№ 2, июнь
|
Каня паўстанца зьляпілі зь легендарнага Саіда
Беларускі скульптар Сяргей Бандарэнка стварыў першую скульптуру вершніка Кастуся Каліноўскага. Сёлета ў жніўні споўніцца 145 гадоў, як лідэр беларускага нацыянальнага вызваленчага руху Кастусь Каліноўскі ўзначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. Каліноўскаму ў той час было толькі 25 гадоў. Да гэтага ён ў 1861-1862 гадох стварыў на Гарадзеншчыне шэраг нелегальных рэвалюцыйных арганізацый, каардынаваў сваю дзейнасьць з рэвалюцыйнымі сіламі Польшчы. Разам змагаліся супраць акупантаў – войскаў царскае Расеі. Пра Кастуся Каліноўскага і яго асабісты гераізм напісана шмат і праўдзіва. Да дасьледаваньня жыцьця героя далучаныя гісторыкі, журналісты, мастакі. Адзін зь іх – менскі скульптар Сяргей Бандарэнка стварыў конную скульптуру Каліноўскаму – першую з магчымых ў гонар шаноўных угодкаў дзейнасьці рэвалюцыянэра і яго жыцьця. – Мадэльлю каня Каліноўскаму стаў беларускі конь па мянушцы Саід, – кажа Сяргей Бандарэнка, – раней на ім здабылі перамогі, званьні заслужанага майстра спорту некалькі беларускіх коньнікаў, двое сталі майстрамі міжнароднага клясу, некалькі – майстрамі спорту. Са словаў Бандарэнкі, у Ратамцы былі намеры паставіць помнік славутаму каню Саіду, але замінае безграшоўе. Да цяперашняга часу конны спорт у Беларусі трымаецца на дабрачынных ахвяраваньнях. Для Сяргея Бандарэнкі коні – элітная тэма. – Калі я рабіў каня пад князем Усяславам Чарадзеем, то найперш перачытаў беларускую міталёгію. Шукаў трапны вобраз, які б адпавядаў характару князя і беларускаму духу таго часу. Атрымалася! Ёсьць ў скульптара праца "У свабодным руху" – конь, у грыве якога гуляе вецер. На выставах людзі не адыходзяць ад гэтай выявы, але нават не прыцэньваюцца, бо для шараговага аматара – дорага, а для дзяржаўнага чыноўніка – недапушчальна. Не ў пашане цяпер манумэнтальнае мастацтва. Акрамя як у Полацку ды ля Камароўкі ў Менску конных скульптураў няма нідзе. – Не запатрабаваная да сёньня конная скульптура героя Даватара, – кажа Сяргей Бандарэнка. – Замовілі гэтую працу Менск і Масква для гісторыі саюзнай дзяржавы, але не выкупілі. Увогуле, у майстэрні скульптара Бандарэнкі цяпер вялікая калекцыя коней. Ствараецца ўражаньне, што мастак не расчараваны ў адсутнасьці шырокага попыту, стварае для будучыні. На выставах у Беларусі майстар дэманструе да 60 бронзавых коней. Вялікія прэзэнтацыі адбываюцца і ў іншых краінах. Як правіла, скульптуры Бандарэнкі выстаўляюцца ў рамках культурнай праграмы міжнародных конных спаборніцтваў. Там і прадаецца частка твораў. Акрамя таго, гаспадары скакуноў жадаюць мець іх партрэты. Такіх заказаў у беларускага скульптара шмат. Ён – ня бедны творца. Але марай застаецца, каб у Беларусі зьявіліся разуменьне прыгажосьці каня. Каб грандыёзныя яго скульптуры ўхвалялі і нагадвалі пра слынных вершнікаў: князёў Астрожскага, Чарадзея, Радзівілаў, паўстанца Каліноўскага ды таго ж Льва Даватара. Нельга забываць, што генэрал і герой Савецкага Саюза зь Беларусі быў камандзірам найлепшай кавалерыйскай групы ў вайне з фашызмам. Галіна Баравая 27.06.2008 |