Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Брест Барометр № 3, сакавік
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Барометр № 3, сакавік

У Пінску аншляг зьбірае "Пінская шляхта"

Найвядомейшы твор Вінцэнта Дуніна-Марцынкевіча становіцца візытоўкай мясцовага тэатра.

Сваю другую гадавіну адзначае ў сакавіку ў Пінску Палескі драматычны тэатар. На яго сцэне – камэдыя "Пінская шляхта". Пасьля нядаўняй прэм’еры спэктакль стаў адным з найбольш папулярных.

Рэжысэр-пастаноўшчык Сяргей Базан лічыць, што яму ўдалося дапоўніць твор клясыка сучаснымі сцэнамі. У сюжэтнай хадзе – суды, вельмі падобныя, як і цяпер.

Жыхарка Пінска Алена Лягун:

– "Пінская шляхта" – гэта пародыя на суд аўтарытарнай ды бюракратычнай дзяржавы. Судзьдзя Кручкоў у час паседжаньня ў 1860 годзе спасылаецца на ўказ імпэратрыцы ад... 1983 году. Альбо ён называе дакумэнт права ад 49 красавіка. У красавіку 49 дзён!? Судовыя рашэньні таксама зьдзекі над людзьмі – "сьведкі, якія бачылі бойку шляхцічаў, але не абаранілі, атрымліваюць па 9 рублёў штрафу, а іншая шляхта – па тры рублі за тое што ня бачыла бойку".

Прыхільнік "Руху за Свабоду" Аляксандр Васільеў кажа, што гэты  абсурд існуе і сёньня, асабліва ў судах над сябрамі апазыцыі:

– У лютым у судзе міліцыянты абвінавацілі, што я нібыта брыдкасловіў на вуліцы. Судзьдзя цалкам была на іх боку. А, як удакладнілі, я знаходзіўся на адлегласьці 90 мэтраў ад міліцыянтаў, і яны неяк не маглі чуць мой голас. Ну, чым не патураньне абсурду, які выкрыў яшчэ Дунін-Марцынкевіч?

Спэктакль "Пінская шляхта" зьбірае поўную залю гледачоў у будынку 19-га стагодзьдзя. Ён цалкам рэканструяваны. Заменены інтэр’ер фае і глядацкай залі, добраўпарадкаваная сцэна, усталяваныя новае гукавое і асьвятляльнае абсталяваньне.

У складзе трупы – 18 артыстаў. Тэатар працуе пяць дзён на тыдні. Ранішнія спэктаклі ( у асноўным – пастаноўкі для дзяцей) ідуць у сераду, чацьвер, пятніцу і нядзелю.  Вячэрнія – у чацьвер, суботу і нядзелю.

А гісторыя пінскага тэатра пачалася за так званым польскім часам. Яшчэ ў 1920-я ў Пінску быў пабудаваны "Тэатар". У 1939 годзе будынак прыстасавалі пад кінатэатар "Родина". І ажно да 2007 году пінскі тэатар туліўся абы-дзе.

Галіна Баравая

25.03.2008

Ці дапаможа Лукашэнка свайму аднакурсьніку?

Захавальнік сядзібы Адама Міцкевіча на хутары Завосьсе Анатоль Еўмянькоў мае багата прапаноў да цяперашняга прэзыдэнта.

– Я – гісторык. Закончыў Магілёўскі пэдагагічны інстытут. Аляксандр Лукашэнка – мой аднакурсьнік, вучыліся зь ім у адной групе і пэўны пэрыяд нават жылі ў адным пакоі.

Гэтае прызнаньне дырэктар музэя-сядзібы Анатоль Еўмянкоў робіць усё часьцей. Па яго словах, вельмі мала часу застаецца да 210-х угодкаў вялікага паэта. Тым часам музэй на хутары мала падрыхтаваны да шаноўнай даты. Ён мае вострую патрэбу ў рамонце памяшканьняў й абнаўленьні экспазыцыі. Не кранаецца таксама будаўніцтва гатэлю для прыёму экскурсантаў.

Яшчэ характэрныя для заняпаду дэталі: на тэрыторыі вясковага музэю, якому неўзабаве 10 гадоў, няма нават сьвідравіны для вады. Калодзеж-журавель – выключна для бутафорыі, як і невялікая лазьня, што стаіць на сажалцы непадалёку.

Будаўніцтва музэю-сядзібы Міцкевічаў пачалося ў 1998 годзе зь ініцыятывы Міністэрства культуры да 200-годзьдзя нараджэньня паэта. Адам Міцкевіч зьявіўся тут на сьвет у сям’і зьбяднелага шляхціча на Раство 1798 года.

Фальварак Завосьсе знаходзіўся тады ва ўласнасьці братоў яго бацькі. Яны, як і сям’я Адама, былі палянізаванымі беларусамі. Хаця паэт пісаў творы на польскай мове, ён называў сябе "ліцвінам". Паводле дырэктара Еўмянкова, апошняя частка сапраўднай сядзібы Міцкевічаў згарэла ў 1915 годзе.

10 гадоў таму ў Завосьсі пабудавалі копію фальварка. Гэта – драўляны дом гаспадароў і сьвіран. Ёсьць яшчэ лямус – пабудова для гаспадарчага рыштунку і харчовых ды кармавых запасаў. Акрамя іх, экскурсантам няма дзе прытуліцца.

– Трэба разьвіваць інфраструктуру, – кажа дырэктар. – Ну, хоць бы кавы, гарбаты, напою якога дзе выпіць. Нічога ж няма!

За мінулыя дзесяць гадоў стрэхі з чароту пачалі рассыпацца. Гэта вынік недасканалай працы работнікаў, якія ня маюць умеласьці ранейшых майстроў. Страху на гумне ўжо замянілі. А цяпер неабходна перакрываць хату. Чарот на яе тарцах пазадзіраўся, з-за чаго пакой залівае дажджавая вада.

На сёньня музэй-сядзіба атрымаў статус філіяла Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры, ён уключаны ў турыстычныя маршруты па мясьцінах Міцкевіча. Увесну тут нарэшце пачнуць азеляняць тэрыторыю. Для гэтага Баранавіцкі дзяржаўны ўнівэрсытэт распрацаваў праект увасабленьня кветніка ХYIII стагодзьдзя. Выкладчык БарДУ Ўладзімер Зуеў паведаміў , што будзе створаная кампазыцыя з 68 розных відаў кветкавых і агародных культур.

