Прыдзьвіньне № 18, кастрычнік
|
Крымінальная справа за катэджы на азёрах
Яна ўзбуджаная супраць намесьніка старшыні Браслаўскага райвыканкаму. Ён "цікава" выдзяляў участкі пад будаўніцтва на запаведных вадаёмах. Паводле заканадаўства, усе капітальныя пабудовы мусяць быць разьмешчаныя не бліжэй як за 500 мэтраў да вадаёмаў. Тым ня менш на Віцебшчыне зафіксавана некалькі соцень выпадкаў самавольнага захопу прыбярэжных земляў. Цэлы шэраг крымінальных і адміністратыўных справаў распачала абласная пракуратура пасьля праверкі Дзяржкантролю й фактаў незаконнага выдзяленьня зямельных участкаў. За гэтыя правапарушэньні да дысцыплінарнай адказнасьці будуць прыцягнутыя намесьнік старшыні аблвыканкама і восем старшыняў райвыканкамаў. Яшчэ тром вынесеныя вымовы. Самая вялікая колькасьць правапарушэньняў – на Браслаўшчыне. Да прыкладу, мясцовы жыхар Я.Астапковіч у прыбярэжнай паласе возера Струста пабудаваў летні домік, гараж, альтанку і бетонную лесьвіцу. А жыхар Менску І.Цярэшчанка ня толькі ўзьвёў на беразе пабудовы, але "перапрацаваў" рэльеф мясцовасьці: на беразе возера Снуды ён прарыў два каналы, каб было дзе паставіць свае тры яхты і маторны катэр. Дзесяткі парушэньняў прыродаахоўнага заканадаўства выявілі і ў іншых раёнах. Паводле загаду пракуратуры і Камітэту дзяржкантролю незаконна пабудаваныя ў прыродаахоўнай зоне аб’екты мусяць быць зьнесеныя. На Віцебшчыны – 131 аб’ект. Аднак ня ўсе гаспадары сьпяшаюцца выканаць загад, спадзеючыся якім-небудзь чынам захаваць маёмасьць і ўкладзеныя ў яе грошы. Але пракуратура адсочвае сытуацыю, і адказнымі за выкананьне распараджэньняў пра знос незаконных пабудоваў прызначаныя кіраўнікі райвыканкамаў. У выпадку невыкананьня пакараюць менавіта іх, так што, верагодна, крымінальных і адміністрацыйных справаў у вобласьці прыбавіцца. Пакуль што праверка будаўніцтва ў прыбярэжнай зоне была ідзе не па ўсёй вобласьці, а толькі на траціне буйных азёраў і рэчак. Надалей яна мае адбыцца яшчэ на дзьвюх тысячах водных аб’ектах Віцебшчыны. Алена Штраль 31.10.2007
Злачынцы зь Віцебску тэрарызуюць Смаленшчыну
Абласная Дума абмяркоўвае, як пакараць "гастралёраў", што прыяжджаюць з памежнай Беларусі. Паводле дадзеных УУС Смаленскай вобласьці, сёлета ў рэгіёне зафіксавана 25 559 адміністрацыйных правапарушэньняў, зьдзейсьненых замежнымі грамадзянамі. Зь іх 25 103 на сумленьні беларусаў, у большай частцы жыхароў Віцебшчыны. На парушальнікаў закону накладзеныя штрафныя санкцыі, аднак гастралёры ўнікаюць пакараньняў: з прысуджаных 2,1 мільёна рублёў яны сплацілі ўсяго 514 тысяч. Найчасьцей пад увагу смаленскіх міліцыянтаў трапляюць, дробныя рабаўнікі, нецьвярозыя скандалісты, якія брыдкасловяць у грамадзкіх месцах, парушальнікі правілаў гандлю, што прадаюць харчовыя тавары "зь зямлі", і асобы бяз пэўнага месцы жыхарства. "Празрыстая" мяжа дазваляе парушальнікам закону вольна езьдзіць з Расеі ў Беларусь і наадварот. Такім чынам, кожны асуджаны расейскім судом беларускі грамадзянін можа лёгка згубіцца на прасьцягах як адной, так і другой памежнай краіны. Парадак выкананьня прызначаных пакараньняў замежнымі грамадзянамі ў Расеі неадрэгуляваны. Няма таксама ніякіх міжнародных дамоваў, якія прадугледжваюць узаемныя прызначэньні пакараньняў. Гарадзкія ўлады Смаленску, занепакоеныя ростам колькасьці правапарушэньняў жыхарамі памежнай Віцебшчыны, зьвярнуліся ў абласную Думу з хадайніцтвам пра ўдасканаленьне заканадаўства. Дэпутаты падрыхтавалі адмысловы зварот да Пуціна, каб у пэрспэктыве заключыць міжнародную дамову пра ўзаемапрызначэньне пакараньняў для сваіх грамадзян. Аналізуючы наяўную сітуацыю, карэспандэнт смаленскай газэты "Рабочий путь" Дзьмітрый Раічаў выказвае меркаваньне, што "прасьцей было б дамовіцца з Лукашэнкам", каб бацька "сам караў землякоў". Яшчэ карэспандэнт лічыць, што "у сваёй краіне беларусы хуліганіць баяцца", а таму езьдзяць дзеля гэтага ў Расею. Аднак на Віцебшчыне больш вядомыя адваротныя выпадкі – калі злачынцы едуць у Расею не на тое, каб там ралізаваць свае незаконныя памкненьні, а каб схавацца ад беларускага правасуддзя. Да прыкладу, 15-гадовага забойцу з Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці, які хаваўся пасьля зьдзейсьненага злачынства, адшукалі менавіта ў Смаленску. Алёна Штраль 30.10.2007
Двум вёскам загадана мерзнуць
Ліпаўцы і Шапечана Віцебскага раёну адрэзалі ад цеплатрасы, каб не мяняць трубы ацяпленьня. Цяпер вяскоўцы муруюць печкі, суткі навылёт паляць газ на кухні, а ў ложкі з сабою бяруць бутэлькі з гарачай вадой. Два месяцы таму яны атрымалі папярэджаньні, што газавая кацельня, якая ацяпляла гэтыя населеныя пункты, больш працаваць ня будзе. Гэтак спрацавалі апошнія дзяржаўныя загады, скіраваныя на эканомію энэрганосьбітаў. Абласная ўправа жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, райвыканкам і прадпрыемства "Віцебскаблгаз" адрэзалі вёскі ад цеплатрасы, каб не мяняць трубы ды іншае састарэлае абсталяваньне на канцавым участку. Калгасныя і многакватэрныя дамы загадана пераабсталяваць на аўтаномнае ацяпленьне за кошт ЗАТ "Ліпаўцы" і райкамунгасу. А жыхарам прыватных дамоў прапанавалі ўсталяваць газавыя катлы ды лічыльнікі за ўласны кошт. Каштуе гэта ад трох да пяці мільёнаў: сабраць такія грошы за два месяцы для вяскоўцаў проста неверагодна. Каля сотні сямей паўсталі перад неабходнасьцю тэрмінова вырашыць пытаньне з ацяпленьнем. Браць крэдыт у дзяржавы, якая то абвяшчае, што турбуецца за людзей, то адключае ацяпленьне напярэдадні зімы, людзі не наважваюцца. Вяскоўцы лічаць за лепшае класьці ў хатах печкі – насуперак таму, што па тэлевізары ці не штодня гавораць пра дзяржаўную праграму газыфікацыі ўсёй краіны. Алена Штраль 30.10.2007
Тапельцаў ратуюць пенсыянэры
На Віцебшчыне большасьць матросаў на выратавальных станцыях мае па 65-70 гадоў, а самаму старэйшаму ўжо споўнілася 75. Ня самы лепшы фізычны стан такіх працаўнікоў наўрад ці можа быць кампэнсаваны жыцьцёвым досьведам. Таму нават пры наяўнасьці адмыслоўцаў, як кажуць, выратаваньне тапельцаў найчасьцей зьяўляецца справай рук саміх тапельцаў. Праверкай працы выратавальных станцыяў займаўся Камітэт дзяржкантролю па Віцебскай вобласьці. Як высьветлілася, на 16-ці з 20-ці наяўных у вобласьці выратавальных пастоў уладкаваныя самі старшыні гарадзкіх або раённых Таварыстваў выратаваньня на вадзе. З улікам таго, што дзяжурства там фактычна ажыцьцяўляецца толькі летам, а заробак налічваецца круглы год, праца выратавальніка ператварылася з пачэснай і гераічнай у банальна прыбытковую. Усяго на Віцебшчыне функцыянуюць дзевяць выратавальных станцый. Летась на іх было выдаткавана 1,2 мільярда рублёў, сёлета – ужо 1, 5 мільярда. Большая частка гэтых грошай пайшла на заробкі выратавальнікам. І толькі 350 мільёнаў рублёў – на паляпшэньне матэрыяльнай базы. Але нават у тым выпадку, калі з дапамогай няхітрага рыштунку ахвяру пашчасьціць выратаваць з воднае стыхіі , выратавальнікі ня ў стане аказаць пацярпеламу першую мэдычную дапамогу. Бо станцыі не забясьпечаныя ні патрэбным абсталяваньнем (да прыкладу, апаратамі для штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, кіслароднымі інгалятарамі), ні неабходнымі прэпаратамі Паводле статыстыкі віцебскага "Таварыства выратаваньня на вадзе", колькасьць трагічных выпадкаў год ад году зьмяншацца: у 2005 патанулі 218 чалавек, у 2006 годзе – 196. Аднак вынікі праверкі Камітэту дзяржкантролю паказалі, што гэтыя дадзеныя не адлюстроўваюць сапраўднага стану рэчаў: у справаздачах фіксуюцца сьмяротныя выпадкі ня толькі на вадзе, але й "ад вады" – калі людзі патаналі ў ваннах, канавах, студнях... Паводле такой статыстыкі немагчыма вызначыць ні найбольш небясьпечныя вадаёмы, дзе неабходна найбольш пільнае патруляваньне, ні эфэктыўнасьць працы канкрэтнай выратавальнай станцыі і пэнсіянэраў-выратавальнікаў. Алёна Штраль 26.10.2007
Эканомяць на вулічным асьвятленьні
Адключэньне ліхтароў характэрна практычна для ўсіх невялікіх гарадоў Віцебшчыны – такім чынам мясцовыя ўлады "ратуюць" бюджэт. У Воршы начной парой цёмна нават на цэнтральнай вуліцы Леніна, ня кажучы ўжо пра ўскраіны. Асьвятленьне ўключаюць хіба на пару гадзінаў – недзе зь 9-й да 11-й вечара. Такая практыка асабліва абурае кіроўцаў. – Ліхтары пачынаюць сьвяціць хіба тады, калі бальшыня людзей ужо дабралася дахаты, – гаворыць спадар Валеры, таксіст з амаль 15-гадовым стажам. – А ў прыцемках, калі на вуліцах яшчэ шмат мінакоў і машын, уключаць асьвятленьня чамусьці ніхто ня думае. Вось так і ствараюцца аварыйныя сытуацыі! Відаць, невыпадкова наступствы адсутнасьці вулічнага асьвятленьня першымі адзначылі міліцыянты: адпаведная інфармацыя была агучаная на нарадзе па пытаньнях зьніжэньня сьмяротнасьці й траўматызму людзей у ДТЗ 22-га кастрычніка. – Мы прапагандуем флікеры – дзе раздаем іх бясплатна, дзе прымушаем купляць. Каб толькі па магчымасьці пазьбегнуць ДТЗ на нашых дарогах. Дзякуючы гэтым элемэнтам, якія адбіваюць сьвятло, мінакі робяцца здалёк заўважныя для кіроўцаў транспартных сродкаў. А цяпер атрымліваецца, што флікеры – гэта нібыта адзіны сродак асьвятленьня дарог і вуліц! – нявесела жартуе супрацоўнік ДАІ, які дзяжурыць на выезьдзе за гарадзкую рысу райцэнтру Лёзна. Галоўны спэцыяліст аддзелу эканомікі Браслаўскага райвыканкаму Аляксандар Скрыплёнак патлумачыў прычыны вымушанай эканоміі: –Мы сапраўды адключаем вулічнае асьвятленьне з двух гадзін ночы. А што рабіць? Як у аграгарадках паставілі ліхтары, дык адразу перавысілі ліміты электраэнэргіі. Цяпер мусім эканоміць: на ўсю ноч пакідаем сьвятло хіба толькі на аўтадарозе, якая праходзіць цераз Браслаў і аграгарадок Ахрэмаўцы. Тым часам, як на аграгарадкі, райцэнтры і малыя гарады бракуе электраэнэргіі, самым добраасьветленым аб’ектам Віцебшчыны быў і застаецца аблвыканкам. Усю ноч навылёт вакол яго зьзяе адмысловае асьвятленьне, зробленае два гады таму. Прычым журналістам нідзе не ўдалося даведацца, колькі на гэта траціцца грошай і колькі ліхтароў у аграгарадках можна было б запаліць за гэты кошт. Алёна Штраль 25.10.2007
Даярак прымусілі купляць здохлых цялят
Спецыялісты аршанскага сельгаскааператыву "Зубрэвічы" прадавлі іх "жывой вагой". Такім чынам прыхоўвалі тое, што сьмяротнасьць на фермах перавышае нормы. Паводле ўсіх бугальтарскіх дакумэнтаў, у СПК "Зубрэвічы" жывых цялят набывалі работнікі гаспадаркі па 530-610 рублёў за кіляграм у кошт заробку. Сельгаскаапэратыў атрымаў за гэта больш як два мільёны прыбытку. Насамрэч мёртвых жывёлаў цішком вывозілі ды закопвалі. – Вэтэрынар заўжды казаў, што вінаваты мы самі, – распавядае даярка фэрмы "Таргоўцы". – Да прыкладу, таму, што поім цялятаў халодным малаком. Але яго падагрэць няма дзе, таму я старалася паіць цяляці адразу пасьля дойкі. Як і іншыя даяркі, дома варыла зёлкі, каб яны не хварэлі. І ўсё адно зь мяне вылічылі 187 тысяч рублёў за здохлых, і мы не адважваліся пярэчыць. Калі чарговая праверка раскрыла махінацыі ў гаспадарках, галоўны вэтэрынарны ўрач гаспадаркі, паводле рашэньня Аршанскага райсуду, атрымаў два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай прысуду. Такім самым чынам былі пакараныя намесьнік старшыні сельгаскаапэратыву "Зубрэвічы", галоўны заатэхнік і пяцёра загадчыкаў фэрмаў. У судзе высьветлілася: за два мінулыя гады складзеныя акты на фіктыўны продаж каля 200 галоў маладняку. У сваё апраўданьне галоўныя спэцыялісты гаспадаркі казалі, што іх карае за падзёж жывёлы вышэйшае начальства – пазбаўляе прэміяў, дае вымовы і нават пагражае звальненьнем. Паколькі знайсьці новую працу ў цяперашняй вёсцы нерэальна, і вырашылі сфальсыфікаваць дакумэнты. Алёна Штраль 25.10.2007
Даяркам і алькаголікам – па флікеру
Аддзел унутраных спраў Віцебскага аблвыканакаму вырашыў змагацца за бясьпеку на дарогах усімі магчымымі спосабамі. Цяпер кожная жонка, сустракаючы зранку мужа-выпівоху, можа беспамылкова адрозьніць, ці насамрэч ён правёў мінулую ноч у выцьвярэзьніку, а не ў якім больш прыемным месцы. Кожнаму кліенту гэтае установы на разьвітаньне прышываюць каляровую стужку-флікер. Таму, хто можа рабіць гэта самастойна, давяраюць іголку зь ніткай, а таму, хто іголку ў дрыжачых руках не ўтрымае, флікер прымацоўваюць дзяжурныя міліцыянты. Паводле кіраўніцтва выцьвярэзьніка, гэта робіцца дзеля бясьпекі толькі што працьверазелага чалавека, якому трэба найхутчэй і без праблемаў дабрацца дахаты. Віцебскі камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаваньню таксама выступіў з падобнай прапановай: забясьпечыць флікерамі ўсіх працаўнікоў, якія ідуць з працы або на працу ў цёмны час сутак. Па гэтай прычыне аблсельгасхарч зьбіраецца абавязаць гаспадаркі набыць флікеры ў першую чаргу для даярак, трактарыстаў і вартаўнікоў. Або, па ўзоры Сеньненскага раёну, замовіць спецадзеньне з ужо прышытымі адмысловымі элементамі. Зрэшты, адзеньне, якое сьвеціцца ў цемры, для Віцебску не навіна: у пачатку гэтага году будучыя мадэльеры і швачкі з прафесыйна-тэхніцнага каледжу распрацавалі адмысловую калекцыю для моладзі. – Мы не прапануем нашым прадпрыемстввам выпускаць адзеньне з флікерамі, – распавяла намесьніца дырэктара па навучальнай працы каледжу Надзея Трафімава. – Але гэта спрыяе разьвіцьцю творчых здольнасьцяў нашых навучэнцаў. А таксама, маючы на адзеньні флікер, яны мусяць вучыцца адчуваць сябе ў большай бясьпецы на дыскатэках, альбо ў начных клюбах. Дарэчы, найбольш эфектыўна іх прышываць на грудзі альбо сьцёгны – на гэтых месцах флікеры заўважныя здаля. Самымі першымі "флікерную моду" апрабавалі віцебскія школьнікі, якім было загадана "не зьяўляцца ў школу без флікера". Праўда, хто-ніхто мяркуе, што гэты загад быў выдадзены ня толькі дзеля бясьпекі вучняў, якім даводзіцца вяртацца дхаты ўпрыцемках. Людміла Мікалаеўна, настаўніца адной са школ Першамайскага раёну, пэўная, што такім чынам гарадзкія ўлады вырашылі падтрымаць адно з мясцовых прагпрыемстваў: – У Віцебску ёсьць фірма "Лента", якое вырабляе стужкі, што сьвецяцца ў цемры. Гандаль быў арганізаваны проста ў школах: дзяцей угаворвалі купіць стужку ды прымацаваць яе на рукаў, кішэню або сумку. Высілкі мліцыянтаў-прапагандатараў флікераў апраўданыя тым, што кожнае чацьвёртае дарожна-транспартнае здарэньне на Віцебшчыне адбываецца ў цёмны час сутак. Аднак найчасьцей вінаватыя ў іх не мінакі з флікерамі або без, а парушальнікі-кіроўцы. Так, два месяцы таму недалёка ад райцэнтру Талачын кіроўца без правоў, адабраных напярэдадні супрацоўнікамі ДАІ, на сваім легкавіку зьбіў насьмерць адразу чацьвярых падлеткаў. Яны вярталіся з дыскатэкі – згодна з правіламі дарожнага руху, ішлі па ўзбочыне, і кожны меў флікер. Нецьвярозага кіроўцу гэта не спыніла. Алёна Штраль 24.10.2007
Крымінальная справа супраць вандалаў
На могілках у Воршы невядомыя запэцкалі чорнай фарбай надмагільныя помнікі і намалявалі на іх свастыкі. Убачыўшы, што пахаваньні сваякоў аганьбаваныя, мясцовая жыхарка зьвярнулася ў Аршанскі гарадзкі аддзел міліцыі. Там распачалі крымінальную справу. Дырэктар Аршанскага спэцкамбінату рытуальнага абслугоўваньня насельніцтва Васіль Дзяржыцкі даведаўся пра кашчунны выпадак ад міліцыянтаў. – Мне патэлефанавалі й сказалі: 21-га кастрычніка прыйшла жынчына й напісала заяву, што на магілах сваякоў пашкодзілі помнікі, – распавядае Дзяржыцкі. – У горадзе ёсьць 14 могілак, і ні на адных няма вартаўніка, толькі штатная адзінка прыбіральшчыка. Могілкі на вуліцы Чырвонаармейскай, дзе зьявіліся свастыкі, адносна невялікія і ўжо амаль запоўненыя. Тамтэйшы прыбіральшчык нічога падазронага не заўважыў. Кошт нанесенага ўрону мусіць быць сплочаны вінаватымі, калі іх знойдуць. Але ж дагэтуль так і не знайшлі вандалаў, якія летась разьбілі амаль 40 помнікаў на габрэйскіх могілках па вуліцы Энгельса, і пашкодзілі там 150 мэтраў бэтоннай агароджы. Вандалізм на могілках Віцебшчыны – не такая ўжо рэдкая зьява. Два гады таму ў Воршы вялікімі штрафамі пакаралі бацькоў двух падлеткаў, якія разьбілі некалькі помнікаў на могілках па вуліцы Пралетарскай. Ужо сёлета быў асуджаны хлопец, які страляў з пнеўматычнай зброі па медальёнах з фотаздымкамі на габрэйскіх могілках і могілках "Дружба" ў Віцебску. Ён атрымаў тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай прысуду. Другому юнаму вандалу ўдалося пазьбегнуць суду: на момант злачынства яму было ўсяго 13 год, таму ён ня можа несьці адміністратыўнае адказнасьці за свой учынак. Хлопцы прызналіся, што скралі зброю, зь якой стралялі на віцебскіх могілках. Але сьледзтву не ўдалося даказаць іхную датычнасьць да фактаў вандалізму на могілках у Віцебскім раёне – на могілках у вёсках Заронава і Мазалава. Аршанскі гарадзкі аддзел міліцыі рапачаў чарговую справу паводле першай часткі 347-га артыкулу Крымінальнага кодэксу "Зьневажальныя дзеяньні ў дачыненьні да трупа або магілы". Вінаватым, калі іх усё-ткі знодуць, пагражае штраф або арышт на тэрмін да 6 месяцаў, або да трох гадоў турэмнага зьняволеньня – у залежнасьці ад таго, як суд ацэніць нанесены ўрон. Міліцыянты пакуль проста шукаюць вандалаў, не акцэнтуючы ўвагу на тым, што на пашкоджаных помніках зьявіліся менавіта выявы свастыкі. Магчыма, нехта намаляваў іх проста са звычайнага хуліганства. Але ня менш верагодна, што гэткім чынам нехта вырашыў выказаць свае экстрэмісцкія погляды: прынамся, дагэтуль на аршанскіх могілках свастыкаў не малявалі. Алёна Штраль 23.10.2007 |