Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members prynyamonne Гродна Прынямонне № 1, красавік
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прынямонне № 1, красавік

Незалежны прафсаюз на ААТ "Гродна Азот" пакуль захаваўся

Праз тыдзень, на Дзень працы, арганізацыя зьбярэцца на маёўку і абмяркуе, як жыць надалей.

Кіраўнік заводзкай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, будаўнікоў, транспартнікаў ды іншых работнікаў Сяргей Антусевіч адказаў на пытаньні нашага карэспандэнта.

Дыялёг блякіруе адміністрацыя

– Напачатку году кіраўніцтва "Азоту" пачало актыўны ціск на сябраў вашага прафсаюзу. Ці ўдалося наладзіць дыялёг з адміністрацыяй?

– Мы за нармальныя стасункі, было некалькі сустрэчаў з кіраўніцтвам прадпрыемства.  На жаль, яно фактычна ігнаруе патрабаваньні заканадаўства, усяляк імкнецца ігнараваць БНП. На сёньня у нас засталося каля 300 чалавек, а было пры канцы мінулага году 850. Як будуць разьвівацца далейшыя падзеі, прадказаць цяжка. Для мяне зразумела: мірыцца з тым, што на прадпрыемстве існуюць два прафсаюзы, яны не зьбіраюцца.

У аўторак намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалёгіі Лапковіч на апэратыўнай нарадзе паведаміў пра "дасягненьні ідэалягічнай працы" за першы квартал году. Ён адзначыў, што афіцыйны прафсаюз вырас на 347 чалавек. Натуральна, гэтыя людзі не прыйшлі з вуліцы: сярод іх ёсьць тыя, хто ня быў раней увогуле ў прафсаюзе (а такіх на заводзе больш за тысячу), і людзі, якія былі вымушаны перайсьці з нашага прафсаюзу ў іхні. Дзе цяпер прыблізна 5800 чалавек.

– І нават такія "посьпехі" не задавальняюць?

– Два тыдні два таму гендырэктар Радзевіч наогул сказаў, што для яго незразумелы статус арганізацыі, якая ня мае ў сваіх шэрагах дзесяць адсоткаў ад усіх працаўнікоў прадпрыемства (між тым да адміністрацыйнай "прафіляктыкі" мы аб’ядноўвалі нават больш за дзесяць працэнтаў "азотаўцаў"). А таму, маўляў, згодна дэкрэту N2 мы ня можам дзейнічаць. Аднак гэта няпраўда. Дарэчы, такім жа шляхам спрабавалі раней зьнішчаць арганізацыі Свабоднага прафсаюзу. У Незалежным мы першыя сутыкнуліся з падобнай трактоўкай другога дэкрэта.

Як жыць далей?

– Яшчэ раней міністэрства юстыцыі пацьвердзіла, што 10-працэнтная квота датычыць толькі асобных прафсаюзаў, але мы зьяўляемся арганізацыйнай структурай, а не самастойным прафсаюзам. Нашыя арганізацыі існуюць у Салігорску, Мазыры, Наваполацку, Бабруйску – на гігантах нафтахіміі, і ніякіх перашкодаў для дзейнасьці ў заканадаўстве насамрэч няма.
Як мне сказалі, будзе падрыхтаваны адпаведны запыт у Мін’юст, каб яны далі тлумачэньні. Аднак, наколькі мне вядома, такіх папераў ніхто не рыхтаваў. Проста адміністрацыя цягне час, трымае арганізацыю ў няпэўным стане.

Таксама паўстае пытаньне арэнды памяшканьня, тэрмін якой 20 траўня сканчаецца. Мы гатовыя перазаключыць дамову, падрыхтавалі паперы, аднак ніякага руху пакуль няма.
 
– Атрымліваецца, прафсаюз выстаяў, але сілы для змаганьня занадта няроўныя?

– Спачатку году была паніка, калі на нашых сябраў пачаўся гвалтоўны ціск. Але цяпер людзі бачаць: арганізацыя ўсё ж захавалася, тым больш мы заяўлялі, што будзем працаваць у любых неспрыяльных умовах. Шмат хто з пакінуўшых арганізацыю пад ціскам гавораць, што гатовыя вярнуцца ў прафсаюз. Першага траўня мы зьбяромся на маёўку і абмяркуем: як жыць надалей.

Гутарыў Алесь Кавалёў

Гарадзенскія сябры прафсаюзу РЭП паедуць першага траўня ў Менск

На сьвяточнай акцыі ў сталіцы яны выкажуць пратэст у зьвязку з нежаданьнем уладаў зарэгістраваць мясцовую прафсаюзную суполку.

У Горадні каля пяцідзесяці сябраў Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці ня маюць мясцовай зарэгістраванй структуры.

Паводле статуту, гарадзенскія актывісты могуць стварыць гарадзкую арганізацыю. Тым ня менш тры гады ўсе спробы, зьвязаныя з рэгістрацыяй, былі безвыніковымі.  Апошнім разам з гарвыканкаму далі адказ, што сябры рэвізійнай камісіі суполкі чамусьці будуць ня здольныя выконваць свае абавязкі. Пра гэта нам паведаміў прафсаюзны лідэр Іван Роман.

Спадар Роман сваім часам пацярпеў за тое, што зьяўляўся сябрам незалежнага прафсаюзу: затрымалі ля прахадной заводу аўтаагрэгатаў, калі распаўсюджваў бюлетэнь "Шабер". Суд палічыў, што ён нібыта дзейнічаў ад імя незарэгістраванай арганізацыі і аштрафаваў актывіста на 1 мільён 275 тысяч рублёў.

Алесь Кавалёў

Бульдозеры руйнавалі падмурак Палацу Радзівілаў

Grodno Sov ploschad bigУ Гародні маладыя энтузіясты сталі пад бульдозеры, каб спыніць вандалізм рэстаўратараў Савецкай плошчы.

Гісторыкі спахапіліся, калі будаўнікі паспелі знішчыць старую брукаванку, драўляную маставую XVII стагоддзя і частку Палаца Радзівілаў.  Хоць акцыя пратэсту, распачатая студэнтамі Гарадзенскага дзяржуніверсітэта і іактывістамі з мінскага гісторыка-краязнаўчага таварыства "Этна", прыпазнілася, работы удалося прыпыніць.

– Будаваўся падземны пераход. Вось і пачалі бурыць падмурак Палацу Радзівілаў, – распавядае  Вольга Чайчыц з "Этны". – Каб будаўнікоў ніхто не спыніў, славуты будынак ужо ніколі не змаглі б аднавіць у якасці арыгіналу. Таму мы і сталі літаральна пад коўш экскаватара...

Дзякуючы высілкам моладзі, раскопкі ўзначаліў новы кіраўнік – археолаг Генадзь Семянчук. А пераход пачалі будаваць у іншы бок, каб не закрануць гістарычныя каштоўнасці.

Услед з грамадзкімі энтузіястамі Міністэрства культуры таксама выказала пратэст супраць руйнавання падмурку палаца. Высветлілася, што будаўнікі парушалі законы.

– Тэрыторыі, на якіх задумваецца рэканструкцыя, спачатку неабходна даследваць, – тлумачыць старшыня ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэканструкцыі Васіль Абламскі. – Мы даведаліся пра парушэнні ў Гародні і далі неабходныя прадпісанні.

Гісторыкі адстаялі падмурак старажытнага Палацу Радзівілаў. Але калі адбудуюць адзін з самых велічных будынкаў Гарадзеншчыны – невядома. Таму падмуркі палацу да лепшых часоў засыплюць зямлёй.

Ігнат Данілюк

Мікалай Аўтуховіч лічыць сябе не злачынцам, а народным бізнесменам

У перапынак у судовым паседжаньні ён папрасіў не адвозіць сябе ў турму на абед – зноў аб’явіў галадоўку

Уся краіна даведалася пра гэтага чалавека, калі ўзімку ён уцёк з-пад хатняга арышту, каб не зьяўляцца ў судзе, у справядлівасьць якога ня верыць. Гэта быў унікальны ўчынак.  Справу М.Аўтуховіча справакаваў прэзыдэнцкі дэкрэт 2003 году, які абмяжоўваў індывідуальных прадпрымальнікаў у найме работнікаў: ня больш за трох чалавек. Ваўкавыскі камэрсант меў болей за паўтара дзесяткі "мэрсэдэсаў"-таксовак, і яму трэба было тэрмінова думаць пра свой бізнэс: прадаваць машыны, згортваць справу? Пайшоў такім шляхам: з дырэктарам прыватнага прадпрыемства "Ніка-транс" Юрыем Лявонавым падпісаў дамову аб аказаньні платных паслугаў. Цяпер кіроўцы былі на ўліку ў "Ніка-транс", але працягвалі працаваць у Аўтуховіча і здавалі яму выручку.

Выснова абвінавачаньня: Аўтуховіч мусіў стварыць юрыдычную асобу і заснаваць фірму. Сьледзтва, а за ім абвінавачаньне мяркуюць, што ў выніку ён не заплаціў падаткі з чыстай выручкі, роўнай 1 мільярду і 92 мільёнам рублёў. Камэрсант парыруе: у яго няма фірмы, а  як прадпрымальнік усе падаткі заплаціў...

Мікалай Аўтуховіч заяўляе, што кошт паездкі ў ягоных таксоўках ніжэйшы, чым звычайна, і тым самым жыхары Ваўкавыску збераглі немалыя грошы:
546 мільёнаў рублёў (за два гады і два месяцы). Апошні разьлік такі: калі ствараць фірму , пасажырам давядзецца плаціць не 600 рублёў за кілямэтар, а паўтары-дзьве тысячы. "Хто тады захоча карыстацца таксоўкамі?" – задае Аўтуховіч рытарычнае пытаньне.

Прадпрымальнік цвердзіць, што змагаецца не за грошы, а за справядлівасьць. Калі праз два месяцы пасля уцёкаў зпад арышту яго схапілі ў Менску, гэта выклікала зьдзіўленьне і пэўнае расчараваньне. Усе думалі, што ён даўно згубіўся дзесь на бязьмежных прасторах Расеі. Аднак ваўкавыскі камэрсант застаўся дома, дзе ўрэшце рэшт спадзяецца дабіцца справядлівасці.

Алесь Кавалёў

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: