Прынямоньне № 5, травень
|
У мужчынскі кляштар – з чыстай спадніцай
У Дзень праслаўленьня Жыровіцкай іконы Божай Маці, які штогод адбываецца ў траўні, пачалі дзейнічаць больш строгія правілы паводзінаў у Жыровіцкім кляштары. У прыватнасьці, усе прадстаўнікі турыстычных фірмаў атрымалі пісьмовае папярэджаньне, што арганізатары экскурсій "мусяць паважаць традыцыі кляштару". Цяпер там жывуць 35 манахаў. Каб не трывожыць іх, у кляштары забароненыя фота і відэа- здымкі. Патрабуецца выключаць мабільныя тэлефоны. Мужчыны абавязаныя здымаць шапкі, а жанчыны пакрыць галаву хустай. Яшчэ адзін напамінак: "Пры фарміраваньні групы да сьвятой крыніцы трэба папярэджваць наведвальнікаў, што мужчынам належыць узяць з сабой майткі, жанчынам – сарочку. Пажадана, каб гэтыя рэчы былі новыя". Сьвятары тлумачаць, што майткі і сарочку можна будзе браць у іншыя паездкі па сьвятых месцах, а ў выпадку недамаганьня апранаць дома. У гутарках з манахамі высьвятляецца: наведнікі мусяць прызвычайвацца да больш строгіх паводзінаў. Да прыкладу, пустэльнік Рыгор Труднік, які ўжо пяць гадоў ахоўвае збудаваньні ля сьвятой крыніцы, пакрыквае на некаторых турыстаў. Труднік – высокі мужчына, твар яго густа аблеплены сівой барадой, за патыліцай – хвост, перацягнуты гумкай. "Як крыкне, то задрыжыш", – кажа адзін з наведнікаў. І ён жа тлумачыць, што дзякуючы пустэльніку Рыгору нарэшце супакоіліся разбуральнікі сядзібы, якая была збудаваная яшчэ панам Аляксандрам Солтысам. Солтыс, нагадаю, першым у 1470 годзе атрымаў цудадзейны абраз з рук пастухоў. Далёка ў лесе яны заўважылі густую крону дзічкі-грушу, а ўнутры яе – сьвятло. Калі дабраліся туды, то выявілі маленькі абраз. Пра гэта наведнікам расказвае Інак Мікалай. Сама выява Божай Маці адлюстраваная на маленькім, памерамі ў дзіцячую далоньку, кавалку граніту. Часам ад абраза зыходзіць вельмі прыемны водар. Сёлета на сэмінары ў Жыровічах архімандрыт Веніямін паведаміў, што Сьвята-Усьпенскі мужчынскі кляштар ужо наведалі больш як 20 тысяч чалавек. – Па выніках году колькасьць паломнікаў дасягне 60 тысяч, – мяркуе сьвятар. Архімандрыт лічыць, што, верагодна, давядзецца скарачаць час на кожную экскурсію, які цяпер займае амаль адну гадзіну. Яшчэ адзін варыянт – ствараць ўмовы, каб экскурсанты маглі заначаваць. – У нас ёсьць ужо праект будаўніцтва Дома паломнікаў на 100 месцаў, – дадае сьвятар. Нагадаю, на сёньня архітэктурны комплекс Жыровіцкага Сьвята-Усьпенскага кляштару – гэта пяць храмаў, кожны зь якіх мае сваю гісторыю. Тут жа месьціцца духоўная сэмінарыя, кельлі, а таксама крыніца й купальня. Сьвятую ваду людзі набіраюць самі і безь якіх-небудзь абмежаваньняў, па сумленьні. Групы ў купальню набіраюцца з чаргі. Тут забаронена курыць, расьпіваць сьпіртное, крычаць, сьмяяцца, заляцацца да ўпадабаных. Усе госьці запрашаюцца наведаць музэй царкоўнага мастацтва, які знаходзіцца ў будынку Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжу насупраць кляштару. Пакуль кошт уваходу складае тысячу рублёў, для дзяцей і студэнтаў – 500. Галіна Баравая 27.05.2008
Журналістам выдалі пагоны
На вайсковыя зборы ўпершыню ўзялі гарадзенскіх газэтчыкаў. 20 траўня былі прызваныя на 25 дзён некалькі супрацоўнікаў дзяржаўных выданьняў, у тым ліку ўласныя карэспандэнты рэспубліканскіх газэт. Па ўмовах, ім павінны выплаціць на працы аклад, як было ў савецкія часы. Але ганарару ў любым разе яны зарабіць ня змогуць і, такім чынам, будуць мець страты. Пашанцавала толькі "нячэсным" журналістам, якія не працуюць на ўладу, іх не патурбавалі. Працаўнікі пяра будуць знаходзіцца ў адной з вайсковых частак Горадні, і займацца наладжваньнем выпуску франтавой газэты. Такім чынам, беларускае камандаваньне спадзяецца ў выпадку "нападу меркаванага праціўніка" на зацяжны характар ваенных дзеяньняў, калі можна будзе выпускаць і распаўсюджваць у войсках армейскую газэту. Некаторыя з журналістаў, прызваных сёньня, ніколі не бывалі на зборах нават у часы Савецкай арміі, хаця тады гэта было звычайнай справай. Апошнім разам гарадзенскіх журналістаў бралі ў армію дваццаць гадоў таму. Яны выпусьцілі ў горадзе нумар газэты "Боевое знамя", а затым іх нават ў складзе вялікай вайсковай калёны завезьлі ў лес, дзе будучы прэзыдэнцкі памочнік палкоўнік Посахаў распавядаў часовым "партызанам" пра натаўскую пагрозу. Як вядома, упершыню пасьля зьнікненьня СССР вайсковыя зборы былі адноўленыя некалькі гадоў таму, калі для вучэньняў на гарадзенскім палігоне ў Гожы былі ўзятыя з запасу адразу некалькі соцень сяржантаў і афіцэраў. Яны спатрэбіліся, каб адпрацоўваць варыянты супрацьстаяньня заходняй пагрозе. Сёньня на зборах спатрэбіліся ўжо таксама журналісты, каб баявым друкаваным словам натхняць байцоў супраць натаўскай ваеншчыны. Алесь Кавалёў 20.05.2008
Ноч у музэі прайшла на славу
У Горадні ў музэйнай экспазыцыі Новага замку ўпершыню да цемры было поўна наведнікаў. Як вядома, 18 траўня адзначаецца Міжнародны дзень музэяў, але запрасіць у нядзельны вечар людзей на спэцыяльную праграму было пэўнай рызыкай. І ўсё ж супрацоўнікі Новага замку добра падрыхтаваліся, а філярмонія мела ўласную тактыку і з трохсот білетаў прадалі 223, хоць каштавалі яны па дзесяць тысяч рублёў. У замкавым падворку было ажыўлена. Гаспадар — дырэктар гісторыка-археалягічнага музэю Юры Кітурка запрасіў публіку ўнутр, і на заклік памкнуўся цэлы натоўп людзей пад парасонамі. Карацей, выразна адчуўся нават ажыятаж. Гаспадары добра прадумалі пачатак: прэзэнтацыю вернутага ў экспазыцыю экспаната, што быў скрадзены папросту зь вітрыны ў 2004 годзе. Як прызналіся мне супрацоўнікі, усіх тады пакаралі за зьнікненьне каштоўнай рэчы — шахматнай ладзьдзі ХІІ стагодзьдзя. Між іншым, яна была знойдзена археолягамі падчас раскопак на падворку Старога замку, дзе потым захоўвалася. Крадзёжнік трапіўся праваахоўнікам сёлета, калі паспрабаваў прадаць рарытэтную шахматную фігурку.
Асноўнае дзейства адбылося ў самай вялікай – Сэнатарскай залі, дзе для ўсёй публікі, аднак, не хапіла крэслаў. Прысутным паказалі слайды і расказалі пра вядомыя музэі сьвету, паказалі танцы, калекцыю "строяў" "Вэнецыянская здань", а хутчэй масак, бо ў некаторых мадэльшчыц сукенак не было, але якраз яны і прыцягнулі найбольшую ўвагу публікі, асабліва тых, хто меў фотаапараты.
А вось некаторыя (меншасьць, канешне) былі абураныя, бо ў Сэнатарскай залі, дзе адбываліся калісьці соймы Рэчы Паспалітай, ды ў сьвята з такой таямнічай назвай, патрэбна была музыка каралеўскіх часоў, напрыклад, сказала мне адна знаёмая, якая прыйшла ў замак з сястрой. Гаспадары падрыхтавалі затое буклецікі з кулінарнымі рэцэптамі ХVІІІ стагодзьдзя і з "Вандроўкай па залях Новага замку". Яны запрасілі рыцараў, аркестар, але вулічны канцэрт давялося адмяніць, паколькі пайшоў дождж. Так ці інакш, атмасфэра была цікавай, сьвята прыцягнула ўвагу, застаецца толькі чакаць наступнага году і, спадзяюся, яшчэ лепшай праграмы. Алесь Кавалёў Фота Алеся Васількова 20.05.2008
Слонімскія чэкісты шукаюць "псыхаў" сярод дэмакратаў
Абнародаваны сьпіс з амаль сарака грамадзкіх актывістаў, чыім псыхічным здароўем зацікавіўся тамтэйшы КДБ. Што, ажывае карная мэдыцына? Жыхары Слоніма доўга гадалі: чым можа займацца КДБ у райцэнтры, дзе існуе, напрыклад, пуха-пер'евая фабрыка, але няма бранятанкавага заводу? І вось нарэшце над гэтай таямніцай прыўзьнялася заслона. Рэдактар недзяржаўнай "Газэты Слонімскай" Віктар Валадашчук быў непрыемна ўражаны, атрымаўшы ліст па пошце, у якім ляжала копія чэкісцкага дакумэнту, рэха якога сёньня ўсё шырэй разыходзіцца па горадзе. Дакумэнт гэты – запыт да галоўнага доктара мясцовага псыханэўралягічнага дыспансэра наконт таго, ці не стаяць на ўліку людзі са сьпісу, у якім 39 прозьвішчаў? Спадар Валадашчук, што натуральна, перш за ўсё заўважыў у ім сябе з жонкай і дзецьмі. Чэкісцкае начальства ў лоб пыталася ў мэдыкаў: ці няма на ўліку ўсіх пералічаных людзей? Віктар Валадашчук кажа, што не зьбіраўся нікуды зьвяртацца з пытаньнямі: чаму ягоную сям’ю ўключылі ў такія адыёзныя сьпісы? Ён папросту напісаў адкрыты ліст і расказаў чытачам пра здарэньне. Запыт з КДБ быў пазначаны мінулай восеньню, але трапіў да яго нядаўна. Хто яго даслаў – журналісту невядома, але дайшлі чуткі, што наконт "уцечкі" праводзіцца службовае расьсьледаваньне. Па горадзе ідзе пагалоска: чэкісты цікавіліся псыхічным станам мясцовага актывіста Алеся Масюка і ягоных сваякоў, уключна з тымі, хто ідзе нават па жончынай лініі. Тое самае тычыцца Івана Бедкі са сваякамі, Івана Шэгі й ягоных родных, Міхася Варанца… Што выклікае абурэньне шараговых слонімцаў, у сьпіс трапілі нават людзі, якія ўжо памерлі. Абражаныя дэмакраты спрабуюць абараніць свой гонар. Так, адпаведны запыт паслаў начальніку раённага КДБ Іван Шэга. Тое самае зьбіраюцца рабіць і ягоныя сябры. Хоць спадзеў на канкрэтны адказ мізэрны – чэкісты "не заўважылі" нават адкрыты ліст рэдактара "Газеты Слонімскай". Да панікі ў горадзе яшчэ, мабыць, далёка, але слонімцырэальна адчулі сябе пад каўпаком, тым больш сьпіс мог быць не адзін, мяркуюць яны. А што да сутнасьці дакумэнту, дык людзі пачалі разважаць: ці ня думаюць у Слоніме аднавіць "слаўныя" традыцыі савецкай карнай мэдыцыны андропаўскіх часоў? Як файна было б, напэўна, абвесьціць, напрыклад, па БТ, што ў нейкага апазыцыянэра ня ўсё ў парадку з галавой і ён нават стаіць на ўліку ў псыхдыспансэры?! Ах, мары-мары, зьвязаныя з новымі зоркамі на пагонах! А пакуль людзі са сьпісу, прынамсі некаторыя, зьбіраюцца пісаць скаргі – у пракуратуру і далей. Алесь Кавалёў 15.05.2008
Беларусь стала краінай "беставарнага ўезду"
Новае абмежаваньне на ўвоз рэчаў. Жыцьцё ў памежжы перастае быць перавагай для прадпрымальнікаў Горадні. Гарадзенскія прадпрымальнікі ўсе апошнія дні абмяркоўвалі ўвядзеньне гэтак званага "беставарнага ўезду на тэрыторыю краіны з-за мяжы". Новае мытнае ўвядзеньне пачало дзейнічаць зь 15 траўня. Праўда, мяжа ня стала "жалезнай заслонай", як баяліся некаторыя. Зацьверджаныя нормы: адзін раз на тыдзень, напрыклад, можна правезьці пэўную рэч аднаго найменьня, але ня больш за тры розныя. Карацей кажучы, падарожны на працягу сямі дзён мае права прывезьці, напрыклад, па пары чаравікаў, джынсаў і куртку ці кашулю. Такім чынам, рэальна ў Горадні абмежаваньні датычаць менавіта прадпрымальнікаў, якія працягвалі ўвозіць тавары з той жа Польшчы. Трэба сказаць, што першыя значныя страты яны адчулі пасьля ўваходу суседняй краіны ў Шэнгенскую зону пры канцы 2007 году. Не сакрэт, што памежная станцыя Кузьніца Беластоцкая была вялікім гуртовым складам. Гарадзенцы без праблемаў атрымлівалі польскія візы і масава наведвалі Польшчу. У Кузьніцу пасажырам памежнага цягнічка да Горадні выдавалі процьму тавару — чаравікі, кофтачкі і гэтак далей, плацілі за правоз рэчы цераз мяжу даляр-два. Такім чынам, людзі, ва ўсякім разе, аплочвалі сабе гэтак праезд туды і назад, а прадпрымальнікі эканомілі на "растаможваньні" тавару. Карысьць была і для звычайных гарадзенцаў: такія чаравікі ды іншыя рэчы на рынку каштавалі заўсёды таньней, чым у краме. Што датычыць шэнгенскіх візаў, то палякі выдачу іх значна скарацілі, і пасажырапаток у Польшчу з Горадні рэзка скараціўся, а разам з тым і прыток тавараў. А цяпер беларускія ўлады палічылі патрэбным наагул зрабіць "беставарны ўезд". Можа таму яшчэ, каб скараціць паступленьне зь іншых суседніх краінаў, з той жа Украіны, напрыклад. Адзін з прадпрымальнікаў, што працуе на "Цэнтральным" гарадзенскім рынку, нам прызнаўся, што сам ён даўно пачаў вымушана браць тавар ня ў блізкай Польшчы, а спачатку ў Маскве, а цяпер увогуле ў Менску. Але ягоны калега да апошняга часу працягваў вазіць рэчы з Турцыі празь Беласток – так было больш надзейна і таньней, сказаў ён. З аднаго боку, улада абараняе ўнутраны рынак, імкнецца кантраляваць гуртовы, атрымліваць больш падаткаў, кажуць прадпрымальнікі. З другога, нявесела канстатуюць яны, любое новае абмежаваньне б’е па гандлярах, а празь іх – па звычайных пакупніках, бо цэны – абавязкова павялічваюцца. Жыцьцё ў памежным горадзе перастае быць перавагай для гарадзенскіх прадпрымальнікаў. Алесь Кавалёў 15.08.2008
Міліцыя супраць польскай музыкі
Ужо другі канцэрт суседзяў названы гарадзенскімі "праваахоўнікамі" " несанкцыянаванай акцыяй". Як жывіць культурны абмен – незразумела. Гарадзенскія міліцыянты працягваюць савецкія традыцыі змаганьня з замежнай музыкай. Праўда, да ранейшай барацьбы з даўгімі валасамі і нагавіцамі "клёш" і джынсамі яшчэ не дайшло. Запрошаны ў Менск Польскім інстытутам гурт "Транскапэля" спыніўся ў Горадні, каб даць канцэрт народнай музыкі. Набегла адразу міліцыянтаў, але прыйшоў таксама польскі дыплямат, які прывітаў музыкаў, і міліцэйскія афіцэры абмежаваліся выклікам у пастарунак Юрыя Істоміна, які прадаставіў для канцэрту памяшканьне. Яны засталіся з жалезным перакананьнем: фальклёрную музыку публіка слухала "несанкцыянавана". Спадар Істомін кіруе абласной суполкай АГП, іх памяшканьне – адзінае месца ў горадзе, дзе можна правесьці культурнае мерапрыемства бяз боязі, што ўлады не дадуць на яго дазволу. Але міліцыянты сталі наведвацца ў АГП з пажарнікамі: у вас толькі адныя дзьверы, няма другога эвакуацыйнага выйсьця, а гэта – парушэньне! Чамусьці да гаспадара залі, якую партыйцы толькі наймаюць, у пажарнікаў прэтэнзій не было. АГП мусіць шукаць грошы, каб зрабіць дзьверы ў супрацьлеглы падворак, што належыць зусім іншай установе. А пакуль што міліцыянты маюць "рэцэпты" на ўсе выпадкі жыцьця: 14 траўня Юрыю Істоміну выпісалі пратакол за ўдзел у "несанкцыянаваным канцэрце", яны зрабілі фотакарткі са свайго відэазапісу, на якім партыйны дзеяч быў зафіксаваны са сьцягам, што стаў сымбалем незалежнай Беларусі. Маецца на ўвазе канцэрт польскага "Ломбарда", пра які мы пісалі раней, і за які хочуць пакараць Анжаліку Борыс, лідэра польскага руху ў Беларусі. "Ломбард", дарэчы, таксама быў запрошаны польскімі дыпляматамі. Рэч у тым, што яны стараюцца пашырыць культурны абмен паміж дзьвюма краінамі, прынамсі даць магчымасьць гарадзенцам знаёміцца з польскім мастацтвам, тэатрам, музыкай. Змагацца з польскімі дыпляматамі гарадзенскім міліцыянтам напэўна не дазваляе заканадаўства, вось чаму яны імкнуцца прыціснуць хаця б мясцовых аматараў польскай музыкі. Алесь Кавалёў 14.05.2008
Выйшла кніга пра "магдэбурскі" горад
Рух "За свабоду" пачаў выдаваць "Гарадзенскую бібліятэку". Яе варта чытаць ня толькі патрыётам, але й чыноўнікам. Салідны том у цьвёрдай вокладцы "Магдэбурская Горадня" напісаны гісторыкам Юрыем Гардзеевым. Па гісторыі гораду часоў 16-18 стагодзьдзя захавалася нямала пісьмовых крыніцаў, хаця шукаць іх няпроста, але аўтар сёньня жыве і працуе ў Польшчы, дзе архівы значна больш багатыя, чымсьці ў Беларусі. Яму ўдалося падрабязна расказаць пра сваю родную Горадню ў тыя часы, калі яна мела Магдэбурскае права на самакіраваньне. Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч зазначыў у прадмове: "Наяўнасьць двух цэнтраў, замка і рынку з ратушай, – галоўнае адрозьненьне эўрапейскіх гарадоў ад расейскіх, якія ня ведалі самакіраваньня да другой паловы 19 стагодзьдзя". Ён лічыць, што Юры Гардзееў стварыў унікальную для Беларусі кнігу, бо паказаў разьвіцьцё, пашырэньне "гораду, як матэрыяльнага аб’екту", прасачыў гісторыю ня толькі кожнай вуліцы, але нават паасобных зямельных пляцаў: дзе хто набыў участак, пабудаваў дом, каму яго прадаў і на якія патрэбы. Аўтар, дарэчы, насяліў кнігу канкрэтнымі людзьмі, чытач даведаецца – хто, дзе і калі жыў у Горадні, хто меў тут дамы і палацы, хаця мог жыць, служыць у іншых месцах Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай агулам. Сам Юры Гардзееў таксама раскрывае свае карты, прызнаецца ў прадмове, што яму цікава было пісаць ня толькі пра сам горад, але і пра тое, кім былі яго жыхары, чым займаліся, пра што думалі і марылі. Ён зазначае, што прачытаць пра гэта ў летапісах, на жаль, немагчыма: яны не захаваліся, бо гінулі ў пажарах, зьнікалі, іх вывозілі "няпрошаныя госьці". Патрэба вывучэньня старажытнага гораду над Нёманам насьпела даўно, але беларуская гістарычная навука, што датычыць гарадзкіх дасьледаваньняў, вельмі адстала, кажа аўтар. Тым жа часам ён адшукаў магістрацкія архівы, якія захаваліся, высьветліў таксама, якія зьніклі. Напрыклад, пасьля панаваньня ў Горадні ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя маскоўскага войска, расейцы вывезьлі мясцовыя архівы і далейшы лёс іх невядомы… Стваральнікі "Гарадзенскай бібліятэкі" спадзяюцца, што новыя кнігі заахвоцяць большую колькасьць гарадзенцаў зь неабыякавасьцю ўспрымаць "рэканструкцыю", якую апошнім часам праводзяць у гістарычнай забудове ўлады, не зважаючы на пратэсты грамадзкасьці. Хацелася б, каб і чыноўнікі прачыталі кнігу Юрыя Гардзеева, зацікавіліся па-сапраўднаму гарадзенскай мінуўшчынай. Бо займаюцца рэканструкцыяй яны часта ўсьляпую, не ўяўляючы, якія будынкі руйнуюць. Нярэдка гістарычныя веды вэртыкальнікаў не сягаюць далей мэмарыяльнай шыльды, прысьвечанай Фэліксу Дзяржынскаму, прыбітай, між іншым, да сьцяны палаца пачатку 19 стагодзьдзя. Алесь Кавалёў 14.05.2008
Анжаліка Борыс адкажа за "Lombard"
Кіраўніцу неафіцыйнага Саюзу палякаў хочуць пакараць за вулічны канцэрт. На імя Анжалікі Борыс складзены міліцэйскі пратакол за арганізацыю масавага несанкцыянаванага мерапрыемства, а менавіта – вулічнага канцэрту папулярнага польскага рок-гурта "Lombard". Ён адбыўся 2 траўня, пратакол быў напісаны значна пазьней, а позву ў суд кіраўніца Саюзу палякаў можа атрымаць на гэтым тыдні. Польскія музыканты выступаюць трыццаць гадоў, праўда, у іх цяпер новая вакалістка, але гурт застаўся адной зь легендаў рок-музыкі суседняй краіны. У Горадні мноства іхніх прыхільнікаў. "Lombard" запрасіла польскае консульства, і яго кіраўнік Адам Бернатовіч нават прысутнічаў на канцэрце. Зрэшты, гэта й ня дзіўна: выступ адбыўся пад адкрытым небам у падворку будынка па вул. Будзённага 48а, у якім месьціцца дыпляматычнае прадстаўніцтва РП. Дазвол на выступ у залі атрымаць не ўдалося, гарадзенскія ўлады супрацівіліся, таму вулічны выступ быў вымушаным. Дарэчы, польскім музыкантам не адразу выдалі візы. Але ў рэшце рэшт яны прыехалі, зразумела, з мэтай граць і сьпяваць. Публіка была ў захапленьні. Напэўна групе міліцыянтаў у цывільным канцэрт таксама спадабаўся, але яны дбайна зьнялі на відэа людзей, якія прыйшлі, а потым "памазгавалі" і склалі пратакол на Анжаліку Борыс. Пра вынікі суду мы паведамім дадаткова. Алесь Кавалёў 12.05.2008 |