Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвінне № 8, жнівень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвінне № 8, жнівень

Усіх "гарадзкіх" паслалі. За рамантыкай. На бульбу

Сёлета сельская гаспадарка Віцебшчыны зноў ня можа абысьціся без шэфскае дапамогі студэнтаў і школьнікаў.

Як толькі ў вобласьці сканчваецца ўборка зернавых, у мясцовых сельгаспрадпрыемстваў нібыта ўраз сканчваюцца і ўсе працоўныя рэсурсы. Толькі рапартавалі пра цэлыя сямейныя экіпажы камбанэраў, пра аграномаў, што дапамагалі гадаваць ураджаў, пра вясковых рупліўцаў, якія самааддана працавалі на жніве – і раптам аказваецца, што няма каму капаць бульбу. Куды зьнікаюць адданыя сельскай гаспадарцы  працаўнікі, незразумела. Затое "запаўняць нішу" штогод накіроўваюць гараджан – перадусім студэнтаў, якім пасьля летніх вакацыяў быў бы самы час сесьці за навуку, а не ў прычэп старога трактару зь вёдрамі, якімі яны будуць цягаць бульбу з поля ў грузавік.

Чатыры  з паловай тысячы віцебскіх студэнтаў паедуць з пачатку верасьня "ратаваць" вяскоўцаў ад ураджаю. У Віцебскі раён скіруюцца будучыя аграрыі – студэнты акадэміі вэтэрынарнай медыцыны, сельскагаспадарчых каледжаў і ліцэеў – усяго 630 чалавек. Іншыя дзяржаўныя ВНУ гэтаксама выправяць "працоўны дэсант": 1490 студэнтаў тэхналягічнага ўнівэрсытэту і віцебскага ўнівэрсытэту імя Машэрава  таксама  разьмяркуюць па Віцебскім раёне, а вось астатнім давядзецца ехаць далей ад абласнога цэнтру. У тую самую глыбінку, дзе рамантыка студэнцкага жыцьця "на бульбе" паступова трансфармуецца ў незадавальненьне элемэнтарнай бытавой неўладкаванасьцю – адным давядзецца пасяліцца ў хаце не заўжды цьвярозых мясцовых жыхароў, другім – увогуле абжываць закінутае жытло, што гадамі стаяла пустым, а пра адсутнасьць гарачай вады, каналізацыі ды іншых выгодаў камусьці давядзецца з жахам згадваць увесь наступны навучальны год.

Сёлета аблвыканкам ужо прыняў рашэньне дазволіць райвыканкамам прыцягваць на ўборачнай кампаніі таксама й вучняў старэйшых клясаў. Пакуль мяркуецца, што працаваць яны будуць у сваіх раёнах з прывозам і адвозам – гэта значыць, без начоўкі ў падшэфнай гаспадарцы. Аднак нярэдка здараецца, што "падшэфныя" элемэнтарна шкадуюць бэнзіну, каб вазіць падлеткаў туды-сюды, і вучням даводзіцца па некалькі дзён праводзіць "у палявых умовх".

Тым часам, як моладзь і падлеткі маральна рыхтуюцца да цяжкай сялянскай працы, дарослыя дзядзькі ды цёткі ствараюць кіраўнічыя структуры ў галіне "добраахвотнай дапамогі сялу". Так, на нарадзе ў аблвыканкаме ўжо зацьверджаны адмысловы штаб, куды ўвайшлі прадстаўнікі ДАІ, МНС, мэдычных установаў, аддзелу адукацыі, сацыяльнага забесьпячэньня  і г.д., якія будуць арганізоўваць для моладзі ўсю гэтую "рамантыку калгаснага поля".

Алена Штраль

29.08.2008

ДАІ лічыць скутары самым небясьпечным транспартным сродкам

На Віцебшчыне пачасьціліся аварыі з удзелам гэтага наймаднейшага ў моладзевым асяродку сродкам перасоўваньня.

На думку кіраўніка  абласной міліцэйскай управы Леаніда Фармагея, уся справа ў тым, што маладыя людзі, якія найчасьцей зьяўляюцца ўладальнікамі скутараў, безадказна паводзяць сябе на дарозе.

– Скутар вельмі прывабны для падлеткаў, бо  гэта транспарт мабільны і лёгкі, – кажа Л.Фармагей. – Максымальная хуткасьць – 50 км ў гадзіну, і гэта стварае ілюзію кіраваньня нейкай "цацкай", а не сур’ёзнай машынай. Да таго ж на кіраваньне скутарам ня трэба атрымоўваць правы або яшчэ якія-небудзь дакумэнты. І ўсё гэта разам наводзіць падлеткаў на памылковыя думкі пра тое, што ім на дарозе дазволена ўсё.

Тым, хто купляе фірмовы скутар у спецыялізаванай краме, гандляры, як правіла, раяць набыць да яго спецыяльныя пальчаткі і шлем, а таксама даюць пэўныя інструкцыі па эксплуатацыі. А тыя, хто набывае  танны кітайскі скутар ў супэрмаркеце або на кірмашы, пазбаўленыя нават гэтага "адукацыйнага мінімуму". Таму падлеткі часам проста ня ведаюць, да прыкладу, пра тое, што скутар – транспарт індывідуальны, і катаць сяброў на ім катэгарычна забаронена.  

Праблема і ў тым, што многія маладыя людзі , якім пашчасціла стаць уладальнікамі модных скутараў, ня лічаць неабходным веданьне правілаў дарожнага руху. Супрацоўнікі ДАІ лічаць неабходным тэрмінова выправіць сытуацыю. Пакуль што ў эксперыментальным парадку, бо  яшчэ няма як арганізаваць навучаньне і кантроль ведаў.

Першыя крокі ў гэтым накірунку супрацоўнікі ДАІ ўжо зрабілі: у некаторых  летніках  міліцыянты цягам тыдня выкладалі правілы дарожнага руху для веласіпедыстаў. Потым слухачам выдавалі сымбалічныя правы на кіраваньне. Цяпер Віцебская дзяржаўтаінспекцыя мае намер зьвярнуцца з прапановай да вышэйшага кіраўніцтва, каб атрыманьне правоў на кіраваньне веласіпедам стала абавязковым. Такія самыя патрабаваньні ДАІ прапануе выстаўляць і ўладальнікам скутараў.

Алена Штраль

28.08.2008

Беларускае вясельле згулялі замежнікі

Для францужанкі Мацільды Вендэнбаум сьвята ў далёкай вёсцы на Лепельшчыне сталася сюрпрызам, які падрыхтаваў жаніх.

Жыхар Галяндыі Менно Хоутстра, выканаўчы сакратар Эўрапейскага цэнтру эка- і агратурызму, упершыню наведаў Беларусь у мінулым годзе. І ён, і ягоная будучая жонка былі ўдзельнікамі міжнароднага велапрабегу, маршрут якога пралягаў у тым ліку і па Лепельскім раёне.

Незабыўныя ўражаньні пакінулі і беларуская народная кухня, і абрад "Жаніцьба Цярэшкі", які давялося тут убачыць. І калі жыцьцё павярнулася да ўласнае жаніцьбы,  Менно Хоутстра вырашыў, што адзначыць яго трэба ў старажытных славянскіх традыцыях.

Яшчэ падчас велапрабегу хлопец  пазнаёміўся зь інструктарам-мэтадыстам Лепельскага раённага аддзелу спорта і турызму Вольгай Маханенка. На незвычайную прозьбу арганізаваць вясельле ў беларускім народным стылі яна адгукнулася адразу ж. І ўвасобіць прапанову замежнага госьця было вырашана ў гаспадарцы фэрмэра Віктара Труханава, недалёка ад вёскі Вялікае Жэжліна.

Маладых апранулі ў кашулі, вышываныя тутэйшымі майстрыхамі, на шчасьце абсыпалі зернем і падвялі да магутнага дубу, дзе маладыя суджэнцы пакляліся адзін аднаму ў каханьні і вернасьці. Ня менш экзатычнымі за традыцыйныя абрады для  Менно Хоутстра і Мацільды Вендэнбаум былі і прыгатаваныя вясковымі кабетамі народныя стравы – бульба з рэбрышкамі, тушаная ў чыгуне, шкваркі  і смажанае мяса, а таксама самагон мясцовага вырабу.

Апрача вяскоўцаў, на вясельлі прысутнічалі амаль усе ўдзельнікі леташняга міжнароднага велапрабегу – 15 замежнікаў зь Бельгіі, Галяндыі, Нямеччыны, Польшчы. Для іх вясельле сяброў у беларускім народным стылі было нечуванай экзотыкай. Зрэшты,  як і іхнае рашэньне адзначыць гэтую падзею ў жыцьці менавіта такім чынам…

Арганізаваць так званае "беларускае вясельле" з той ці іншай доляй аўтэнтыкі сёньня бяруцца розныя ўстановы –і аршанскі этнаграфічны музэй "Млын", і полацкі краязнаўчы музэй і нават  віцебскі ЗАГС. Паводле словаў тамтэйшых супрацоўнікаў, ахвотных няшмат, але ёсьць: прыкладна раз на два-тры  месяцы знаходзіцца пара маладых, якія жадаюць ня толькі расьпісацца ды абвянчацца ў храме, але й павадзіць карагоды пад народныя сьпевы. Аднак замежнікаў, якія хацелі б справіць "вясельле па-беларуску", культмасавыя работнікі  ня памятаюць.

Напэўна, францужанка і галяндзец сталіся першай парай, якая скарыстала мажлівасьці беларускага агратурызму ня толькі практычна – дзеля адпачынку ды экзатычнага пачастунку, але й для душы. Дакладней, для дзьвюх душ, якія  злучыліся ў адно пад спракаветным дубам – сымбалем моцы і непарушнасьці.

Алена Штраль

26.08.2008

Звольнілі за ўдзел у выбарах?

Віцебскі ўчастковы міліцыянт А.Левінаў выказаў намер балятавацца па акрузе, дзе  вылучаецца дзейны дэпутат Парлямэнту С.Сямашка.

Але на выбары ён пойдзе ўжо беспрацоўным.

Паводле капітана міліцыі Андрэя Левінава, праблемы на службе пачаліся ці не з таго самага моманту, як зарэгістравалі ягоную ініцыятыўную групу. 36-гадовы ўчастковы  вырашыў балятавацца  па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19 там, дзе ён працуе, і дзе яго добра ведаюць людзі. Але гэта чамусьці не задаволіла ягонае кіраўніцтва: у прыватных гутарках з Андрэем Левінавым міліцэйскія начальнікі сказалі, што лепей было б, каб ад удзелу ў  парлямэнцкай выбарчай кампаніі ён адмовіўся. Тым болей, што па абранай акрузе "добры кандыдат" ужо, лічы, ёсьць – гэта дзейны дэпутат Сяргей Сямашка, якому ня варта ствараць канкурэнцыю.

Андрэй Левінаў вырашыў не зьвяртаць увагі на "добрыя пажаданьні" кіраўнікоў. Тады й адчуў, што адмоўная рэакцыя начальства стала больш вострай: на ягоным участку распачалі маштабную праверку, а супраць самога ініцыявалі ўнутранае расьсьледаваньне. З прычыны нібыта службовае неадпаведнасьці ў міліцыянта нават канфіскавалі пісталет, і некалькі дзён ён мусіў выконваць свае абавязкі пад пагрозай уласнаму жыцьцю і здароўю.

12 жніўня Андрэя Левінава звольнілі зь міліцыі. З таго часу ён займаўся тым, што разам зь ініцыятыўнай групай зьбіраў подпісы для рэгістрацыі і спрабаваў абскардзіць сваё звальненьне. Досьвед падобнага змаганьня ў яго вялікі: А.Левінаву неаднаразова даводзілася супрацоўнічаць па юрыдычных пытаньнях з родным братам – вядомым віцебскім праваабаронцам Паўлам Левінавым. Мажліва, гэтая сваяцтва таксама адыграла сваю ролю, калі Андрэя Левінава адгаворвалі ад удзелу ў выбарах: прынцыповасць  братоў добра вядомая віцебскім чыноўнікам і службоўцам рознага рангу, зь якмі Левінавым даводзілася змагацца, баронячы правы землякоў.

Пра перасьлед на працы і наступнае  звальненьне Андрэй Левінаў напісаў у Цэнтарвыбаркам. У адказе за подпісам Лідзіі Ярмошынай яму паведамілі, што скарга перасланая для праверкі ў Міністэрства ўнутраных спраў і Генэральную пракуратуру. З Генпракуратуры скаргу А.Левінава перанакіравалі ў пракуратуру Віцебскай вобласьці. Тым часам у Чыгуначнай раённай пракуратуры абласнога цэнтру заканчваецца праверка па службовых справах звольненага міліцыянта. Андрэй Левінаў кажа, што па выніках праверкі супраць яго альбо ўзбудзяць крымінальную справу за нібыта службовыя правіны, альбо будзе вынесена пастанова пра адмову распачынаць крымінальнае сьледзтва. Праверку мусяць скончыць 26 жніўня, а не пазьней як 28 жніўня стане вядома, ці зарэгістраваны экс-участковы кандыдатам у дэпутаты. Калі яго зарэгіструюць, А.Левінаў мяркуе распачаць актыўную агітацыйную кампанію – тым больш, часу ў звольненага міліцыянта цяпер шмат, і выкарыстаць яго ён хоча найбольш плённа.

Алена Штраль

25.08.2008

Нацыянальны сьцяг лунае ў цэнтры Віцебску ўжо больш за 12 гадзін

Можа, міліцыі загадалі не здымаць бел-чырвон-белыя палотнішчы? Гэтым разам Мірон прымацаваў да яго паперку: "На знак салідарнасьці з братнім народам Грузіі".

Паводле старэйшага віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайды, сёньняшні выпадак – беспрэцэдэнтны.

– Усе ранейшыя "Міронавы" сьцягі здымаліся міліцыянтамі на працягу прыкладна  гадзіны пасьля зьяўленьня. Чым бліжэй да цэнтру горада бывае вывешаны сьцяг, тым хутчэй яго здымаюць. Хіба толькі на гарадзкіх ускраінах сьцягі заўважаюць не адразу. А тут вісіць зусім побач з Плошчай Перамогі, уздоўж якой рэгулярна езьдзяць міліцэйскія машыны, недалёка абласная пракуратура і абласны суд – але ж сьцяг не чапаюць! Можа, міліцыянты атрымалі нейкае ўказаньне – не здымаць больш бел-чырвон-белыя палотнишчы? – разважае Б.Хамайда.

Спадара Хамайду разьбірае цікаўнасьць, але тэлефанаваць ва ўправу МУС, каб высьветліць праўду, апазыцыянэр не сьпяшаецца: раптам службоўцы проста не дагледзелі, і сьцяг адразу здымуць.

– Няхай падаўжэй павісіць, і паболей людзей яго ўбачыць, – кажа віцебскі актывіст.

Ён сьцвярджае, што з вартых даверу крыніц яму вядомы зьмест цыдулкі, якую легендарны "Мірон" прымацаваў да гэтага сьцягу. Там напісана: "На знак салідарнасьці з братнім народам Грузіі". На жаль, пра цыдулкі ад "Мірона", якімі ён суправаджае кожную сваю акцыю, шараговыя жыхары Віцебска ня ведаюць: чытаць іх даводзіцца хіба тым, хто здымае сьцягі – супрацоўнікам МНС або міліцыянтам.

Алена Штраль

25.08.2008

Вушаччыну атакавалі шэршні

Такой зьявы супрацоўнікі раённай службы МНС не памятаюць: больш як 40 разоў ім даводзілася ратаваць людзей ад нашэсьця нечаканых нападнікаў.

Як вядома, шэршні – першыя ворагі пчол: яны іх проста забіваюць, каб забраць сабе нектар і мёд. Аднак ня меншую небясьпеку яны ўяўляюць для чалавека, асабліва схільнага да алергіі. Укусы могуць выклікаць анафіляктычны шок, ацёк гартані і сьмерць ад недахопу паветра.

У Вушачах дагэтуль згадваюць трагічны выпадак двухгадовай даўніны – калі работніка мясцовай тэлетрансляцыйнай станцыі пасьля ўкуса шэршня не пасьпелі ўратаваць дактары – ён памёр па дарозе ў шпіталь.

Начальнік аддзела МНС Генадзь Рубанік:

 – Але два гады таму сытуацыя не была такой пагрозьлівай. Проста нейкае нашэсьце шэршняў! Я 23 гады служу выратавальнікам, але такога на маёй памяці не было.

За лета мы больш як 40 разоў выяжджалі, каб зьнішчыць іхныя гнёзды, знойдзеныя на падворках сядзіб і розных устаноў. Прычым на тэрыторыі ўсяго раёна: днямі мы атрымлівалі выклікі з вёсак Селішча. Кублічы, Арэхаўна. Як правіла, шэршні ладзяць гнёзды на вышыні, звычайна пад стрэхамі хат. Але былі выпадкі, калі здымалі адразу па чатыры штукі гэтакіх гнёздаў нават на мясцовых электрападстанцыях.

Выратавальнікі зьбіраюцца "на вайну" з шэршнямі ўвечары, калі тыя ўжо ня дужа актыўныя. Гнёзды зьбіраюць у цыратовыя пакеты, а потым спальваюць. Адзіная мера перасьцярогі для выратавальнікаў – гэта спэцвопратка з тоўстай тканіны, у якой яны звычайна тушаць пажары. Бо барацьба з шэршнямі, па вялікім рахунку, не ўваходзіць у непасрэдныя функцыі супрацоўнікаў МНС, і адмысловага рыштунку яны ня маюць.

Увогуле дагэтуль незразумела, хто мусіць весьці "афіцыйную" барацьбу з шэршнямі: адмыслоўцы цэнтру санітарыі ды эпідэміялёгіі, лясгас або вэтэрынарныя службы.

– Мы лічым, што гэта справа вэтлужбаў, – тлумачыць галоўны санітарны ўрач Вушацкага раёну Яўген Талалуеў.—У іх, прынамсі,мусіць быць адмысловые ахоўнае адзеньне. Але наша арганізацыя таксама адгукаецца на сігналы насельніцтва – фіксуем падобныя выпадкі і часам выяжджаем на месца здарэньня разам з выратавальнікамі.

У суседнім, Лепельскім раёне, ёсьць іншы досьвед: менавіта цэнтр гігіены і эпідэміялёгіі распрацоўвае мерапрыемствы па барацьбе з шэршнямі. У прыватнасьці, там вядуцца перамовы з пэўнымі фірмамі пра закупку інсэктыцыдаў – адмысловай атруты. Звычайныя сродкі, якімі бароняцца ад мух, камароў і г.д., тут не падыходзяць – яны могуць хіба што справакаваць іхную агрэсію.

Так што пакуль адпрацаванай сыстэмы барацьбы зь небясьпечнымі "суседзямі" на Віцебшчыне няма. Адзінае, што могуць параіць адмыслоўцы мясцовым жыхарам, – гэта быць пільнымі ды асьцярожнымі, а таксама спадзявацца на тое, што выратавальнікі або ўжо дактары прыедуць хутка і своечасова.

Алена Штраль

25.08.2008

Газэтны "піяр" уладаў працягваецца

Віцебскія дзяржаўныя СМІ  зноў друкуюць матэрыялы  агітацыйнага зьместу, па сутнасьці парушаючы выбарчае заканадаўства.

Адразу тры чыноўнікі высокага рангу мяркуюць узяць удзел у сёлетніх выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту – гэта старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка, ягоны намесьнік Пётр Южык і старшыня гарсавету Генадзь Грыцкевіч.

Агітацыйную кампанію  яшчэ задоўга да рэгістрацыі – а ў тым, што кандыдаты  ад уладаў будуць зарэгістраваныя, ніхто ня сумняецца – распачаў "старэйшы па званьні" спадар Андрэйчанка. Сёмага ліпеня дзяржаўныя газэты надрукавалі вялікае інтэрвію пра пэрспэктывы разьвіцьця Віцебшчыны. Прычым інтэрвію ў старшыні аблвыканкаму браў не шараговы журналіст, а начальнік абласнога ідэалягічнага аддзелу Міхаіл Кузьміч.  Зразумела, што ў гэтым матэрыяле Уладзімер Андрэйчанка, якія мае намер балятавацца па Глыбоцкай выбарчай акрузе №22, шмат гаворыць пра будучы росквіт малых гарадоў і вёсак у глыбінцы, "спакушаючы" патэнцыйных выбарцаў.

Пра разьвіцьцё Полацка на старонках газэты "Народнае слова" разважае  намесьнік старшыні аблвыканкаму Пётр Южык. Тэма для развагаў абраная невыпадкова: менавіта па Полацкай выбарчай акрузе №29 ён зьбіраецца балятавацца. Інтэрвію у чыноўніка, якое займае амаль газэтную старонку, бярэ сам рэдактар выданьня Сяргей Рублеўскі. Распавядаючы пра магчымае  ўключэньне Сафійскага сабору і Спаса-Прэабражэнскай царквы ў сьпіс архітэктурных помнікаў, якімі апекуецца ЮНЕСКА, дзяржаўны функцыянэр падкрэсьлівае, што ён шчыры вернік. А таксама заяўляе: з кожным наведаваньнем Полацку ўсё больш "становіцца трошкі палачанінам". Разьлік на гэткія шчымлівыя прызнаньні напярэдадні выбараў проста відавочны.

У апошнім нумары гарадзкой газэты "Віцьбічы" зьмешчаны матэрыял "Пытаньні ўзятыя пад кантроль" паводле "прамой лініі" зь яшчэ адным патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты – старшынёй гарсавету Генадзем Грыцкевічам. Ён мае намер балятавацца па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17, дзе ягонымі канкурэнткамі, мажліва, стануць віцебскія актывісткі Тацяна Севярынец і Алена Фаміна.

Сярод працытаваных у газэце пытаньняў жыхароў Віцебску было й такое: "Чаму б на старонках газэты не друкаваць нумары тэлефонаў нашых дзейных дэпутатаў, каб мы ведалі, да каго зьвяртацца? " Аўтарцы пытаньня, пэнсіянэрцы Іне Маркавай патэнцыйны кандыдат і дэпутат даў вельмі паказальны адказ: "Я лічу, што любы прафэсійны юрыст найхутчэй разьбярэцца ў любым пытаньні. Таму па дапамогу найлепш зьвяртацца не да дэпутата, а да адмыслоўца-прафесіянала”.

Ня выключана, што згаданыя газэтныя інтэрвію – апошнія, якія  старшыня аблвыканкаму Уладзімер Андрэйчанка, ягоны намесьнік Пётр Южык і старшыня гарсавету Генадзь Грыцкевіч далі на сваіх пасадах: пасьля рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў яны мусяць сысьці ў адпачынак і займацца ўжо законнай, а ня ўскоснай агітацыяй сваіх выбарцаў.

Алена Штраль

25.08.2008

У "бітвы за ўраджай" зьявіліся ахвяры

За час сёлетняй ўборачнай кампаніі на Віцебшчыне адбыліся ўжо тры надзвычайныя здарэньні, у выніку якіх загінулі людзі.  

Жалобная эстафэта распачалася сьмерцю 18-гадовага памочніка камбайнера на Вушаччыне. Хлопец трапіў у жатку і загінуў на месцы. Як высьветліла сьледзтва, ён быў прыняты на працу без дакумэнтаў, што  сьведчаць пра патрэбны ўзровень кваліфікацыі работніка. Праверка Дэпартамэнту інспэкцыі працы паказала: яшчэ ў трох гаспадарках вобласьці падобным чынам наймалі на працу людзей без належных дакумэнтаў.

Наступны няшчасны выпадак – у Шаркоўшчынскім раёне. Нецьвярозы мясцовы жыхар заснуў у баразьне недалёка ад працуючага трактара. Трактарыст яго не заўважыў, бо сонны п’яніца быў апрануты ў камуфляжнае адзеньне. Здавалася б, няма нічога страшнейшага за сьмерць, аднак у дадзенай сытуацыі ўсё магло скласьціся яшчэ больш трагічна для сям’і загінулага: яго, каб трактарыст не адчуў нядобрае, машына ўвогуле магла расьціснуць гусеніцамі, утаптаўшы ў глебу. Ззаду за трактарам ішоў аўтапагрузчык, які рассыпаў гной. І чалавечыя парэшты ўвогуле маглі б апынуцца засыпанымі і доўгі час нікім ня знойдзенымі.

Апошняя трагедыя здарылася ў Сеньненскім раёне. На мехдвор гаспадаркі "Сінягорскае" выклікалі электрыка, каб ён зрабіў нейкі дробны рамонт абсталяваньня. Мужчыну, які меў вялікі досьвед працы, не пашанцавала: ён пачаў ліквідаваць непаладкі, ня ведаючы, што на гэтым участку пашкоджана лінія электраперадач і што брыгада раённых электрасетак ужо працуе, каб усё паправіць. Якраз у той момант, калі па правадах пайшла напруга, электрыку спатрэбілася залезьці ў шчыток...

Усіх трох трагічных выпадкаў можна было б пасьпяхова пазьбегнуць, каб не абыякавасьць службовых асобаў да сваіх прафэсыйных абавязкаў. У адной гаспадарцы ўчастковы міліцыянт не дагледзеў, што падчас страды па палёх бадзяецца нецьвярозы грамадзянін, у другой з прычыны чыейсьці халатнасьці на працу трапіў неспрактыкаваны і ненавучаны тэхніцы бясьпекі хлопец, а ў трэцяй  добрага работніка "забіла" чужое спадзяваньне на "авось".

Алена Штраль

22.08.2008

Зьнікае яшчэ адна вёска старавераў

Уладам удалося нарэшце разбурыць найвялікшы прытулак перабежчыкаў на Віцебшчыне.

Роўна 50 гадоў таму "Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх" паведамляў, што ў вёсцы Перадолы на Глыбоччыне існуе найвялікшы на той час малітоўны дом старавераў. Удакладняецца, што яго наведваюць больш як 400 вернікаў. Для параўнаньня: у Горадні тады было 102 стараверы, у Вільні – 88, у Ваўкавыску – 170.

Стараверы, стараабрадцы, раскольнікі, "маскалі" альбо "маскоўцы" – па-рознаму называюць у Беларусі ўцекачоў з Расеі пасьля шматлікіх расколаў у праваслаўі, што паўставалі там яшчэ ад XYI стагодзьдзя.

– У Перадолах у 1920-я гады "маскалі" мелі моцную сваю суполку, наведвалі вялікі малітоўны дом. Будынак яго захаваўся да сёньня, – гаворыць краязнаўца з Глыбокага Ўладзімер Скрабатун.

Са словаў суразмоўцы, да верасьня 1939 году Перадолы знаходзіліся ля ўсходняй мяжы Польшчы, і гэта выратавала тутэйшых старавераў. На Віцебшчыне ў савецкія пэрыяд калектывізацыі вёскі, дзе яны жылі, зьнішчаліся. Жыхароў прымусова гналі ў калгасы альбо ў Сыбір. Больш за тое, стараверы былі падвойна маргіналізаваныя: перш – саветамі, як лютыя антысаветчыкі, а з другога боку – праваслаўнай царквою, якая ўспрымала іх, як сэктантаў.

У паваенны час кампактная суполка старавераў у Перадолах зьменшылася. Насельнікі змушаныя былі жыць з натуральнай гаспадаркі – што вырасла, тое й зьелі. Пры тых харчах яны ўсё ж стараліся прытрымлівацца пастоў, якія агулам складаюць 200 дзён на год. Ня ўсе гэта вытрымлівалі.

– Сваіх памерлых стараверы заўжды вывозілі на аддалены пагост у вёсцы Лаўрынкаўка, – кажа сталы жыхар Іван Летнікаў, – нават калі ў Аўганістане загінуў Саша Дзехцяроў, то й яго пахавалі ў Лаўрынаўцы.

Іван Летнікаў падкрэсьлівае, што ня зьмененымі часам і жыцьцём у Перадолах засталіся васьміканцовыя крыжы. Таксама як і раней мужчыны маюць доўгія бароды, а жанчыны заўжды ў цёмных хустах. Некалі ўсе яны мелі шматдзетныя сем’і. А паколькі жылі вельмі бедна, то дзеці вырасталі і зьбягалі ў гарады.

– Для  цяперашніх уладаў стараверы не ўяўляюць ні сацыяльнага пласту нейкага, ні іншага, які патрабаваў бы асобага падыходу, – кажа беларускі дасьледчык Кастусь Шыдлоўскі, –Зараз разбурэньне набыло ярка акрэсьленыя формы. Гэтаму працэсу наканаваны сумны фінал: паступовае зьмяншэньне носьбітаў гэтай культуры й наступнае зьнікненьне.

Паводле дадзеных уліку, ва ўсіх рэгійнах Беларусі цяпер жывуць 20 тысяч старавераў. Дзеяньне новага закону пра свабоду веравызнаньня яшчэ больш уціскае іхную дзейнасьць. Найперш з-за неабходнасьці рэгістраваць афіцыйныя суполкі.

Галіна Баравая

22.08.2008

5 000 злачынстваў засталіся нераскрытымі

Віцебская абласная пракуратура вымушаная канстатаваць, што міліцыянты ня надта добра выконваюць свае абавязкі.

Выконваючы абавязкі пракурора Віцебскай вобласьці Анатоль Лескавец незадаволены тым, што з агульнай колькасьці злачынстваў, зьдзейсьненых у першым паўгоддзі 2008 году, 5 тысяч так засталіся нераскрытымі, а злачынцы – непакаранымі.

– Нізкія вынікі шмат у чым абомоўленыя дрэннай арганізацыяй службовай дзейнасьці органаў унутраных спраў, – кажа А.Лескавец. – Няўмелае плянаваньне апэратыўных мерапрыемстваў, неадпаведнае стаўленьне да выкананьня працэсуальных нормаў, адсутнасьць узаемадзеяньня паміж службамі вышуку, сьледзтва і дазнаньня адмоўна сказаліся на працы міліцэйскіх структур.

 В.а. пракурора вобласьці Анатоль Лескавец зазначыў: за службовыя правіны міліцыянтаў даводзіцца караць – цягам 2008 году за парушэньні рознага кшталту паводле актаў пракурорскага нагляду дысцыплінарнае пакараньне атрымалі 275 супрацоўнікаў міліцыі,  184 міліцыянты пакараныя матэрыяльна.

Нярэдка яны адмаўляюцца распачынаць крымінальныя справы, спасылаючыся на розныя акалічнасьці. Тады незадаволеныя грамадзяне пачынаюць скардзіцца ў пракуратуру. Паводле такіх скаргаў было адменена 848 адмоваў ва ўзбуджэньні крымінальных справаў, у тым ліку па 29 фактах крымінальныя справы былі распачатыя адразу пасьля звароту ў пракуратуру. 72 пракуроры мусілі даслаць на дадатковае дасьледаваньне, хаця супрацоўнікі міліцыі заяўлялі: "зрабілі ўсё, што маглі".

Увогуле 5 тысяч нераскрытых злачынстваў – гэта самы адмоўны паказьнік эфэктыўнасьці працы аддзелаў унутраных спраў, лічыць Анатоль Лескавец. Тым больш, у гэтым пераліку ня толькі выпадкі крадзяжоў ды хуліганства, якіх большасьць, але й 13 злосных рабаўніцтваў, 2 напады са сьвядомым прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў і 2 забойствы.

Алена Штраль

19.08.2008

У Віцебску чакаецца "безуладдзе"

Старшыня аблвыканкаму Ў.Андрэйчанка, ягоны намесьнік П.Южык і старшыня гарсавету Г.Грыцкевіч пасьля рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты мусяць пайсьці ў адпачына.

У тым, што прадстаўнікоў улады зарэгіструюць, сумнявацца не выпадае: за апоші час не было ніводнага выпадку, каб прэтэндэнты такога "ўзроўню" не былі дапушчаныя да выбараў. Так што з 28 жніўня, згодна з выбарчым заканадаўствам, спадары Андрэйчанка, Южык і Грыцкевіч мусяць часова пакінуць свае пасады і займацца ўласна перадвыбарчымі справамі.

Зазвычай апошні месяц перад выбарамі кандыдаты ў дэпутаты прысьвячаюць правядзеньню агітацыйнай кампаніі.

Старшыня аблвыканкаму Уладзімер Андрэйчанка, можна лічыць, даў ёй старт яшчэ да ўласнай рэгістрацыі: 7 ліпеня ў абласных газэтах "Віцебскі рабочы" і "Народнае слова" было надрукавана ягонае інтэрвію пад назвай "На новую якасьць росту, працы і ўзроўню жыцьця".

Цікава, што ў якасьці журналіста гэтае інтэрвію з кіраўніком вобласьці зрабіў загадчык абласнога ідэалягічнага аддзелу Міхаіл Кузьміч. Афіцыйнай тэмай гаворкі з Андрэйчанкам сталася нібыта разьвіцьцё вобласьці за першую палову "пяцігодкі", абвешчаную Ўсебеларускім народным сходам. Старшыня аблвыканкаму расказвае пра разьвіцьцё эканомікі ды іншых галінаў жыцьця Віцебшчыны, тэма выбараў узьнімаецца хіба ўскосна, аднак выразна: выбарчую кампанію патэнцыйны кандыдат у дэпутаты называе "самай галоўнай палітычнай падзеяй",  якая "набірае размах і мусіць стацца часам кансалідацыі грамадзтва, аб’яднаньнем высілкаў" дзеля рашэньня самага шырокага кола задач.

Відавочна, што вырашаць іх бліжэйшым часам гораду і вобласьці давядзецца без галоўнага кіраўніцтва. А пасьля выбараў, хутчэй за ўсё, увогуле начале зь іншымі асобамі.

Алена Штраль

18.08.2008

У Паставах працавалі валянтэры зь Беларусі і Польшчы

Удзельнікі  валянтэрскага летніку добраўпарадкавалі закінутыя габрэйскія могілкі і дасьледвалі абарончыя ўмацаваньні.

Кіраўнік летніку, старшыня  Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, ад пачатку й не меркаваў, што працаваць давядзецца ў Паставах: у арганізатараў былі іншыя пляны й рэалізоўваць іх меркавалі ў зусім іншым месцы.

– Але здарылася так, што працаваць выпала тут, у Паставах, і мы ніколькі не шкадуем, – кажа спадар Антон. – Тут цудоўныя людзі, і ў нас наладзіліся выдатныя стасункі нават з прадстаўнікамі мясцовай улады. Дарэчы, у Паставах дужа дбаюць пра зьнешні выгляд гарадка. Аднак у райвыканкаме чамусь дагэтуль не здагадваліся, што яшчэ адным мясцовым турыстычным аб'ектам можа стацца, да прыкладу, ансамбль абарончых збудаваньняў часоў Першай сусьветнай вайны, які мы знайшлі й дасьледвалі. Я мяркую, што з часам, калі вывучэньне і апісаньне гэтых пабудоў будзе завершана, мы падамо ўсе належныя дакумэнты ў Міністэрства культуры, каб фартыфікацыйны ансамбль прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Бо гэта ня нейкая там "лінія Сталіна", дзе ладзяцца бутафорскія сражэньні, а сапраўдныя баявая лінія, дзе кожны камень паліты чалавечай крывёй.

У валянтэрскім летніку поруч працавалі і моладзь, і ўжо сталыя людзі – беларуская настаўніца і польскі бізнэсовец, студэнты зь Менску і Пазнані, дзьве школьніцы, супрацоўнікі тутэйшай кінастудыі і польскай  юрыдычнай фірмы... Гэтых людзей аб'яднала цікаўнасьць да гісторыі.

– Нашая праца – гэта гісторыя на практыцы, – разважае Кастусь Яцкевіч, студэнт універсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. – У мяне абодва бацькі гісторыкі, дома шмат гістрачнай літаратуры. Аднак калі ты йдзеш 10 км пад сонцам па палявой дарозе, разглядаеш навакольле, робіш нейкія замеры, дакранаешся рукамі да старых камянёў – гэта зусім іншыя ўражаньні.

Старыя камяні, кожны вагой каля 200 кг, валянтэрам давялося перасоўваць на старых габрэйскіх могілках. Некаторыя магілы ўжо былі разрытыя  "чорнымі капальнікамі", а мясцовыя жыхары, убачыўшы, што могілкі канчаткова занядбаныя, пачалі выносіць сюды сьмецьце. Валянтэры пастараліся навесьці парадак на пахаваньнях і сфотаграфавалі кожны надмагільны камень, каб потым перадаць у менскі Музэй габрэйскай гісторыі і культуры: раптам у пахаваных знойдуцца сваякі тут або ў замежжы, ці хаця б стануць вядомыя імёны тых, хто спачыў на гэтых могілках некалькі стагоддзяў таму.

Дзейнасьць валянтэраў зацікавіла журналістаў, і  для сябраў БАЖу быў арганізаваны адмысловы прэс-тур у Паставы ў межах медыякампаніі "Журналісты за гістарычную спадчыну". Прадстаўнікі СМІ працавалі разам з валянтэрамі некалькі дзён.

Між тым, паводле кіраўніка летніка Антона Астаповіча, ня толькі праца мусіць яднаць валянтэраў-аднадумцаў. Зь ягонай ініцыятывы ў Пастаўскім Доме рамёстваў адчынілася выстава амэрыканскага фотамастака Джона Кунстатэра "Беларускія закоскі", якую маюць магчымасьць паглядзець усе жыхары Пастаў. А для валянтэраў, якія трапілі на Пастаўшчыну ўпершыню, у праграме летніка былі заплянаваныя экскурсіі да архітэктурных помнікаў у бліжэйшым навакольлі – паездкі ў Мядзел, Лучай, Камаі, Лынтупы...

– За тры тыдні летніку мы выканалі ўсё, што заплянавалі. А самае галоўнае – мы шмат зносіліся і паміж сабой, і зь мясцовымі жыхарамі, так што нашая мэта, у тым ліку і яе камунікацыйны складнік, паспяхова дасягнутая, – лічыць А.Астаповіч.

Алена Штраль

17.08.2008

ДАІ палохае мінакоў "белымі сьлядамі"

На віцебскіх вуліцах зьявіліся новыя "дарожныя знакі" – ланцужкі адбіткаў, якія вядуць проста на сярэдзіну дарогі і там сканчваюцца чырвонай плямай.

"Белыя сьляды" – менавіта так пачалі называць гэтую "карціну" віцебскія мінакі – намяляваныя ў двух месцах горада: на праспэкце Чарняхоўскага і на праспэкце Люднікава.

– Іду раніцай на працу і раптам бачу пасярод дарогі нейкія белыя сьляды, – распавядае віцебская жыхарка Сьвятлана. – Думала, гэта моладзь пажартавала: намалявалі абы-што і абы-дзе. У нас жа то "Добрага ранку, каханая!" могуць напісаць пад вокнамі, то яшчэ што-небудзь такое. А тут – сьляды нейкія.

– А я меркаваў, што гэта новае абазначэньне пераходу, – гаворыць пенсіянэр Павал Сьцяпанавіч. – І было ўжо пайшоў па ім, але ж машыны пачалі сігналіць, я спыніўся, і ўжо потым заўважыў: сьляды вядуць не праз усю дарогу, а толькі да сярэдзіны...  Трэба сьцерці гэтую лухту, каб людзі не памыляліся!

Віцебскія мінакі досыць часта лічаць, што сьлядамі паказанае новае месца пераходу дарогі. Між тым віцебская Дзяржаўтаінспэкцыя, якая і прыдумала новы "дарожны знак", разьлічвала на цалкам адваротную рэакцыю: "белымі сьлядамі" супрацоўнікі вырашылі абазначыць найбольш аварыйныя месцы ў горадзе – тыя, дзе па віне мінакоў адбылася найбольшая колькасьць ДТЗ.

– Ідэя палягае ў тым, каб людзі заўважылі, што ў гэтым месцы, дзе абрываецца ланцужок сьлядоў, можа абарвацца іхнае жыцьцё, – патлумачыў супрацоўнік ДАІ, які прасіў не называць у прэсе ягонае імя. – Кажаце, людзі блытаюцца і спрабуюць перайсьці дарогу па гэтых сьлядах? А яны што, ня бачаць: там, дзе сканчваюцца сьляды, ёсьць яшчэ плямы чырвонай фарбы – ну, нібыта гэта кроў ахвяраў ДТЗ. Трэба будзе іх намаляваць буйнейшымі!

Чырвоная плямкі пасярод дарогі заўважаюць хіба тыя, хто ўжо прайшоўся па "белых сьлядох". Таму, каб "дайшло" да ўсіх, супрацоўнікі ДАІ хочуць яшчэ разьвесіць расьцяжкі накшталат "Ды прыезду "хуткай" засталося пяць крокаў". І застрашыць віцебскіх мінакоў ужо канчаткова.  

Алена Штраль

16.08.2008

"Дні цьвярозасьці" будуць круглы год?

Пасьля першага безалькагольнага досьведу на "Славянскім базары ў Віцебску" міліцыя вырашыла практыкаваць нешта падобнае рэгулярна і па ўсёй вобласьці.

Галоўная ідэя "Дня цьвярозасьці" – гэта часовая забарона на продаж гарэлкі ды іншых сьпіртовых напояў. Паводле ініцыятараў  "безалькагольнай кампаніі" з управы МУС Віцебскага аблвыканкаму, у глыбінцы яна будзе абвешчаная ўжо неўзабаве – якраз падчас самай інтэнсыўнай стадыі ўборкі ўраджаю.

– Мы мяркуем, што днямі цьярозасьці стануць пятніца альбо субота, – разважае намесьнік начальніка Ўправы прафіляктыкі УУС Андрэй Захараў. – Наколькі часта будзем абвяшчаць іх, пакуль ня вырашылі. Лічым, будзе няблага, калі безалькагольныя акцыі супадуць зь якімі-небудзь сьвятамі мясцовага маштабу.

Першы "Дзень цьвярозасьці" ў Віцебску прайшоў 16 ліпеня, падчас "Славянскага базару", і пакінуў у жыхароў даволі супярэчлівыя ўражаньні. Крыўдна было тым, хто ня меў мажлівасьці набыць у краме бутэльку віна да сямейнага сьвята, але ж сапраўдныя аматары "паддаць" цалкам пасьпелі падрыхтавацца да аднадзённага "сухога закону" загадзя. Вялікіх прыбыткаў ня мелі камэрсанты, якія гандлююць півам у шапіках, затое выканалі й перавыканалі плян па продажы настоек баярышніку й да таго падобнага гарадзкія аптэкі...

Паводле міліцэйскіх справаздачаў, у выцьвярэзьніку тым днём было ўдвая менш кліентаў, а таксама зьменшылася калькасьць выпадкаў хуліганства ў нецьвярозым стане і п’яных хатніх дэбошаў. Ці не таму міліцыя вобласьці вырашыла пашырыць геаграфію свае ініцыятывы?

Дарэчы, у Віцебску 16 ліпеня супрацоўнікі міліцыі правялі конкурс малюнку на асфальце "Мама, тата і я – цьвярозая сям’я",  арганізавалі шоў-канцэрт з удзелам спартоўцаў-парашутыстаў, байкераў і мастацкіх калектываў гораду. Зьвярнуліся й па дапамогу да БРСМу – каб падлеткі зьбіралі подпісы за забарону рэклямы піва і г.д. Зладзіць такія імпрэзы ў абласным гарадзе аказалася справай нялёгкай, але магчымай.

А як будзе ў рэгіёнах, дзе і мажлівасьцяў, і сродкаў паменей?  Вось цяпер міліцыянты й разважаюць над тым, чым забаўляць нязвыкла цьвярозых і ад гэтага злых сельскіх працаўнікоў, калі графік дзён цьвярозасьці зацьвердзяць і ў глыбінцы.

Алена Штраль

11.08.2008

Хто падманвае віцебскіх выбаршчыкаў?

Тацяна Севярынец, якая мае намер балятавацца па Віцебскай-Горкаўскай акрузе №17, распавяла пра выпадкі махлярства падчас збору подпісаў.

Паводле спадарыні Тацяны, самым распаўсюджаным мэтадам падману выбаршчыкаў зьяўляецца "тлумачэньне" сяброў ініцыятыўнай групы, што за іншага кандыдата аддаваць свой подпіс ужо нельга.

– Гэтым прыёмам часта карыстаюцца ініцыятыўныя групы так званых "праўладных" кандыдатаў, – распавядае Тацяна Севярынец. – Карыстаючыся прававой недасьведчанасьцю выбарцаў, ім кажуць: "Ну, вось вы паставілі подпіс, і болей ня маеце права!" Насамрэч нельга падпісвацца за вылучэньне аднаго кандыдата двойчы, а за розных – можна. Аднак людзям гэта, як правіла, ня кажуць. Колькі разоў мне давялося тлумачыць палажэньне выбарчага кодэксу – проста не зьлічыць!

У складзе ініцыятыўнай групы Тацяны Севярынец усяго 14 чалавек. У складзе групы Уладзімера Грыцкевіча, дзейнага старшыні Віцебскага гарсавету, які зьбіраецца балятавацца па той самай акрузе, "адміністрацыйнага рэсурсу" куды болей. Таму найчасьцей здараецца так, што апазыцыянэрка ўжо ідзе па ягоных сьлядах.

– Калі я зьбірала подпісы ў доме № 32, корпус 1 па праспэкце Чарняхоўскага, падышла  жанчына і сказала: "Ідзіце адсюль! Тут усе подпісы ўжо сабрала я!” – дзеліцца ўражаньнямі ад сустрэчы Т.Севярынец. – Пачала пытацца, з чыёй ініцыятыўнай групы, і высьветлілася, што так працуюць памагатыя старшыні гарсавету. Ня ведаю, ці сьвядома гэта рабілася, ці  зьбіральніца подпісаў сапраўды ня ведае заканадаўства, але яна шчыра мяне пераконвала, што зьвяртацца да людзей па подпісы я ўжо ня маю права.

"Настаўніца на пэнсіі, апазыцыянэрка Севярынец? Свой подпіс ня дам! " – такімі словамі нярэдка сустракаюць спадарыню Тацяну ў ведамасных дамах, якія належаць віцебскім прадпрыемствам. Відавочна, адміністрацыя правяла там пэўную працу: некаторыя з тых, хто адмовіўся падпісацца, паўшэптам кажуць пра пагрозу звальненьня – калі начальства даведаецца, што  забарона на вылучэньне апазыцыянэркі парушаная.

– Затое і праігнараваць вылучэньне "праўладнага" кандыдата лічыцца ня меншай крамолай, – кажа актывістка. – Людзі распавядаюць, што ў выпадку адмовы аддаць свой подпіс за спадара Грыцкевіча, сябры ініцыятыўнай групы кажуць: "Ах, вы ня хочаце? Тады мы занатуем ваша прозьвішча ў асобны сьпіс!" Пасьля гэтага некаторыя палохаюцца і пагаджаюцца.

Тацяна Севярынец зазначае, што працаваць у такіх умовах вельмі складана. І  спадзявацца на тое, што самі выбары будуць адкрытымі і аб’ектыўнымі, таксама не выпадае. Адно што пасьля гутарак з выбаршчыкамі яшчэ больш пераконваесься ў тым, што гэтыя людзі вартыя лепшага жыцьця і лепшага да іх стаўленьня – без падману і хлусьні.

Алена Штраль

07.08.2008

Парфуму прыраўнялі да гарэлкі

Аршанскія міліцыянты затрымалі партыю кантрабанднай парфумы на падставе дэкрэту пра змаганьне зь незаконным абаротам алькаголю.

Затрыманьне адбылося ў Дубровенскім раёне – памежным з Расейскай Фэдэрацыяй. На аўтадарозе  Масква-Берасьце пэрыядычна выстаўляюцца міліцэйскія кардоны, каб адсачыць незаконныя перавозкі алькаголю. Напоі ў Расеі таньнейшыя, і таму адтуль на Беларусь нярэдка возяць гарэлку. Таксама некаторыя "аматары" спрабуюць перавезьці празь мяжу кантрабандныя партыі нехарчовых вадкасьцяў з утрыманьнем сьпірту – да прыкладу, шклоачышчальнік ці іншыя вадкасьці гаспадарчага прызначэньня, якія карыстаюцца попытам у пэўнага кантынгенту беларусаў...

Другога жніўня  супрацоўнікі Аршанскага аддзелу дэпартамэнту аховы і фінансавай міліцыі зьвярнулі ўвагу на мікрааўтобус, якім кіравала жынчына. Кантрабанда – таксама чыста жаночага профілю: 285 фляконаў парфумы вытворчасьці Францыі ды Расеі на суму 103 мільёны 820 тысяч рублёў. Для міліцыянтаў было відавочна, што амаль 27 літраў духмянага рэчыва наўрад ці прызначаецца для асабістага спажываньня – хутчэй для незаконнага гандлю, тым больш ніякіх дакумэнтаў гаспадыня ня мела.

Прадукцыю было вырашана канфіскаваць, аднак падставу для гэтага супрацоўнікі міліцыі знайшлі незвычайную: парфуму забралі на падставе таго самага прэзыдэнцкага дэкрэта №11 "Аб удасканаленьні дзяржаўнага рэгуляваньня вытворчасьці, звароту і рэклямы алькагольнай, нехарчовай прадукцыі з утрыманьнем сьпірту і нехарчовага эцілавага сьпірту", паводле якога затрымліваюць нелегальных перавозчыкаў гарэлкі, а таксама  "Максімак", "Папялушак" ды іншых ачышчальных  сродкаў.  Парфума ў якасьці кантрабанднага  тавару  ў практыцы аршанскіх змагароў з контрфактным алькаголем трапілася ўпершню.

Алена Штраль

06.08.2008

Віцебскі КДБ зноў узяўся за актывістаў

У межах крымінальнай справы "лістоў ад РНЕ" трэці раз дапытаны праваабаронца Леанід Сьвецік.

Сябар БХК і БАЖ, спадар Сьвецік адкамэнтаваў чарговы выклік у КДБ наступным чынам:

– Лісты з пагрозамі ад імя "Віцебскай філіі РНЕ" апазыцыянэры, журналісты і дзеячы культуры пачалі атрымліваць ад 2006 году. Большасьць атрымальнікаў зьвярталася з гэтае нагоды ў міліцыю ды пракуратуру, аднак да апошняга часу атрымлівала адпіскі: маўляў, ня можам завесьці крымінальную справу і знайсьці аўтараў лістоў, бо "Русское Национальное Единство" ў Беларусі незарэгістраванае. Гэтакая фармулёўка мяне заўсёды абурала – тым часам, як маладафронтаўцаў у нас паўсюдна караюць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, нейкія фашыстоўцы  беспакарана дасылаюць лісты з пагрозамі "пакараць" і "адпомсьціць" то за апазыцыйныя погляды, то за прыхільнасьць да беларускай мовы. Таму я дапамагаў сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву, актывістцы-пенсіянэрцы Алене Залесскай, супрацоўніцы тэатра "Лялька" Вікторыі Дашкевіч складаць скаргі – спадзяваўся, што ўсё-ткі справу супраць аўтараў пагроз завядуць і іх адшукаюць. Аднак здарылася нечаканае: справу сапраўды завялі, і найперш правялі ператрус у мяне ў кватэры – забралі аргтэхніку, пісьмовыя дакумэнты і нават чыстую паперу.

Ператрус у Леаніда Сьвеціка быў праведзены 23 траўня, тады ж высьветлілася, што крымінальная справа паводле артыкулу 130.1 "Распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці" распачатая 20 траўня паводле ініцыятывы КДБ. За два з паловай месяцы вінаватых так і не знайшлі, але па некалькі разоў дапыталі віцебскіх актывістаў – атрымальнікаў лістоў. Прычым КДБ цікавілі ня толькі акалічнасьці, зьвязаныя з атрыманьнем допісаў ад імя РНЕ, але й  розныя аспэкты дзейнасьці апазыцыйных сілаў у Віцебску.

– Вынікаў я пакуль ня бачу, але вось правакацыяў рознага кшталту не выключаю, – кажа Леанід Сьвецік. – Канешне, выдатна было б, каб вінаватых урэшце знайшлі, і не адгаворваліся тым, што "РНЕ" ў Беларусі няма. Мажліва, няма арганізацыі, але тады ёсьць прыватныя асобы, якія займаюцца ганебнай справай, і іх варта пакараць.

Зрэшты, некаторыя віцебскія атрымальнікі лістоў з пагрозамі выказваюць меркаваньне, што іх стваралі пэўныя службовыя асобы ў пэўных службовых кабінэтах.

Алена Штраль

05.08.2008

Кожны чацьвёрты – за дэмакратычнага кандыдата

За актывіста партыі БНФ Яраслава Берніковіча, які мае намер балятавацца ў дэпутаты па Глыбоцкай выбарчай акрузе №22, падпісаліся 3500 чалавек.

Неабходную для рэгістрацыі тысячу подпісаў ягоная ініцыятыўная група сабрала за чатыры дні. Да 18 жніўня, паводле актывіста, будзе сабрана шэсьць з паловай тысяч подпісаў.

– Мы робім гэта не дзеля таго, каб устанавіць нейкі рэкорд, – кажа Яраслаў Берніковіч. – Тры з паловай тысячы подпісаў азначаюць, што, паводле статыстыкі, за маё вылучэньне на кандыдата выказаўся  кожны чацьвёрты жыхар Глыбоччыны. Калі ўдасца сабраць шэсьць з паловай тысяч – гэта значыць, што мяне падтрымлівае кожны дзясяты выбаршчык маёй акругі, у якую ўваходзяць Глыбоцкі, Вушацкі і Докшыцкі раёны. Падтрымка людзей надае мне ўпэўненасьці, і калі пасьля выбараў камісія налічыць, што за мяне прагаласавалі ўсяго 2-3 адсотка, гэта будзе відавочная мана.

Па адной выбарчай акрузе з Яраславам мае намер балятавацца старшыня Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка. Статыстыка ўсіх мінулых выбараў апошняга часу паказваў, што кандыдаты ад улады аказваюцца "самымі папулярнымі", і менавіта ім выбаршчыкі "аказваюць давер". Між тым, падчас збору подпісаў, ініцыятыўная група кандыдата заўважае зусім іншыя тэндэнцыі.

– У Вушачах, да прыкладу, людзі нейкія запалоханыя – праходзяць міма нашага пікету, наўмысна гледзячы пад ногі, – распавядае Яраслаў Берніковіч. – У Глыбокім наадварот: падыходзяць і прыхільнікі, і , скажам так, палітычныя апанэнты. Нехта спрачаецца з намі, нехта выказвае падтрымку, шмат хто падпісваецца – адным словам, абыякавых мала.

І актыўнасьць, і пасыўнасьць землякоў Яраслаў Берніковіч тлумачыць адной прычынай – неабходнасьцю перамен, якую ўжо прызнаюць адны і яшчэ не ўсьведамляюць іншыя.

Алена Штраль

05.08.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org