Барометр № 4, красавік
|
Вышэйшаму гетману адмыслова вырабілі танны крыж
Распаўсюджаны ў Беларусі вандалізм змушае ўшаноўваць нават нацыянальных герояў сьціплымі помнікамі. Ад 10 траўня ў Беларусі плянуюцца ўрачыстасьці ў гонар 400-годзьдзя памяці князя Канстанціна (Васіля) Астрожскага (1526 – 1608). У першы дзень на Меншчыне адбудзецца навукова-багаслоўская канфэрэнцыя. У другі – пленарнае паседжаньне спачатку ў Тураве, а на наступны дзень – у Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце. Тэма Міжнароднай канфэрэнцыі "Князь Канстанцін Астрожскі – славуты асьветнік і абаронца праваслаўя". 12 траўня ў Берасьці будзе асьвечаны памятны знак. Яго вырабілі берасьцейскія скульптары Алеся Гуршчанкова і Павел Герасіменка. – Эскізны праект ухваліў Мітрапаліт Філарэт, – кажа Павел Герасіменка, – гэта васьміканцовы праваслаўны крыж вышынёй 1,9 мэтра, усталяваны на пастамэнце. Пастамэнт – зь граніту. Крыж – зь сілуміну. Скульптар тлумачыць, што сілумін – гэта ліцейны сплаў на аснове алюмінію. Шмат таньнейшы ў параўнаньні з бронзай ці медзьдзю. Аднак выбар мэталю цяпер вызначае сытуацыя. Да прыкладу, ноччу 10 красавіка ў Берасьці на алеі "Іх імёнамі названыя вуліцы" былі скрадзеныя барэльефы герояў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта чатыры выявы абаронцаў Брэсцкай крэпасьці ў бронзе – кожная больш за 25 кіляграмаў. Скрадзенае ўжо знайшлі. Але цяперашні гораданачальнік Берасьця Аляксандар Палышанкоў заявіў, што "бронзавыя барэльефы трэба замяніць на копіі зь сілуміну". Ён нагадаў, што напачатку 2007 году на гэтай алеі таксама былі скрадзеныя барэльефы, якія пасьля знайшлі ў скупшчыка каляровых мэталяў. Але вернемся да юбілею Канстанціна Астрожскага. Беларускі гісторык Генадзь Сагановіч кажа, што князь Канстанцін ( у хрышчэньні Васіль) – сын Канстанціна Іванавіч Астрожскага (1460 – 1530) . Перадусім беларусы памятаюць яго як пераможцу славутай бітвы пад Ворша 8 верасьня 1514 году. У той дзень войскі Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага разьбілі амаль стотысячнае войска маскоўскага цара. – Бітва пад Воршай зьяўляецца адной з самых буйных бітваў сярэднявечча. 8-га верасьня 1514-га года нашы продкі ў змаганьні адстаялі права беларусаў на сваю дзяржаву, таму гэты дзень быў аб’яўлены Днём беларускай вайсковай славы, – адзначае Генадзь Сагановіч. Наша даведка: Род князёў Астрожскіх – адзін з найбольш знакамітых на землях былога Вялікага княства Літоўскага. У прыватнасьці, Канстанцін Іванавіч Астрожскі праславіўся ня толькі вайсковымі перамогамі над расейцамі. Паводле некаторых зьвестак, яму належала 59 гарадоў і мястэчак, 857 вёсак, 111 фальваркаў. Узначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татараў, перамог больш як у 60 бітвах. У бітве на Вядрошы ў 1500 годзе трапіў у маскоўскі палон, зь якога ўцёк у 1507-м. У Аршанскай бітве 1514-га кіраваў войскамі Вялікага княства Літоўскага, якія перамаглі колькасна большыя маскоўскія войскі. Спачыў князь Канстанцін Іванавіч у 1530 годзе ў Вільні, а пахаваны – ва Усьпенскім саборы Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе і да сёньня ёсьць надмагільле з яго выяваю. Галіна Баравая 30.04.2008
Ім зноў не налічылі дывідэнты
Больш як 2000 акцыянэраў Пінскага трыкатажнага аб’яднаньня застаюцца нямымі сьведкамі распродажу прадпрыемства. На сёньня залежы трыкатажных вырабаў адкрытага акцыянэрнага таварыства "Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднаньне "Палесьсе" (ААТ ППГА) ў фірменных і ўнівэрсальных крамах Беларусі і за яе межамі складаюць каля 70 працэнтаў усіх абаротных сродкаў гэтага ўсё яшчэ гіганта лёгкай прамысловасьці Беларусі. Працуючы ў дзьве зьмены, фабрыкі аб’яднаньня затаварылі склады кофтамі, швэдэрамі, касьцюмамі й іншымі вырабамі на 263 працэнта да сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці. Пералічаныя лічбы – дакладныя. На сходзе акцыянэраў ААТ ППГА іх агучыў старшыня назіральнай Рады гэтага прадпрыемства Віктар Садоўскі. Па яго словах, будучыня Пінскага ААТ ППГА – яшчэ горшая. Са словаў спадара Садоўскага, экспарт тавараў у 2008 годзе неабходна давесьці да 25 000 000 даляраў. Паводле вынікаў першага кварталу пачатак у выкананьні заданьня правалены з "аглушальным трэскам". Яшчэ больш павялічыліся фінансавыя страты прадпрыемства, грашовы памер якіх у 2007 годзе дасягнуў 4,7 мільярда рублёў. – Трыкатажнае прадпрыемства для Пінску – выспа ўяўнага працаўладкаваньня для больш як дзьвюх тысяч працаздольных, у пераважнай большасьці жанчынаў, – кажа грамадзкі актывіст Віктар Кахновіч, – яны вельмі мала зарабляюць, шмат стамляюцца, але яшчэ горш баяцца апынуцца за варотамі. Большасьць зь іх ня маюць ніякіх спадзяваньняў. Яны трымаюцца за працу, як за апошнюю саломінку. У 1990-я начальнік інфармацыйна-вылічальнага цэнтру "трыкатажкі", пазьней – дэпутат Вярхоўнага Савету Віктар Алампіеў прапаноўваў драбленьне гіганта лёгкай прамысловасьці, разьлічыў схему канкурэнтаздольнасьці асобных вытворчасьцяў. – Тады мяне , на жаль, не паслухалі, – кажа спадар Алампіеў, – наўрад ці дапамогуць парады і цяпер. Па маіх дадзеных, толькі ў 2007 годзе кіраўніцтва ААТ ППГА атрымала згоду на вызваленьне з тэхналягічнага канвэеру 230 адзінак тэхнікі. Гэта імпартнае абсталяваньне прададзена па кінутых коштах. Хто купец? Мяркую, не шараговыя працаўнікі. Бо, напрыклад, у 2002 годзе былы генэральны дырэктар Віктар Найдэнка па такой жа схеме аснасьціў тэхнікай пінскага прадпрыемства камэрцыйны цэх свайго сына ў Менску... Віктар Алампіеў канстатуе: раней пінскіх трыкатажнікаў выратоўвала Расея. У халодную пару году краіна-суседка, як гаворыцца, праглынала мільёны цёплых вырабаў.Ну, а зусім нядаўна ў Маскве адбыўся ХХХ юбілейны фэдэральны аптовы кірмаш тавараў і абсталяваньня тэкстыльнай і лёгкай прамысловасьці. Як высьвятляецца, Пінск яго прайграў. Са словаў намесьніка начальніка аддзелу маркетынгавых дасьледаваньняў і плянаваньня асартымэнту Аксаны Данілюк, станоўчыя адзнакі атрымалі толькі некаторыя мадэлі жаночай калекцыі. – Знаўцы галіны адзначалі недасканаласьць канструкцый вырабаў, жорсткасьць пражы, высокі кошт, – канкрэтызуе стратныя пазыцыі пінскіх вырабаў спадар Данілюк. Паводле расейскіх экспэртаў, гігант зь Беларусі цалка прайграе сёньня нават прыватным беларускім прадпрыемствам. У прыватнасьці, ПУП “Рогміль” са Слоніму і ААТ "Сьвітанак" (Жодзіна), вырабы якіх таксама былі прадстаўленыя на выстаўцы ў Расеі. І яшчэ адзін факт, які тлумачыць маўклівасьць шараговых акцыянэраў ААТ ППГА "Палесьсе". Напярэдадні масавых адпачынкаў працаўнікоў адміністрацыя атрымала згоду ад назіральнай рады аб продажу са скідкай вялікай групы трыкатажных вырабаў мінулых гадоў вырабу. Паводле гэтага ўжо больш як 500 чалавек напісалі заявы на набыцьцё ўцэненага трыкатажу. Неўзабаве людзі ад станкоў з Пінска загрузяць свае неабдымныя сумкі-баўлы і рушаць у накірунку паўночных гарадоў Расеі. Так званы "старэйшы брат" будзе ня супраць пажывіцца на бядзе малодшага. Галіна Баравая 23.04.2008
Актывісту ўдалося перамагчы міліцыянтаў
Сябра "Руху за Свабоду" жыхар Пінску Юры Бахцераў зацікавіўся, чаму тыя ставяць свае асабістыя аўтамабілі пад знакам забароны. У сакавіку пачалося змаганьне Юрыя Бахцерава з Пінскім ГАУС – ён спрабаваў даведацца, чаму многія тамтэйшыя міліцыянты ігнаруюць патрабаваньні дарожных знакаў. Тады штодня ад 10 да 20 і больш асабістых аўтамабіляў службоўцаў стаялі пад знакам "Працуе эвакуатар". Ён усталяваны насупраць будынку ГАУС і забараняе паркоўку на левым баку вуліцы імя Кірава. Начальнік аддзелу ДАІ Пінскага ГАУС Анатоль Завадзкі адрэагаваў на заяву і артыкул: – Інфармую, што па ўсіх фактах парушэньня правілаў аўтастаянкі на вуліцы імя Кірава вінаватыя прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці. У прыватнасьці: Грамадзянін А.Кахнюк, уладальнік аўтамабіля "Пежо-605" (дзяржнумар 5005ААТ) зрабіў парушэньне пункта 143.14 Правілаў дарожнага руху "Прыпынак і стаянка на тратуары". Аштрафаваны на 7 тысяч рублёў. За аналягічнае парушэньне аштрафаваны на 7 тысяч рублёў Н.Піўчык, уладальнік аўтамабіля "Сітраэн С-50" ( дзяржнумар 9970ВМ). Грамадзянін С.Неўдах за такое ж парушэньне на аўтамабілі "Фольксфаген Гольф", (дзяржнумар 6039 АХ) аштрафаваны на 10.500 рублёў. Уладальнік аўтамабіля "Шкода Актавія" (дзяржнумар 8891 ІВМ-1) аштрафаваны на 17.500 рублёў. Дарэчы, паводле патрабаваньняў Правілаў дарожнага руху (ПДР), за няправільны прыпынак ці паркоўку належыць папярэджаньне альбо штраф у памеры да 15.500 рублёў. Юры Бахцераў – чалавек у Пінску вядомы. Быў дэпутатам гарадзкога савету ў 1990-я гады. Выйграў некалькі судовых спрэчак, у тым ліку і ў міліцыянтаў. Дапамог шэрагу мясцовых выбаршчыкаў атрымаць належную дапамогу ад Пінскага аб'яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Са словаў Юры Бахцерава, ён цяпер выяўляе, дзе яшчэ ў горадзе міліцыянты паркуюць свае аўтамабілі насуперак патрабаваням ПДР. Доказамі парушэньняў зноў стануць апэратыўныя здымкі. Сябра апазыцыі ўжо навучаны, як трэба прыпіраць міліцыянтаў да сьценкі за парушэньні імі закону. Галіна Баравая 22.04.2008
Вызначаны ганаровы 13-ы грамадзянін Пінску
Нядаўна яго арыштоўвалі, а цяпер ушанавалі. За што? – Ларан Арыніч – генэральны дырэктар закрытага акцыянэрнага таварыства "Пінскдрэў". Не мясцовы. Не афішуе сваю працоўную дзейнасьць да таго, як патрапіў на Палесьсе. Ходзяць чуткі, што пасьля вучобы ў Беларускім тэхналягічным інстытуце працаваў у Горадні, дзе сышоўся са значна малодшай за сябе жанчынай. Разам зь ёй абасобіўся далей ад радні і знаёмых. Такімі даводзіць біяграфічныя зьвесткі "патрона" супрацоўніца аддзелу кадраў ЗАТ "Пінскдрэў" спадарыня Тацяна. Пра ўзьлёты шэфа дрэваапрацоўкі ў сталіцы Палесься паведамляюць усе мясцовыя газэты. Да прыкладу, "Полесская правда" у сьвяточным рэпартажы друкуе некалькі архіўных фотаздымкаў, на якіх Ларан Арыніч у непасрэднай блізкасьці ад Аляксандра Лукашэнкі. Вось ён прыклаў правую руку да сэрца і зазірае ў вочы прэзыдэнту. Вышэйшы за дырэктара на дзьве галавы "бацька" слухае яго ў суровым выглядзе. Няма ўсьмешак і на тварах атачэньня. Адзін з двухмэтровых ахоўнікаў трымае важкі дыплямат, акаймаваны мэталям. Ці не кампрамат там? У 1990-я Ларан Арыніч трапіў пад перасьлед ці то зайдросьнікаў, альбо канкурэнтаў, а, мажліва, фінансавых бандытаў. Не дадуць схлусіць калегі-журналісты і супрацоўнікі офісу "Пінскдрэва", што на вуліцы імя партызана Івана Чуклая, як людзі з павязкамі на вачох блякавалі аднойчы выхады ў гэтым будынку. Некалькі, як іх тады называлі, "гарылаў з аўтаматамі" ўварваліся ў кабінэт дырэктара. Яго выпхнулі з крэсла на паркет, заламалі рукі, закавалі ў кайданкі. Скандал разьвіваўся імкліва, але і сьціх неўзабаве. Высьветлілася, што ўдалы дрэваапрацоўшчык ніякі не багач. Ён – ня ўласьнік сямейнай кватэры і асабняку за горадам. Няма ў гендырэктара аўтамабіляў, дарагіх рэчаў, залатых упрыгажэньняў і гэтак далей. Аляксандр Лукашэнка прыляцеў тады ў Пінск пераправерыць нагаворы на Арыніча. Ужо тады аб’яднаньне мела больш як 10 філіялаў, вырабляла 600 найменьняў вырабаў. А ў Беларусі быў дэфіцыт мэблі. Прэзыдэнту падкінулі ідэю, што калі рэзка павялічыць вытворчасьць ложкаў, канапаў, буфэтаў і сталоў, то народ пачне вываляць свае схованкі ад грошай, бюджэт краіны напоўніцца, усім стане весялей. Зь генэральнай лініі "Пінскдрэў" ня збочвае да сёньня. Ля руля – Ларан Арыніч. У цяперашні час ён ужо начальнік 33 заводаў і фабрыкаў. У 2007 годзе рост аб’ёмаў вытворчасьці ў параўнаньні з 1990 годам склаў 997 працэнтаў! Амаль 30 краінаў сьвету набываюць пінскую фанэру. Разыходзіцца ў замежжы мяккая мэбля, абшытая натуральнай скурай. Купляе Захад і нарыхтоўкі зь цьвёрдага дрэва, а іншы раз – і зь менш каштоўнага, каб майстраваць шырспажыў у маларазьвітыя краіны. Расейскія перакупшчыкі штурхаюць у Кітай, Манголію і далей мэблю "Пінскдрэва", але наклейваюць на вырабы ярлыкі ўсясьветных брэндаў. Ёсьць вельмі красамоўны паказчык, на абмеркаваньня якога паставім кропку. Эколяг, былы двойчы сэнатар беларускага парлямэнту, цяперашні дэпутат Берасьцейскага абласнога савету Анатоль Волкаў паведамляе, што цяпер "Пінскдрэў" вырабляе прадукцыі ў 2,3 раза больш узроўню 2000 году. Штодзённы выпуск драўляных вырабаў ацэньваецца ў 800 000 000 беларускіх рублёў. – Уяўляеце, якую процьму беларускага лесу паглынае "Пінскдрэў"? – запытвае Анатоль Волкаў і кажа: – Мяркую, што 13-га ганаровага жыхара Пінску нашчадкі некалі ўзгадаюць як няшчасьліўчыка, які пакінуў Палесьсе без дубовых гаёў і карабельных соснаў. Галіна Баравая 19.04.2008
"Сэктанткай яе зрабілі гора і беднасьць"
Шчырыя прызнаньні сяброўкі пустэльніцы зь Беларусі, лёс якой нібыта трагічна закончыўся ў пячоры на тэрыторыі Пензенскай вобласьці. Наведаць вёску Мацясы на Берасьцейшчыне змусілі недасканаласьці ў публікацыях расейскіх СМІ. Да прыкладу, зусім нядаўна газэта "Известия" ў дадатак да ранейшай сваёй інфармацыі пра сьмерць у пячоры Марыі Ярашэвіч, удакладніла: "Мария вместе с мужем Виктором переехала в Белоруссию из деревни Извара Ленинградской области в октябре 1988 года". – Хлусьня гэта! – заяўляе жыхарка Мацясаў Сьвятлана Савельева, – Марыйка ніякая не расейка, да нас яна пераехала са Столінскага раёну. У мяне і здымкі ёсьць, і дакумэнты захаваліся. Прыяжджайце, самі пераканайцеся! Жабінкаўскія Мацясы – тыповая беларуская вёска. Дамкі кучкуюцца ля дарогі-гравійкі. Як паўсюдна – закінутыклюб, сьціплая крама, старая школа. У ваколіцы – вясковы пагост, дзе амаль адразу заўважаю закінутую магілу, пра якую мне расказвала Сьвятлана Савельева. Гэта ўплясканы дажджамі ўзгорачак зямлі, у верхняй частцы якога ўторкнутая аблезлая штучная кветка. Былы драўляны крыж абваліўся на дзьве часткі. На плястыкавай шыльдачцы захаваўся няпоўны надпіс "Ярашэвіч Вік... " Накіроўваюся ў вёску, знаходжу хату Сьвятланы Савельевай. Кажу пра могілкі. Жанчына вінаваціцца, тлумачыць: увесну для яе самой задуха на агародзе. Кажа, да Вялікдня, які сёлета прыпадае на 27 красавіка, магілка Віктара абавязкова будзе падпраўленая. Пра Віктара перадусім і нагадвае: – Яго напаткала спэцыфічная хвароба – рак полавага органа. Гэта была трагедыя для сям'і. Віктар асьцерагаўся сказаць праўду жонцы. Пачаў больш піць, вяртаўся з працы позна, спаць клаўся асобна. Марыйка, якая не падазравала пра хваробу мужа, пачала абвінавачваць яго ў нявернасьці. Сваркі цягнуліся амаль да сьмерці Віктара. Адна бяда – іншую цягне. Неўзабаве зьлягла маці Марыі. Каб пакарміць нерухомую хворую, перапрануць яе, павярнуць – патрэбен быў час. Дачка кінула калгасную фэрму, дзе даглядала цялят. І ўжо тады ўсё больш прыслухоўвалася да голасу сваёй сваячкі, манахіні Варвары. Яна атабарылася пры ўзнаўляемым на Берасьцейшчыне праваслаўным кляштары. Не безь яе дапамогі ў доме Марыі Ярашэвіч зьявілася рэлігійная літаратура і абразы. Сьмерць пэнсыянэркі-маці зрабіла Марыю Ярашэвіч беднай. Каб ня чуць папрокі ад сыноў, сваякоў і суседзяў, жанчына ўсё часьцей пакідае дом і туліцца пры цэрквах ды кляштарах. Удакладняе Сьвятлана Савельева: – Да нас даходзілі чуткі, што Марыйка зьбірае міласьціну, галадае ня толькі ў пост. А ў 2005 годзе яна стала яшчэ і агітатарам Пятра Кузьняцова – прапаведніка сэктантаў з Расеі. Празь некаторы час зьехала ў Пензенскую вобласьць, зьвесткі пра яе сталі затухаць. Жытло Ярашэвічаў ў Мацясах – гэта тыпавы калгасны дом на некалькі пакояў. Ён ня быў своечасова аформлены ў прыватную ўласнасьць. Прапісаныя тут Дзяніс і Зьміцер Ярашэвічы. Старэйшы прыжджае на выходныя з таго кляштару, куды ўладкавала яго на працу сяброўка маці манахіня Варвара. Зьміцер сёлета заканчвае мясцовую школу. Сустрэча і гутарка была самотная. Відавочна, яны чакалі ад мяне аптымістычных зьвестак з Расеі. Я ж чула толькі пра сьмерць, але пра гэта гаварыць не выпадала... Галіна Баравая 16.04.2008
Дзяўчынкі-маці – у кожнай школе
У Столінскім раёне мусяць нават стварыць для 14-гадовых кансультатыўныя цэнтры. Гэты раён – самы густанаселены на Берасьцейшчыне. У 98 паселішчах пражываюць 84 тысячы жыхароў. Сярэдняя шчыльнасьць – 26 чалавек на квадратны кілямэтар. Тут цяпер найбуйнейшыя ў рэгіёне вёскі – Альшаны, Белавуша, Беражное, Рубель. У раёне на сёньня – роўна 2000 шматдзетных маці. Зь іх 1400 маюць трое дзяцей, 360 – чацьвёра, 126 – пяць, 20 – восем. У найвялікшай сям’і 13 дзяцей. Дакладная статыстыка пра колькасьць непаўналетніх парадзіх не распаўсюджваецца. Аднак вядома, што дзяўчынкі-маці ёсьць практычна ў кожнай мясцовай школе. Да прыкладу, у папярэдні год сталі цяжарнымі 28 дзяўчынак ад 15 гадоў і нават дзьве зь іх малодшыя. – Сёлета, пэўна, будзе яшчэ большая дэмаграфічная прыбаўка ад непаўналетніх, – кажа намесьнік галоўнага ўрача цэнтральнай райбальніцы Раіса Місюра і тлумачыць, што калі яшчэ 10 гадоў таму пра гэта гаварылі шэптам і са страхам у вачох, то сёньня літаральна ў кожнай школе ёсьць цяжарныя вучаніцы. Некаторыя зь іх ужо замужам, альбо зьбіраюцца пад вянец. Калі ж сапраўды ўкараніцца 12-гадовы тэрмін навучаньня, то колькасьць парадзіх безумоўна павялічыцца. Са словаў суразмоўцы, на ўліку ў Столінскім раёне цяпер амаль 500 дзяўчынак, якія могуць апынуцца мамачкамі за школьнай партай. Таму зь імі распачата прафіляктычная праца. Для гэтага створаны клюб "Дыялёг". У ім арганізаваныя рэгулярныя заняткі. – Мы не адгаворваем школьніц ад першага каханьня. Мы запрашаем іх на гутаркі і лекцыі. Мэдыкі, псыхолягі і пэдагогі гутараць пра псыхалягічныя ўзаемаадносіны зь юнакамі. Тлумачым рост сэксуальнай зацікаўленасьці. Адказваем на тыя пытаньні, якія іншыя падлеткі не атрымліваюць нават ад сваёй маці, – расказвае Раіса Місюра. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Бурава таксама мае дычыненьне да праблемы раньняга дзетанараджэньня. Як меркаваньне: – Трэба прыняць як непазьбежны факт тое, што ў наш час сэксуальны дэбют адбываецца раней, чым 10 гадоў таму. Сэкс на экранах тэлебачаньня і ў СМІ робіць свой уплыў на нетрывалую яшчэ псыхіку дзіцяці. Я адшукала лічбы Нямеччыны ў гэтай тэме. На 80 мільёнаў насельніцтва ў 2007 годзе тут было 6 тысяч маці ва ўзросьце да 14 гадоў. Мяркую, што ў Беларусі такія ж працэнтныя суадносіны. Урэшце, падлеткі цяпер слухаюць адну музыку, глядзяць такія ж фільмы, у сэксе ім таксама падабаецца прыкладна адно і тое ж. Але ў Нямеччыне створаныя рэгіянальныя клінікі, якія працуюць з моладзьдзю. У буйных гарадах – цэнтры ў ахове рэпрадуктыўнага здароўя і рэабілітацыі, мэдыка-пэдагагічныя цэнтры і аддзяленьні мэдыка-сацыяльнай дапамогі. Як адзначаюць спэцыялісты, дзяўчынкам ствараюць умовы камфорту. Іх ветліва сустракаюць, зь імі працуюць і генеколяг і псыхоляг. А што ў Беларусі? Сарамлівасьць і страх перасьледуюць дзяўчынкаў-маці. Для большай перакананасьці – толькі факты з апэратыўных паведамленьняў міліцыі. У Гародні ў кантэйнэры для сьмецьця знойдзена мёртвае дзіцятка са шматлікімі колата-рэзанымі ранамі, траціна зь якіх – пранікаючыя. У забойстве вінавацяць 17-гадовую школьніцу. Яшчэ адзін страшны прыклад – у гарадзкім пасёлку Уручча-2 (Любанскі раён), дзе ў поліэтэленавым пакеце знойдзены труп нованароджанага з неабрэзанай пупавінай. У Барысаве ў сакавіку ў каналізацыі выяўлены труп нованароджанай. У мясцовым РУУС патлумачылі, што дзяўчынка была ва ўзросьце сямі месяцаў. Да гэтага – лічбы. Паводле сацыёлягічных дасьледаваньняў, у Беларусі, прыкладна 6 адсоткаў дзяўчынак і 20 адсоткаў юнакоў маюць сэксуальны дэбют да сваіх 15-ці гадоў. Да 17 гадоў практычна кожны другі падлетак (хлопчыкі і дзяўчынкі) атрымліваюць досьвед у сэксуальна-партнэрскіх адносінах. А ў 19 гадоў ужо 82 працэнты набываюць сэксуальную актыўнасьць. Галіна Баравая 12.04.2008
Паўзучыя гады ды зьвяры паказваюць нораў
Па зьвестках Пружанскага райвыканкаму, ужо сёлета зубры нанесьлі шкоду мясцовым гаспадаркам на суму амаль у 30 мільёнаў рублёў. У выгнаньні вужоў дапамагае МНС Сям’я Антона Рамашчука з Пружанаў просіць дапамогі ў выгнаньні з хаты вужоў. Хата – ля балота. Як вынікае са скаргі ў МНС, санітарную службу і экалягічнай інспэкцыі "раней вужы разьвяліся пад падлогай, а як скончылася зімовая сьпячка, то пачалі выпаўзаць з-пад плінтусаў у пакоі". Сёлета пярэпалах з-за вужоў зазналі і выхаванцы сацыяльна-пэдагагічнага прытулку ў вёсцы Стракавічы Сьветлагорскага раёну. 85-сантымэтровы вуж упоўз праз шчыліну ля рукамыйніку і распластаўся перад дзьвярыма ў прыбіральню. Ад страху дзеці цяпер грозна тут грукацяць нагамі і азіраюцца па баках. У Гомелі гаспадыня катэджу таксама ўтрупянела, калі ўбачыла, як перапаўзае з кухні ў залю гад з жоўтымі плямамі ззаду галавы. Як лічыць біёляг Юры Лысенка, падобных прыкладаў у Беларусі стала цяпер больш, бо павялічваецца колькасьць забалочаных участкаў. Тут асноўная ежа вужоў – жабы. Са словаў Юры Лысенка, ён яшчэ ў 1980-х разьвіваў беларускую змеягадоўлю. Стварыў у Гарадоцкім раёне ля возера Лосьвіда фэрму зь некалькі соцень гадзюкаў. Ад іх зьбіралі зьмяіны яд. Прадавалі яго фармацэўтычным прадпрыемствам у Прыбалтыцы і Расеі. – Вуж нават укусіць чалавека не можа. Звычайна ён пераварочваецца ўверх пузам, выпускае фэкаліі, якія моцна сьмярдзяць, і высоўвае язык. Гадзюка ж можа зрабіць небясьпечны выпад, але звычайна і яна ўцякае, – тлумачыць Юры Лысенка і даводзіць, што лепшы сродак пазбавіцца ад страху – тэрмінова зьвярнуцца ў службу МНС па месцы жыхарства. У выратавальнікаў маюцца цяпер спэцыяльныя прыстасаваньні, каб лавіць і перамяшчаць паўзучых гадаў у месцы іх сталага На аблогу баброў выклікаюць мэліяратараў У Ганцавічах бабры жывуць у старым рэчышчы ракі Цна ля будынку раённага суду. Зьвяркі падгрызьлі дрэвы-асіны так, што яны роўненька ляглі сваімі верхавінамі на пабудаваную раней бабровую хатку, закрылі яе ад цікаўных поглядаў. У Ганцавіцкай раённай інспэкцыі аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя паведамілі, што ў апошнія гады пагалоўе баброў павялічылася пад 700. Біёляг Адам Крук лічыць гэта вынікам урэзаных маштабаў мэліярацыі: – Раён наш – найменшы ў Берасьцейшчыне. Яшчэ раней тут высушылі ўсё навакольле. Дык бабры перабіраюцца бліжэй да людзей – у мэліярацыйныя каналы, балотцы, недалёкія ляскі. Сёлета на адстрэл бабра паляўнічым зь Ганцавічаў прапанавалі 33 ліцэнзіі. Зь іх на сёньня закрытыя толькі дзьве. Астатнія – ігнаруюцца. Выйшла з моды бабровая пушніна. Таму каб пазбавіцца ад непажаданага суседзтва зь бабровай хаткай ці ўчыненага зубастымі зьвяркамі лесапавалу, палешукі выклікаюць мэліяратараў. У гэтую вясну яны разбурылі ужо 12 бабровых гацяў. Зубры нішчаць рапс і патрошаць бурты У вёсцы Чэпелі Пружанскага раёну зноў множацца чуткі пра голад зуброў у Нацыянальным парку "Белавеская пушча". Вось што расказвае даярка Ганна Татарава: – Некалькі дзён таму яны зноў "распаролі" бурт з буракамі. Раней частаваліся ў сіласнай яме. А на зваротным шляху згрызьлі дружныя ўсходы азімага рапсу. За вёскай Чамялі – вытаптаная зубрамі сьцежка ў лес, далей – павалены сушнях і вырваныя з каранямі дробныя дрэвы. Сьцірты саломы й сена тутэйшыя ставяць толькі на падворку. Каравуляць іх сабакі, звычайна два ці нават тры. Па зьвестках Пружанскага райвыканкаму, ужо сёлета зубры нанесьлі шкоду мясцовым гаспадаркам на суму амаль у 30 мільёнаў рублёў. Назіраньне за ляснымі гігантамі вядзе кандидат біялагічных навук Аляксей Няруша. Ён тлумачыць, што менавіта вясной "гаспадары пушчы" не жадаюць харчавацца толькі асінавай карой, таму яны шукаюць зялёныя выпасы. Пасевы рапсу, як тлумачыць навуковец, "прывабліваюць зуброў зелянінай і смакатой". Статак зубраў налічвае ад 12 да 30. Агулам іх вага – 12 і больш тонаў. Не цяжка ўявіць, што пасьля іх набегаў поле рапсу ці зялёнага жыта наўрад ці ачуняе. Галіна Баравая 09.04.2008 |