Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members prynyamonne Гродна Прынямоньне N6, верасень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прынямоньне N6, верасень

Курыцы, што нясе залатыя яйкі, 520 гадоў, хоць яна маладзіцца пад "пятнаццатку"

TamogennicГарадзенская рэгіянальная мытня, якая мае свае філіі ў адзінаццаці раёнах вобласьці, штодня дае ў бюджэт 850 мільёнаў рублёў.

У сталіцы Прынямоньня толькі што адзначылі 15-годзьдзе мытнай службы Рэспублікі Беларусь і ажно 520-я ўгодкі ўласна гарадзенскай мытні.

Савецкую традыцыю, згодна зь якой летазьлічэньне ў Беларусі пачынаецца з 1917 году, зламаў гарадзенец Віктар Саяпін. Ён нядаўна выпусьціў нават адпаведную кнігу. Як сапраўдны дасьледчык, вывучыў дакумэнты часоў Вялікага княства Літоўскага і вызначыў, што ў Горадні вялікі князь Казімір загадаў зьбіраць мыта яшчэ ў 1486 годзе. Іншымі словамі, як мінімум гэтая дата можа лічыцца пачаткам арганізацыі мытнай службы і ўсёй Беларусі, бо вялікі князь зьяўляўся кіраўніком дзяржавы.

Савецкая традыцыя дапускала максымум вывядзеньне радаводу нейкай установы ці арганізацыі — з царскіх часоў. Напрыклад, гарадзенскі водаканал адзначыў нядаўна 130-годзьдзе (дзесяць гадоў назад гэтую службу нават А.Лукашэнка павіншаваў з угодкамі), а тым часам дакладна вядома: першы водаправод пракладзены ў Горадні яшчэ ў 1541 годзе. Гэта гістарычны факт, і, здавалася б, ім варта ганарыцца.

Кожны беларускі мужчына ведае, што на бутэльках замежнага піва —нямецкага, польскага, чэскага — ставяць дату заснаваньня піўзаводу ці гатунку. Часта ім па 400-500 гадоў. Канечне, гэта ня значыць, што нейкая сям’я паўтысячы гадоў варыць у нейкай камяніцы адно канкрэтнае піва.

Часьцей проста існуюць гістарычныя дадзеныя аб тым, што ў гэтым горадзе зь нейкага часу пачалі варыць піва. Так, дарэчы, было і ў Беларусі. Напрыклад, дакладна вядома, што кароль Стэфан Баторы ў 1576 годзе вызваліў гарадзенскія саладоўні і піваварныя заводы ад пошлінаў, накладзеных на іх раней з выпадку вайны з Масковіяй. А тым часам на гарадзенскім піўзаводзе лічаць, што піва ў горадзе пачалі варыць толькі за царом у 1877 годзе. Між іншым, сталічнае піва “Аліварыя” сёньня прэзэнтуецца ўвогуле як "першае піва Беларусі".

Такім чынам, гарадзенскія мытнікі зламалі савецкую традыцыю, даказаўшы, што маюць больш за 500-гадовую гісторыю і па-ранейшаму ўмеюць забясьпечваць бюджэт вялікі грашыма. Праўда, нейкім чынам гэта палічылі заслугай і чыноўнікаў: юбілейныя ўзнагароды з нагоды 15-годзьдзя мытнай службы РБ атрымалі супрацоўнікі вэртыкалі, перадусім старшыня аблвыканкаму Уладзімір Саўчанка.

Алесь Кавалёў

30.09.2006

У спадзяваньні на паломніцтва замежнікаў Мінспорту і турызму правяло ў Горадні выязную калегію

TuristyЗадума такая: заходняя частка Беларусі бліжэй для эўрапейскіх турыстаў, тут больш архітэктурных помнікаў, адноўлены Аўгустоўскі канал, з сэрвісам нібыта лепей, чымсьці ў Магілёве ці Гомелі, таму - даеш турыстычную Меку! 

Па выніках гэтага мерапрыемства намесьнік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга даў у сталіцы прэс-канфэрэнцыю.

Пасьля яе некаторыя сродкі масавай інфармацыі аптымістычна паведамілі: каб завабіць замежнікаў, чыноўнікі вельмі слушна вырашылі з наступнага году зрабіць цэны ў гатэлях аднолькавымі для сваіх і для чужых, скасаваць візы ў летні сэзон для тых, хто набудзе турыстычную пуцёўку ў Беларусь.

Аднак намесьнік міністра сказаў інакш: зрабіць так пакуль толькі абяцаюць. Дагэтуль яшчэ не ўдалося даказаць розным дзяржаўным установам, што прыбыткі ад замежных турыстаў ня зьменшацца і бюджэт не пацерпіць страты.

Я зьвярнуўся па камэнтар да некаторых супрацоўнікаў гарадзенскіх турыстычных фірмаў і да журналістаў, якім даводзіцца пісаць на тэмы турызму.

Карэспандэнт Тацяна Л. гаворыць, што найперш трэба прадаставіць камфартабэльны нумар у гатэлі. А ў горадзе сытуацыя такая: пакоі з пашарпанай мэбляй у "Турысьце", "Амезе", "Беларусі", за якія з замежнікаў бяруць часам амаль утрая даражэй, чым са сваіх.

У "Беларусі" раней ад усіх пачалі паступова рамантаваць пакоі, цяпер робяць гэта ў "Амезе". Але ў летні сэзон у гатэлях адключаюць гарачую ваду, прычым не зьмяншаючы аплаты за нумар, што цалкам непрымальна для замежнікаў. Да апошняга часу яны, пасяліўшыся ў гатэльным пакоі, не знаходзілі, напрыклад, туалетнай паперы.

Вось такія асаблівасьці нашага сэрвісу. Але саромецца асабліва няма каго: паводле афіцыйнай статыстыкі, летась Беларусь наведала ўсяго 91 тысяча турыстаў з-за мяжы. У суседнюю невялікую Літву прыяжджае да 2 мільёнаў.

Супрацоўніца турфірмы Людміла П. падкрэсьлівае: на выязной калегіі зноўку рабіўся акцэнт на лічбы, якія насамрэч пустыя і непераканаўчыя.

Напрыклад, была адзначана наяўнасьць у горадзе ажно "155 аб'ектаў грамадзкага харчаваньня". Што, турыстаў павядуць есьці ў заводзкую сталоўку ці ў буфэт? – рытарычна пытаецца яна. Для іх павінны быць рэстарацыі ў Старым горадзе, а іх па-ранейшаму мала, і цэны там высокія: за аднолькавыя грошы ў Літве і ў Польшчы можна сытна пад'есьці, а ў Горадні ты выйдзеш напалову галодным.

Другая супрацоўніца фірмы гаворыць: замежнікаў, якія прыяжджаюць па запрашэньні гарадзкіх уладаў, пасяляюць заўжды ў адзіным прыватным гатэлі "Сямашка", дзе высокія цэны, але разам і сучасныя ўмовы для жыцьця.
А такія павінны быць паўсюль, інакш замежнікам у нас не спадабаецца, лічаць прадстаўнікі фірмаў, якія займаюцца турызмам.

Вось і атрымліваецца: павялічыць колькасьць замежных турыстаў адразу ў пяць(!) разоў, а да 2010 году – нават у дзесяць – гэта чыстай вады манілаўшчына. Уперад трэба задумацца: навошта замежнаму турысту ехаць у Беларусь, зь якой нагоды ў яго можа ўзьнікнуць такая патрэба? Бо аднаго жаданьня нашага міністэрства спорту і турызму тут яўна недастаткова.

Самым рэальным, асабліва што датычыць прыгранічнага турызму, было б прыцягненьне палякаў у мясьціны, зьвязаныя, напрыклад, з Адамам Міцкевічам, з Элізай Ажэшкай, з апошнім каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім.

Такі накірунак пачаў разьвівацца на Гарадзеншчыне яшчэ з канца 80-х гадоў, не зважаючы на адсутнасьць адпаведнага турыстычнага сэрвісу. Раней у цэнтры Горадні можна было ўбачыць некалькі аўтобусаў з Польшчы.

Аднак летась беларускія ўлады ўчынілі гвалт над Саюзам палякаў, і плыня турыстаў з суседняй Польшчы адразу скончылася.

Алесь Кавалёў

29.09.2006

Вучні адмовіліся пайсьці на ўрокі, патрабуючы вярнуць у школу настаўнікаў

Страйк у школе для Беларусі зьява досыць рэдкая, акцыя пратэсту у ваўкавыскай школе з польскай мовай навучаньня мае да ўсяго "нацыянальны акцэнт".

У ваўкавыскай польскамоўнай школе з пачаткам навучальнага году не змаглі пачаць работу тры пэдагогі з Польшчы, якія працавалі тут у папярэднія гады: Ёланта Гаўліцкая — настаўніца пачатковых клясаў, выкладчыца фізыкі Ёана Гондра і Анэта Бузук, якая выкладала польскую мову.

Вучні старэйшых клясаў выказалі з гэтай нагоды свой пратэст. Дарэчы, Анэта Бузук працавала ў Ваўкавыску з дня адкрыцьця школы, кіравала дружынай харцараў "Шэрыя ваўкі".

Сытуацыяй у ваўкавыскай школе заняліся чыноўнікі ад адукацыі. Пакуль што заняткі адноўлены, але настаўнікам з Польшчы магчымасьць вярнуцца у Ваўкавыск не прадставілі, іхнія навучальныя гадзіны падзеляць паміж сабой мясцовыя пэдагогі.

Ваўкавыская школа N8 з польскай мовай навучаньня – другая пасьля гарадзенскай N36, што пабудаваны на грошы польскага ўраду. Уласьнікам абедзьвюх зьяўляецца Саюз палякаў. Але трэба зазначыць, што цяперашняе кіраўніцтва афіцыйнага СПБ, сфармаванае па патрабаваньні беларускіх уладаў, уладамі польскімі не прызнаецца легітымным, дэмакратычна абраным.

Трэба сказаць, што замежныя настаўніцы знаходзіліся матэрыяльна ў лепшым становішчы за сваіх беларускіх каляжанак. Паколькі іх накіравала ў іншую краіну міністэрства адукацыі Польшчы, яны атрымлівалі два заробкі – больш салідны польскі і звычайны – беларускі.

Пры гэтым школа невялікая – усяго 178 вучняў, таму нагрузкі, адпаведна і заробкі, у настаўнікаў ня самыя значныя. З гэтай прычыны атрымаць лішнія гадзіны выкладаньня, якія раней належалі настаўнікам з Польшчы, у прынцыпе ніхто ня супраць.

Дарэчы, адзін з чыноўнікаў мне сказаў: ранейшая патрэба ў настаўніках з Польшчы тлумачылася недахопам сваіх кадраў. Але за апошні час стала больш пэдагогаў, падрыхтаваных факультэтам польскай філялёгіі Гарадзенскага унівэрсытэту.

А па-другое, нямала беларускіх выпускнікоў, атрымаўшы пэдагагічную адукацыю ў Польшчы, вяртаюцца дахаты, бо яны ня могуць канкураваць на польскім рынку працы нароўні з палякамі.

Адна з настаўніц мне сказала: у ідэале някепска, што польскай мове нашых вучняў навучаюць самі палякі. Але калі патрабаваць абсалютнага, тады трэба, каб ангельскай ці нямецкай мове абавязкова навучалі ангельцы ці немцы…

Гэтая настаўніца лічыць: вучні дзьвюх школаў з польскай мовай навучаньня папросту заўсёды адчувалі сваю прывілеяванасьць: большасьць выпускнікоў заўжды імкнулася паступіць у польскія вну, тым больш навучаньне для іх там звычайна бясплатнае.

Паводле актывіста польскага грамадзкага руху Андрэя Пачобута, Міністэрства адукацыі РБ зьвярнулася паўгода таму да мінадукацыі РП з просьбай прааставіць для працы ў Беларусі на цяперашні навучальны год 14 настаўнікаў, у тым ліку трох — для ваўкавыскай школы. Карацей, гэта было пажаданьнем беларускага боку.

Фармальна прычына непрыезду польскіх настаўнікаў – неабходнасьць ліцэнзіі на працу замежных грамадзянаў, пра патрэбу якой органам адукацыі на самым пярэдадні верасьня  паведамілі з міністэрства ўнутраных справаў. Дарэчы, не прыехаў з Польшчы і настаўнік фізыкі ў гарадзенскую школу N36, якая днямі адзначыла 10-годзьдзе з дня адкрыцьця.

Алесь Кавалёў

28.09.2006

Паводле ўладаў, магілы польскіх жаўнераў у Горадні ўпарадкаваны

Аднак польскія грамадзкія актывісты перакананы: на некаторых зь іх пераблытаны крыжы.

Тыдзень таму мы паведамлялі, што на старых каталіцкіх могілках у Горадні пашкоджаны крыжы на магілах жаўнераў, якія загінулі ў савецка-польскую вайну 1920 году. Гэта зрабілі не вандалы, а тыя, хто наводзіў парадкі — сьпілавалі вялікае старое дрэва, што стаяла сярод магілаў, а затым разабралі яго, шмат чаго пашкодзіўшы пры гэтым.