Галіна Баравая

21.03.2008

У Пінску апазыцыянэр перамагае міліцыянтаў

Сябра руху "За Свабоду" Юры Бахцераў перадаў у пракуратуру горада дакумэнты аб парушэньнях супрацоўнікамі мясцовага ГАУС Правілаў дарожнага руху.

Многія міліцыянты ў Пінску ігнаруюць патрабаваньні дарожных знакаў. Штодня ад 10 да 20 і больш асабістых аўтамабіляў міліцыянты ставяць пад знакам "Працуе эвакуатар". Гэты знак усталяваны насупраць будынку ГАУС, ён забараняе паркаваць транспартныя сродкі на левым баку вуліцы імя Кірава. Тым самым гарадзкая ўлада імкнулася захаваць тут зялёны газон і дрэвы.

– Напляваць гаспадарам легкавушак на гэтыя патрабаваньні, – кажа Юры Бахцераў, – і іх прававы нігілізм засноўваецца на ўсёдазволенасьці. За апошні час я сфатаграфаваў тут некалькі дзясяткаў аўто. Гаспадары бальшыні зь іх – мясцовыя міліцыянты.

Юры Бахцераў – чалавек у Пінску вядомы. Быў дэпутатам гарадзкога савету ў 1990-я гады. Выйграў некалькі судовых спрэчак, у тым ліку і ў міліцыянтаў. Дапамог шэрагу мясцовых выбаршчыкаў атрымаць належную дапамогу ад Пінскага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

У гэты раз Юры Бахцераў склаў скаргу пракурору Пінска Святлане Масько. Аб’ём – шэсьць старонак, а ў дадатак – яшчэ і шэсьць каляровых фотаздымкаў.

"У прававой дзяржаве ўлада закону зьяўляецца вышэйшай уладай, – нагадвае ў скарзе да пракурора спадар Бахцераў, – чаму ж тады ў Пінску міліцыянты штодзённа ігнаруюць закон? У Правілах дарожнага руху пунктамі 143.14 і 143.15 забараняецца прыпынак транспартнага сродку на тратуарах, газонах і іншых участках зь зялёнымі насаджэньнямі. За дадзенае парушэньне, у адпаведнасьці з пунктам 7 артыкула 13.14 Адміністрацыйнага кодэксу, прадугледжваецца адказнасьць грамадзянаў”.

У пракуратуры скаргу Юры Бахцерава зарэгістравалі 7 сакавіка. У гутарцы з нашым карэспандэнтам Святлана Масько адзначыла, што асабіста яе праблема таксама хвалюе.

– Мы ўжо пачалі праверку, –кажа пракурор, – папярэдне факты атрымліваюць пацьвярджэньне.

Аптымістычна настроены і заяўнік Юры Бахцераў:

– Аўтамашыны пад забараняючым знакам ля будынку ГАУС як ветрам здула. Кажуць, асабіста начальнік пінскай міліцыі маёр Аляксандр Калядзіч учыніў разнос сваім падначаленым.

Афіцыйны адказ на сваю скаргу Юры Бахцераў атрымае цягам месяца. Тым часам грамадзкі актывіст выявіў яшчэ адзін незаконны прытулак для транспарту міліцыянтаў. Доказамі парушэньняў зноў стануць апэратыўныя здымкі. Сябра апазыцыі ўжо навучаны, як трэба прыпіраць міліцыянтаў да сьценкі за парушэньні імі закону.

Галіна Баравая

18.03.2008

Алег Латышонак расказаў пра Булак-Балаховіча

З нагоды 90-х угодкаў БНР  перад берасьцейцамі выступіў знаны гісторык  зь Беластоку. Ён распавёў пра камандзіра войска рэспублікі.

Сустрэча адбылася пры поўным аншлагу ў адной вялікай залі гораду. Агулам было за дзьвесьце чалавек; многія мусілі стаяць.

Аўдыторыя стракатая: студэнты, ветэраны дэмруху, якіх гады ўжо не было бачна ў людзкіх зборах, хатнія гаспадыні, прафэсійныя гісторыкі…

Доктар гісторыі Алег Латышонак адмыслова займаецца генэралам Булак-Балаховічам. Ён прывёз у Берасьце да ста найцікавых гістарычных фота, якія дэманстраваў пры дапамозе электроннага праектара і даваў свае камэнтары. Лекцыя доўжылася больш за дзьве гадзіны.

Навуковец распавядаў пра жыцьцёвы шлях вайскоўца, ягоныя стасункі зь Белым рухам, "тоже белорусом" Юдзенічам, якога круты бацька быў нават арыштаваў, і "tezh bialorussinem" Пілсудзкім.

Шмат даведаліся прысутныя пра тое самае, чым мучаецца цяпер беларускі рух: як пры нястачы беларускага людзкога рэсурсу пабудаваць  беларускі паводле духу соцыюм. Бо ж ваяры Балаховіча  ў большасьці сваёй не былі беларусамі – найбольш было ўкраінцаў, палякаў, расейцаў, азэрбайджанцаў нават… Проста яны ішлі за сваім генэралам, тлумачыць Латышонак, апавядаючы пра рэйды  балахоўцаў па тылах бальшавіцкіх войскаў, пра вызваленьне Пскова, Пінска… .

Усплыла і тэма  вечнага размежаваньня беларусаў у часы ваенных канфліктаў. Так, у 1919 годзе поруч з Балаховічам супраць бальшавікоў дзейнічаў Менскі полк беларусаў, але і такі сама полк – Мінскі – быў у Чырвонай арміі…

Шмат часу доктар Латышонак прысьвяціў тэме "Балаховіч і габрэйскія пагромы". Ён даказваў, што меркаваны антысэмітызм генэрала Балаховіча  гэта стэрэатып, які разбураецца  пры дакладным аналізе першакрыніцаў. Адкрываецца як мінімум неадназначная рэчабыльнасьць.

Для Берасьця Балаховіч і войска БНР тэмы зусім не чужыя. Тут у рысе цяперашняга горада, у мікрараёне Рэчыца, ёсьць цэлы мэмарыял – могілкі жаўнераў Балаховіча.

А на Трышынскіх могілках пахаваны адзін з кіраўнікоў партызанкі БНР Адам Трыпус, які перажыў Балаховіча  амаль на 30 гадоў. Трыпус дзейнічаў на Гарадзеншчыне, а пасьля "вехазьменства" няйначай пераехаў адтуль. Нарэшце ён апынуўся ў Берасьці. Аднак выдае на тое, што захаваць сябе непазнаным яму не ўдалося  –  у 1965 годзе  Трыпусу пры нявысьветленых абставінах у цёмны час сутак нехта праламаў галаву. Пахаваны ён быў сямейнікамі.

Белавежская пушча, зь якой зьнітаванае Берасьце, гэта нішто іншае, як пікантная старонка з жыцьця бацькі Балаховіча. Пасьля разгрому войскаў бальшавіцкага маршала Тухачэўскага і замірэньня Польшчы і Расеі жаўнерам трэ было пераходзіць на мірныя рэйкі. Для многіх балахоўцаў яны былі вузкакалейнымі: Балаховіч атрымаў канцэсію на распрацоўку драўніны ў пушчы  і даў працу сваім таварышам з баявых паходаў.  Вось яны і вазілі вузкакалейкай прыдатную драўніну з пушчы на тартакі, а адтуль на гарадзкія біржы на продаж. Нібыта справы ішлі ня надта…Чым ня нашая вэрсія "Трох таварышаў", якая чакае на свайго Рэмарка?

Цікава, што напіша  доктар Латышонак пра гэты абсяг жыцьця Булак-Балаховіча і якую зробіць кнігу з усяго свайго матэрыяла? Яна мае выйсьці неўзабаве.

Пётра Васілеўскі  

17.03.08

У Берасці падтрымалі Аляксандра Казуліна

Упершыню за два гады ўлады пайшлі насустрач законным патрабаванням дэмсілаў і далі дазвол на правядзенне пікета.

Калі арганізатары пікету актывісты берасцейскага аддзялення сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада планавалі акцыцю ў падтрымку свайго лідэра, то не чакалі "падарунка" ад улад, бо з мінулай восені актывісты марна падалі ў гарвыканкам і другія дзяржструктуры больш як 60 заявак.

Менавіта кампанія па массавым звароце дэмакратаў да вертыкалі і прынесла канчатковы вынік. На пікет падтрымаць грамадоўцаў прыйшлі і шарагоўцы, актывісты. Ва ўлётках людзей заклікалі падрымаць экс-кандыдата ў прэзідэнты, даслаўшы яму віншаванні з нагоды юбілею БНР.

Дарэчы менавіта Аляксандру Ўладзіслававічу належыць прапанова абвясціць 2008-ы годам 90-годдзя незалежнай Беалрусі. Падчас пікету арганізатары збіралі подпісы за вызваленне вязня сумлення, заклікалі да салідарнасці.

Цікавая дэталь: пад завяршэнне пікетавання на стадыён прыехаў аварыйны аўтамабіль водаканалу, быццам бы прайшла аварыя на размешчаным тут калектары. Але чамусьці ліквідаваць яе прыбыў адзін толькі вадзіцель. Пабрудзіўшы паветра, ён пакінуў стадыён праз нейкіх пяць хвілін. Такая вось псіхалагічная атака…

Антон Віцебскі

17.03.2008

Калінін і паплечнік Касьцюшкі – не сумяшчальныя

Так лічаць у вёсцы Скокі на Берасьцейшчыне і просяць прыбраць бюст "старасты СССР". Людзям даражэй памяць пра зямляка Юльяна Нямцэвіча.

Вёска Скокі раней была цэнтральнай сядзібай савецкага калгаса імя Калініна. Пасьля банкруцтва гаспадаркі ў 1990-я тутэйшыя адасобіліся ў сельгаскаапэратыў "Лясное". Цяпер яны – падначаленыя СПК "Заходні".

За ўвесь гэты працяглы час ломкі ў арганізацыі вытворчасьці нязьменнай застаецца прысутнасьць ля будынку канторы цэмэнтаванага бюсту Міхаіла Калініна – паплечніка Сталіна ў яго палітыцы наўмыснага ўдушэньня беларускіх заходнікаў. Вяскоўцы цяпер патрабуюць прыбраць бюст з тэрыторыі сядзібы Юліяна Нямцэвіча, якую нарэшце пачалі аднаўляць. Двухпавярховы прасторны будынак застаецца ў старым і прыгожым парку сядзібы Юліяна Нямцэвіча.

Сёлета напачатку сакавіка  старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар заявіў:

– Вёска Скокі пераўтворыцца ў сапраўдны культурны цэнтар, гаспадарамі якога будуць людзі мастацтва – пісьменьнікі, кампазытары, музыканты.

Сваё абяцаньне цяперашні губэрнатар Берасьцейшчыны агучыў у 250-я гадавіну Юліяна Ўрсына Нямцэвіча – пісьменьніка, публіцыста, гісторыка, аднаго з аўтараў Канстытуцыі Польшчы ад 3 траўня 1791 году, ад’ютанта і сакратара Тадэвуша Касьцюшкі.

І, як паведаміў нам жыхар вёскі Скокі Іван Каробач, у былой сядзібе Юліяна Нямцэвіча цяпер актыўна аднаўляюць маёнтак:

– Тут цяпер амаль 30 будаўнікоў. Яны ўжо перакрылі дах бляхай, зараз цэмэнтуюць падлогу, умацоўваюць канструкцыі між першым і другім паверхамі.

На меркаваньне суразмоўцы, абласная вэртыкаль мусіць клапаціцца пра ратаваньне гістарычнай спадчыны. "Іншых магчымасьцяў прыцягнуць сюды турыстаў няма", – упэўнена заяўляе Іван Каробач.

Юліян Нямцэвіч быў самым старэйшым і, як засьведчылі сучасьнікі, разумнейшым з  усіх 16 дзяцей Марцэлія і Ядвігі – суджаных са шляхты. Ён рана пасябраваў са Станіславам Аўгустам Панятоўскім з суседняга маёнтка Воўчын. А калі сусед стаў каралём Рэчы Паспалітай, то адукаваны на той  час Юліян Гямцэвіч быў прыхільнікам яго палітыкі.

Ад 1789 2 Юліян Нямцэвіч – дэпутат ад Вялікага княства Літоўскага ў складзе Чатырохгадовага сэйму. Гістарычныя хронікі сьведчаць, што у той час ягоныя выступы палохаюць кансэрватыўных магнатаў і нават караля. 3 траўня 1791 году была прынятая прагрэсіўная Канстытуцыя Рэчы Паспалітай. Незадаволеныя магнаты і іх кароль пайшлі на саступкі Расеі. Адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай.

24 сакавіка 1794 году ў Кракаве выбухнула паўстаньне супраць падпарадкаваньня Расеі. Выступілі 4100 жаўнераў і 200 сялян. На чале іх стаяў генэрал-лейтэнант Тадэвуш Касьцюшка. Нямцэвіч быў яго правай рукой. У адным з баёў з войскамі Суворава ад’ютант Касьцюшкі патрапіў у палон. Кацярына II загадала ўтрымліваць яго ў асаблівай пільнасьці. Цягам некаторага часу ў Расеі зьмяніўся цар. Касьцюшка атрымаў свабоду разам са сваім ад’ютантам і сакратаром Юльянам Нямцэвічам.

Касьцюшка пазнаёміў Нямцэвіча з удавой свайго баявога сябра Зузаннай. Адбылося сьціплае вясельле. Разам яны вярнуліся ў асірацелую на той час сядзібу ў Скоках. Крыху пазьней ён спрыяў паўстаньню 1831 году ў Варшаве. Пасьля паразы гэтага супраціву эмігрыраваў у Францыю. Тут сабраў і выдаў мэмуары мінулых гадоў. Памёр 21 траўня 1841 году.

Застаецца дадаць, што сядзібны дом Юліяна Нямцэвіча на працягу больш як 60 гадоў савецкая ўлада выкарыстоўвала для патрэбаў адукацыі. Толькі гадоў 10 таму будынак апынуўся ў аварыйным стане, і вокны яго закрылі дошкамі. Сельсавет прапаноўваў зьнесьці будынак. Аднак на разбурэньне, дзякуй Богу, не знайшлі сродкі.

Галіна Баравая

15.03.2008

Беларускія прадпрымальнікі зьбягаюць ва Ўкраіну

У гэтыя дні на рынках у Берасьці застаюцца зачыненымі больш як паўтысячы месцаў "іпэшнікаў". Частка іх ужо гандлюе ў суседзяў.

Украінская Валынь налічвае чатыры гарады абласнога падпарадкаваньня і 22 пасёлкі гарадзкога тыпу. Беларускія прадпрымальнікі атабарыліся ў асноўным у Ковелі, Новавалынску і Луцку. Разварочваюць свае палаткі на рынках у пятніцу, суботу і нядзелю. У іншыя дні вандруюць за таварам у Менск, у Маскву і Хмяльніцкі. У Хмяльніцкім цяпер самы танны асартымэнт, які дастаўляюць з Турцыі, Польшчы, Нямеччыны.

Прадпрымальнікі зь Берасьцейшчыны не скардзяцца, што на ўкраінскім боку адчуваюць уціск. Са словаў жыхара Берасьця Івана Пракаповіча, падаткі ў суседзяў меншыя, як па колькасьці, так і ў суме:

– Патэнт на гандаль каштуе 20 грывен. Плацім таксама месячную стаўку адзінага падатку: 30 грывен. Дарэчы, гэтыя кошты павялічыліся сёлета ў студзені. А ў папярэдні раз яны пераглядаліся ў 2005 годзе. Ва Ўкраіне празрыстая схема кантролю за выплатай падаткаў. Няма такіх пабораў інспэктарамі і дзяржаўнымі органамі, як у Беларусі.

Ініцыятыўныя прадпрымальнікі зь Берасьцейшчы накіравалі ў гэтым месяцы лісты прэзыдэнту Віктару Юшчанку і прэмьеру Юліі Цімашэнка.

Сябра кампаніі "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" Мікалай Чарнавус зь Баранавічаў паведаміў BulletinOnline.org , што ў звароце да кіраўнікоў Украіны беларусы просяць садзейнічаньня ў стварэньні аптовых рынкаў у пяцікілямэтровай зоне мяжы зь Беларусьсю.

– Мы спасылаемся на досьвед Польшчы, якая за некалькі апошніх гадоў падцягнула да сваёй ўсходняй мяжы аптовыя рынкі будаўнічых матэрыялаў, садова-агароднай тэхнікі, харчаваньня.

Мікалай Чарнавус кажа, што 760-ы ўказ Лукашэнкі забараніў беларускім  прадпрымальнікам наймаць людзей на працу. Многія цяпер змушаныя самі стаяць за прылаўкамі. З-за гэтага скарачаецца дзелавое супрацоўніцтва з суседзямі. Таму беларускія ІП гатовыя ўкладаць нават асабістыя сродкі ў будаўніцтва аптовых складоў непадалёку ад мяжы.

Ці шмат беларускіх прадпрымальнікаў могуць зьбегчы на Ўкраіну?

Старшыня Берасьцейскага аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня "Пэрспэктыва" Віктар Чайкоўскі паведаміў:

– На нашым "Варшаўскім рынку" цяпер 400 вольных гандлёвых боксаў. На рынку "Стары горад" – каля 100 палатак. На рынку "Юбілейны" – 80. На рынку за ЦУМам – каля 70. Зачыненымі застаюцца шэраг вулічных шапікаў па продажу канцылярскіх тавараў, прадметаў асабістай гігіены, парфумы.

Са словаў Віктара Чайкоўскага, адміністрацыі згаданых рынкаў ужо зьвярнуліся ў Берасьцейскі гарвыканкам за дазволам на падвышэньне арэнднай аплаты. Суразмоўца лічыць, што гэта стане пачаткам новага этапу пратэстаў.

Галіна Баравая

12.03.2008

Вясковых птушак вакцынуюць, дзікіх – расстрэльваюць

Да 15 сакавіка ў краіне вэтэрынары праводзяць на вясковых падворках абавязковую прафіляктыку хатняй птушкі супраць птушынага грыпу. А з 8 сакавіка дазволены адстрэл дзікіх гусей.

Пра маштабнасьць акцыі можна меркаваць на прыкладзе Слонімскага раёну. Толькі ў вёсках, якія найбольш блізкія да мясцовай птушкафабрыкі, даводзіцца пракалоць лекамі амаль 30 тысяч курэй, гусей, індыкоў і качак. Таксама іх гаспадары мусяць даць пісьмовыя расьпіскі, што ўся птушка будзе зачыненая на падворку да заканчэньня тэрміну вяртаньня пералётных. У вёсках ля адкрытых вадаёмаў фарміруюцца групы паляўнічых. Людзі з ружжамі атрымалі дазвол адстрэльваць на вадзе свойскіх вадаплаўных, якія пакінутыя без нагляду.

Вэтэрынарны ўрач Баранавіцкага раёну Віталь Санько паведаміў: усім работнікам мясцовых птушкафабрык (іх тут ажно чатыры) забаронена трымаць хатнюю птушку.

Удакладніць верагоднасьць зьяўленьня ачагоў інфэкцыі птушынага грыпу прашу старшыню грамадзкай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Аляксандра Вінчэўскага. Ён інфармуе:

– Птушыны грып, а гэта паталягічны субтып H5N, дрэнна вывучаны. У дзікіх птушак яго знайшлі вельмі мала. Але зараз зьявілася дадатковая інфармацыя, што некаторыя птушкі могуць пераносіць вірусы на крылах. Калі так ёсьць, то, канешне, мажлівая праблема забруджваньня вадаёмаў гэтым грыпам, ён доўга трывае. А таму перасьцярога да хатніх птушак, асабліва гусей і качак. Забараняецца выпускаць іх на рэчкі і вадаёмы. Гэта слушна.

З Аляксандрам Вінчэўскім мы гутарылі таксама пра паляваньне на пералётных. Менавіта ад 8 сакавіка ў Беларусі дазволена адстрэльваць гуся белалобага, гуся шэрага і гуся-гуменьніка. Праз два тыдні – 22 сакавіка – пачнецца паляваньне на самцоў глухара і цецярука. А з 5 красавіка – на качароў.

– Веснавое паляваньне – гэта барбарства, – кажа спадар Вінчэўскі. – Калі забітая самка ці адзін з партнэраў у пары гусей, то адна птушка гнязда віць не будзе. У выніку папуляцыя страціць ад 6 да 12 асобін.

Высновы спэцыяліста пацьвярджае сумная статыстыка. Дакладна падлічана, што ў Беларусі за апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць дзікай качкі зьменшылася амаль на 100 тысяч пар. Аднак ня варта зьдзіўляцца, бо ў Беларусі на сёньня 80 тысяч паляўнічых – сяброў добраахвотнага таварыства. А колькі яшчэ чалавек незаконна палююць з ружжом?! Калі нават кожны зь іх застрэліць хаця б адну качку, то чаго тады зьдзіўляцца вялікім стратам ў птушынай чарадзе.

Ці вось яшчэ лічбы. Па дадзеных, якія мае Інстытут заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук, у пэрыяд з 1995 па 2007 гады ў пойме ракі Прыпяць цалкам зьніклі міграцыйныя стаі птушак ў 10-15 тысяч асобінаў Тут цяпер прысутнічаюць стаі з 500–100 птушак. З-за чалавека птушкі пачалі часьцей адпачываць на ўзараных палях, карміцца ўсходамі азімых культур.

І ўвага: Беларусь і Мальта застаюцца на сёньня адзінымі краінамі ў Эўропе, дзе дазволенае веснавое паляваньне на пералётных. Праўда, сытуацыю ў Мальце вывучае цяпер Эўрапейскі суд і, верагодна, сёлета там ня будзе страляніны

Дырэктар РУП "Белгосхота" Мікалай Козак паведаміў, што ў Беларусі на сёньня 154 тысячы 616 чалавек паляўнічых. І якраз сёлета ўсе яны мусяць замяніць свае пасьведчаньні на новыя, бо апошні абмен праводзіўся 10 гадоў таму – у сярэдзіне 1998 году. Пры ўмове выплаты дзяржаўнай пошліны ў памеры базавай велічыні (35 тысяч рублёў) плюс кошту ліцэнзіі ды пасьведчаньня, бюджэт краіны можа абагаціцца ажно на мільярд рублёў. Цяжка адгрэбці такую суму нават у імя захаваньня жывых істотаў.

Наша даведка. У Беларусь сёлета першымі вяртаюцца з зімоўкі кнігаўкі. Да 8 сакавіка яны былі заўважаныя ў Старадароскім раёне і ў Браслаўскім.

Дарэчы, арнітолягі дакладна падлічылі, што ў Беларусі распаўсюджаныя птушкі 310 відаў. Зь іх гняздуюцца 226, а мігрыруюць і выпадкова залятаюць яшчэ каля 70 відаў.

Галіна Баравая

10.03.2008

У лесе цяпер будуць штрафаваць за ўсё!

Ніколі яшчэ ў гісторыі Беларусі не былі такімі вялікімі штрафы ў лесе. Так, за шклянку бярозавага соку цяпер можна страціць аж 1,5 мільёна.

Пра веснавы ўзьлёт штрафаў паведаміў намесьнік міністра лясной гаспадаркі Юры Назараў:

– Па новым Адміністрацыйным кодэксе самавольная нарыхтоўка бярозавага соку лічыцца правапарушэньнем. Адносіцца да наўмыснай шкоды альбо зьнішчэньня дрэва. У ахоўваемых лясах штраф для фізычнай асобы – ад 620 тысяч рублёў да 1,55 мільёна. Індывідуальным прадпрымальнікам – да 6,2 мільёна. У лясах, якія не ахоўваюцца, штрафы для шарагоўца –  ад 310 да 930 мільёнаў, а для ІП – ад 310 тысяч да 4,65 мільёна.

Я пацікавілася ў чыноўніка, ці застаецца хоць якая-небудзь законная магчымасьць у вяскоўцаў, якія жывуць пры лесе, здабываць для сябе лекавы бярозавы сок?

– Для гэтага трэба абавязкова наведаць мясцовае лясьніцтва і даведацца пра спэцыяльна вызначаны ўчастак для нарыхтоўкі соку. Але і тут засечкі на дрэве мусіць пракантраляваць асабіста лясьнічы альбо майстар. Інакш зноў-такі давядзецца плаціць штраф, – паведаміў Юры Назараў.

Няведаньне закону, як вядома, нікога не вызваляе ад адказнасьці. Першым штраф за 10 літраў бярозавага соку атрымаў жыхар вёскі Дзятлава, што ў Лунінецкім раёне на Берасьцейшчыне, Ігар Л.

Нядобрыя навіны зь лесу і пра нарыхтоўку сёлета смалы-жывіцы. У Беларусі яе прымае і перапрацоўвае толькі ААТ "Лесахімік" у Маладзечне. Прадпрыемства вырабляе каніфоль і шкіпінар. Апошні, зь якога робяць камфару і водарныя матэрыялы для парфумы, у асноўным ідзе на экспарт – у Польшчу, Чэхію, краіны Балтыі. На ўнутраным рынку каніфоль і шкіпінар бяруць мэблевыя фабрыкі, друкарні, камбінат "Белшына".

Напруга ў Беларусі з нарыхтоўкай жывіцы.

– Адвучылі людзей ад гэтай працы, – кажа лясьнік з Клецкага лясгасу Іван Мацяйчук, – ААТ "Лесавік" раней пераарыентавалася на танную кітайскую ды расейскую жывіцу. У нашым лясгасе ў гэты час былі высечаныя дзялянкі хвоі, якія не прайшлі так званай падсочкі – здабычы жывіцы.

Яшчэ адна прычына недабору жывіцы – сапсаванае надвор’е летам.

Зрэшты, у крыўдзе ня толькі прафэсіяналы. Так званае ўпарадкаваньне дзейнасьці людзей у лесе прадугледжвае абмежаваньні нават для прыхільнікаў народнай мэдыцыны. Штрафаваць будуць сёлета за незаконны збор пупышак, іголак і галінак хвоі. Нават на гэтыя крыніцы вітамінаў давядзецца атрымліваць афіцыйныя дазволы ў лясгасах.

Галіна Баравая

07.03.2008

Загадкавая сьмерць галоўурача Гойшыка

У сераду пахавалі 48-гадовага галоўнага лекара Івацэвіцкай цэнтральнай раённай лякарні. Напярэдадні ён вываліўся са службовай "Волгі", калі ехаў па выкліку начальства ў абласны цэнтар.

Трагедыя адбылася ў 9.10 на аўтамагістралі ля вёскі Кустовічы Кобрынскага раёну. Паводле сьведкаў, пры хуткасьці аўтамабіля прыкладна 90 км/гадзіну Анатоль Гойшык адчыніў дзьверцы і вываліўся пад колы сустрэчнага транспарту. У гэты час у аўтамашыне заставаліся вадзіцель, адказны чыноўнік Івацэвіцкага райвыканкаму і калега Гойшыка.

Анатоль Гойшык быў з тутэйшых. Цела нябожчыка пахавалі на старым пагосьце ў роднай яму вёсцы Гойшава. Народу на разьвітаньне прыйшло шмат. Людзі плакалі і прыгаворвалі, што "наш доктар быў вельмі добры і сумленны".

– Вой жа, як зарана ён пакінуў Божы сьвет, – прычытала бабця Ірына, – толькі ж яго сынок паступіў у Менск на вучобу, а дачушка яшчэ ня вывучылася на доктара... Як жа ім гараваць цяпер без свайго бацькі?.

Шапталіся ў натоўпе чыноўнікі з райцэнтру. Меркавалі-гадалі, што будзе пасьля пахаваньня калегі. Усе яны ведалі: нядаўна Анатоль Гойшык трапіў пад падазрэньне праваахоўных органаў, выклікаўся на допыты ў справе выкрыцьця нібыта марна патрачаных сродкаў у падрыхтоўцы будаўніцтва новага лекавага корпусу.

Для землякоў таксама не заставалася сакрэтам, што ў дзень сваёй сьмерці галоўурач Гойшык мусіў наведаць Берасьцейскі аблвыканкам. Ідзе пагалоска, нібыта чакалася жорсткая гутарка хіба ці не з арганізацыйнымі высновамі, а лекар нібыта ня мог пра тое ня ведаць...

Не будзем, аднак прысьпешваць падзеі, якія чакаюцца ў высьвятленьні прычынаў загадкавай сьмерці Анатоля Гойшык. Згадаю пра цяперашні стан лякарні ў Івацэвічах, з-за чаго вельмі непакоіўся яе былы галоўны ўрач.

Некаторы час таму ў Івацэвічах адбылося змушанае высяленьне тэрапэўтычнага аддзяленьня (яго загадчыца – жонка Гойшыка) з будынку 1897 году. Дом прыгожы, мае статус помніка архітэктуры, але трапіў у аварыйны стан.

Усіх эвакуіраваных пасьпешліва разьмясьцілі ў цесных пакоях былога аддзяленьня ў лекаваньні вачэй. І цяпер тут ложкі стаяць, як гаворыцца, адзін на адным.

Такая ж цесната яшчэ ў дзіцячым і нэўралягічным аддзяленьнях.

У паліклініцы 1968 году будаўніцтва – натоўпы наведнікаў. У рэгістратуры тлумачаць, што гэта вынік складанай дэмаграфічнай сытуацыі. У Івацэвіцкім  раёне цяпер 64 тысячы насельніцтва, амаль палова – састарэлыя.

– Анатоля Гойшыка я ведаў добра й даўно, – гаворыць Станіслаў Халадовіч, лідэр апазыцыі ў Івацэвічах, – ён грукаўся ў дзьверы чыноўнікаў у Берасьці й Менску, выбіваў і выпрошваў грошы на рамонт састарэлых будынкаў, але мала хто яго чуў. Старшыні тутэйшага райвыканкаму мяняліся, як карты ў калодзе. Перадапошні зь іх Віталь Дзьмітраніца – сядзіць у турме. Цяперашні Анатоль Ткачук – дбае пра надоі і сяўбу.

Мне ўдалося пагутарыць з Ларысай Кісяльковай, начальніцай аддзелу камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Берасьцейскага аблвыканкаму. Чыноўніца паведаміла, што на новае будаўніцтва на Івацэвіцкай цэнтральная лякарні патрабуецца больш як 8 мільярдаў грашовых інвэстыцыяў.

– У адпаведнасьці з патрабаваньнем прэзыдэнта зьнізіць кошт будаўніцтва, зараз вядзецца экспэртыза праекта, шукаюцца новыя варыянты ажыцьцяўленьня гэтага, – канстатавала суразмоўца.

Дарэчы, мінімальны тэрмін будаўніцтва такіх аб’ектаў, які плянуецца ў Івацэвічах, – 19 месяцаў. Напэўна, гэта таксама палохала нябожчыка Анатоля Г ойшыка...

Галіна Баравая

06.03.2008

Пагарэльцаў пачалі караць штрафамі

Пракурор Пінскага раёна Іван Наскевіч падтрымаў выратавальнікаў у патрабаваньні спаганяць з пагарэльцаў грашовыя штрафы і кампэнсацыі за выезд на пажары.

З апэратыўнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях:

"2 сакавіка ў населенных пунктах Беларусі адбыліся 22 пажары. Зьнішчаны 4 пабудовы. Загінулі 7 чалавек".

"За суткі ад 6 гадзінаў 3 сакавіка ў населеных пунктах Беларусі адбылося 20 пажараў. Пашкоджаныя 13 забудоваў. Загінулі 3 чалавекі... ".

Увогуле, МНС фіксуе: "Ад пачатку 2008 году ў краіне адбылося больш як 1600 пажараў. У агні загінулі амаль 280 чалавек, у тым ліку 8 дзяцей. Траўміравана больш як 100 чалавек. Агонь зьнішчыў 278 пабудоў, пашкодзіў – 1730".

– У нашай вёсцы Беражцы двое беспрацоўных суткі навылет пілі "чарніла", – паведамляе мясцовы жыхар Іван Бут-Гусаім, – разам яны спустошылі 11 пляшак. Пасьля адзін паклыпаў дахаты, а другі прылёг на ложку ў сваёй хаце. Закурыў і ўчыніў пажар. Ледзьве сам ногі вынес.

Суразмоўца кажа, што суседзі выклікалі выратавальнікаў. Тыя дамчаліся хутка, бо пажарны пост знаходзіцца ў цэнтры сельгаскаапэратыву "Парахонскі", а гэта ўсяго ў некалькіх кілямэтрах ад вёскі Беражцы.

Залілі агонь пажарнікі і падлічылі, што іх праца каштуе 157 тысяч 420 рублёў. На каго сьпісаць гэтыя расходы?.

– Толькі на самога пагарэльца!, – пераконвае інспэктар Пінскага атрада МНС Аляксандар Германовіч, – не такая дзяржава багатая, каб траціць бюджэтныя сродкі на розную п'янь!

У гутарцы са строгім інспэктарам Германовічам даведваюся, што Пінскі гарадзкі аддзел МНС ужо практыкуе спагнаньне грошай зь вінаватых пагарэльцаў.

– За юрыдычнай кансультацыяй і парадай мы зьвярнуліся да новапрызначанага пракурора Пінскага раёна Івана Наскевіча, – паведамляе суразмоўца, – давялі, што практычна ў кожным чацьвёртым зь дзесяці пажараў вінаватыя самі гаспадары.

Пракурор Іван Наскевіч прааналізаваў сабраныя выратавальнікамі факты. Паводле 12 падпалаў пракуратура вылучыла грашовыя зыскі на карысьць МНС.

Напрыклад, у вёсцы Пінкавічы гаспадыня зацепліла печку і, не зачыніўшы яе дзьверцы, адышла ў краму. А ў гэты час з топкі вываліўся вугельчык. На дым у хаце вяскоўцы выклікалі выратавальнікаў. У барацьбе з пачаткам пажару тыя затрацілі сілы і сродкаў на 106 тысяч рублёў. Маёмасьці выгарала на паўтара мільёна.

У вёсцы Чухава гаспадар сядзібы пакінуў без нагляду ўключаны электракіпяцільнік. Калі вада ў шклянцы выпарылася, электрапрыбор – успыхнуў. У гэтым выпадку выратавальнікі налічылі зыск пагарэльцу ў суме 338 тысяч 390 тысяч рублёў.

У Пінску пачаліся суды. Цяжка бачыць, як трасуцца рукі і коцяць сьлёзы ў пагарэльцаў. Некаторыя зь іх увогуле ўцякаюць з залі паседжаньня, клянуць існуючую ўладу.

...Дымава, Агнёўка, Папялішкі, Пагарэлка, Пекла, Пярунова, Двор-Жары, Ізбужар, Гарэліца, Гарэлы Бор, Пагарэлы Востраў, Новыя Гараны, Угляны... Падлічана, што больш як 800 вёсак у Беларусі маюць назвы, якія так ці інакш паходзяць ад памяці пра пажары. Тут цяпер можна пачуць пра шматлікія прыклады салідарнасьці грамады ў дапамозе пагарэльцам. Але не было яшчэ ў гісторыі беларускіх вёсак прыкладаў, каб пагарэльцу цягнулі ў суд і адбіралі на штрафы грошы, якія зьбіраюць для яго аднавяскоўцы.

Галіна Баравая

05.03.2008

У Драгічыне раскопваюць магілы

Эксгумацыя патрэбная для дакладнага вызначэньня прычынаў сьмерці перастарэлых пэнсіянэраў.

Новапрызначаны генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч пераняў ад свайго папярэдніка кантроль у так званай драгічынскай справе. Раней сьледчыя выкрылі і затрымалі двух ураджэнцаў Украіны, 1978 і 1981 гадоў нараджэньня, цыганоў, якія часова пражывалі на тэрыторыі Драгічынскага раёну. Мужчыны падазраюцца ў тым, што задушылі двух перастарэлых жыхарак у вёсках Брадок і Аляксеявічы. Злачынцы скралі з хатаў нябожчыц грошы і прадукты харчаваньня.

У цяперашні час, як паведамілі ў Генпракуратуры, "высьвятляюцца яшчэ некалькі фактаў зьдзяйсьненьня абвінавачванымі аналягічных злачынстваў. Супрацоўнікі пракуратуры сумесна з падразьдзяленьнямі міністэрства ўнутраных спраў праводзяць комплекс апэратыўных мерапрыемстваў, якія дазваляюць высьветліць і дакладна замацаваць усе абставіны ўчыненых злачынстваў".

Супрацоўнік Драгічынскага РАУС Віталь Мельнікаў удакладніў: "На некаторых могілках спэцыялісты раскопваюць магілы і абсьледуюць трупы. Гэта робіцца таму, што пераважна ўсе перастарэлыя ў раёне пахаваныя без абавязковага мэдычнага абсьледаваньня. Каб атрымаць даведку аб сьмерці старога чалавека, дастаткова было нават вуснага звароту яго сваякоў да ўчастковага ўрача".

Аб сваіх падазрэньнях на гвалтоўную сьмерць бацькоў заявілі ў Драгічынскім раёне яшчэ сем спадкаемцаў.

Нядаўна Драгічын наведаў міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаваў. Ён абвінаваціў сваіх падначаленых і насварыўся на абыякавасьць мэдыкаў. Усьлед за гэтым усе ўчастковыя міліцыянты на Берасьцейшчыне атрымалі загад наведаць адзінокіх пажылых. Рэвізію свайго пэрсаналу ў рэгіёне праводзяць міністэрства аховы здароўя і міністэрства сацыяльнай абароны насельніцтва. Дарэчы, падчас праверкі на кручок трапіла сацыяльны работнік Ленінскага раёну ў Берасьці. Яна зьбіла 87-гадовую бабулю і скрала ў яе 400 тысяч рублёў. Яшчэ 600 тысяч адабрала таксама у іншай сваёй падапечнай.

Я гутарыла з жыхарамі Драгічынскага раёна. Вось што паведаміла жыхарка вёскі Імянін Настасься Зубеня:

– Я цяпер спаць не магу, палохаюся, калі скрыпнуць нават весьнічкі ці пачую брэх сабакі. Зачыняю хату на драўляную завалу, якую спэцыяльна вырабіў мой муж.

Настасься Зубеня сябравала з аднавяскоўкай Марыяй Азярчук. Сустракаліся яны і 19 сьнежня мінулага году. Раніцай разам наведвалі царкву, а на золку наступнага дня суседку знайшлі мёртвай. Так як дзяцей у Марыі не было, то клопат аб пахаваньні нябожчыцы ўзялі на сябе суседзі і калгас.

Больш як праз месяц тэрміну магілу Марыі Азярчук раскапалі, а 24 студзеня зноў закапалі. Міліцыянты патлумачылі: "Сьмерць спадарыні была гвалтоўная... "

Па папярэдніх дадзеных, у 2007-м і пачатку 2008 году ахвярамі злачынцаў у Драгічынскім раёне сталі восем чалавек.

Галіна Баравая

04.03.2008

Унікальная калекцыя звычайнай фасолі

У пасёлку Целяханы на Берасьцейшчыне – найвялікшы збор бабовай культуры: амаль адна тысяча ўзораў.

Не стары яшчэ беларускі паэт Славамір Адамовіч слушна заўважыў, што бобінкі фасолі – добрая ежа і ня горшы матэрыял для алегорыяў:

Яе ногі – над міскай фасолі,
У руцэ – пладавіты стручок.
Да печы паклікала любачка
Й сама зрабіла першы крок...

Заўжды зімой у Беларусі гаспадыні лушчаць фасолю рукамі. У такім разе бобкі захоўваюцца цэлымі, непашкоджанымі, а перад гатоўкай іх ня трэба будзе перабіраць. Таксама абавязковым правілам зьяўляецца строгае разьмеркаваньне фасолі па гатунку і колеру. Зьмешваць і варыць разам розныя гатункі нязручна. Па-другое, гэта заўжды адмоўна адбіваецца на якасьці стравы.

Калі ня ведаць гэтых асаблівых адносінаў вясковых беларусаў да фасолі, то цяжка было б зразумець, як у Целяханах удалося сабраць найвялікшую калекцыю гэтай культуры.

– У вёсках беларускага Палесься гаспадары знаходзілі для нас адну-дзьве жмені белай ці рабой, жоўтай ці чорнай фасолі, чырвонай ці рыжай, – расказвае вучоны аграном Леанід Жыцянёў – ініцыятар у стварэньні народнай калекцыі.

Суразмоўца кажа, што яго асабліва ўражвае фірмовая фасоля зь вёскі Махро Іванаўскага раёну. У "махроўскай" фасолі адна палова белага колеру, а другая – барвова-чырвонага.

Леанід Жыцянёў – гаспадар спэцыяльнай лябараторыі ў Доме дзіцячай творчасьці ў Целяханах, дзе і захоўваецца ўнікальная калекцыя. Тут цяпер амаль адна тысяча шкляных прабірак. Унутры кожнай – каляровая фасоля розных фарбаў і адценьняў.

Уявіце! Усе бобінкі – як каляровыя каменьчыкі. Адны – дробненькія, нібыта гарох. Другія – што жалуды. Трэція – сплюшчаныя. Чацьвёртыя – скручаныя.

Калекцыянэр тлумачыць: перш чым закупорыць прабірку, фасолю прамарожваюць, каб зьнішчыць усялякіх жучкоў-павучкоў ды іхныя лічынкі.

Бобінкі фасолі прыдатныя для доўгатэрміновага захоўваньня. Археолягі знайшлі іх нават у раскопах помнікаў II тысячагодзьдзя да н.э. Вучоныя даводзяць – яшчэ ў старадаўнія часы грэкі і рымляне выкарыстоўвалі расьліну як харчовую і лекавую. У Беларусі фасоля вядомая з XY стагодзьдзя.

– Наша калекцыя фасолі папаўняецца, – паведамляе Леаніж Жыцянёў, – узоры здабываем у час спэцыяльных экспэдыцыяў і звычайных вандровак школьнікаў. Атрымліваем батанічныя падарункі ад выпускнікоў мінулых гадоў. Падтрымліваем сувязь з сэлекцыянэрамі Расеі, Польшчы, Украіны.

Неўзабаве ў Целяханах распачнецца новы сэзон у вырошчваньні фасолі на прышкольным участку. Для гэтага ў мясцовага Дома дзіцячай творчасьці ёсьць зямельны ўчастак. Сёлета тут на градзе будзе вырошчвацца фасоля, насеньне якой было знойдзена ў 1990-я гады. Калі б тады ў Целяханах не пачалі ствараць калекцыю, то гэты від не ацалеў бы ў Беларусі.

Галіна Баравая

01.03.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: