Барометр № 9, верасень
|
З поймы Прыпяці выганяць фэрмэраў
Чыноўнікі на месцах пачынаюць выконваць загад свайго прэзыдэнта. На фэстывалі-кірмашы "Дажынкі" ў Воршы Аляксандар Лукашэнка зноў нагадаў пра сваю мэту разбагацець на голадзе ў сьвеце. У бліжэйшыя два гады, заявіў ён на гуляньні, "у Беларусі будзе пабудавана дадаткова 118 буйных сучасных малочнатаварных комплексаў". Асноўнае месца будаўнічага штурму – Палесьсе. Больш дакладна – пойма ракі Прыпяць. Мясьціны, на якія замахваўся некалькі партыйны бос краіны Пятро Машэраў. Яшчэ пры ім балоты-нерушы былі аб’яўленыя Ўсесаюзнай камсамольскай ударнай будоўляй. За амаль 40 гадоў на Палесьсі асушана больш як тры мільёны гектараў. На сёньня, паводле афіцыйнай інвэнтарызацыі, 892,5 тысячы га (30,6 %) усіх асушаных сельгасугодзьдзяў патрабуюць рэканструкцыі. Сытуацыю зьбядненьня ва ўрадлівасьць поймы Прыпяці, Ясельды, Гарыні памалу выпраўлялі фэрмэры. Да прыкладу, толькі ў Лунінецкім раёне яшчэ ў 1997 годзе былі зарэгістраваныя 159 фэрмэрскіх гаспадарак. Амаль кожны з новых гаспадароў атрымаў зямлю на ўскраінах мэліярацыйных саўгасаў. Памятаю, напрыклад, масавых сыход у фэрмэры спэцыялістаў саўгасу "ХХV зьезд КПСС". Адмаўляліся ад пасадаў, бо бачылі паратунак ва ўласнай справе. Квітнее (іншую характарыстыку цяжка прыдумаць) фэрмэрская гаспадарка "Чаркасы". Тут і цяпер пашыраецца фруктовы сад, будуецца новае сховішча для пладоў. Непадалёку яшчэ адзін прыклад добрай фэрмэрскай гаспадаркі "Юліян". Тут усяго на 500 гектарах атрымліваюць столькі ж прадукцыі, колькі ня мае сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў "Багданаўка", у якога ажно ў 7(!) разоў больш зямлі. Усяго за фэрмэрамі на Лунінеччыне 3,5 тысячы гектараў былой пустэчы. У папярэднім годзе фэрмэрскія гаспадаркі заплацілі 138 мільёнаў рублёў падаткаў. У гэтыя дні прыватная гаспадарка "Навіцкі В.К. " аплачвае працу больш як 60 наёмных. Яны выбіраюць моркву, рыхтуюць яе для захоўваньня ў мікраклімаце сховішча на 2 тысяч тон. У гаспадаркі "Чаркасы", "Юліян", "Навіцкі В.К. " і ўсе іншыя "востравы свабоды" зачасьцілі чыноўнікі. Пінскі міжраённы камітэт дзяржаўнага кантролю атрымаў заданьне скласьці сьпіс фэрмэраў на высяленьне. Першыя высновы праверкі. Фэрмэрскіх гаспадарак у Лунінецкім раёне менш ня стала. Аднак афіцыйную рэгістрацыю захавалі толькі 72. У іншых гаспадароў зямля таксама не пустуе, аднак яны падлягаюць высяленьню. Першы намесьнік старшыні Лунінецкага райвыканкаму Ўладзімер Пяцько спраўдзіў для нас інфармацыю, што Пінскі КДК даў тэрміны да вясны: – Давядзецца сварыцца з фэрмэрамі, некаторых – высяляць. Напачатку было ў Лунінецкім раёне 159 фэрмэрскіх гаспадарак, пасьля – 90, засталося – 72. Колькі з апошніх уцалее ў выніку новага апэтыту дзяржавы на пойму Прыпяці? Дажывём, падлічым. Галіна Баравая 25.09.2008
Палескі траўнік атрымаў ліцэнзію
Лекар-самавук раіць: калі сёлета жадаеце назьбіраць шмат грыбоў, то струшчыце ў далонях мухамор. У інфармацыі апошніх дзён наткнулася на даўно знаёмае прозьвішча: Канстанцін Місюта. Паведамлялася, што гэты жыхар з вёскі Рудск Іванаўскага раёну на Берасьцейшчыне атрымаў ліцэнзію на нарыхтоўку й продаж лекавай травы, а таксама настояў з зёлак. Рада за спадара Канстанціна. Пры віншаваньні выказала прадчуваньне, што дапамог палешуку які-небудзь уплывовы чыноўнік з Менску. – З Крамля нават адклікнуліся, – удакладніў Канстанцін Іванавіч, – беларуская таўпяная сушаніца выратавала там высокага чалавека ад непамернага ціску крыві. Ён і паклапаціўся, каб нашыя чыноўнікі не трымалі маю просьбу пад сукном. Траўнікаў на Палесьсі шмат. Прычыны гэтага захапленьня – навідавоку. Ніколі цікаўны чалавек не вернецца з лугу ці лесу з пустымі рукамі. Канстанцін Місюта сьведчыць: – Па сваёй першай прафэсіі я – мэліяратар, пераўтвараў балоты ў ворыва. Назіраў, як пасьля асушэньня прападала ня толькі вада, птушкі, але й расьліны. Назіраньні адкладваліся ў памяці. Я пачаў заўважаць і адрозьніваць зёлкі па колеру, лістах, суквецьцях. Зьбіраў і прыносіў дамоў, высушваў іх. Набываў даведнікі, вывучаў лекавыя асаблівасьці вераску, каравяку, хмелю... Траўка за траўкай назапашваліся ў вясковай хаце Канстанціна Місюты. Спачатку лячыў імі сябе, жонку і дзяцей, а пасьля – аднавяскоўцаў. Народ множыў чуткі, а калі ў вёску пачалі наяжджаць немцы і палякі, то траўніку давялося спыніць працу ў мэліярацыі. Ён апантана практыкаваў ва ўласным досьведзе, а грошы на жыцьцё здабываў на нарыхтоўцы зёлак для аптэкаў рэспубліканскага прадпрыемства "Белфармацыя". Не магу не скарыстаць некалькі парадаў вясковага траўніка. Ён лічыць, што хатнія наборы зёлак лепш зьбіраць у Купальскую ноч, а ў іншыя месяцы году – падчас апошняй фазы Месяца, пачынаючы з 23-га дня. – Кожная расьліна ўнікальная, – адзначае Канстанцін Місюта, – адна мае карысьць з-за таго, што ў яе суквецьці, іншая вылечыць коранем, яшчэ каторая – насеньнем. Увогуле, у сьвеце існуе больш як 10 тысяч відаў лекавых расьлінаў, а мы на Палесьсі ведаем толькі 198. Для тых, хто мае праблемы са сном, траўнік Місюта прапаноўвае напхаць у падушку хмелю. Праз рэкамэндаванае траўнікам выкарыстаньне лiстоў i ягад чарнiцы можна паправіць зрок і разьвітацца з акулярамі. Шклянка адвару з васількоў абавязкова дапамагае чалавеку, які імкнецца імкнецца жыць доўга. Нядрэнны вынік пры хранічным алькагалізьме дае адвар з сумесі палыні і цімьяна (чабрэца). А яшчэ ёсьць такі грыб – шэры гнаявік. Ён выклікае рвоту ў таго, хто вып'е нават адну лыжачку гарэлкі ці шкляначку так званага чарніла. Шэры гнаявік, як папярэджвае траўнік, абсалютна ня выяўляе сябе ў іншых наступствах для арганізму чалавека. Галіна Баравая 18.09.2008
Начальнік аддзелу зьбірае... бязьмены
Асабістая калекцыя жыхара Пінска сьведчыць: да нас стандарты прыходзяць з Захаду. Прыкмета цывілізацыі – дакладныя стандарты. А зь імі ў Беларусі цяпер бяда. І каб надаць праблеме ўвагу, ад 15 верасьня арганізаваны месячнік стандартызацыі ў працы і паслугах будаўнічай галіны. Паводле старшыні Дзяржкамітэту па стандартызацыі ў Беларусі Валеры Карашкова, у кантролі за якасьцю на будоўлі цяпер "разброд і хістаньні". Склалася сытуацыя, што Беларусь змушаная наўпрост капіяваць стандарты Эўразьвязу. Па дадзеных Валеры Карашкова, у 2006-2007 гадах запазычаны ажно 151 дакумэнт. – Гісторыя паўтараецца, – лічыць Уладзімер Броўка, начальнік аддзелу Пінскага цэнтру стандартызацыі і мэтралёгіі, – Расея, а за ёй і Беларусь заўжды пераймалі чужыя стандарты. Каб не было сумневу, суразмоўца запрашае ў невялікі пакойчык. У вітрынах і на стэндах разьмешчаныя экспанаты незвычайнай калекцыі – старадаўніх і больш малодшых па свайму ўзросту вагаў, гіраў, бязьменаў. Кожны інструмэнт мае кляймо. Яны – нямецкія, польскія, габрэйскія, расейскія. Зьбіральнік калекцыі тлумачыць, што ў Заходняй Беларусі да 1939 году існавала дакладная сыстэма кантролю за гаспадаркай вагаў. Без кляйма на гірах ці вагах працаваць забаранялася. Калі ад частага выкарыстаньня гіра зношвалася, то гаспадар зьвяртаўся ў гарадзкую кантору вымярэньня. Спэцыялісты зьнімалі кляймо (яно было з чырвонай медзі) і дадавалі ў спэцыяльна пакінутую пры вырабе пустату патрэбную вагу мэталю. Без кляйма прыборы забаранялася выкарыстоўваць. За невыкананьне гэтага патрабаваньня гандляры атрымлівалі штрафы ці пазбаўляліся ліцэнзіі. – Кто сам худ, а голова с пуд? – па-руску запытвае Ўладзімер Броўка. Адказваю адразу: бязьмен! Такія ручныя вагі некалі перайшлі ад майго дзеда да маці. Для мяне бязьмен – мэталічная палка, якая з аднаго боку мае грузіла, а з другой – ланцужок з крукам для ўзважваньня тавару. Бязьмен, што ў калекцыі Ўладзімера Броўкі, выкаваны ўручную. Выглядае выдатна. Плячо ўпрыгожанае малюнкам. Цэнтар цяжару перасоўваецца па палцы, на якой пазначаныя меткі. На адным бязьмене – фунты і долі фунтаў. На другім – кіляграмы і грамы. Гаспадар калекцыі тлумачыць, што бязьменам нават у БССР карысталіся ў гаспадарцы і на рынках. – У Эўропе ж бязьмен быў забаронены яшчэ ў XIX стагодзьдзі. Узважваць тавар такім чынам было на руку махлярам, з-за "здольнасьці інструмэнту да абману", – удакладняе Ўладзімер Броўка. Усе бязьмены, дарэчы, у калекцыі Ўладзімера Броўкі спраўныя, адрэстаўраваныя яго ўласнымі рукамі. Цікава таксама, што ў калекцыю пінскага зьбіральніка трапляюць фальшыўкі. Прыкладна сто гірак – ад 30 грамаў да аднаго кіляграма канфіскаваныя на рынках у Лунінцы, Століне і Пінску. Цяперашнія камэрсанты не цураюцца высьвідраваць дзірку ў гіры для продажу тавару ці, наадварот, накляпаць некалькі грамаў лішняга мэталю для нарыхтоўкі прадуктаў ці ягад. Галіна Баравая 17.09.2008
У Пінску вада зьядае сантэхніку
Мэдыкі папярэджваюць, што адкрываць краны можна толькі ў выпадку вострай неабходнасьці. У Пінску сьпяшаюцца мадэрнізаваць дзеючы водазабор "Піна-2". У мясцовых чыноўнікаў зьявіліся спадзяваньні на фінансавую дапамогу Міжнароднага банку рэканструкцыі й разьвіцьця. Нядаўна МБРР заявіў: выдаткуе Беларусі спэцыяльную інвэстыцыйную пазыку ў 60 мільёнаў даляраў ЗША. І, як удакладняе галоўны тэхноляг Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Раіса Кірпічэва, у праект уключаныя 22 аб’екты ў Пінску, а таксама ў Рагачове, Берасьці, Баранавічах , Ганцавічах і ў некаторых іншых гарадах Беларусі. Са словаў спадарыні Кірпічэвай, тэрмін крэдытаваньня –17 гадоў, уключаючы пяцігадовы льготны пэрыяд. – Пінск трапіў пад увагу МБРР па прычыне зношанасьці сыстэмы водазабесьпячэньня, – кажа былы дэпутат гарсавету Юры Бахцераў, – патрабуецца павелічэньне аб’ёмаў здабычы пітной вады, замена фільтраў яе ачысткі, а таксама рэканструкцыя вадаводаў. І калі цяпер раптоўна ўзяліся за гэтую працу, то так званыя слабыя месцы ў сыстэме водазабесьпячэньня горада лопаюцца. Са словаў суразмоўцы, у мікрараёне Альбрэхтова, дзе цяпер блізу 30 тысяч жыхароў, вада з кранаў мае брудны колер. Праз гарадзкое радыё і мясцовы друк тутэйшае насельніцтва папярэджана – ваду з кранаў можна выкарыстоўваць на гаспадарчыя патрэбы, а піць – толькі пасьля кіпячэньня ў выпадку вострай неабходнасьці. У кватэры на вуліцы Іркуцка-Пінскай дывізіі спадар Бахцераў напоўніў пляшку вадой з колерам кавы і занёс на вызначэньне яе якасьці ў гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Ён нават паскардзіўся: брудная вада зьядае сантэхніку. Сьляды ад яе не паддаюцца выдаленьню праз выкарыстаньне нават хімічных сродкаў. – Гэта вада з крана сапраўды мае брудны колер, – пагаджаецца намесьніца цэнтру Марыя Козіч, – акрамя таго, у ёй прыкладна ўтрая больш жалеза й іншых прымесяў. Гэта вынік, што асадкі трапляюць у трубы і назапашваюцца. Запытваю санітарнага ўрача, што рабіць жыхарам, як водакарыстальнікам? Яна кажа: – Мы рэкамэндуем часова ўстрымацца ад спажываньня водаправоднай вады. Нагадваем жыхарам, што для кухні і піцьця неабходна набываць чыстую ваду, а таксама мінэральную. Трэба імкнуцца выконваць гэта. А як інакш? Юры Бахцераў таксама не супраць рэкамэндацый, але, па ягоных словах, мікрараён Альбрэхтова – найстарэйшы ў Пінску, тут жыве многа людзей сталага ўзросту, хворыя і інваліды. – Ім не па кішэні купляць ваду, іншыя ж ня могуць выйсьці на вуліцу з-за інваліднасьці. Хіба нельга было арганізаваць падвоз пітной вады і раздачу яе ў кватэры нямоглых? – зьдзіўляецца спадар Бахцераў, – Няўжо не палохае мэдыкаў і чыноўнікаў пагроза ўспышкі якой-небудзь інфэкцыі? На жаль, прыкметы горшага ўжо насоўваюцца. Паводле ўліку экстранай дапамогі, у Пінску нядаўна на некалькі сутак было спынена водазабесьпячэньне шматкватэрнага дому на вуліцы Студэнцкая. Санітарнай службе давялося рабіць дэзынфэкцыю трубаў і памяшканьняў. Галіна Баравая 11.09.2008
Крыўдзяць памяць пра ад’ютанта Касьцюшкі
Са сьпісу постацяў на помніку героям Берасьцейшчыны выкінуты паплечнік нацыянальнага змагара. Улады Берасьцейшчыны склалі праграму падрыхтоўкі да 1000-годзьдзя гораду. Гэты юбілей прыпадае на 2019-ы. Сярод шматлікіх прапаноў арыгінальнасьцю вызначалася ідэя мясцовых суполак мастакоў, скульптараў, архітэктараў. Больш як 30 творцаў прапанавалі пабудаваць на перакрыжаваньні цэнтральных вуліц Савецкая і Гогаля высокі манумэнт з разьмешчанымі на ім постацямі найвядомейшых у гісторыі Беларусі берасьцейцаў. – Верагодных кандыдатураў вызначылі больш як 10, – гаворыць архітэктар Аляксей Андрыюк. – І гэта быў вынік грамадзкага абмеркаваньня. Адным зь першых прапанавалі ад’ютанта Тадэвуша Касьцюшкі Юліяна Ўрсына Нямцэвіча. Ён быў перадусім сваяком, сябрам, аднадумцам, сакратаром. Раненага Нямцэвіча разам з Касьцюшкам імпэратрыца Кацярына II адправіла ў Петрапаўлаўскую царкву ў Пецярбургу. Вызваленыя пасьля царом Паўлам I, Касьцюшка і Нямцэвіч разам дабіраліся да ЗША. Беларускі гісторык Адам Мальдзіс кансультаваў берасьцейскі ініцыятараў. Ён дадае: – Чамусьці ў Беларусі часьцей узгадваюць адзін, няхай і яркі, пэрыяд з жыцьця Нямцэвіча. Але ж у гісторыю культуры Эўропы ён увайшоў як таленавіты пісьменьнік. Нельга таксама забываць, што Юліян Нямцэвіч – грамадзкі дзеяч, трыбун. У сваім радавым маёнтку Скокі ля Берасьця зьбіраў і захоўваў шматлікія культурныя каштоўнасьці. Сёлета 16 лютага на Берасьцейшчыне адзначалі 250 угодкі Юліяна Нямцэвіча. Да гэтай даты ўлада прысьпешыла рэканструкцыю сядзібы ў Скоках. Было заяўлена, што цалкам двухпавярховы будынак адновяць да 2010 году. Добраўпарадкаваны будзе і вялікі сядзібны парк. Рыхтуецца таксама мэмарыяльная шыльда з тэкстам пра тое, што Касьцюшка часта наведваў Скокі, уласнаручна пасадзіў тут некалькі дрэваў. Цікава, што ў адным са сваіх твораў пісьменьнік Нямцэвіч прадказваў Берасьцю ў будучым эканамічны росквіт. Ён прадракаў: "Пладамі Эўропы і Азіі напоўняцца берагі Буга і Мухаўца". У год шаноўнага юбілею Юліяна Нямцэвіча цяперашні губэрнатар Берасьцейшчыны Канстанцін Сумар у падзяку выказваўся: – Берасьцейская зямля стала радзімай выбітнага польскага пісьменьніка, публіцыста і грамадзкага дзеяча. Мы выдаткуем адзін мільярд рублёў на адналеньне яго радавой сядзібы. У ёй размесьціцца раённы музэй. Сёньня Канстанцін Сумар пагаджаецца, каб постаць Юліяна Нямцэвіча не зьявілася на помніку ў Берасьці. Чаму? Са словаў губэрнатара, Нямцэвіча замніць фігура Афанасія Філіповіча. Скульптары будуць ляпіць таксама постаці памежніка СССР Андрэя Кіжаватава і першага героя Беларусі лётчыка Ўладзімера Карвата. Пакінем пакуль сытуацыю без камэнтароў. Відавочна, што загадваць сёньня на падзеі 2019-га – марная справа. Галіна Баравая 08.09.2008 |