Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвіньне № 14, травень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвіньне № 14, травень

Ударым прыгажосьцю па алькагалізму!

Адзіная на Беларусі "Алея цьвярозасьці" будзе закладзена ў глыбоцкай вёсцы Мосар. Ідэя належыць мясцоваму ксяндзу Ёзасу Бульку – заўзятаму змагару з п’янствам.

Паводле задумкі 81-гадовага сьвятара, пачатак алеі закладзены каля скульптуры прарока Маісея, якому ўпершыню адкрыліся запаветы Хрыста. Ксёндз Ёзас мае намер высадзіць шэрагі вечназялёных кустарнікаў і кветак, а па ўсёй даўжыні алеі разьмясьціць камні-валуны з выбітымі на іх надпісамі пра шкоду алькагалізму. З цягам часу ксёндз мяркуе адчыніць непадалёк безалькагольную кавярню, дзе будуць гандляваць рознымі прысмакамі, у тым ліку й мясцовага вырабу.

На думку Ёзаса Булькі, п’янства – гэта адна з самых грахоўных чалавечых заганаў. Змагаючыся зь ёй у межах адной асобна ўзятай вёскі Мосар, сьвятар колькі гадоў таму стварыў адзіны на Беларусі антыалькагольны музэй, які сёньня зьяўляецца філіялам Глыбоцкага раённага краязнаўчага музэю. Тут ёсьць найцікавейшыя экспанаты, ахвяраваныя ў тым ліку й мясцовымі жыхарамі, якія вырашылі назаўжды разьвітацца зь "зялёным зьміем" – да прыкладу, самагонныя апараты рознай каснтрукцыі і велічыні.

Ксёндз Ёзас згадвае, што трынаццаць гадоў таму, калі ён толькі прыехаў у Мосар, вяскоўцы пілі проста "бязбожна" – на хрысьцінах, вясельлях, памінках і проста пад плотам. Тады ён абвесьціў ультыматум: у касьцёл п’янтосаў не дапускаць. Адзінае, дзеля чаго мае права зайсьці ў храм той, хто злоўжывае алькаголем, – гэта каб падпісацца ў адмысловай кнізе пад абяцаньнем "Я ня буду піць сёньня... ня буду піць месяц... ня буду піць год".

Сёньня сваімі дасягненьнямі Ёзас Булька лічыць тое, што ў Мосары ўжо ніхто не гандлюе самаробным алькаголем, і нават у памінальныя дні на могілках мясцовыя жыхары пазьбягаюць ужываць сьпіртовыя напоі.

Зрэшты, ня толькі антыалькагольнай прапагндай вядомы мосарскі ксёндз. Дзякуючы ягонаму таленту ландшафтнага дызайнера Мосар стаў ці ня самым маляўнічым кутком Глыбоччыны, які часта называюць "беларускім Вэрсалем". Каб паглядзець на касьцёл Сьятой Ганны, пабудаваны ў 18-м стагоддзі, дакладную копію скульптуры вялікага Мікелянджала – выяву Маці Боскай, якая аплаквае зьнятага з крыжа Езуса, або першы на Беларусі помнік  Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ, сюды прыязджаюць турысты як з нашае краіны, так і за-за мяжы.

За сваю падзьвіжніцкую дзейнасьць Ёзас Булька ўзнагароджаны мэдалём  Францыска Скарыны, ён ляўрэат прэміі "За духоўнае адраджэньне".

Алёна Штраль

31.05.2007

Кошт прэстыжу – два жыцьці і 21 мільярд

Над Летнім амфітэатрам, галоўнай сцэнічнай пляцоўкай "Славянскага базару ў Віцебску", завяршыўся мантаж новага даху. Чыноўнікі ганарацца – пераганяем Эўропу!

Пра тое, што летняму амфітэатру патрэбны дах, гаворка вялася ўжо даўно. Прынамсі, знакамітыя "фэстывальныя дажджы", якія амаль штогод прымушаюць гледачоў сядзець пад парасонамі ў лужынах, сталіся самым зацёртым вобразам у тэле- і газэтных рэпартажах пра чарговы "Славянскі базар". Сёлета пытаньне сабраліся вырашыць кардынальна і ўрэшце ўзьвялі над глядзельнай заляй ды сцэнай грувасткую каснтрукцыю з простакутных пліт.

Будаўніцтва вялося ўзімку і ўвесну, бо ўрадавую замову неабходна было выканаць як мага хутчэй. Таму запрасілі будаўнікоў з усяе краіны, не зважаючы на спэцыфіку аб’екту. У выніку здарылася трагедыя: другога сакавіка двое рабочых Жодзінскага прадпрыемства "Промтехмонтаж" сарваліся з даху. Адзін зь іх памёр на месцы, другі празь 10 дзён сканаў у шпіталі. Як пазьней высьветлілася, яны ня мелі ня толькі страховачных пасаў ды касак, але нават допуску на мантажныя працы на вышыні. Адказнасьць за гэтае здарэньне ўсклалі на шараговага прараба, якога цяпер чакае суд.

Тым часам будаўніцтва дайшло да завяршэньня, і на пятнаццатае чэрвеня прызначана дата прыёмкі. На думку назіральнікаў-віцяблян, яшчэ ніколі не было такога, каб тэхнічная падрыхтоўка да фэстывалю праводзілася, як кажуць, "у апошні момант": у глядзельнай залі яшчэ няма крэслаў, вакол непрыбраны будаўнічы друз, не функцыянуе электрычнасьць... А на пятае ліпеня ў амфітэатры ўжо заплянаваны першы канцэрт "пад дахам"!

Намесьнік прэм’ер-міністра Аляксандр Косінец прыяжджаў інспэктаваць рэканструкцыю амфітэатру напярэдадні прыёмкі і таксама застаўся дужа незадаволеным. Ён зьвярнуў увагу на недасканалы стан глядзельнай залі, а таксама на тое, што неабходна тэрмінова прыбраць і добраўпарадкаваць усю тэрыторыю навокал. За невыкананьне ягоных распараджэньняў А.Косінец паабяцаў пазбавіць прэміі кіраўнікоў усіх адпаведных арганізацый.

Найбольш усьцешаны перапляніроўкай амфітэатру і новым дахам дырэктар "Славянскага базару ў Віцебску" Радыён Басс.

– Паверце, аналягаў гэтай канцэртнай пляцоўцы ня будзе ў Эўропе! Наш Летні стане ўнікальным тэхнічным збудаваньнем. Зручныя месцы для гледачоў, два вялікія экраны, камфартабэльныя грымёрныя для артыстаў... Менавіта зь Летнім амфітэатрам мы зьвязваем новую ступень разьвіцьця фэстывалю!

Аднак зважаючы на значныя грашовыя ўкладаньні, намесьнік прэм’ер-міністра паставіў "звышзадачу": задзейнічаць віцебскі Амфітэатр сем месяцаў на год, з красавіка па кастрычнік – каб вялізны канцэртны комплекс стаў, нарэшце, рэнтабэльным, пляцоўкай агульнабеларускага маштабу. Новы дах і сучаснае абстляваньне, на ягоную думку, мусіць абярнуцца гарантам аншлягу на канцэртах.

Вось толькі ці згодзяцца віцебскія гледачы аплочваць інжынэрныя фантазіі праекціроўшчыкаў і грандыёзныя пляны дзяржаўных чыноўнікаў?

Алёна Штраль

30.05.2007

Талачынскіх школьнікаў заразілі дызэнтэрыяй

Цягам трох сутак у раённым шпіталі апынуліся 45 дзяцей. Як высьветлілася, "дзякуючы" супрацоўнікам школьнай сталоўкі. ЧП яны спрабавалі замаўчаць.

Калі 25-га траўня ў шпіталь пачалі паступаць першыя пацыенты – вучні сярэдняй школы №1 – галоўны ўрач спрабаваў пераконваць журналістаў і санэпідстанцыю, што дзеці проста атруціліся, і ні пра якую інфэкцыйную хваробу няма й гаворкі. "Пад падазрэньне" трапілі школьныя абеды: кілбасныя вырабы і мясны пудынг, якімі кармілі вучняў у апошнія спякотныя дні. Настаўнікі вырашылі "скарэктаваць" сытуацыю, заявіўшы, што ў некаторых выхаванцаў "проста ангіна", а не праблемы са страўнікам ці кішэчнікам.

Невядома, да чаго б давяла адказных асобаў уласная фантазія, каб ня вынікі аналізаў, зробленых цягам трох дзён ад пачатку эпідэміі. Як высьветлілася, школьнікі захварэлі на дэзінтэрыю Зоннэ. А прычынай захворваньня сталася  невыкананьне гігіенічных патрабаваньняў: у двух супрацоўнікаў школьнай сталоўкі выяўленая дызэнтэрыйная палачка.

Паводле галоўурача Талачынскага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Людмілы Ракоўскай, дзецям аказана неабходная мэдычная дапамога. З 44 вучняў, якія трапілі ў шпіталь, двое ўжо вярнуліся дахаты. Цяпер мэдыкі праводзяць агляды ў сем’ях пацярпелых, а таксама комплекс супрацьэпідэмічных і дэзынфэкцыйных мерапрыемстваў у сярэдняй школе №1. Спрашчае сытуацыю хіба тое, што заняткі ужо завяршыліся. Аднак, зь іншага боку, мэдыкам цяжэй адсачыць бытавыя кантакты носьбітаў інфэкцыі.

Бацькі пацярпелых школьнікаў – а гэта пераважна вучні малодшых клясаў і адзін 11-клясьнік – вінавацяць у здарэньні толькі школу. Па-першае, за тое, што за супрацоўнікамі сталоўкі, як высьветлілася, няма належнага мэдычнага кантролю. А па-другое, за спробу "прыхаваць" надзвычайнае здарэньне, чаго не ўдалося зрабіць толькі таму, што захворваньне стала масавым і даволі небясьпечным.  

Алёна Штраль

29.05.2007

Віцебск стаў сталіцай беларускага беспрацоўя

Адмысловая імпрэза для ахвотных знайсьці працу абурыла гарадзкія улады. Яны сьцвярджаюць, што ў Віцебску кожны сам можа знайсьці сабе месца.

"Ярмарку вакансий" у культурна-дзелавым цэнтры "Віцебск" арганізавала абласная штотыднёвая газэта "Витрина вакансий". Такая імпрэза была праведзеная ў Віцебску ўпершыню, удзел у ёй узялі 52 прадпрыемствы розных форм уласнасьці – ад вялікіх дзяржаўных да малых прыватных, а таксама 12 навучальных установаў ды адукацыйных курсаў. Свае паслугі ахвотным знайсьці або памяняць працу прадставілі і дзьве кадравыя агенцыі – Віцебскі цэнтр маркетынгу і "Алексконсалт".

– Некаторыя прадпрыемствы адразу прызначалі кандыдатам сумоўе, і ўладкавацца на працу можна было проста на месцы, – распавядае рэдактарка газэты "Витрина вакансий" Алеся Нікадзім. – А тыя, хто хацелі спачатку павучыцца, маглі запісацца на курсы або ўдакладніць умовы навучаньня. Перавага аддаецца галіне грамадзкага харчаваньня, будаўніцтва і гандлю. Дзівіць іншае: гэтае мерапрыемства адчувала маўклівы супраціў мясцовых уладаў. Чамусьці чыноўнікі сьцвярджаюць, што ў Віцебску беспрацоўных няма, і таму ня варта праводзіць для іх нейкія імпрэзы.

Тым ня менш, як кажуць, з фактамі не паспрачаесься: спаміж іншых абласьцей Прыдзьвіньне трымае рэкорд па беспрацоўю ўжо некалькі год запар. Паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, на 1 студзеня гэтага году тут ізноў зафіксаваны самы высокі ўзровень беспрацоўя ў краіне – 1,6 адсоткаў ад колькасьці патэнцыйна актыўнага насельніцтва.

Паводле назіраньняў супрацоўнікаў кадравых агенцый, у горадзе заўжды ёсьць вакансіі галоўных бухгальтараў і гандлёвых прадстаўнікоў. Аднак на гэтыя пасады патрабуюцца кадры зь вялікім працоўным досьведам, а найперш шукае працу моладзь. "Ярмарка вакансий" прапанавала ёй месцы рэклямных агентаў, прамоўтэраў і сацыяльна-грамадзкіх апытальнікаў. Аднак усе гэтыя заняткі абяцаюць хіба часовыя прыбыткі і амаль не даюць магчымасьці кар’ернага або прафэсійнага росту.

Алёна Штраль

26.05.2007

Насуперак статуту ў БРСМ бяруць замежнікаў

У Віцебскім мэдуніверсытэце абыходзяць статутныя нормы БРСМ. Цяпер у беларускую арганізацыю залічваюць ліванцаў, ярданцаў, індусаў.

Амаль адзін працэнт ад агульнай  колькасьці сяброў арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў ВДМУ імя Дружбы народаў складаюць замежнікі. Што дзіўна – гэта не браты расейцы, не ўкраінцы ці якія яшчэ бліжэйшыя суседзі , а прадстаўнікі далёкіх экзатычных краін.

Як і беларускія студэнты-медыкі, яны маюць сапраўдныя членскія білеты, плацяць складкі. Адно што беларускія хлопця ды дзяўчаты маюць магчымасьць уступіць у БРСМ у 14 год, а замежнікі – толькі на старэйшых курсах. У гэтым і ёсьць сутнасьць вынаходніцтва мясцовага кіраўніцтва арганізацыі, статут якой у прынцыпе не дазваляе прымаць іншаземцаў у свае шэрагі.

Намесьнік кіраўніка студэнцкай арганізацыі БРСМ мэдуніверсітэту Уладзіслаў Дзеркач тлумачыць простую тэхналёгію абыходу статутных правілаў:

– Сапраўды, іншаземныя грамадзяне ня могуць быць сябрамі БРСМ. Але з другога боку, сябрам БРСМ можа быць той, хто пражыў у краіне ня меней як шэсьць гадоў. У нашым унівэрсітэце студэнты навучаюцца якраз столькі, а замежныя студэнты яшчэ год перад тым на падрыхтоўчых курсах вучаць расейскую мову. Таму замежнікаў мы запрашаем да ўступленьня ў арганізацыю на апошніх курсах. Між іншым, яны вельмі актыўныя, звычайна бяруць удзел ва ўсіх мерапрыемствах. А вось палітыка іх зусім не цікавіць.

Замежныя студэнты навучаюцца тут ня толькі на дактароў. Да прыкладу, у Віцебскім дзяржаўным унівэрсітэце імя Машэрава самыя розныя спэцыяльнасьці набываюць каля пяці дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат з Кітаю. Яны таксама прыяжджаюць у Беларусь сама меней на шэсьць год, аднак ніводнага БРСМаўца у асяродку кітайскай студэнцкай дыяспары няма.

У мясцовай суполцы БРСМу перакананыя, што статут парушаць нельга, а таму кітайцам уступаць у арганізацыю нават не прапануюць. Але што да ўдзелу ў моладзевых імпрэзах, то разам зь беларусамі яны і канцэрты ладзяць, і дабрачыннасьцю займаюцца – ніхто іхныя правы не-сяброўствам у БРСМ не абмяжоўвае.

Дарэчы, ёсьць у сябраў БРСМу ня толькі правы, але й прывілеі. У тым ліку і ў Віцебску. У прыватнасьці, віцебскі гарвыканкам загадаў 27-мі мясцовым прадпрымальнікам прадаставіць ільготы БРСМаўцам: у цырульні "Галісіма" ім на 20 адсоткаў таньней зробяць прычоску, у атэлье "Каблучок" на 10 адсоткаў танней  адрамантуюць абутак... Зразумела, абслугоўваць давядзецца нароўні як "айчынных", так і замежных сябраў БРСМу, колькасьць якіх расьце ў абыход статуту.

Алёна Штраль

25.05.2007

Дамы закапалі ў зямлю

У вёсцы Малашанкі раённыя ўлады загадалі зьнесьці шэсць закінутых цагляных шматкватэрных дамоў уздоўж трасы "Санкт-Пецербург – Адэса" – каб не псавалі  краявіду падарожнікам  і не нагадвалі пра безгаспадарчасьць  тутэйшага кіраўніцтва.

Аднак тая самая безгаспадарчасьць тут жа праявілася ў іншым: дамы ня сталі разьбіраць, каб выкарыстаць тое-сёе хаця б на платы  ці дровы – іх проста закапалі ў вялізныя катлаваны, адмыслова вырытыя дзеля гэтае мэты.

Вяскоўцы, якім абавязкова прыдалося б нешта з закапанага ў зямлю, пачалі абурацца. Тым больш, што пакуль закапалі толькі чатыры з шасьці дамоў, і працэс, здавалася,  можна было б яшчэ спыніць.  Адзін з мясцовых жыхароў насьмеліўся нават напісаць скаргу ў Гарадоцкую пракуратуру, зазначыўшы, што гэткім самым варварскім чынам у Малашанках надаўна згнаілі  пад зямлёй  цэлую ферму.

Заадно аўтар скаргі папрасіў пракурораў дазнацца, куды пайшлі 40 мільёнаў рублёў, выдаткаваных Бычыхінскаму сельсавету на дэмантаж пабудоў – бо дэмантаж не праводзіўся, а праца экскаватараў наўрад ці каштуе столькі грошай.

Дасьледваць справу было даручана намесьніку пракурора Віцебскай  вобласьці Георгію Каранько, які абяцаў праверыць інфармацыю і прыняць меры ў выпадку неабходнасьці. Да разсьледваньня падключыўся таксама  і начальнік аддзела абласной экалягічнай службы Алег Міхневіч.

Адказ з дзяржаўных устаноў уразіў вяскоўцаў напавал: аказваецца, яны проста не заўважылі, як праводзіўся дэмантаж,  бо ўсё было выканана ў строгай адпаведнасьці з інструкцыямі.  Зрэшты, адказвалі на запыт якраз тыя пасадовыя асобы, дзейнасьць якіх якраз і трэба было праверыць. Таму жыхары Малашанак даведаліся , што "прыдатныя для далейшага ўжываньня  матэрыялы дазволена выкарыстоўваць прадпрыемствам, якія ажыцьцяўлялі знос. А непрыдатныя матэрыялы утылізаваныя на месцы".

Абураныя людзі вырашылі працягваць перапіску з чыноўнікамі і гатовыя, як яны кажуць, "дайсьці да прэзыдэнта". Па-першае, вяскоўцам крыўдна: іх , па-сутнасьці, адкрыта назвалі сьляпымі дурнямі, якія пішуць скаргі ад няма чаго рабіць, або падманшчыкамі ці паклёпнікамі,  што таксама нічым не лепей. А па-другое, мясцовых жыхароў турбуе экалягічны бок праблемы, бо дамы і жывёлагадоўчы комлекс закопвалі ў зямлю проста так, не кіруючыся аніякімі правіламі ўтылізацыі. Ці мала якія рэчывы пасьля дажджу цяпер могуць трапіць на гароды вяскоўцаў?

Тым больш хацелася б перадухіліць непажаданыя наступствы, зважаючы на тое, што "у чарзе" на знос апошнія два дамы, пад якія ў любы момант могуць вырыць "магілы".

Алена Штраль

24.05.2007

Супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі – за краты!

Незвычайна выхоўваюць чэснасьць ды прыстойнасьць у сваіх супрацоўнікаў начальнікі віцебскай міліцыі: "даішнікаў" пачалі вывозіць на экскурсіі... у сьледчы ізалятар.

Гэта тычыцца ня толькі прадстаўнікоў абласной інспэкцыі – фарміруюць экскурсійныя групы і з прадстаўнікоў рэгіёнаў – па пяць-шэсьць чалавек з кожнага райцэнтру. Такім чынам ажыцьцяўляецца прафіляктыка злачыннасьці – перадусім хабарніцтва – у асяродку інспэктараў ДАІ.

У міліцэйскіх колах распавядаюць, што вынаходніцтва "прафіляктычнай навінкі" належыць Леаніду Фармагею, новаму абласному начальніку віцебскай міліцыі. Дагэтуль спадар Фармагей кіраваў рэспубліканскай службай ДАІ. Мабыць, ён дакладна ведае, дзе самы хабаранебяспечны ўчастак, таму і пачаў менавіта з аўтаінспэктараў.

Першая экскурсія ў СІЗА №2 прайшла пад наглядам аддзелу па ідэалягічнай працы ўпраўленьня кадраў УУС аблвыканкаму. Экскурсантам прадэманстравалі камэры, асаблівасьці мясцовае кухні, пазнаёмілі з рэжымам дня і правіламі паводзінаў зьняволеных. Дарэчы, сёньня нейкіх скрайнасьцяў або жахаў у СІЗА №2 не пабачыш, хаця колькі год таму асабліва ўражлівым было на што паглядзець: у камерах не хапала ложкаў, і зьняволеным даводзілася спаць па чарзе.

Адзіны жывы "экспанат", які насамрэч ўражвае экскурсантаў – гэта іхны нядаўні калега, інспектар ДАІ. Ён якраз тут адбывае пакаранне за хабар. Вось падчас экскурсій яшчэ й увасабляе прыклад таго, што можа здараецца зь нячыстымі на руку супрацоўнікамі. Узьдзеяньне на экскурсантаў робіць непаўторнае: зазвычай наведнікі прыходзяць у СІЗА з жартачкамі ды пасміхаючыся, а выходзяць сумныя й задумленныя.

Пакуль цяжка прадказаць наперад, наколькі адаб’ецца новы выхаваўчы мэтад на статыстыцы хабарніцтва ды іншых злоўжываньняў сярод супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі. Бо з правінцыі ў Віцебск на экскурсіі чамусьці пакуль дасылаюць ня горшых, а лепшых супрацоўнікаў – у якасьці прафэсыйнага заахвочваньня. Маўляў, вось вам бясплатная паездка ў абласны цэнтар, ды яшчэ адмысловая культурная праграма пад лёзунгам  "Кожнага супрацоўнік віцебскай дзяржаўнай аўтаінспэкцыі – за краты."  

Алёна Штраль

23.05.2007

Бешанковіцкія алькаголікі закусваюць кветкамі

Па дарозе ў пастарунак двое п’янтосаў зьелі доказы свайго правапарушэньня. Закуска каштавала абодвум па 310 тысяч рублёў.

Абодва затрыманыя потым тлумачылі, што былі дужа пьяныя і нічога ня памятаюць, аднак гвалт над уласнымі арганізмамі не ўратаваў іх ад суду: Міхаіл Дарожкаў і Вячаслаў Мамойка атрымалі адміністратыўныя пакараньні.

Тое, як яны дратавалі клюмбу, убачыў выпадковы жыхар райцэнтру. Аднак зьвязвацца са злаўмысьнікамі не насьмеліўся і папросту спыніў першую сустрэчную міліцэйскую машыну. У ёй аказаўся асабіста начальнік Бешанковіцкага РАУСу Мікалай Латышаў. Загадаў затрыманым легчы на зямлю і выклікаў апэратыўны нарад.

Паводле Мікалая Латышава, ён ніяк не чакаў працягу інцыдэнту:

– Толькі вярнуўся дахаты, сеў вячэраць, як тэлефануюць з РАУСу ды кажуць: "Вы ведаеце, мы не пасьпелі нічога зрабіць. Абодва затрыманыя раптам пачалі запіхваць кветкі сабе ў рот, і па дарозе да пастарунку зьелі кожны па тры кветкі – разам зь пялёсткамі, сьцяблінамі ды лістамі. Цяпер вось ня ведаем, што рабіць – раптам яны атруціліся?"

Міліцыянты дужа шкадавалі затрыманых, нягледзячы на тое, што ўжо добра ведаюць іх: адзін – мясцовы жыхар, якога выгналі з працы за п’янкі, а другі – бомж, які ня так даўно выйшаў з турмы. Аднак нічога кепскага з аматарамі незвычайнае закускі ня здарылася. "Зьелі, як вітамінкі!" – дзівіліся супрацоўнікі міліцыі.

На допыце затрыманыя прызналіся: тыя букеты хацелі прадаць, каб набыць яшчэ "чарніла".

Грошаў у мужыкоў сапраўды не было: "кветкаеду"-бамжу давялося адседзець дзесяць сутак, бо не было чым заплаціць прысуджаны штраф, а за беспрацоўнага п’яніцу штраф у 310 тысяч, пашкадаваўшы, выплацілі родныя.

Цяпер тэрыторыя вокал помніка Леніну ў Бешанковічах ахоўваецца адмысловым паліцэйскім патруём, бо аксіёма пра тое, што "цюльпаны – кветкі неядомыя" тут аспрэчана на практыцы.

Алёна Штраль

22.05.2007

Увекавечана памяць апазыцыянэра

У вёсцы Друкава пад Віцебскам адкрыты помнік на магіле былога лідэра абласной рады КХП БНФ Уладзімера Плешчанкі. Сродкі зьбіраліся грамадой.

Гэтую дабрачынную акцыю запачаткаваў бліжэйшы сябар Уладзімера Плешчанкі віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Да справы далучыліся таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой ды сябры сойму КХП БНФ.
 
– Помнік будаваўся талакой, – распавядае спадар Барыс. – Памятаю, калі зьбіраў грошы, падышлі некалькі школьнікаў. Ашчадзілі колькі тысяч, але ня сталі купляць тую жуйку, проста кінулі рублі ў маю скрыню... Шмат людзей у гэтай сьвятой справе ўзялі ўдзел. Проста не было магчымасьці тут іх усіх сабраць. Дый не хапіла б месца! І я абавязаны ім усім сказаць вялікі дзякуй.

Сябар сойму КХП БНФ мастак Ян Таўпыга чатыры месяцы, пакуль зьбіраліся грошы, працаваў над эскізам помніка. На стэле з чорнага граніту, апрача партрэту Ўладзімера Плешчанкі, вырашана было зьмясьціць выяву Пагоні і стылізаваны крыж, а на надмагільнай пліце напісаць словы "Не для сябе, а для Радзімы".

На адкрыцьцё помніка  зьехаліся аднапартыйцы спадара Плешчанкі і проста ягоныя знаёмыя ды аднадумцы. Прэс-сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал зачытаў ліст ад Зянона Пазьняка, які пачынаўся наступнымі словамі: "Прасіў бы лічыць мяне тут разам з вамі, побач, на віцебскай зямлі, каля помніка і каля памяці нашаму герою. Гэта быў наш рыцар, які шматкроць даказаў у змаганьні сваю нязломнасьць і веру ў сьветлую будучыню дарагой Бацькаўшчыны. Ён прымусіў сябе паважаць нават ворагаў. Ягонае жыцьцё было пасьвячэньнем Беларусі”.

Уладзімер Плешчанка сышоў у вечнасьць усяго толькі на  58-м годзе жыцьця. Дактары раілі яму берагчы хворае сэрца, аднак ён, незважаючы на хваробу,  ладзіў пікеты каля "Сіняга дому" ў Віцебску, раздаваў улёткі ці проста стаяў пад бел-чырвон-белым сьцягам, выклікаючы ў кагосьці зь мінакоў пагарду і неразуменьне, а ў кагосьці цікаўнасьць ды павагу...

Сэрца Ўладзімера Плешчанкі спынілася 20-га траўня 2006-га году.

Алёна Штраль

В Европе – норма. У нас – нарушение табу!

Впервые за всю историю витебского фестиваля "Белая амфора" демонстрировалась коллекция в духе "садо-мазо". Жюри побоялось принять  новации немецкого дизайнера.

Фурор на прошедшем в Витебске XII конкурсе модельеров-дизайнеров вызвала провокационная коллекция 21-летнего немца, призера прошлогоднего фестиваля Саши Томпсона "Женщины бальзаковского возраста".

Она представлялась в номинации "В ритме жизни", задача которой формулировалась как "передача образа современника в стремлении к совершенству через прекрасное и неповторимое в одежде".

Воспринимать коллекцию можно было по-разному, но явные садомазохисткие мотивы прослеживались абсолютно однозначно.

Революционным стало и то, что впервые за всю историю фестиваля на сцену культурно-делового центра "Витебск" вышли модели пожилого возраста – идея опять же Саши Томпсона. Среди них были как профессиональные манекенщицы в прошлом, так и участницы самодеятельных творческих коллективов, даже профессиональные актрисы "без комплексов" Национального академического театра им. Я. Коласа.

Для них работа с талантливым немецким дизайнером после театральной рутины стала настоящим глотком свежего воздуха. Одна из участниц призналась на заключительном фуршете: около недели назад похоронила мужа. Но это вовсе не стало поводом отказаться от участия в показе.

"Жизнь продолжается!" – оптимистично провозглашала неунывающая дама бальзаковского возраста, поднимая очередной бокал шампанского. Таким и запомнится участникам нынешний фестиваль – бесшабашный праздник с привкусом легкого абсурда.

Тем не менее профессиональное жюри коллекция все же больше напугала, чем восхитила.

– То, что давно норма для Европы, для нас, к сожалению, кажется нарушением каких-то строгих табу, – заметила участник конкурса модельер Людмила Тараканова.

Надо полагать, запреты, о которых говорила моя собеседница, остались еще с советских времен. Помните знаменитую фразочку: "У нас секса нет!" Тем более - как это так, выносить мотивы садомазохизма на сцену? Причем не столичную!

Может поэтому Саше Томпсону дали всего лишь утешительную вторую премию. Лучшими в этом  году стали студенты ивановской текстильной академии. Их сдержанность и консерватизм оказались витебчанам ближе и понятней.

Виктор Луков

21.05.07

Прыбіральня важней за помнік гісторыі

Парэшткі віцебскага Сьвята-Мікалаеўскага сабору зьнішчаюцца пад адабрэньне прадстаўніцы Нацыянальнай Акадэміі навук Вольгі Ляўко.

Менскае прадпрыемства "Классикстройпроект" разам з віцебскім "Водаканалам" пракладаюць каналізацыйныя трубы , прабіваючы старажытныя падмуркі некалі велічнага Сьвята-Мікалаеўскага сабору. Яго ўзарвалі яшчэ ў савецкі час, а зараз зьнішчаюць апошнія сьляды, схаваныя пад асфальтам.

Ні скаргі ў пракуратуру, ні допісы ў Акадэмію навук , ні прадпісаньні ўправы культуры Віцебскага аблвыканкаму ня здолелі спыніць несанкцыянаванае руйнаваньне.

Падземныя працы ў гістарычнай ахоўнай зоне на плошчы Свабоды працягваюцца днём і ўначы. Між тым, гэтая зона абсалютна не дасьледавана гісторыкамі-археолягамі, і пад зьнявечанымі мурамі могуць знаходзіцца парэшткі культавых пабудоў яшчэ з XIV стагодзьдзя.

Лёсам гістарычнай спадчыны занепакоеная віцебская моладзь. Штовечар каля двух дзесяткаў маладых людзей зьбіраюцца каля вялізнага катлавану, у якім добра відаць старажытную цагляную кладку і фрагмэнты расьпісных сьценак. Катлаван мае глыбіню каля шасьці мэтраў і каля дзевяці ў дыяметры, вакол яго будаўнікі паставілі перанасную жалезную агароджу.

На тых кратах хлопцы і дзяўчаты завязваюць чорныя стужкі. І штоночы прараб фірмы "Классикстройпроект" Валеры Губін зразае гэтыя стужкі. Кажа, што да ягонай фірмы ня можа быць аніякіх прэтэнзіяў:

– Мы адзіныя ў Беларусі, хто працуе паводле сучаснай тэхналёгіі гарызантальнага бурэньня. Інакш вашу плошчу Свабоды ўвогуле трэба было перакапаць уздоўж і ўпопрек, каб зрабіць замоўлены каналізацыйны калодзеж!

Своеасаблівым чынам патлумачыў журналістам парушэньне заканадаўства аб ахове гістарычнай спадчыны і кіраўнік "Віцебскводаканалу" Міхаіл Грынберг:

– У прыбіральню хочуць хадзіць усе. А бяз гэтай трубы і новага калодзежу каналізацыя працаваць ня можа!

Дагэтуль відавочных "каналізацыйных " праблем у тым раёне Віцебску не назіралася. Паводле супрацоўніцы ўправы культуры Віцебскага аблвыканкаму Ніны Сулецкай, падземныя працы вядуцца з "дальнім прыцэлам": каб падлучыць камунікацыі да новага моладзевага забаўляльнага цэнтру. Яго мае пабудаваць каля плошчы Свабоды віцебскі прадпрымальнік Аляксандар Данілаў.

Пэўныя надзеі неабыякавыя грамадзяне Віцебску ўскладалі на візыт доктара гістарычных навук Вольгі Ляўко, якая мае адкрыты ліст на археалягічныя дасьледваньні ў Віцебскай вобласьці. 15 траўня яна прыяжджала зь Менску, аднак ніякіх сур’ёзных захадаў да спыненьня вандалізму і пакараньня парушальнікаў не зрабіла. Працы на плошчы Свабоды і цяпер ідуць поўным ходам.

Тыя, хто чуў гутарку спадарыні Ляўко з прадстаўнікамі "Віцебскводаканалу" і фірмы, якая выконвае буравыя працы, пазыцыю навукоўцы зразумелі так: на аднаўленьне Сьвята-Мікалаеўскага сабору ўсё адно няма грошай, а каналізацыю да моладзевага цэнтру падводзіць трэба. Хоць будаўніцтва ня мае на сёньняшні дзень нават зацьверджанага праекту.

З гледзішча ўпаўнаважанай прадстаўніцы беларускай Акадэміі навук атрымліваецца, што прарыць катлаван пад каналізацыйны калодзеж у ахоўнай гістарычнай зоне – гэта ня так ужо й злачынна.

Алёна Штраль

17.05.2007

Нафтапровад зноў даў збой

Ужо другая аварыя на лініі Унеча-Вентспілс прымусіла задумацца пра бяспеку выкарыстання гэтай сістэмы.

Адмыслоўцы гавораць пра такое: "стаміўся" метал. Прасцей кажучы, труба лопнула таму, што састарэла.

Штаб па ліквідацыі аварыі як і не ад’язджаў з Бешанковіцкага раёну ад мінулага разу. Усе ізноў на месцы – і супрацоўнікі МНС на чале з намеснікам міністра спадаром Барынгольцам, і кіраўніцтва раёну, і міліцыя... Дый мясцовыя жыхары "трубу" пільнуюць: калі датчыкі зафіксавалі падзенне ціску ў прадуктапровадзе і аварыйная брыгада паехала шукаць месца аварыі, дзірку хутчэй за іх знайшоў мясцовы пенсіянер Мікалай Тыркіч. Ён распавёў, што тутэйшыя ўсю раніцу цягалі паліва вёдрамі ды каністрамі. У канаве было на паўметра вады, а зверху на метр – паліва. Многія запасліся дармавай саляркай, але ніхто на "марадзёраў" не сварыўся.            

Трубапровад прарвала а сёмай раніцы пятага траўня. Паводле папярэдніх высноў, здарылася тое ж, што і 23 сакавіка – труба не вытрымала ціску. Не дзіўна, калі ўлічыць, што гэты участак трубаправода пракладзены больш як 30 год таму. Міністэрства прыроды прапануе прыцягнуць да адказнасці ўладальніка – расійскае прадпрыемства "Захадтранснафтапрадукт".

Цяпер вядуцца працы па ліквідацыі наступстваў.Паводле кіраўніка Віцебскай абласной управы МНС Васіля Чэкана, яны не будуць такія крытычныя, як пасля мінулай аварыі. Тады паліва трапіла праз прытокі ў Заходнюю Дзьвіну ды нанесла шкоды водным рэсурсам не толькі Беларусі, але і Латвіі. Гэтым разам забруджаную ваду ўтрымалі дамбамі, а інакш сітуацыя магла б паўтарыцца: усе меліярацыйныя канавы ідуць наўпрост да рэчкі Свячанкі, тая – прыток Улы. А куды трапляе паліва па Уле, вывучылі ўжо і беларусы, і латышы…

На месца аварыі занята больш за 100 чалавек і каля 50 адзінак тэхнікі. Асноўныя працы – гэта падвозка адсарбенту і збіранне разлітага дызпаліва, якога сабрана ўжо 530 кубаметраў. У Свячанцы бяруць пробы вады. Пакуль паліва там не знайшлі. Аднак прыродаахоўныя органы занепакоены. Паводле начальніка Бешанковіцкай раённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету Дзмітрыя Талстога, яшчэ не ліквідаваны наступствы папярэдняй аварыі.Забруджаную зямлю, якая мае трэці клас небяспекі, не прымаюць нават спецыялізаваныя палігоны. Выкарыстоўваючы пэўныя хімічныя рэчывы, адмыслоўцы маюць давесці яе хаця б да ўзроўню чацвёртага класу... Рабіць прагнозы наконт тэрмінаў канчатковай ліквідацыі наступстваў апошняга здарэння спадар.Талстой нават не бярэцца, бо гэта непрадказальна.        

Чарговая аварыя на нафтаправодзе вымушае задумацца аб мэтазгоднасці эксплуатацыі трубапровада Унеча-Вентспілс. Такую думку выказаў міністр па надзвычайных сітуацыях Энвер Барыеў.

Алёна Штраль

09.05.2007

Жанчыны працуюць побач з мокрай электраправодкай

У Гарадоцкай краме №62 пасьля апошніх дажджоў адбылося кароткае замыканьне. Ад удару токам гандлярак уратавалі звыклыя гумовыя боты.

Праз капрызы клімату ды прыроды вымушыныя цярпець нязручнасьці і гандляры, і пакупнікі. Мала таго, што даводзіцца спатыкацца аб тазікі, адмыслова расстаўленыя па гандлёвай залі, каб у іх сьцякала дажджавая вада, – з-за вільгаці ў краме практычна немагчыма захоўваць прадукты. Між тым мясцовае спажывецкае таварыства рапартуе пра пасьпяховае ўкараненьне сацыяльных стандартаў, якія нібыта набліжаюць глыбінку да сталічных умоваў.

– Усе тавары мы накрываем цыратай, – распавядае загадчыца крамы Валянціна Ешчанка. – Пакупнікі скардзяцца, што хлеб у нас пахне цьвільлю. А што мы можам зрабіць? Вось сёньня я прыйшла на працу ды плачу: энэргетыкі адключылі электрычнасць, гавораць, што ў такіх умовах працаваць нельга. Нават сказалі, што па начох, магчыма, краму прыйдзецца вартаваць самім – калі ня ўключыцца сігналізацыя! А нам жа трэба працаваць, плян выконваць – гэта ж нашы заробкі! Цяпер краму давялося зачыніць, і я пра ўсё гэта напісала дакладную старшыні райспажыўсаюзу Канстанціну Варанку.

Усе тры гандляркі разам з загадчыцай скіраваліся на прыём да старшыні Гарадоцкага райспажыўсаюзу. К.Варанко паабяцаў цягам тыдня перакрыць дах, але рабочыя "на аб'ект" так і не зьявіліся. Таго факту, што дах вымагае рамонту сама меней пяць апошніх гадоў, кіраўнік Гарадоцкага райспажыўсаюзу не адмаўляе. Але асаблівай праблемы ў гэтым ня бычыць, канстатуючы, што толькі апошнім часам пад прарэхамі на столі давялося ставіць ночвы ды міскі.

К.Варанко сказаў журналістам, што ўсе тавары з крамы ўжо вывезьлі, і на час рамонту чацьвёра жанчын-супрацоўніц пайшлі ў адпачынак за ўласны кошт. Аднак гандляркі па-ранейшаму выходзяць на працу і хаця б на некалькі гадзін у дзень адчыняюць краму для пакупнікоў – пакуль ня "сядзе" батарэйка аўтаномнага сілкаваньня ў адзіным "дзеяздольным" касавым апараце. Жанчыны працуюць, бо мусяць клапаціцца пра сябе самі – і пра тое, каб выканаць плян райспажыўсаюзу, і пра тое, каб урэшце дамагчыся хоць якога рамонту ад свайго начальства. І пра тое, каб іх выпадкова не забіла  падчас кароткага замыкання мокрай электраправодкі.

Алёна Штраль

08.05.2007

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: