Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвінне № 12, сакавік
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвінне № 12, сакавік

Ці стане аварыя экалягічнай катастрофай?

Забруджваньне нафтапрадуктамі Заходняй Дзьвіны непакоіць ня толькі жыхароў Віцебшчыны, але й памежных раёнаў Латвіі.

У Бешанковіцкмі раёне расьцягваецца ліквідацыя наступстваў аварыі на 326-м кілямэтры магістральнага нафтаправоду "Унеча-Полацк-Вентсьпілс", якая адбылася каля 17-й гадзіны 23 сакавіка.

Са шчыліны ў трубе нафтаправоду ў бліжэйшую рэчку Ула вылілася каля 1.200 тон дызельнага паліва. Паколькі Ула – гэта прыток Заходняе Дзьвіны, то і ў асноўную водную артэрыю ўжо трапілі небясьпечныя рэчывы. Яны ўжо трапілі на тэрыторыю суседняй дзяржавы. У тым выпадку, калі забруджваньне нафтапрадуктамі распаўсюдзіцца на значнай частцы воднай тэрыторыі, можа здарыцца экалягічная катастрофа.

Цяпер Ула пакрытая нафтавай плёнкай на працягу 15 кілямэтраў. Па плыні ўсталяваныя сем адмысловых прыстасаваньняў-лавушак, якія не даюць расплывацца плямам. Забруджаную ваду адкачвае спэцтэхніка. Людзі працуюць круглыя суткі, вахтавым метадам – зьмяняючы адно аднаго празь некалькі гадзін.

Беларускія эколягі пакуль не даюць ацэнкі маштабаў здарэньня. Яны праводзяць аналізы і адсочваюць утрыманьне шкодных рэчываў у вадзе ды зямлі.  У інтэрвію агенцыі БЕЛАПАН кіраўніца спэцінспэкцыі маніторынгу і арганізацыі аналітычнага кантролю Міністэрства прыроды Сьвятлана Утачкіна сказала, што хаця нафтапрадукты й патрапілі ў Заходнюю Дзьвіну, сытуацыя не адпавядае глябальнай экалягічнай катастрофе. Тым ня менш у памежных тэрыторыях Латвіі насельніцтву настойліва раяць не выкарыстоўваць ваду з Даўгавы  дзеля гаспадарчых патрэбаў, не даваць яе хатняй жывёле і не спажываць рыбу, злоўленую ў рацэ апошнімі днямі.

Жыхары бліжэйшых да Улы вёсак распавядаюць, што зь берагоў ужо зьніклі бабры, андатры ды іншыя вадзяныя жывёлы. Верагодней за ўсё, яны падаліся туды, дзе яшчэ засталася чыстая вада. Але хто-ніхто зь вяскоўцаў ужо бачыў мёртвых жывёлін.

Алёна Штраль

29.03.2007

У Віцебску зноў абрабавалі банк

26 сакавіка ў 17:30 узброены налётчык абрабаваў пункт абмену валюты , які знаходзіцца ў гандлёвым доме "Вольга" на праспэкце Будаўнікоў.

Убачыўшы пісталет у тым акенцы, куды кліенты звычайна кладуць грошы, супрацоўніца адразу ж аддала рабаўніку ўсю наяўнасьць – 11 мільёнаў рублёў. І толькі пасьля шоку жанчына патэлефанавала ў міліцыю. Рабаўніка – мужчыну без выразных зьнешніх прыкметаў – знайсьці пакуль не ўдалося.

Зрэшты, нават выбітны зьнешні выгляд злачынцы ніяк не дапамог міліцыянтам адшукаць вінаватага ў мінулагоднім налёце на банк. Тады, у кастрычніку мінулага году, увесь Віцебск дзівіўся, чаму ні ахоўнікі, ні супрацоўнікі абрабаванага аддзяленьня Беларусбанку не зьвярнулі ўвагу на неверагодна калярытную знешнасьць рабаўніка. Паводле апісаньня інтэрнэт-рэсурсу "Народныя навіны Віцебска", гэта быў мужчына 25-27 гадоў у жаночым парыку цёмна-бардовага колеру з даўжынёй валасоў ніжэй пляча. Пагражаючы прадметам, падобным да пісталета, ён гвалтам забраў з банку 4762 даляры ЗША, 30 еўра, 21970 расійскіх рублёў, 3 мільёны 174 тысячы беларускіх рублёў.

Абодва рабаўнікі зьявіліся ў аддзяленьні банкаў напрыканцы працоўнага дня, перад самым закрыцьцём, і таму супрацоўнікі міліцыі цяпер ня могуць знайсьці ня толькі злачынцаў, але й нават сьведак злачынства.

Алёна Штраль

28.03.2007

На Дзень Волі ў Віцебску хапалі і стралялі за бел-чырвона-белае

18 чалавек міліцыянты затрымалі на віцебскіх вуліцах нібыта за ўдзел у "несанкцыянаваным шэсьці з выкарыстаньнем забароненай сымболікі".

"Забароненым сымбалем" міліцыянты палічылі бел-чырвон-белы шалік актывісткі АГП Алены Залесскай.

– Мяне ўжо не аднойчы затрымлівалі за "забароненую сымболіку", – распавядае спадарыня Залесская, – але ж гэта шалік, а не сьцяг! Я колькі разоў скардзілася на міліцыянтаў у пракуратуру і нават прасіла даць мне пісьмовы адказ: чаму нельга апранаць бел-чырвон-белыя шалікі? Няхай пракуратура, міністэрства ўнутраных спраў або сам Лукашэнка мне адкажуць, якія колеры можна, а якія колеры нельга насіць беларускім жанчынам! У адказ – ні гуку. Таму апранула шалік і хаджу. Правакацыйна?
А жаночая прыгажосьць заўсёды балы правакацыяй!

Алене Залесскай – 73 гады. Але насамрэч яна выглядае так, што на вуліцы мужчыны паварочваюць усьлед галовы: спадарыня Алена сама шые сабе арыгінальнае адзеньне, вяжа, вышывае і нават тчэ дываны... Сёньня гэтую жанчыну  будуць судзіць за парушэньне грамадзкага парадку на  Дзень Волі.

 Усяго 25-га сакавіка ў абласным цэнтры затрымалі 18 чалавек, зь іх пяцёра няпоўнагадовыя. Восем чалавек атрымалі позвы ў суд. Сябры КХП БНФ  Ян Таўпыга, Ян Дзяржаўцаў, Алесь Пазьняк і адзін са старэйшых віцебскіх апазыцыянэраў Барыс Хамайда правялі ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня – іх да суду "ізалявалі ад грамадзтва".

Што ж такога адбылося ў Віцебску, калі цягам гадзіны амаль два дзясяткі чалавек трапілі ў міліцыю за парушэньне грамадзкага парадку?  Нехта кажа, што чуў  стрэлы і выбухі , нехта бачыў пажарную машыну, якая на вялікай хуткасьці неслася ў цэнтр гораду...

Гэтак міліцыянты "змагаліся" з бел-чырвон-белым сьцягам, які нехта выпусьціў у неба на паветраных шарыках. Па гэтых самых шарыках супрацоўнікі міліцыі палілі з пнэўматычных пісталетаў, а калі сьцяг зачапіўся за электрычныя драты, на дапамогу былі выкліканыя супрацоўнікі МНС.

Зразумела, міліцыянтаў у парушэньні грамадзкага парадку ніхто абвінаваціў. А тыя, на каго склалі пратаколы, мусілі тлумачыць у міліцыі, што хацелі ўсяго толькі  ўскласьці кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу.

Ішлі па ходніках, па двое, але ўзбоч дарогі пэрыядычна спыняліся міліцэйскія машыны і  па некалькі чалавек хапалі ў пастарунак. Карэспандэнтаў  недзяржаўных СМІ, якія назіралі за гэтымі падзеямі,  цягам усяго дня пільнавалі невядомыя людзі ў цывільным.

 Да помніка Ўладзімеру Караткевічу прадстаўнікі віцебскае грамадзкасьці дабраліся  толькі каля 16-й гадзіны – калі частку зь іх выпусьцілі з райаддзелу міліцыі.

Алёна Штраль

26.03.2006

Птушкі гінуць, а людзі церпяць

Паўквартала няма цяпла ў адной са школьных устаноў Віцебску. Каларыферам карыстаецца толькі дырэктар. Астатнія мусяць мерзнуць.

Пасля дзвюх аварый ацяпляльнай сеткі ва ўстанове адукацыі "Віцебскае дзяржаўнае абласное аб’яднанне пазашкольнай працы з дзецьмі і падлеткамі" з пятага лютага адключана падача гарачай вады ў батарэі. Тэмпература ў памяшканні ледзь даходзіць цяпер да сямі градусаў Цэльсія.

Першымі не вытрымалі холаду насельнікі "жывога кутка" ў Цэнтры экалагічнага навучання – папугаі і канарэйкі загінулі проста на вачох у юных эколагаў. Хіба толькі парачка снегіроў адчувае сябе цалкам камфортна ў тых ўмовах, у якіх тут вымушаныя займацца дзеці. Гурткоўцы сядзяць на занятках у вопртцы, гэтаксама як настаўнікі. Аднак кіраўніцтва аб’яднання, якое баіцца агалоскі, не выдае загаду спыніць працу гурткоў ды курсаў з прычыны ненармальнага холаду ў памяшканнях.

– Мы ўсе тут "на кантракце", – распавядае выкладчыца Людміла, – таму баімся хаця б нейкім чынам пратэставаць. Не называйце, калі ласка, нашыя прозьвішчы, а лепей патэлефануйце ў абласны аддзел адукацыі ды паскардзіцеся за нас начальству, бо нашыя галасы там усе ведаюць – мы ж праводзім імпрэзы для ўсяе вобласці. Прыгразіце, можа, прэзыдэнцкай праверкай, або яшчэ чым. Можа, хаця б абагравальнікамі нам карыстацца дазволяць!

Абагравальнікі трапілі пад забарону, бо гэта парушэнне пажарнай інструкцыі. Праўда, па сакрэце супрацоўнікі сказалі, што адзіны на ўсё аб’яднанне каларыфер цягам працоўнага дня бесперапынна працуе ў кабінеце дырэктаркі. Але гэтая таямніца стала вядомая толькі таму, што дырэктарка дазволіла знесці ў свой кабінет кветкі з экалагічнага цэнтру.

У пошуках выйсця "марозаўстойлівыя" супрацоўнікі аб’яднання пачалі зьвяртацца да сваіх знаёмых, і нехта прапанаваў напісаць электронны ліст на сайт віцебскага аблвыканкаму. Яго сапраўды даслалі ў рубрыку "зваротная сувязь", але ці адрэагуюць на яго чыноўнікі, пакуль невядома.

Алёна Штраль

16.03.2007

У сьцены сьвятыні загоняць цьвікі?

Чыноўнікі прысьпешваюць завершыць рэстаўрацыю полацкай царквы ХІІ стагодзьдзя. На знак пратэсту рэстаўратар спыніў працу.

5 чэрвеня – Дзень Сьвятой Эўфрасіньні. У Спаса-Праабражэнскай альбо па-іншаму Спаса-Эўфрасіньнеўскай царкве мае быць усталяваная срэбная рака для мошчаў праваслаўнай сьвятой. У гэты час горад плянуе наведаць Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама мае намер паўдзельнічаць у падзеі міжнароднай значнасьці.

Чыноўнікі Міністэрства культуры заявілі, што да ўрачыстага моманту "храм трэба прывесьці ў належны выгляд, у першую чаргу завяршыць рэстаўрацыю старажытных фрэсак". У адказ Уладзімер Ракіцкі, які аддаў гэтай працы 15 гадоў, адмовіўся быць кіраўніком работ рэстаўрацыі полацкай царквы.

Чаму пратэстуе рэстаўратар царквы?

Уладзімер Ракіцкі здымаў са сьценаў храма алейную фарбу ХІХ стагодзьдзя. Вядома, што гэты жывапіс ня вельмі трывалы, ён высыхае, аблупліваецца сам і адрывае за сабой найкаштоўнейшыя фрэскі ранейшага часу. Больш за 150 квадратных мэтраў фрэсак з усіх 500 ужо раскрытыя. Са словаў Уладзімера Ракіцкага, да зробленага няма заўваг. Адзіная – вельмі павольныя тэмпы.

– Я і мае супрацоўнікі ўкладалі ў гэтую працу многа ўласных пачуцьцяў, – кажа спадар Уладзімер. – Але на працягу апошніх гадоў не было належнага фінансаваньня. Нашыя праблемы ігнаравала Міністэрства культуры.

Уладзімер Ракіцкі паведаміў, што зараз афіцыйны падрадчык на рэканструкцыі ўнікальнага храма – "Мінскрэстаўрацыя". Запрасілі туды яшчэ й расейскіх рэстаўратараў.

– Яны фарсіруюць падрыхтоўку Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы да ўрачыстага пераносу мошчаў у новую раку, – адзначае Уладзімер Ракіцкі.

Беларускага рэстаўратара турбуе, што цяпер зьявіліся намеры ацяпліць у царкве падлогу. Ён спасылаецца на дрэнны досьвед такой працы ў полацкай Сафіі. У 1977 годзе там зрабілі ацяпленьне і цяпер, як кажа Ўладзімер Ракіцкі, "усё сыплецца, рэшткі ХІ стагодзьдзя разносяцца нагамі".

– Няможна ў храме праводзіць электрычнасьць па сьценах, – папярэджвае майстар, – няможна там убіваць ніводнага цьвічка у сьцены. Там усё ад падлогі да скуф’і пакрыта старажытным жывапісам.

Між тым, расейскія рэстаўратары працуюць без уліку праекту рэстаўрацыі, распрацаванага Уладзімерам Ракіцкім з калегамі. Пакуль яны не здымаюць наслаеньні алейнага жывапісу, а толькі ачышчаюць іх. Ігуменьня Еўдакія, якая назірае за парадкам у храме, хвалюецца, што ўся праца можа зьвесьціся толькі да аднаўленьня росьпісаў, а ўнікальныя фрэскі зноў застануцца ў забыцьці.

Галіна Баравая

15.03.2007

Ракіроўка: "калекцыянера" змяніў "рэфарматар"

Былы кіраўнік віцебскай абласной міліцыі пераязджае ў Мінск. Яго кабінет заняў дастаткова вядомы ў краіне сталічны палкоўнік Леанід Фармагей.

Супрацоўнікам міліцыі Віцебшчыны ўрачыста прадставілі новага "шэфа": замест Вячаслава Яўстаф’ева пасаду начальніка абласной службы УУС заняў Леанід Фармагей. У вобласці цяпер абмяркоўваюць пытанне: навошта ім даслалі спецыяліста з дужа адмысловай кваліфікацыяй – дагэтуль спадар Фармагей працаваў начальнікам упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі МУС Беларусі.

Пра новага кіраўніка віцебскай міліцыі вядома, што ён служыць у органах МУС ужо 23 гады, а сваю кар’еру распачынаў інспектарам дарожна-патрульнай службы. Узнагароджаны медалямі "За бездакорную службу" 2-й і 3-й ступені, ордэнам "За службу Радзіме" 3-й ступені. Гэта, так бы мовіць, афіцыйныя звесткі.

А паводле зьвестак неафіцыйных, у Мінску Фармагей "не прыжыўся" з-за сваіх радыкальных загадаў і ідэяў. Да прыкладу, ён прапаноўваў кардынальна рэфармаваць патрульна-паставую службу – пакінуць на беларускіх дарогах толькі супрацоўнікаў не ніжэй як з афіцэрскім званнем ды забараніўшы ім зьбіраць штрафы на месцах дзяжурства.

Леанід Фармагей вядомы і сваімі нестандартнымі выказваннямі: гэта яму належыць вынаходніцтва тэрміну "біятэрарысты" – так у адным са сваіх інтэрв’ю ён назваў самагоншчыкаў. Маўляў, атручваюць навакольнае асяроддзе, бо адыходы іхнае "вытворчасці" трапляюць у мясцовыя рэкі ды азёры. Каментуючы ў СМІ вынікі маніторынгу грамадскай думкі пра дзейнасць "стражаў парадку" , менавіта ён выказаў арыгінальнае меркаванне: "беларусы пакуль не могуць вызначыцца, любяць яны сваю міліцыю проста , або вельмі любяць".

Кажуць, мінскія калегі называлі Фармагея "галоўным рэфарматарам МУС". Але першыя "рэформы", звязаныя з ягоным новым прызначэннем, адбыліся ўжо і ў Віцебску. Так, непасрэдна перад "перадачай улады" новаму міліцэйскаму кіраўніку ў шэрагах віцебскай міліцыі адбыўся кадравы ператрус, у выніку чаго памяняліся два раённыя начальнікі ды яшчэ цэлы шэраг супрацоўнікаў.

Гэтыя перамяшчэнні прымусілі віцебскіх міліцыянтаў задумацца над фразай, якой "бласлаўлялі" Л.Фармагея на новую пасаду: кажуць, прадстаўляючы яго калегам, міністр МУС У.Наумаў параіў часцей кіравацца прынцыпам "Не нашкодзь!"

Былы начальнік абласной міліцэйскій структуры Яўстаф’еў адпрацаваў на сваёй пасадзе амаль чатыры гады і атрымаў падвышэнне – узначаліў Упраўленне ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі.

Дарэчы, ён меў незвычайнае хобі – збіраў... фуражкі! У ягонай прыватнай калекцыі "экспанаты" з больш як 30-ці краін свету. У свой час В.Яўстаф’еў паабяцаў перадаць свой збор музею віцебскай міліцыі, які стварыць так і не паспелі. Так што яшчэ невядома: пераедзе калекцыя ў Мінск або дастанецца ў спадчыну "рэфарматару" Л.Фармагею.

Алёна Штраль

14.03.2007

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: