Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Брест Барометр № 7, ліпень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Барометр № 7, ліпень

"Прыдарожны сэрвіс запалохалі ўлада і рэкет"

Заявы такога зьместу агучваюць ініцыятыўныя людзі ў самых розных рэгіёнах Беларусі.

Я сама была сьведкай пачатку камэрцыйнага посьпеху і яго гвалтоўнага банкруцтва ля галоўнай ў краіне аўтамагістралі М1/Е30.

У 2005 годзе адзін з сельгаскаапэратываў Берасьцейшчыны прыняў на працу армяніна Ара Карапецяна. Чалавек з поўдня выдатна гатаваў шашлыкі. Ён задобрыў старшыню гаспадаркі гэтым далікатэсам, калі той адпачываў ля гары Арарат. Тады ж у сяброўскай гутарцы яны дамовіліся на кампаньёнства.

У чэрвені 2005-га Ара Карапецян пачаў гатаваць свае шашлыкі на ўзбочыне лепшай аўтастрады ў Беларусі. Дапамагалі яму дзьве мясцовыя прыгажуні. Адна была касіркай, другая – кухаркай, дадавала да порцыі мяса кетчуп, цыбулю ды пахучыя спэцыі. Прапаганду прыдарожнага сэрвісу  забясьпечвалі дзяржаўныя СМІ, бо толькі занадта лянівы журналіст не даяжджаў да мангалу шчодрага армяніна.

Аднак у 2006-м старшыня загадаў Ару "зьбіраць манаткі". Прыдарожны сэрвіс задушыла ўлада й рэкет. Чыноўнікі, якія ўпадабалі шашлыкі з паўднёвым смакам, наяжджалі за дармаўшчынай. Рэкеціры таксама не міналі духмяную кухню пры дарозе. Цяпер жа на абпаленым і вытаптаным месцы вырасла зялёная трава. Непадалёку выгарае на сонцы каляровы стэнд з надпісам: "Тут можа быць пабудаваны ваш аб'ект прыдарожнага сэрвісу!"

Дарэчы, такая ж рэкляма кідаецца ў вочы ў накірунку Пухавічаў, Дзяржынску, ля Нясьвіжа, ва ўсіх іншых рэгіёнах. У дэпартамэнце "Белаўтадор" не падзяляюць меркаваньне, што стракатыя і лупатыя шчыты могуць нашкодзіць бясьпецы руху. Чыноўнікі ведамства цьвердзяць: рэкляма прапагандуе ўказ А.Лукашэнкі. Маўляў, прэзыдэнт спрасьціў працэдуру адводу зямлі, акрамя таго – надзяляе прыватных інвэстараў немалымі прывілеямі.

Але чаму шчыты заклікаюць, а ахвотныя да дарожнага сэрвісу не сьпяшаюцца? Усё ж лета мінае, а будоўлю ніхто не распачынае. Спашлюся на скаргі, якія дасылае ў СМІ Беларусі берасьцейскі прадпрымальнік Віктар Янушкевіч. Ён спрабаваў атрымаць дазвол на будаўніцтва прыдарожнага гатэлю.

– Замучыўся, – кажа спадар Янушкевіч, – спатрэбілася ажно дзевяць узгадненьняў: у "Белаўтадоры", у сельсавеце і райвыканкаме, у МЧС, міліцыі, экалёгіі, санстанцыі, упраўленьні гандлю. Далей – праектны інстытут і крэдытны банк. Плюс падаткі, пазыкі грошай на мэблю, сантэхніку, посуд, бялізну. Сума затратаў – 350 тысяч даляраў. Я гэтыя грошы не адаб'ю і за 20 гадоў. А хто на такі час пазычыць мне грошы?

Начальнік упраўленьня дарожнай сеткі дэпартамэнту "Белаўтадор" Аляксандр Галаўнёў паведаміў, што ня толькі Віктар Янушкевіч адмовіўся мець справу ў дарожным сэрвісе. Такіх – дзесяткі.

– Цяпер спрабуем завабіць замежных інвэстараў, – гаворыць Віктар Янушкевіч, – маем задачу да 2010 году адбудаваць сыстэму апорных пунктаў, дзе кожны жадаючы зможа атрымаць неабходны набор паслугаў.

Узгадваю, што яшчэ 14 гадоў таму дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Алампіеў і Барыс Гюнтар прапаноўвалі ўраду распачаць продаж прыдарожных тэрыторыяў. Тады былі спрыяльныя эканамічныя ўмовы для такога бізнэсу.

– Час упушчаны, – перакананы цяпер Віктар Алампіеў, – у Беларусі толькі адна траса з Брэста да Менска адпавядае таму, каб прыдарожны сэрвіс быў прыбытковы. Тут штодзённа перамяшчаецца больш як сем тысяч аўтамабіляў, а па ўсіх астатніх  – не больш як тры-чатыры тысячы.

Галіна Баравая

18.07.2008

Пік турызму быў на Палесьсі ў 1930-я

І знаўцы лічаць, што толькі распараджэньнямі цяперашняй улады гэтага не аднавіць.

У Пінск цяпер штодзень наяжджаюць экскурсіі зь дзіцячых лягераў. Пакуль выхавацелі дамаўляюцца на абслугоўваньне ў тутэйшым аддзяленьні Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў, малыя зьбягаюць у новы гіпермаркет. Ад стракатых вітрынаў іх адрываюць па аднаму. Пасьля яны выглядаюць разгубленымі, жуюць цукеркі, мяняюцца так званымі фанцікамі.

Галоўны ў Пінску экскурсавод Тацяна Хвагіна адзначае, што яе бянтэжыць такая абыякавасьць дзяцей да гісторыі:

– Дзеці дэманструюць, што цяпер не прэстыжна наведваць музэй, іх не цікавяць помнікі на вуліцах, яны пасьміхаюцца з архітэктуры будынкаў, – зазначае Тацяна Хвагіна, – і гэта паказчык нізкай агульнай культуры. Такія адносіны нельга зьмяніць па загаду альбо распараджэньню. Не толькі ў Пінску, а ва ўсёй Беларусі згублены попыт на экскурсіі. Прыглядзіцеся: музэі і помнікі не рамантуюцца, адсутнічаюць месцы для паркоўкі аўтобусаў, няма прыбіральняў. Пошук апошніх можа перакрэсьліць ўсе добрыя ўражаньні ад гораду і забраць частку каштоўнага экскурсійнага часу...

Накірункі разьвіцьця турызму ў Пінску вызначае аддзел гарвыканкаму па фізычнай культуры і турызму. Узначальвае яго Віктар Шацкоў. Ён пераконвае, што Пінск знаходзіцца ў баку ад традыцыйных турыстычных маршрутаў.

– Не даводзіцца спадзявацца, што сталічныя ці абласныя турфірмы кінуцца раскручваць наш рэгіён. А на месцы мы не атрымліваем дастаткова фінансавых сродкаў, каб канкурыраваць зь імі на роўных.

Сапраўды, хіба толькі так званыя настальгічныя туры даяжджаюць цяпер да Пінска здалёку. Добрыя водгукі тут пакідаюць палякі і габрэі, чые родныя жылі і працавалі тут да выгнаньня саветамі ў 1939 годзе і фашыстамі – у 1941. Каталікі падарожнічаюць па шляху кананізаванага Рымам сьвятога Андрэя Баболі. Юдэі выяўляюць цікавасьць да радзімы зноў набываючага папулярнасьць у Ізраілі і ЗША рэлігійнага цячэньня каралін-столінскіх хасыдаў. Нават са Швэцыі і Галяндыі Піншчыну наведваюць цяпер удзельнікі экалягічных тураў.

Дарэчы, 27 з усіх 40 экскурсій для замежных гасьцей арганізавалі сёлета прыватнікі. Але не буду называць іх прозьвішчы, каб не выклікаць такім чынам перасьлед з боку падатковай інспэкцыі. Як падкрэсьлівае адзін з пінскіх краязнаўцаў Аляксей Д., пакуль не матэрыяльныя прыбыткі вызначаюць цікавасьць да разьвіцьця турызму. Суразмоўца верыць, што рамантычны воблік Палесься яшчэ будзе запатрабаваны. Прыклады турыстычнага буму Пінск зьведаў у 1930-я.

Я спашлюся на першы турыстычны даведнік Пінска Фэрдынанда Асяндоўскака. Аўтар паведамляе, што для прыёму гасьцей Пінск меў пяць гатэляў. Найбольш зь іх "Гатэль Эўрапейскі" здаваў у арэнду "чоўны палешука", на якіх можна было зрабіць падарожжа па Піне і Прыпяці. Канкурэнтам гатэлю была "Кантора Фельдмана" – экскурсіі па Прыпяці і прытокам. А "Крама Карабовіча" забясьпечвала турыстаў усім неабходным рыштункам.

У тыя гады на беразе возера Гарадзішчанскае ля Пінска працаваў Дом турыста. У самім горадзе пры гімназіі існавала база байдарак.

Садзейнічаньне ў кантактах пінчукоў і турыстаў аказвала Ліга падтрымкі турыстаў (LPT). У Пінску таксама працавала прадстаўніцтва буйной польскай турыстычнай фірмы "ORBIS". Пры ёй была спэцыялізаваная крама ў продажы турыстычнай літаратуры, буклетаў, мапаў.

У 1930-я ў Пінску была заснаваная традыцыя штогадовых кірмашоў. Пад прыезд гасьцей ладзілі шмат вясельляў. Многія ахвотныя былі паўдзельнічаць, адорвалі гаспадароў. Узьнікла мода на палескую экзотыку. Асаблівы попыт быў на вырабы ткацтва і ганчарства. Дарэчы, у час пінскіх кірмашоў сустракалі і суправаджалі турыстаў навучэнцы мужчынскай і жаночай гімназіяў. Пазьней яны самі навучалі дзяцей любові да роднага краю.

Галіна Баравая

16.07.2008

Паказуха ў вёсцы касманаўта

Будаўніцтва аграгарадку Тамашоўка выклікае самыя розныя чуткі на Берасьцейшчыне. Зь непрыемных – тут незаконна пасеялі два гектары маку.

Нядаўна повят польскага гораду Влодава зноў зьвярнуўся ў Берасьцейскі аблвыканкам з прапановай аднавіць гістарычную пераправу на Бугу ля вёскі Тамашоўка. Палякі пераконваюць, што беларускай уладзе варта спраўдзіць свае заявы і зубадаваць нарэшце мост між суседнімі паселішчамі. Дапамагчы землякам сустракацца хаця б у сьвяты.

– Пераправу між суседнімі вёскамі зьнішчыла вайна, – кажа найстарэйшы жыхар Тамашоўкі Іосіф Хамічук, – а ў 1944-м саветы пачапілі тут "калючку". Больш як 63 гады мы разлучаныя са сваякамі. Самому мне ніводнага разу не ўдалося выбрацца за Буг. Не дачакаюся, відаць, і цяпер.

У Тамашоўскім музэі – ні слова пра даўнія стасункі з Польшчай. Забыліся нават пра заснавальніка паселішча Тамаша Замойскага. Забыліся на ахвяраў вайны 1914-га, калі ля  чыгуначнай станцыі пахавалі салдат кайзэраўскай Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны, Польшчы і Расеі. Няма ўспамінаў пра ўцекачоў палякаў і гаротных габрэях ў 1942. Іх зьнішчылі ў Тамашоўскім гета.

Я зьвяртаю ўвагу на недахопы ў цяперашнім музэі. Бо першы, які існаваў ад 1978 году, разбураны. У новым жа – усё толькі пра касманаўта Пятра Клімука. Бачок для вады ў космасе, генэральскі мундзір, некаторыя ўзнагароды. Раней касманаўт аддаў у Тамашоўку свой касьмічны скафандар, але 30 жніўня 1998 году яго ўкралі невядомыя. Злодзеяў шукаюць да сёньня. Разам са скафандрам зьніклі гідракамбінэзон, рукавіцы, цеплаахоўны касьцюм ды іншыя рэчы.

Цяпер сярод галоўных экспанатаў – клясны журнал, кніжкі і школьная парта, за якой нібыта побач сядзелі Пётр Клімук – будучы двойчы герой СССР і Пётр Пракаповіч – будучы Герой Беларусі, старшыня Нацбанку Беларусі.

Галоўная вуліца Тамашоўкі названая імем Гагарына. Тут нядаўна перакапалі кветнікі і збудавалі альпійскія горкі. Сянажную плітку замянілі на каляровую.

Разбурылі ў Тамашоўцы ранейшы будынак школы. Грошы на будаўніцтва новай, а гэта больш як адзін мільярд рублёў, дапамаглі выбіць былыя вучні – касманаўт і банкір. Пра гэта нават першаклясьнікі заяўляюць.

У Тамашоўскай школе – уласны зімовы сад з экзатычнымі расьлінамі, два басэйны, вэстыбюль з настольным тэнісам, дзьве залі для гульнявых відаў.

Кіруе цяпер сельгаспрадпрыемствам "Камароўка" ў Тамашоўцы Васіль Пракаповіч. Некаторы час назад ён атрымаў крэдыт на рэканструкцыю дзьвюх малочных фэрмаў. Цяпер завяршаецца будаўніцтва птушкафабрыкі на ўтрыманьне ў год 10 мільёнаў галоў птушкі. Пачынаецца будаўніцтва камбікормавага заводу.

У Тамашоўку падведзены прыродны газ. Старыя інжынэрныя сеткі водазабесьпячэньня і каналізацыі заменены на новыя. Зьявіліся тратуары і добрае асфальтавае пакрыцьцё. Другое жыцьцё атрымаў даўно бязьдзейная рэстарацыя. Зноў працуе і вясковы гатэль "Славянка".

А цяпер пра факты, якія спадарожнічаюць абвалу грошай на радзіму касманаўта і банкіра. У апошнія дні чэрвеня ля Тамашоўкі былі выяўлены міліцыянтамі пасевы маку. Агульная іх плошча – два гектары. Незаконны ўраджай наркатычнага зельля – 600 кіляграмаў. У Тамашоўцы сёлета выяўлены тры ачагі калектыўнага самагонаварэньня. Некалькі чалавек накіраваныя ў ЛТП. Яшчэ некаторыя пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.

Тым часам берасьцейскія СМІ пачалі друкаваць запрашэньні для наймітаў. Як вынікае, аграгарадку Тамашоўка патрабуюцца даяркі, мэханізатары, вадзіцелі, паляводы, дворнікі і шмат хто яшчэ.

Галіна Баравая

07.07.2008

У Пінску знойдзена пячатка найбагацейшага габрэя

Больш як 100 гадоў праляжала ў зямлі асабістая рэч Майсея Лур'е – першага гаспадара дзейнай і цяпер фанэрнай фабрыкі.

Сёлета спаўняецца роўна 105 гадоў, як у Пінску пачалі вырабляць папулярную для таго часу прадукцыю – клееныя фанэрныя лісты. На месцы іх сушылі, пасьля фарбавалі, шліфавалі і паліравалі. Тавар пасьпяхова разыходзіўся ў Эўропе. Ужо тады лісты фанэры выкарыстоўваліся пры абліцоўцы сьценаў, узьвядзеньні перагародак, а таксама ў аддзелцы інтэр'еру памяшканьняў. Для вытворчасьці выдатна падыходзіла палеская вольха. Зарасьлі яе былі бязьзмежныя, а нарыхтоўка – ручная і даступная.

Інвэстарамі ўкараньненьня новай тэхнялёгіі зьяўляліся браты Лур'е – грамадзяне Аўстра-Венгерскай імпэрыі. Да таго часу Рыгор, Майсей і Давід Лур'е мелі ва ўласнасьці фабрыку па вырабу шавецкіх драўляных цьвікоў, фанэры і фанэрных скрынак. Ад 1892 году працавала і Пінская запалкавая фабрыка.

Былая фанэрная фабрыка Лур'е знаходзіцца ў Пінску непадалёку ад чыгуначнага вакзалу. Да цяперашняга часу памяшканьні фабрыкі выкарыстоўвае вытворчае аб'яднаньне "Пінскдрэў". Яно таксама вырабляе і экспартуе клееную фанэру.

Цікавасьць да сям'і Лур'е абудзілася цяпер у Пінску ў сувязі з сэнсацыйнай знаходкай. Мясцовы вадзіцель Аляксандар Піліповіч перадаў у Муэй беларускага Палесься сапраўдную асабістую пячатку Майсэя Лур'е – заснавальніка і гаспадара Пінскай фанэрнай фабрыкі.

– Я выпадкова знайшоў рэч на дарозе, – расказвае Аляксандр Піліповіч, – спачатку меркаваў, што гэта набойка для каблука, бо яна мела форму эліпса і была вельмі замызганая. Але калі ачысьціў, то ўбачыў літары. Спэцыялісты падказалі – гэта пячатка.

Дырэктарка пінскага музэю Ірына Дзямчук ухваляе ўчынак спадара Піліповіча:

– Дзякуй яму за вельмі дарагі для Пінску экспанат. Цяпер больш канкрэтна мы зможам знаёміць жыхароў і гасьцей горада са знакамітымі пінскімі прамыслоўцамі Лур'е. Пячатка – ключ да нашай новай экспазыцыі.

Магу парадаваць пінскіх музэйшчыкаў яшчэ адной навіной. Кандыдат гістарычных навук Іна Герасімава адшукала дакладныя зьвесткі пра сына Рыгора Лур'е – Ісаака. Ураджэнец Пінска быў дыпляматычным прадстаўніком ураду БНР у Капэнгагене, а пазьней у Бэрліне.

Для прызнаньня ў іншых краінах тады патрабаваліся дзейныя меры энэргічных прадстаўнікоў. Адным зь іх якраз і быў Ісаак Лур'е.

Нарадзіўся ён у жніўні 1890 году. Закончыў Пінскую рэальную вучэльню. Пасьля атрымаў дукацыю гісторыка і журналіста. У 1915 Ісаак у Стакгольме рэдаагуе газэту "Скандынасўкі веснік". У 1919 у Даніі стварае Балтыйскае тэлеграфнае Агенцтва. Крыху пазьней пачынае супрацоўнічаць з урадам БНР. Хутчэй за ўсё немалаважнуюролю ў гэтым адыграў Раман Скірмунт – вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага руху, уладальнік маёнтка Парэчча ля Пінску.

Галіна Баравая

02.07.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: