Магілёўскі далягляд № 5, кастрычнік
|
Бацькі забараняюць лекаваць сьмяротнахворага хлопчыка
Другі год запар лекары пацьвярджаюць сьмяротны дыягназ сямігадоваму Васілю Васільчанка з Краснапольскага раёну – захворваньне клетак крыві. Дыягназ для вёскі Какойск – прадказальны: вёска знаходзіцца ў былой зоне першачарговага адсяленьня. Непрадказальным зьяўляецца тое, што бацькі ўвогуле адмаўляюцца ад гутарак пра лячэньне, нягледзячы на завярэньні мэдыкаў, што пакуль хлопца можна яшчэ выратаваць. – Лухту вярзуць нейкую, што ў яго пухліна чацьвёртай ступені. Было нешта, але зараз нічога ня бачна. Яго хочуць парэзаць, а ён жа не сабака, каб яго рэзаць, – так тлумачыць сваё рашэньне маці хлопца, Алена Васільчанка. Шмат зараз вядзецца гутарак наконт пазасудовага адабраньня дзяцей, але ніхто ўвогуле не выкарыстоўвае існуючыя прававыя магчымасьці. Прыкладна такі ж выпадак быў узгаданы галоўным інспэктарам упраўленьня выхаваньня і сацыяльнай працы Міністэрства адукацыі Тацьцянай Шарамет у якасьці аргумэнта на карысьць дэкрэта. І сапраўды, можа падацца, што новае ўвядзеньне будзе больш дзейсным у дачыненьні да абыякавых бацькоў. Але ў гісторыі з Васілём за два гады ніхто нават не спрабаваў зьвярнуцца ў суд. Тым больш, што юрыдычныя падставы да гэтага ёсьць. – Ёсьць такі артыкул "Адабраньне дзяцей без пазбаўленьня бацькоўскіх правоў". У асноўным выкарыстоўваецца, калі бацькі пакутуюць на псыхічныя захворваньні. Але ў артыкуле ёсьць агаворка – калі жыцьцё дзіцяці пад пагрозай, – патлумачыла Натальля Ігнаценка, намесьнік старшыні камісіі па справах няпоўнагадовых адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва. Хлопчык можа памерці, але за два гады да яго нікому няма справы. Спадзяваньняў няма і на новы дэкрэт. Мусяць быць неабякавымі людзі, каб пачалі законы працаваць. Калі яны будуць яшчэ і дальнабачнымі, дык прымусяць гэтыя законы ў лепшы бок дзеля сябе зьмяняць. А пакуль жыцьцё, здароўе і лёс чалавека нічога не варты, часу заклапочанасьць будуць дэманстраваць на прыкладзе Вікі Мароз. А галадуючых будуць незаўважаць ўвогулле альбо называць бастуючымі. Зьміцер Мышкоўскі 30.10.06
Кадэтаў выхоўваюць на турэмных песнях
Падобных устаноў на Магілёўшчыне – 21. Мясцовыя улады сабралі іх дырактароў на нараду. Асноўная ўвага была прыцягнута да Магілёўскай кадэцкай школы. Па завярэньнях кіраўніцтва вобласьці школа мае ўсё неабходнае, але наладзіць годным чынам выхаваўчы працэс не атрымліваецца. Восем навучэнцаў школы пастаўлены на ўлік інспэкцыі па справах няпоўнагадовых. А толькі адзін хлопец з усіх выпускнікоў паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову. Як вынік - тры настаўніка кадэтаў звольнены. Цяпер вядзецца гутарка пра пераатэстацыю школы. Але кола праблем тэмамі дысцыпліны і навучання не абмяжоўваецца. Пагроза бясьпецы дзяцей застаецца адной з галоўных рэгіёне. Затрыманы летась "магілёўскі пэдафіл" уцягваў у свае супрацьпраўныя дзеянні менавіта выхаванцаў магілёўскай школы кадэтаў. Аб гэтым на ўмовах ананімнасці паведаміў чалавек, блізкі да следзтва. Ён дадаў таксама, што выйшлі на злачынцу выпадкова: старэйшы навучэнец школы кадэтаў хацеў згвалціць малодшага. Увогулле выступоўцы не хавалі праблемы і шчыра хацелі іх вырашыць. – Чаму мы не скарыстоўваем абсалютна даказаную гісторыей сыстэму ўздзеяння культурай, мастацтвам, паэзіяй? Пхнем тэлевізар да носу выхаванцаў, а самі саступаем ў бок, – зазначыў пад час нарады намеснік старшыні магілёўскага аблвыканкама Анатоль Глаз. Дарадцу адразу пачулі. На апошнім канцэрце спявака турэмных песень Віктара Каліны былі заўважаны кадэты усім саставам разам з настаўнікамі. Наўрад ці выхаванне на такім мастацтве шмат дадасць да станаўлення годнай асобы. Але птушачку, што загад намесніка аблвыканкама выкананы, паставіць можна будзе. Зьміцер Мышкоўскі. 24.10.06
Магілёў: улада змагаецца з брыдкаслоўем за грошы
Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Глаз выступіў падчас перапынку перад разбэшчанай публікай і распавёў, у якую суму абыходзяцца камандзе хуліганскія паводзіны групы падтрымкі. Галоўны ідэоляг абласной вэртыкалі быў адзіны, хто паспрабаваў сьціхамірыць балельшчыкаў - амапаўцы на гэта проста не зьвярталі ўвагі. Відаць, яны прынцыпова змагаюцца з "лаянкай і хуліганскімі паводзінамі" толькі падчас палітычных падзей. Але паверыць у шчырасьць барацьбы з брыдкаслоўем абласной вэртыкалі замінае факт таго, што яшчэ ў красавіку ўпраўленьне культуры магілёўскага аблвыканкама зладзіла канцэрт сумнавядомага гурту "Фактар-2" у тым жа самым лядовым палацы. Галоўны мастацкі прыём, які выкарыстоўвае гурт – лаянка. Мацюкі несьліся са сцэны ў натоўп слухачоў, узрост якіх не перавышаў 16 гадоў. Нават мясцовая тэлевізія ў сюжэце пра гэты канцэрт адзначыла тую "разынку расейскіх зорак". На пытаньні наведвальнікаў афіцыйнай старонкі аблвыканкаму, якое дачыненьне мае гэты гурт да культуры, старшыня ўпраўленьня Антаніна Шаркова адказваць ня стала. І сапраўды, чаму вэртыкальшчыкі павінны змагацца з брыдкаслоўем, калі яно прыносіць грошы? А праявіць "прынцыповасьць і высокія маральныя памкненьні" можна толькі тады, калі магілёўскіх хакеістаў штрафуюць на тыя ж самыя грошы. Зьміцер Мышкоўскі 12.10.2006
27 тысяч жыхароў Магілёўшчыны маюць праблемы з псыхікай
Пад наглядам знаходзіцца болей за 27 тысячы хворых. 8 тысяч зь іх – дзеці ды падлеткі. Асаблівую занепакоенасьць выклікаюць школьнікі, бо пагаршэньне стану псыхікі вельмі дакладна прасочваецца за час навучэньня ў школе. Каля 15% шкаляроў маюць нэрвова-псыхічныя адхіленьні, выкліканыя вялікімі нагрузкамі. Да адзінаццатай клясы колькасьць хворых школьнікаў павялічваецца ўдвая. Па словах мэдыкаў, выправіць становішча ў стане толькі кваліфікаваная псыхалягічная дапамога ў навучальных установах. Зьміцер Мышкоўскі 10.10.2006 |
Па словах вядучых псыхатэрапэўтаў вобласьці, за апошнія гады на Магілёўшчыне, як і па рэспубліцы цалкам, назіраецца крызыс псыхічнага здароўя практычна ва ўсіх узроставых групах.