As1_bЦяпер усё нібыта прыбрана. Аднак кідаецца у вочы, што на адной з магілаў увогуле няма крыжа, на дзьвюх яны драўляныя, а не бэтонныя, як на іншых. І, нарэшце, на гэтым здымку бачна, што два крыжы напалову зламаныя, прычым ня вызначыныя магілы, на якіх яны стаялі.

Андрэй Пачобут — адзін з актывістаў мясцовай польскай грамадзкасьці, зазначае: на чатырох усё крыжы пераблытаныя нават пасьля ўпарадкаваньня.

Яшчэ спадар Пачобут тлумачыць: улады хутка адрэагавалі, бо пабаяліся розгаласу ў недзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Сюды прыяжджала нават намесьнік старшыні аблвыканкаму Марыя Бірукова, якая кіруе ў вобласьці ідэалёгіяй. Наводзіць парадкі адразу паслалі дзясятак рабочых, якія працавалі не зважаючы на дождж.

Дарэчы, улады зьвярнуліся да мясцовых краязнаўцаў па дапамогу, каб правільна расставіць папярэдне вынятыя крыжы: дождж пазмываў нумарацыю.

As2_bПершымі забілі ў званы актывісты не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс. На месца таксама прыяжджалі супрацоўнікі Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні, па просьбе якога якраз і сьпілавалі адно старое дрэва цалкам, а ў другім — амаль усе галіны. Зрабілі гэта абы-як, пра што, дарэчы, і паведаміла польскае тэлебачаньне.

Цяпер актывісты Саюзу палякаў чакаюць адказу з гарадзенскай абласной пракуратуры. Бо паслалі туды заяву з просьбай пакараць тых, хто пашкодзіў крыжы на магілах жаўнераў Войска Польскага.

Алесь Кавалёў

07.09.2006

На 500-годзьдзе Вялікай Бераставіцы вярнулі герб з вавёркай

Герб белка1Да юбілею цэнтар мястэчка рэканструявалі. На ўсё пайшло чатыры мільярды рублёў.  Зь іх на бронзавы помнік вавёрцы — 220 мільёнаў. Статуя Леніну, што цяпер побач са спрытным хвастатым зьвярком, каштуе значна менш. Людзі, аднак, кажуць пра іншае: пахарашэла Бераставіца!

За саветамі разбурылі, цяпер прыхарошылі

Учора ў Вялікай Бераставіцы было шумна і сьвяточна: прыехала начальства, на плошчы сьпявалі фальклёрныя гурты і папса, былі фэерверкі, начная дыскатэка і выступы рыцараў ды памежнікаў. Звычайна соннае, малалюднае  мястэчка зрабілася ажыўленым, "кірмашовым".

Асноўныя падзеі адбываліся на плошчы Леніна, на якой савецкая ўлада сваім часам разбурыла практычна ўсё і найперш традыцыйную заходнебеларускую забудову пляца з элемэнтамі ХVІІІ стагодзьдзя. У цяперашні рамонт плошчы і будынкаў, як паведаміў адзін мясцовы чыноўнік, выдаткавалі чатыры мільярды рублёў.

Каб народ уведаў цану Леніну, ён бы абурыўся

Першым разам я трапіў у райцэнтар 21 год таму, тады на замену старай ленінскай статуі і на добраўпарадкаваньне плошчы пайшло ажно 100 тысяч рублёў. Мясцовы архітэктар прасіў мяне не называць у сваёй публікацыі гэтую лічбу, каб людзі не абураліся такім выдаткам.

Стары гіпсавы Ленін цалкам адпавядаў пасёлку, у якім было тады пяць тысяч жыхароў. Наступная будоўля на плошчы разгарнулася тры гады таму, калі ўсё забрукавалі дробнай цэмэнтнай пліткай. Гэта было напачатку лета 2003 году, і калі я прыехаў у Бераставіцу, дэпутат мясцовага райсавету мне сказаў: з-за выдаткаў на плошчу затрымалі выплату адпускных настаўнікам і заробкі іншым працаўнікам.

Каралеўская вавёрка ў лукашэнкаўскім указе

Частка сёлетніх выдаткаў — 220 мільёнаў рублёў (паводле таго ж чыноўніка) пайшла на новы помнік — бронзавае "дрэва жыцьця" з вавёркай у кроне. Вавёрка — гербавы сымбаль мястэчка, які яно атрымала каля трохсот гадоў таму ад караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ, а цяпер нядаўна пацьверджанага прэзыдэнтам А.Лукашэнкам. Над мястэчкам упершыню лунаў і бераставіцкі сьцяг: белы з зялёным паскам зьнізу і з вавёркай на ім. Некаторыя жыхары, з якімі я размаўляў, гаварылі, што ім вавёрка вельмі падабаецца, і што "кожны горад або пасёлак, які сябе паважае, павінен мець сваю сімволіку, свой геральдычны знак".

Бацюшку народ убачыў, а ксяндза чамусьці не было

Здавалася, што ўсё мястэчка выйшла на сьвята, якое, як жартавалі жыхары, рыхтавалася ажно 500 гадоў. Я бачыў людзей — і маладых, і старых —адзетых ва ўсё лепшае, якія пры сустрэчы са знаёмымі віншавалі адно аднаго "з празьнічкам".

Дарэчы, у касьцёле ды ў царкве ў 10 раніцы ў суботу прайшла служба за здароўе жыхароў мястэчка. Бацюшка пасьля гэтага зьявіўся на плошчы, сярод народу, і быў запрошаны да прадстаўнікоў уладаў — у першы шэраг крэслаў перад вулічнай сцэнай, а вось ксёндз часу на гэта не знайшоў.

Людзкае сьвята выйшла: і піва было, і гарэлка лілася

Калі адкрылі помнік вавёрцы на дрэве, бераставічане кпілі: пакуль ўсё начальства каля яго не сфатаграфуецца, простым людзям не падыйсьці. А ўвогуле жыхары выказваліся так: "рамонт мястэчка зроблены перш за ўсё для людзей, а не для начальства, бо людзям цяпер будзе прыемней тут жыць".

У Бераставіцы можна было лёгка заўважыць адрознасьць ад сьвятаў у Горадні, дзе ў цэнтры гораду апошнімі гадамі пад час масавых мерапрыемстваў не прадаюцца алкагольныя напоі. Тым часам бераставічане маглі свабодна купіць і піва, і гарэлку.

Алесь Кавалёў

04.09.2006

Каноплі з макам найбольш растуць у зоне асаблівага догляду

КонопляВайскоўцы палююць цяпер ня толькі на парушальнікаў дзяржаўнай мяжы. З дапамогай верталётаў яны найперш адсочваюць наркаманаў і тых вяскоўцаў, якія падзарабляюць на наркатычных расьлінах.

Гэтымі днямі салдаты-памежнікі ў Гарадзенскім раёне ў вольны ад службы час узбройваюцца ручнымі газонкасілкамі. Разам зь міліцыянтамі косяць дзялкі з каноплямі альбо вырываюць іх рукамі, калі расьліны знаходзяцца ў невялікай колькасьці сярод быльнягу ці на палетках. Далей разводзіцца вогнішча,  і ўсё спальваецца.

Найбольшая колькасьць нелегальных "наркаплянатацый" знаходзяцца на тэрыторыях уздоўж межаў з Польшчай і Літвой. Іх сяўбой па-ранейшаму нярэдка займаецца мясцовае насельніцтва, але таксама наркаманы, напрыклад, з Горадні. Яны робяць свае дзялкі ў глухменных мясьцінах, дзе не бывае людзей, а таксама падсяваюць тыя ж самыя каноплі на гародах і нават на калгасных палетках з пшаніцай, жытам, нават на кукурузай.

 Днямі міністэрства ўнутраных справаў паведаміла пра вынікі праведзенай улетку апэрацыі "Мак". Усяго па Беларусі выяўлена каля 1800 пасеваў маку і канопляў, агулам больш за 34 гэктары. Зьнішчаны 9,5 тонаў наркатычных расьлінаў. Гэта амаль у пяць разоў менш леташняга. Міліцыя змагаецца з каноплямі разам з КДБ, мытнікамі і памежнікамі. Напрыклад, сёлета на тэрыторыі Воранаўскага, Лідзкага ды Іўеўскага раёнаў нелегальныя плантацыі шукалі з паветра — пры дапамозе верталёта, які належыць Лідзкаму памежнаму атраду.

 Разам з заканчэньнем жніва ў калгасах барацьба міліцыі з каноплямі не заканчваецца, бо яны растуць да канца кастрычніка. За захоўваньне тых жа канопляў з мэтай збыту ці вырабу наркатычных рэчываў прадугледажана максімальнае пакараньне — да 15 гадоў зьняволеньня.

 Алесь Кавалёў

03.09.2006

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: