Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Брест Барометр № 11, лістапад
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Барометр № 11, лістапад

Прафэсія мужчыны-нянькі набывае пэрспэктыву

У Беларусі гэта – рэдкасьць. А ў Японіі па законе кожны чацьвёрты выхавацель мусіць быць "нянем". Мінімум адзін на групу – у ЗША.

У дзіцячым садку "Журавінка" ў Пінску на стаўцы выхавацеля працуе выпускнік тутэйшага пэдагагічнага каледжу Ігар Жылевіч. Ён нядаўна адслужыў у памежных войсках і зноў вярнуўся на ранейшае месца.

– З выбарам прафэсіі ў мяне не было складанасьці, – пераконвае юнак.– у дзіцячым садку працуе мая мама. І калі я вучыўся ў гімназіі, а пасьля ў каледжы, то ўжо тады бачыў сваю будучыню. Папрасіўся ж менавіта ў ясьлі-сад №8 "Журавінка", бо сам яго наведваў у маленстве.

У бязвусага "няня" цяпер пяцігадовыя падапечныя. Паводле нядаўняй атэстацыі, Ігар Жылевіч атрымаў другую кваліфікацыйную катэгорыю, што зьяўляецца высокай ацэнкай ягонай працы з выхаванцамі. Павагі дадае ўменьне Ігара сьпяваць пад гітару. Яшчэ ён кіраўнік гуртку "Юны джэнтэльмэн". Хлопчыкі знаёмяцца з этыкетам, развучваюць танцы, клапоцяцца пра новы акварыюм і жывы куток.

Гульні і заняткі ў групе Ігара Жылевіча тыя ж, што і ў іншых. Таксама ў яго абавязкі ўваходзіць і посуд своечасова памыць, і прыбраць, калі нешта неспадзяванае здарылася, і ложкі пераслаць. І ўсё гэта трэба зрабіць, каб дзеці бачылі і вучыліся.

– Ігара чакае добрая будучыня, – упэўненая загадчыца "Журавінкі" Вольга Залівака. – Ён цяпер завочна вучыцца ў Гарадзенскім пэдагагічным унівэрсытэце. Вышэйшая адукацыя дазволіць мужчыне выбіраць любую ўстанову адукацыі, тым больш, дзеці да яго цягнуцца, а калегі паважаюць.

Мая асабістая гутарка зь Ігарам наважыла на пошук інфармацыі аб пэрспэктывах мужчынскай прафэсіі выхавацеля ў дзіцячым садку. То, на маю думку, скептычна пакуль разьлічваць што заробак крышку большы за 300 тысяч рублёў можа завабіць юнакоў на такую працу. Насьцярожана пакуль успрымаюць досьвед "Журавінкі" ў іншых калектывах. Людзі з вуліцы ўвогуле рэагуюць на сытуацыю "мужчына і дзіцячы" сад як на камэдыю. Адна пінская дама нават такое сказала: "Сильный пол в садике – это как слон в посудной лавке. Ха-ха!"

Інакш лічаць спэцыялісты. Як даведалася ва ўпраўленьні ўстановаў дашкольнай адукацыі галіновага міністэрства, ужо больш за адну тысячу юнакоў і мужчынаў працуюць у дзіцячых садках. Большасьць зь іх занятыя тэхнічным утрыманьнем будынкаў і памяшканьняў, але нязьменна  павялічваецца колькасьць выкладчыкаў музыкі, фізкультуры, псыхалёгіі.

– Прафэсія мужчыны-нянькі набывае пэрспэктыву, – лічыць кандыдат пэдагагічных навук Тацяна Галубовіч, – адукаваных у гэтай справе беларусаў ахвотна запрашаюць на працу ў Эўропе. Там перакананыя, што для выхаваньня дзіцяці патрэбныя як пяшчота жанчыны, так і сіла мужчыны.

Скарыстаю даведку, атрыманую ад Тацяна Галубовіч. Па статыстыцы, у Японіі, у адпаведнасьці з законамі гэтай краіны, у кожным дзіцячым садку колькасьць выхавацеляў-мужчын мусіць складаць ня менш 25%. У ЗША ў кожнай групе павінен працаваць, як мінімум, адзін выхавацель. Каб падтрымаць і заахвоціць "адказнае бацькоўства" ўсьлед за ЗША многія краіны ўвялі адмысловае сьвята – Дзень бацькі. І нават ў Расеі гэтае сьвята таксама набывае папулярнасьць.

Галіна Баравая

28.11.2008

Пінчукі выкінулі Леніна з фотальбомаў

А непагадзь пагражае зваліць яго з пастамэнту: кавальскія швы на помніку пачалі трэскацца і прапускаць вільгаць. Засталося ціскануць марозу і…

За савецкім часам у Пінску былі чатыры вулічныя помнікі Леніну. Да сёньня ацалеў толькі адзін. Гэтую пустую ўнутры бронзавую постаць стварыў у 1970 годзе масквіч Мойша Альтшулер. Тады ж скульптуру ў шэсьць мэтраў вышыні замацавалі на высокім пастамэнце ля былой каталіцкай бажніцы, якую савецкі КДБ выкарыстоўваў як турму.

Зусім нядаўна Пінск адзанчаў 911-ы дзень нараджэньня. Народ тоўпіўся на ленінскай плошчы , дзе весела гралі самадзейныя музыкі на традыцыйным палескім кірмашы. Мала хто з прысутных не карыстаўся фотаапаратам. Наводзілі аб’ектывы на дзяцей ля пухнатых хлебных караваяў, на мужчынаў ля бочкі зь півам, на жанчынаў, якія са шчэбетам прымервалі абноўкі.

Назіраючы за балаганам на базары заўважыла абыякавасьць людзей да бронзавага ідалу. Ніхто ў бок помніка Леніну знарок нават галаву не павярнуў. Ніводзін не захацеў сфатаграфавацца ля яго.

Кажу пра гэтыя свае ўражаньні пінскаму краязнаўцу Вячаславу Ільянкову. Ён не зьдзіўляецца. Паведамляе, што ля каменнага Леніна пінчукі ніколі ня мелі ахвоты фатаграфавацца.

– Я перагледзеў ужо сотні хатніх альбомаў з паштоўкамі, прафэсійнымі і аматарскімі здымкамі, – пераконвае спадар Вячаслаў, – магу засьведчыць, што некалі пінчукі жадалі быць сфатаграфаванымі ля фантанаў ці на набярэжнай ракі Піна. Асаблівай папулярнасьцю карысталася каменная лесьвіца да вады напачатку вуліцы Камсамольская. Амаль у кожнай сям’і захаваліся здымкі людзей на рачных лодках і катэрах. Шмат адлюстраваньняў касьцёлу Францысканцаў і царквы сьвятой Варвары. А вось помнікі Леніну напаткаў толькі на некалькіх кадрах.

Па меркаваньню спадара Ільянкова, мажліва, жыхары правінцыйнага Пінску пазбаўляліся ад здымкаў ля помніка правадыру рэвалюцыйнага перавароту пасьля чарговых разгромных пленумаў ЦК КПСС. Інакш як патлумачыць, што нават у краязнаўчым музэі няма ніводнага здымка Леніна ў сквэры насупраць будынку гідрамэліярацыйнага тэхнікума?.

– Я ж сам памятаю, як ля Ільіча, які адпачываў, седзячы на лаўцы, прыпыняліся дзеці. Няўжо ніхто не фатаграфаваў, калі гарэзы ўзьбіраліся Леніну на калені? – сумняваецца Вячаслаў Ільянкоў.

Ці доўга яшчэ бронзавы Ленін будзе займаць месца на старажытным замчышчы горада над Пінай?

– Калі ўлады ня прымуць рашэньне зьнесьці помнік, то стыхія гэтаму паспрыяе, – перакананы пінчук Мікалай Клімовіч, які апынуўся найбольш назіральным да ўзьдзеяньня сілаў прыроды на бронзавую статую.

Назіральнік ужо заўважыў, што кавальскія швы на помніку Леніну пачалі трэскацца і прапускаць вільгаць дажджу і сьнегу ва ўнутраную пустату помніка.

– Ападкі зьбіраюцца пераважна ў апорнай правай назе, – удакладняе Мікалай Клімовіч, – унутры ўжо саржавела мэталічнае ўмацаваньне і абавязкова калі-небудзь здарыцца, што ў крытычны мароз лопне кантакт між бэтонам і бронзай. У выніку Ленін бразьнецца аб зямлю...

Галіна Баравая

26.11.2008

Нажом і сякерай пра закінутую Бацькаўшчыну

Апошні жыхар белавескай вёскі Стойлы стварыў музэй драўляных цацак. Аднак цяпер ён дадае ім драматызму.

Драўляны лысы чалавечак з вусамі пад носам пагрозьліва махае кулачком на лупатых людзей з круглымі жывоцікамі.

– Пазнаеш, хто гэта?, – запытвае дзядуля Мікалай Тарасюк і жартаўліва ўсьміхаецца. – Лукашэнку ня зблытаеш, ён тут бог, цар і воінскі начальнік.

Азіраюся па баках. Усюды фрагмэнты вясковага жыцьця. Хаткі і хлявы пад саламянымі дахамі. Драўляны млын. Вол і карова, запрэжаныя ў саху. Дзед і баба з цапамі. Міліцыянт – рукі ў бакі. Мужык з хамутом на шыі і аглоблямі возу пад пахамі...

– Колькі ж тут цацак? – запытваю ў гаспадара.

– Ужо апошнія, – кажа ён і тлумачыць, што папярэднія некалькі соцень разышліся па сьвеце.

Слухаю 76-гадовага Мікалая Тарасюка і занатоўваю зь яго расповеду, што захапленьне драўлянай скульптурай прыйшло да яго з-за немачы. Даўно некалі прастудзіўся на калгаснай працы, атрымаў інваліднасьць, вось і заставаўся з малымі дзецьмі дома, пакуль жонка зарабляла працадні. Каб было ў хаце не самотна, майстраваў ножыкам цацкі.

Праз гады забавак толькі большала. Дзядзька пачаў скарыстоўваць фарбу, салому, каляровыя апранахі з абрэзкаў тканіны. Асабліва ўдаваліся вясельныя сцэнкі, сялянская талака альбо напамінак пра вясковыя абрады. Не ленаваўся рэзчык вывозіць свой драўляны люд на продаж у Пружаны і Камянец. Там яго заўважылі журналісты. А пасьля іх публікацый пайшло-паехала. Драўляныя цацкі вясковага дзядзькі трапілі на выставы ў Маскве, Менску, Берасьці. На чарговых "Дажынках" ля іх жартаваў Лукашэнка.

Мікалай Тарасюк мае архіў розных узнагародаў. Ён нават ляўрэат спэцыяльнай прэміі "За духоўнае адраджэньне" ў намінацыі "Народная творчасьць". Праз гэта, яка сам прызнаецца, пераасэнсаваў сваю творчасьць. Ён цяпер хоча паказаць гора людзкое.

– Хачу, каб памяталі, што я стругаў цацкі ня толькі як забаўкі, але як знакі тугі і жалобы па бацькаўшчыне. Не магу глядзець, дзеткі, як запусьцілі зямлю бур’янамі. Уся вёска вымерла. Дагніваюць хаты на былых гаманлівых сядзібах, – прыгаворвае стары і нават не хавае, што плача.

Жыве Мікалай Тарасюк ў дзедавай хаце, якую некалі атрымаў у спадчыну і перарабляў пад патрэбы сямейнага жыцьця. Калі жонка памерла, збудаваў для цацак дамок. Перанёс іх туды. Спэцыялісты ацэньваюць гэты музэй зборам прадметаў творчасьці, які сфарміраваўся натуральна і ня мае якога-небудзь прафэсійнага ўплыву і навучаньня мастацтву...

Галіна Баравая

26.11.2008

Юбілей "паркетнага" тракту Палесься

70 гадоў споўнілася шашы між Пінскам і Берасьцем, якая збудаваная ўручную зь незвычайнага матэрыялу.

Далёка ня ўсё зь мінулай гісторыі беларускага Палесься падпадае пад прыдуманы ў савецкі час тэрмін "занядбаная паншчына". Прыклад гэтаму – трывалы да сёньня брукаваны тракт зь Пінску ў накірунку Іванава, Драгічына, Кобрына, Жабінкі і да Берасьця. Адметна, што ў дарожным  будаўніцтве ў 1930-я амаль не давялося выкарыстоўваць прыродныя камяні, бо навокал былі балоты. Асноўным расходным матэрыялам стала цьвёрдая пінская "костка". Гэта быў прывабны шасьціграньнік з намёртва склееных цэмэнтным растворам кавалкаў гранітнай пароды.

Захаваліся зьвесткі, што пінскую "костку" прыдумаў польскі інжынэр Ежы Трылінскі. Ён на той час меў патэнт вынаходніцтва і пасьпяхова вёў сваю справу. Своеасаблівы "паркет" з "косткі" пакрываў ня толькі галоўную гандлёвую плошчу ля касьцёлу сьвятога Станіслава ў Пінску, але і шэраг вуліц, якія радыяльна апаясвалі цэнтар паселішча. Цікава, што сёлета да 910-годзьдзя Пінску будаўнікі ачысьцілі ад асфальту кавалак ранейшай плошчы, каб і надалей існаваў узор некалі новага тэхнічнага рашэньня ў дарожным будаўніцтве.

Таксама захаваўся да сёньня памятны знак у гонар афіцыйнага адкрыцьця дарогі Пінск-Берасьце ўвосень 1938 году. Гэта вэртыкальна ўсталяваныя, розныя па сваім памерам базальтавыя глыбы і груба абчэсаныя камяні. 70 гадоў таму на помніку была вялікая пліта зь медзі. Яе, аднак, скралі. Таму ў 1974 годзе давялося прымацоўваць шыльду зь белага мармуру. Выбіты надпіс сьведчыць: каменны знак пры дарозе ўнесены ў Звод помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.

Найбольш поўныя зьвесткі пра будаўніцтва адметнай дарогі сабраў некалі пінчук Баян Міралюбаў, які загадваў мясцовым краязнаўчым музэям. У сваіх нататках ён тлумачыць, што таксама быў адным з будаўнікоў.

Як вынікае, заказчыкам будаўніцтва дарогі стала Міністэрства грамадзкіх працаў Польшчы. Гэтае ведамства скарыстала эканамічны крызыс, які ахапіў "усходнія крэсы" пасьля Рыскай мірнай дамовы. У 35-тысячным Пінску ў той час налічвалася больш як тры тысячы беспрацоўных. Амаль кожны зь іх атрымаў магчымасьць зарабіць за працоўны дзень адзін злоты і дваццаць грошай. За гэтую сумы тады можна было набыць кіляграм ялавічыны і булку хлеба. Разьлік вёўся штодзень.

У 1939-м "паркетны тракт" апрабавалі на трываласьць савецкія танкі. У 1941-м сюдой рушылі нямецкія "тыгры". Пазьней спрабавалі ламаць "костку" мясцовыя партызаны.

Вытрывала дарога. А яе вобраз увасоблены нават у творах мастакоў. Да прыкладу, у гэтыя дні на выставе графіка Яўгена Шатохіна ў ЗША дэманструецца праца "Акальцаваная дарога". Зьбягаюць за гарызонт "косткі", нібыта пясчынкі ў пясочным гадзіньніку, а абапал дарогі – таполі, на ствале кожнай зь іх белыя сыгнальныя палосы. Прыгожа і сымбалічна.

Галіна Баравая

20.11.2008

Вясковы турызм на каралеўскай спадчыне

Жыхары камянецкага Воўчына ствараюць экспазыцыю на сядзібе былога манарха Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Воўчын – невялічкая цяпер вёска, усяго ў дваццаці хвілінах язды ад Берасьця. Людзей сюды заваблівае касьцёл Сьвятой Троіцы. Сёлета храму 235 гадоў. Узводзіўся ён як шэдэўр архітэктуры позьняга барока. У ім хрысьцілі і перапахавалі апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У Воўчыне ствараюць музэй эпохі манарха. Кіраўніком групы энтузіястаў зьяўляецца Галіна Качаноўская. Яна кажа, што ў вёсцы на кожным кроку знаходзяцца сьляды мінулага. Таму сярод назьбіранага копіі гістарычных дакумэнтаў, фатаздымкі, хатняе начыньне...

У храналёгіі, якую занатоўвае Галіна Качаноўская, чарада цікавых гістарычных падзеяў мінулага, пра якія варта нагадаць цяпер.

Такім чынам,19-га лістапада – дзень анёла Ізабелы Чартарыйскай, адной з заснавальніц  роду Панятоўскіх-Чартарыйскіх. Старажыл вёскі Воўчын Міхаіл Панько склаў пісьмовыя нататкі пра даму каралеўскай сям’і:

"Яна была ўладальніцай Воўчына і Пулаваў. У яе гонар у Воўчыне ў ХIX стагодзьдзі арганізоўвалі баль з фэервэркам. Нават вясковых людзей тады частавалі каралеўскімі прысмакамі. Пры княжне і пасьля яе ўсе вясельлі сямейства прызначаліся менавіта на 19-га лістапада".

Роўна 70 гадоў таму савецкі ўрад нібыта з прычыны неабходнасьці рамонту сабору Сьвятой Кацярыны ў Ленінградзе прапанаваў Польшчы забраць труну з бальзамаванымі парэшткамі Станіслава Аўгуста. Кароль, які кіраваў Рэччу Паспалітай 30 гадоў і давёў краіну да канчатковага падзелу, быў незапатрабаваны на радзіме нават пасьля сваёй сьмерці 25 лютага 1798 году. І ўсё ж у 1938-м палякі пагадзіліся забраць парэшткі нябожчыка з Расеі і перапахавалі іх у Воўчыне ў тым касьцёле, дзе яго некалі хрысьцілі.

20 гадоў таму ў Троіцкім касьцёле ў Воўчыне працавала экспэдыцыя на чале з доктарам гістарычных навук Міхасём Ткачовым, які ў той час быў адным з адраджэнцаў сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі. Археоляг публічна заявіў, што камуністы зьнявечылі храм у Воўчыне, а бальзамаванае цела караля, яго карона з пазалотай і срэбны сасуд з сэрцам зьніклі.

У 2007 годзе будынак касьцёлу ў Воўчыне (бяз даху, бяз вокнаў і дзьвярэй, зь дзіркамі ў сьценах) быў перададзены Пінскай эпархіі.

Таксама ў 2007 годзе  разваліўся мясцовы калгас "Прагрэс". Воўчын далучылі да суседняй гаспадаркі – ААТ "Усход-Камянец". Яе кіраўнік Андрэй Зяленка вырашыў перадаць былы канторскі будынак з чырвонай цэглы пад музэй эпохі Станіслава Панятоўскага.

Галіна Баравая

19.11.2008

Пінск наведалі знаўцы ядзерных боегаловак

Генэралы ды палкоўнікі з Расеі праінспэктавалі былую базу ракетнага палку. Рэаліі імпэту не дадалі. Будуць аднаўляць?

13 будучых расейскіх генэралаў пачыналі некалі сваю кар’еру ў лесе пад Пінскам у асабовым складзе 857-й ракетнай базы зь ядзернымі боегалоўкамі. І менавіта на "чортавым ліку" выхаваньне вышэйшых камандзіраў скончылася. У 1991 годзе ў адпаведнасьці з Дамовай аб ліквідацыі ракет сярэдняй дальнасьці Беларусь зьнішчыла гэтую зброю. Усьлед гвардзейцы-ракетчыкі перабраліся ў расейскія войскі.

Аднак сёлета зноў нагадалі пра сябе. Пінскі гарвыканкам атрымаў ад іх пісьмовыя звароты аб арганізацыі ўрачыстасьцяў у гонар 50-годзьдзя 85-га гвардзейскага Смаленска-Бэрлінскага ордэна Чырвонага Сьцяга палка ракет стратэгічнага прызначэньня і 857-й ракетнай базы зь ядзернымі боегалоўкамі да гэтых ракетаў. Вайскоўцы прасілі прыняць больш як 15 знаўцаў ракетнай зброі. Падкрэсьлівалася, што спэцыялісты на свае вочы жадаюць пабачыць, у якім стане знаходзяцца шахты для захоўваньня ракет і падземныя камунікацыі кіраваньня імі.

Пінская вэртыкаль вітала ініцыятыву расейцаў. Сьмеласьці тутэйшым чыноўнікам дадавалі заявы Аляксандра Лукашэнкі. Памятаеце?

"Калі амэрыканцы заявілі аб разьмяшчэньні сыстэмаў ПРА ў Эўропе, пра рашэньне ЗША ў адносінах Украіны і Грузіі, то скажыце, якой становіцца наша Беларусь для Расеі? Правільна, гэта аплот і той пляцдарм, якія заўжды мог быць нашым козырам", – заявіў Лукашэнка.

Зрэшты, рашучасьць Крамля ў гэтым пытаньні сёньня не назіраецца. Пакуль наведваюцца рознага роду экспэрты. Да іх можна далучыць былога начальніка касмадрому "Плясецк" генэрал-лейтэнант Ю.Жураўлёў, яго былыя аднапалчанін генэрал-маёр І.Лінкін, генэрал-маёр А.Кокін. Разам зь імі ў Пінск прыбылі палкоўнік А.Зарыцкі, палкоўнік Ю.Ястрабаў, палкоўнік Г.Сьмірноў.

Апаратчыкаў Пінскага гарвыканкаму рыхтаваў намесьнік старшыні Аляксандар Канеўскі. Ён быў і галоўным завадатарам на сустрэчы. Гаварыў пра істотныя зьмены ў эканамічным і грамадзкім жыцьці горада над Пінай. У адказ гучалі тосты за "стваральную" працу чыноўнікаў.

Пасьля гэтага ў гарадзкім Палацы культуры адбыўся ўрачысты сход. У залі было шмат вэтэранаў-ракетчыкаў. Далучыліся іхныя жонкі і дзеці. Усе ўсталі зь месцаў, калі ўносілі дублікат сьцягу 85-га ракетнага палка. Былым аднапалчанам уручылі нагрудныя знакі "Вэтэранам РВСН".

Ацьверазеньне прыйшло раніцай, калі задаволеныя і вясёлыя ракетчыкі дабраліся да вёскі Обрава Іванаўскага раёну, а пасьля празь лясныя зарасьлі – да пустых ракетных шахтаў.

Тут даўно ўжо вырвалі зь зямлі кабелі, разабралі цэглу са сьценаў былой казармы, зьніклі нават мэмарыяльныя пласьціны зь лятуні, што былі ўсталяваныя на стартавых пляцоўках...

Ну не жадаюць палешукі мець за суседа ядзерныя боегалоўкі. Адпомсьцілі ваякам.

Галіна Баравая

13.11.2008

На Прыпяць вярнуўся бронякатэр СССР

Узброены экіпаж палюе за перамяшчэньнем людзей у беларуска-украінскім памежжы.

Ураджэнец пінскага Палесься Васіль Палхоўскі зарабляў некалі грошы на службе ў Ваенна-марскім флёце Расеі. Але за адсутнасьць расейскага грамадзянства беларуса сьпісалі на бераг. Ён перабраўся на бацькаўшчыну, уладкаваўся ў Пінскі памежны атрад. У апошнія гады заявіўся актыўным сябрам тутэйшага саюзу ваенных маракоў. Быў заўважаны як агітатар былой магутнасьці баявога флёту СССР.

Канкрэтным унёскам ў справу адраджэньня воднай армады стаў клопат афіцэра Палхоўскага аб бронякатэрах, якія яшчэ ў 1990-я апынуліся на прыколе ў затоцы Прыпяці. Іх перацягнулі сюды з былой пінскай вучэльні ВМФ СССР.

І вось у гэтыя дні ўсплыла неспадзяваная навіна: былы савецкі бронякатэр №014 спушчаны на ваду пасьля аднаўленьня яго на Пінскім суднарамонтным заводзе. Капітанам ваеннага судна прызначаны падпалкоўнік Васіль Палхоўскі.

– Бронякатэр валодае неблагімі тактычнымі характарыстыкамі. Ён можа ўзяць на борт да 10 чалавек і пры гэтым хуткасьць дасягае 30 кілямэтраў у гадзіну, – заявіў на ўрачыстасьці дырэктар пінскага заводу Віктар Бруцкі.

Праваслаўны айцец Аляксей асьвяціў баявую машыну. Адмыслова для гэтага выпадку Васіль Палхоўскі апрануў сваю чорную форму афіцэра ВМФ. Ён парадаваўся за вяртаньне першага баявога катэра і паспадзяваўся, што такіх судоў на Прыпяці стане болей.

№014 кантралюе цяпер Пінскі і Столінскі ўчасткі мяжы. На рахунку ўзброенага экіпажа першыя затрыманьні прыватных гандляроў, якія вывозяць больш танныя тавары з Украіны ў Беларусь. Суседзяў затрымліваюць пры перапраўцы дроў, сена. Зрэшты, пра зьяўленьне на рацэ ціхаходнага катэра палешукі папярэджваюць адзін другога загадзя.

Варта, аднак, нагадаць, што яшчэ ў 2006 годзе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заяўляў пра намеры набываць у Расеі новыя і сучасныя катэры на паветранай падушцы. Абвяшчалася, што усё-такі каля 400 кілямэтраў дзяржаўнай мяжы праходзіць па Дняпры, Сажу, Заходняму Бугу, Нёману, Дзьвіне.

– Беларускія рэкі з норавам: іх рэчышчы зьменлівыя, на іх поўна мелкаводзьдзя . Таму нам патрэбныя судны, якія прыстасаваныя да мясцовых умоваў, з узмоцненым днішчам і ўнівэрсальным рухавіком, – заяўляў Мікалай Раманькоў, капітан 2-га рангу, начальнік адпаведнай службы ў памежным камітэце. – Нашыя патрабаваньні: катэр мусіць быць разьлічаны на 10 чалавек і разьвіваць хуткасьць ня менш як 70 кілямэтраў у час. Акрамя таго, на гэтым судне мусіць быць кухня.

Відавочна, што за два мінулыя гады беларускі бюджэт ня змог ахвяраваць патрэбныя сумы. Таму і пачаліся экспэрымэнты з былымі плаўсродкамі СССР. У працэсе задзейнічаныя спэцыялісты ня толькі ў Пінску, але ў Гомелі і Рэчыцы.

Галіна Баравая

05.11.2008

Пінскі пчаляр зварыў "Крупнік палескі"

Гэта ўжо ня першая навінка, заснаваная на мёдзе і напоўненая лекавымі кампанэнтамі.

Ня варта рабіць рэкляму з навіны. Але ў дадзеным выпадку факты правераныя асабіста.

Пра пчаляра-наватара Мікалая Качаноўскага даведалася ў 1989-м. Ён заявіў тады пра 450-ю юбілейную гадавіну ў пчалярным занятку свайго роду. Вось кароткая вытрымка з колішняга інтэрвію:

Карэспандэнт: Мікалай Мікалаевіч, якая ваша мэта?

Качаноўскі: Стварыць вялікі прамысловы пчальнік менавіта ў радзіннай вёсцы Качановічы. Вакол нашага паселішча прасьціраецца лясістая пойма Прыпяці. Глеба тут ніколі ня ведала хімікатаў. Таму пчолы назапашваюць мёд экалягічна чысты. Попыт на такі натуральны прадукт будзе толькі ўзрастаць. Мару, што ў Пінску мне ўдасца заснаваць фірменную краму, дзе будзе мёд і ня толькі".

За ўвесь мінулы час не давялося згубіць цікавасьць да справы Качаноўскага. Ён запрашаў журналістаў на адноўлены ў Пінску мядовы кірмаш, на прэзэнтацыю кнігі аб гісторыі мядовага промыслу на Палесьсі, на першую дэгустацыю гатовай прадукцыі прыватнага прадпрыемства "Фарма кампанія "Качаноўскі".

Брэндам прыватнай вытворчасьці зьяўляецца ўласна мёд, а таксама пылок кветак, пярга (гэта пчаліны мёд – нэктар, пакладзены ў ячэйкі сотаў і заліты мёдам), матачнае малачко, пропаліс.

Вось што кажа Мікалай у прыватнасьці пра пяргу:

– Адзін з самых галоўных прадуктаў на сьвеце. Пярга – аснова, якая працягвае жыцьцё. У Японіі, да прыкладу, распрацаваная спэцыяльная дзяржаўная праграма, паводле якой матачнае малачко бясплатна прызначаюць маленькім дзеткам для ўмацаваньня імунітэту.

Прадукт зь мёду "Крупнік Палесься" таксама вырабляе цэх па вытворчасьці і ўпакоўцы мёду і мёду з дабаўкамі (пропалісам, пылком, жэньшэнем, матачным малачком).

Дарэчы, Мікалай Качаноўскі нядаўна атрымаў пасьведчаньне Асацыяцыі таварнай прадукцыі Акадэміі навук Беларусі, што яго прыватная фірма зарэгістраваная ў якасьці карыстальніка міжнароднай сыстэмы таварнай нумарацыі і штрыхавога кадзіраваньня EAN/UCC.

Галіна Баравая

03.11.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: