Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members prynyamonne Гродна Прынямоньне № 10, студзень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прынямоньне № 10, студзень

За год увоз у краіну легкавікоў павялічыўся амаль напалову

Гэтая лічба датычыць часткі межаў з Польшчай і Літвой, дзе кантроль ажыцьцяўляе Гарадзенская рэгіянальная мытня.

Гарадзенскія мытнікі падсумавалі: за мінулы год яны аформілі ўвоз на тэрыторыю РБ 53 тысячы машын заходніх марак. А гэта на 42 адсоткі болей, чымсьці за папярэдні год. Вялікая частка аўто асядае ў Горадні, дзе на адну тысячу жыхароў іх прыпадае ажно 286 адзінак. Знаўцы гавораць, што ў працоўныя дні ў ДАІ рэгіструецца ў сярэднім па сто і болей новых легкавікоў. Асабліва вялікія чэргі былі напярэдадні Новага году.

Сяргей Скрабко, які займаецца абслугоўваньнем аўтамабіляў, самай галоўнай прычынай гэтага называе павелічэньне попыту. Прасьцей кажучы, людзі сталі больш зарабляць. Павелічэньню прывозу транспарту спрыяе, у пэўным сэнсе, і больш-менш прадуманая сыстэма мытнага падаткаабкладаньня. Хаця каштуюць машыны досыць дорага: за дастаткова нармальную трэба заплаціць звычайна 4-5 тысяч даляраў, горшая, праўда, абыдзецца таньней – 3-3,5 тысячы.

Умоўна кажучы, болей плаціць сёньня даводзіцца або за "кубатырныя" і дарагія маркі, прычым новыя, альбо за вельмі старыя машыны – апошняе зроблена, каб абмежаваць увоз усякага "ламачча". Напрыклад, максымальная стаўка мыта – 3,5-5 эўра за кубічны сантымэтар рухавіка датычыць новых аўтамабіляў – трохгадовых і яшчэ навейшых за іх, прычым з рухавіком аб'ёмам 2500 кубічных сантымэтраў і болей. Самая малая стаўка – 0,35 эўра разьлічана на малыя машыны (з рухавіком ня больш за 1500 кубічных сантымэтраў) і "ўзростам" 3-10 гадоў.

Летась, праўда, на мяжы сталі крыху меней канфіскоўваць іншамаркі. Раней, умоўна кажучы, знайшлі ў легкавіку лішні блёк цыгарэтаў, і ты можаш разьвітацца са сваім транспартным сродкам. Цяпер мытныя органы павінны падрабязна разьбірацца ў кожным асобным выпадку, уперад як падаваць паперы ў суд на канфіскацыю. Зрэшты, усё роўна гарадзенскія мытнікі затрымалі больш за дзьвесьце аўтамабіляў. А раней амаль штодня адбіралі па машыне.

Лічыцца, што канфіскаваны транспарт прадаюць праз суд, а грошы перадаюць у дзяржбюджэт. Але як, каму канкрэтна і за якую суму прадаюць, – гэтай інфармацыі знайсьці практычна немагчыма.

Алесь Кавалёў

29.01.2007

У судзе над актывістам Саюзу палякаў зрабілі перапынак

На судовы працэс прыйшоў нават ксёндз, але яго не пусьцілі ўнутр разам з дзясяткамі сябраў Саюзу палякаў. Актывісты СПБ лічаць, што працэс прыпынены, каб зьбіць хвалю падтрымкі М.Яскевічу.

Кастрычніцкі раённы суд Горадні 23 студзеня  вонкава нагадваў ганак унівэрмага, дзе чакаецца продаж дэфіцытнага тавару. Прынамсі да такой аналёгіі схіляла цэлае зграмаджаньне людзей на ганку, якіх упарта не пускалі ўнутр будынка два міліцыянты. Бо звычайна, калі працэс адкрыты, як цяперашні, на ім могуць прысутнічаць усе ахвотныя, патлумачыў адвакат Уладзімір Кісялевіч.

Аднак гэтым разам у міліцыянтаў быў загад: не пушчаць! Паміж польскім консулам  Зоф’яй Шмыд і міліцэйскім старшыною адбылася кароткая гутарка ля зачыненых дзьвярэй.

Зоф'я Шмыд:

– Прашу прабачэньня, я – консул Рэспублікі Польшча  і як наглядальнік маю права быць на гэтым працэсе.

Старшына:

– А ён што – грамадзянін Польшчы? Чакайце!

Праўда, польскага дыплямата ў рэшце рэшт пусьцілі, і нават жонку самога Мечыслава Яскевіча (які, канечне ж, ня польскі грамадзянін, а – беларускі), што напачатку таксама мела праблемы.

Цяжэй давялося журналістам. Міліцыянт не рэагаваў на пасьведчаньні, адказваючы, што старшыня суду нібыта некуды тэлефануе, каб даведацца, ці можна пускаць на працэс карэспандэнтаў?  Але непасрэдна дапамагчы ім узяўся адвакат Уладзімір Кісялевіч. Ён выйшаў на ганак і паведаміў:

– Паважанае спадарства! Паколькі не пускаюць у памяшканьне суду, гаворачы аб тым, што няма месца, бо заля ня вельмі вялікая, таму я заяўлю хадайніцтва, каб дапусьцілі Польскае тэлебачаньне і ўсіх карэспандэнтаў. Я таксама буду заяўляць хадайніцтва, каб Анжаліку Борыс дапыталі ў якасьці сьведкі і спадара Пачобута.

Самае сьмешнае, што калі некалькі карэспандэнтаў нарэшце трапілі ў судовую залю, працэс літаральна праз тры-чатыры хвіліны перапынілі да 30 студзеня. Што ўдалося пачуць за гэты кароткі час?  Судзьдзя Натальля Горбач зазначыла, што з боку пацярпелага не зьявіліся на паседжаньне некалькі сьведкаў. Мечыслаў Яскевіч выказаўся за тое, каб іх таксама абавязкова дапыталі. Адвакат зазначыў, што гэта можна будзе вырашыць цягам працэсу. Але тут пракурор сказаў: трэба, каб усе сьведкі былі дапытаныя ў адзін дзень. Пасьля гэтых словаў судзьдзя прыняла рашэньне зрабіць у працэсе перапынак.

Кіраўніка Гарадзенскага гарадзкога аддзелу саюзу палякаў Мечыслава Яскевіча абвінавачваюць у злосным хуліганстве паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэксу, максымальнае пакараньне – тры гады зьняволеньня. Паводле вэрсіі сьледзтва, ён учыніў бойку зь нейкім Ігарам Сабко. Сам Мечыслаў Яскевіч паведамляе, што ў тралейбусе яго выклікаў на спрэчку гэты чалавек, зь якім яны не былі знаёмыя. Яны выйшлі на прыпынку, дзе Яскевіча адразу затрымалі міліцыянты і завезьлі ў ізалятар. Ніякай бойкі не было, сцьвярджае актывіст Саюзу палякаў. Ён перакананы, што яго перасьледуюць за дзейнасьць у грамадзкай арганізацыі, якую ўлады не прызнаюць.

Актывісты СПБ мне гаварылі, што працэс прыпынены, каб зьбіць хвалю падтрымкі М.Яскевічу. Падтрымаць яго прыйшлі прыблізна шэсьцьдзесят-семдзесят чалавек, пераважны пэнсіянэры, якія прызвычаены праяўляць салідарнасьць у такіх выпадках з калегамі па Саюзу палякаў. Яны маліліся перад дзьвярыма суда, сьпявалі рэлігійныя песьні. Сярод іх раздаваўся сьвежы нумар газэты “Glos znad Niemna na uchodzstwie” з партрэтам Мечыслава Яскевіча і прысьвечаны пачатку працэса над ім. У газэце надрукаваны ліст у абарону Мечыслава Яскевіча, які чытачам прапануецца дасылаць на імя генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча. Пракурора просяць спыніць крымінальны перасьлед паплечніка Анжалікі Борыс.

Алесь Кавалёў

24.01.2007

Гарадзенскія кватэры актыўна купляюць расіяне

Тым часам мясцовая ўлада ганарыцца посьпехамі ў будаўніцтве жыльля і ўмовамі для яго набыцьця. Аднак насамрэч у суседняй Літве, напрыклад, крэдытавацца больш выгадна.

У Горадні будаўніцтва жыльля летась значна павялічылася, наблізіўшыся да эўрапейскага ўзроўню, дзе за год будуюць адзін квадратны мэтр на жыхара (у Горадні — 0,73 квадратнага мэтра), – так лічыць намесьнік старшыні аблвыканаму Юры Масквічоў. Гарадзенцы будуюцца пад банкаўскія крэдыты. А кватэры ў дамах, што пабудаваны раней, напрыканцы году пачалі скупляць расіяне. Бо сярод беларусаў практычна не засталося людзей, якія могуць адразу выкласьці за "дах над галавой" некалькі дзесяткаў тысяч даляраў.

Будаўнічыя арганізацыі ў горадзе здолелі працаваць рэнтабэльна ў мінулым годзе менавіта дзякуючы заказам на жыльлё. Рабочых раптам нават стала не хапаць, хаця перад тым улады заахвочвалі іх пашыраць будаўніцтва ў Падмаскоўі. Старшыня аблвыканкаму Уладзімір Саўчанка, зважаючы на такія зьмены, нядаўна запатрабаваў ад кіраўнікоў галіны вярнуць усіх назад і даць "фронт работ" на месцы.

Клопат уладаў пра бескватэрных грамадзянаў можна толькі вітаць. Адзінае, што відавочна: эйфарыя ад посьпехаў не дазваляе начальству цьвяроза ацаніць сытуацыю, якая складаецца на цяперашні час. Ва ўсякім разе зрабіць папраўкі на небясьпеку, якая можа чакаць беларускую эканоміку ў бліжэйшым часе.

Паводле расейскіх экспэртаў, танная нафта і газ з Расеі далі магчымасьць падняць заробкі беларусам. Тыя пачалі шырэй браць банкаўскія крэдыты на будаўніцтва, чым і абумоўлены росквіт гэтай галіны, у прыватнасьці, на Гарадзеншчыне.

Але спэцыялісты называюць крэдыт на жыльлё пад 13-16 працэнтаў гадавых – вельмі вялікім. У сваю чаргу ўлады, а таксама банкіры не хаваюць задавальненьня ад факту – за апошні час удалося крэдытную стаўку зьменшыць менавіта да гэтай лічбы. Яшчэ некалькі гадоў назад яна была значна вышэйшай.

А тым часам у суседніх Польшчы і Літве банк выдае грошы на непараўнальна лепшых умовах, чымсьці ў Беларусі: крэдытная стаўка там вагаецца ад 3 да 6 адсоткаў. Хоць заробкі ў суседніх краінах большыя, чым у нас.

Эканамісты лічыць: пасьля падаражаньня расейскага газу больш чым у два разы, цэны ў будаўніцтве рэзка папаўзуць уверх. У прыватнасьці, вытворчасьць цэмэнту на буйным прадпрыемстве ў пасёлку Краснасельскі Ваўкавыскага раёну вымагае вялікай колькасьці газу. Паводле прагнозаў, кошт самога цэмэнту ў такіх умовах вырасьце як мінімум на 30 адсоткаў.

Алесь Кавалёў

23.01.2007

Абласны савет сфармаваўся выключна з начальнікаў

Раней на Гарадзеншчыне "дзеля дэмакратыі" дэпутацкія мандаты выдаваліся і шарагоўцам. Цяпер палітычны флірт з рабочымі ды калгасьнікамі абарваўся – "народнага даверу", як высьветлілася, вартыя выключна прадстаўнікі вэртыкалі.

Дэпутатамі аблсавету сталі начальнік абласной міліцыі Генадзь Хацько і ягоны намеснік Іван Рыбак, кіраўнік абласной мэдыцыны – Ільля Епіфанаў, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі – Казімір Банцэвіч, фінансавай службы – Міхаіл Шабан і гэтак далей. Усе важныя чыноўнікі будуць у абласным савеце ў якасьці дэпутатаў выдаваць пастановы самім жа сабе, толькі ўжо ў якасьці кіраўнікоў абласной вэртыкалі.

А самым сьмешным паведамленьнем стала тое,  што дэпутатам абласнога савету абраны "старшыня абласнога савету" Аркадзь Карпуць. Яму дзеля гэтага па традыцыі зрабілі безальтэрнатыўную акругу ў г.п. Бераставіца. Спадар Карпуць бяззьменна кіруе аблсаветам з 1996 году і цалкам задавальняе вышэйшае кіраўніцтва, таму да яго такі абсалютны давер – можна ўзначальваць гэты орган хоць да пэнсыі. Якраз яму да пэнсыйнага веку засталіся чатыры гады – тэрмін 25-га дэпутацкага скліканьня.

Упершыню Гарадзенскі абласны савет – штосьці накшталт "савету старэйшын". Тут дырэктары заводаў: "Азоту",  "Белкарду", "Краснасельскбудматэрыялаў", мясакамбінату ды іншых. Як у кіраўнічых ораганах акадэміі навук, напрыклад, знаходзяцца людзі, якія дасягнулі навуковых вяршынь, стаўшы акадэмікамі і член-карэспандэнтамі, так у абласным савеце цяпер – толькі начальнікі абласнога рангу, дырэктары самых буйных прадпрыемстваў, калгасаў і вялікіх школ. Хаця, па лёгіцы, савет тым адрозьніваецца ад акадэміі, што дэпутатаў выбірае ўсё насельніцтва, прычым любы грамадзянін мае права асабіста ўдзельнічаць у выбарах.

Аднак на практыцы гэтага сёньня быць ня можа: у вэртыкалі, для якой саветы – проста прыдытак, напярэдадні выбараў былі складзены сьпісы кандыдатаў, якія амаль аўтаматычна робяцца дэпутатамі. Раней "дзеля дэмакратыі" маглі часам і настаўніцу-перадавіцу, і рабочага-ударніка падпусьціь да дэпутацтва. Цяпер – у ніякім разе, нават у гарсавет нельга, толькі начальства – заводзкае, мэдыцынскае, школьнае.

Вось падсумаваў я вынікі, ажыцьцёўленай уладамі  гэтак званай выбарчай кампаніі, і нечакана мне падумалася: а ёсьць жа ў нас і іншыя разумныя людзі – юрысты, напрыклад, адвакаты, унівэрсытэцкія выкладчыкі (у Горадні тры унівэрсытэты), ёсьць мастакі, паэты, фэрмеры, урэшце рабочыя, пра якіх я ўзгадваў вышэй, а таксама калгасьнікі, тыя ж самыя героі дажынак. Дзе гэтыя людзі, чаму іх няма ў двух гарадзенскіх саветах? 

Яны там непатрэбны, бо сярод іх могуць трапіцца людзі з уласным пунктам гледжаньня на рэчаіснасьць, якія не баяцца сказаць слова, адстойваць сваю пазыцыю. У саветах толькі начальнікі, якія залежаць ад выканкамаўскай улады, падпарадкоўваюцца ёй, якая іх прызначае на пасады і робіць, зразумела, дэпутатамі. Карацей, поўная ідылія і адзінагалосьсе.

Алесь Кавалёў

23.01.2007

Неапазнаны лятаючы аб'ект ля Слоніма?

Вяскоўцы сцьвярджаюць, што бачылі ў вечаровым небе  незвычайную зьяву.

На захадзе Слонімскага раёну ў Сялявічах і навакольных вёсках дзясяткі людзей атрымалі вялікае эмацыйнае ўзрушэньне, калі назіралі ў вечаровым небе тое, што адразу назвалі неапазнаным лятаючым аб'ектам. Паводле аднаго са сьведкаў, у яны бачылі прыплюснуты сьветлавы дыск, ад якога зыходзіла наўкола сьвячэньне. Працягвалася гэта дзьве-тры гадзіны — прыблізна да адзінаццаці гадзінаў вечара 11 студзеня.

Сялявічы вызначаюцца касьцёлам — помнікам народнага драўлянага дойлідзтва канца ХІХ-пачатку ХХХ стагодзьдзя. У вёсцы існуюць таксама два савецкія помнікі – салдат на братняй магіле воінаў і партызанаў і бюст начальніка ЧК Фэлікса Дзяржынскага, пастаўлены 25 гадоў назад.

Алесь Кавалёў

14.01.2007

З газу – назад на дровы і торф

Пераход на мясцовыя віды паліва адбываецца адміністрацыйнымі мэтадамі – паводле загаду. Эканамічныя разьлікі стаяць на другім месцы.

Падаражаньне газу і нафты робіць сёньня яшчэ больш надзённым выкарыстаньне мясцовых гатункаў паліва. Мы папрасілі выказацца на гэтую тэму інжынэра-цеплаэнэргетыка Сяргея Кузьмянка, які выкладае ў гарадзенскім філіяле менскага "Газ-інстытуту", дзе навучаюць працы з газавым абсталяваньнем.

Сяргей Кузьмянок гаворыць, абсталяваньне на прадпрыемствах – больш за дзевяноста адсоткаў працуе на газе. Той жа Краснасельскі цэмэнтны завод, у якога няма сёньня магчымасьці з прычыны падаражаньня газу перайсьці на альтэрнатыўны від паліва.

Інжынэр успамінае сваю работу на гарадзенскай ЦЭЦ:

– У свой час, калі мы пераходзілі з мазута на газ, то зьмянялі канструкцыю катла. Цяпер зноў перайсьці на той жа мазут, тым больш на мясцовы від паліва, немагчыма: канструктыўна трэба мяняць абсталяваньне. Хутка гэта зрабіць немагчыма.

Цяпер адбываецца адваротнае: газавыя кацельні прыстасоўваюць для цьвёрдага паліва. Але спадар Кузьмянок зазначае: у нас ня ўсе яшчэ разумеюць, што абсталяваньне, якое працуе на газе, ня можа гэтак жа добра дзейнічаць на іншым паліве. Дарэчы, кацельня, якую пераводзяць на дровы, траціць моц адразу ўтрая.

Існуюць і іншыя цяжкасьці. На Гарадзеншчыне найбольш выкарыстоўваецца мясцовае паліва ў Сьвіслацкім раёне – уласныя прыродныя рэсурсы складаюць там трыццаць адсоткаў . Улады, безумоўна, выкарысталі якраз спрыяльныя ўмовы: райцэнтар невялікі, прамысловасьці практычна няма, багата лясоў, на поўдні раёну пачынаецца Белавеская пушча. Карацей, можна ў даволі значнай ступені адмовіцца ад спальваньня газу.

А як у іншых краінах спрабуюць зэканоміць грошы на паліве? Сяргей Кузьмянок спасылаецца на досьвед Фінляндыі: там нават нямала электрастанцый, якія працуюць непасрэдна на адкідах дрэваапрацоўчай прамысловасьці. Лес выкарыстоўваюць на розныя мэты, а сучча, карэньне, гольле, кару – спальваюць. Сама тэхналёгія добра адладжаная.

– Калі ў нас прымаецца рашэньне перайсьці на мясцовы гатунак паліва, – зазначае інжынэр, – гэта робіцца чыста адміністрацыйна: загад зьверху, і хочаш ня хочаш, а выконвай. За мяжой заўсёды перш за ўсё тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне: ёсьць сэнс ці няма?

У нас была каманда пераходзіць на  мясцовыя віды паліва тры гады таму, і лічыцца, нібыта яно ў любым разе таньнейшае. Але рэч у тым, што паводле сусьветнага досьведу выгодна, калі гэтае паліва – тыя ж дровы дастаўляюцца з лесу ў радыюсе трыццаці кілямэтраў, калі далей – дастаўка абыходзіцца ўжо даражэй. А ў нас жа лесанарыхтоўкі знаходзяцца за восемдзесят і больш кілямэтраў, – падкрэсьлівае спадар Кузьмянок. Тым ня менш, шукаць у гэтым напрамку трэба, але патрабуюцца новыя выніковыя тэхналёгіі і абсталяваньне.

Алесь Кавалёў

12.01.2007

Ні радыё табе, ні экскурсіі!

Горадня – родны горад для Аляксандра Мілінкевіча. Ён бывае тут часьцей, чым дзе. Аднак былыя калегі па гарвыканкаму перашкаджаюць сустрэчам зь землякамі.

Цяперашні дэпутат Гарадзенскага гарсавету Сяргей Кузьмянок зноўку балятуецца ў свой савет і даверанай асобай папрасіў быць Аляксандра Мілінкевіча.

Яны правялі супольна сустрэчы з выбаршчыкамі ў мікрараёне Вішнявец і ў пасёлку Паўднёвы. Сяргей Кузьмянок гаварыў людзям, што хоча нейк узьнімаць статус дэпутата, які за апошні час значна зьніжаны, і цяпер на сэсіі гарсавету дэпутатамі нярэдка камандуюць выканкамаўскія чыноўнікі, магчымасьці якіх рэальна значна большыя.

Сам дэпутат паўтары гады дамагаўся, каб у горадзе зрабілі квартальныя праязныя на грамадзкі транспарт, а па камандзе старшыні гарвыканкаму Аляксандра Антоненкі іх надрукавалі адразу. Спадар Кузьмянок прызнаўся выбаршчыкам, што адчуваў сябе хворым і хацеў, каб выступ на мясцовым радыё за яго зрабіў спадар Мілінкевіч, але яму забаранілі, хаця гэта дазваляецца выбарчым заканадаўствам.

Аляксандар Мілінкевіч на дзьвюх сустрэчах гаварыў выбаршчыкам: галоўная загана цяперашняй улады ў тым, што яна прызначаецца зьверху і ад людзей ніяк не залежыць. Калі сам ён працаваў намесьнікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму, пачынаючы з 1990 году, яго абралі на гэтую пасаду, і яму хацелася спадабацца гарадзенцам, зазначыў Аляксандар Мілінкевіч.

Ідэалягічны чыноўнік з выканкаму, які прысутнічаў на сустрэчы, пэрыядычна абвяргаў Мілінкевіча.

Так, лідэр дэмакратаў заявіў, што мноства грошай улады ўклалі ў маштабную рэканструкцыю Савецкай плошчы, але нічым не палепшылі фатальную сытуацыю з транспартнымі заторамі, што замест шыкоўнай брукаванкі трэба было пачаць будаваць новы мост цераз раку…

Чыноўнік умомант парыраваў: добраўпарадкавалі цэнтар, каб прывабіць турыстаў, якія прыедуць з грашыма.

Мілінкевіч у адказ: рэстаўрацыя Старога гораду адбываецца з парушэньнем прынятых у Эўропе стандартаў, і турыстаў больш не становіцца.

Чыноўнік: нічога, затое распрацаваная дзяржаўная праграма па прыцягненьні ў рэспубліку і ў наш горад замежнікаў.

Трэба сказаць, што Аляксандар Мілінкевіч курыраваў у гарвыканкаме культуру і выдатна ведае помнікі архітэктуры. Нядаўна ён нават правёў у Старым горадзе экскурсію для моладзі, распавядаў пра вялікіх князёў і каралёў, якія любілі горад і жылі тут.

Вэртыкаль у сваю чаргу прыслала мноства міліцыянтаў, якія цугам хадзілі за экскурсантамі, вялі апэратыўную відэаздымку, усяляк стараліся перашкодзіць. Нарэшце прыбыў чыноўнік ад турызму з аблвыканкаму, які заявіў спадару Мілінкевічу, што той займаецца забароненай дзенасьцю – праводзіць экскурсію, ня маючы адпаведнай ліцэнзіі. Вось такім чынам мясцовыя ўлады "змагаюцца" за турыстаў.

Алесь Кавалёў

10.01.2007

Запалохваюць моладзь з польскіх вучэльняў

У калядныя вакацыі ў Горадні і на КПП "Брузгі" ўвесь час запынялі беларусаў – удзельнікаў адукацыйнай праграмы імя К.Каліноўскага, якія вучацца ў Польшчы.

Сёмага студзеня Вікторыя Салей і Тацяна Зарэмбюк вярталіся на вучобу ў Варшаву. На чыгуначным вакзале ў Горадні ім прапанавалі спраўдзіць інфармацыю пра мэту паездкі асобна. Іншыя пасажыры тым часам пасьля мытнага і памежнага кантролю спакойна праходзілі ў залю чаканьня.

Для дзяўчын гэта было ўжо другое сутыкненьне зь "людзьмі ў пагонах". За два дні перад тым Вікторыя і Тацяна вярталіся з Польшчы дахаты ў Масты. На КПП "Брузгі" яны прыехалі ў мікрааўтобусе, які памежная служба спыніла на некалькі гадзінаў.

У студэнтак забралі пашпарты, мытнікі агледзелі ўсе рэчы, пратрымалі на мяжы некалькі гадзінаў – да ночы. Кіроўцу мікрааўтобуса таксама дапытвалі, і ён гэтак напалохаўся, што як толькі пераехаў мяжу на беларускім баку, высадзіў сябровак: дабірайцеся да Горадні як хочаце!

А гэта, лічы, дваццаць кілямэтраў. У выніку студэнткі трапілі да бацькоў толькі ў пяць гадзінаў раніцы. Абедзьве, дарэчы, навучаюцца у Варшаве: Вікторыя – у акадэміі спэцыяльнай пэдагогікі, Тацяна – у мастацкай.

Што датычыць Вікторыі Салей, ёй улады "адпомсьцілі" за вучобу ў Польшчы найбольш істотна. Яна балятавалася на цяперашніх выбарах у Мастоўскі раённы савет дэпутатаў, але выбарчая камісія скасавала рэгістрацыю. Бо з консульскага аддзелу беларускага пасольства у Варшаве паступіла даведка аб тым, што Вікторыя – студэнтка польскай вучэльні.

Працэдуру падвышанага кантролю ў абодва бакі прайшоў і Яўген Скрабутан з Зэльвы: ён таксама навучаецца у Варшаве, але ва ўнівэрсытэце.

З гэтым жа сутыкнулася і гарадзенка Насьця Маркевіч – таксама студэнтка той жа вучэльні. Мікрааўтобус, у якім яна ехала з Польшчы, на КПП "Брузгі" таксама пратрымалі пяць гадзінаў. Такім чынам пацярпелі ўсе пасажыры, якія там былі.

Бацька дзяўчыны, вядомы журналіст Мікола Маркевіч, назад праводзіў яе да да лініі пашпартнага кантролю. Ён пабачыў: калі пачала праходзіць працэдуру праверкі, памежнікі замітусіліся-забегалі, доўга раіліся з кімсьці, але ўрэшце прапусьцілі.

Спадар Маркевіч мяркуе, што запалохваючы такім чынам дэмакратычную моладзь, розныя службы адначасова ствараюць бачнасьць нібыта вялікай і важнай дзейнасьці, якую яны ажыцьцяўляюць.

Самі студэнты ўсьведамляюць, што зь іхніх прозьвішчаў склалі асобны "чорны сьпіс" удзельнікаў праграмы навучаньня маладых беларускіх дэмакратаў за мяжой, якая носіць імя Кастуся Каліноўскага. Хлопцаў і дзяўчат імкнуцца паказаць быццам бы небясьпечнымі для рэжыму людзьмі.

А тым часам большасьці зь іх па 18-19 гадоў. Частка пасьпела паўдзельнічаць у пратэстах супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, а іншыя толькі ў душы падтрымлівалі апазыцыю.

Адзін са студэнтаў нам прызнаўся, што калі ў яго на мяжы шукалі дыскеты, кампакт-дыскі, нейкую ўяўную крамолу, нарадзілася адчуваньне, што службоўцы шукаюць газэту "Мужыцкая праўда" Кастуся Каліноўскага. Тая, сьцьвярджаюць гісторыкі, друкавалася некалі на Беласточчыне. Улады баяцца вольнага слова, як баяліся яго ў часы паўстаньня на чале з Каліноўскім, зазначыў гэты хлопец.

Дарэчы, бацькі аднаго са студэнтаў, якога абшуквалі на мяжы і надоўга затрымалі, напісалі скаргу памежнаму начальству. Рэакцыя была нечаканай: памежнікі папрасілі замяць канфлікт.

Алесь Кавалёў

9.01.2007

Дабрыня бязь меры вядзе да бяды

На Гарадзеншчыне павялічылася колькасьць ашуканстваў і крадзяжоў. Найчасьцей міліцыянты зьвязваюць тое з "цыганскім махлярствам і  ліхадзействам".

Цераз мясцовы друк міліцыя зьвяртаецца да жыхароў вобласьці: празьмерная даверлівасьць, надмерная спачувальнасьць, адсутнасьць пільнасьці дазваляюць ашуканцам выманіць грошы, залатыя аздобы, каштоўныя рэчы, альбо іх папросту скрасьці. Работнікамі аховы парадку папярэджваюць, што "калі вы ня хочаце стаць  чарговай ахвярай цыганскага махлярства і ліхадзейства", варта выконваць распрацаваныя міліцыяй рэкамэндацыі.

Міліцэйская інструкцыя перш за ўсё раіць ня даць сябе спакусіць, каб даведацца пра будучуню ад "назальлівай гадалкі", не згаджацца на паслугі па "зьняцьцю псоты", не купляць з рук "па дзяшоўцы" нібыта залатыя рэчы. Па-другое, жыхарам раяць ні на якой падставе не ўпускаць да сябе такіх людзей у сваё жытло, бо яны цудоўна ведаюць, дзе звычайна захоўваюцца грошы і каштоўнасьці.

Грамадзянаў папярэджваюць, што ў такіх гастралёраў выключныя таленты пераконваць людзей, а часам нават яны валодаюць гіпнозам. Карацей, калі вам давялося сутыкнуцца з "цыганкамі, гадалкамі, папрашайкамі", трэба, па магчымасьці, запомніць прыкметы ці нумар машыны і паведаміць у міліцыю. Дарэчы, менавіта так зрабілі жыхары адной вёскі ў Шчучынскім раёне. Дзьве махляркі навязвалі старым вяскоўцам нібыта затанна набыць пыласосы ды іншыя рэчы, якія насамрэч каштавалі значна меней, чымсьці жанчыны выманілі ў пэнсіянэраў.

Махлярак чакаў у машыне кіроўца, і нехта зь вяскоўцаў запомніў нумар машыны. Затрымалі ўсю кампанію ўжо ў Слонімскім раёне падчас правядзеньня імі чарговай "гандлёвай апэрацыі". Высьветлілася, што жанчыны прыехалі са Смаленшчыны, а кіроўца беларус.

Алесь Кавалёў

07.01.2006

Сьвіслач пастарэла ажно на двесці гадоў

Падчас стварэньня музэя вёскі з такой назвай гарадзенскія краязнаўцы знайшлі новыя архіўныя згадкі пра час яе заснаваньня. Высьветлілася: Сьвіслач зьявілася ня ў 1754-м годзе, як лічылася дагэтуль, а ў 1558-м.

Хоць раней панскія сядзібныя дамы былі ў кожнай вялікай вёсцы, за савецкі час іх стала значна менш. А вось у Сьвіслачы захаваўся да нашых дзён трохпавярховы дом ў стылі "мадэрн" канца ХІХ стагодзьдзя. У ім разьмяшчаецца калгасная ўправа, а на апошнім паверсе адкрыўся музэй.

У савецкія часы ў падобных экспазыцыях існаваў стандарт: лапці, калаўрот, Вялікая Айчынная вайна, калгаснае "будаўніцтва". Усё гэта прысутнічае і ў музэйчыку вытворчага каапэратыву "Сьвіслач". Але тут стваральнікі мелі шырэйшыя абсягі, іх, напрыклад, цікавіла гісторыя маёнтку і архіўныя зьвесткі аб самой Сьвіслачы. 

Зінаіда Шыдлоўская, якая займалася зборам экспанатаў, знайшла ў пісьмовых крыніцах першую згадку пра вёску ў 1558 годзе. Раней жа лічылася, што яна існуе з 1754 году. Такім чынам, у наступным годзе можна будзе адзначыць 450-ю гадавіну паселішча.

Калі трапляеш у Сьвіслач, музэй хочацца наведаць ужо таму, што ён месьціцца ў старой камяніцы — помніку архітэктуры. Дольная яго частка і галерэя змураваныя з вапняку, астатняя — з цэглы. Над галерэяй знаходзіцца вялікая тэраса з балюстрадай. Дом мае контрфорсы і адметны высокі дах, карацей, гэта — аздоба вёскі. А пабудавала яго некалі графіня Красінская.

У калгаснай вёсцы людзям звычайна не да музэяў, але Сьвіслач — заходнебеларуская вёска, тут і за польскім часам былі някепскія ўраджаі, і сёньня добра пастаўлена сельскагаспадарчая вытворчасьць. Карацей, у гаспадаркі ёсьць грошы і на культуру. А па-другое, яе кіраўнік Васіль Густыр усьвядоміў, што вясковым людзям важна ведаць сваю гісторыю ня толькі з моманту прыходу ў 1939 годзе "першых Саветаў".

Алесь Кавалёў

07.01.2007

Былі апэратарамі – сталі качагарамі

Пасьля пераводу кацельняў Мастоўскага раёна з газу на цьвёрдае паліва былі парушаныя інтарэсы і правы працоўных.

Канфліктная сытуацыя паміж працаўнікамі кацельняў і кіраўніцтвам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ў Мастоўскім раёне скончылася скандалам, але працадаўца прымусіў незадаволеных гуляць па ягоных правілах.

Заднім чыслом працаўнікам трох кацельняў (у кожнай па чатыры чалавекі) у Луньне і ў дзьвюх суседніх вёсках паведамілі, што іх перавялі з трэцяга разраду на другі, горшы. Ясна, што адбыліся зьмены і ў аплаце працы. Праўда, зьявілася даплата – сто тысяч рублёў, але яе давялося "выбіваць".

Незадаволеныя накіраваліся да дырэктара прадпрыемства ЖКГ Сяргея Фралова, каб выказаць усе свае прэтэнзіі: кацельні перавялі з газу на дровы, але ня выдалі спэцадзеньня, ніякага інструмэнту, нават тачкі, каб падвозіць дровы ці брыкет, а не насіць іх уручную.

Першая паездка ў Масты вынікаў не дала.

– Начальнікі толькі паабяцалі выдаць тачку, – сказаў нам самы актывіст Іван Казлоўскі з Лунна. – Пасьля гэтага давялося ехаць у райцэнтар зноў, каб патрабаваць свайго. Тады і ўбачылі зьмены ў дамовах, зробленыя бяз нашага ведама: трэці разрад быў перапраўлены на "другі". Але ж мы, паступаючы на працу, пісалі заявы і былі прынятыя менавіта па больш высокаму разраду!

Так пасьля пераводу кацельняў з газу на цьвёрдае паліва былі парушаныя інтарэсы і правы працоўных, але людзі вырашылі не звальняцца на знак пратэсту, а дарабіць да вясны. Іван Казлоўскі іранічна зазначыў, што начальства "супакоіла" іх: тачкі, маўляў, замовілі ў Менску, у бліжэйшым часе паедзем забіраць. Няўжо нельга было іх замовіць бліжэй – у саміх Мастах ці ў Горадні і ня мучыць людзей?

Прэтэнзій у работнікаў шмат. Раней яны сядзелі ў чысьціні і адно сачылі за прыборамі. Цяпер трэба расьпілаваць дровы, прынесьці, нейк умясьціць іх ў досыць вузкую топку. Пры гэтым даводзіцца працаваць сваім інструмэнтам – бэнзапілой, калуном, насіць брыкет вёдрамі. Карацей, з апэратара кацельні працаўнік пертварыўся ў звычайнага качагара, умовы працы цалкам зьмяніліся.

Узьніклі і дадатковыя праблемы. Іван Казлоўскі гаворыць:

– То дроваў няма, аднойчы тры дні запар іх не было, то яны мокрыя – ляжаць пад адкрытым небам, то прывязуць вялізныя палены па трыццаць кіляграмаў.

А вось начальнік "новых" качагараў  Сяргей Фралоў настроены, можна сказаць, цалкам аптымістычна. Нам ён сказаў, што спэцыяльная брыгада езьдзіць пілаваць дровы па ўсяму раёну, дзе ЖКГ мае агулам 18 кацельняў на цьвёрдым паліве. Так, людзям панізілі разрад, але затое сталі даплочваць 50 адсоткаў за працу грузчыка, падкрэсьліў ён.

Карацей, кожны з бакоў прытрымліваецца ўласнай пазыцыі. Іван Казлоўскі гаворыць за сваіх таварышаў: раней работа была лёгкай, а плацілі 360 тысяч. Цяпер з даплатай атрымліваецца ня менш, аднак за год базавая велічыня стала большай ў паўтары разы, а заробкі павінны павялічвацца разам зь ёй. Качагар зазначае: дровы цяпер трэба ўвесь час падкідаць, бо хутка прагараюць, а вось тэмпэратуру цепланосьбіту не ўдаецца разагрэць больш чым на 32-36 градусаў.

Алесь Кавалёў

06.01.2007

Галадоўка іўеўскіх вернікаў скончылася безвынікова

Яна была спантаннай, хутка разгарэлася, аднак гэтаксама імкліва й згасла. Бо зьехаў ксёндз, якога абаранялі людзі, а сапраўднага лідэра сярод вернікаў так і не знайшлося.

Ксёндз Марыюш Ільяшэвіч, у падтрымку якога галадалі вернікі, мусіў пакінуць Беларусь разам зь іншымі шасьцю сьвятарамі, якім улады не працягнулі візы. Галадоўка распачалася за тры дні да заканчэньня году, спачатку ў ёй удзельнічалі тры верніцы, затым пятнаццаць, а неўзабаве ня менш за сто. Падрабязнасьці мы паведамлялі раней. Аднак напярэдадні Новага году акцыя пратэсту была закончана, а ксёндз выехаў у Польшчу.

Усе аглядальнікі міжволі параўноўвалі іўеўскую акцыю з галадоўкай каталікоў у Горадні, што адбылася напачатку сьнежня. За шэсьць дзён ўдзельнікі апошняй дамаглілася ад уладаў дазволу на будаўніцтва касьцёлу. Яна не была спантаннай: спачатку вернікі на чале з ксяндзом Аляксандрам Шэметам пратэставалі пад вокнамі аблвыканкаму. Іх мусіў прыняць губэрнатар Уладзімер Саўчанка. Пратэстоўцы папярэдзілі ўлады, што калі не дадуць дазволу, яны праз некалькі дзён пачнуць галадоўку. Прычым у ксяндза А.Шэмета, як беларускага грамадзяніна, не было праблемаў зь візай, якія меў М.Ільяшэвіч. Гэтымі днямі іўеўскія вернікі меркавалі таксама зьвярнуцца да Ў.Саўчанкі, але ўрэшце вырашылі абмежавацца чарговым лістом у прэзыдэнцкую адміністрацыю.

Чаму галадоўка ў Іўеўскім раёне ня мела вынікаў? Прааналізаваць гэта мы папрасілі гарадзенца Андрэя Пачобута – галоўнага рэдактара часопіса  "Glos znad Niemna na uchodzstwie". Ён зазначыў, што гарадзенская галадоўка была дастаткова добра падрыхтаваная, людзі абяцалі ісьці да канца. Каб яны трапілі ў шпіталь, іх замянілі б новыя ўдзельнікі, якія прыходзілі ў касьцёлі і запісваліся. Гэтую рашучасьць удзельнікаў разумелі і ўлады.

А вось акцыя ў Лаздунах была спантаннай, яна позна пачалася: тры дні для дасягненьня посьпеху – гэтага замала. Яна не пасьпела атрымаць дастаткова шырокага розгаласу ў СМІ, і патанула ў іншых пераднавагодніх падзеях.

Тым ня менш, падзея ўскалыхнула вёску перад мясцовымі выбарамі, засьведчыла наяўнасьць пратэстных настрояў нават у сельскай мясцовасьці. Галадоўка таксама стала сыгналам для ўладаў, што ў канфэсыйным пытаньнні ня ўсё нармальна, гаворыць Андрэй Пачобут. Але канфлікт паміж вернікамі ды ўладай будзе працягвацца, лічыць ён і спасылаецца на артыкул акадэміка Рубінава ў "Советской Беларуси", дзе заклададзены ідэалягічны падмурак  для супрацьстаяньня рэлігіі.

Алесь Кавалёў

5.01.2007

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: