Прынямоньне № 8, лістапад
|
У Горадні затрымалі дзяўчынку-піраманку
Адразу сталі зразумелымі дагэтуль невытлумачальныя прычыны падпалаў у пад'ездах дамоў мікрараёну "Прынёманскі": гарэлі дзіцячыя каляскі, дзьверы. Дзяўчыне толькі трынаццаць гадоў, мае хваравітую схільнасьць да падпалаў. Пасьля затрыманьня жыхары ўзгадалі, што яна зьвяртала на сябе ўвагу манэрай апранацца неадпаведна надвор'ю. Зараз высьветлілася: калі піраманка заставалася дома адна, маці хавала ад яе вопратку. Па некаторых зьвестках, цяпер дзяўчыну зьмясьцілі ў псыханэўралягічны дыспансэр. Шмат хто кажа, што менавіта яна магла быць "аўтарам" сэрыі аналягічных падпалаў, якія здырыліся яшчэ ў лютым 2006 году. Між тым нядаўна ў Горадні было нямала чутак пра зусім іншую магчымую піраманку — жанчыну сталага ўзросту. У ліпені, калі здарыўся начны пажар у самым вялікім храме — Катэдральным касьцёле, пачаткова энэрганагляд паведаміў: справа не ў замыканьні электраправодкі. Тады й зьявіліся чуткі, што напярэдадні вернікі двойчы бачылі ў касьцёле старую з заплечнікам, якая досыць падазрона сябе паводзіла. Журналісты нават задалі адпаведнае пытаньне на прэс-канфэрэнцыі абласной службы Міністэрства надзвычайных сытуацый. Пробашч касьцёлу Ян Кучынскі адказаў, што людзі сапраўды бачылі нейкую кабету, бо адбывалася штодзённая малітва перад сьвятымі дарамі і там пастаянна знаходзіліся некалькі чалавек — пяць-шэсьць вернікаў. Сьведкі паведамілі, што жанчына падыходзіла туды, аднак ніхто ня бачыў, каб яна штосьці канкрэтнае зрабіла, зазначыў сьвятар. Такім чынам, вэрсыя аб старой піраманцы не атрымала тады пацьверджаньня. Алесь Кавалёў 25.11.2006
Каталікі не даюць веры губэрнатару
У Горадні вернікі маліліся перад аблвыканкамам, пакуль улады вырашалі, што рабіць зь "несанкцыянаванай акцыяй". Атрымалася, што сьвятар і вернікі, якіх было прыблізна сто чалавек, апынуліся якраз пад вокнамі старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі. Людзі вымаўлялі па-польску за ксяндзом Аялксандрам Шэметам словы малітвы: "Сьвяты Божа, сьвяты і моцны, сьвяты і неўміручы, зьлітуйся над намі і над усім сьветам…" Кожную хвіліну падзеі старанна здымаў міліцэйскі апэратар. Патрабаваньнем да ўлады быў дазвол будаўніцтва касьцёлу ў спальным раёне. Сьвятар гаварыў людзям: - Мы не прыйшлі сюды зь імі дыскутаваць, а толькі паведаміць пра ўсё і аддаць пэтыцыю, у якой сказана, што зь першага сьнежня мы будзьма галадаць. На незвычайную падзею пачалі зьвяртаць увагу мінакі. Пайшоў ксёндз. Дэлегацыю нечакана прыняў сам спадар Саўчанка, сказаў, што жаданьне наконт касьцёлу будзе выканана. Але людзі ўсё роўна зьбіраюцца праводзіць галадоўку пратэсту, гавораць, што пакуль ня ўбачаць дакумэнт з пячаткай, на слова верыць не зьбіраюцца. Апошнім разам гарадзенцы са сваімі патрабаваньнямі прыходзілі да гмаху аблвыканкаму паўтара года таму. Гэта былі прадпрымальнікі, што змагаліся за свае правы. У першы дзень яны прастаялі пад вокнамі Саўчанкі і нават здолелі паслаць да яго сваіх прадстаўнікоў. На другі дзень, калі яны зноў прыйшлі размаўляць з уладай, іх сустрэлі амонаўскія ланцугі ў шлемах і з гумовымі палкамі. Алесь Кавалёў Фота charter97.org 25.11.2006
Мясакамбінат зьбіраецца вырабляць… цэглу
Слонімскія каўбасьнікі хочуць ня толькі пашыраць асартымэнт, але і зарабляць іншымі шляхамі. Мясцовы мясакамбінат рэклямуе сланімчанам у якасьці навагодняга "сюрпрызу" свае пяльмені. Маўляў, раней вы елі "іншагародныя", а цяпер мы таксама пяльмешкі будзем выпускаць, пробную партыю самы раз напярэдадні Новага году. Хаця цяжка сабе уявіць такую штодзённую "магазінную" ежу на сьвяточным стале. Праўда, яе будуць вырабляць на італьянскім абсталяваньні. Хто б мог падумаць, што ў пяльменях нават італьянцы разумеюць смак! Але мясцовыя будуць пад сваёй маркай —"Слонімскія рэцэпты". Сыравіна плянуецца трох гатункаў, і каштаваць яны будуць — адпаведна па-рознаму. І гэта зусім не апошняя навінка мясакамбіната! Паводле дырэктара прадпрыемства В.Наруты, у раёне праведзены пошукі патрэбнай гліны, бо вырашана пабудаваць свой цагляны завод. Мара —выпускаць за год 20 мільёнаў цаглін. Разьлік просты: рэалізаваць мясную прадукцыю ўсё цяжэй, канкурэнцыя вельмі вялікая, а вось цэгла попыт абавязкова знойдзе, паколькі будаўніцтва апошнім часам на ўздыме. Як добра ўзяцца, цагляны заводзік можна збудаваць за два гады. Але літаральна апошнім часам зьявіліся сумневы: калі з наступнага году рэзка падаражэе расейскі газ, любая вытворчасьць можа стаць ня надта рэнтабэльнай. Алесь Кавалёў 24.11.2006
Кожны пяты ня ў стане аплочваць жытло
У дзятлаўскім пасёлку Гезгалы адключаны ад электрычнасьці і вады 60 сем’яў. А даць працу ўлады могуць даць толькі двум са 150 неплацельшчыкаў. Гезгалы — былы вайсковы гарадок ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня. У казармах улады стварылі калёнію-пасяленьне для асуджаных за розныя злачынствы, а вось у жылых дамах пасьля выезду расейскіх афіцэраў апынулася мноства сацыяльна неўладкаваных людзей. Кватэры ў пасёлку каштавалі вельмі танна, і на гэта шмат хто спакусіліся, нават жыхары сталіцы. У фірмах, што займаюцца продажам нерухомасьцю, ім рэклямавалі Гезгалы, як пасёлак сярод сасновага бору зь вялікім вадасховішчам, карацей – амаль санаторый. Аднак там няма дзе працаваць, жыхары езьдзяць у Дзятлава ды ў іншыя навакольныя мясьціны. Але працу маюць далёка ня ўсе. У выніку гаспадары амаль 150 кватэраў (гэта каля 20 адсоткаў ад усёй колькасьці) ня плацяць за камунальныя паслугі, 60 кватэраў ужо адключылі ад вады ды электрычнасьці. Дарэчы, у некаторых з гэтых людзей ёсьць непаўнагадовыя дзеці. Раённыя ўлады стварылі адмысловую камісію на чале з намесьнікам старшыні выканкаму П.Чырко, каб пастарацца палепшыць сытуацыю ў пасёлку. Вырашана "актывізаваць работу для пагашэньня запазычанасьці жыхароў за камунальныя паслугі", павысіць грамадзкую бясьпеку ў пасёлку, а таксама паспрабаваць знайсьці працу хаця б для некаторых неплацельшчыкаў. Рэальна, праўда, пакуль спрабуюць працаўладкаваць толькі двух жыхароў. Камісія пачынае абсьледаваць усе сем’і, што апынуліся у фінансава-безнадзейным становішчы, для кожнай будзе распрацаваны "індывідуальны плян" для выхаду з "крызыснага стану". Алесь Кавалёў 23.11.2006
Фільм для расейцаў пра беларусаў здымаюць у Горадні
Карціна будзе апавядаць пра барацьбу зь "ляснымі братамі". У савецкім стылі ўсяго тры "смершаўцы" атрымаюць перамогу над цэлым атрадам Арміі Краёвай. Доблесныя "сьмершаўцы" пасьля заканчэньня вайны па дарозе ў Маскву спыняюцца, каб выкарыстаць свой досьвед і дапамагчы мясцовым ваенным уладам. "СМЕРШ" расшыфроўваецца як "Сьмерць шпіёнам". Гэта карная установа, якая вылоўлівала шпіёнаў і дывэрсантаў, але і пакінула па сабе ў часткі жыхароў Беларусі досыць гнятлівыя ўспаміны. Будучую чатырохсэрыйную карціну пад назвай "Тыдзень адпачынку" здымае сёньня вядомы маскоўскі рэжысэр Зінові Ройзман. Рэдактар фільму Алена Дзенісевіч зазначае адносна сюжэту, што атрад "акаўцаў" тэрарызуе мірнае насельніцтва, хаця мае на мэце змаганьне з савецкай уладай, асабліва з вайсковымі прадстаўнікамі. Справіцца зь ляснымі братамі мясцовыя ўлады ня могуць. Кіруе "ляснымі" Юзаф з Польшчы, "які вызначаецца фанатызмам". "Сьмершаўцы" знаходзяць з дапамогай мясцовага насельніцтва гэтую банду і перамагаюць, але вельмі вялікай крывёй", – зазначае спадарыня Дзенісевіч. Падзеі фільму разгортваюцца увосень 1945-га ў заходнебеларускім горадзе, таму старая гарадзкая забудова, асабліва дамы без шклопакетаў, надзвычай прываблівае кінематаграфістаў. Алена Дзенісевіч падкрэсьлівае: у Горадні неаднаразова здымаліся фільмы і прыгадала колішнія "Белыя росы", а таксама больш сьвежую экранізацыі "У жніўні 44-га". Звычайна здымачная група разьмяшчаеца ў гатэлі "Беларусь", як і гэтым разам. Удзельнічаюць у фільме расейскія і беларускія акторы: Яўген Нікіцін, Сакалоў, Ягораў, Кацярына Усьцінава, Антон Макарскі ды іншыя. Рэжысэр Ройзман ужо здымаў сэрыял у Беларусі, які неўзабаве выйдзе на экраны. Апошнія яго вядомыя ў Расеі фільмы "Блізьняты" і "Паляваньне на асфальце". Займаецца цяперашнімі здымкамі буйная прадусарская арганізацыя "Цэнтралпартнёршып". Алесь Кавалёў 18.11.2006
Бароняцца ад палякаў, а паміраюць з-за расейцаў
У заставу "Падліпкі" на мяжы з Польшчай уклалі траціну мільярда рублёў. Аднак нелегалы і кантрабанда трапляюць у Гарадзеншчыну праз расейскую мяжу. Апроч кіраўніка памежных войскаў генэрал-лейтэнанта Аляксандра Паўлоўскага, на заставу прыехалі старшыня Гарадзенскага абласнога Савету Аркадзь Карпуць, намесьніца старшыні аблвыканкаму Марыя Бірукова, драбнейшае начальства з БРСМ і нават старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандар Антоненка. Улады пахваляюцца, што рамонт заставы за 300 мільёнаў рублёў рабілі "всем миром". 100 мільёнаў даў аблвыканкам, зазначыла спадарыня Бірукова. За тое яна атрымала ад генэрала Паўлоўскага спэцзнак "За дапамогу памежным войскам у ахове дзяржаўнай мяжы". Былі падарункі і самім памежнікам. Напрыклад, чыноўнік Валеры Клімовіч (былы кіраўнік абласнога БРСМ) з Гарадзенскага райвыканкаму прывёз газонакасілку. На адкрыцьці вырашылі: калектыў заставы будзе змагацца за прысваеньне яму "ганаровага званьня імя Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі". Бо на рамонт заставы паступілі сродкі з усіх абкамаў БРСМ. Марыя Бірукова пахваліла моладзевую арганізацыю: маўляў, "знайшла для сябе ўдарную справу". Але як вядома, "новыя камсамольцы" грошай не зарабляюць, знаходзяцца на ўтрыманьні дзяржавы. Вынікае, тыя фінансы былі бюджэтнымі, як і амаль усе астатнія. За невялікім выключэньнем: у Горадні нядаўна правялі канцэрт папсы, выручку ад якога – 5 мільёнаў рублёў пералічылі "Падліпкам". У многіх выклікае зьдзіўленьне, што назвай абрэвіятуры БРСМ будуць узнагароджваць заставу. Чым такім праславілася за паругадоў існаваньня бюракратычная арганізацыя для кантролю над моладзьдзю? Адзін мужчына заўважыў: толькі нядаўна ў горадзе пазбавіліся недарэчных назваў вуліц і прадпрыемстваў накшталт "40-годзьдзя Перамогі" або "60-годзьдзя Вялікага Кастрычніка", а зараз хочуць зноў адрадзіць такія назовы. Нашыя чыноўнікі, трапляючы на мяжу, часта спрабуюць вярнуцца ва ўчорашні дзень, успамінаюць 1941 год – нібы чакаюць нападу полчышчаў новых ворагаў. Вось і гэтым разам у "Падліпках" зноўку гаварылі пра надзвычайную важнасьць "забесьпячэньня бясьпекі дзяржавы". Але ўсё часьцей з боку гарадзенцаў можна пачуць: ніякай рэальнай пагрозы зь мяжы польскай мы не адчуваем, чаго нельга сказаць пра расейскую. Яна не ахоўваецца, таму да нас свабодна трапляюць нелегалы, а таксама сурагатнае сьпіртное, ад якога апошнім часам людзі дзясяткамі трапляюць у шпіталь, ня могуць вылечыцца, а некаторыя паміраюць. Алесь Кавалёў 14.11.2006
Рыгор Барадулін прэзэнтаваў сваю кнігу "Ксты" гарадзенцам
Ня ўсе чытачы вераць, што ёсьць сэнс паўторна вылучаць гэты твор на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі. Зборнік духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна мае ўжо два выданьні. Першае было дзьвюхмоўным – па-беларуску і па-ангельску. Прадавалася кніга на сустрэчы практычна па сабекошце – удвая таньней, чым у кнігарні. За дзесяць тысяч яе ахвотна набывалі, і да паэта ўзьнікла доўгая чарга па аўтографы. Пакуль дзядзька Рыгор раздаваў іх, сьпяваў хор "Голас душы" зь менскага Чырвонага касьцёлу, які спэцыяльна прыехаў для ўдзелу ў сустрэчы. Затым былі вершы ў аўтарскім выканаьні, выступалі знаўцы, народны паэт адказваў на пытаньні. Аўдыторыя вітала гарадзенца Івана Бурлыку, які пераклаў вялікую частку вершаў з кнігі "Ксты" на ангельскую мову. Гучалі прапановы зноўку вылучаць кнігу і самога паэта на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі ў наступным – 2007 годзе. Але знайшліся і скептыкі. З адным мы паразмаўлялі. Андрэй – кампутаршчык, цікавіцца беларускай літаратурай, чытае часопісы. Ён не купіў "Ксты", і гэта кінулася ў вочы. Андрэй лічыць, што мы не дарасьлі да Нобэлеўскай прэміі. Тым больш няма шанцаў, калі ў Стакгольме заўжды прымаюць пад увагу палітычныя разьлікі. Вось зараз, прыкладам, палітычны момант быў спрыяльны менавіта для Архана Памука: мала таго, што ўся Эўропа заклапочаная дачыненьнямі з Турцыяй, дык пісьменьніка-ляўрэата ледзь не засудзілі за ягоныя погляды й творчасьць. А Рыгора Барадуліна ніхто ў Беларусі не перасьледуе. Дзякуй Богу, канечне, лічыць чытач. Зрэшты, Андрэй нагадаў: сёлета вылучалі адначасова і Рыгора Барадуліна, і Сьвятлану Алексіевіч. З чаго выснова: калі мы і надалей будзем спрабаваць узяць колькасьцю намінантаў, нічога не атрымаецца. Але чытачоў-скептыкаў на сустрэчы з Рыгорам Барадуліным у Горадні былі хіба што адзінкі. Астатнія шчыра верылі: неўзабаве краіна атрымае ўласнага "нобэлеўца". Алесь Кавалёў 13.11.2006
Давыд Гарадзенскі бярэ верх над Аляксандрам Лукашэнкам
У Горадні ідзе конкурс на лепшую назву спэцыяльна пабудаванага для экскурсій па Аўгустоўскім канале судна. Невялікі сучасны цеплаход даставілі ў Горадню зь Пінска на два месяцы пазьней тэрміну – увосень. Таму па адрэстаўраванай напачатку лета беларускай частцы Аўгустоўскага каналу турыстам паплаваць не ўдалося. Экскурсіі адкладзены да наступнага сэзону. Газэта "Вечерний Гродно" абвесьціла конкурс "Прыдумаем імя цеплаходу разам!" Першыя прапановы сьведчаць: людзі збольшага пазбыліся старых савецкіх штампаў і не прапануюць прозьвішчаў бальшавікоў або пралятарскіх пісьменьнікаў. Наадварот, чытачы дэманструюць глыбокія веды айчыннай гісторыі і жаданьне зьвязаць назву судна з падзеямі альбо асобамі беларускай і гарадзенскай мінуўшчыны. Часта сустракаюцца такія прапановы: "Давыд Гарадзенскі", "Князь Радзівіл", "Адам Міцкевіч", "Эліза Ажэшка", "Кронан" – так на сярэдневечных гравюрах называлася рака Нёман. Адразу некалькі чалавек лічаць вартымі выкарыстаць імёны караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які жыў у Горадні, і Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара славута палянэзу "Разьвітаньне з Радзімай". Іншыя прапануюць імёны караля Стэфана Баторыя – ён зрабіў некалі Горадню сваёй рэзыдэнцыяй і памёр там. У рэдакцыю нават зьвярнуўся жыхар Брэста, ягоная прапанова – "Пагоня". Ёсьць і такія меркаваньні: "Аўгустоўская зорка", "Аўгусьцін", "Уладзімер Мулявін". Сустракаюцца ў чытацкім лістах, зрэшты, і прозьвішчы савецкіх памежнікаў. І толькі адной гарадзенскай сям’і заманулася, каб цеплаход назвалі "Аляксандрам Лукашэнкам". Алесь Кавалёў 13.11.06
Два саюзы сьвяткавалі адну дату ў розныя дні
Беларускія палякі адзначылі Сьвята незалежнасьці паасобку. "Чэсных" падтрымлівалі мясцовыя ўлады, а "нячэсных" – польскае генконсульства. Дзень аднаўленьня незалежнасьці гістарычнай радзімы, што адбылося 11 лістапада 1918 году, вельмі важнае сьвята і для беларускіх палякаў. Напрыклад, у лідзкім Доме польскім сьвята адзначаюць на дзень пазьней – 12-га. У праграме школьнікі з дэклямацыяй вершаў, выступы ансамбляў "Крэсовыя забавы", "Сібірак" ды іншых. Што датычыць Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс, які ўладамі не прызнаецца, дык ягоныя кіраўнікі былі на прыёме, арганізаваным Генэральным консульствам Польшчы 10 лістапада. Гарадзкія ўлады на ім прадстаўляў намесьнік мэра Валянцін Лявонаў. 11 лістапада польскае консульства таксама арганізавала сьвяточны канцэрт у абласной філярмоніі. Паплечнікам Анжалікі Борыс улады не даюць адпачываць: супраць іх заводзяцца ўсё новыя крымінальныя справы, якія цягнуцца месяцамі. Гэта трымае "нячэсных" палякаў у пастаянным напружаньні. Самі яны, дарэчы, вельмі скептычна ставяцца да дзейнасьці афіцыйнага Саюзу, што ўзначальвае пэнсыянэр Юзаф Лучнік. Аднак апошнім часам улады ня надта хочуць фінансаваць апарат ягонай арганізацыі, адмаўляецца ад гэтага і Варшава. Тым ня менш, афіцыйны Саюз палякаў працягвае праводзіць розныя мерапрыемствы. І ня толькі ў Горадні. Напрыклад, справаздачны сход прайшоў у Наваградку. З гордасьцю зазначалася, што раней у тамтэйшай філіі на ўліку стаялі 76 чалавек, а цяпер у два з паловай разы больш. Праўда, у зале пераважалі жанчыны ды школьнікі. Старшыня раённага аддзелу СПБ Ядвіга Лысая паскардзілася, што за памяшканьне даводзіцца плаціць арэнду дзяржаве. І добра, маўляў, што самі ж мясцовыя ўлады дапамагаюць з аплатай. Спадарыня Лысая адзначыла: наваградзцы за апошні год удзельнічалі ў некалькіх мерапрыемствах. Хоць усе яны былі ў Гарадзенскай вобласьці: у Польшчу "чэсных" палякаў не запрашаюць. Яны таксама выяжджалі на экскурсіі, але зноў-такі па Беларусі, паведаміла кіраўніца наваградзкай філіі СПБ. Алесь Кавалёў 13.11.06
Пажар у палацы, якому 200 гадоў
Былы дом віцэ-губэрнатара, у якім узьнік агонь, цяпер зьяўляецца адным з будынкаў Гарадзенскага аблвыканкаму. У суботу 11 лістапада пасьля 12 гадзінаў дня быў заўважаны дым у вокнах адной з самых прыгожых старых камяніц гораду, што стаіць на вуліцы Элізы Ажэшкі, 3. Яна пабудаваная ў стылі клясыцызму. Адразу пачалі зьбірацца людзі, якія абмяркоўвалі здарэньне, фатаграфавалі мабільнымі тэлефонамі палац. Неўзабаве зьявіліся пажарныя, якія разьбілі вокны, паставілі лесьвіцы, каб падняцца на другі паверх, адкуль ішоў дым. На месцы здарэньня знаходзіліся некалькі пажарных машын. Там жа зьявіўся старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка. У былым палацы, у прыватнасьці, месьціцца выканкамаўская сталоўка, зь якой злучаны другі будынак, дзе знаходзіцца кухня. Апошнім часам у сталоўцы адбываўся рамонт. Алесь Кавалёў 11.11.06
Новыя ахвяры сурагатнай гарэлкі
