Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members nexio Брэст Прыбужжа № 15, жнівень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыбужжа № 15, жнівень

У шпіёны вярбуюць студэнта-каліноўца

Раніцай 24 жніўня ў дзьверы кватэры бацькоў 20-гадовага пінчука Ігара Салаўя пастукалі два лейтэнанты міліцыі: зьбірайся, унізе чакае спэцаўтамашына.

Ігар папрасіў дазволу на тэлефонны званок. Зьвязаўся са старшынёй гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Аляксандарам Рамановічам. Той мае шэраг затрыманьняў, некалькі разоў быў асуджаны на так званыя суткі, мае досьвед юрыдычнай абароны асобы.

– Аляксандар мяне папярэдзіў, – кажа Ігар Салавей, – што міліцыянты мусяць уручыць позву. "Калі такой паперы няма, то гані іх прэч", – параіў Рамановіч.

Празь дзьве гадзіны тыя ж лейтэнанты зноў тапталіся ля парога і грукалі ў дзьверы. У іх была падпісаная начальнікам позва. Юнак рушыў за нязванымі гасьцямі, куды клікалі – нібыта ў 216 кабінэт ГАУС да маёра Нікалайчанкі. А вось што адбылося пазьней:

– Пасадзілі ў аўтамабіль, але адвезьлі не ў ГАУС, а ў будынак гарадзкога гатэлю "Прыпяць", у 304 пакой. Тут былі трое людзей ў цывільным. Пасьведчаньне супрацоўніка КДБ паказаў толькі адзін. Двое іншых нібыта ігнаравалі мяне, грэбавалі засьведчыць, хто яны і чаму застаюцца тут.

Дапытвалі так званым перакрыжаваным мэтадам: адзін задае пытаньні, другі перапыняе на паўслове, трэці дамагаецца, каб я паўтарыў ягоныя выдумкі. У асноўным іх цікавілі зьвесткі пра маю вучобу ва ўнівэрсытэце Польшчы.

– Ці маеш ты кантакты з польскімі спэцслужбамі? – На гэтую бязглузьдзіцу я ўсьміхаўся ды маўчаў. Кадэбісты перайшлі да пагрозаў. Яны ўзгадвалі пра "расстрэльны" артыкул за "здраду радзіме і шпіянаж". Я адмовіўся зь імі размаўляць, запатрабаваў юрыдычнага абаронцу.  У адзін голас прыгразілі, каб пра зьмест гутаркі нікуды не паведамляў. Нават патрабавалі расьпіску на гарантыю гэтага. "Калі язык дзе-небудзь разьвяжаш, то мы зробім зь цябе другога Міхайлава! Ні  ў Беларусі, ні ў Польшчы табе ня будзе жыцьця нармальнага", – сказаў нехта зь іх, калі я ўжо быў на парозе.

Пра сябе Ігар паведаміў, што ў польскім унівэрсытэце навучаецца па спэцыяльнасьці палітоляг-журналіст. У мінулую выбарчую кампанію ён працаваў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнта Аляксадара Мілінкевіча. У сакавіку 2006 году быў затрыманы і арыштаваны на 10 сутак за ўдзел у намётавым лягеры ў Менску.

Галіна Баравая

25.08.2007

Злачынцы прызямліліся ў Ганцавіцкім раёне

Пацярпела шэсьць сем’яў, якія зарабляюць на жыццё, збіраючы лясныя ягады. Гаспадары адлучыліся на не дазволены пакуль збор журавінаў, а ў іх скралі рэчы й грошы.

У аддаленай вёсцы Любашава злодзеі забралі 160 эўра, 20 даляраў ЗША і 800 тысяч беларускіх рублёў. У вёсцы Перадзел – 1 270 даляраў і 1 700 тысяч беларускіх рублёў.

Яшчэ прыклады. Пэнсіянэрка зь вёскі Лактышы Яўгенія Мышкавец ня можа зьбіраць ягады. Але і ў ейныя дзьверы пастукалі дзьве невядомыя жанчыны. Назваліся работнікамі сацыяльнай абароны насельніцтва. Прапанавалі абмяняць наяўныя грошы на расейскія рублі. Старой не было з кім параіцца. Пагадзілася на абмен. Урэшце, згубіла больш як адну тысячу даляраў. Па факту махлярства ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт.209 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Таксама ў жніўні такім жа чынам пацярпела 80-гадовая жыхарка Бярозаўскага раёну. Махляркі завалодалі сумай у 120 даляраў і 930 тысяч беларускіх рублёў. А ў Пружанскім раёне пацярпела 81-гадовая бабулька. Яе аблапошылі на 500 тысяч беларускіх рублёў і 590 эўра. У Камянецкім раёне пэнсіянэр аддаў на "абмен" 1 590 эўра.

На сьлед злодзеяў міліцыянты пакуль не напалі. Але перадусім абаронцы правапарадку вінавацяць палешукоў. Маўляў, зарана яшчэ пачалі нарыхтоўваць журавіны. Акрамя таго, нібыта пацярпелыя самі не паклапаціліся пра бясьпеку. Некаторыя зь іх проста накідваюць на дзьверы замок, не зачыняючы яго на ключ.

Гутару з жыхаркай вёскі Хатынічы Лідзіяй Хведарук. Жанчына кажа, што журавінны бізнэс – самы галоўны, бо самы прыбытковы.

– У калгасе мізэрныя заробкі. Таму летам зарабляем на чарніцах, а ў восень – на журавінах. Пакуль кошт на ягады ня вызначаны, але ніжэй, чым па 4 тысячы рублёў за кіляграм ня будзе. Самыя нецярплівыя ўжо сноўдаюцца сярод ягаднікаў, выбіраюць чырванаватую ўжо ягаду. Яна дасьпее на падворку.

Паводле распараджэньня Берасьцейскага аблвыканкаму, збор журавін у Ганцавіцкім раёне будзе дазволены ад 8 верасьня. Каб раней не нарвацца на штрафы ў пяць базавых велічыняў (больш як 150 тысяч рублёў), палешукі робяць у лесе хованкі. Днём зборшчыкі ссыпаюць журавіны ў мяшэчкі пад кустамі, а вывозяць – уначы на ровары. Асьцерагаюцца ехаць на легкавіку, каб не напароцца на засаду міліцыянтаў ДАІ.

У вёсцы Хатынічы больш як адна тысяча двароў. Ля паселішча – балота, якіх у Эўропе ўжо не засталося. Савецкая мэліярацыя ня ўбілася ў неруш, бо ад асушэньня тутэйшых балотаў пад’ёму сельскагаспадарчай вытворчасьці ў Ганцавіцкім раёне не чакалася. Праблема ў тым, што слой торфу тут мізэрны, а яго падсьцілае суцэльны пясок. Дарэчы, у Беларусі цяпер высыхаюць нават узятыя пад ахову дзяржавы прыродныя плянтацыі журавін. У прыватнасьці, "Бабінец" і "Чыркавіцкі" што на Гомельшчыне.

Было цікава пачуць, колькі зарабляюць палешукі на ацалелым балоце? Разважала над пытаньнем Галіна Яроменка:

– Мы едзем з раніцы і вяртаемся а 8-й гадзіне вечара. Хто хутка зьбірае, можа да 30 кіляграмаў прынесьці. Гэта на суму блізу 60 даляраў. Для ягадаў шыем трывалую торбу з вытканай на ручным станку тканіны. Самаробны заплечнік ня душыць ягаду, ён зручна агортвае сьпіну, не цісьне на косьці.

У Хатынічах на сёньня 980 двароў. Прыкладна чатыры тысячы насельнікаў. У мясцовым сельсавеце падлічылі, што жыхары нарыхтоўваюць больш як дзьве тысячы тон журавінаў. Багацейшай "залатой жылы" на Палесьсі больш няма.

Галіна Баравая

23.08.2007

Аляксандр Мілінкевіч: "Самаарганізацыя – вось шлях да перамогі"

Александр МилинкевичНезарэгістраваны рух "За Свабоду" за лета правёў каля 140 акцый. У планах: вучоба па розных напрамках, выпуск сваёй газэты і… перамога.

Інтэрв'ю з лідэрам руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам.  

– Руху адмоўлена ў рэгістрацыі. Як быць?

– Рух запатрабаваны часам. Сытуацыя такая, што калі раптам рэжым клякне, у нас не напрацавана людзкога рэсурсу, каб пераняць кіраваньне. Таму будзем вучыцца. Зразумела, пры зьмене ўлады, якая насьпявае, запатрабаванымі будуць многія прафэсіяналы зь цяперашняга адміністратыўнага апарату. Але трэба вучыцца і самім.

За лета мы правялі каля 140 акцый. Надалей газэта патрэбная, свой Інтэрнэт будзем разьвіваць таксама.

– На травеньскім Кангрэсе дэмсілаў у праекце праграмы Руху салідарнасьць была на першым месцы. У накідзе стратэгіі, які абмяркоўваецца тут, найперш размова пра моцны ціск на ўладу. Як з салідарнасьцю?

– Ціск на ўладу неабходны, бо беспакаранасьць прыводзіць да большых рэпрэсіяў. Цяпер мы папярэджваем чыноўнікаў асабіста, каб  яны адчувалі адказнасьць.Вядзецца збор банку дадзеных па асабліва "старанных". А салідарнасьць – яна мусіць ісьці паралельна. Гэта велічыня парытэтная.

– Як ставіцеся да захадаў  Дзярждэпартамэнту ЗША  па абмежаваньні  выдачы візаў чыноўнікам пэўнага ўзроўню?

– Безумоўна,  трэба падыходзіць індывідуальна. Не нарабіць памылак.

– Ведаю, вас затрымлівалі ў Гарадзенскай вобласьці. "Расфарбоўвалі" аўто. Як цяпер?

– Аблілі аўтамабіль два разы кіслатой. Але мяне запалохаць ня ўдасца. Значыць, правільна раблю, раз такая рэакцыя.

– Ці прырастаюць шэрагі? Пракамэнтуйце забарону кіроўнаму зьвяну АГП і ПБНФ быць чальцамі Руху "За свабоду".

– Мы спрабавалі рабіць фіксаваны запіс па абласьцях, спрабуем таксама рэгістраваць людзей і больш "мякка", як сымпатызантаў Руху, якія могуць аказваць дапамогу ў нашай дзейнасьці пэўнымі рэсурсамі. Рух гэта не партыя, ён ня зьвязвае людзей настолькі, каб ім трэба было выходзіць з партыяў. Жорсткая пазыцыя апошніх – гэта найперш праблема асабовая, праблема кіраўніцтва гэтых структураў.

– Ваша стаўленьне да "Сацыяльнага маршу" і пераносу даты яго правядзеньня?

– Я ня быў пры абмеркаваньні гэтай ідэі, ня ведаю. Важна, каб "Сацыяльны марш" раптам не перасёкся з "Эўрапейскім". Па-другое, каб яго ініцыятары дайшлі да простых людзей, змаглі вывесьці іх на вуліцы. А то было ўжо ў нас – зладзілі Марш пустых  рондаляў, дык на яго выйшлі дамы ў норкавых манто.

Найперш трэба змагацца за свае правы. Самаарганізацыя – вось шлях да перамогі. Незалежныя прафсаюзы. Ім альтэрнатывы няма.

– СМІ паведамілі: берасьцейскія будаўнікі паедуць у Вэнесуэлу будаваць таннае жыльлё. Ваш камэнтар?

– Няхай людзі едуць туды, дзе ім лепш можна зарабіць, калі ўжо на радзіме не атрымліваецца. Наагул я ведаю, што ўсё больш людзей працуюць за межамі Беларусі. Але яны вернуцца. Так і ў Польшчы цяпер. Дэфіцыт вадзіцеляў тралейбусаў, тых самых будаўнікоў. Проста за мяжой, скажам, у сталых краінах Эўразьвязу пакуль лепш плацяць. А ў Польшчы працуюць замест палякаў грамадзяне зь іншых, у тым ліку з СНД, зь Беларусі. Падымецца аплата – і яны вернуцца. Дом гэта дом.

– Восень будзе няпростая. Які настрой?За Милинкевича

– Выдатны. Перамога – гэта працэс. Патрэбныя найперш перамены ў сьвядомасьці людзей. Яны могуць адбыцца і бяз нас. Але лепш працаваць на гэтыя перамены. Яны прыйдуць. Тут я абсалютны аптыміст.

Пятро Васілеўскі  

15.08.2007

Дык дзеля чаго забараняюць памежны гандаль?

Уступіла ў сілу забарона на ўвоз мяса ў багажы і ручной покладзі з усіх краінаў сьвету.

У Берасьці, паводле розных крыніцаў, ад 1\5 да 1\4 жыхароў гораду завязана на памежны гандаль.

– Так, нельга ўвозіць ні кіляграма, – кажа спадарыня Раіса.

Раней  яна працавала на вялікім прадпрымстве і была звольненая па скарачэньні штату.

– У ліпені  падрэзалі нас, зачыніўшы duty free, цяпер зьнішчылі зусім.

На памежным аўтамабільным пераходзе "Брэст" мытнікі ня маюць інфармацыі пра забарону.

– Ня нашае пытаньне, – кажа дзяжурны зь лічбамі 053 на бэджы. Ён згаджаецца паклікаць ветурача дзеля кароткага інтэрвію, але той адмаўляецца. Спасылаецца на занятасьць.

Спадар Кавальчук, галоўны ветурач памежнай службы, інфармуе па тэлефоне:

– Аб’явы вывесілі яшчэ ў чацьвер. За 11-га жніўня на пераходзе "Брэст" завярнулі шэсьць аўтамабіляў зь мясам, за 12-га чатыры, за сёньня ніводнай, здаецца.

Забарона на ўвоз матываваная небясьпекай разносу яшчуру, сьвіной чумы ды іншых пошасьцяў. Але яна не закранае камэрцыйны ўвоз.

– Проста гэтыя людзі складалі канкурэнцыю дзяржаве, – камэнтуе неафіцыйная крыніца зь "Інкафуд", вядучага прадпрыемства па мясаперапрацоўцы Свабоднай эканамічнай зоны "Брэст". – Нам яны ня шкодзілі – несувымерны маштаб.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі ад камэнтароў адмовіліся.

Яўген Александровіч

14.08.2007

Жнівень – месяц расстрэльны

Возложили цветы70 гадоў таму сталінскія "тройкі" пачалі штампававаць  масавыя прысуды на сьмерць. Тысячамі "палітычных" зьнішчалі амаль год.

Рыкашэтам з даўніны кулі сталіністаў трапляюць у сваіх ахвяраў і сёньня.  Адна зь іх – Ядзьвіга Ліхадзіеўская, па мужу Дронава.

Сям'я

Спадарыня Ядзьвіга жыве ў Доме вэтэранаў. Мае 82 гады,  у яе дзьве замужнія дачкі і многа ўнукаў. Малодшая Вера жыве тут, у Берасьці, старэйшая ў Санкт-Пецярбургу. Зьняволеная Ліхадзіеўская была цяжарная ёю на Калыме.

– Нічога добрага не ўзгадаю,– кажа Ядзьвіга Аляксандраўна. – Бацьку свайго бачыла якія паўгады пасьля вайны, як вярнуўся  зь лягеру. Не пасьпела толкам распытацца, як сябе трымаць, бо пачалі мяне цягаць за Саюз беларускай моладзі. Дык я ж казала як было, а мне такога панапрыпісвалі і – дзесяць гадоў лягераў! Страшная краіна, страшныя людзі. Адвечнае змаганьне за нейкія мізэрныя грошы абы паесьці хапіла і гвалт, гвалт, гвалт. Немцы, каторым мусіла ў рэстарацыі ў Бэрліне яду падаваць, і тыя былі чалавечнейшыя. Хоць есьці садзілі побач з сабой. А гэтыя "землякі" жыўцом у зямлю заганялі ні за што.

Спадарыня Ядзьвіга на хвілю занурваецца ў невясёлыя ўспаміны, потым заканчвае:

– Не было ў жыцьці шчасьця. Адно вось мой Міколушка…

Муж

Свайго Нічыпара Васільевіча яна прызвычаілася зваць на беларускі лад Міколам. Нічыпар Дронаў меў прысуд 25 гадоў лягераў. Франтавік, з пакалечанай на вайне нагой. Сказаў неяк у адным коле, што і Сталін чалавек, у прыбіральню, як усе, ходзіць. Дабрахоты данесьлі куды трэба. Судзьдзяў назваў сталінскімі шасьцёркамі, і мець бы яму вышэйшую меру, каб не адмянілі якраз гэтую меру пакараньня.

У лягеры паклалі адзін на аднаго вока. Там і пабраліся. Пасьля амністыі ў 1960 прыехалі ў Берасьце. Тут нарадзілася малодшанькая. Пабудавалі каапэратыўную кватэру (у ёй цяпер яна і жыве зь сямьёй). У 1992 годзе Нічыпар Васільевіч дачакаўся рэабілітацыі. А вось Ядзьвіга Аляксандраўна – не.

Сучасныя сталіністы

"Вашая скарга не падлягае задавальненьню паводле наступных падставаў.

Па сутнасьці справы ўстаноўлена, што Вы, пражываючы на часова акупаванай тэрыторыі, у верасьні 1943 году бурмістрам райуправы  былі пасланыя ў Менск на 3-месячныя курсы контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі "Саюзу Беларускай Моладзі".

Напрыканцы красавіка 1944 года сярод чальцоў СБМ вялі падрыхтоўку фашысцкай дэманстрацыі, ладзілі развучваньне антысавецкіх нацыяналістычных песень. У красавіку 1944 году вы ўступілі ў фашыстоўскую арганізацыю "Саюз барацьбы супраць бальшэвізму". У Бэрліне уступілі ў "Беларускую краёвую абарону"…

Далей рэзалюцыя "адмовіць",  подпіс і дата – 27 травеня 1995 году.

– Куды, выходзіць я толькі ні ўступала, – кажа спадарыня Ядзьвіга. – А песьні тыя – калі потым зьявіліся "Песьняры"  – акурат яны ўсе іх пачалі наноў сьпяваць. Потым, я з Бэрліна, куды нас вывезьлі працаваць, магла б і не вяртацца ў сваю Цагельню пад Пухавічы. На Захадзе магла застацца, у Польшчу паехаць – там родзічы былі ў Варшаве, бацькаў брат. Калі ўжо бацьку судзілі як польскага шпіёна… І наагул, гэта яны драпака далі, пакінулі нас тут пад немцамі і выжывай як хочаш. Нелюдзі... А я ж маладая была, сьледчы мне сказаў, што мне лепш будзе падпісаць, дык я ўсё і падпісала. І бацька не пасьпеў падвучыць, як сябе зь імі паставіць.

Ахвяры ў другім калене

Аляксандр Ліхадзіеўскі быў заможны гаспадар. Раскулачылі, прыдумалі справу, саслалі ў Сібір, майно вымусілі аддаць у калгас. Пасьля вайны вярнуўся зь лягеру на радзіму, купіў палову хаты на сваёй зямлі, але пражыў мала: падарваў здароўе. А ў лягерох яго замяніла дачка.

Васіль Дронаў, бацька мужа, быў сьвятаром у расейскай глыбінцы. Саслалі на Салаўкі, там расстралялі. Сям'ю выселілі ў сьвет. Малодшыя двое зь сямёх дзяцей адразу памерлі, неўзабаве ўсьлед за імі пайшла маці. Пяцёра маленькіх Дронавых выжывалі, як маглі. Такое  вось вытрываньне сфармавала Міколушку.

Што далей

Міколушка ўжо тры гады як спачывае на кладах. Быў чалавек унутрана вольны, хацеў у тэстамэнце запавесьці каб крэміравалі, а прах разьвеялі над любай зямлёй. Але родзічы адгаварылі. Справілі помнік. Ёсьць там і вянок ад мясцовых дэмакратаў, прынамсі ад БНФ. У яго быў білет ганаровага сябра №1.

Спадарыня Ядзьвіга  блытае БНФ з СБМ. Іншым разам наўмысна, нібы хоча падкрэсьліць тое, што гэта аднолькавыя арганізацыі, толькі разьнесеныя ў часе.  Яна інтуітыўна вызначае, хто за справядлівасьць. Ненавідзіць хлусаў. Нават суседку, якая выпісвае "Народную волю", недалюблівае. Кажа, пару разоў злавіла на хлусьні.

З гэтай сама прычыны ненавідзіць беларускае тэлебачаньне.  

– Гэта ж калгас, – кажа яна. – Абрабавалі майго бацьку і пакінулі ні з чым, у мяне забралі гады ў лягерох і нават не павініліся, не сплацілі за працу…

Была б не адна, была б маладзейшая, і каб жывы быў Міколушка – зьехала б адсюль, – кажа старэнькая. – Забралі ўсё жыцьцё. На Калыме бачыла нашых з СБМ – Валю Шыла, Лілю Гараніну. А потым, у 1990, былі па радыё аб'явілі, што прыехалі з-за мяжы кіраўнікі нашы – і Валодзя Гарэлік нібыта быў. Сустрэцца яны хацелі. Дык перадалі, што, маўляў, забаранілі сустрэчу. То гатовая была проста шыльдачку намаляваць і паехаць, пайсьці на вакзал, можа пабачыліся б…

Здароўя няма, слабею, – жаліцца яна. – І зрок слабне, і чую зусім дрэнна. Але працаваць не адвыкла. Учора вось папрацавала на лецішчы, потым прытулілася моцна-моцна да бярозы, пагаварыла зь ёю… І стала лягчэй, і ператрывала тую працу. Але сёньня дачцы дала адбой. Чую, што магу ўпасьці там на градох. Так што нікуды не паеду, адно да Міколушкі...

Пятро Васілеўскі

13.08.2007

"Бярэм усіх! " Але хіба гэта ПТВ?

У берасьцейскіх ВНУ падводзяць вынікі прыёму дакументаў. Адны лічаць конкурс звычайным, іншыя хапаюцца за галаву. І да ўсяго ёсьць прычыны.

Конкурс ва ўнівэрсытэт імя Пушкіна, з улікам платных месцаў, не перавышае 1,4 чалавека на месца – сьціпла. Кажучы строга, ён існуе толькі на бюджэтныя месцы, рэшта атрымае права вучыцца на платных высновах. На некаторыя спэцыяльнасьці, прыкладам, "гісторыя\замежная мова" і "матэматыка\інфарматыка" конкурсу няма нават на так званае бясплатнае навучаньне. На першую спэцыяльнасьць пры 8 месцах падалі дакументы 9 асобаў, на другую пры 41 – 56. "Бярэм усіх! " – хіба гэта не нагадвае ПТВ?

Хітрыкі з конкурсамі

Найбольшая цікавасьць у абітурыентаў да фізычнага выхаваньня (2,6 на месца) і юрыспрудэнцыі (2,4 пры 10 бюджэтных і 65 (!) платных месцах).

З платнымі юрыстамі зразумела. Іх наштампавалі тут ужо так шмат, што на адно вакантнае працоўнае месца прыходзіць некалькі дзясяткаў рэзюмэ. Але людзі мяркуюць: такі дыплём ня лішні ў кішэні і плацяць за адукацыйную паслугу. Універсытэт жа яе аказвае.

Цікавей са спартоўцамі: "Пайду на спортфак, падкачаюся за пяць гадоў, а потым у міліцыю", – кажа гаваркі рыжы Валера, выпускнік школы з эстэтычна-мастацкім ухілам. Выпускнікі спортфаку, дарэчы, працуюць масажыстамі, у ахове, мытнікамі ды на іншых грашовых работах.

Страціў пазыцыі тутэйшы факультэт замежных моваў. Набіраюць нямала – блізу 10 груп па 12 чалавек, у асноўным змешаных (бясплатна-платных). Конкурс у сярэднім складае 1,3 чалавека на месца. Год таму, дарэчы, факультэт не прайшоў атэстацыю.

Зусім заняпаў філфак. Бюджэтную групу на спэцыяльнасьць "беларуская мова" яшчэ так-сяк набяруць, а платных каб хоць адна выйшла – людзі адчуваюць нелюбоў уладаў да матчынага слова.

Моцна пацярпела паляністыка. Сёлетнім выпускнікам спэцыялізацыю "польская мова" нават не хацелі пісаць у дыплём – унесьлі толькі пад націскам бацькоў ды абзальвэнтаў. Дык і набор на паляністыку ляснуўся – на 6 бюджэтных і 18 платных месцаў аж 12 заяў! Калі ўлічыць, што нядаўна закрылі ўкраіністыку, дык можна сказаць: рэктар Часноўскі аддаліў дэкляраваную ім мэту зрабіць эўрапейскі ўніверсітэт.

А вось маладзюсенькі сакратар прыёмнай камісіі спадар Марзан поўны аптымізму: з конкурсам усё ў парадку, некалькі чалавек на месца, як і летась.

Маецца на ўвазе: нас турбуюць толькі бюджэтныя месцы, бо ўсе заяўнікі хочуць навучацца бясплатна. Але гэта хітрамудрасьць: вучыцца будуць амаль усе, і дыплёмы будуць аднолькава сінія. Ва ўніверсітэце імя Сахарава ў Менску дык вось не хітруюць – конкурс падаюць агульны.

У тэхнічным унівэрсітэце справы нібыта ідуць лепш, бо конкурс вышэй. Але затое тут сярэдні бал абітурыентаў надзвычай нізкі.

Найбольш прывабіла абітуру меліярацыя і водная гаспадарка – 2,4 чалавека на месца. У крызісе машынабудаваньне – вакол аднаго чалавека на месца па некалькіх роднасных спэцыяльнасьцях. Толькі на платніках трымаюцца факультэт электронна-інфармацыйных схем (1,3) і эканамічны факультэт (у сярэднім 1,2 на месца). У гэтых апошніх тая ж сітуацыя, што і зь юрыстамі ў БДУ: кліент плаціць, а ўстанова аказвае паслугу. Той жа прынцып ПТВ: бярэм усіх!

Малады Баранавіцкі ўнівэрсытэт дык і наагул вывесіў у інтэрнэце 28 ліпеня абвестку – 15 вакантных месцаў бясплатнага навучаньня англійскай мове зь яшчэ нейкім даважкам. Толькі пасьпейце за дзень прынесьці дакументы! Чым не ПТВ?

Пасьля таго не зьдзіўляесься, што конкурс у БарСУ ну ніяк не вышэй за берасьцейскія ВНУ. Толькі па юрыспрудэнцыі лічбы прыёму гэта люстэркавы адбітак БДУ: 10\65 бяз платы\плата і 163 заявы (супраць 180 у Берасьці). Нечакана высокі тут конкурс на спэцыяльнасьць "Дашкольная адукацыя. Практычная псіхалогія" – 3,1 на месца (159 заяў на 23 бюджэтных і 27 платных месцаў). У прыёмнай камісіі тлумачыць такую вялікую зацікаўленасьць адмовіліся, а SOS з англійскай мовай патлумачылі: маўляў, спэцыяльнасьць забыліся выставіць на сайт. Тлумачэньне няслушнае: ў неэлектронным выглядзе яна ж існавала.

У Пінскага Палесскага ўнівэрсытэта адключыўся сайт, не адказваюць і афіцыйныя тэлефоны.

Прыватных ВНУ ў Берасьці ўжо пару гадоў як няма. Такое ўражаньне, што іх выціснула дзяржава-манапаліст, піша мясцовы "Брестский куръер". Адукацыя ў колішніх прыватных вышэйшых установах адукацыі была ня надта каб вельмі, але і манаполія гэта відавочны тупік.

Па краіне лепш справы з наборам ідуць толькі ў мэдычных ВНУ і на асобных спэцыяльнасьцях сталічных ВНУ. Конкурсы там з улікам платных месцаў ад 2 да 5, без уліку дык і да 14 чалавек на месца.

Залатая сярэдзіна

Яшчэ больш падкрэсьлівае сыстэмны крызіс вышэйшай адукацыі сёлетні набор у сярэднія спэцыяльныя ўстановы. Рысу тут падвядуць 13 жніўня, гэта значыць, будзе яшчэ  валя тых, хто не захоча вучыцца за плату ў ВНУ. Але ўжо на сёньня набор практычна забясьпечаны.

Адзіная прыватная ССУ Берасьця – тэхнікум бізнэсу і права – сёлета зноў набірае ўсе пазыцыі. У каледжы чыгуначнага транспарту ўжо ўсюды больш за адну заяву на месца, а на 25 платных месцаў спэцыяльнасьці "дарожныя машыны" 49! Політэхнічны каледж мае конкурс на асноўныя спэцыяльнасьці. Лілія Андрэеўна Удовікава, адказны сакратар, занепакоеная толькі ўзроўнем набору на спэцыяльнасьці з атрыманьнем сярэдняй базавай адукацыі. "Слабы ідзе школьнік, – кажа яна, – калі на тэсьце 40 балаў, дык гэта трыюмф нейкі. Нам можна браць і з 15, але потым даводзіцца іх мала не за вушы цягнуць да 75 – столькі патрабуюць на ўнутраных кантрольных зрэзах".

Меркаваньні экспэртаў

Нядаўна загадчык катэдры культуралёгіі БрТУ Г.Грыбаў сказаў, што 90 адсоткаў завочнікаў унівэрсытэту можна зь лёгкім сэрцам выключаць. Ягоны калега, галоўны культуроляг БДУ імя Пушкіна Ул. Люкевіч кажа пра ўпадак гуманітарнай адукацыі, недафінансаваньне, невядомы лёс грошай ад платнікаў. "Абітурыенты едуць у другія краіны, – разважае спадар Люкевіч. – Мая дачка ў Польшчы мусіла вытрымаць конкурс 10 чалавек на месца на замежныя мовы. У нас дыплём ня мае прэстыжу, непрэстыжная, паміма шэрых варыянтаў, нават праца выкладчыка ВНУ. Таму і сьмешныя конкурсы".

Алена Хаміцкая, супрацоўніца аддзелу спрыяньня занятасьці Брэсцкага аблвыканкаму, прадставіла інфармацыю за тры гады па зваротах выпускнікоў ВНУ вобласьці ў Цэнтры занятасьці насельніцтва. Сытуацыя амаль без дынамікі: каля ста атрымальнікаў дыплёмаў штогод зьвяртаецца па дапамогу ў працаўладкаваньні. Сярод іх нават так званыя "бюджэтнікі". На жаль, цэнтр не адсочвае схаванага беспрацоўя.

Платнае навучаньне, безумоўна, адно і трымае тутэйшыя, ды і ўсе беларускія ВНУ, на плыву. І нездарма плацяць за навучаньне ў ВНУ ўжо да 60 адсоткаў студэнтаў. Шмат за што раскашэльваюцца і так званыя "бюджэтнікі". Гэта ні што іншае, як перакладваньне дзяржавай фінансавага бярэмя адукацыі на плечы народу.

Калі бяруцца вырабіць зь цябе за твае грошы юрыста альбо эканаміста – гэта яшчэ нармальна. Прафесіі нялішнія і няшкодныя, запатрабаваныя на рынку. Але калі прымаюць найслабых і за плату робяць зь іх настаўнікаў альбо ня дай бог урачоў – гэта ўжо нават не цынізм, а злачынная нядбайнасьць. Дык ці не было б больш сумленна з боку дзяржавы забясьпечыць паступовы пераход да ўсеагульнай платнай вышэйшай адукацыі, але – увага! – з вывадам заробкаў тых жа атрымальнікаў дыплёмаў на якасна лепшы ўзровень?

А інакш тое, што цяпер дзеецца ў Берасьці: набралі – і не баліць галава, што набіралі ж не ў ПТВ, а ў ВНУ.

Пятро Васілеўскі

02.08.2007

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: