Магілеўскі далягляд № 11, травень
|
"Чэкіст" прапанаваў юнаку 300 тысяч за інфармацыю
У адказ рэдактар магілёўскай студэнцкай газеты "БУМ" Станіслаў Кавалеўскі зьдзекліва заявіў: пагадажаецца супрацоўнічаць за 2000 даляраў. Станіслаў даўно пад прыцэлам магілёўскага КДБ. Таму не здзівіўся, калі людзі ў цывільным папросту спынілі яго на адной з вуліц Магілёва. "Корачкамі" не пужалі – замест гэтага адразу пачалі з пагрозаў: калі не перастанеш актыўнічаць, вылеціш з універсітэту і пойдзеш абараняць радзіму ў доблеснае беларускае войска. Пасля такога "лірычнага" ўступу пачаліся канструктыўныя прапановы. Іх сутнасць была палітычна-камерцыйнай: ты нам інфармацыю пра гарадскую апазыцыю, мы табе грошы – вось такі рынкавы чэкізм. – Яны прапаноўвалі мне 300 тысяч беларускіх рублёў, – расказвае Станіслаў Кавалеўскі, – але я адмовіўся. Папросту сказаў, што ў іх малыя кошты, а я згодзен працаваць толькі за адну ці дзьве тысячы даляраў у месяц з запісам у працоўнай кніжцы. На гэтым "гандаль" завяршыўся. Нагадаем, што Станіславам супрацоўнікі КДБ цікавяцца даўно. Упершыню завіталі з нагоды таго, што ён нібыта пададзены ў міжнародны вышук польскімі спецслужбамі. Затым чэкісты зайшлі ва ўніверсітэт і цікавіліся яго міжнароднымі паездкамі, інфармацыяй аб замежных гасцях, якія часам наведваюць Магілёў. Пазней Станіслаў стаў сведкам таго, як супрацоўнікі дзяржбяспекі збівалі музыкаў у цэнтры горада. Ва ўніверсітэце моладзевага актывіста пасля ўсяго гэтага пазбавілі пасады старасты з афіцыйнай фармулёўкай "акадэмічная непаспяваемасць", а насамрэч – за арганізацыю акцыі пратэсту студэнтаў супраць адмены ільготаў і выдання незалежнай моладзевай студэнцкай газеты "БУМ". Сябры Станіслава ўжо спрачаюцца з ім на кефір, ці здолее хлопец з-за сваёй актыўнасці здаць сесію і перайсці на другі курс... Вітольд Няўрыда 30.05.2007
Зрэдзьчасу Магілёўскі аблвыканкам ператвараецца ў НЛА
Уфалягічную сэнсацыю з Прыдняпроўя паказалі і беларуская телевізія, і расейскі канал НТВ. Як нарадзілася новая гарадзкая легенда? Хлопцы, аўтары відэа, даказваюць, што падчас начнога дзяжурства на аўтастаянцы пабачылі ў небе незвычайны аб’ект, што лётаў над полем. Яны пасьпелі пры дапамозе мабільнага тэлефона зрабіць здымкі, якія потым і пабачылі гледачы "саюзнай дзяржавы". Відовішча уражвае, таму вельмі лёгка верыцца, што ў хлопцаў падчас назіраньня дрыжэлі каленкі, як самі пра тое кажуць. – Гэты запіс – падробка, – адразу зазначыў наш экспэрт Аляксей, які прафэсійна працуе зь відэа, – ніякі не НЛА, а звычайны блік. Але ж удала выкарыстаны як мастацкі сродак. І адразу выклікаўся растлумачыць мэханізм гэтай "сэнсацыі". Пры дапамозе кампутарнай праграмы Аляксей на выяву тэлевізійнага "нла" наклаў фільтар Lens Flare (з ангельскай – блік на лінзе), які паводле матэматычнаму альгарытму стварае эфэкт сонечнага бліку. Дзеля гэтага ён у праграме пазначыў крыніцу сьвятла, а праграма сама вылічыла месца, дзе павінна быць "пляма ад сьвятла". Наш кампутарны сонечны зайчык і "нла" зь сюжету супалі. З чаго можна зрабіць выснову: уфалягічная "сэнсацыя" – падробка і ўдалая містыфікацыя. Але ж у другім выпадку назіраньня "нла" наўмыснага жарту не было. Насамрэч, 9 сакавіка 2004 году шмат хто з магілёўцаў бачыў незвычайнае сьвячэньне ў небе. Сьведкам стаўся і аўтар гэтых радкоў. Падзея ўмомант абрасла "падрабязнасьцямі": аб’ект нібыта лётаў; нехта налічыў у ім колькі акенцаў і г.д. Насамрэч, з двух малюнкаў таго сайту падобны на бачанае мной – толькі першы, і ні ў якім разе другі. Прыкладна па вышэйапісанай схеме ўдалося даказаць, што "нла" ў небе зьявілася сьледам сыстэмы асьвятленьня будынку аблвыканкаму, які адлюстраваўся ў атмасфэры пры пэўных умовах надвор’я. На карысьць гэтага сьведчыць і форма будынку, колер і месца разьмяшчэньня ліхтароў. Але ж выкрыўшы гэтыя "сэнсацыі" мы не жадалі пазбавіць магілёўцаў веры ў цуды. Сапраўды, магілёўскі НЛА зрэдзьчасу зьяўляецца на небасхіле (натуральна, пры спрыяльных ўмовах надвор’я) і яго можна паказваць гасьцям нашага гораду. Неапазнаны Лятаючы Аблвыканкам – новая гарадзкая легенда. Зьміцер Мышкоўскі 28.05.2007
Абаронім свой сцяг
Пад час канцэрту магілёўскага рок-гурта "Тaварыш Маузер" ў мінулую нядзелю ў зале лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Ахоўнік паспрабаваў забраць сцяг у маладых людзей, якія разгарнулі яго на танцполе. Ён матываваў свой учынак тым, што ўжываць гэтую сімволіку забаронена. На абарону маладых людзей паўстала грамадская актывістка Крысціна Шацікава, якая прапанавала дзеля разбору спрэчнай сітуацыі выклікаць міліцыю і запытаць у іх, якую сімволіку можна выкарыстоўваць, а якую не. У ахоўніка не знайшлося жадання ўдзельнічаць у далейшай спрэчцы і ён вымушаны быў вярнуць сцяг. – Мы ўзняліся на балкон і вывесілі яго там. Так ён і правісеў на балконе да канца канцэрта, – паведаміла нам Крысціна Пасля яна паклала сцяг на плечы і прайшла з ім па ўсёй Ленінскай вуліцы. Сустракаўшыяся на яе шляху міліцыянты рабілі выгляд што незаўважаюць яе, а некаторыя проста адварочваліся. Вітольд Няўрыда 22.05.2007
"Баксёры" з КДБ патрэніраваліся на музыках
У нядзелю, 20 траўня, у цэнтры Магілёва на вуліцы Ленінскай былі збіты трое маладых людзей. Расказвае Станіслаў Кавалеўскі, рэдактар студэнцкага выдання "БУМ": –Я прагульваўся па цэнтральнай вуліцы горада і ўбачыў, як аднаго з маіх знаёмых збіваў невядомы чалавек. Трое хлопцаў з музычнага гурта "Zerotalerants" кінуліся яму на дапамогу, але былі прыпынены яшчэ двума асобамі, якія пачалі дубасіць ужо іх. Сярод "баксёраў" я пазнаў супрацоўнікаў КДБ, якія прыходзілі да мяне ва ўніверсітэт. Той першы, каго яны "апрацоўвалі", здолеў выслізнуць і ўцячы, а траіх музыкаў супрацоўнікі КДБ адвялі ў бліжэйшы пастарунак міліцыі на завулку Пажарным, адкуль хлопцаў неўзабаве адпусцілі. На іхнае пытанне: "Хто нас затрымаў і за што?" дзяжурны па пастарунку давёў: гэта былі нібыта супрацоўнікі міліцыі. А на якой падставе? У сувязі з тым, што вы, хлопцы, падазраяцеся ва ўчорашніх хваляваннях падчас футбольнага матча. Аднак пазней нам удалося высветліць, штонасамрэч малады чалавек хацеў сфатаграфаваць супрацоўнікаў КДБ, за што і пацярпеў. Ну а музыкам, атрымліваецца, дасталося за кампанію. Сілавікі на іх папросту трэніраваліся... Вітольд Няўрыда, 20.05.2007
Сымбалі перакуленай дзяржавы
На Дзень Перамогі праўладнікі зьняважылі дзяржаўны сьцяг Эстоніі, а на сьвята афіцыйных сымбаляў Беларусі – і свой, чырвона-зялёны ў Магілеве. "Герб і Сьцяг сталіся духоўнымі сьвятынямі, якія адлюстроўваюць традыцыі стагодзьдзяў і маральныя каштоўнасьці грамадзка-палітычнага ладу краіны", – запэўнівала тэлевізія ў адпаведным сюжэце. І пад гэтыя словы дэманстравала "карцінку" з магілёўцамі, што трымаюць маленькія дзяржаўныя сьцяжкі. Тут у машыны прапаганды здарыўся збой: колькі з тых пярэстых паперак былі прымацаваныя да дрэўкаў дагары нагамі. Калі гэты выпадак яшчэ можна сьпісаць на вытворчы брак альбо дробнае шкодніцтва ўдзельнікаў сьвяткаваньня, дык няправільна вывешаныя сьцягі на шэрагу дзяржаўных установаў Магілёву пераконваюць: насамрэч дзяржаўныя атрыбуты ў народзе ведаюць з рук вон дрэнна. Так, напрыклад, на будынку "Белсаюздруку" зялёная паласа на сьцягу апынулася зьверху. І ля брамы "Рэмбыттэхнікі" – адзін да аднаго. Або сьцяг на будынку вядомай у горадзе "чырвонай крамы": гэтым разам зялёная частка зьнізу, але арнамэнт – на супрацьлеглым ад дрэўка баку. Павесілі – абы боўтаўся. Чаму недарэчнасьці не былі заўважаныя і выпраўленыя? Гэта сьведчыць ня толькі пра дзяжурную абрадавасьць у дачыненьні да сымбаляў. Яшчэ – пра адсутнасьць духоўнай еднасьці са сьцягам як сьвятой нацыянальнай каштоўнасьцю. Нават сярод прыхільнікаў палітыкі ўлады. А што ад іх чакаць? Нагадаем аднаго з былых партыйных лідэраў Магілёўшчыны, а затым кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Івана Ціцянкова. Ён у траўні 1995 году даў "урок" абыходжаньня з сымбалямі – папросту разадраў на шматкі тагачасны бел-чырвона-белы дзяржаўны штандар. Замест адвечнага, з сапраўды глыбокімі нацыянальнымі традыцыямі сьцягу тады "залунаў" зялёна-чырвоны. На думку сёньняшняй магілёўскай тэлевізіі, менавіта ён адлюстроўвае "традыцыі стагодзьдзяў". Аднак сёньняшняе стаўленьне да постсавецкага сымбалю з боку самой жа ўлады сьведчыць: не, надуманы, часовы. Таму й няма ў людзей годнага стаўленьня да яго. Вось і пераварочваюць той сьцяг дагары нагамі. Невыпадковая, заўважу, сымбалічнасьць. Як перакулілі дзяржаву, дык і з сымбалямі здарылася тое самае. Зьміцер Мышкоўскі 14.05.2007
У цэнтры Магілёва расфарбавалі помнік Леніну
Cёння ноччу на пастаменце са скульптурай заснавальніка СССР з’явіўся лозунг "Жыве Беларусь!" Метровыя літары сцёрлі толькі пад раніцу. "Падмалявалі" і міліцыянера. Адказнасць за графіці ўзяло на сябе новаўтворанае грамадскае аб’яднанне "Незалежная аб’яднаная моладзь". Сваёй акцыяй яно хацела выказаць пратэст супраць сучаснага палітычнага курса краіны. Сёньня ж у мікрараёне Казіміраўка інспектар РАУС паспрабаваў затрымаць актывіста, які размалёўваў сцяну. Аднак хлопец пырснуў яму фарбай прама ў вочы і кінуўся ўцякаць. Праз пару секунд "падмаляваны" міліцыянт ачуняў, схапіў кінуты юнаком балончык і шпульнуў усьлед "злаўмысніку". Атрымалася гэта досыць лоўка: графіціст вярнуўся дамоў з разбітай галавой. Са слоў аднаго з лідэраў новаўтворанага аб’яднання, у бліжэйшы час пройдзе шэраг моладзевых акцый з мэтай высмеяць сучасны дзяржаўны лад і палітыку рэжыму. Вітольд Няўрыда 12.05.2007
Бізнэс на касьцях рускіх жаўнераў
Расія нэрвова рэагуе на знос помніка савецкаму салдату ў Таліне. Але ў свой час Крэмль прамаўчаў, калі на могілках маскоўскіх стральцоў у Магілёве пабудавалі аўтазапраўку. "Нацыяналістычнай правакацыяй" ахрысьцілі ідэолягі ад улады намер мясцовых гісторыкаў ушанаваць памяць маскоўскіх стральцоў, што былі забітыя тамтэйшымі падчас лютаўскага паўстаньня 1661 году. Усталяваньне крыжа на брацкай магіле, на думку афіцыйных асобаў, "будзе замінаць добрасуседзтву з брацкай Расеяй". Летась дэмакратычная грамадзкасьць без удзелу ўладаў адсьвяткавала 345-годзьдзе тых лёсавызначальных падзеяў. Менавіта пасьля вызваленьня гораду ад маскоўскай акупацыі Вялікім князем Янам Казімірам Магілёву быў дараваны герб, якім ён карыстаецца і па сёньня. Але ворагаў тады пахавалі па хрысьціянскай традыцыі. Натуральным было б і зьяўленьне крыжа на месцы, дзе ляжалі рускія жаўнеры (цяпер гэта плошча Арджанікідзе, але ў народзе невыпадкова зацьвердзілася назва Касьцярня). Такім чынам гісторыкі плянавалі прыцягнуць увагу грамадзтва да гісторыі і ўшанаваць памяць загінулых. Але замест крыжа на Касьцярні пабудавалі заправачную станцыю. Што да парэшткаў рускіх жаўнэраў, дык іх папросту скінулі экскаватарам у роў. Вось і атрымліваецца: да костак на плошчы Тынесмяге адно стаўленьне, а на магілёўскай Касьцярні – іншае. Чаму? Магілёўцы лічаць, што ўсё тут проста: палітычны бізнэс – справа надзвычай цынічная. Зьміцер Мышкоўскі 04.05.2007 |