Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвіньне № 17, жнівень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвіньне № 17, жнівень

Што рабіць з віцебскім амфітэатрам?

Чыноўнікам абласной управы культуры загадана выкарыстоўваць галоўную канцэртную пляцоўку "Славянскага базару" круглы год, каб акупіць затраты на яе.

Паводле дзяржаўных СМІ, да сёлетняга "Славянскага базару" праз укладаньне 46 мільярдаў рублёў бюджэтных грошай  віцебскі летні амфітэатр ператварыўся ў "самую сучасную канцэртную пляцоўку Эўропы". Аднак – у неацяпляльную пляцоўку, хаця й накрытую адмысловым дахам, які можа ўратаваць гледачоў хіба ад цёплага летняга дожджыка. Таму выкарыстаньне амфітэатра круглы год шмат каму падаецца ўтапічнай ідэяй.

Пэўныя высілкі прыкладзеныя чыноўнікамі з аддзелу культуры, каб  задзейнічаць пляцоўку дзеля  мастацкіх мерапрыемтваў хаця б у цёплы час. Да прыкладу, сюды запрасілі выступаць кітайскі цырк, а таксама  спрабавалі праводзіць у канцэртнай залі кінасэансы. 27 ліпеня на мастацкі фільм Натальлі Бандарчук "Пушкін. Апошняя дуэль" сабралася 700 гледачоў. 5 тыcяч 300 месцаў засталіся пустымі.

Супрацоўнікі кінапракату прапанавалі наведнікам анкету, каб высьветліць, наколькі гэта перспектыўная справа – кіно ў Летнім амфітэатры. 88 працэнтаў гледачоў выказаліся за тое, што кошт білетаў здавальняючы (4 тысячы беларускіх рублёў). А вось якасьць відэа і гуку  палічылі прымальнай толькі 60 працэнтаў гледачоў, таму далейшае выкарыстаньне "самай сучаснай канцэртнай пляцоўкі" у якасьці кіназалі выглядае сумнёўным, і ў жніўні заплянаваны раней кінасеанс вырашылі ўжо не праводзіць.

Адзіным прыдатным для амфітэатру жанрам пакуль застаюцца канцэртна-сьпеўныя імпрэзы. А самым безадмоўным кантынгентам гледачоў – віцебскія школьнікі. 3 верасьня іх арганізавана запросяць купіць білеты на канцэрт "Добры дзень, школа!" і "Кляссную вечарынку"  для старшаклясьнікаў.   13 верасня  Белтэлерадыёкамапанія правядзе на віцебскай сцэне  адборачны тур рэспубліканскага дзіцячага "Эўрабачання". На гэты канцэрт спецыяльна запрошаны мінулагоднія пераможцы гэтага конкурсу сёстры Талмачовы з Расеі,  а таксама  Верка Сярдзючка.

11 верасьня  ў амфітэатры будзе сьпяваць Алеся з  ансамблем "Сябры",  20-га жыхары Віцебску змогуць ўбачыць Аляксандра Саладуху. Вядома,  пры той умове, што знойдзецца дастаткова ахвотных, каб набыць білеты на беларускіх "зорак". 27 верасня,  калі  стане ўжо па-восеньску  прахалодна, на адкрытай пляцоўцы будуць мець гонар прадэманстраваць сваё майстэрства самадзейныя творчыя калектывы Віцебскага гарадзкога цэнтру культуры. А далей – дажджы, халады і невядомасьць: што ж усё-ткі рабіць зь віцебскім амфітэатрам.

Алена Штраль

29.08.2007

Замочак – на шчасьце ў шлюбе

Замочек на счастьеЯго замацоўваюць на парэнчах віцебскага маста імя Пушкіна жаніхі й нявесты, а ключы выкідаюць у Віцьбу – каб не парушыўся сямейны саюз.

"Пушкінскі" мост – адзін з сямі гарадзкіх, па якіх, згодна з тутэйшай традыцыяй, праяжджаюць вясельныя картэжы. І менавіта праз гэты невялікі масток, згодна з яшчэ адной мясцовай завядзёнкай,  жаніх праносіць нявесту на руках.

Па пятніцах ды суботах маладым парам нават даводзіцца стаяць у чарзе, каб выканаць абавязковы рытуал. А зь нядаўняга часу на парэнчы маста закаханыя яшчэ й чапляюць замкі – рознага памеру, выгляду, але з абавязковым сардэчкам і несьмяротным надпісам накшталт "Алла + Андрэй=каханьне". Мяркуючы па даце, менавіта гэтыя Алла і Андрэй сталіся першымі, хто запачаткаваў новую традыцыю – іхны замочак зьявіўся на мосьце 14 лютага, на сьвята закаханых – Дзень сьвятога Валянціна.

Ключы ад замкоў маладыя людзі кідаюць у Віцьбу, якая ўжо праз колькі дзесяткаў мэтраў упадае ў Заходнюю Дзьвіну. На дне малой рачушкі столькі твані і сьмецьця, што можна быць пэўным – ніякія злыя сілы ключ ад чужога сямейнага шчасьця ня знойдзе!

Новы рытуал яшчэ не апісалі навукоўцы, а віцебскі аддзел ЗАГСу яшчэ не ўключыў яго ў свае мэтадычныя парады. Анатоль Емяльянаў, выкладчык фальклору Віцебскага дзяржаўнага універсітэту, выказвае меркаваньне, што традыцыя "замыкаць" нешта ад нядобрага магічнага ўплыву ідзе  яшчэ з паганскіх часоў. А вось звычай чапляць замкі на парэнчы або рашотку маста, хутчэй за ўсё, прыйшоў у  Віцебск з Эўропы.

– У гарадох захаду такі рытуал зусім ня новы, – тлумачыць спадар Емяльянаў. У Рыме на ліхтарах і парэнчах маста Понтэ Мільвіа вісяць дзясяткі тысяч такіх замкоў.  Гэты звычай існуе ўжо год 15, і ня так даўно адзін з ліхтарных слупоў паваліўся пад цяжарам сымбаляў вернасьці й вечнага каханьня. Тады мэр Рыму Вальтэр Вельтроні загадаў прыбраць з маста замкі. Але,  каб захаваць рамантычны звычай, было вырашана ўзьвесьці адмысловую канструкцыю, на якую змогуць пачапіць свае замкі ўсе ахвотныя. Такі самы рытуал ёсьць і ў закаханых з Фларэнцыі. Аднак тамтэйшы мэр вырашыў пазьбегнуць небясьпекі і увёў штраф за несанкцыянаванае вывешваньне замкоў памерам  50 эўра.

У Віцебску ўводзіць штрафы для маладых пакуль не зьбіраюцца. Але вось наколькі пасадзейнічае новы рытуал трываласьці шлюбаў – гэта належыць вызначыць статыстыцы. Пакуль яна аптымізму не дадае: калі ў са студзеня па чэрвень 2006-га году ў Беларусі  на 1000 шлюбаў прыпадала 530 разводаў, то сёлета за першую палову году разводаў зафіксавана больш. Колькасьць зарэгістраваных шлюбаў вырасла ў параўнаньні з мінулым годам  на 5,1 адсоткаў,  а колькасьць скасаваных – на 15,4 адсоткаў. Можа, чароўныя замочкі паўплываюць на сытуацыю?

Алена Штраль

29.08.2007

Янукі зноў чакаюць Януковіча

Янукович в родной деревнеЧаму ў беларускай вёсачцы рэгулярна абнаўляюць інфармацыю пра ход выбарчага маратону на Ўкраіне?

Працягваецца кампанія датэрміновых выбараў украінскай Вярхоўнай Рады. Галасаваньне адбудзецца 30 верасьня. У Беларусі, відавочна, найбольш пільную ўвагу да палітычнай кампаніі суседзяў выказваюць жыхары вёскі Янукі. Разьмешчана яна ў Докшыцкім раёне, на грэбні Сьвянцянскай грады. Узвышша пачынаецца ў Глыбоцкім раёне і заканчваецца ў цяперашняй Літве.

У Янукі дабіраліся праз мястэчка Ваўкалата. Гэта былы маёнтак багатага шляхецкага роду Бжастоўскіх. Тут захаваўся мураваны касьцёл. Кожную нядзелю на набажэнствы зьбіраюцца вернікі з суседніх вёсак Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў. Тутэйшыя людзі напярэдадні падмятаюць вуліцы. Чыста й хораша ля касьцёлу.

А ў Януках ля дарогі зноў павалілася таполя. Старое дрэва ў некалькі абхватаў будзе гніць, бо няма ў вёсцы мужчынскай сілы. Сакратарка Ваўкалацкага сельсавету Антаніна Бабарыка кажа, што выклікала аварыйную службу Докшыцкай жальлёва-камунальнай гаспадаркі:

– Прыехалі дзядзькі, пахадзілі, абмералі і "заламалі" 150 тысяч рублёў толькі за расьпілоўку, – гаруе Антаніна Бабарыка.

Разам зь ёй мы ўзгадваем пра дрэва, якое ляжала пасярод дарогі ў Януках некалькі гадоў запар. Аб’яжджалі яго машыны і трактары. Але як толькі пайшлі чуткі, што Янукі зьбіраецца наведаць прэм’ер-міністар Украіны Віктар Януковіч, дрэва ўбралі.

Марыя Януковіч, хата якой насупраць таго пня, сустракала Віктара Януковіча ў ягоны леташні прыезд.

– Зь верталёту як апусьціліся – адразу паехалі на могілкі. Пасьля да мяне заходзілі. Добрая кампанія. Зь ім Сідорскі быў. Ён таксама абяцаў не пакінуць вёску на выміраньне, – узгадвае цётка Марыя.

Бібліятэкарка з Ваўкалаты Антаніна Януковіч сабрала зьвесткі, што напачатку ХХ стагодзьдзя тут былі два ветракі, амаль 20 дамоў, у якіх пражывалі 135 чалавек. Польскі перапіс у 1921 годзе засьведчыў: у Януках – 26 двароў, насельніцтва – 140 чалавек.

У 1949 годзе янукоўцаў далучылі да калектывізацыі. Вёска трапіла ў заняпад. Цяпер там жывуць толькі пяць чалавек.

Двойчы сюды прыяжджаў прэм’ер-міністар Украіны Віктар Януковіч. Шукаў на могілках помнікі радні. А тут, што ні камень, то надпіс – Януковіч. Усяго больш за сотню такіх надмагільляў.

Расчуліўся Віктар Януковіч, уголас паабяцаў збудаваць у Януках катэджы на 300 чалавек.

– Ён марыць, каб у Янукі вярнуліся Януковічы, – кажа Марыя Януковіч.

Жанчына – паштальён. Яна ўжо атрымала больш як 80 пісьмаў з розных мясьцінаў былога СССР.

– Ня толькі людзі з прозьвішчамі Януковіч цікавяцца, ці пачалі ў нас што-небудзь будаваць. Але пакуль усё ціха, жывём па-ранейшаму, – гаворыць спадарыня.

Няўжо дзяржаўны муж з Украіны забыўся пра свой радзінны куток у Беларусі?

Не зусім так. Двое дзяцей наймаладзейшай ў вёсцы Марыі Януковіч сёлета ў трэці раз адпачывалі ў лягеры "Артэк". Яны ж атрымалі ў падарунак кампутар. Сувязісты нарэшце правялі ў вёску тэлефон.

Прыродная сьціпласьць беларускіх Януковічаў не дазваляе турбаваць свайго ганаровага земляка ва Ўкраіне. Тым часам ў вёсцы я заўважыла ўлёткі з партрэтамі прэм’ера Віктара Юшчанкі. Паведамляецца, што "Партыя рэгіёнаў" на сёньня прэтэндуе на 35 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў. Адзначаецца, што прыкладна столькі ж маюць на дваіх асноўныя канкурэнты – "Наша Ўкраіна" і блёк Юліі Цімашэнка.

Галіна Баравая

28.08.2007

Чыноўнікі русіфікуюць беларускую школу

Жыве Беларусь!У адзінай на Віцебшчыне гарадзкой школе з навучаньнем на роднай мове сёлета стварылі "альтэрнатыўныя" клясы.

Амаль усе школы з беларускамоўным навучаньнем на Віцебшчыне – вясковыя: базавыя і малакамплектныя. Толькі ў адзіным райцэнтры Глыбокае працуе беларускамоўная школа №3, але й там па распараджэньні Міністрэрства адукацыі сёлета ствараюцца клясы з навучаньнем па-расейску.

Адна першая і адна другая кляса з рускай мовай навучаньня зьявяцца сёлета ў глыбоцкай СШ№3. Гэтая школа лічыцца самай прэстыжнай у райцэнтры: тут вопытныя настаўнікі, добрая матэрыльная база, дзякуючы ў тым ліку і беларусам замежжа, якія падарылі тутэйшым вучням аргтэхніку. Адзінае, што не задавальняе некаторых бацькоў, якія хацелі б  аддаць сваіх дзяцей менавіта сюды  – гэта навучаньне па-беларуску. Таму, як кажа дырэктарка Лілія Маўчун, выхоўваць даводзіцца часам ня толькі вучняў:

– Пытаньне пра мову навучаньня час ад часу паўстае. Але мы ўгаворваем бацькоў, тлумачым, што мы беларусы, што вучыцца на беларускай мове – не заганна. Але сёлета пераканаць бацькоў не ўдалося: яны пайшлі вышэй за школу, вышэй за райаддзел адукацыі – у міністэрства. І адтуль атрымалі распараджэньне стварыць клясы з расейскай мовай навучаньня. Бо паводле закону аб адукацыі, бацькі маюць на тое права.

Зрэшты, ініцыявалі гэтую акцыю ня толькі бацькі, а нават дзядулі будучых першаклясьнікаў: адзін – чыноўнік Гандлёвай палаты, другі – дэпутат у абласным савеце. Яны арганізавалі збор подпісаў у дзіцячым садку №5, каб была сфармаваная першая кляса з навучаньнем па-расейску. Другая кляса арганізавалася пад іхным уплывам: у асноўным сюды трапілі дзеці глыбоцкіх прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў камэрцыйных структураў.

Старшыня Глыбоцкага аддзяленьня ГА "Таварыства беларускай школы" Віталь Гарановіч гаворыць, што імпэтныя бацькі ды дзядулі не ўлічылі цяжкасьцяў іншага парадку: якасьць навучаньня па-расейску значна горшая, чымсьці яны разьлічвалі.

– Усе падручнікі, дапаможнікі ў школе – па-беларуску, – тлумачыць Віталь Рыгоравіч. – Настаўнікі ўжо звыклі выкладаць на роднай мове. Пакуль усё перабудуецца,  пройдзе час. Куды прасьцей было аддаць дзетак у іншую школу, дзе навучаньне ідзе па-руску. Аднак тут бацькі ды дзядулі ўсё пралічылі: СШ №3 – лепшая, а значыць, мусіць належыць ім – тым, хто сёньня пры грашах ды пры ўладзе.

Пратэст супраць русыфікацыі беларускамоўнай школы В.Гарановіч выклаў у адмысловым лісьце, які надрукавала недзяржаўная газэта "Вольнае Глыбокае". Ён выказвае меркаваньне, што сьледам пад русыфікацыю трапіць Глыбоцкая гімназія. Там таксама выкладаюць па-беларуску, і яна таксама лічыцца прэстыжнай. У гімназію вучняў прымаюць з 5 клясы, і таму  тыя, хто сёлета запатрабаваў навучаньня па-расейску для першаклясьнікаў і другаклясьнікаў, праз тры-чатыры гады паспрабуюць зрусыфікаваць яшчэ адну навучальную ўстанову ў Глыбокім. Прычым няма сумнёву, што Міністэрства адукацыі стане на іхны бок.

Паводле Іосіфа Навумчыка, старшыні віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы, усяго каля 20 адсоткаў школьнікаў  Віцебшчыны маюць магчымасьць навучацца па-беларуску. У асноўным гэта вучні вясковых школаў, якія паступова зьнікаюць разам з беларускай мовай выкладаньня.  Так, сёлета ў рэгіёне зачынілі  19 вясковых школ  – у іх проста няма каму хадзіць. Пра  гэта гаварылася на абласной калегіі настаўнікаў.  Праблема захаваньня беларускамоўнага навучаньня ў гарадах на афіцыйных сходах з удзелам "вертыкалі" даўно ўжо не ўзьнімаецца.

Алена Штраль

27.08.2007

Галадоўка як апошні сродак самаабароны

ГолодовкаПрадпрымальніца Святлана Дваранінава патрабуе адмяніць прысуд – шэсьць з паловай гадоў пазбаўлення свабоды, вынесены ёй віцебскай Фэмідай.

Сьвятлана Дваранінава была саўладальнікам  прадпрыемства "Акварыус", якое займалася аптовым гандлем і швэйнай вытворчасьцю. Крымінальная справа ў дачыненьні да яе была ўзбуджаная ў 2004 годзе – за запазычынасьць  ў некалькі тысяч даляраў, бо яна  ня здолела разьлічыцца за атрыманы без перадплаты тавар.

У судовай справе ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць часовыя  цяжкасьці прадпрыемства – у памяшканьні прарвала трубу, прадукцыя была сапсаваная, вытворчасьць спынілася, сама прадпрымальніца цяжка захварэла і не змагла своечасова выканаць абавязацельствы па дамовах. Больш таго: да справы далучана заява крэдытора, які пісьмова адмовіўся ад сваіх прэтэнзіяў, бо даўгі са спазьненьнем, але былі сплочаныя. Аднак сьледзтва гэта не спыніла, і справу давялі да суду.

У 2006-м годзе прадпрымальніцу асудзілі на восем гадоў пазбаўленьня свабоды. У траўні 2007-га, запатрабаваўшы перасуду, яна ўпершыню зьвярнулася да такой скрайняй меры, як галадоўка.  У заяве "аб адмове ад прыёму ежы" запатрабавала, каб справу перагледзелі, бо інцыдэнт фактычна вырашаны ў гаспадарчым судзе, а пазыкі сплочаныя. Да таго ж галадоўніца выказала патрабаваньне "перадаць крымінальную справу ў любы іншы суд, напрыклад, г.Менску, бо ў яе няма даверу да судоў Віцебску".

На патрабаваньне Сьвятланы Дваранінавай справу перагледзелі. Праўда, па-ранейшаму ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску. 13 жніўня вынесены новы вырак: ужо ня восем, а шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Прадпрымальніцу абвінавацілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу – за махлярства і крадзёж шляхам злоўжываньня службовым становішчам.

Адвакатка падсуднай Натальля Тарасюк з такім прысудам ня згодная :

– Суд не выявіў фактаў абнаяўленьня буйной сумы грошай, што сьведчыла б пра віну падсуднай. С.Дваранінаву яшчэ можна было б абвінаваціць ва  ва ўхіленні ад выканання крэдыторскіх абавязальніцтваў, але ніяк не ў махлярстве і крадзяжы.

21 жніўня адвакатка  перадала скаргу С.Дваранінавай  у Віцебскі абласны суд, а сама асуджаная ўжо другі раз абвясьціла галадоўку.

Пакінуўшы судовыя калізіі  адмыслоўцам,  з гісторыі  Сьвятланы Дваранінавай можна зрабіць пэўныя высновы. Вось, да прыкладу , меркаваньне лідэра прадпрымальнікаў  Валера Леванеўскага:

– Па такой схеме можна "саджаць" ці ня кожнага. Сьледчаму трэба проста пайсці ў гаспадарчы суд, выбраць справу, пагаварыць з крэдыторам, каб той напісаў заяву ў міліцыю, і новая справа па махлярстве або раскрадальніку гатовая. Не трэба сядзець у засадах, праводзіць складаныя разлікі. Вось такі спосаб – хутка і эфэктыўна паставіць сабе ў заслугу раскрыцьцё цяжкага злачынства. Агульнавядома, што нашыя праваахоўныя органы рапартуюць рэгулярна пра раскрыцьцё розных цяжкіх злачынстваў.

Віцебскія прадпрымальнікі ўжо неаднойчы выкарыстоўвалі галадоўку ў якасьці меры пратэсту супраць парушэньня сваіх правоў. У 2004-м годзе загаладавалі адразу каля 40 прадпрымальнікаў, сабраўшыся разам у памяшканьні гандлёвага дому "Мішэль". Гарадзкія ўлады мусілі пайсьці на саступуі ды выканаць іхныя патрабаваньні. Але каб прадпрымальніца шляхам галадоўкі сам-насам змагалася з судовай сыстэмай – такое ў Віцебску адбываецца ўпершыню.

Алёна Штраль

24.08.2007

Тацяна Севярынец зьбіраецца дайсьці да ААН

Тацяна Севярынец СудВіцебская абласная судовая калегія адмовіла вядомаму ў горадзе пэдагогу ва ўзнаўленьні на працы, пацьвердзіўшы ранейшую пастанову райсуду.

Не спадзеючыся на справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы,  віцебская апазыцыянэрка і маці вядомага палітыка выказвае намер зьвярнуцца ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

У скарзе, якую 23 жніўня разглядаў віцебскі абласны суд, Тацяна Севярынец адкрыта напісала, што лічыць сваё  звальненьне палітычна матываваным.

– У сакавіку я прасіла адміністрацыю сярэдняй школы №40, дзе працавала, дазволіць мне адпачынак за ўласны кошт на час вясновых вакацыяў. Дырэктар школы Юры Лаўрэнаў сказаў, што ён ня супраць, але зазначыў: "Напішы заяву на імя начальніка райаддзела адукацыі. Бо тваё прозьвішча Севярынец, і да цябе ў начальства асаблівае стаўленьне". Я напісала заяву, начальнік райаддзела Уладзімер Шлома паставіў рэзалюцыю, што ён згодны, і я зьехала. А па вяртаньні даведалася, што прагуляла шэсьць працоўных дзён без дай прычыны, бо начальнік мяне не адпускаў,  а дазвольную рэзалюцыю на заяве паставіла, аказваецца, ягоная сакратарка. Я мяркую, спадар Шлома знарок адмовіўся ад свайго рашэньня, каб пасьля скарыстацца сытуацыяй і пазбавіцца ад мяне, бо неаднаразова мне казаў: "Перастань займацца палітыкай і ўсё будзе добра!"

На пасяджэньні калегіі адна з суддзяў зьедліва заўважыла, што не разумее, прычым тут палітыка, калі гаворка ідзе пра звычайнае парушэньне працоўнай дысцыпліны. Кастусь Севярынец, муж і давераная асоба спадарыні Тацяны, адкаментаваў гэтую рэпліку наступным чынам:

– Тацяна за 35 гадоў пэдагагічнай працы ні разу нават не спазьнілася на ўрок, ня тое каб прапусьціць адразу шэсьць працоўных дзён! Мы зь ёй ведаем, што адказваем і за сябе, і за нашага сына, якога ведае сёньня ўся Беларусь. Я спрабаваў зьвярнуць увагу суду на неўнармаванасьць дакумэнтаў працоўнага заканадаўства, дзе нават у панятках "кіраўнік" і "наймальнік" існуе блытаніна. Але мяне ня слухалі, відаць, рашэньне ўжо было гатовае. Тым больш, усе гэтыя "кіраўнікі", "наймальнікі" ды судовыя службоўцы толькі й сочаць, каб у грамадзтве  не было іншадумства.

Тацяна Севярынец прыйшла ў абласны суд са значком стваранага руху "За Свабоду!". У судовай залі яе пазнавалі нават асабіста зь ёй незнаёмыя людзі. Па-першае, прозьвішча Севярынец у Віцебску насамрэч добра вядомае. Па-другое, спадарыня Тацяна зьбіралася балятавацца ў дэпутаты гарсавету, і хаця выбарчае камісія яе не зарэгістравала, падчас зьбіраньня подпісаў ёй давялося абыйсьці не адну сотню кватэр. Вось гэтая палітычная актыўнасьць, а таксама прынцып "бацькі адказваюць за сваіх дзяцей" сталіся падставай  для звальненьня настаўніцы вышэйшай прафэсыйнай катэгорыі, якая цяпер засталася беспрацоўнай.

Тацяна і Кастусь Севярынцы мяркуюць абскарджваць пастанову пра звальненьне ды рашэньне калегіі абласнога суду ў вышэйшых інстанцыях: у абласной пракуратуры, у генэральнага пракурора Беларусі. А калі праўды тут дабіцца не давядзецца, яны вырашылі, што дойдуць і да ААН. Тым больш, такі досьвед ужо ёсьць: праваабаронца Леанід Сьвецік дапамог скласці лісты  ў камітэт па правох чалавека ААН пенсыянэркам Алене Залескай і Людміле Сухарукавай, вядомаму апазыцыянэру і рэдактару газэты "Выбар" Барысу Хамайду, а таксама сакратару кансісторыі рэлігійнага аб’яднання Евангелічна-лютэранскай царквы ў Рэспубліцы Беларусь Віталю Созінаву. Гэтыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь таксама страцілі надзею на тое, што  дзяржава здольная абараніць іхныя правы.

Алёна Штраль

23.08.2007

На Глыбоцкім кансэрвавым "згнаілі" 80 мільёнаў

Купюры. Стопка 100 ЕВРОвых купюрНа прадпрыемстве ўжо шмат год запар парушаюцца ўмовы захаваньня прадуктаў, бо складзкія памяшканьні не адпавядаюць неабходным санітарным нормам.

Тым часам на завод рэгулярна паступаюць дзяржаўныя інвэстыцыйныя грошы, якія ўкладаюцца ў вытворчасьць новых відаў прадукцыі. У выніку склады  перапоўніліся кансэрвамі  рознай ступені сапсаванасьці.

Супрацоўнікі Камітэту дзяржкантролю натрапілі на   пракіслы сок, гнілыя буракі і ячныя крупы, ў якіх завялася моль. Уразілі і самі складзкія памяшканьні: капітальнага рамонту там не было ніколі, а касьметычнага тамтэйшыя работнікі чакаюць ужо год 15. Скандал вакол сапсаванай прадукцыі атрымаўся такі гучны, што нават трапіў у тэлевізійную праграму.

Непрыдатных да продажу і ўжываньня прадуктаў набралася больш як на 80 мільёнаў рублёў. І яшчэ на два мільярды на складах налічылі нерэалізаванай прадукцыі, якая таксама захоўваецца з парушэньнямі санітарна-гігіенічных норм.  

Адпаведна закону, за такія страты трэба караць  адміністрацыю. Але на Глыбоцкім кансэрвавым заводзе караць фактычна няма каго: нядаўна прызначаны дырэктар працуе на гэтай пасадзе менш за месяц, а былы – знаходзіцца пад сьледзтвам за хабар. Значыць, адказваць давядзецца кіраўнікам ніжэйшага рангу, тым болей Камітэт дзяржкантролю ініцыяваў на прадпрыемстве глябальную праверку – з вывучэньнем фінансавых дакумэнтаў ды ўсёй  сыстэмы вытворчасьці й збыту.

Кантралёраў могуць чакаць у гэтым сэнсе пэўныя адкрыцьці: яшчэ летась завод трапіў у пералік дзевяці прадпрыемстваў, якія мусілі забясьпечыць кансэрвамі ўсю Беларусь, закрыўшы шлях імпартнай прадукцыі.  Разам яны атрымалі 39,1 мільёна даляраў інвэстыцый. Глыбкаму даверылі арганізацыю выпуску кансэрваванага зялёнага гарошку, кансэрваў з гуркоў ды таматаў,  а таксама  канцэнтраванага соку з натуральнай сыравіны.

Дзяржаўныя грошы былі выдаткаваны на  набыцьцё гарохаўборачнага камбайна, ліній  па перапрацоўцы гарошку ды разьліву соку ў сучасную тару.

Паводле намесьніка дырэктара па камэрцыйных пытаньнях Андрэя Воранава, на швэдзкім абсталяваньні коштам  1,1 мільярда рублёў меркавалі выпускаць 4 гатункі соку ў тэтрапаках – таматны, яблычна-персікавы, ябычна-маркоўны ды мульцівітамінны. Плянавалася, што магутнасьць лініі складуць  3,6 тыс. літраў за гадзіну і што яе ўвядуць у дзеяньне ўжо ў сярэдзіне 2007-га году.

Грошы выкарысталі, аднак неўзабаве высьветлілася: тэхналягічная лінія па вытворчасьці соку прадпрыемству не падыходзіць і наперадзе – доўгі судовы працэс з пастаўшчыкамі абсталяваньня. Аказаўся незапатрабаваным і таматны соўс у тых колькасьцях, якія "спусьцілі зьверху" дзяржаўныя чыноўнакі. Цяпер "неліквіды" прадаюць з аўкцыёну. Не "застацца на бабах" дапамагае зіба што зялёны гарошак, які  карыстаецца попытам – пакуль, вядома,  не  пасьпеў папсаваліся на складах.

Згодна  статыстыцы, штогод беларусы спажываюць 400 умоўных слоікаў кансэрваў. Аднак цяжка вызначыць, ці выбіраюць яны сярод шырокага крамнага асартымэнту менавіта беларускую прадукцыю. Бо айчынныя вытворцы, падобна Глыбоцкаму кансэрваваму заводу, сваіх спажыўцоў ня надта шануюць. Інакш  у дзяржавы знайшліся б грошы на адпаведнае ўтрыманьне складоў, а ня толькі на выраб "неліквіднай" прадукцыі, ад якой мясцовы гурман  хутчэй заробіць расстройства страўніка, чымсьці атрымае задавальненьне.

Алёна Штраль

23.08.2007

Адмовіліся перазахаваць расстраляных у вайну

Возложили цветыУ Шаркоўшчынскім раёне знайшлі парэшткі каля 70 чалавек, зьнішчаных у Вялікую Айчынную. Вэртыкаль адмовілася перазахаваць іх: маўляў, няма грошай.

На брацкую магілу-роў выпадкова натрапілі мясцовыя жыхары, але  мясцовыя ўлады вырашылі, што месца апошняга спачыну ахвяраў нацызму дастаткова папросту абгарадзіць дэкаратыўным плотам.

Пра тое, што з-пад зямлі пасьля дажджу паказаліся чалавечыя косткі, раённым уладам паведамілі жыхары вёскі Варонка. На месца здарэньня прыехалі выконваючы абавязкі вайсковага камісара Шаркоўшчынскага раёну Ігар Крылоў  і байцы спэцыяльнага батальёну Міністэрства абароны, які займаецца эксгумацыяй знойдзеных парэшткаў.

Падчас раскопак знойдзеныя колькі дзясяткаў чарапоў з кулявымі адтулінамі. Некаторыя зь іх былі праламаныя, паводле чаго адмыслоўцы зрабілі выснову, што параненых дабівалі прыкладамі. Быў устаноўлены  і прыкладны час сьмерці ахвяраў: 1940-я гады мінулага стагодзьдзя.

Апытаныя старажылы прыгадалі, што насамрэч напачатку Вялікай Айчыннай немцы расстралялі на ўскрайку вёскі некалькі дзясяткаў чалавек, магчыма, габрэяў, якіх прывезьлі аднекуль на дзьвюх машынах. Але за амаль 60 год, якія мінулі з таго часу, мясцовыя жыхары ніколі не бачылі, каб з-пад зямлі дажджом вымывала косткі. У ананімных гаворках байцы пошукавага батальёну выказвалі меркаваньні, што на гэтым месцы папрацавалі "чорныя капацелі". Хутчэй з ўсё, шукаючы залатыя рэчы ды іншыя каштоўнасьці. А потым проста прысыпалі раскапаную магілу зямлёй.

Зрэшты, "чорным капацелям" тут наўрад ці было чым пажывіцца: у "брацкай магіле" ня знойдзена нават фрагмэнтаў адзеньня ці абутку, ня кажучы ўжо пра каштоўныя рэчы.  Відавочна, ахвяраў перад расстрэлам распраналі і таму, паводле выконваючага абавязкі раённага  камісара Ігара Крылова, ідэнтыфікаваць парэшткі і ўстанавіць імёны загінуўшых практычна немагчыма.  Таму раённыя ўлады вырашылі не праводзіць перазахаваньне, а проста абнесьці гэтае месца плотам. З часам – калі знойдуцца грошы, тут, мажліва, будзе ўсталяваны мэмарыяльны  помнік дзеля памяці невядомых ахвяраў, якіх, паводле папярэдніх зьвестак, на ўскрайку вёскі Варонка было расстраляна ад 70 да 100 чалавек.

Увогуле ж падчас нямецкай акупацыі і Шаркоўшчынскім раёне загінулі больш за дзьве тысячы мірных грамадзянаў.

Алена Штраль

22.08.2007

Легендарнага Мірона спрабуе запалохаць РНЕ

Флаг на высотеЧацьвёра віцебскіх апазыцыянэраў атрымалі лісты з пагрозай: "Мірон! Калі ты яшчэ раз вывесіш у нашым горадзе сваю бел-чырвон-белую анучу,  мы цябе пакараем!"

Зь невядомых прычынаў аўтары лістоў зь Віцебскай філіі арганізацыі "Русское Национальное Единство"  палічылі "міронамі" віцебскіх беспартыйных актывістаў Барыса Хамайду і Сягея  Каваленку, а таксама  старшыню абласной арганізацыі КХП БНФ Яна Таўпыгу і сябра гэтай партыі Яна Дзяржаўцава. Ніводзін зь іх ні разу ня быў заўважаны за вывешваньнем нацыянальных сьцягоў. Іншая справа, што ўсе чацьвёра сёлета затрымліваліся за выкарыстаньне "незарэгістраванай сымболікі" на Дзень волі 25-га сакавіка.

Адрасы затрыманых былі зафіксаваныя ў судовых справах, і гэта пакуль адзінае тлумачэньне таго,  адкуль сябрам РНЕ вядомыя асабістыя зьвесткі адрасатаў. Прынамсі, так мяркуе вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда:

– Усе  мы знайшлі гэтыя лісты ў сваіх паштовых скрынях, прычым усе допісы – аднолькавыя. Нам пагражаюць фізычнай расправай, але я ня думаю, што гэта ўсур’ёз. Хаця некалькі год таму было такое, што мяне зьбілі невядомыя хуліганы... Насамрэч Мірон няўлоўны, і гэта ўжо не канкрэтная асоба, а легендарная постаць героя, здольнага ўзьнімаць бел-чырвон-белыя  сьцягі ў самых цяжкадаступных месцах – на дахах, вежах, электрычных дратах пад вялікай напругай... Ён дзейнічае ад 1996-га году, і яго ні разу не злавілі міліцыянты. А гэтыя фашыстоўцы, хутчэй за ўсё, актывізаваліся пасьля выхаду "Белорусской газеты" ад 14-га жніўня, дзе было адразу надрукавана некалькі артыкулаў, прысьвечаных нашаму герою.

Да "Мірона", якога  аўтары лістоў бачаць чамусь адразу ў чатырох асобах, пісьмовыя пагрозы ад імя РНЕ цягам году атрымлівалі    старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залесская, рэдактар газэты "Витебский курьер" Уладзімер Базан і кіраўніца літаратурнага аддзелу тэатра "Лялька" Вікторыя Дашкевіч.

Ніхто зь іх урэшце рэшт ад нэафашыстоўцаў не пацярпеў, хаця "віцебская філія арганізацыі Русское Национальное Единство" пагражала расправіцца з кожным. Алену Залесскую абяцалі пакараць за тое, што яна не падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Базана – за выдавецтва недзяржаўнай газэты дэмакратычнага накірунку, Вікторыю Дашкевіч – за беларускамоўныя спектаклі тэатра, якія ёй было прапанавана перакласьці на расейскую мову...

Дарэчы, толькі адна Вікторыя Дашкевіч зьвярнулася ў пракуратуру, каб яе абаранілі ад невядомых "змагароў за чысьціню расейскай расы". "Зачэпкі" для сьледзтва ў гэтай справе меліся: на канвэрце быў пазначаны зваротны адрас. Аднак пасьля пэўных апэратыўных дзеяньняў заводзіць крымінальную справу па гэтым факце ў міліцыі адмовіліся – маўляў, па гэтым адрасе сябраў РНЕ няма, і знайсьці аўтараў ліста немагчыма.

Тым ня менш віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік раіць усім чатыром атрымальнікам апошніх лістоў усё-ткі зьвярнуцца ў пракуратуру і настойваць на расьсьледаваньні:

– У лістах адкрыта напісана, што іх рассылаюць ад імя філіі РНЕ. Гэтыя дзеяньні падпадаюць пад крымінальны артыкул, бо такая грамадзкая  арганізацыя на Беларусі не зарэгістраваная. У нас за дзейнасьць ад імя незарэгістравнай арганізацыі судзяць "маладафронтаўцаў", аднак міліцыя чамусьці ігнаруе парушэньні закону нэафашыстоўцамі. Я мяркую, што пракуратура  мусіць больш пільна адсочваць дзейнасьць міліцыянтаў, якія не жадаюць разьбіраць справы з удзелам РНЕ!

Дарэчы, на канвэртах з лістамі да "Мірона" ізноў указаны зваротны адрас: Віцебск, Маскоўскі праспэкт, дом №43, корпус 1, кватэра 153. Хто там жыве і ці мае ён дачыненьне да пагрозаў ад імя РНЕ, належыць высьветляць праваахоўным органам. Калі дагэтуль не ўдалося высачыць няўлоўнага патрыёта Мірона, мажліва, удасца пакараць ягоных  апанэнтаў – змагароў за "расейскі парадак" на Беларусі.

Алена Штраль

20.08.2007

Дэфіцытная вакцына ад шаленства псуецца на складах

ВакцинаНа віцебскай біяфабрыцы пачалі вырабляць прынцыпова новы прэпарат ад сьмяротнае хваробы. Але ён не "пайшоў". Чаму?

Дагэтуль на Беларусі карысталіся імпартнымі прафіляктычнымі сродкамі, якія даводзілася набываць за вялікія грошы. Віцебская вакцына значна таньнейшая і дужа патрэбная эпідэміёлагам, аднак яе не купляюць.

Больш як два месяцы таму біяфабрыка выпусьціла 750 тысяч доз ад шаленства дзікай жывёлы.  Калі сыходзіць з рэальных патрэбаў, то гэтага катастрафічна мала: для санацыі тэрыторыі ўсёй Беларусі неабходна ня менш як 3,2 мільёна доз. Але гэтага магло б цалкам хапіць для прафіляктыкі шаленства ў Віцебскай вобласці, якая займае другое месца  па колькасці выпадкаў сьмяротнае  хваробы. Тым ня менш, вакцына фактычна  застаецца незапатрабаванай – яна ляжыць на складах, і праз чатыры месяцы ў яе сьцякае тэрмін прыдатнасьці.

Начальнік аддзелу ветэрынарнага кантролю, галоўны ветінспэктар Віцебскай вобласьці Аляксандар Козак распавёў, што звычайна вакцынацыя праводзіцца ўзімку. Тады па лясах расладаюцца "вакцынаваныя" прыманкі прыманкі для дзікіх жывёл, якія зьяўляюцца распаўсюднікамі шаленства.

Больш за іншых гэтай хваробе паддатныя лісы, якія наведваюцца ў населеныя пункты і передаюць інфекцыю пацукам, катам ды сабакам. Пасьля ўкусу захварэць можа й чалавек, і пры несваечасовым звароце да лекараў праз 7-10 дзён хворы памірае. Летась такі трагічны выпадак здарыўся ў Сеньненскім раёне

– Каб выправіць сытуацыю ў рэгіёне, патрэбна хаця б 200 тысячаў доз, –гаворыць А.Козак. – Але зараз у аблвыканкаме на гэта няма бюджэтных грошай. Да таго ж і захаваньне вакцыны вымагае вялікіх сродкаў, бо яе трэба трымаць у лядоўнях, а гэта дадатковыя траты на электраэнэргію. Адзінае выйсьце для нас – чакаць фінансаваньня зь дзяржаўнага бюджэту, але ці "дачакаецца" сама вакцына? Яна прыдатная усяго паўгоду ад даты вырабу, і два зь іх ужо прайшлі.

Дырэктар біяфабрыкі Аркадзь Юдзіхін кажа, што падобных праблемаў ніхто на фабрыцы не чакаў.

– Дагэтуль лекі куплялі выключна за мяжой. Цяпер па чэскай тэхналёгіі мы вырабляем свой, беларускі сродак прафіляктакі, і тое, каб наладзіць адпаведную вытворчасьць, каштавала нам 300 тыс. эўра. Аналягаў на Беларусі няма. І мы былі гатовыя ўжо сёлета вырабіць 2,6 мільёна доз дэфіцытнага сродку.   Але ў  нас ня могуць выкупіць нават першыя партыі прадукцыі.

Зь мінулага году вакцына ад шаленства замежнае вытворчасьці таксама не выкуплялася. Яна даражэйшая за мясцовую, і таму з набыцьцём яе ўзімку таксама могуць паўстаць грашовыя праблемы.

Між тым, ужо сёлета за шэсьць месяцаў на Віцебшчыне зарэгістравана 86 выпадкаў шаленства: 52 у дзікіх жывёлаў і 34 – у хатніх. За апошнія паўгоду да медыкаў зьвярнуліся чатыры тысячы чалавек, пакусаных бадзяжнымі жывёламі, і палова атрымалі накіраваньне на адмысловыя прышчэпкі.

Таксама, дарэчы, нятанныя. У гэтым сэнсе сродкі прафіляктыкі дапамаглі б значна зэканоміць дзяржаўнай мэдыцыне.

Алёна Штраль

15.08.2007

Валеры Шчукін ратуе маральнасьць жанчыны

Валерий ЩукинВядомы апазыцыянэр, які ўжо каторы год жыве без прапіскі і  называе сябе "палітычным бамжом №1", цяпер яшчэ й зьбірае міласьціну на віцебскіх вуліцах.

У яго на грудзях вічіць таблічка:  "Дапамажыце  65-гадоваму пэнсіянэру Валерыю Шчукіну сплаціць судовы штраф  для  37-гадовай Таццяны Буевіч".

На пераходным мосце каля чыгуначнага вакзалу В.Шчукіна затрымалі міліцыянты, але праз пару гадзін мусілі адпусьціць: у беларускім заканадаўстве няма артыкулу, які забараняў бы жабраваць. Нават калі жабраванне палітычнае. Тым больш, дзеля маральнага "выратаваньня" маладой жанчыны.  

Гісторыя дачыненьняў  Валера Шчукіна і Тацьцяны Буевіч пачалася ў часе мінулых выбараў у мясцовыя саветы, калі тая выконвала абавязкі сакратаркі пры старшыні абласной выбарчай камісіі. Пасьля таго, як праваабаронцу не дапусцілі на адкрытае паседжаньне гэтай камісіі, ён выдаў улёткі: члены камісіі парушаюць выбарчае заканадаўства. Пракуратура Першамайскага раёну палічыла, што такім чынам Шчкін абразіў прафэсыйную і асабістую годнасьць згаданых асобаў і завяла крыміальную справу. Суд прызнаў палітыка вінаватым і пастанавіў, апрача штрафу, сплаціць яшчэ 250 тыс. рублёў асабіста Тацяне Буевіч за нібыта маральную шкоду.

Валеры Шчукін кажа, што будзе зьбіраць грошы цэлы месяц:

– Вось сёньня я рабіў гэта каля дому спадарыні Буевіч. Сабраў, праўда, толькі паўтары тысячы рублёў, але ж ня гэта для мяне істотна. Галоўнае, што прайшлі сотні людзей, у тым ліку знаёмыя ды суседзі маёй апанэнткі. Я ўсім раздаваў улёткі  ды тлумачыў, чым тут займаюся.

В.Шчукін гаворыць таксама, што зьбіраецца прайсціся "з працягнутай рукой"  і таблічкай на грудзёх па ўсім Віцебску. Бо мяркуе: пра ўзаемаадносіны паміж абласной выбарчай камісіяй і адным незадаволеным  шараговым выбарцам мусіць ведаць як мага болей людзей. Тым болей, наперадзе новыя, парляменцкія выбары, а ў незалежных журналістаў ды проста неабыякавых грамадзянаў усё меншае  магчымасцяў атрымаць праўдзівую інфармацыю.

Алёна Штраль

14.08.2007

Дзе Паўлінка, там і Купала

Янка КупалаЖыхары райцэнтру Глыбокае прапануюць мясцовай уладзе ўсталяваць помнік Янку Купалу.

Да 13 жніўня палкоўнік у адстаўцы Антон Сабалеўскі спадзяецца атрымаць ліст ад старшыні Глыбоцкага райвыканкаму Міхаіла Кандзерскага. У панядзелак будзе роўна месяц, як вэтэран прасіў вэртыкальніыкаў разглядзець прапанову мясцовых жыхароў наконт усталяваньню помніка Янку Купалу ў гонар ягонага 125-годзьдзя.

– Просьба не надуманая, – кажа Антон Аляксандравіч. – Яшчэ ў 2004 годзе за ўласныя грошы я набыў і перадаў у Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музэй 70-сантымэтровую бронзавую выяву Янкі Купалы. Гэта праца беларускага скульптара Валяр’яна Янушкевіча.

Гутарым з Антонам Сабалеўскім у садку ля дому ягонага бацькі. Вясёлы і рухавы палкоўнік ва ўзросьце за 70. Стала жыве ў Маскве, дзе і служыў. Але не мінае году, каб ён не перабіраўся на лета ў Глыбокае. Сёлета тут наняў спэцыялістаў, перакрылі дах. Верх дыхтоўнай яшчэ хаты зіхаціць цяпер на сонцы бляскам ацынкаванай бляхі. Уяўляецца, што смалістыя сьцены – вечныя.

– Відаць, хутка перабяруся сюды, – тлумачыць масквіч, – тут радня, а ў Менску – брат. Таксама падзелімся грашыма на добрую справу. Полаччыну ўпрыгожваюць манумэнтальныя скульптуры Эўфрасіньні Полацкай, Францішка Скарыны і Сімяона Полацкага. Янка Купала вельмі добра б дапасаваў ім у Глыбокім, – пераконвае суразмоўца.

Магчымым месцам усталяваньня скульптуры называецца пачатак вуліцы, якая раней мела назву "Дзісьненская". Аргумэнты Антона Сабалеўскага:

–У крайні тут дом ў 1898 годзе прыехала сям’я Мядзёлкі – арганіста мясцовага касьцёлу. Дачцы Паўлінцы тады было пяць гадкоў. Пазьней у кнізе падсумаваньня "Сьцежкамі жыцьця" яна напіша, што ў Глыбокім скончыла царкоўна-прыходзкую школу, дзе ўпершыню пазнаёмілася зь беларускай мовай: па памяці дэклямавала вершы Францішка Багушэвіча са зборніка "Дудка беларуская".

У Глыбокім Паўліна Мядзёлка ўжо дзяўчынай была ўдзельніцай пастановак паводле купалавых п’ес. Лічыцца, што менавіта зь яе і для яе быў напісаны вобраз бесьсьмяротнай "Паўлінкі".

Паэт і Муза пазнаёміліся ў 1908 годзе, у Вільні. Іх ідэйная еднасьць паспрыяла лірычнай гісторыі каханьня...

Скульптар Валяр’ян Янушкевіч даў згоду на распрацоўку праекта помніка на месцы яго ўсталяваньня. Ёсьць папярэдняя згода кіраўнікоў некаторых камэрцыйных банкаў Беларусі на фінансаваньне гэтага праекту. Дачакаемся адказу з Глыбоцкага райвыканкаму. Хочацца спадзявацца на станоўчы вынік, бо дужа ідэя прывабная: дзе Паўлінка, там і Купала.

Галіна Баравая

13.08.2007

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: