Прыдзьвінне № 10, студзень
|
Грамадзкасьць ладзіць кантроль за дэпутатамі
Яраслаў Берніковіч з Глыбоччыны абвясьціў: праца дэпутацкага корпусу цягам 100 дзён пасьля выбараў пільна адсочваецца. Калі яе будзе бракаваць, ініцыятары кампаніі распачнуць працэдуру адкліканьня. На думку спадара Берніковіча, мінулыя выбары не былі ні адкрытымі , ні дэмакратычнымі. У выніку дэпутатамі сталі пераважна прадстаўнікі кіраўнічага складу – як, да прыкладу, дырэктар ПМК Эдуард Танканог, канкурэнт спадара Берніковіча. – Я не сумняюся, што Эдуард Танканог і добры чалавек, і нядрэнны сьпецыяліст, – разважае ягоны экс-супернік. – Але вось як ён будзе працаваць у якасьці дэпутата, за гэтым варта паназіраць! Хачу заўважыць, што выбарчы ўчастак акругі №18 мясьціўся якраз на працоўным месцы майго апанэнта – у канторы ПМК, а з дванаццаці чальцоў выбарчай камісіі шасьцёра працуюць непасрэдна там. Падлікам галасоў займаліся асабіста старшыня і сакратар выбарчай камісіі – шараговых чальцоў да гэтай "адказнай справы" папросту не дапусьцілі. Варта згадаць і масавы прывоз выбаршчыкаў на датэрміновае галасаваньне, якое паводле заканадаўства мусіць быць выключна добраахвотным. І так званае "галасаваньне на даму", калі, як пазьней высьветлілася, нібыта прагаласавала асноўная колькасьць выбаршчыкаў. Яраслаў Берніковіч гаворыць, што прынцыпова ня стаў паведамляць пра заўважаныя парушэньні ў раённую выбарчую камісію: маўляў, які сэнс скардзіца на парушальнікаў такім самым парушальнікам? Больш мэтазгодным сродкам дзеяньня ў цяперашніх умовах ён лічыць прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да вынікаў выбараў. Ці будуць задаволены "электарат" працай "абранага" імі дэпутата? Адказ на гэтае пытаньне й мусіць даць грамадзкая кампанія "100 дзён". Падобная акцыя распачынаецца ўпершыню, але Яраслаў Берніковіч спадзяецца на шырокі рэзананс ды падтрымку – прынамсі, іншых неабраных незалежных кандыдатаў рэгіёну. Якраз цяпер на мясцовым інтэрнэтавым сайце "Сумежжа" шырока абмяркоўваюцца мінулыя выбары. Пра заўважаныя парушэньні на інтэрнэт- старонцы распавядаюць і давераныя асобы кандыдатаў, і звычайныя шараговыя выбаршчыкі. Дарэчы, аўтар апошняга допісу канстатуе: удзел у выбарах на Глыбоччыне ўзялі ўсяго 57,6 адсоткаў ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў – тады як Цэнтарвыбаркам паведаміў, што Віцебская вобласьць сёлета пказала самую масавую яўку – больш за 92 адсотка. Па гэтай самай акрузе, дзе прагаласавалі толькі 460 з 798 выбарцаў, за незалежнага кандыдата Яўгена Самсонава аддалі свае галасы (па афіцыйных лічбах) 152 чалавекі, а прадстаўнік БРСМу Максім Гірдзюк набраў 210 і зрабіўся дэпутатам, маючы ўсяго 26 адсоткаў галасоў. Адпаведна, астатнія 74 адсотка выбарцаў не давяраюць гэтай асобе дэпутацкія правы, і ня выключана, што менавіта яны захочуць пракантраляваць дзейнасьць спадара Гірдзюка, далучыўшыся да кампаніі "100 дзён". Алена Штраль 25.01.2007 |