Прыдзьвіньне № 16, ліпень
|
Прысуд за адбітую ў казарме селязёнку
"Дзеду" далі тры гады турмы. Таксама ён мусіць сплаціць два мільёны кампенсацыі пацярпеламу, ды яшчэ два з паловай за ягонае лячэньне ў шпіталі. Вынесены прысуд малодшаму сяржанту 103-й гвардзейскай мабільнай брыгады, які зьбіў салдата-шарагоўца. Як патлумачыў ужо былы малодшы сяржант Дзяніс Шушкевіч, яму падалося, што салдат-першагодак дрэнна выконвае фізычныя практыкаваньні. І ён вырашыў "павыхоўваць" нядаўняга прызыўніка. "Выхаваўчая работа" кваліфікаваная міжгарнізоннай вайсковай пракуратурай як факт нестатутных адносінаў, паводле якога заведзеная крымінальная справа. Апрача гэтага, пракуратура ініцыявала ўнутраную праверку ў славутай 103-й мабільнай брыгадзе, дзе выхоўваюць дэсантнікаў – так званую "эліту" сучаснага беларускага войска. Праапэраваны хлопец, які прыехаў служыць у Віцебск зь Менскай вобласьці, вызвалены ад далейшай вайсковай службы. Ягоны крыўдзіцель, жыхар Магілёву, атрымаў турэмны тэрмін паводле крымінальнага артыкулу "перавышэньне ўлады, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы". Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік кажа, што факты нестатутных стасункаў у 103-й мабільнай брыгадзе былі вядомыя й раней. Але ні сваякі, ні самі салдаты тэрміновае службы не вырашаліся скарзіцца ў адпаведныя органы, хаця праваабаронца настойліва раіў ім гэта зрабіць і нават абяцаў дапамагчы скласьці заявы. Пасля судовага разьбіральніцтва і пракурорскай праверкі пра нестатутныя стасункі паміж віцебскімі дэсантнікамі стала амаль не чуваць. За паводзінамі падначаленых пачалі больш пільна глядзець камандзіры. Але бацькам будучых прызыўнікоў усё адно няма спакою: ніхто ня хоча, каб іхныя сыны апынуліся хай сабе ў самай элітнай частцы, але дзе ёсьць верагоднасьць заплаціць уласным здароўем за ўсталяваньне належнага парадку праходжаньня службы. Алёна Штраль 23.07.2007
У Аршанскім раёне былы "зэк" пагражаў узарваць спецінтэрнат
Выхаванец спецінтэрната ў вёсцы Якаўлевічы, дзе ўтрымліваюцца састарэлыя адбыўшыя пакараньне колішнія злачынцы, заявіў адміністрацыі, што гатовы здзейсьніць тэракт. Ён заклаў у сваю тумбачку выбуховае прыстасаваньне, каб пакараць невядомага злодзея, які выкрадае адтуль грошы. Паколькі кантынгент спецінтэрнату досыць спецыфічны і здольны шмат на што, адміністрацыя адразу патэлефанавала ў Аршанскі РАУС. Адтуль далі загад неадкладна эвакуяваць усіх насельнікаў спецустановы, а таксама жыхароў бліжэйшых дамоў. На месца здарэньня тут жа выехалі начальнік Аршанскага райаддзелу міліцыі са сьледчай аператыўнай групай, пракурор раёна і група размінаваньня. У пакоі выхаванца насамрэч знайшлі "выбуховае прыстасаваньне" - частку гранаты ад гранатамёта РПГ-7 з прыматанымі да яе батарэйкамі. Адмыслоўцы высьветлілі, што небясьпекі гэтая канструкцыя не ўяўляе, але вырашылі забраць на экспертызу. Ня выключана, што гранату, або асобныя яе часткі былы зэк знайшоў на тэрытырыі спэцінтэрната, які месьціцца ў памяшканьнях былой вайсковай часткі. Пакуль супрацоўнікі міліцыі шукалі выбухоўку ды складалі пратаколы, "тэрарыст", пабачыўшы столькі людзей у форме, не на жарт расхваляваўся, і ў яго здарыўся сардэчны прыступ. На "хуткай дапамозе" яго адвезлі ў гарадзкую бальніцу № 2, дзе ён і зараз знаходзіцца пад вартай. Супраць няўдалага падрыўніка заведзена крымінальная справа па артыкуле "Заведама падманнае паведамленьне аб небяспецы". Яму пагражае штраф або арышт да 6 месяцаў, або абмежаванне свабоды да 3 гадоў, або пазбаўленне волі да 5 гадоў. А таксама прыдзецца сплаціць выдаткі за марны выезд і працу групы размінавання. Алёна Штраль 19.07.2007 |