У Ашмянах знойдзена вялікая партыя дэзінфэктнага сродку з Расеі. Мяркуюць, што з яго быў выраблены алкаголь, які стаў сьмяротным для сямі чалавек. Чатыры чалавекі памёрлі ў Ашмянах і па адным — у Смаргоні, Горадні і ў Лідзкім раёне. У Ашмянах затрымалі двух распаўсюджвальнікаў сурагатнай гарэлкі: пэнсыянэрку і мужчыну 35 гадоў. Распачата крымінальная справа. Знойдзена вялікая партыя дэзінфіцыруючага сродку "Экстрасэптам-1", які атрыманы са Смаленскай вобласьці. Ён выраблены на валгаградзкім заводзе бытавой хіміі. На сродку ўказана, што калі ён трапіць на скуру, яго неабходна абавязкова змыць вадой. Сёньня ў гарадзенскую бальніцу хуткай дапамогі даставілі пяць новых хворых з Ашмянаў. Там няма свайго аддзяленьня таксікалёгіі. Усяго ў Горадні — у гэтай бальніцы і ў абласной знаходзяцца дваццаць пацярпелых з Ашмяншчыны. Паўсотні хворых знаходзяцца ў ашмянскай бальніцы і з дзясятак — у вясковых. Адзін з мэдыкаў нам паведаміў: у Горадню дастаўляюць толькі тых, у каго ўзровень білірубіну ў крыві дасягае аж 500-600 мілімоляў на літр, што сьведчыць пра высокую ступень паражэньня печані. У каго гэты паказчык, 20-40, тых лечаць у Ашмянах. Хворыя на гепатыт паміраюць ад адміраньня клетак печані. Таксін мэдыкамі пакуль ня вызначаны, але ён настолькі моцны, што некаторым хворым нават не дапамагае працэдура поўнага ачышчэньня крыві. Прыблізна палова хворых выяўлена дактарамі і ўчастковымі міліцыянтамі, якія робяць абыход дамоў, вышукваючы людзей, у якіх ёсьць пажаўценьне скуры і вачэй. У крамах, на прыпынках у Ашмянах расклеены абвесткі. Грамадзянаў заклікаюць паведамляць пра месцы знаходжаньня сьпірту і сурагатнага алкаголю. Раённыя ўлады абяцаюць узнагароду, неафіцыйна гаворыцца пра 600 тысяч рублёў. Па меркаваньнях жыхароў абласнога цэнтру такі, звычайна бяруць падробку тыя, хто хоча сэканоміць і таму закрывае вочы на паходжаньне напою, а значыцца — і на ягоную якасьць. З аднаго боку, гэтым людзям не хапае грошай на выпіўку, з другога — яны занадта часта ўжываюць моцныя напоі, п’юць штодня. І колькасьць такіх расьце. Людзі таксама выказываць занепакоенасьць і гавораць, што улады павінны перакрыць каналы паступленьня сурагатнага алкаголю з Расеі. Дарэчы, па расейскаму каналу "Вести" на днях перадалі, што за апошні час у Расеі атруціліся сурагатным алкаголем пяць тысяч чалавек і трыста памёрлі. Толькі ў адным Кузбасе сёлета атруціліся падробнай гарэлкай дзьве тысячы аматараў выпіць. За год там памірае звыш 40 тысяч чалавек. Такая статыстыка. У нас у вобласьці і ў краіне агулам лічбы пакуль што значна меншыя. Але калі параўнаць колькасьць насельніцтва ў Расеі і ў Беларусі, дык ёсьць над чым задумацца. Алесь Кавалёў 11.11.06
Афіцыйная ідэалёгія выключае альтэрнатыву сабе
У гарадзенскай вэртыкалі лічаць, што беларуска-польская дружба павінна разьвівацца толькі па адным – яе сцэнары. Усе іншыя варыянты лічацца антыдзяржаўнымі. Улады зрабілі шмат намаганьняў, каб у Горадні адбылася польска-беларуская канфэрэнцыя "Шлях да ўзаемнасьці". Прыехалі беларускія фальклёрныя гурты зь Беласточчыны, а таксама навукоўцы з розных унівэрсытэтаў. Кіравала афіцыйнай часткай мерапрыемства намесьніца старшыні аблвыканкаму Марыя Бірукова – ідэалягічная начальніца. Канфэрэнцыя праходзіць раз на год па чарзе, у Беластоку і Горадні. Узьнікла ініцыятыва ў дэмакратычныя часы – 14 гадоў таму. Тады Саюз палякаў Беларусі і Беларускае грамадзка-культурнае таварыства ў Польшчы дамовіліся праводзіць гістарычныя чытаньні, часта на праблемныя ва ўзаемных дачыненьнях тэмы. Пазьней, калі кіраўніцтва БГКТ заняло адкрыта пралукашэнкаўскую пазыцыю і пасварылася з-за гэтага з дэмакратычнымі беларускімі арганізацыямі на Беласточчыне, СПБ на чале з Тадэвушам Гавіным адмовіўся супрацоўнічаць зь ім. Тады ініцыятыву перанялі ўлады. Сёньня гэта козыр вэртыкалі, які нібыта паказвае, што ў адносінах да польскай меншасьці ўсё ў парадку, разьвіваюцца, маўляў, і культурныя сувязі з РП. Пагатоў пасьля канфэрэнцыі адбыліся традыцыйныя "Артыстычныя сустрэчы: Горадня-Беласток". Гасьцей, дарэчы, завезьлі на Аўгустоўскі канал, паказалі, як ён дыхтоўна адбудаваны. Маўляў, будзе зноўку злучаць беларускую тэрыторыю з польскай, ушчыльняць кантакты. Старшыня управы БГКТ Ян Сычэўскі падкрэсьліў, што цяперашняя імпрэза наладжана дзякуючы сувязям з Саюзам палякаў. Зазначым: члены якога даўно ня бачылі сваёй гістарычнай радзімы, Польшчы, бо іх там бачыць не жадаюць. Польскія ўлады па-ранейшаму падтрымліваюць Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс. У сваю чаргу беларускія ўлады абвясьцілі яго нелегітымным. Адначасова з параднымі мерапрыемствамі ў Горадні адбыліся іншыя падзеі з "польскім акцэнтам". Так, заведзеная крымінальная справа аб нібыта кантрабандзе наркотыкаў супраць актывіста Саюзу палякаў Анджэя Лісоўскага, кіроўцы аўтамабіля Анжалікі Борыс. Яны вярталіся зь Вільні, дзе адбылася нарада ўдзельнікаў міжнароднай арганізацыі паланійных згуртаваньняў з розных краінаў. Машыну спынілі беларускія мытнікі, шэсьць гадзінаў яе аглядалі, а потым выцягнулі нібыта зь люстэрка мяшэчак зь нейкім парашком. Праз два дні зьявілася інфармацыя: гэта наркотык. Адразу заявілі – гашыш, потым удакладнілі – амфетамін. Пасьля гэтага спадара Лісоўскага абвясьцілі падазраваным, а саму Анжаліку Борыс сьведкай у крымінальнай справе. І апошняя польска-беларуска-літоўская падзея, што адбылася 2 лістапада. Гэта выстава "Наша Горадня", карціны для якой намалявалі польскія, беларускія й літоўскія мастакі. Выставачная заля належыць гарадзкім уладам, таму нічога дзіўнага, што на адкрыцьці зьявілася кіраўніцтва гарвыканкаму. Але прысутныя вельмі зьдзівіліся, калі ўсе яны раптоўна пакінулі залю. Чаму? На выставу прыйшла Анжаліка Борыс. Недзяржаўны, на іхнюю думку, чалавек. Алесь Кавалёў 03.11.2006
Аграномы і заатэхнікі ўцякаюць у міліцыю ды пажарнікі
На Наваградчыне даяркам няма дзе памыцца, расьце траўматызм і не зьмяншаецца бягучасьць кадраў. У Навагрудзкім раёне сёлета загінулі шэсьць працаўнікоў, у тым ліку вяскоўцаў. Хаця цяпер калгасы часьцей называюць "сельска-гаспадарчымі вытворчымі каапэратывамі", сутнасьць іх засталася савецкай. Па-ранейшаму, звычайная даярка, трактарыст нічога не вырашаюць і ад іх нічога не залежыць. Больш за тое, на іх можна нават эканоміць. Ва ўсякім разе, так робіцца ў некаторых калгасах на малочных фэрмах. Раённая інспэкцыя працы правяла праверку, і высьветліла, што на паасобных фэрмах — аварыйныя ўмовы, а гэта рэальная пагроза для жыцьця працаўнікоў. На кожнай пятай зь іх выяўлена, што неабгароджаны зубчатыя ды іншыя часткі мэханізмаў. Неасьцярожна сунуў руку, або не заўважыў, як зацягнула рукаво ці крысо вопраткі — і ўсё. Якраз такі выпадак здарыўся нядаўна ў раёне. Загінуў рабочы, якому не было яшчэ сарака гадоў. На Наваградчыне спынена праца каля трыццаці мэханізмаў, якія ўяўлялі небясьпеку для людзей. На буйных фэрмах нярэдка неабгароджаны жыжазборнікі, што названа адным з самых небясьпечных парушэньняў. Не заўважыў куды ідзеш — і можаш разьвітацца з жыцьцём. Найгорш ў гэтым сэнсе на сьвінакомплексе ў Оркавічах. Паводле Васіля Красакова, кіраўніка міжраённай інспэкцыяй працы, даяркам павінны бясплатна выдаваць уцепленыя камізэлькі, галаўныя ўборы, як таго вымагаюць зацьверджаныя нормы. Аднак у калгасах нярэдка яны гэтага не атрымліваюць. Трэба дадаць, што на абсалютнай большасьці фэрмаў няма душу, а вулічныя туалеты — у жахліва занядбаным стане. Аднак калгасьнікі ня ведаюць іншых умоў. Сёньня аграномы, заатэхнікі, бухгалтары, эканамісты пры любой магчымасьці зьмяняюць працу. У сельскай гаспадарцы захоўваецца вялікая бягучасьць кадраў. За 18 месяцаў 84 спэцыялісты пакінулі працу ў наваградзкіх калгасах. Яны імкнуцца зьмяніць яе на службу ў міліцыі ці ў раённым аддзеле міністэрства надзвычайных сытуацыяў, або ў нейкай гарадзкой канторы. Алесь Кавалёў 01.11.06
Гарадзенскі палац пачатку ХІХ ст. загарэўся ад іскры
Паводле галоўнай вэрсіі службы ратаваньня, гістарычны будынак пацярпеў ад працы брыгады рамонтнікаў. Мы паведамлялі ўжо аб пажары ў былым гарадзенскім палацы віцэ-губэрнатара, які сёньня належыць аблвыканкаму. Служба МНС зрабіла папярэднія высновы наконт здарэньня: ад выпадковай іскры загарэўся ўцяпляльнік у драўляным перакрыцьці паміж двума паверхамі. Тушэньне ўскладнялася “наяўнасьцю разгалінаванай сыстэмы вэнтыляцыйных каналаў, а таксама моцным задымленьнем усяго будынку”. Пажарных, дарэчы, выклікалі самі будаўнікі, калі ўбачылі дым у памяшканьні, гэта зрабіў майстар БУ-211 С.Янушэўскі. Трэба сказаць, што пажар узьнік у правай частцы будынку, дзе на першым паверсе месьціцца знакамітая “сталоўка аблвыканкаму”. Там адбываўся капітальны рамонт, і яна не працавала. Над ёй – заля пасяджэньняў, дзе старшыня аблвыканкаму У.Саўчанка сустракаўся таксама з замежнымі прадстаўнікамі – ад кітайцаў з індусамі да кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў краінаў Эўразьвязу. Што датычыць сталоўкі, дык у ёй да рамонту рэгулярна адбываліся вясельлі, і мне неаднойчы даводзілася бачыць “вясельнага маршалка”, дакладней тамаду – “Сярдзючку” на ганку з цыгарэтай. Дарэчы, паміж калёнамі двухзсотгадовай камяніцы вісела празаічная шыльда “Сталовая”. Гісторык Ігар Трусаў паведаміў нам, што палац зьяўляецца ўзорам раньняга расейскага клясыцызму. Такія будынкі рабілі паводле тыпавых чарцяжоў, але прывязаных да мясцовасьці. Архітэктар, напрыклад, унёс невялікія зьмены ў дэкор фасаду. Грунтоўна пабудаваных старых камяніц, аднак, у нас вельмі мала, таму палац “уяўляе значную каштоўнасьць, асабліва ў комплексе гарадзенскай забудовы”, зазначыў гісторык. І дадаў: такі помнік архітэктуры ў Горадні ўвогуле адзіны. Служба ратаваньня таксама паведаміла, што ў цагляным будынку памерам 12 на 50 мэтраў пашкоджана было міжпавярховае перакрыцьце на плошчы 20 квадратных мэтраў. На пажар выяжджалі чатыры аддзяленьні – 14 пажарных. Алесь Кавалёў 15.11.2006
Усё больш беларусаў езьдзяць у Польшчу
Гарадзенскае консульства сёлета выдала больш за 85 тысяч візаў, гэта прыблізна на 11 тысяч болей, чым за такі ж час летась. Аднаразовых візаў было, праўда, выдадзена на 18 адсоткаў меней, затое працягласьцю да паўгода – больш на 16 адсоткаў. Часьцей сталі езьдзіць у Польшчу з бізнэсовымі мэтамі, але колькасьць турыстычных паездак зьменшылася. Дыпляматы лічаць, што наведнікі папросту сталі больш шчырымі, калі паведамляюць пра мэты паездкі ў Польшчу: часьцей прызнаюцца, што едуць на “шопінг”. Калі нядаўна ў Горадні былі дыпляматы краінаў Эўразьвязу, у консульстве ім зазначылі, што праблемы вялізных чэргаў тут нібыта няма. Хаця пры разьліку на штодзённую выдачу 400 візаў рэальна выдаецца іх 450-500. Амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі тады прапанаваў паставіць перад консульствам электронны апарат накшталт банкамату, каб зарэгістравацца ў чарзе па візу можна было ў любы час: атрымаць квіток і спакойна чакаць дня здачы дакумэнтаў. Падобная працэдура давала б таксама магчымасьць запісацца на чаргу па візу ў любое пасольства ў Менску. Другая праблема – чэргі на беларускай мяжы. Нават з польскага боку даводзіцца чакаць па дзесяць гадзінаў. Цікава, што паслы краінаў Эўразьвязу пасьля візыту ў Горадню паехалі ў Літву, але на мяжы на КПП “Прывалка” ім давялося чакаць пропуску больш за гадзіну. Замежныя дыпляматы зрабілі адпаведныя высновы: каб зьменшыць чэргі на мяжы, трэба адначасова паляпшаць работу мытных ды памежных службаў, будаваць новыя пераходы. У Гарадзенскім раёне ёсьць два прыдатныя пункты на мяжы з Польшчай – Бяляны і Сафіёва. Алесь Кавалёў 16.11.2006
Празь сем гадоў губэрнатар заўважыў дрэннае асьвятленьне вуліц
Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка пракантраляваў работу электрасетак. Шафёр адмыслова праехаў па начных вуліцах. Пасьля на штотыднёвай плянёрцы спадар Саўчанка заявіў падначаленым: там цёмна, а ў лепшым разе недастаткова сьветла. Загадана даць яго больш. Зразумела, з такім пажаданьнем спрачацца ніхто ня будзе. Дзіўна толькі, што чалавек, які кіруе вобласьцю амаль сем гадоў, толькі зараз зрабіў "адкрыцьцё" наконт вулічных ліхтароў. І тут варта дадаць - якраз сёньня Горадня асьвятляецца значна лепей, чым раней. Падобна як у сталіцы, цяпер ўвечары падсьвечваюць будынкі, касьцёлы, пастаўлена нямала новых, мацнейшых ліхтароў і асьвятляльнікаў, таму ў горадзе мінакі адчуваюць сябе значна ўтульней. Канечне, няма межаў для ўдасканаленьня: чым сьвятлей, тым лепей. Але атрымліваецца, што калі на большасьці вуліц было напраўду цемнавата, начальства гэтага чамусьці не заўважала. Алесь Кавалёў 28.11.2006
Гарадзенскіх будаўнікоў хочуць вярнуць з Расеі дадому
У аблвыканкаме лічаць, што яны павінны ўзводзіць жыльлё на радзіме, а не дапамагаць суседзям. Маўляў, вось гэта сапраўды дзяржаўны падыход да справы. Такая зьмена курсу вельмі кантрастуе зь нядаўнімі заявамі той жа самай вэртыкалі, якая імкнулася ўмацоўваць пазыцыі сваіх будаўнічых арганізацыяў у Падмаскоўі і ў Калінінградзкай вобласьці. Дэлегацыі адтуль сёлета некалькі разоў наведвалі Горадню, прагучала шмат слоў і тостаў пра умацаваньне дружбы, супрацоўніцтва ў межах так званай "саюзнай дзяржавы". Асабліва шмат працавалі ў Расеі рабочыя "Гроднапрамбуду". Гэта – толькі афіцыйна. А нямала іншых жыхароў вобласьці ехалі да суседзяў самастойна ці па закліку розных пасярэднікаў, каб паспрабаваць зарабіць на расейскіх будоўлях. Прагучала ў аблвыканкаме яшчэ адна ідэя, на якую ўсе зьвярнулі ўвагу. Маўляў, некаторыя багатыя гарадзенцы ўкладаюць грошы ў нерухомасьць, купляюць па некалькі кватэраў у новых дамах. А трэба такое жытло прапаноўваць перш за ўсё тым, каму няма дзе жыць, але хто мае грошы на кватэру… Між тым сёньня любому вядома: калі ў цябе напраўду ёсьць патрэбная сума, праблемы з самой пакупкай быць ня можа – у газэтах рэгулярна прапануецца купляць кватэры ў новабудоўлях. Алесь Кавалёў 29.11.2006
Даў трыццаць даляраў – атрымаў тры месяцы
Літоўскі грамадзянін спрабаваў даць хабар нашаму памежніку. У выніку замест паездкі ў Польшчу трапіў у беларускую турму. Андрэяс Я. зьдзівіўся доўгай чарзе на КПП "Бераставіца", што на мяжы з Польшчай. Такіх чэргаў легкавікоў на мяжы Літвы і Беларусі не бывае. Яму хацелася хутчэй трапіць у суседнюю Польшчу, пра што і паведаміў кіраўніку памежнай зьмены. Пры гэтым даў пашпарт, паклаўшы ўнутр 30 даляраў ЗША. Суд кваліфікаваў гэта як замах на дачу хабару. Літоўскаму грамадзяніну, можна сказаць, пашанцавала: яго пакаралі ўсяго трыма месяцамі арышту. Гэты факт расцанілі па-рознаму. Афіцыйная прапаганда сканцэнтравала ўвагу на непадкупнасьці беларускага памежніка. Аднак шарагоўцы кажуць, што такімі мізэрнымі сумамі афіцэраў ды прапаршчыкаў толькі раздражняюць. За пацьвярджэньнем далёка хадзіць ня трэба: зусім нядаўна прайшлі судовыя працэсы над мытнікамі, падчас якіх былі названыя вельмі значныя сумы атрыманага імі хабару. За краты, як вядома, трапляюць ня толькі тыя, каму даюць. Хоць зрэдку, але бяруць пад варту і хабарадаўцаў. Днямі такая гісторыя адбылася ў Гарадзенскім раёне. Кабета без пасьведчаньня кіроўцы і нападпітку ехала на машыне, і яе спынілі супрацоўнікі міліцыі. У пастарунку жанчына паспрабавала адкупіцца за 100 даляраў. У выніку распачата крымінальная справа аб дачы хабару. Чым усё закончыцца, пакуль невядома. Алесь Кавалёў 29.11.2006
Лука адмаўляецца кансультаваць кандыдатаў у дэпутаты
Такая дапамога з боку інспэктараў фактычна забароненая Міністэрствам па падатках і зборах у лісьце № 2/5-4859 ад 19.10.2006 году. Сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту і кандыдат у дэпутаты Гарадзенскага абласнога савету Раман Юргель паведамляе, што яшчэ 27 лістапада зьвярнуўся за кансультацыяй у інспэкцыю Міністэрства па падатках і зборах Ленінскага раёну абласнога цэнтру. Са словаў Рамана, у прыёмнай яму параілі атрымаць кансультацыю ў Ніны Лука – загадчыцы аддзелу па кансультацыях. Наведнік патлумачыў, што на патрабаваньне Гарадзенскай гарадзкой тэрытарыяльнай камісіі ён мусіць прад'явіць фінансавую дэклярацыю аб прыбытках, атрыманых у 2005 годзе. Кандыдат у дэпутаты цікавіўся ў інспэктара, як правільна запоўніць дэклярацыю. Паведаміў пра фінансавую дапамогу службы занятасьці як часова беспрацоўнаму. Спадарыня Лука адказала, што кансультаваць ня стане. Прычыны не патлумачыла. Раман Юргель запатрабаваў кнігу скаргаў і прапановаў. І ў гэтым адмовілі. Да абражанага Юргеля накіраваўся інспэктар-мужчына і ўжо на калідоры таямніча паведаміў пра існаваньне міністэрскага ліста №2/5-4859. Таксама 27 лістапада кандыдат у дэпутаты Святлана Рудкоўская атрымала ад варот паварот у інспэкцыі МНС Ленінскага раёну. Па просьбе жанчыны я зьвярнулася ў міністэрства. Супрацоўнік па сувязях з прэсай Аляксандр Жыгуліч у гутарцы спасылаўся на вялікую занятасьць падатковай службы напрыканцы году. Акрамя таго, ён перакананы, што кандыдат у дэпутаты сам мусіць быць "адукаваным і сумленным" пры ўнясеньні зьвестак у дэклярацыю. Раман Юргель і Святлана Рудкоўская лічаць сытуацыю правакацыйнай. Яны кажуць, што ў выпадку памылкі пры афармленьні дэклярацыі кандыдатаў ад дэмсілаў будуць здымаць з выбарчай гонкі. У сераду Р.Юргель і С.Рудкоўская накіравалі сумесную заяву ў Гарадзенскую абласную выбарчую камісію. Кандыдаты ў дэпутаты патрабуюць унікнуць ў сытуацыю, паўплываць на падатковую інспэкцыю. У адпаведнасьці Выбарчаму кодэксу Беларусі, адказ заяўнікі мусяць атрымаць не пазьней, як 30 лістапада, у чацьвер. Галіна Баравая 30.11.2006 |