Барометр №2, чэрвень
|
Смурод на Валынцы непакоіць не толькі берасцейцаў
Ужо некалькі год жыхары Брэсцкага мікрараёну Валынка скардзяцца на антыэкалагічную абстаноўку. З красавіка жыхары пішуць у розныя інстанцыі, што з таго часу як тут быў пабудаваны цэх па абязводжванню ападкаў, жыццё стала невыносным, бо ў наваколлі стаіць смурод. Людзі пастаянна адчуваюць галавакружэнне, немагчыма адкрыць форткі ў дамах. Жыхары мікрараёну Валынка і асабліва на вуліцы Прыбужскай патрабуюць рэканструяваць ці закрыць гэты цэх. Аднак, пакуль безвынікова. Справа ў тым, што так званыя "іланакапіцелі", якімі абсталяваны цэх на Валынцы, пабудаваныя па старой тэхналогіі яшчэ сорак гадоў таму і да гэтага часу стаяць пад адкрытым небам, занімаючы каля сарака гектараў, якія ўмяшчаюць каля 250 тыс. кубамертаў смуродных пахаў. Яшчэ у 2004 годзе спецыялістамі абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі была праведзена праверка. Высветлілася, што смурод – гэта вынік безгаспадарлівай дзейнасці савецкіх будаўнікоў і архітэктараў, якія не пралічылі магчымыя наступствы. Цяпер ападкі пасля цэху механічнага абязводжвання захоўваюцца на адкрытай пляцоўцы для часовага складзіравання і з'яўляюцца крыніцай з'едлівага паху. Нельга сказаць, што мясцовыя ўлады зусім не рэагавалі на праблему. За выяўленыя парушэнні на дырэктара КУП "Вадаканал" спадара Саца быў састаўлены пратакол аб адміністрацыйнам правапарушэнні, і нават з'явілася пастанаўленне дзяржсанурача аб прыпыненні прыцы цэха. Аднак узнікла іншая тэхналагічная праблема. Нават падключэнне да яе вырашэння спецыялістаў з навукова-даследчага інстытуту "Праблемы Палесся" пакуль не прывяло да станоўчага выніку. Акрамя таго, праводзіліся працы па вызначэнню новай пляцоўкі для утылізацыі абязводжаных ападкаў. Усё, як заўжды, упіраецца ў грошы, бо сытуацыя зменіцца магчыма толькі тады, калі спецыялісты пабудуюць для іланакапіцелей спецыяльныя ёмкасці. Урэшце рэшт мясцовыя ўлады абяцаюць людзям вырашыць праблему да канца бягучага году. Аднак жыхары Валынкі не вераць абяцанкам. Трэба адзначыць, што цэх знаходзіцца поблізу з памежным пунктам "Варшаўскі мост", які лічыцца заходнімі варотамі нашай краіны, і стварае спецыфічны імідж у замежных гасцей. Валянцін Сахарчык
Шарагоўцы пачынаюць судзіцца з уладамі і выйграваць
Берасцейскі гарвыканкам прайграў жыльцам, якія не пагаджаліся з перасяленнем на горшых для сябе ўмовах. У свой час гарвыканкам давзволіў застройшчыку ў цэнтры знесці аднапавярховы цагляны дом па вуліцы Савецкай, 82 і двухпавярховы драўляны па Камсамольскай 52. Фірма "Облік" прапанавала "высяленцам" жылыя памяшканні на ўмовах раней заключаных дагавораў найма большай плошчай, чым тыя займалі, аднак менш нормы, патрэбнай па Жыллёваму Кодэксу Рэспублікі Беларусь – 15-20 кв. метраў на аднаго чалавека. Так, пяці членам сям'і Кузаўскіх прапанавалі перасяліцца ў 49-метровую кватэру, а сямейству Панфёравых – у 61-метровую. Аднак яны адмовіліся: не задаволіў менавіта метраж. Гарвыканкам і ААТ "Облік" падалі ў суд аб высяленні ў прымусовым парадку. Здавалася, праблема будзе вырашана, бо 9 сакавіка бягучага году суддзя Ленінскага раёну Берасця Сяргей Беразюк вынес рашэнне задаволіць іск аб высяленні Панфёравых. Аднак тыя падалі касацыйную скаргу ў абласны суд. Нядаўняе яго пасяджэнне пад страшынствам Георгія Дзмітрука адмяніла рашэнне суда першай інстанцыі. Атрымалася, гарвыканкам і ААТ "Облік" прайгралі! На думку суддзі, рашэнне было прадыктавана ўступіўшым у сілу ўказам прэзідэнта №565 "Аб некаторых мерах па рэгуляванню жыллёвых адносін", дзе сказана, што пры адсяленні патрэбна выдзяляць "квадраты", зыходзячы з Жыллёвага Кодэксу РБ. Выканкам і "Облік", маглі б абскардзіць гэтае рашэнне, аднак пайшлі па шляху міравой згоды. Будаўнічая кампанія прапанавала Панфёравым тры кватэры: старэйшай сям'і з сынам 3-пакаёвую, сем'ям сына і былой нявесткі – па аднапакаёвай, у сярэднім больш за 17 метраў на кожнага! Аднак калі сям'я сына перасялілася, то астатнія трымаюцца за старыя сцены на вуліцы Камсамольскай, 52, бо ім не спадабаліся прапанаваныя кватэры. А вось у 59-гадовай адказчыцы Яўгеніі Кузаўскай і яе сваякоў судовая справа цягнулася з восені мінулага году, але ўсё вырашылася мірна. Прызначанае на днях пасяджэнне ў Ленінскім раёне не адбылося – адказчыкі заявілі, што ўжо перасяліліся ў добрую 4-пакаёвую кватэру па вуліцы "28 Ліпеня", што ў Брэсцкім раёне Кавалёва, таму "Облік" адмовіўся ад іску. Трэба адзначыць, што будаўнічая фірма "Облік" фактычна з'ўляецца манапалістам у будаўнічых работах у цэнтры гораду і таму прайшла не адзін суд з незадаволенымі жыхарамі Берасця. Акрамя таго, не раз гэтая фірма падвяргалася крытыцы і збоку архітэктараў, гісторыкаў, якія клапоцяцца аб гістарычным цэнтры гораду над Бугам. Валянцін Сахарчык
Такса хабару: за пяцёрку – 20 даляраў, за чацьвёрку – 10
Да сямі год пазбаўлення волі суд прыгаварыў выкладчыка Брэсцкага каледжа чыгуначнага транспарта. Па інфармацыі прэс-службы ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці, крымінальная справа ў адносінах да 29-гадовага выкладчыка па ч. 2 артыкула 430 Крымінальнага Кодэксу (атрыманне хабару) было ўзбуджана ў лютым бягучага году. Следства ўстанавіла, што цягам леташняй веснавой сесіі ён прыняў ад студэнтаў грошы за здачу экзамена. Пры гэтым якасць адзнакі залежыла ад суммы, перададзенай педагогу, і вагалася ў межах 10-20 долараў ЗША. Прыгавор пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў вышэйстаячай інстанцыі. Валянцін Сахарчык
Рыбу атруцілі меліяратары і камунальшчыкі
Ясельда захлынулася брудам бярозаўскіх ачышчальных збудаванняў горада Бяроза. Спецыялісты экалагічных службаў Брэсцкай вобласці выявілі прычыну масавага атручвання рыбы, якое адбылося напрыканцы мінулага месяца на рацэ Ясельда, каля бярозаўскіх вёсак Стрыгінь, Зарэчча і Здзітава. У выніку падзення ўзроўню вады ў Ясельдзе адбыўся вынас забруджванняў з гарадскіх ачышчальных збудаванняў Бярозы. Папросту ўвесь бруд з поймы "сцягнула" ў раку. Каб Ясельда знаходзілася ў нармальным рэчышчы, то яна заглынула б і перапрацавала тыя стокі, якія ў яе паступілі. Але ў канцы траўня вады ў рацэ паменела, і застаялыя адходы накрылі сабой жывую рачную ваду. Каб справіцца з нечаканымі наносамі, практычна ўвесь рачны кісларод пайшоў на іх акісленне. У выніку рыба задыхнулася... Зараз у Бярозаўскім райвыканкаме працуе спецыяльная камісія, якая ацэніць нанесеныя страты і вызначыць вінаватых. Пакуль да адміністрацыйнай адказнасці Брэсцкім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў прыцягнутыя прадстаўнікі прадпрыемства тамтэйшых меліярацыйных сістэм і мясцовыя камунальшчыкі. Валянцін Сахарчык |