Грамадская трыбуна № 5, травень
|
Навошта імкнуліся сарваць міжнародную вечарыну?
Ігнараваньне баранавіцкімі адміністрацыямі прыезду беларускіх і швэдзкіх пісьменьнікаў на чале з паслом Швэцыі паставіла пад сумнеў вядомы міф пра гасьціннасьць беларусаў. Да імпрэзы ў Баранавічах літаратурныя дні Швэцыі прайшлі ўва ўстановах культуры і адукацыі Менску, Полацку і Лунінцу. Сустрэча ў Баранавічах мела адбыцца ў Цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы імя В.Таўлая. Аднак за колькі дзён арганізатарам адмовілі ў памяшканьні. "Горка ўсьведамляць гэты факт, – тлумачыла сытуацыю пісьменьніца Вольга Іпатава. – Нам чарговы раз паказалі, як у краіне ставяцца да айчынных пісьменьнікаў і замежных гасьцей. Аднак сустрэча адбылася, што ня можа ня цешыць". Напачатку імпрэзы зь вітальнай прамовай па-беларуску выступіў амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан (дарэчы, ганаровы сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў), што выглядала ненавязлівым, але відавочным дакорам нашым суайчыньнікам, якія занядбалі практыку роднай мовы. Далей свае творы дэклямавалі вядомыя швэдзкія пісьменьнікі Сілла Науман, Солья Крапу, Іда Бёр’ель, Андэш Будэгорд, а таксама беларускія літаратары Вольга Іпатава, філёзаф Валянцін Акудовіч, паэткі Ярына Дашына й Віка Трэнас, якія адзначылі, што падобныя сустрэчы й зьяўленьне беларуска-швэдзкіх літаратурных перакладаў дужа важныя дзеля разьвіцьця ўзаемасувязяў абедзьвюх культураў. Віка Трэнас прэзэнтавала гасьцям сваю новую кнігу "Экзыстэнцыйны пэйзаж". Валянцін Акудовіч прадэклямаваў эсэ "Праца, або Дом быцьця беларуса", а таксама прызнаўся, што сёлета мае пабачыць сьвет яго пятая кніга. Швэдзкая паэтка Солья Крапу зацеміла: яна прыемна ўражаная, пазнаёміўшыся з творчасьцю маладых беларускіх талентаў Вікі Трэнас і Ярыны Дашынай. Свае творы гасьцям прадэманстравалі й сябры баранавіцкага літаратурнага аб’яднаньня "Сьвятліца": паэты Аляксей Белы, Ян Ябажына, Алесь Корнеў й іншыя. Напрыканцы сустрэчы госці са Швэцыі падаравалі гарадзкой бібліятэцы некалькі кніг швэдзкай літаратуры, сярод якіх нядаўна выдадзенае па-беларуску шыкоўнае выданьне "Піпі Доўгаяпанчоха" Астрыд Ліндгрэн. "Літаратарам заўжды трэба наладжваць падобныя кантакты, – заўважыла Вольна Іпатава. – Гэта дазваляе знаёміцца з ладам мысленьня іншых нацый, здабываць новыя творчыя ідэі. У той жа час і нашыя калегі штосьці даведваюцца пра нас… Мы, наўзьдзіў, бліжэйшыя за швэдаў да прыроды. Іх погляд на жыцьцё – погляд урбаністычнага грамадзтва, больш дэталёвы, праніклівы. Сіла беларускай літаратуры – у высокай эмацыйнасьці. Нашыя літаратуры хаця й рознай якасьці, але раўназначныя самі па сабе. Урэшце, усе мы разам дасьледуем свет". Пакуль, перафразуючы словы паэткі Ярыны Дашынай тут "паветра хапае, каб дыхаць і задыхацца". Алесь Правальскі 30.05.2008 |