Па словах Раісы Васільеўны, якае пражывае там на першым паверсе, падлога ў яе кватэры ўжо пачынае правальвацца, сцены даўно пакрыты плесенню, і на іх пачынае разрастацца грыбок. У жыхароў пятага паверха пастаянна працякае дах. Нягледзячы на тое, што жыхары плацяць пастаянныя адлічэнні на капрамонт, рамонта яны за гэтыя гады так і не ўбачылі. За свой кошт людзі ўсталявалі лічыльнікі за кантролем цяпла, новыя жалезныя дзверы ў пад'ездах, дамафоны. Рамонт там-сям быў зроблены па ініцыятыве жыхароў за кошт уласных сродкаў. А там, дзе не здолелі арганізавацца, сабраць грошы, лесьвіцы, пляцоўкі выглядаюць проста жудасна. Пяціпавярховік адносіцца да класу дамоў, якія ў савецкія часы былі ў народзе празваны "хрушчоўкамі". Будынак месціцца на тэрыторыі ЖЭУ-4, а дэпутата мясцовага Савета на акрузе проста няма. Дырэктар ЖЭУ-4 ніяк не рэагуе на звароты жыхароў. Вітольд Няўрыда 6.12.2006
Сямейныя разборкі прыглушаць музыкі з мастакамі
Нарады магілёўскай міліцыі будуць выяжджаць на сямейныя сваркі разам з культасьветработнікамі. Ідэя прыпісваецца старшыні гарвыканкаму Віктару Шорыкаву. І гэта зусім не першакрасавіцкі жарт ці анэкдот, а адзін з новых накірункаў работы ўпраўленьня культуры. Яго кіраўніца Антаніна Шаркова ўжо зладзіла тэматычнае паседжаньне з пэдагогамі музычных і мастацкіх школаў. Графік дзяжурства ўдакладняецца, але чым менавіта будуць займацца музыкі, сьпевакі ды танцоры падчас рэйду пакуль невядома. Хутчэй за ўсё, гэта будзе вахта звычайных дружыньнікаў, але з эстэтычным ухілам. Людзям тое не даспадобы. – Мы проста выкладаем мастацтвы дзецям і не жадаем удзельнічаць у сямейных спрэчках, – кажа адна з удзельніц гэтага паседжаньня, якая папрасіла не называць яе імя і месца працы. – Тым больш, хто будзе адказваць за нашу бясьпеку? Гэта ж сур’ёзная справа – хай яе вырашаюць прафэсійныя міліцыянты і сацыяльныя работнікі. Згадваецца, што ў свой час пра мастацтва як сродак выхаваньня казаў сам Ульянаў-Ленін. Але савецкая агітацыя падмацоўвала словы правадыра пралетарыяту толькі згадкай пра кіно. Між тым у ленінскай цытаце фігураваў таксама цырк. Ільіч лічыў і яго важнейшым з мастацтваў. Вось у Магілёве і кажуць: вэртыкаль, якая шмат у чым аднаўляе савецкія мэтады працы, падправіць сваіх папярэднікаў – пакліча на дапамогу міліцыянтам ня толькі мастакоў з музыкамі, але й клоўнаў. Зьміцер Мышкоўскі 7.12.2006 |