Стекляшка № 6, август
|
Каму служыў, тыя ж і крыўдзяць
Павучальная гісторыя для праўладных агітатараў на выбарах. Радкі з калектыўнага звароту асобных жыхароў Полацка да свайго прэзыдэнта: "Аляксандар Рыгоравіч! На Полаччыне былі і застаёмся вашымі. Мы – вашыя актыўныя выбаршчыкі, прапагандысты і агітатары. Георгій Крупскі – старшы групы, Сьвятлана Галаванава, Тацяна Сарокіна і іншыя". Відавочна, што гэты тэкст нядаўняга электроннага пісьма выпадкова трапіў у маю скрыню, хаця я чула пра аўтараў, а зь некаторымі даводзілася нават весьці перапіску і дапамагаць у канфліктных сытуацыях. Вось, у прыватнасьці, што расказваў пра сябе Георгій Крупскі: – Пэнсія мая – 420 тысяч рублёў. Гэта вельмі мала, бо трэба жыць самому і ўтрымліваць дачку – студэнтку 5-га курса мэдычнага ўнівэрсытэту. Лічу дачку ахвярай аварыі на Чарнобыльскай АЭС, бо цяжарная ёю маці была мабілізаваная ў зону, ратавала іншых людзей. Георгій Крупскі – санітарны ўрач з 32-гадовым стажам доктарскай працы. У мінулым часе атрымаў прафэсійную катэгорыю, удасканальваў свае веды ў інстытутах Масквы, Санкт-Пецярбургу, Кіева. За некалькі арыгінальных рашэньняў у ахове навакольнага асяродзьдзя Полаччыны атрымаў аўтарскія пасьведчаньні. Пры ўдзеле Георгія Крупскага прынятае рашэньне вынесьці завод са шкоднай вытворчасьцю "Шкловалакно" за межы жылой зоны. Прыкладна ў той жа пэрыяд быў спынены бялкова-вітамінны камбінат. Урачам удалося пераканаць уладу – яго прадукцыя канцэрагенная, уяўляе рэальную небясьпеку для здароўя людзей. У 1996 годзе Георгій Крупскі яшчэ працаваў галоўным санітарным урачом Полацкага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. На той час ён быў актыўным прыхільнікам Лукашэнкі. Калі ж яго прэзыдэнт разагнаў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, то ўрач Крупскі вырашыў таксама пайсьці ў палітыку. 26 лістапада 2006 году ён атрымаў пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты па Наваполацкай-Юбілейнай выбарчай акрузе №72. Ініцыятыўны Георгій Крупскі ня стаў дэпутатам. Улада прасунула ў дэпутаты свайго чалавека, затое пачала цкаваць ягонага суперніка. Празь недалёкі час урач Крупскі атрымаў пэнсію. Амаль дзевяць гадоў пэнсіянэр Георгій Крупскі дамагаецца свайго аднаўленьня на працы. Ягоны козыр: "Я – гарачы прыхільнік Лукашэнкі, мае ворагі – мясцовыя чыноўнікі". Не жадаю тлумачыць гэтую ўпэўненасьць. Тым больш, вэтэран Крупскі, відавочна, апамятаўся і сам. Ад сёньня ў Інтэрнэце блукае ягоная чарговая скарга. Адрас атрымальніка: Швэцыя,Стакгольм, Рада Эўропы. Галіна Баравая 29.08.2008 |