Прынямоньне № 7, кастрычнік
|
Кіроўцу аўтобуса адхілілі ад працы
Рэйсавы аўтобус № 1 літаральна споўз з узбочыны дарогі і, перакуліўшыся, упаў на дах. Кіроўцу, які дапусьціў дарожна-транспартнае здарэньне, адхілілі ад кіраваньня аўтобусам. Дарэчы, сам аўтобус быў новай мадэлі, вытворчасьці менскага аўтазаводу. Ёсць зьвесткі, што з-за аварыі зьнялі з пасадаў аднаго ці двух начальнікаў, але пакуль гэтую інфармацыю ва ўладных структурах не пацьвердзілі. Работнікі ДАІ адзназначна лічаць, што вінаваты быў кіроўца. Іншыя кіроўцы, а таксама пасажыры, якім даводзіцца езьдзіць па Індурскай шашы, аднак, гавораць, што яму проста не пашанцавала, бо ён рабіў манэўр, які на гэтай дарозе робяць вельмі часта. Праблема вузкай праезднай часткі існуе тут ня менш за дзесяць гадоў – пасьля таго, як адразу за гарадзкой ускрайнай пабудавалі буйны рэчавы рынак "Паўднёвы". Пакуль рынак працуе – да 15 гадзінаў, асабліва у выхадныя, заторы на Індурскай шашы сталі штодзённасьцю. У тым жа месцы днямі перакуліўся грузавы аўтамабіль. Потым на выезд з гораду ў паўднёвым напрамку, у тым ліку і да рынку была пабудавана новая дарога. Аднак сама Індурская шаша не была пашырана ў межах гораду. Рух застаўся вельмі інтэнсыўным, здарэньне з рэйсавым аўтобусам адбылося якраз у гадзіну пік. Кіроўца "першага" аўтубуса хацеў аб'ехаць машыны па ўзбочыне, але зрабіў гэта занадта блізка ад канавы: аўтобус аказаўся цяжкім і няўклюдным. Адзін з відавочцаў расказаў, што пасажыры выбіраліся праз дзьверы, якія здолеў адчыніць кіроўца. На дарозе неўзабаве ўжо знаходзіліся некалькі машын хуткай дапамогі. Сур'ёзна пацярпелых, на шчасьце, аказалася адносна няшмат. Па адных зьвестках, па дапамогу мэдыкаў зьвярнуліся 18 чалавек, па іншых – толькі 14. Што датычыць шпіталізаваных з больш сур'ёзнымі траўмамі, іх чацьвёра. Ці будуць яны дамагацца кампэнсацыі за атрыманыя траўмы, пакуль невядома. Алесь Кавалёў 30.10.06
Гарадзенцы будуць піць чыстую ваду
Пабудавалі яго непадалёк ад ракі Нёман каля Горадні. На адкрыцьці адзін з чыноўнікаў пабедаваў, што грошы гэтыя акупіць немагчыма. Вада ў нас па-ранейшаму каштуе танна, а насельніцтва эканоміць яе не прывыкла. Прысьпешыць будаўніцтва прымусілі масавыя захворваньні. Улетку 2003 году ў горадзе пераважна сярод дзяцей была эпідэмія вострай віруснай інфэкцыі, у тым ліку і сярознага мэнінгіту. У шпіталь трапіў 181 хворы. Сярод іх – 117 дашкольнікаў. Зьявіліся нават чуткі, што нехта памёр, але дактары потым іх абверглі. Мэдыкі спачатку не маглі дакладна патлумачыць крыніцу раптоўнага масавага захворваньня. Але потым афіцыйна найбольш верагоднай назвалі энтэравірусы, якія маглі трапіць праз вадаправод. Таму узмоцнілі кантроль за станам гарадзенскай вады. Пачалі ажыцьцяўляць гіпэрхларыраваньне, закрылі басэйны і забаранілі выкарыстоўваць пітныя фантанчыкі ў піянэрскіх лягерах. Дактары не выключалі, што энтэравірус трапіў зь Нёману. Адтуль на той момант атрымлівала ваду 25-30 адсоткаў насельніцтва гораду. Тым часам водазабор "Гожка" і іншы пункт "Пагараны" стаялі сярод мэтаў у абласной праграме "Здароўе народу" доўгія гады. Потым іх ўнесьлі і ў новую праграму "Чыстая вада". Не было толькі грошай на іх пабудову. Дачакаліся эпідэміі і потым усё пайшло. Спачатку выдаткавалі грошы на таньнейшы праект "Пагараны". Затым адшкадавалі і больш істотныя сродкі. "Гожка" – самы моцны водазабор на сеньняшні дзень у Горадні. На ім усталяваныя шэсьць сучасных швэдзкіх помпаў. Прычым ваду ачышчаюць пераважна ня хлоркай, а гіпахларыдам натрыя, для атрыманьня якога выкарыстоўваюць звычайную соль. Алесь Кавалёў 27.10.06
У Слоніме ў раку упаў мост
Прычыны здарэньня цяпер будуць высьвятляць адпаведныя службы. Паводле супрацоўнікаў інспэкцыі працы, колькасьць траўмаў на вытворчасьці за апошнія месяцы рэзка павялічылася па ўсёй Гарадзенскай вобласьці. Досыць нагадаць нядаўняе здарэньне ў пясчаным кар’еры у Ваўкавыскім раёне. Тады пацярпеў кіроўца самазвала. Спэцыялісты называюць бадай асноўнай прычынай гэтых выпадкаў — парушэньне правілаў тэхнікі бясьпекі. Але масты звычайна рушацца, калі расьцягваюць будаматэрыялы або калі дрэнна распрацаваны праект. Алесь Кавалёў 25.10.06
У Воранаве адзначаць 470-я ўгодкі заснаваньня мястэчка
Воранава – адзін з найменьшых райцэнтраў на Гарадзеншчыне. Гадамі там нічога не зьмянялася. Сёньня аўрал: дамы і вуліцы рамантуюць дзьвесьце рабочых. Гавораць, што на капітальны рамонт гарадзкога пасёлку выдаткавана каля сямі мільярдаў рублёў. У Вялікай Бераставіцы, дзе нядаўна адзначылі 500-годзьдзе, на падрыхтоўку да юбілею пайшло толькі чатыры мільярды. Як паведамілі ў рэдакцыі "Воранаўскай газэты", мястэчка атрымала да гадавіны герб з ільвом і сьцяг. Такім чынам, ня толькі ў суседняй Лідзе цяпер будзе геральдычны знак, на шчыце якога выяўлены менавіта афрыканскі зьвер. Дарэчы, як сказалі ў рэдакцыі, напісаны і гімн Воранава на беларускай мове. Яго выканаюць на сьвяце. Канечне, жыхары задаволеныя, што замест неўпарадкаваных тратуараў, газонаў, абшарпаных сьценаў дамоў, часам паламаных платоў зьявіліся выкладзеныя пліткай ходнікі. У некалькіх будынках зрабілі сучасныя фасады. На вуліцах паставілі новыя ліхтары. Дарэчы, каб усё гэта зрабіць у кароткія, як звычайна ў такіх выпадках тэрміны, выклікалі будаўнікоў з Ліды і Горадні. Прыцягнулі да працы і тых жыхароў Воранава, што ня маюць дачыненьня да будаўніцтва, але працуюць у дзяржаўных арганізацыях. Маўляў, капрамонт мястэчка – "справа ўсенародная". Аўральныя капрамонты райцэнтраў зрабіліся, прынамсі, у Гарадзенскай вобласьці звычайнай справай. Як прызнаўся адзін чыноўнік: цяперашняя ўлада інакш ня ўмее. Усё робіцца ў рэчышчы старой савецкай традыцыі. У ідэале, каб у тых жа невялікіх райцэнтрах нармальна разьвіваўся бізнэс, прамысловасьць, а на вёсцы – фэрмерства, гарады і мястэчкі маглі б паступова, штогод абнаўляцца. А пры цяперашняй сытуацыі застаецца ўсе па-стараму. Самім жыхарам, па мяркаваньню таго ж чыноўніка, бяз розьніцы за кошт чаго паляпшаецца выгляд райэнтраў. Раней Воранава знаходзілася на ажыўленай дарозе Ліда-Вільня – побач з адміністрацыйнай мяжой Літоўскай ССР. Цяпер, калі мяжа стала міждзяржаўнай, рух транспарту рэзка скараціўся. Затое у Воранаве стварылі мытню, а зусім нядаўна яшчэ і памежную камэндатуру. Гэтыя месцы сталі вельмі папулярнымі сярод мясцовых жыхароў з-за добрых заробкаў. Хаця час-часам хто-небудзь з мытнікаў трапляецца на гарачым учынку, меньш ахвотных служыць там не становіцца. Алесь Кавалёў 20.10.06
Замест будаўніцтва новага мосту цераз Нёман, будуць рэканструяваць стары
Днямі ў Горадні адбылася сэсыя гарадзкога Савету. Адным з пытаньняў была надзвычай надзённая для 300-тысячнага гораду праблема аўтамабільных "коркаў" у гістарычным цэнтры. Адзіная магчымасьць рэальна зменшыць заторы — пабудаваць новы сучасны мост цераз Нёман. Праекціроўшчыкі вызначылі дакладнае месца — побач з чыгуначным мостам. Аднак гэты варыянт амаль адразу "зарэзалі" і вярнуліся да ранейшага пляну — перарабіць Стары. Галоўны інжынэр інстытуту "Гроднаграмадзянпраект" Рышард Кацынэль паведаміў дэпутатам наступныя прапрацоўкі і лічбы. Будаўніцтва новага мосту будзе каштаваць 8 мільёнаў даляраў або 19 мільярдаў рублёў, а рэканструкцыя старога — 11 мільярдаў. Мост пабудовы 1949 году стаіць на быках 1907-га. Праекціроўшчыкі прапануюць павялічыць моц апораў у паўтары разы, замест двух пасаў для транспарту зрабіць чатыры (па два ў кожны бок), а пешаходныя тратуары вынесьці на кансолі. Паводле спэцыялістаў, перарабіць Стары мост можна ўсяго за 11 месяцаў. Плыню транспарту, якая цяпер ідзе праз цэнтар, накіруюць на ўскраіны — на масты ў Румлёве і ў Пышках (гэта — назвы урочышчаў). Падлічана, што кожнай машыне ў сярэднім давядзецца тады праехаць лішнія пяць кілямэтраў. Такім чынам, агульны перарасход паліва за дзень будзе роўны прыблізна 15 тонам. За год — 5500 тонаў або чыгуначны эшалон з цыстэрнамі паліва. Дарэчы, адмыслоўцы лічаць, што ўсё гэта пагоршыць экалягічную сытуацыю ў Горадні. На сёньняшні дзень прапускная магчымасьць Старога мосту — адна тысяча машын за гадзіну, але ў самыя напружаныя моманты ііх праяжджае ўтрая болей. А за суткі ў сярэднім гэтая лічба дасягае трыццаці тысяч. Таксісты ды іншыя кіроўцы сёньня абураюцца тым, што ўлады, уклаўшы шмат высілкаў і грошай у маштабную рэканструкцыю Савецкай плошчы, абяцалі: транспартная схема перад Старым мостам палепшыцца. Аднак атрымалася, што чэргі машын у цэнтры толькі павялічыліся, яны ў самыя напружаныя моманты нярэдка выцягваюцца на 200-400 мэтраў — ад сьветлафору да сьветлафору, ледзь рухаючыся. Кіроўцы, зь якімі я размаўляў, лічаць, што пакуль перабудуюць Стары мост, колькасьць машын у горадзе яшчэ больш павялічыцца, і лягчэй езьдзіць ня стане. Алесь Кавалёў 16.10.2006
Упершыню ваенныя лётчыкі вучацца лётаць дома
За чатыры месяцы на лідзкай 206-й авіябазе былі падрыхтаваны лётчыкі 3-га клясу. Раней пілётаў для беларускіх узброеных сілаў рыхтавалі ў Расеі ў г.Вязьма. Вайскоўцы зазначаюць, што падрыхтоўка ў Лідзе ў параўнаньні з вяземскім аэрадромам была значна лепшай. Для эскадрыльлі закупілі дзесяць вучэбных самалётаў Л-39. Дарэчы, званьне пілёта 3-га клясу атрымалі пяцікурсьнікі, але адначасова лётную падрыхтоўку на 206-й авіябазе прайшлі курсанты 4-га курсу. Такім чынам, практыкавацца ў лідзкім небе цяпер курсанты будуць два гады запар. Палёты вучэбна-трэніровачнай эскадрыльлі ажывілі ваенны аэрадром. Як сказаў мне адстаўны маёр П., дагэтуль авіябаза атрымлівала вельмі мала паліва, таму самалёты ляталі рэдка, а вось палёты курсантаў адбываліся амаль штодня. Здача экзамэнаў на права кіраваць ваенным самалётам стала падзеяй для лідзкага аэрадрому. А да гэтага дня лётчыкі адно ўспаміналі скандальнае здарэньне, што адбылося ў чэрвені, калі на ўзьлётны пас прымусам пасадзілі прыватны літоўскі самалёцік, які пераляцеў без дазволу беларускую мяжу. Нядаўна зьявілася паведамленьне, што канфіскаваны паветраны апарат прададуць з аўкцыёну. Праўда, пакуль незразумела, хто ж зможа яго выкупіць, бо прыватная авіяцыя, у адрозьненьне ад Літвы, у Беларусі не разьвіваецца. Дарэчы, каля месяца таму ў Краснадарскім краі Расеі пацярпеў катастрофу Л-39, пасьля чаго палёты на ім былі часова прыпынены. Падчас здарэньня загінуў лётчык-інструктар. Сьледзтва паказала, што ён даў каманду курсанту, які быў у самалёце, катапульціравацца. Пасьля гэтага ён сам зрабіў спробу пакінуць кабіну, але ня здолеў гэтага выканаць. Папярэдняя катастрофа Л-39 адбылася ў Расеі на Паўночным Каўказе 21 верасьня 2005 году. Тады абодва лётчыкі катапульціраваліся, а самалёт разьбіўся. Яшчэ адзін пацярпеў катастрофу ў тым жа рэгіёне ўлетку 2003 году, ён належаў Краснадарскаму ваеннаму авіяцыйнаму інстытуту. Абодва пілёты тады загінулі. Для навучаньня беларускіх курсантаў машыны закупленыя на Ўкраіне. Алесь Кавалёў 12.10.2006
На міжнароднай выставе-кірмашы "Эўрарэгіён Нёман-2006" замежных гасьцей амаль не было
На падвядзеньні вынікаў вядучы важка зазначыў, што суседзі заўжды гандлявалі паміж сабой — Літва, Расея, Польшча, Беларусь. У эўрарэгіён "Нёман" якраз уваходзяць сумежныя тэрыторыі — Гарадзеншчына, прылеглыя раёны Польшчы, Літвы і Калінінградзкая вобласьць РФ. Праўда, менавіта гарадзенскія прадпрыемствы ў асноўным прадстаўлялі сваю харчовую ды іншую прадукцыю. Тавараў з Польшчы, Літвы і Калінінградзкай вобласці на выставе не было: у Беларусі дзейнічаюць досыць высокія мытныя пошліны. Таму прывозіць літоўскі хлеб, піва, сыры невыгодна. Прадстаўнік аблвыканкаму з гордасьцю зазначыў: у кірмашы ўпершыню ўдзельнічалі больш за сто прадпрыемстваў, а раней іх колькасьць дасягала максымум шасьцідзесяці-сямідзесяці. Аляксандар Русанаў асабліва парадаваўся, што ўпершыню ўдзел у выставе-кірмашы прынялі прадстаўнікі паўночна-заходняй акругі Масквы, ён вельмі дзякаваў ім, і масквічам першым ўручылі ганаровыя граматы. Трэба падкрэсьліць, што расейская сталіца ніякага дачыненьня да эўрарэгіёну "Нёман" ня мае, яе прыцягнулі дзеля лічбаў, бо іншых замежнікаў на выставе амаль не было. Дамовіцца з прэфэктурай расейскай сталіцы няцяжка: дэлегацыі акругі наведалі сёлета Горадню прынамсі тры разы, у жніўні прылятаў цэлы самалёт масквічоў. Уласна кажучы, яны і сталі адзінымі новымі ўдзельнікамі кірмашу. Таму крыху дзіўна прагучала паведамленьне газэты "Glos znad Niemna", якая назвала мерапрыемства "акном у Эўропу". Зрэшты, у ім удзельнічала і адна-адзіная польская фірма з ангельскай назвай "Trade Design", якая прадставіла кававаркі ды іншые абсталяваньне для кавярняў, рэстаранаў. Прычым кухар высокай клясы паказваў сваё ўменьне, зьбіраючы шмат цікаўных. Выстава-кірмаш праводзіцца восьмы год запар. Аднак назва - "Эўрарэгіён-Нёман" па-ранейшаму мала адпавядае сваёй сутнасьці. Алесь Кавалёў 07.10.2006
Побач з пажарнай каланчой знайшлі шкілеты
Месца на рагу вуліц Давыда Гарадзенскага і Старазамкавай, дзе стаіць пажарная каланча з пачатку ХХ стагодзьдзя, вельмі багатае на культурны слой. І ня дзіва: тут быў цэнтар жыцьця старажытнага гораду прыблізна з ХІІІ стагодзьдзя. Таму хуткія дзеяньні пажарных спачатку зьбянтэжылі аматараў архітэктурнай спадчыны – яны не пасьпелі там анічога зрабіць. Праўда, зруйнаваўшы сьцены дэпо, пажарныя самі запрасілі археолягаў, паколькі рабочыя ўбачылі ў зямлі шкілеты. На гэтым месцы ў ХVІІІ знаходзіліся каралеўскія стайні, гэтак званы трохпавярховы "дом пры стайнях" захаваўся, да яго якраз прыбудавана каланча. Паводле гісторыка Ігара Трусава, на гэтым жа месцы сваім часам быў і кляштар, за плотам якога хавалі манахаў. Гісторык лічыць, што дэпо пабудавалі пасьля апошняй вайны, таму архітэктурнай каштоўнасьцю ў прынцыпе не зьяўляецца. Хаця, трэба сказаць, будынак адпавядаў камяніцам, што стаяць побач, і прыблізна шэсьцьдзесят гадоў фармаваў аблічча вуліцы. Дарэчы, гарадзенскія пажарныя патлумачылі прэсе:дэпо, маўляў, у лядашчым стане, таму яго разбурылі. Затое, сказалі яны, тут пабудуюць новую камяніцу, дзе зробяць свой музэй. У сувязі з гэтым успамінаецца нядаўні прыклад з Вялікай Бераставіцы. Месяц таму там адзначылі 500-годзьдзе і вырашылі адкрыць музэй, дарэчы, у пажарным дэпо 1932 году. Такіх старых камяніц у мястэчку амаль не засталося. Яна ў досыць лядашчым стане, таму вымагала капітальнага рамонту. Але абласныя ўлады сказалі: таньней разбурыць і пабудаваць новую. Так і зрабілі. Да юбілею пасьпелі пабудаваць сьцены, ды так пасьля гэтага больш нічога і не зрабілі. Як кажуць звычайныя людзі: ламаць не будаваць… Алесь Кавалёў 06.10.2006
Аўгустоўскі канал нарэшце займеў цеплаход
Цеплаход, які адпавядае памерамі вузкім шлюзам каналу, пабудавалі ў Пінску. Гэта быў першы такі заказ з часоў скасаваньня СССР. Спачатку будаўнікі запэўнілі, што работа рухаецца хутка, і цеплаход прыбудзе ў Горадню паводле графіку – пры канцы ліпеня. Дарэчы, цеплаход важыць 34 тоны, яго з Пінску ў Горадню даставіў цягач маркі Менскага аўтазаводу. Досыць складана было спусьціць канструкцыю на ваду, але ён цяпер у Нёмане і зможа плаваць па рацэ, заходзіць у канал і плысьці па ім да мяжы з Польшчай і – праз шлюз нават далей – у польскую частку Аўгустоўскага каналу. Як вядома, водная артэрыя была збудаваная ў 1839 годзе і зьвязала Нёман з Віслай праз сыстэму рэк і каналаў. Новае судна разьлічана на шэсьцьдзесят пасажыраў. Цяпер узьнікла праблема: дагэтуль не прыдумана назва. Па Нёмане раней плаваў толькі адзін стары цеплаход, пабудаваны больш за пяцьдзесят гадоў таму (дарэчы, сёлета яго нарэшце капітальна адрамантавалі), называецца ён "Вольга Соламава" – імем мясцовай падпольшчыцы. Неідэалягічныя назвы ў нас пакуль прыдумляць не навучыліся. Цікава, што папярэдне плянавалася ўрачыстае адкрыцьцё адноўленай — беларускай часткі Аўгустоўскага каналу з удзелам прэзыдэнта Лукашэнкі, які, магчыма, стаў бы першым пасажырам новага цеплаходу. Аднак будаўнікі ўсе работы закончылі напачатку чэрвеня, ніхто зь вялікага сталічнага начальства так і не прыехаў, афіцыйнага адкрыцьця ў выніку не было. Адно на беразе паставілі гранітны куб-пастамэнт з дзьвюма бронзавымі шыльдамі – паасобку на беларускай мове і на расейскай, напісаўшы на іх, што канал рэстаўраваны дзякуючы прэзыдэнцкаму ўказу. Алесь Кавалёў 05.10.2006
У Сьвіслачы адзначылі 750-я ўгодкі заснаваньня мястэчка
У некалькіх райцэнтрах Гарадзеншчыны за апошнія гады сьвяткавалі гадавіны заснаваньня ці першай згадкі ў летапісах. Дык вось самым апошнім стаўся Сьвіслаыцкі юбілей. Гэта адзін з самых малых райцэнтраў вобласьці, таму ў мяне не cтварылася ўражаньня вялізнага натоўпу, калі мноства тамтэйшых прыйшлі на плошчу, дзе была пастаўлена сцэна і крэслы для гледачоў. Зрэшты, туды пускалі толькі па запрашэньнях. Усе ранейшыя фэсты ў мястэчку мелі савецкую традыцыю: Першамай, дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі... І толькі цяпер жыхары маглі пачуць нешта зусім не ідэалягічнае: са сцэны пэрсанажы ў княскіх, шляхецкіх уборах, на беларускай мове распавядалі пра мінулыя часы, называлі імёны князёў, гістарычныя даты, распавядалі пра тагачасныя падзеі. Усё гэта адбывалася пад сярэднявечную музыку. А потым яшчэ перад сцэнай і на ёй самой пачалі высякаць мячамі іскры ўдзельнікі рыцарскіх клюбаў, якія сышліся ў двубоях. Карацей, аўтары сцэнару зрабілі карысную справу, нагадаўшы жыхарам мястэчка, што яны маюць слаўную гісторыю. Дарэчы, з нагоды сьвята быў пастаўлены вялікі памятны валун з бронзавай памятнай дошкай. Сьвяты ў райцэнтрах адрозьніваюцца ад масавых мерапрыемстваў у абласным цэнтры тым, што людзям ніхто не забараняе выпіць і закусіць. У Горадні сьпіртное некалькі гадоў ужо не прадаюць. А вось у Сьвіслачы на вуліцы свабодна прадаваліся і каньяк, і шампанскае, і гарэлка, а ня толькі піва. Прычым людзі абсалютна спакойна куплялі самую распаўсюджаную ежу на такіх сьвятах — шашлык, бо каштаваў ён удвая таньней, чым у Горадні, усяго 2300 рублёў за 100 грамаў: кожны мог сабе дазволіць пад’есьці. Канечне, апроч рыцараў ды гістарычных экскурсаў, розныя цяперашнія сьвяты маюць агульныя рысы: выстаўляюцца творы народных майстроў, грае вясковая музыка, сьпяваюць фальклёрныя гурты. Так было і ў Сьвіслачы. Кожны сельсавет раёну мусіў зрабіць свой падворак: з пудзіламі ў народных спадніцах і кашулях, з гарбузамі замест галоў, зь вясковымі агароджамі, з керамікай. Некаторыя выставілі на сталах вясковыя прысмакі, асабліва смачна выглядалі слоікі з марынаванымі агуркамі, памідорамі, з баравікамі. Сьвіслацкі раён – поўнач славутай Белавескай пушчы, таму, як патлумачылі мне кабеткі, прыгажэйшых грыбоў знайсьці цяжка, чым у іх, прычым з радыяцыяй усё больш-менш у норме. Гараджане, зь якімі я размаўляў, гаварылі, што ім падабаецца як самое сьвята, так і тое, што мястэчка падфарбавалі з гэтай нагоды. Алесь Кавалёў 03.10.2006 |
Ахвотныя зь іншых мясьцінаў трапіць на сьвята ня змогуць. Цяпер райцэнтар знаходзіцца ў памежнай зоне.
У Лідзе прайшлі падрыхтоўку першыя курсанты авіяфакультэту ваеннай акадэміі. Без "ЧП", хоць самалёты, на якіх яны навучаюцца, ня самыя дасканалыя.
Улады рапартуюць: за тры дні падпісана прыблізна 900 дамоваў аб супрацоўніцтве і намерах. І, такім чынам, прарублена эканамічнае "вакно ў Эўропу". Але глядзіць яно выключна на "эўрапейскую" Маскву.
Ламаць – не будаваць: у Горадні разбурылі старое пажарнае дэпо ў гістарычным цэнтры гораду побач з двума каралеўскімі замкамі. Абяцаюць узьвесьці новую камяніцу, толькі веры ў гэта мала.
Гэта адбылося на два месяцы пазьней абяцанага, калі ўжо закончыўся сэзон экскурсій на вадзе.
Тамтэйшыя слухалі гістарычныя аповеды, глядзелі рыцарскія паядынкі ды елі шашлыкі пад піва. Гарадзенцы зайздросьцілі цэнам: удвая таньней!