Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members prynyamonne Гродна Прынямоньне № 8, жнівень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прынямоньне № 8, жнівень

Незалежных назіральнікаў улады не вітаюць

Праз скаргі і пратэсты актывісты дамагаюцца свайго права ведаць і інфармаваць.

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Горадні Раман Юргель ад раніцы сёньня каравуліць ля дзьвярэй кабінэту дырэктара мясцовага кінатэатру "Кастрычнік" Уладзімера Хлябіча. Сябра апазыцыі кажа, што напярэдадні праз тэлефон не ўдалося дазнацца на які час прызначана тут паседжаньне Занёманскай выбарчай акругі №49, дзе мусіць адбыцца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты.

– Тут вылучаецца найбольшая колькасьць сябраў апазыцыі, – паведамляе Раман Юргель. – Вадзім Саранчукоў ад АДС, былы палітвязень Аляксандар Васільеў і былы дэпутат Гарадзенскага гарсавету Сяргей Кузьмянок. Яны – супернікі старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандра Антоненкі, а таксама яшчэ аднаго вылучэнца ад ўлады – дзейнага дэпутата і старшыні парлямэнцкай камісіі па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Сяргея Камянецкага.

Раман Юргель зьвяртае ўвагу, што спадары Саранчукоў, Васільеў і Кузьмянок ужо напісалі ў камісію калектыўную скаргу на мэра Горадні Антоненку. 25 сакавіка ён арганізаваў прыём грамадзянаў у кабінэце дырэктара ЖЭС №20. Гутарыў зь людзьмі, а пасьля заявіў, што ўсе іхныя скаргі і пажаданьні улічыць ў сваёй будучай дэпутацкай дзейнасьці.

– Слова – не верабей. Апазыцыянэры запісалі на дыктафон заўчасную прапаганду Аляксандара Антоненкі, – кажа Раман Юргель, – гэта наўпроставы доказ заўчасна распачатай агітацыі. Што забараняе выбарчы кодэкс Беларусі.

Каб папярэдзіць фальшаваньні ў іншых акругах Гародні, незалежныя назіральнікі імкнуцца патрапіць таксама на паседжаньні Гарадзенскай-Цэнтральнай №50, Гарадзенскай-Паўночнай №51, Гарадзенскай сельскай акругі №52. Адпаведна за імі замацаваныя назіральнікі Іосіф Нячай, Сьвятлана Рудкоўская, Андрэй Мялешка, Андрэй Янушкевіч.

Пра асабістыя скаргі і пратэсты дамагаецца свайго права ведаць становішча ў Мастоўскай выбарчай акрузе №56 назіральнік ад БХК Алег Рамашкевіч. Усе свае паседжаньні камісія праводзіць у Бераставіцы, паколькі гэта своеасаблівы геаграфічны цэнтар акругі. Натуральна, спадар Рамашкевіч скарыстоўвае зручную для яго сытуацыю, але кажа, што чыноўнікі ад улады чыняць перашкоды:

– Яны абманулі мяне, калі праводзілі першае паседжаньне. Давялося зьвярнуцца са скаргамі ў Мастоўскую пракуратуру, а таксама ў ЦВК. Затое сёньня папярэдзілі, што будуць зьбірацца ў 16.00.

Алег Рамашкевіч інфармуе: прэтэндэнтамі ў кандыдаты па Мастоўскай акрузе №56 вылучаюцца дзейны дэпутат Мастоўскага райсавету, прадстаўнік АДС Зьміцер Кухлей і Васіль Сьцяпура, намесьнік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму.

Старшыня БХК Алег Гулак паведаміў – незалежныя назіральнікі сочаць за працай усіх 110 акруговых камісій. Ён кажа, што зь месцаў штодня паступае апэратыўная інфармацыя:

– І гэты маніторынг выявіў ужо больш як 60 сур’ёзных парушэньняў з боку ўлады. Інфармацыя аналізуецца. Мы ўжо сёньня можам прад’явіць міжнароднай супольнасьці факты, што ў Беларусі вядзецца падрыхтоўка да фальшаваньня выбараў.

Галіна Баравая

27.08.2008

Кінулася ў полымя, каб выратаваць грошы

Незвычайнае здарэньне на пажары адбылося на Гарадзеншчыне: ужо выратаваная з агню жанчына пабегла ў палаючы дом і не вярнулася…

У вёску Карыца Дзятлаўскага раёну сын прыехаў пагасьцяваць да маці. Увечары ў доме здарыўся пажар. Сыну ўдалося спачатку ўратаваць маці, ён вывеў яе з палаючага дому на вуліцу. Аднак яна без усялякіх тлумачэньняў зьнянацку кінулася назад. Мужчына накіраваўся ў дом паўторна, але ня здолеў гэтым разам дапамагчы ёй.

Супрацоўнікі службы МНС, пасьля пачатковага расьсьледаваньня, мяркуюць, што прычынай пажару мог стаць недакурак.

Ёсьць і вэрсія, чаму жанчына кінулася ў агонь, у якім загінула. У доме ў яе былі схаваныя грошы, атрыманыя за здадзеную карову, а таксама пэнсія.

Сын, які спрабаваў двойчы ратаваць маці, з апёкамі дастаўлены ў шпіталь.

Алесь Кавалёў

20.08.2008

Што рабіць з Аўгустоўскім каналам?

Каб нейк падыграць уладам, "лукамольцы" вырашылі запрасіць з Масквы аднагодкаў і правесьці зьлёт "Моладзь за саюзную дзяржаву".

Мясцовае начальства моцна крытыкуюць за тое, што за два гады пасьля заканчэньня рэканструкцыі, якая каштавала мільярды, на канале нічога не пабудавалі, яго ніяк не выкарыстоўваюць. Але відавочна, што патрыятычныя камсамольскія мерапрыемствы наўрад ці дапамогуць у гэтай справе.

Нядаўна сам старшыня дзяржкантролю Зянон Ломаць крытыкаваў гарадзенскае абласное начальства за тое, што ўкладзеныя сродкі не акупляюцца. Цікава, што гатэлік для турыстаў у вёсцы Нямнова, які, плянавалася, пабудуюць прадпрымальнікі, абавязалі цяпер будаваць аблвыканкам. Маўляў, дзяржаўныя грошы ўкладалі, а зарабляць на канале будуць прыватнікі?..

На крытыку начальніка адрэагаваў і абласны дзяржкантроль: праведзена нарада, прааналізавана становішча, зроблены высновы, даволі несуцяшальныя, трэба сказаць. Напрыклад, на канале адсутнічаюць патрэбныя камунікацыі – няма каналізацыі, газазабесьпячэньня і гэтак далей,  нават артэзіянскай сьвідравіны няма. А значыцца адсутнічае магчымасьць збудаваць гатэлі, крамы, рэстарацыі і кавярні, карацей – менавіта тое, што патрэбна турыстам і адпачыньнікам. Што датычыць выязнога гандлю, ён сябе не апраўдвае і ня можа даць патрэбных вынікаў, каб на канал масава паехалі адпачываць хаця б жыхары самой Горадні, насельніцтва якой вырасла да 325 тысяч чалавек.

Алесь Кавалёў

15.08.2008

Каментар

За зборам подпісаў сочаць міліцыянты

15 жніўня Аляксандар Мілінкевіч у роднай Горадні ўдзельнічае ў пікеце для збору подпісаў за аднога з кандыдатаў ад партыі БНФ.

Працягваюць вулічны збор і сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Яны правялі такі пікет упершыню 14 жніўня. Як паведаміў нам кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін, каля міні-рынка "Фарты" агітавалі за намесьніка кіраўніка сваёй партыі Яраслава Раманчука, які зьбіраецца балятавацца ў Гарадзенскай-Паўночнай акрузе №51.

Напачатку да партыйцаў падышлі міліцыянты ў цывільным, запатрабавалі дакумэнты на правядзеньне пікету, спрабавалі забараніць карыстацца сьцягам АГП. Затым зьявілася спадарыня з акруговай камісіі, яна склала пратакол за тое, што да пікетоўцаў пазьней далучыўся сам спадар Раманчук. А, маўляў, ня меў права зьяўляцца, патлумачыла яна. Тым ня менш сабралі больш за сто подпісаў, і будуць працягваць свае пікеты да канца дня 17 жніўня, сказаў нам Юры Істомін.

Дарэчы, побач з пікетам сябраў партыі БНФ Сяргея Антусевіча і Вадзіма Саранчукова на вул.Савецкай увогуле стаяла міліцэйская дзяжурная машына.

У гарадзенскай абласной кааліцыі АДС працягваюць абмяркоўваць сьпісы членаў участковых камісій, што надрукаваныя ў "Гродзенскай праўдзе". Мясцовыя апазыцыянэры, якім цалкам адмовілі ўдзельнічаць у камісіях, расцэньваюць дзеяньні ўладаў як вельмі цынічныя. Участкі, напрыклад, разьмешчаныя ў мэдычных установах. І калі гэта абласны скурвэндыспансэр, то ў камісіі вэнэролягі і дэрматолягі, у іншых шпіталях – анэстэзіёлягі, кардыёлягі, хірургі, пульманолягі, "вуха-горла-носы", спэцыялісты па мікрахірургіі вока, нэфролягі і гэтак далей. Калі яны будуць лячыць хворых? – узьнікае рытарычнае пытаньне ў апазыцыянэраў.

Алесь Кавалёў

15.08.2008

Каментар

На месцы Фары Вітаўта варта паставіць крыж ці шпіль

Беларускія, польскія і нямецкія студэнты зьнялі два дакумэнтальныя фільмы пра гістарычную забудову горада над Нёманам.

Прэм'ерны паказ адбыўся ў мясцовай філіі Таварыства беларускай школы. На яго прыехалі стваральнікі, у прыватнасьці, адны зь кіраўнікоў здымак Томаш Адамскі зь Беластоку і Ірэніюш Яніон з Пшэмышля.  

Калі ў першым фільме распавядаецца пра храмы, дык у другім – пра Новы сьвет – стары раён, якому пагражаюць страты. Там мноства старых дамоў, і ўладам ня хочацца іх рэстаўраваць – яны лічаць за лепшае зрабіць "хірургічнае ўмяшаньне".

Прынамсі адзін помнік архітэктуры быў разбураны, пад пагрозай іншыя. Жыхары дамоў атрымалі магчымасьць расказаць перад тэлекамэрай пра тое, якім было жыцьцё, якія людзі жылі некалі ў Новым сьвеце, а таксама сказаць, што яны любяць свой ціхі прыгожы раён побач з цэнтрам, не жадаюць каб яго разбурылі і прагнуць застацца ў сваіх дамах.  Улады, тэлебачаньне не цікавіць меркаваньне жыхароў, не цікавіць гісторыя раёну, таму людзі з пэўным нават зьдзіўленьнем ўспрынялі тое, што ўпершыню пацікавіліся іхнімі думкамі.

Адзін з гарадзенцаў расказаў, што ў суседнім доме калісьці жыў сам Сяргей Прытыцкі, ён кіраваў у 1949-1951-м Гарадзенскім абкамам КПБ, а дом узмоцненна ахоўваўся. Праўда, гэты ж чалавек палічыў патрэбным сказаць, што Прытыцкі быў сьціплым у патрэбах чалавекам і грошы для яго нічога ня значылі. Іншы гарадзенец распавёў, як узрывалі ў самым цэнтры гораду вядомы касьцёл – Фару Вітаўта: "Людзей папярэдзілі, каб кудысьці на начоўку пайшлі. Вокны, канешне, вымалі, завесілі, улічваючы што ўжо халодна было, коўдрамі, хто што меў. І дзесьці ў тры гадзіны ночы выбух... Прыйшлі і навокал усё як сьнегам пакрыта – пылам. І гэтым закончылася існаваньне касьцёлу. Разбурылі, разабралі, пад нож, пад бульдозэр. Там трэба хоць памяць нейкую паставіць – крыж ці шпіль. Але няма нічога. Дрэнна. Гэта трэба зрабіць". Выбух адбыўся ў канцы восені 1961 году.

Кіраваў праектам па стварэньні фільмаў пра Горадню Павал Міцкевіч – гарадзенец, які вучыцца на гістарычным факультэце ва ўнівэрсытэце ў Беластоку. Ён патлумачыў нам, што арганізуе таксама міжнародныя  абмены, трэнінгі па стварэньні аматарскіх фільмаў.

Алесь Кавалёў

15.08.2008

Каментар

Зьявілася не простае, а – "праваслаўнае" марожанае

На абгортцы "Пушка" значыцца: "вырабляецца па Дабраславеньні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Высокапрэасьвяшчэньнейшага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага ФІЛАРЭТА".  

Прадукт з выявай белага пушыстага ката вырабляе мясцовы камбінат "Малочны сьвет".

За апошні час мы прызвычаіліся купляць і пітную ваду, асьвечаную манахамі, і гарчыцу "Калоскую", і каўбасу вараную з выявай гарадзенскіх храмаў, а цяпер яшчэ марожанае.

Ня ведаю, ці прыцягне тое дадатковых праваслаўных пакупнікоў, але аматары катоў яго, бадай, купляць будуць, бо гатунак зусім неблагі і каштуе нядорага. Інтрыга ў тым, чаму менавіта дзеля Пушка ўладыка Філарэт выдаў сваё дабраславеньне? На прадпрыемстве кажуць: гэтак зваць ката дырэктара. Што ж, калі чалавек так любіць катоў, гэта яго характарызуе зь лепшага боку.

Трэба дадаць, што сваю прадукцыю "Малочны сьвет" прадае таньней, чым іншыя прадпрыемствы. Арыентацыя на  менш заможнага пакупніка —традыцыя, "Малочны сьвет" выпускае, напрыклад, такія гатункі марожанага – "Капеечнае" альбо "Салдацкае" ў камуфляжнай абгортцы. Яго на мясцовым тэлебачаньні якраз рэклямуе зухавы сяржант у камуфляжы.

Алесь Кавалёў

12.08.2008

Казармы ніхто не купляе

Гарадзенскія ўлады вырашылі прадаць тое, што нікому не патрэбна. Аднак людзі з грашыма ў кішэнях не клююць на танную нажыўку.

Няўдачай закончылася спроба прадаць казарму, салдацкую сталоўку і клюб у лесе каля польскай мяжы. Аўкцыён не адбыўся – не паступіла заявак, паведаміў нам адзін з чыноўнікаў.  Былы ваенны гарадок знаходзіцца ў вёсцы Лясная Бераставіцкага раёну.

Спынімся на нерухомым "тавары", які ўладам карцела каму-небудзь "збагрыць". Казарму ацанілі амаль на 104 мільёны рублёў, задатак для ўдзелу ў аўкцыёне – дзясятая частка гэтай сумы. Прычым у казарме няма ні водаправоду, ні каналізацыі, ні электрычнасьці – нічога. Такая ж сытуацыя з клюбам і сталоўкай.

Як сказаў нам адзін жыхар Бераставіцкага раёну, з будынкаў даўно скралі дзьверы, вокны і ўсё, што магчыма. Мясцовыя жыхары апавядаюць: вайскоўцы ў Лясной раней ахоўвалі падземныя склады з палівам. Казалі, на выпадак вайны там запраўляліся б танкі, каб адразу рухацца цераз польскую мяжу на захад. Як выкарыстоўваць савецкую ваенную спадчыну, ва ўладаў ідэяў няма, у прадпрымальнікаў таксама.

Заявак на занядбаны вайсковы аб’ект не паступіла, а да продажу прапануецца іншая бадай непатрэбшчына: напрыклад, дзьве былыя, нядзейныя кацельні ў Наваградзкім раёне. Прычым, умовы жорсткія: у будынках не пазьней як праз шэсьць месяцаў павінна ўсё кіпець, "ажыцьцяўляцца прадпрымальніцкая дзейнасьць". Улады таксама заявілі аб намеры прадаць гатэль "Беларусь" і нават будынак аэрапорту "Абухава". Ідэя наконт аэравакзалу гучыць амаль неверагодна – гэта бадай усё роўна, што прадаць мытню ці чыгуначны вакзал. Напэўна, гарадзенскія ўлады нейкім чынам натхніла паведамленьне пра стары сталічны аэрапорт "Менск-1", дзе будаўніцтвам зоймецца ўрад Масквы.

Што датычыць "Беларусі", улады цягнулі да апошняга, але адчулі – у горадзе пачаўся будаўнічы бум невялікіх сучасных гатэляў, і старая вялікая гасьцініца савецкіх часоў будзе адназначна прайграваць ім у змаганьні за кліентаў. Але хто ж яе набудзе?

Гадоў пяць таму прадалі стары гатэль "Нёман" хрушчоўскіх часоў з калідорнай сыстэмай. Яе адзіны плюс – знаходжаньне ў самым цэнтры – на Савецкай плошчы. Аднак будынак дагэтуль не гатовы да прыёму турыстаў. Прычым улады зрабілі нядаўна цынічны крок адносна яго ўладальнікаў. Гэтым летам горад узмоцнена рамантавалі да фэсту нацкультураў, усіх будаўнікоў кінулі на вуліцы. На рэканструкцыі гасьцініцы не хапала людзей, у выніку ня выканалі заплянаваны аб’ём работ. І вось уладальнікаў аштрафавалі на 70 мільёнаў рублёў, гэтым самым яўна не паскорыўшы адкрыцьцё абноўленай гасьцініцы. У ёй, дарэчы, будзе 77 нумароў на ўзроўні "трох зорак", якія яшчэ трэба будзе пастарацца атрымаць.

Алесь Кавалёў

11.08.2008

Гарадзенцы раўняюцца на Аўгуста III

8.08.2008 году – менавіта гэтую дату выбралі дзьве маладыя пары, каб узяць шлюб не традыцыйна – у ЗАГСе, а – у Новым каралеўскім замку.

Дзень выдаўся цёплы і сонечны, таму ўдзельнікі цырымоніі былі вельмі шчасьлівыя.

Праўда, авальная заля, што ў цэнтры каралеўскага палацу, зь цяжкасьцю зьмясьціла ўсіх сваякоў і гасьцей, запрошаных на вясельле. Гэтае памяшканьне 250 гадоў таму было прыёмнай караля. У савецкія часы ў ёй знаходзілася "элітная" – самая лепшая ў горадзе сталоўка абкаму КПБ. Сёньня тут адна з музэйных заляў.

Новы замкавы палац пабудавалі ўсяго за чатыры гады, ён быў гатовы ў 1742 годзе да паслугаў караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ. Гмах мае два паверхі і выгляд літары "П". У ім разьмяшчаецца абласны гісторыка-архэалягічны музэй, адно крыло – бліжэйшае да берага ракі Нёман арандуе абласная бібліятэка імя акадэміка Яўхіма Карскага.

Алесь Кавалёў

08.08.2008

Пачаўся праваслаўны крыжовы сплаў па Нёмане

У Дзятлаўскім раёне пачаўся маладзёвы зьлёт, прысьвечаны славутаму князю ВКЛ Канстанціну Астроскаму.

Мерапрыемства праводзіцца ўпершыню. Яго блаславіў архібіскуп Наваградзкі і Лідзкі Гурый, які правёў у храме мясцовага прыходу набажэнства.

Усяго ўдзельнікаў шэсьцьдзесят чатыры. Задума: сабраць моладзь, каб яна разам удзельнічала ў набажэнстве, праслухала лекцыі на рэлігійныя і духоўныя тэмы, каб паспаборнічала ў спартыўных гульнях. Зьлёт-лягер адбываецца на беразе Нёману. Сярод заплянаваных падзеяў – сустрэча ўдзельнікаў незвычайнага "крыжовага сплаву" на рацэ, а затым традыцыйны крыжовы ход да месца знаходжаньня лягера і малебен.

Актыўна задзейнічаны ў мерапрыемстве выкладчыкі духоўнай акадэміі з Жыровічаў. Напрыклад, лекцыі для моладзі прачытаюць айцец Георгій Рой, а таксама Ўладзімер Марціновіч і Віктар Кулага. Два апошнія, напрыклад, абаранілі доктарскія дысэртацыі па багаслоўі за мяжой: першы – у Венскім унівэрсытэце, другі – у Афінскім. Адбудзецца таксама літаратурна-паэтычная сустрэча з жыровіцкім інакам Алегам Бембелем, які зьяўляецца сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Арганізатары заплянавалі пачатак маладзёвага лягеру з нагоды дзьвюх падзеяў – дня сьвятых Барыса і Глеба і чатырохсотых угодкаў сьмерці князя Канстанціна Астроскага.

Астроскі шмат зрабіў для праваслаўнай царквы. Што датычыць князёў Барыса і Глеба, дык іхнія імёны мае мясцовы прыхадзкі храм у вёсцы Накрышкі. Дарэчы, ён згадваецца ў "Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі". Там напісана, што царква пабудаваная ў 1886 годзе з бутавага каменю і зьяўляецца помнікам архітэктуры позьняга клясыцызму. Аднак адзін з выкладчыкаў духоўнай акадэміі з Жыровічаў нам запярэчыў: знойдзеныя дакумэнты, якія сьведчаць – храм быў пабудаваны яшчэ пры канцы існаваньня Вялікага княства Літоўскага – у 1791 годзе мясцовымі памешчыкамі Стравінскімі. У такім разе магчыма, што 1886 год – гэта дата перабудовы сьвятыні.

Алесь Кавалёў

07.08.2008

Валанцёры вярнуліся з Залесься Агінскіх

Замест працы ў парка-палацавым комплексе іх чакаў рамонт мясцовай школы.

31 ліпеня ўдзельнікі валанцёрскага лягеру "Замкі Беларусі" вярнуліся са Смаргонскага раёну ў Менск. Іхняй мэтай было добраўпарадкаваньне сядзібы Агінскіх. Маладзёжны лягер арганізавала Беларуская асацыяцыя клюбаў ЮНЕСКО. Як паведаміў яго кіраўнік Павал Вінаградаў, у парку працавалі толькі пяць чалавек, паколькі на тэрыторыі сядзібы для іх рэальна не аказалася працы.

Валанцёраў было 25 чалавек, большасьць дапамагала падрыхтаваць да навучальнага году мясцовую вясковую школу: вывозілі будаўнічае сьмецьце, фарбавалі вокны, даводзілі да ладу стадыён. Яшчэ чатыры чалавекі займаліся з моладзьдзю на цагельным заводзе, рыхтуючы трэнераў для правядзеньня прафіляктычнай кампаніі супраць віч-інфэкцыі. Сваю работу валанцёры завяршылі музычным спэктаклем для мясцовых жыхароў, адным з аўтараў якога зьяўляецца сам Павал Вінаградаў.

Як сказаў кіраўнік лягеру, на наступны год камісія па справах ЮНЕСКО зноўку рэкамэндавала правесьці валанцёрскі летнік "Замкі Беларусі" у Залесьсі. На яго думку, гэта стане магчымым у тым выпадку, калі моладзь сапраўды будзе чакаць падрыхтаваны фронт работ. Інакш давядзецца шукаць іншае месца для ўдзельнікаў летніка, мяркуе ён.

Палацавы комплекс Агінскіх у Залесьсі  быў пабудаваны ў 1822 годзе. Гэта помнік архітэктуры класіцызму. У першай палове 1980-х гадоў была пачата рэстаўрацыя сядзібы, якая дагэтуль не закончана.

Алесь Кавалёў

01.08.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: