Прыдзьвіньне № 5, травень
|
Крымскі курорт таньней за "Бабровую хатку"
Турыстычныя фірмы канстатуюць, што адпачынак на Віцебшчыне стаў нашмат даражэй за замежныя паездкі. У Віцебску прайшоў штогадовы кірмаш "Турызм-2008". Звычайна падчас гэтага мерапрыемства жыхары гораду імкнуцца набыць пуцёўку на летні адпачынак з традыцыйнай зьніжкай. Аднак сёлета аматарам звыклага клімату не пашанцавала: як высьветлілася, пуцёўкі на ўсе базы і дамы адпачынку Віцебскай вобласьці ўжо прададзеныя замежным грамадзянам. – Да прыкладу, сядзібу "Бабровая хатка" на Расоншчыне жыхары Віцебску амаль не наведваюць, – гаворыць намесьнік дырэктара турыстычнай кампаніі "Эўрапарк" Юрый Пятроў. – У нас адпачываюць жыхары Расеі, грамадзяне Калумбіі, Швэцыі, Венесуэлы, Германіі, бываюць і мінчане – зь ліку самых багацейшых. Перадусім таму, што адпачынак у "Бабровай хатцы" – дарагое задавальненьне. Суткі пражываньня ў сядзібе з харчаваньнем каштуюць 40 даляраў. Апрача гэтага, мы аказваем больш за 40 відаў розных турыстычных паслуг, у тым ліку эксклюзыўных – да прыкладу, водны тур на кацеры, або паляваньне зь егерам на дзікіх жывёл. Усё гэта, адпаведна, за дадатковую плату. Адпачынак без эксклюзыўных турытычнах паслуг таксама далёка ня танны. Так, суткі пражываньня ў Лепельскім вайсковым санаторыі каштуюць да 60 тысяч, дзень адпачынку ў пансіянаце "Лодэ", што таксама месьціцца на лепельскіх азёрах, – ад 40 да 70 тысяч, а на базе адпачынку "Крупеніна" кошты сягаюць і да 180 тысяч рублёў за суткі. Нават у санаторыі "Лясное" ў Докшыцкім раёне, не такім ужо й прэстыжным у параўнаньні з санаторыямі Лепельшчыны ці Браслаўшчыны, за 12 дзён адпачынку давядзецца выплаціць 800 тысяч рублёў. Тым ня менш, пуцёўкі сюды карыстаюцца попытам у жыхароў Латвіі, Літвы й Расеі. Беларусы ж лічаць, што за такія самыя грошы лепей зьезьдзіць на поўдзень або нават у замежжа. Так, за адзін мільён можна тыдзень адпачываць у Турцыі, або два тыдні ў Румыніі. Удвох, а калі з маленькім дзіцём, то і ў ўтрох, ды яшчэ й з харчаваньнем, загарай сабе два тыдні ў пансіянаце ў Судаку. Ёсьць й іншыя варыянты. – На распродажы я звычайна бяру пуцёўку ў Адэскую вобласьць, найбольш падабаецца туркомплекс "Вілкава", – распавядае адна з наведніц кірмашу "Турызм-2008". Гэта 120 даляраў без харчаваньня, на якім я эканомлю, бо ў жніўні бывае шмат таннай садавіны і гародніны. Зручнасьці, праўда, на гэтым "курорце" самыя элементарныя, экскурсій ды іншых забаў няма, затое шмат сонца і мора. Можна ляжаць на пляжы або купацца – проста адпачываць. У Віцебскай вобласьці – адзінай на ўсю Беларусь – паказьнікі ўязнога турызму перавышаюць лічбы турызму выязнога. За кошт прыёму замежных гасьцей летась Віцебшчына зарабіла 10 мільярдаў рублёў. Але мясцовыя жыхары ад гэтага не пабагацелі: на ўласным адпачынку яны па-ранейшаму мусяць эканоміць, выбіраючы найбольш ашчадныя для сямейнага бюджэту варыянты, альбо ўвогуле адмаўляючыся ад вандровак на карысьць працы на "фазэндзе" ці ў гародзе. Алена Штраль 28.05.2008
Заўтра КДБ паўторна дапытвае Леаніда Сьвеціка
Віцебскі праваабаронца, які патрабаваў ад спэцслужбаў выкрыць мясцовых нэафашыстаў, сам абвінавачаны цяпер у "распальваньні міжнацыянальнай варажнечы". На працягу апошніх трох гадоў Леанід Сьвецік змагаўся за тое, каб міліцыя і КДБ аспачалі крымінальную справу супраць тых, хто дасылае віцебскім актывістам лісты з пагрозамі ад імя РНЕ – нэафашыстоўскай арганізацыі "Русское Национальное Единство". Праваабаронца дапамагаў скласьці скаргі ў пракуратуру сябрам КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву і Яну Таўпыгу, загадчыцы літаратурнай часткі тэатра "Лялька" Вікторыі Дашкевіч, рэдактару бюлетэня "Курьер из Витебска" Ўладзімеру Базану, былой старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Алене Залесскай... Ва ўсіх гэтых выпадках заяўнікі атрымлівалі адмовы: паваахоўныя органы не жадалі заводзіць крымінальныя справы з тае прычыны, што арганізацыя РНЕ ў Беларусі не зарэгістраваная. Пра тое, што нарэшце тое ўсё-ткі вырашылі зрабіць, віцебскі праваабаронца даведаўся самым нечаканым для сябе чынам: а 9-й раніцы 23 траўня да яго ў кватэру зьявіліся трое супрацоўнікаў КДБ з пастановай на ператрус. У пастанове было пазначана, што Леанід Сьвецік ёсьць сьведкам у справе, заведзенай "за распальваньне міжнацыянальнай варажнечы". – Гэта яўная спроба запалохаць сумленнага і актыўнага чалавека, – гаворыць Барыс Хамайда, які двойчы атрымліваў лісты з пагрозамі ад імя "віцебскай філіі" РНЕ. – Замест таго, каб шукаць сучасных фашыстаў, у КДБ дапытваюць чалавека, які змагаецца супраць іх. Гэта абуральна! Зрэшты, я не выключаю, што структуры КДБ маюць самае непасрэднае дачыненьне да зьяўленьня лістоў ад нэафашыстоўцаў, бо чамусьці змагацца супраць іх, завёўшы крымінальныя справы, у нашым горадзе не сьпяшаюцца. Не магу выключаць і таго, што насамрэч КДБ цікавіла не датычнасьць праваабаронцы да дзейнасьці РНЕ, а непасрэдна ягоная юрыдычная праца. Бо невыпадкова падчас ператрусу ў Леаніда Сьвеціка канфіскавалі кампутар ды літаратуру па прававых пытаньнях. Ператрус у кватрэры праваабаронцы праводзіўся больш за 9 гадзін. Пра гэта распавяла жонка Леаніда Сьвеціка, спадарыня Людміла. Зь яе ўзялі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва, таму больш ніякіх падрабязнасьцяў яна не паведаміла. Хіба толькі тое, што пасьля ператрусу мужа завезьлі ў КДБ і дапытвалі яшчэ каля дзьвюх гадзін, здымаючы гэты працэс на відэакамеру. Леаніду Сьвеціку выдалі позву на наступны допыт у КДБ, які мае адбыцца заўтра, 28 траўня. На думку Барыса Хамайды, падтрымаць віцебскага праваабаронцу мусіць кожны, каму той дапамог парадай альбо справай, бо праца з тымі, хто трапіў пад увагу РНЕ ёсьць толькі часткай праваабарончай практыкі віцебскага актывіста. Спадар Хамайда нагадаў таксама, што ў Віцебску ўжо меліся спробы зганіць мясцовых праваабаронцаў праз датычнасьць да дзейнасьці "Русского Национального Единства". Так, на адным з купэртаў, у якім быў дасланы чарговы ліст ад нэафашыстоўцаў, быў пазначаны хатні адрас віцебскага сябра БХК Паўла Левінава, якому давялося з гэтае нагоды зьвяртацца ў пракуратуру і ў сродкі масавай інфармацыі. Цяпер сьведкам у справе, распачатай паводле арт. 130.1 Крымінальнага кодэксу РБ (распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці) стаўся Леанід Сьвецік. Аднак імёны тых, хто пад пагрозамі патрабаваў адмяніць беларускую мову ў лялечным тэатры, загадваў спыніць распаўсюд недзяржаўнай газэты "Курьер из Витебска" і абяцаў фізычна зьішчыць усіх, хто вывешвае ў горадзе бел-чырвона-белыя сьцягі, дагэтуль невядомыя ні праваахоўным органам, ні занепакоенай дэмакратычнай грамадзкасьці горада. Алена Штраль 27.05.2008
Беспрацоўных пазбаўляюць статусу
Каля 350 чалавек зьнялі з уліку ў Віцебскім гарадзкім цэнтры занятасьці насельніцтва. Адпаведна, яны ня маюць цяпер дапамогі ў працаўладкаваньні. Кіраўніцтва ўстановы лічыць, што ўсе гэтыя асобы сьвядома лайдачаць, таму на іх ня варта марнаваць дзяржаўныя сродкі. Між тым, усяго 13 беспрацоўных насамрэч адмовіліся, прычым двойчы, ад прапанаваных варыянтаў працаўладкаваньня. Аднак у службе занятасьці лічаць, што вакансіі былі падабраныя з улікам узросту і адукацыі, але некаторыя грамадзяне проста прынцыпова ня хочуць сумленна зарабляць на хлеб. Астатнія 330 чалавек зьнятыя з уліку за тое, што ігнаравалі абавязак штомесяц прыходзіць у службу занятасьці з працоўнай кніжкай і пашпартам. – Я на тры месяцы зьяжджаў працаваць у Расею, – гаворыць былы афіцыйны беспрацоўны Андрэй. – Уладкаваўся будаўніком, праца часовая, аднак больш грашовая, чымсьці ў Беларусі. Паводле адукацыі я настаўнік маляваньня, скончыў Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, але ў школу ўладкавацца па спэцыяльнасьці ня змог. У цэнтры занятасьці мне прапаноўвалі перавучыцца на экскаватаршчыка, але тое мяне не задаволіла. Прыходзіць штомесяц і выслухоўваць падобныя прапановы я лічу простым марнаваньнем часу, бо маю сям’ю – жонку й малое дзіця, якое яна даглядае. Сям’і патрэбныя грошы, а не сумнёўныя пэрспэктывы. Таму й неўзабаве зьехаў. Сытуацыя, пра якую распавёў Андрэй, тыповая для Віцебску. У мінулым годзе за тое, што своечасова не наведвалі службу занятасьці, статусу беспрацоўных былі пазбаўленыя 1574 человек. За неаднаразовую адмову ад прапанаванага – яшчэ 68 чалавек. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя складае 1,4 працэнта да колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва. Тым часам у банку дадзеных гарадзкой службы занятасьці налічваецца больш за 2,2 тыс. вакансый, але ў асноўным гэта мала аплочваемая праца і непрэстыжныя спэцыяльнасьці гандлярак, швачак ды некваліфікаваных рабочых. Алена Штраль 26.05.2008
У Глыбокім вернікі ўсталі супраць судзьдзяў
Каталіцкая грамада дамагаецца, каб цяперашні суд выселіўся з былога падворку ксяндза. Сёлета каталіцкая грамада касьцёлу Сьвятой Троіцы ў Глыбокім адзначыць 380-я ўгодкі гэтай сьвятыні. Захаваліся зьвесткі, што першапачаткова храм быў драўляны і пабудаваны на сродкі Язэпа Корсака. Фундатар паходзіў зь лініі Корсакаў Глыбоцкіх, якая запачаткаваная ў канцы XY стагодзьдзя Багданам Карсаковічам – ваяром Полацкага ваяводзтва. У 1623 годзе Язэп Корсак атрымаў ва ўзнагароду староства зь Глыбокім за ўдалы ўдзел у выправах Уладыслава IY на Маскву. Каменны касьцёл, якія захаваўся да сёньня, быў пабудаваны ў 1764-1782 гадох. Напачатку ХХ стагодзьдзя касьцёл у апошні раз пашырылі. Цяпер знаходзіцца пад апекай ЮНЕСКА. На фотаздымку Яна Балзункевіча ў 1902 годзе касьцёл Сьвятой Троіцы абнесены агароджай. Унутры касьцельнай тэрыторыі месьціцца плябанія – двор сьвятара. Да 1939 году гэты будынак належаў каталіцкай парафіі. Савецкая ўлада пасяліла тут свой суд. Цяпер вернікі дамагаюцца вяртаньня касьцельнай маёмасьці. Адзін з актывістаў каталіцкай грамады Пётр Фурс накіраваны весьці перамовы з тутэйшым начальствам. Ён кажа: – Я ўжо зьвярнуўся ў Глыбоцкі райвыканкам. Атрыманым адказам задаволены. Як высьвятляецца, улада ня супраць, каб Глыбоцкі райсуд зьехаў з плябаніі. Чыноўнікі пераконваюць, што ў 2005 годзе былі нават пляны на будаўніцтва новага будынку суду. "Дапаможам уладзе палепшыць умовы для Глыбоцкага райсуду! ", – дэвіз цяперашняй грамадзкай кампаніі тутэйшых каталікоў. Пятро Фупс расшуквае гістарычныя дакумэнты. Ён ужо мае арыгінал рускай паштоўкі "Передвижение полка через местечко Глубокое Виленской губернии". Губэрні былі ў Беларусі толькі за царскім часам. Вядомая праваабаронца Валянціна Трыгубовіч упэўненая: вернікі зь Глыбокага атрымаюць іншыя доказы на вяртаньне плябаніі. Яна нагадвае, што да 1939 году ў плябаніі адбываліся вельмі розныя курсы для дзяцей і дарослых. Пасьведчаньні пра гэта атрымлівалі дзесяткі тутэйшых. Таксама спадарыня Трыгубовіч ўпэўненая – гістарычныя зьвесткі пра плябанію ў Глыбокім маюцца перадусім ў архівах у Вільні. Нагадала Валянціна Трыгубовіч пра вяртаньне плябаніі ў Нясьвіжы. Канфлікт там справакаваў райвыканкам, калі вырашыў выставіць на продаж старасьвецкі будынак. – Таксама гэты да 1939 году належаў каталіцкай парафіі, але савецкая ўлада яго адабрала. Да 2004 году там была друкарня. Калі ж будынак выставілі на аўкцыён, то супраць паўсталі ня толькі вернікі, але й іншыя жыхары. Райвыканкам мусіў адступіць і ўсё-такі вярнуць плябанію сапраўднаму гаспадару. Валянціна Трыгубовіч верыць у посьпех вернікаў зь Глыбокага. Галіна Баравая 22.05.2008
Нешчасьлівая школа носіць нумар 13
Насуперак афіцыйнаму дэмаграфічнаму аптымізму ў Віцебску зачыняюць сярэднюю школу. У суседніх двух, дарэчы, таксама бракуе вучняў. Калі закрыцьцё школ у сельскай мясцовасьці зрабілася па нашых часах ужо амаль звыклай зьявай, то ў абласным цэнтры школу зачыняюць упершыню. Прычынай закрыцьця 13-й, якая знаходзіцца ў самым канцы вуліцы Гагарына, стала немэтазгоднасьць утрыманьня навучальнай установы: школу, разьлічаную прыкладна на 700 вучняў, наведваюць усяго 400 дзяцей. Таму ўтрыманьне кожнага зь іх каштуе бюджэту ў два разы болей, як у іншых школах. З новага навучальнага году вучням прапанавана перайсьці ў суседнія СШ №5 і СШ №30, якія, дарэчы, таксама неўкамплектаваныя. – Вялікія прэтэнзіі выказваюць настаўнікі школы №13, якія страцяць працу, але мы паспрабуем захаваць гэты пэдагагічны калектыў, – гаворыць намесьніца начальніка гарадзкога аддзела адукацыі Аляксандра Гапонава.—Хутчэй за ўсе, настаўнікаў уладкуем у сярэднюю школу №30. Туды ж будзем рэкамэндаваць перайсьці й вучням зачыненай школы, але бацькі могуць выбіраць для свайго дзіцяці любую іншую. Пэрспэктывы такога працаўладкаваньня настаўнікі СШ №13 лічаць несуцяшальнымі. – Гэта ўсё азначае толькі тое, што працу давядзецца шукаць самім, – разважае настаўніца матэматыкі спадарыня Ларыса. – У кожнай школе цяпер натаўнікаў хапае сваіх, навошта каму лішнія. Толькі па тэлевізары гавораць, што нараджальнасьць расьце, і вучняў у нас вось-вось пабольшае. А насамрэч усё ня так, таму і школу нашу зачыняюць, і ніхто не спадзяецца, што ў хуткім часе яна адчыніцца зноў. Што станецца са школьным будынкам: будзе ён пуставаць альбо яго перададуць пад іншыя мэты, пакуль ня ясна. Пад школу ён ад пачатку і не меркаваўся: будавалі для дзіцячай выхаваўчай калёніі, якая знаходзіцца паблізу. Аднак нешта ня зладзілася, і замест папраўчай установы зьявілася навучальная – пад "нешчасьлівым" нумарам 13. Хаця зь Віцебску лёс школ пад №13 можна назваць хутчэй пераменлівым. Так, адразу пасьля мінулае вайны СШ №13, якая мясьцілася тады па вуліцы Б.Хмяльніцкага, сталася першай адноўленай навучальнай установай. Потым, калі гэты будынак стаў цесны для вучняў, у ім разьмясьцілі Рэгіянальны цэнтар занятасьці насельніцтва, а назву і нумар перадалі іншай школе – якраз той, якую цяпер зачыняюць. – Нам, бацькам, шкада гэтай школы, – скардзіцца Вольга Мікалаеўна, маці сяміклясьніка Вадзіма. – Тут колькі гадоў таму для хлопцаў стварылі кадэцкія клясы, многія з вучняў паступалі пасьля іх у вайсковыя установы, альбо ў школу міліцыі. "Кадэтаў" паказвалі начальству, адпаведна, у школе зрабілі рамонт, каб ня сорамна было перад гасьцямі. А цяпер давядзецца аддаваць дзіця ў іншую школу, дзе няма ні былых традыцый, ні добрай рэпутацыі. Прыкладна празь месяц школы зь "нешчасьлівым" нумарам у Віцебску ня стане. Абрадаваць гэта можа хіба толькі прымхлівых прыхільнікаў нумэралёгіі, якія вераць у магію лічбаў, а для іншых, каго гэта тычыцца непасрэдна, азначае толькі зьяўленьне ў жыцьці дадатковых праблемаў. Алена Штраль 20.05.2008
На загінуўшага аўганца улада пашкадавала 30 даляраў
Назву "4-я Лясная" чыноўнікі прызналі "больш зручнай" для мясцовых жыхароў. "Лясных" вуліц на ускрайку Рубы ажно дзевяць: "1-я Лясная", "2-я Лясная", "3-я Лясная" і гэтак далей. На "4-й Лясной" у 1961 годзе і нарадзіўся Віктар Дольнікаў, якому ў 23 гады было наканавана лёсам загінуць у Аўганістане, падчас тае вайны, якую цяпер нехта лічыць "правільнай", а нехта – наадварот... Меркаваньнямі віцебскіх хлопцаў, кінутых пад кулі і бомбы, не цікавіўся ніхто, іх проста забралі "выконваць інтэрнацыянальны абавязак". Бацькі Віктара Дольнікава амаль дачакаліся вяртаньня сына: ужо нават была вядомая дата ягонага вылету ў СССР з далёкай усходняй краіны. Але Віктар Дольнікаў вярнуўся ў хату на вуліцы "4-я Лясная" ў цынкавай труне – падмяніў сябра-верталётчыка і быў забіты падчас бою. – Мне было тады толькі восем год, але я добра памятаю, як на гэтым пахаваньні плакала ўся наша вуліца, – расказвае Анжэла Васіленка. – Разам з труной Дольнікавым даслалі некалькі чамаданаў з падарункамі, якія падрыхтаваў сваёй сям’і Віктар. Пакуль ён ваяваў, у яго нарадзілася дачка –калі яго забіралі ў Афганістан, жонка была цяжарная. Яны загадзя вырашылі, што калі народзіцца дзяўчынка, то назавуць Юляй. Так і атрымалася, толькі ні бацька яе, ні яна бацьку так ніколі й ня ўбачылі... А ёйны дзед, бацька Віктара, перажыў сына толькі на пяць месяцаў – сэрца ня вытрымала бяды. Цяпер засталася толькі маці, але яна жыве ў іншым месцы: хату, дзе вырас Віктар, і адкуль яго завезьлі на могілкі, яна прадала. У самым канцы вуліцы, у доме №9, якія некалі належаў Дольнікавым, цяпер жыве Ніна Іванаўна Лапава. Яна распавяла, што 15 год таму мясцовы выканкам прыняў рашэньне перайменаваць вуліцу "4-я Лясная" у вуліцу імя Дольнікава – дзеля ўшанаваньня памяці земляка. – Назву, здаецца, зьмянілі, але дакумэнты нікому мяняць ня сталі, – гаворыць Ніна Іванаўна, – і ў дамавых кнігах ды тэхнічных пашпартах засталася старая назва. Прапіска ў пашпарце была і такая, і такая – у тых, хто пасяліўся тут нядаўна, напісана "вуліца імя Дольнікава", а ў тых, хто жыў здаўна, засталася "4-я Лясная". Мне дык усё адно, на якой вуліцы жыць. Але цяпер мы амаль што ўсе пэнсіянэры, і няма лішніх грошай, каб перарабіць дакумэнты. У пасялковым выканкаме гэта ведаюць, і таму нядаўна правялі сход, каб афіцыйна вярнуць ранейшую назву. Старэнькая Вера Мікалаеўна Хачкоўская з дому №8 і сёньня ня ведае, на якой вуліцы жыве. На ейнай хаце вісіць чыстая белая шыльдачка без адзінай літаркі. – На сход амаль ніхто не пайшоў: маладзейшыя ў 10 раніцы былі на працы, а ў нас, пэнсіянэраў, ногі хворыя. А Дольнікавы – сваты мае, мой сын узяў іхную дачку. Але я крыўдую нават не таму, што сваякі мае: гэта ж у Рубе была адзіная вуліца, названая ў гонар нейкага нашага жыхара. Тут ёсьць толькі "безыменныя" вуліцы – Цэнтральная, Маладзёжная, Гралёўская ... Каб улады дапамаглі нам перааформіць тыя дакумэнты, падказалі, як гэта зрабіць, дык і было б усё ў парадку. Але ім прасьцей вярнуць, як было раней, – гаворыць бабуля, ужо не спрабуючы стрымаць сьлёзы. Старшыня Рубаўскага пасялковага выканкаму Міхаіл Шаблакоў сьцвярджае, што старая назва "больш зручная" для мясцовых жыхароў, і таму яе вяртаюць. У якасьці "кампэнсацыі" на хаце, дзе вырас Віктар Дольнікаў, мясцовыя ўлады прапануюць павесіць мэмарыяльную дошку. Прынамсі, згоду на гэта ад цяперашняй гаспадыні ў выканкаме атрымалі яшчэ паўгода таму. У віцебскім Бюро тэхнічнай інвентарызацыі, якое займаецца пераафармленьнем дакумэнтаў, паведамілі: унясеньне выпраўленьняў каштуе усяго сем тысяч з кожнага домаўладальніка. З улікам таго, што на вуліцы імя Дольнікава ўсяго 9 дамоў, годнае ўшанаваньне памяці земляка каштавала б мясцоваму выканкаму ўсяго 63 тысячы рублёў. Цяпер выправіць тупіковую сытуацыю са "зваротным перайменаваньнем" мясцовым уладам куды цяжэй: даведаўшыся пра інцыдэнт у Рубе, былыя воіны-аўганцы – сябры грамадзкага аб’яднаньня "Братство" пішуць скаргі ва ўсе інстанцыі, вінавацяць выканкам у ідэалягічнай недальнабачнасьці і проста ў адсутнасьці чалавечага сумленьня. Алена Штраль 16.05.2008
Міліцыя запрашае разьбіраць тэлевізары і лядоўні
У Віцебску затрымалі групу злачынцаў, якая цягам апошніх двух гадоў рабавала лецішчы і прыгарадныя катэджы. Адшуканыя нарабаваныя рэчы захоўваюцца ў міліцыі, бо цяпер паўстала праблема знайсьці іхных гаспадароў. Трое беспрацоўных жыхароў Віцебску ў 2006-м годзе пачалі сваю "кар’еру" з крадзяжу будматэрыялаў у недабудаваных катэджах. "Натрэніраваўшыся" на цэгле і дошках, складзеных каля дамоў, паступова перайшлі да таго, што можна знайсьці і ўнутры: забіралі ўсё – ад рыбалоўных вудаў да складанай бытавой тэхнікі. Тэхніка рабаўніцтва была распрацавана да дробязей: за катэджам ці хаткай доўга вялося назіраньне, вылічваліся "бясьпечныя" дні, потым аднойчы ўначы рабаўнікі пад'яжджалі на машыне, адзін заставаўся "на шухеры", а двое забіраліся ў памяшканьне... Пасьля кожнага крадзяжу злачынцы хавалі сьляды: спальвалі адзеньне, у якім іх нехта выпадкова мог убачыць, і нават мянялі колы "службовых" аўтамабіляў. Рабаўнікам да пэўнага моманту шчасьціла: ніводнага разу яны ня трапілі на дом, абсталяваны сыстэмай сыгналізацыі, і ўсяго пару разоў сутыкаліся зь непажаданымі сьведкамі. Правал здарыўся на самым, здавалася б, простым – заключным этапе апэрацыі. Паводле начальніка абласной управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Юрыя Шэянкова, трое членаў злачыннай групоўкі трапілі пад увагу міліцыянтаў на кірмашы будаўнічых матэрыялаў, калі перадавалі нарабаванае на продаж знаёмым гандлярам. Рабаўнікі спрабавалі прадаць шпалеры, ламініраваныя дошкі, батарэі, уцяпляльнік. А ў патаемных схованках, якія давялося паказваць пасьля затрыманьня, сьледчыя і міліцыянты ўбачылі і тэлевізары, і халадзільнікі, і кампутары, ня кажучы ўжо пра такія "дробязі", як бэнзапілы і электрапліткі. На сёньняшні дзень апазнаная толькі невялікая частка гэтых рэчаў. Таму міліцыянты мусяць цяпер шукаць пацярпелых: ад пачатку ня ўпэўненыя ў пасьпяховых пошуках злачынцаў, абрабаваныя гаспадары нават не цікавіліся лёсам сваёй скрадзенай маёмасьці. У абласной управе МУС нават мусілі правесьці адмысловую прэсканфэрэнцыю – з тым, каб журналісты ў сваіх выданьнях распавялі аб працоўных дасягненьнях міліцыянтаў і запрасілі людзей разьбіраць лядоўні, тэлевізары ды іншае, з чым гаспадары ў думках ужо разьвіталіся назаўсёды. Алена Штраль 16.05.2008
Сям'я ня мае зьвестак ад палітвязьня Сяргея Парсюкевіча
14 траўня зьняволенаму віцебскаму прадпрымальніку спаўняецца 41 год. Жонка Натальля ўжо амаль два тыдні не атрымлівае ад яго лістоў. Яна ня ведае, ці атрымаў муж ейныя допісы і віншаваньні. Сям’прадпрымальніка, якога абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта і асудзілі на два з паловай гады турэмнага зьняволеньня, вельмі хвалюецца за стан ягонага здароўя. Сяргей Парсюкевіч хварэе на астму, мае патрэбу ў адмысловых леках, і жонка найбольш перажывае за тое, што ня мае зьвестак. – Нават пра тое, што яго зь менскай турмы перавялі ў Жодзіна, я даведалася выпадкова, – кажа Натальля. – Было нейкае прадчуваньне, і я патэлефанавала дзяжурнаму, які й паведаміў: якраз сёньня Сяргея перавялі. Пра тое, як ён сябе адчувае, мне не сказалі нічога, і ўвогуле я абураная парадкамі ў месцах утрыманьня вязьняў. Да прыкладу, на той час, пакуль Сяргей чакаў суду, яму ў камэру перадалі тэлевізар. А пасьля прысуду адразу перавялі ў іншую, сказаўшы, што тэлевізар трэба было забіраць з собой на судовае псяджэньне, бо на тыя рэчы, якія засталіся ў папярэдняй, дасудовай камэры, у яго ўжо няма правоў. 28 красавіка Сяргей Парсюкевіч і ягоная адвакатка Вера Страмкоўская паспрабавалі абскардзіць прысуд. Вынікі гэтае скаргі пакуль не вядомыя. – Мне страшна нават падумаць, што ў турме ён мусіць адбыць два з паловай гады, – гаворыць жонка палітвязьня. – Я не ўяўляю, як ён са сваім слабым здароўем гэта адужае. А падтрымаць няма як: я кожнага дня пішу лісты, але адказаў няма й няма. Ня ведаю, ці атрымлівае ён пошту, ці таксама пакутуе ад невядомасьці, як мы з сынам ды ягоная маці. Натальля Парсюкевіч зьбіраецца перайсьці на перапіску заказнымі лістамі, каб мець хаця б нейкія гарантыі таго, што яны дойдуць да мужа. Яна хоча, каб муж ведаў – яго памятаюць і падтрымліваюць. Да прыкладу, прадпрымальнікі Смаленскага кірмашу, дзе ён шмат год адпрацаваў і нават узначальваў савет прадпрымальнікаў, вырашылі ўзяць шэфства над сям’ёй зьняволенага і аказваць пэўную матэрыяльную дапамогу. Пэрыядычна станам спраў Сяргея цікавяцца журналісты, грамадзкія актывісты, перадусім Руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча, прыхільнікам якога зьяўляецца зьняволены віцебскі прадпрымальнік. Але жонка пэўная: самым жаданым віншаваньнем з 41-мі ўгодкамі для Сяргея былі б зьвесткі з дому, лісты з навінамі і вершамі, якія Натальля складае для мужа. Алена Штраль 14.05.2008 |