№ 8, жнівень
|
Пачынаецца рэгістрацыя кандыдатаў
Яна пагражае пакінуць парлямэнцкія выбары з найменшай канкурэнцыяй. На гэтым тыдні акруговыя камісіі зацьвердзяць кандыдатаў у дэпутаты. Напярэдадні сакратар ЦВК Мікалай Лазавік удакладніў: – Рэальная рэгістрацыя пачнецца 26-27 жніўня. У нас агульная такая ўстаноўка – каб ніхто не крыўдзіўся, і ўсе маглі пачаць агітацыю ў акрузе ў адзін дзень. Таму акруговая камісія правярае ўсіх прэтэндэнтаў і ў адзін дзень праводзіць рэгістрацыю ў акрузе. Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) Анатоль Лябедзька заявіў, што рашэньне аб далейшым удзеле альбо няўдзеле прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчай кампаніі будзе прынятае 31-га жніўня. Тым самымпалітык папярэдзіў уладу, што нельга махляваць на этапе рэгістрацыі. Паводле інфармацыі ЦВК, дакумэнты на рэгістрацыю ва ўсіх 110 акругах здалі толькі 365 прэтэндэнтаў. На папярэдніх выбарах гэтага ўзроўню ахвотных стаць дэпутатамі на той час было амаль удвая больш – 692. Калі ж вылучэнцы апазыцыі вырашаць зьняцца з выбараў, дык сярэдні конкурс на адно дэпутацкае месца ледзьве перавысіць двух прэтэндэнтаў. Відавочна, небясьпеку праваліць выбары адчувае і ЦВК. Яе старшыня Лідзія Ярмошына ў інтэрвію журналістам дзяржаўным СМІ паскардзілася, што нізкая актыўнасьць пры вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты здольная "нэгатыўна паўплываць на ўдзел выбарцаў у працэсе галасаваньня". Нагадаю, у Беларусі на сёньня 6 акругаў, дзе на рэгістрацыю ў якасьці кандыдата ў дэпутаты здалі дакумэнты толькі па адным чалавеку. Яшчэ больш як ў 10-ці наўпростая альтэрнатыва – прэтэндэнт ад ўлады і вылучэнец апазыцыі. Да прыкладу, менавіта такі расклад сіл у Слуцкай выбарчай акрузе №74. Канкурэнтамі тут: Анатоль Юрэвіч, сябра БСДП (Грамада) і першы сакратар Слуцкага райкама БРСМ Інэса Кляшчук. Анатоль Юрэвіч – былы прадпрымальнік, мае дзьве вышэйшыя адукацыі. Як лічыць наглядальнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Слуцкім рэгіёне Віталь Амяльковіч, шанцы быць зарэгістраваным ў Анатоля Юрэвіча высокія: – Ён вядомы ў рэгіёне чалавек. Грамадзкі актывіст. У адрозьненьне ад Інэсы Кляшчук мае шматгадовы досьвед гаспадарчай працы і прадпрымальніцкай дзейнасьці. Рыхтуе актуальную для жыхароў Слуцкага рэгіёну праграму стваральнай працы. На тое, што Анатоля Юрэвіча наўрад ці ўдасца не зарэгістраваць, сьведчаць правалы папярэдняга ўціску. Слуцкія ўлады пралічыліся, калі спрабавалі выкінуць Анатоля Юрэвіча з выбарчага маратону яшчэ ў час збору подпісаў. Мясцовыя чыноўнікі адлучылі ад працы сябраў ініцыятыўнай групы – працаўніцу СПК у вёсцы Серагі Леакадзію Басалыга, настаўніка Замосцкай школы Віктара Клемянтовіча, супрацоўніка раённага музэя Васіля Цішкевіча. Пры наведваньні слуцкага прадпрыемства "Гарпалівазбыт", племптушказавода, мясакамбіната і іншых намесьнік старшыні Слуцкага райвыканкаму па ідэалягічнай працы Пётр Даўгучыц у адкрытую заклікаў тамтэйшых працаўнікоў не падтрымліваць вылучэнца ад апазыцыі. У кватэры Анатоля Юрэвіча міліцыянты справакавалі вобшук. Нягледзячы на відавочныя перашкоды, Анатоль Юрэвіч сабраў ў сваю падтрымку больш як паўтары тысячы подпісаў. Рэгістрацыя ў Слуцку – 27 жніўня. Галіна Баравая 26.08.2008
Лукашэнка – у Сочы, палітвязьні – на волі
Пакуль "бацька" парыўся пад субтрапічным сонейкам, двое ягоных праціўнікаў тэрмінова пакінулі цямніцу. Сытуацыю камэнтуюць беларускія палітолягі. Аляксандр Лукашэнка яшчэ да суботы застаецца ў паўднёвым Сочы. Але ж не забыўся падчас падчас пляжнага валейболу пра закінутых у цямніцы. Учора тэрмінова выкінулі за сьцены турмаў яшчэ двух палітвязьняў, нібыта апошніх. Сяргей Парсюкевіч адбываў пакараньне ў Менскай калёніі №1, Андрэй Кім – у Бабруйскай калёніі. Андрэй Кім быў пакараны 1,5 гадамі зьняволеньня за нібыта пагрозу міліцыянту падчас мітынгу прадпрымальнікаў у студзені. Сяргея Парсюкевіча асудзілі на 2,5 году таксама пасьля мітынгу: маўляў, зьбіў міліцыянта, хоць Парсюкевіч заяўляў, што насамрэч зьбілі яго. Пра сваю невінаватасьць ізноў даводзіў Сяргей Парсюкевіч на імправізаванай прэсавай канфэрэнцыі ў двары дому ля Батанічнага саду, дзе месьціцца офіс руху "За Свабоду": – Я буду дамагацца рэабілітацыі! Ён таксама паведаміў, што раней быў міліцыянтам, пасьля – прадпрымальнікам. Бог, як кажуць, надзяліў добрымі мазгамі і мускулатурай. – Да мяне ў турме ставіліся паважна. Скажу так, лічыўся аўтарытэтам. Калі мяне прывезьлі для адбыцьця пакараньня ў Шклоўскую калёнію, вязьні ўжо ведалі, што я апазыцыянэр, наладзілі добры прыём. Тым часам многія беларускія палітыкі камэнтуюць датэрміновае вызваленьне палітвязьняў, тлумачаць прычыны. У прыватнасьці, былы палітвязень Мікола Статкевіч лічыць, што Лукашэнка прайграў у Сочы перамовы прэзыдэнту Расеі Мядзьведзеву, ня здолеў дамовіцца пра большыя аб’ёмы і ніжэйшыя кошты на прыродны газ. У адказ – лісьлівасьць да Эўропы, задавальненьне патрабаваньня вызваліць усіх палітвязьняў. – Але гэта ні на крок не наблізіць сытуацыю ў Беларусі да дэмакратычнай, – пераконвае Мікола Статкевіч. – Відавочны прыклад – выбарчы працэс. Цяпер усё зводзіцца да сумленных выбараў, каб лічылі галасы. Але лічыць галасы ў нас ня будуць. Гэта ўжо відавочна. Выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў сфармаваныя. У ключавых — участковых — апазыцыя фактычна не прадстаўленая. І, такім чынам, машыну фальсыфікацыяў ламаць ніхто не зьбіраецца. Былы палітвязень Павал Севярынец: – Хлопцы – сапраўдныя героі, малайцы, вытрымалі. Але пра рэальнае паляпшэньне сытуацыі казаць не даводзіцца. Лукашэнка наладжвае гульню з Захадам. А ўнутры краіны ён будзе ціснуць на апазыцыю па-ранейшаму. Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі: – Беларусь пры Лукашэнку топчыцца на месцы: крок наперад, паўтара назад. Цяпер ён выкарыстоўвае факт вызваленьня палітвязьняў як прадмет гандлю і на захадзе, і на ўсходзе. Але тым самым ён дэманструе адначасова і сваю слабасьць. Лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч: – Лукашэнка мусіць саступаць пад ціскам зьнешніх і ўнутраных абставінаў. Ніводзін з палітвязьняў ня быў прызнаны невінаватым. Таму ня трэба тут цешыць сябе непатрэбнымі ілюзіямі. Лукашэнка цяпер нацэлены на тое, каб легітымізаваць сваю ўладу. Крокі ўмоўнай лібэралізацыі ён і робіць. Іншыя экспэрты нагадваюць, што раней ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі. Грашовыя страты з-за гэтага маюць прадпрыемствы, арыентаваныя на экспарт. Бюджэт недаатрымлівае дзесяткі мільёнаў даляраў. – Менавіта санкцыі ЗША, спыненьне якіх дакладна прывязана да вызваленьня ўсіх палітвязьняў, змушаюць беларускую ўладу прыняць такое рашэньне, – лічыць адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Андрэй Саньнікаў. Акрамя таго, пераконвае палітык, посьпех мае і цьвёрдая пазыцыя дэмакратычных сілаў Беларусі, а таксама міжнародная салідарнасьць. З турмаў раней былі вызваленыя Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінкевіч, Андрэй Клімаў, Юры Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч, Аляксандр Казулін. Галіна Баравая 21.08.2008 |