Прынямоньне № 3, сакавік
|
На мяжы абшукваюць актывістаў Руху "За свабоду"
Алесь Зарэмбюк з Мастоў чацьвёртага сакавіка накіраваўся аўтамабілем у Беласток. Аднак на КПП "Бераставіца – Баброўнікі" яго пачалі надзвычай пільна правяраць. Спадар Зарэмбюк пачаў тэлефанаваць аднаму са знаёмых журналістаў, службоўцы гэта пачулі і пастараліся хутчэй закончыць працу: зазірнулі пад машыну, але ня сталі аглядаць салён. Яны нават выдалі пратакол зьнешняга догляду транспартнага сродку, хаця спачатку адмаўляліся гэта зрабіць. Алесь Зарэмбюк зазначае, што за апошнія дні гэта другі выпадак, першым разам яго спынілі на памежным КПП на дзьве гадзіны. Тады службоўцы перагледзелі ў машыне ўсё да дробязі. Знайшлі толькі брашуркі "Што Эўрасаюз можа даць Беларусі", якія іх вельмі зацікавілі. Кніжкі, праўда, канфіскоўваць ня сталі. Варта зазначыць, што рэгіянальны каардынатар Руху "За свабоду" цяпер змагаецца, каб мастоўская міліцыя не выклікала без важкай прычыны жыхароў гораду для дактыляскапіі. З гэтай нагоды ён накіраваў ліст абласному пракурору ў Горадню з просьбай правесьці праверку. Алесь Зарэмбюк тлумачыць, што паводле закону гэта – добраахвотная справа, мясцовыя актывісты нават выпусьцілі дзеля гэтага буклет з вытрымкамі з "Закону аб дактыляскапічнай рэгістрацыі". Некаторыя мастаўчане, якія атрымалі позву, наважыліся і не пайшлі ў міліцыю здаваць адбіткі пальцаў. Пакуль нікога зь іх не пакаралі, гаворыць спадар Зарэмбюк, але позвы дасылаюць іншым гараджанам. Алесь Кавалёў 05.03.2009 |