Барометр № 5, верасень
|
Падчас Тыдня саюзнай дзяржавы Анапу ўпрыгожвалі сьцягі Расеі й Грэцыі
Правінцыйныя расейцы так званым "саюзным будаўніцтвам" не цікавяцца. Перад балбатнёй пра "дружбу народаў" перавагу яны аддаюць грашам шараговых беларусаў. Анапа – былы дзіцячы курорт Савецкага Саюзу. Шмат хто зь беларускіх дзетак адпачываў там ў дзяцінстве. Піянэрскі лягер "Журавушка", які належыў магілёўскаму ВА "Хімвалакно", з 1985 году прымаў дзяцей з усёй Беларусі. Але ў 1998-м адзінаўласным уладальнікам лягеру застаўся "Арэнбурггазпрам". Ён і стварыў на беларускай базе санаторый "Дзюна". Бо беларусы адмовілася адпраўляць туды малых з эканамічнай прычыны. Ні дзеці, ні моладзь зь "сінявокай" зараз там не адпачываюць. Але ў Анапу студэнтаў возіць БРСМ, дзе ўладкоўвае на працу ў тамтэйшыя фірмы. Пра тое, як дзяўчаткі з Брэсту трапілі ледзь не ў рабства, пісалася шмат (http://www.charter97.org/rus/news/2006/08/09/brsm). Ну а другая згадка пра далёкі цёплы горад – нядаўні "тыдзень саюзнай дзяржавы", чамусьці наладжаны менавіта там. Нам, выпадковай купцы беларусаў, што прыехалі адпачыць, закарцела нешта ўведаць пра "сьвята дружбы". Высьветлілася, што гэта – няпростая задача. Мясцовых "саюзнае будаўніцтва" аніколькі не хвалявала: літаральна ніхто нічога ня мог нам сказаць хоць нешта ўцямнае. Гандлярка з шапіку "саюздруку" на просьбу знайсьці мясцовыя газэты, якія б што-небудзь паведамілі пра гэтае мерапрыемства, зьдзівілася: "Навошта ім пісаць пра Беларусь?! Больш рабіць няма чаго?". Аднак сымболіку дзьвюх дзяржаў можна было бачыць як на працягу ўсяго "тыдня саюзнай дзяржавы", так і пасля яго. Але то былі сьцягі Расеі й Грэцыі – у Анапе зашмат этнічных грэкаў, і ніхто не забараняе ім упрыгожваць свае крамы і аўтамабілі сьцягам сваёй гістарычнай радзімы. Сьцягі Рэспублікі Беларусь заўважаныя не былі. Склалася ўражаньне, што Анапа – маленькі правінцыйны горад, які карыстаецца тымі стэрэатыпамі, што яму навязалі: "расейскія Гаіці"; "дзіцячая здраўніца"; "курорт саюзнай дзяржавы"... Карыстаецца, але бяз нават паказной гаспадарлівасьці: пляжы ўсе ў сьмецці; прымітыўны сэрвіс; цэны на вінаград ды іншую садавіну – удвая вышэй за беларускія. І становіцца зразумелым, чаму амаль усе беларускія турапэратары не працуюць з расейскімі курортамі ўвогуле. А вось чаму ідэолягі нашай краіны ўпарта робяць выгляд, што з "саюзнай дзяржавай" нешта добрае атрымаецца – пытаньне. Зьміцер Мышкоўскі 29.09.2006
Асаблівасьці нарыхтоўкі бульбы на Палесьсі
Пакуль цэны на яе стаяць на ўзроўні 800 рублёў за кіляграм. Аднак спэцыялісты лічаць, што зусім хутка гандляры пачнуць прасіць значна больш. Хаця канчатковыя вынікі яшчэ не падведзеныя, відавочна, што пасьля праліўных дажджоў нарыхтоўка і захаваньне "другога хлеба" застаецца пад пагрозай. Гэта выклікала немалы ажыятаж сярод пакупнікоў, а таксама нарыхтоўчых фірм вобласьці. Між тым афіцыйная статыстыка абнадзейвае. Адчуваньне такое, быццам нічога кепскага не здарылася. Так, па дадзеных аблсельгаспроду, на сёньняшні дзень сабрана каля 9000 тон бульбы пры сярэдняй ураджайнасьці 176, 2 цэнтнэра з гектара. А ў некаторых раёнах, напрыклад Іванаўскім і Ганцавіцкім, накапваюць нават па 300 цэнтнэраў. Афіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць: калі параўнаць зь мінулагодняй ураджайнасьцю, то палескія палі сёньня нават больш шчодрыя. Аднак звычайныя вяскоўцы, а таксама спэцыялісты калгасаў, у большасьці сваёй упэўнены: бульба, якая прастаяла некалькі тыдняў у вадзе, ня можа захоўвацца доўгі час. Палесьсе знаходзіцца ў нізіне і штогод пакутуе ад вады. Аднак у гэтым годзе сярэднемесячная норма па вобласьці ў некаторых раёнах была перавышана ў 2-3 разы. Як ніколі, панёс страту Драгічынскі раён, дзе выпала найбольшая колькасьць ападкаў. Мне давялося назіраць, як жыхарка вёскі Лежыткавічы стоячы па шчыкалатку ў вадзе амаль безвынікова спрабавала выкапаць у полі хоць некалькі вёдраў "картоплі". Жанчына скардзілася: яе ня толькі ўручную нельга капаць, аднак бессэнсоўна "падчапіць трактарам, тым больш з канём, застаецца чакаць, калі падсохне". Не выпадкова на рынках у Драгічыне некалькі дзён назіраўся сапраўдны ажыятаж. Звычайна на пачатку верасьня гарадзкія жыхары закуплялі бульбу на сельскагаспадарчых ярмарках, аднак пакуль гандляры не асабліва імкнуцца выкладваць тавар – чакаюць росту цэн. Вывезуць свае запасы напрыканцы месяца. Па рэкамэндацыі ў вобласьці ўстаноўлена такая закупачная цана – 420 рублёў за кіляграм. Аднак у крамах можна яе знайсьці ўжо і за 1000 рублёў. Каб зьнізіць магчымы ажыятаж, Берасьцейскі гарвыканкам прыняў рашэньне арганізаваць гандлёвыя месцы з аўтамашын і латкоў. Юрыдычныя асобы могуць рэалізоўваць цяпер сельскагаспадарчую прадукцыю без унясеньня дапаўненьня да ліцэнзіі, без касавых апаратаў, без адрыўных талёнаў. Такія меры, на думку чыноўнікаў, мусяць найперш заахвоціць фэрмэраў, каб яны з большай ахвотай прадавалі бульбу. Аднак па словах гандляроў, нягледзячы ні на што цана бульбы хутка павялічыцца. Так што берасцейскім пакупнікам, якія чакаюць паніжэньня коштаў, трэба спяшацца. Валянцін Сахарчык 23.09.2006 |