Магілёўскі далягляд № 8, студзень
|
"Рэальнае самакіраванне прыпынілася 225 год таму"
28 студзеня спаўняецца 430 год з моманту атрымання Магілёвам Магдэбургскага права. А два стагоддзі таму горад страціў яго. З гэтай нагоды мы ўзялі інтэрв’ю ў дэпутата гарадскога Савета дэпутатаў, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Агеева. – Што такое магдэбургскае права? – На самой справе адзінага стандартнага кодэкса самакіравання не было ні ў Магдэбургу, ні ў Польшчы, ні ў нас у Вялікім княстве Літоўскім. Магдэбургскае права – гэта прынцыпы, адпаведна якім адбывалася кіраванне горадам. – Як атрымоўвалі гарады Магдэбургскае права? – Некаторыя выгандлёўвалі яго, можа хабар давалі, або чым-небудзь вызначаліся, як напрыклад Магілёў пасля паўстання 1661 года – тады яго ўраўнавалі ў правах з Вільняй. У адных гарадах праў было вельмі многа, у другіх меней. Горад плаціў наперад гадавыя падаткі, пасля чаго мог вырашаць самастойна розныя пытанні. Адміністрацыя (гэта войт у замку) ў большасці выпадкаў толькі адсочвала выкананне заканадаўства. А ўсё астатняе мяшчане рабілі самастойна. У 16-17 стагоддзі ішлі няспынныя войны з усходнім суседам і шмат якія ўсходнія беларускія гарады мелі прывілеі за кошт таго, што былі павінны ўтрымоўваць крэпасці на мяжы з Расеяй. – Якая была судовая сістэма ў часы Магдэбургскага права? – На адміністратыўным ўзроўні ўсе пытанні горад вырашаў сам, а вось суд узначальваў войт. Былі таксама лаўнікі – гэта гарадскія суддзі, якія абіраліся народам і разам з войтам вялі судовы працэс. Войт прымаў канчатковае рашэнне і выносіў прыгавор. Адсюль і суд атрымаў назоў – войтаўска-лаўнічы. – У чым адрозненне мясцовага самакіравання часоў Магдэбургскага права ад мясцовага самакіравання царскай Расеі, БССР, суверэннай Беларусі? – Такіх вольнасцяў наш горад не меў больш ніколі. У Расеі, куды Магілёў уключылі у 1772 годзе, віцэ-губернатар напрамую кіраваў горадам і схема кіравання была жорсткай. Крышку пазней, у 1864 годзе, ўвялі выбарнасць, гарадскія думы, але зноў-такі па правах гэта было менш, чым пры ВКЛ і Рэчы Паспалітай. У Савецкім Саюзе камуністычная партыя вырашала ўсе пытанні. Спачатку было бюро райкама, затым гаркама і абкама, а ўжо потым саветы. Цяпер саветы таксама дастаткова фармальны орган, які візуе, юрыдычна падмацоўвае рашэнні, што прымаюцца выканкамам. Аб гэтым казаў прэзідэнт у сваім пасланні парламенту – маўляў, многія саветы ляглі пад выканкамы. Так яно і ёсць. Зараз ствараецца каардынацыйны орган пры Савеце Рэспублікі, які будзе каардынаваць працу саветаў, нейкім чынам перадаваць думкі парламенту, свайго роду камітэт паміж адпаведнымі ведамствамі. – Ці існуе савецкая вертыкаль? Людзі думаюць, што пасялковыя саветы падпарадкоўваюцца раённым, раённыя – гарадскім, гарадскія – абласным. Фармальна гэтага няма, але бюджэт кансалідаваны, значыць, залежнасць ёсць. – Ходзяць чуткі аб адбудове нашай ратушы. У якім стане знаходзіцца гэтае пытанне? – Ужо год назад вылучаліся пэўныя сродкі на вырашэнне гэтага пытання, але яны пайшлі на праект, які каштуе вельмі шмат. Сёлета, самі ведаеце, з-за нафта-газавай сітуацыі многія праекты могуць быць скасаваны. – Як рэагуе грамадскасць на адбудову ратушы? – Збіраліся подпісы, дзеля таго каб працягвалася яе адбудова. Усе разумеюць, што гэта трэба. Няма прынцыповых рознагалоссяў, як 15 год назад. – Стары сімвал , празваны магілёўцамі "Аксанай, бягучай з лаўсану", так і не прыжыўся ў якасці сімвалу горада. Можа выканаць гэту ролю ратуша? – Калі не яна, то што? Ратуша як лагатып выглядае вельмі добра, і для дызайнераў гэта гатовы матэрыял. Сімвал будзе вельмі пазнавальным. Лепшага помніка грамадзянскай архітэктуры ў Магілёве за ўвесь час існавання горада не было. Былі канфесійныя помнікі, але гэта не тое. Магілёўская ратуша лічылася ў архітэктурным плане адной з самых прыгожых сярод гарадоў Беларусі. Яна – ідэальны сімвал для Магілёва. Любая экскурсія альбо будзе пачынацца тут, альбо бсканчвацца. Калі ўзнікне ратуша, то цяперашні змрочны, маркотны пейзаж цэнтру зменіцца. Ён зайграе па-іншаму. – Якой была ратуша і якой стане? – Ратуша мяняла сваё аблічча. Спачатку яна была баракальнай, потым перараблялася на класічны манер. З цягам часу адбываліся змены. Прапанаваны варыянт не цалкам адпавядае яе выгляду канца 19 стагоддзя. Будынак будзе крышку меншы, але больш прыбліжаны да баракальнага выгляду. Праект дастаткова навуковы і базуецца на даследаваннях Алега Трусава, цяперашняга старшыні таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Андрэй Няўрыда 28.01.2007
Магілёў наведала амбасадар ЗША спадарыня Сцюарт
Агульны кошт груза, які быў пастаўлены на стацыянар магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, склаў каля двух мільярдаў беларускіх рублёў. Акрамя таго, гуманітарную дапамогу на 6,5 тысячы даляраў атрымала абласная бібліятэка. Гэта адбылося ў выніку супрацоўніцтва двух арганізацый: беларускай арганізацыі "Надзея Экспэс" і амерыканскай "Сіці Хоўп Інтэрнэшнл". Міхаіл Собаль, прадстаўнік "Надзея Экспрэс": – Гэта стала мажліва ў выніку вельмі адданай працы на працягу апошніх паўгода па два бакі Атлантычнага акіяна. Гэтай працай мы займаемся ўжо больш за 13 гадоў. Толькі ў красавіку мінулага году даставілі медычных грузаў на 4,5 млн. даляраў. Ужо ў красавіку рыхтуем чарговы. Усё гэта адбываецца дзякуючы падтрымкі амбасады ЗША ў Беларусі і асабіста спадарыні Сцюарт, амбасадара ЗША. Спадарыня Сцюарт звярнулася да прысутных: – Шаноўнае спадарства! Дзякую за ўдзел у гэтай цырымоніі, дзякуй за цёплы прыём у Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы і магілёўскаму абласному дэпартаменту аховы здароўя. Для мяне вялікі гонар удзельнічаць у перадачы маленькай часткі апошняе пастаўкі ў Беларусь амерыканскай арганізацыі "Сіці Хоўп Інтэрнэшнл" медычных матэрыялаў агульным коштам 2 млн 460 тыс. даляраў. Ужо на працягу 21 года арганізацыя аказвае доўгатэрміновую медычную дапамогу беларусам, якім яна больш патрэбна. Гэтая пастаўка, як і папярэдняя, – вынік супрацоўніцтва "Сіці Хоўп Інтэрнэшнл" з дзяржаўным дэпартаментам ЗША і амабасадай ЗША ў Менску, а таксама праява шчырага жадання амерыканскага ўраду і амерыканскага народу дапамагчы беларусам палепшыць сваё жыццё і здароўе. Я хачу павіншавац "Надзею Экспрэс" і "Сіці Хоўп Ітэрнэшнл” з нагоды яшчэ адной паспяховай пастаўкі, а таксама падзякаваць міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь за дапамогу, дазвол і рэгістрацыю гэтага груза. Дзякуй! Гэта мой першы візіт у Магілёў і для мяне вялікі гонар прысутнічаць на цырымоніі перадачы лекаў той установе, дзе яны будуць выкарыстоўвацца! Міхаіл Собаль: – Груз, які мы паставілі сёння – гэта антыбіётык не апошняга пакалення, але сапраўды, гэта новы антыбіётык цэфаласпарынавага раду. Галоўная яго вартасць у тым, што ён раней не выкарыстоўваўся і не завозіўся на тэрыторыю Беларусі. Калі мы рыхтавалі гэтую пастаўку, то нам міністэрства аховы здароўя цалкам зацвердзіла ўсе аб’ёмы. Пасля наведвання шпіталю спадарыня Сцюарт пазнаёмілася з Магілёўскай абласной бібліятэкай. З 1998 года тут працуе куток амерыканскай літаратуры. І карыстаючыся гэтым выпадкам яна прывезла ў падарунак калекцыю дарослай і дзіцячай літаратуры на ангельскай мове, вялікую колькасць навукова-пазнавальнай літаратуры для адукацыйных праграм выкладчыкаў, якія працуюць з дзецьмі малодшых класаў па ангельскай мове і тэхнічныя сродкі, што дапамагаюць вывучаць ангельскую мову: гэта мультымедыйны праектар, экранам для праектара, лічбавы фотаапарат і СD-магнітафон. Ала Васіленка, дырэктар абласной бібліятэкі: – Мінулы амбасадор Злучаных Штатаў Амерыкі і людзі, якія працуюць у амерыканскай амбасадзе, штогод прадастаўляюць нашаму чытачу магчымасць пазнаёміцца з лепшымі ўзорамі мастацкай літаратуры амерыканскіх паэтаў і пісьменнікаў. Спадарыня Сцюарт: – Я рада магчымасці наведаць Магілёў і абласную бібліятэку. За апошнія пяць гадоў амбасада ЗША перадала 400 тысяч даляраў на адкрыццё новых амерыканскіх куткоў і папаўнення ўжо адкрытых. Мы перадалі ў Беларусь беларускім бібліятэкам шмат самых розных кнігаў, у тым ліку па бізнесу, мэнэджмэнту, амерыканскай культуры і моладзі, кнігі для дзяцей і падлеткаў, а таксама відыа і аудыаматэрыялы, кампутары і іншае абсталяванне. Агульны кошт калекцыі амерыканскага кутка ў Магілёўскай абласной бібліятэцы перавысіў 27,5 тысячы даляраў. Колькасць кніг і публікацый перавысіла 1000 асобнікаў. Я з радасцю паведамляю, што амбасада даруе калекцыю з 237 кніг для дзяцей. Упершыню мы перадаем гадавую падпіску на 10 сусветна вядомых часопісаў, у тым ліку "Нэшнл джеографікс". Агульны кошт сённяшняга дадатку да амерыканскага кутка складае 6,5 тысячы даляраў. Сярод прысутных было шмат студэнтаў, якія засыпалі амбасадара рознымі пытанням: хто вучыць яе беларускай мове, ці знаёма яна з беларускай літаратурай, якое ўражанне ў яе склалася аб візіце ў Магілёў, аб цяжкасцях атрымаць дазвол на выезд у Амерыку, пра супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй. Як толькі пытанні на сустрэчы пачалі набываць палітычную афарбоўку, абураны дырэктар бібліятэкі спадарыня Васіленка грозна ўмяшалася: "Навошта нам гэтыя палітычныя дэбаты? Усё, усё, сканчваем! Мы запрасілі амбасадара дзеля таго, каб ён уручыў нам мастацкую літаратуру для вашага чытання і вашага вывучэння ангельскай мовы". Трэба падкрэсліць што спадарыня Сцюард у сваіх афіцыйных зваротах карысталася беларускай моваю. Вітольд Няўрыда 25.01.2007
Каб малако не скісала, яго замарожваюць
На Капыльшчыне многія жыхары харчуюцца пратэрмінаванымі прадуктамі. Бо сьвежавырабленых тутэйшы гандаль не прапаноўвае. Капыльскі масласырзавод – флягман мясцовай эканомікі. З калгаснай прадукцыі вырабляе шырокі асартымэнт малочнага харчаваньня – ад кефіру да ёгуртаў. На выставах-кірамашах іх якасьць і смак высока ацанілі спэцыялісты. "Сузор’е смаку" – пад такім брэндам капыльскае прадпрыемства заваёўвае шматлікіх спажыўцоў. Трэба сказаць, корміць ён ня толькі насельніцтва свайго раёну, а й жыхароў Менску. І нават зарабляе валюту – за кошт экспарту прадукцыі ў Маскву. Вытворчым посьпехам не нарадуецца раённае кіраўніцтва, Менскі аблвыканкам. Маўляў, эканамічныя набыткі масласырзаводу ёсць вынікам яго ўмелай палітыкі ў справе маркетынгу. Вось толькі шэраговыя капыляне не падзяляюць гэткай маркетынгавай радасьці чыноўнікаў: – Наша начальства стварыла заганную сыстэму рэалізацыі прадукцыі масласырзаводу,– сьцвярджае экс-кандыдат у дэпутаты Менскага абласнога савету, жыхар вёскі Калодзезнае Віктар Дашкевіч. – На першым месцы тут – клопат пра здароўе масквічоў. У Расею на продаж пастаўляецца найбольш якасная прадукцыя – сыры, якія вырабляюцца паводле перадавых тэхналёгіяў, доўга захоўваюцца. Там вялікая канкурэнцыя і няякасную, нясмачную прадукцыю рэалізаваць цяжка. А ўжо на другой пазыцыі – інтарэсы спажыўцоў беларускай сталіцы. Зразумела, у Менску шмат начальства, і скаргі на тую ж капыльскую сьмятану нашаму заводу не патрэбныя. Нарэшце, на апошнім месцы – клопат пра нас, капылянаў. Прыходзіш у краму, і там табе прапануюць сьмятану, у якой сёньня, у лепшым выпадку заўтра, сканчаецца тэрмін годнасьці. Ты мусіш тут жа зьесьці гэты прадукт, каб заўтра не выкінуць яго у памыйнае вядро альбо, як альтэрнатыва, можна есьці сьмятану пратэрмінаваную, што, дарэчы, многія мае землякі й робяць. Каб перайначыць гэтую сыстэму, прыйшоў спадар Дашкевіч у мясцовую раёнку – афіцыйны орган Капыльскага райвыканкаму: маўляў, пакрытыкуйце дзейнасьць заводзкіх маркетолягаў. Аднак у мясцовых газэтчыкаў такая ініцыятыва не выклікала энтузіязму. Яны, як высьветлілася, пра гэтую праблему й самі ведалі – капыляне нярэдка скардзяцца на вымушанае ўжываньне пратэрмінаванага харчаваньня. Такім наведнікам газэтчыкі тлумачаць, што нельга рушыць цяперашнюю сыстэму, бо, маўляў, масласырзавод “"рымае на плячах увесь раён", паколькі іншыя мясцовыя прадпрыемсты тут у апошнія гады збанкрутавалі. Тады Віктар Дашкевіч зьвярнуўся па дапамогу ў Капыльскую санэпідслужбу. – Там выслухалі й "прынялі меры" – некалькі дзён у крамах прадавалася сьмятана ці твораг, на якім наагул не стаяла тэрміну годнасьці. А яшчэ праз некалькі дзён усё вярнулася на кругі свая – днямі ў адной з крамаў пакупнікам прапаноўвалі купіць сьмятану, тэрмін спажываньня якой завяршыўся напярэдадні, – паведаміў нам актывіст. Вельмі абураюцца ўсім гэтым старыя вяскоўцы, якія не маюць сваіх кароў і да якіх два разы на тыдзень прыяжджае з райцэнтру аўталаўка. Калі набраць гэтага малака наперад, то яно ўжо скісае на другі дзень. Прынамсі, паводле апошніх зьвестак з Капыльшчыны, тут жыхарамі вынайдзены спосаб падаўжэньня тэрміну годнасьці заводзкага малака. Яны набываюць яго ў крамах і тут жа кладуць у лядоўні. Замарожаны прадукт, як аказалася, не скісае. Вядома, такі спосаб захоўваньня спэцыялісты ў пытаньнях харчаваньня катэгарычнага адмаўляюць, бо страчваюцца харчовыя якасьці малака, яго смак. – Але нас можна зразумець, бо выбіраем паміж горшым і яшчэ больш горшым,– апраўдвае землякоў спадар Дашкевіч. Міхал Вавула 24.01.2007
Дэкрэт №2 працуе, як таго хочуць бюракраты
Наступства ад дэкрэту "Аб мерах па найдалешай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату" адразу адчулі на сабе грамадзяне, якія зьвярнуліся у Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру. Напачатку новага года ў РУП "Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру" зноў пацягнуліся магілёўцы, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў. Кожны з іх штогод вымушаны аднаўляць даведку аб тым, ці мае ён ва ўласнасьці жыллёвыя памяшканні. Даведка гэтая не бясплатная і каштуе прыкладна для сям’і шэсць з паловай тысяч рублёў. Тое, што гэтыя людзі будуць аддаваць свае грошы на працягу яшчэ шмат гадоў, сведчыць факт невыкананья прагнозных паказчыкаў па будаўніцтве жылля ў мінулым годзе. Але, натуральна, дэкрэт №2 накіраваны на вырашэнне зусім іншага пытання, чым жыллёвыя праблемы беларусаў. Таму зацікаўленасць выклікае тое, што змянілася для грамадзян у самой працэдуры. Раней для атрымання такой даведкі, чалавеку трэба было зрабіць наступныя крокі: адстаяць ў чарзе да "вакенца", дзе выдаюць квітанцыю; адстаяць ў чарзе ў іншае "вакенца" ", дзе гэтая квітанцыя аплачваеца; у трэцім "вакенцы" ўзяць бланк, пасля запаўнення якога трэба было адстаяць чаргу (прыкладна паўгадзіны) у чарговае "вакенца", дзе хвілін за дзесяць рыхтуецца сама даведка. Зараз працэдура выдачы даведкі зьмянілася: замест таго, каб вам не давялося чакаць па дзесяць хвілін разам з кожным наведвальнікам, вам проста прапануюць прыйсці за даведкай праз тыдзень. У выніку, замест гадзіны ў мінулым, працэдура доўжыцца паўгадзіны. Плюс тыя ж паўгадзіны, якія праз тыдзень вы патраціце, каб забраць гэтую даведку. Дык што змянілася? Зьміцер Мышкоўскі 13.01.2007
Дзе і як сустракалі Новы год дэмлідэры Магілёўшчыны
У прапагандысцкіх агітках улады жыцьцё кіраўнікоў апазіцыйных сіл рэгіёнаў звычайна малюецца праз прызму мільённых грантаў, зарубежныя турнэ. А як і дзе насамрэч святкавалі гэтыя людзі? Уладзімір Шанцаў, старшыня абласной арганізацыі АГП – Новы год я сустрэў дома з дзецьмі і ўнукамі. Усім магілёўцам я раю прыйсці 14 студзеня на выбарчыя ўчасткі і зрабіць правільны выбар, бо ад яго залежыць будучыня. Я жадаю вам быць шчаслівымі, прыгожымі і багатымі. Хай унутры кожнага з вас жыве Бог, а ў сэрцы імкненне да свабоды. Валерый Беразіенка, першы сакратар абласнога камітэту ПКБ – Новы год я сустрэў ў кругу сямі'і. На стале былі традыцыйныя беларускія і ўкраінскія стравы. Усім магілёўцам ў наступіўшым новым годзе жадаю дабрабыту, матэрыяльнага дастатку, пачуцця гонару за Беларусь, каб кожны грамадзянін адчуў сябе свабодным чалавекам у свабоднай дзяржаве. Галіна Лісіцына, старшыня абласной арганізацыі прафсаюза РЭП – Сустрэча Новага года адбывалася з сям’ёю. Но стале шампанскае, яйкавы лікер, салаты, цукеркі, торцік - усё што звычайна бывае дома. Атрымала вельмі шмат СМС і тэлефонных званкоў, за што ўдзячна сябрам свайго прафсаюзу. Жадаю ўсім дабрабыту, каб смела глядзелі ў будучыню, каб усе мелі працу і каб яна варта аплачвалася. Юрый Новікаў, старшыня абласной арганізацыі БСДП (Грамада) – Новы год сустракаў дома. На стале віно і шампанскае, бульба, хлеб, чарка і шкварка. Усім магілёўцам зычу, каб збыліся іхныя мары і адбыліся перамены ў лепшы бок. Алесь Сілкоў, лідэр гарадской кааліцыі дэмакратычных сіл – Новы год сустракаў разам са сваімі лепшымі сябрамі. На стале былі розныя гатункі він, а мая сяброўка Анжэла нарэшце ўпершыню прыгатавала салаты, якія былі вельмі смачнымі і ўсе ацанілі іх. У наступіўшым годзе я жадаю вам быць стойкімі, мужнымі, верыць у перамогу нашых дэмакратычных каштоўнасцяў. Моладзі – як мага хутчэй вырастаць з кароткіх штанін і прафесійна займацца палітыкай. Вітольд Няўрыда, 05.01.2007
"Наш гарсавет – прывадны ланцуг вэртыкалі"
Алесь Чыгір – дэпутат Бабруйскага гарсавету. Сёлета ўлады не падоўжылі з настаўнікам кантракт. Тады бацька трох дзяцей прыкуў сябе да агароджы перад выканкамам. – Спадар Чыгір, вы лічыце сябе палітыкам – то бок чалавекам, які дамагаецца ўлады? – Наша краіна за апошнія дванаццаць год зрабіла значны скачок у эканоміцы, аднак палітычная галіна амаль што не зьмянілася. Той жа соцыюм ня бачыць, як і раней, свайго жыцьця безь дзяржаўнай дапамогі. Адсюль і вынікае маё ўласнае бачаньне сябе сярод людзей. Ад 1999 года я актыўна ўдзельнічаю ўва ўсіх палітычных кампаніях дэмакратычных сілаў. Пры гэтым не сьпяшаюся лічыць сябе палітыкам. Я грамадзянін-беларус, які займаецца палітыкай. Безумоўна, за гэты час зьмяніўся. Мне падаецца, у лепшы бок. Я пачаў слухаць іншых людзей, абсалютна розных, спрабуючы зразумець іх і іхныя штодзённыя клопаты. Пачаў глядзець на жыцьцё больш шырэй і глыбей, чым звычайны абыватэль. І галоўнае – думаць, а з надуманага рабіць высновы. – Вашае абраньне ў Бабруйскі гарсавет заканамернасьць альбо выпадковасьць? –Заканамернасьць альбо выпадковасьць, чорнае альбо белае... Жыцьцё разнастайнае, бо ў ім ёсьць адценьні. Была грунтоўная штодзённая праца, і калі з’явіўся шанец, я і мая каманда яго выкарысталі. Я ведаў шмат людзей, якія пражывалі сваё жыцьцё, спадзеючыся на шчасьлівы выпадак, а прыканцы жыцьця пачалі разважаць на тэму несправядлівасьці. Заканамернасьць? Як падаўляючая бальшыня мужчынаў майго веку, я меўся цяпер піць сьпірт "Максімку" ды ганяць жонку. Аднак жа не хачу "Максімкі" і вельмі кахаю сваю любую. Лічу, што кожны чалавек унікальны, як унікальны кожны дзень і кожнае імгненьне... І ўсё ў жыцьці залежыць ад нас. Толькі ад нас і госпада Бога. – За час свайго дэпутацтва вы адчулі сваю запатрабаванасьць з боку свайго бліжэйшага атачэньня, калегаў настаўнікаў, бабруйскай ды нацыянальнай палітычнай эліты? У чым гэта праяўлялася? – Я ішоў у гарадзкі Савет, каб весьці за сабой людзей. Запатрабаваным будзе толькі той, хто хоча быць запатрабаваным. Ня трэба чакаць, калі да цябе прыйдуць і скажуць: давай зробім тое і тое. Трэба самаму ісьці да людзей і прапаноўваць зрабіць тое, што будзе карысна ўсім. – Працягніце, калі ласка сказ: "Мае выбарнікі запомняць мяне за..." – ...за тое, што я не падмануў іхных чаканьняў. За тое, што не зламаўся. – Што уяўляе Бабруйскі гарсавет знутры? Ці можаце Вы яго назваць уплывовай аўтарытэтнай сілай у Бабруйску? – Бабруйскі гарадзкі Савет – гэта прывадны ланцуг бабруйскай улады. Які на 30 адсоткаў складаецца з прадстаўнікоў вэртыкалі, а на 60 – з дырэктарскага корпусу, які зацьвярджае вэртыкаль. Асноўны матыў гэтых людзей – захавацца. Дзеля захавання яны гатовыя на ўсё. Што да прафэсіяналізму – гэта асобы ўчорашнега дня, якія могуць існаваць толькі ў створанай імі ж сыстэме. – За час свайго дэпутацтва што вы згубілі, а што прыдбалі? Як мяркуеце надалей з гэтага скарыстацца? – А што я мог згубіць? Сумленьне, гонар, годнасьць ўсё пры мне! Прыдбаў вельмі шмат, і самае галоўнае – давер людзей! Каб разумець пра што гавораць на сэсіях Савету, быў вымушаны шмат чытаць эканамічную і юрыдычную літаратуру. Меў цудоўную магчымасьць знаёміцца з досьведам правядзеньня рэформаў у суседніх краінах. Меў магчымасьць тэарэтычна прыстасоўваць убачанае да бабруйскіх рэаліяў дзеля пэрспэктывы зьменаў гэтых рэаліяў. – На завяршэньне: вашы пляны на будучыню? – У будучым я пляную перамагаць і выводзіць Бабруйскі рэгіён з таго гаротнага стану, у якім ён апынуўся. Вяртаць нашу краіну ў эўрапейскую цывілізацыйную прастору. Андрэй Белагубаў 04.01.2007
"Мая партыя маёй працай у райсавеце не цікавілася"
Працягваем сэрыю гутарак зь дзейнымі дэпутатамі Магілёўшчыны. Сёньняшні наш суразмоўца – Зінаіда Мілешчанка, літаратарка, дэпутатка Круглянскага раённага савету, сяброўка Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага Хэльсінскага камітэту. Пра сваё сяброўства ў партыі кажа: "Актыўны чалавек не павінен заставацца адзін. Ён мае быць часткай калектыўнага розуму, пры гэтым не губляць сваёй унікальнасьці". – Зінаіда Ўладзімераўна, вас ведаюць у Круглянскім раёне як літаратурку, дык навошта спатрэбілася тое дэпутацтва? Што вы хацелі сказаць людзям з втрыбуны райсавету? – Творца павінен мець актыўную жыцьцёвую пазыцыю. Ён ня мусіць цурацца грамадзкага жыцьця, калі хоча каб ягоная творчасьць уплывала на людзей, мяняла іхнае жыцьцё да лепшага. Дэпутат мае магчымасьць, няхай сабе і не вялікую, дапамагаць людзям, уплыць на прыняцьце уладай рашэньняў на месцах. Я і пайшла ў дэпутаты, каб рабіць канкрэтнае і патрэбнае. У нашай краіне быць дэпутатам з адсутнасьцю пазыцыі ды прынцыпаў значыць ня мець вагі ў райсавеце. Прыходзіць на пасяджэньні толькі дзеля таго, каб падымаць рукі, – гэта не маё. Чатыры гады я намагалася зьвярнуць увагу дэпутатаў на мясцовыя праблемы. Намагалася пераканаць, што ў агульнай людзкой масе ёсьць канкрэтны чалавек, які, кінуўшы бюлетэнь, спадзяецца на дапамогу. Да жалю, ня здолела дасягнуць жаданага. Аднак, не адчайваюся. Я займела павагу сярод дэпутатаў, падаўляючая бальшыня якіх гэтак і не наважылася азвацца з глыбіні залі пасяджэньняў. Я займела павагу сярод простых людзей, якія бачылі ўва мне паратунак. Шкадую, што ўвесь гэты час заставалася ў самоце. Партыя, ад імя якой я была абраная, заставалася ў баку ад майго дэпутацтва. Я згубіла працу, дапамогу па беспрацоўю, але і пра тое не шкадую. Я навучылася жыць. У мяне вялікая гаспадарка, і яна робіць мяне незалежнай ад улады. – Ці гарманічна ўпісваецца ў рэаліі Круглянскага раёну спалучэньне "жанчына-дэпутат?" Якія стэрэатыпы, комплексы вам давялося пераадолець, каб не згубіць упэўненасьці ў сабе? – У нашай краіне жанчына-дэпутат – нонсэнс і прапаганда. Наша жанчына абсалютна неабароненая. Часта за ейнай амбітнасьцю хаваецца бездапаможны, разгублены стомлены бясконцымі праблемамі чалавек. Не прывядзі гасподзь, што мне давялося пераадолець. Найперш – прыродную боязь перад начальнікам. Даводзілася пераадольваць адчай і бездапаможнасьць. Мне дапамагала высокае пачуцьцё адказнасьці перад выбарнікамі, як бы тое пафасна ні гучала. Іншым разам даводзілася вырашаць праблему чалавека некалькі месяцаў запар, пераходзячы з аднаго чыноўніцкага пакою у другі. Дапамагала і ўпэўненасьць у тым, што праўда на маім баку. Я навучылася гаварыць з трыбуны райсавету сьмела, нягледзячы на чыноўніцкія абразы і зьнявагу. – Што зьмянілася ў вашым жыцьці па абраньні дэпутатам Круглянскага райсавету? Чым будзеце ганарыцца па сканчэньні дэпутацкага тэрміну і што будзе змушаць задумваецца? – У мяне шмат сяброў, таварышаў, калегаў. За сваё дэпутацтва я сустрэлася зь цікавымі людзьмі, якія паўплывалі на маю пазыцыю адносна шмат якіх рэчаў. У маёй душы адбылася пераацэнка каштоўнасьцяў. Я перакананая, што дапамагла людзям і выканала сваю дэпутацкую мэту. Зьмянілася, няхай і ня дужа, мая акруга, хацелася б верыць, што зьмяніліся і людзі. Мушу прызнаць, што намагаючыся бараніць людзей, я ня здолела абудзіць у іх упэўненасьць у саміх сябе, пераканаць у тым, што за свае правы трэба змагацца пастаянна. Ня здолела падахвоціць іх да самаарганізацыі. – Што ўяўляе сабою знутры Круглянскі райсавет: ён кампэтэнтны, уплывовы, аўтарытэтны? – Анічога не ўяўляе, можа гэта надта катэгарычна, але так ёсьць. Фармалізм панаваў, ды і толькі. Па сутнасьці, дэпутатаў няма: там чыноўнікі, якіх прызначылі дэпутатамі. За чатыры гада ніхто зь іх не зрабіў аніводнага дэпутацкага запыту. Што тут казаць, калі старшыня райсавету ня ведае Закону пра статус дэпутата. Намагаўся быў галоўны ўрач райбальніцы ўзьняць пытаньне пра рамонт палікліньнікі, але ўпартасьці не хапіла. Я за чатыры гады зрабіла 12 дэпутацкіх запытаў, у якіх закранула 42 пытаньні. – Палітычная партыя і дэпутат мясцовага савету: ці можа быць тут узаемная выгада? Наколькі гэты саюз адэкватны нашым рэаліям? – Я наагул не разумею, дзеля чаго партыі вылучаюць сваіх дэпутатаў. Яны ня ў стане ні дапамагчы, ні падтрымаць іх. Партыйнае кіраўніцтва не цікавіцца іхнай працай. Яно ня ведае цяжкасьцяў, зь якімі сутыкаецца дэпутат-партыец у правінцыі. Прынамсі, маёй працай ніхто не цікавіўся. Для некаторых партыйных функцыянэраў я праз сваю шчырасьць застаюся непатрэбнай і непажаданай асобай. Дэпутат у правінцыі ўсё ж у стане ўплываць на грамадзкую думку. Дзеля гэтага не патрэбныя звышвысілкі. Там, дзе ёсьць дэпутат, варта хаця б дапамагчы яму выдаць невялікае друкаванае выданьне. Выкарыстоўваць жа на месцах, асабліва такіх як Круглае, людзей толькі дзеля факту вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты лічу ня надта разумным. Мяркую, што праводзіць тлумачальную партыйную работу ў часе правядзеньня выбараў – элемэнтарнае глупства і шкода. Людзей гэта раздражняе і вядзе да адваротнага выніку. У нас няма стратэгіі дзеяньняў, якія б прывялі да зьменаў, і гэта прыкра. Кожны з нас робіць тое, што падаецца важным на дадзеным момант, але прадбачыць наступствы паасобку мы ня можам. Андрэй Белагубаў 03.01.2007 |