Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Брест Барометр № 5, травень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Барометр № 5, травень

У Пінску аднаўляюць дом Альбрэхта Радзівіла

Выратаваць яшчэ адзін помнік у сталіцы Палесься дапамагае гісторык з Польшчы Ян Серадыка, які некалі жыў там.

Наўрад ці нават дапытлівы вучань можа атрымаць у школьных падручніках зьвесткі пра пінскі пэрыяд канцлера Вялікага княства Літоўскага Альбрэхта Станіслава Радзівіла. Вельмі скупыя зьвесткі ўтрымліваюцца і ў Пінскім краязнаўчым музэі. Паведамляецца, што Альбрэхт Станіслаў належаў да знанага роду і ў свае 38 гадоў быў прызначаны на пасаду пінскага старасты. У ягоныя абавязкі ўваходзіла заступніцтва на месцы дзяржаўных інтарэсаў. Акрамя таго, стараста разглядаў справы і ў судзе.

Сучасным дасьледчыкам жыцьця і спраў Альбрэхта Радзівіла зьяўляецца польскі прафэсар Ян Серадыка. Цікава, што некалі будучы прафэсар жыў з маці ў Пінску і не страціў да тых мясьцінаў цікавасьці. Спадар Ян вяртаўся сюды, калі працаваў над тэмай "Пінск Альбрэхта Станіслава Радзівіла".

У былой ваколіцы гораду прафэсар адшукаў каменны будынак, які ацалеў ад сядзібы Альбрэхта Радзівіла. Нягледзячы на ўзрост у 370 гадоў, двухпавярховы асабняк мае яшчэ запас моцы, хаця і зазнаў шмат перапляніровак у савецкі час. На рашэньне райвыканкаму цяпер распачата аднаўленьня мура. Плянуецца, што ў яго сьценах будзе адзін зь інтэрнатаў спартыўнага комплексу "Хваля".

Тым часам краязнаўцы зь Пінску займаюцца пошукам гістарычных зьвестак. І, як адзначае знаўца гісторыі краю Вячаслаў Ільянкоў, ёсьць за што дзякаваць былому старасту. Напрыклад, да сёньня на цэнтральнай плошчы велічна ўзвышаецца будынак былога калегіюму езуітаў. Яго фундатарам зьяўляўся якраз Альбрэхт Станіслаў Радзівіл. Поруч з калегіюмам да 1950-х гадоў быў касьцёл сьвятога Станіслава – яшчэ адна архітэктурная слыннасьць Палесься, узьведзеная пры ўдзеле пінскага старасты. Далей Вячаслаў Ільянкоў кажа:

– Як высьветлілася, Альбрэхт Радзівіл пакінуў шмат гістарычных матэрыялаў і ўспамінаў. Рукапісы атрымалі назву "Помнік аб падзеях у Польшчы А. С. Радзівіла". Іх аб’ём складае некалькі тамоў. Але да сёньня гэта ўсё яшчэ абсалютна невядомая ў Пінску крыніца зьвестак пра сытуацыю ў Пінску і дзяржаве ў першай палове XYII стагодзьдзя.

Са словаў Вячаслава Ільянкова, цікавасьць да асобы былога канцлера ўзрастае.

Гістарычныя энцыкляпэдыі паведамляюць, што Альбрэхт Станіслаў Радзівіл нарадзіўся ў 1593 годзе (па некаторых зьвестках), а памёр у 1656 годзе. Ён быў канцлерам Вялікага княства Літоўскага, сябрам сэнату Рэчы Паспалітай.

Галіна Баравая

27.05.2008

У Пінску – вуліцы пашкоджаных ліхтароў

Ёсьць доказы, што ў гэтым вінаватыя ня толькі вандалы, але й тыя, хто непасрэдна адказваюць за асьвятленьне.

Жыхары Пінску Юры Бахцераў, Аляксандр Рамановіч й іншыя грамадзкія актывісты дасьледавалі тры сумежныя мікрараёны. Правяралі, ці адпавядае цяперашні стан электраасьвятленьня вуліц патрабаваньням пастановы Савету Міністраў №724 "Аб мерах па ўкараненьні сыстэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў у абслугоўваньні насельніцтва Беларусі". Вынікі – несуцяшальныя. Практычна трэцяя частка ліхтароў ня дзейнічаюць. Прычым, вінаватыя ня толькі вандалы.

Актывісты мусілі зьвярнуцца да міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімера Белахвостава. У калектыўным допісе заяўнікі называюць дакладныя факты нездавальняючай працы філіялу "Гарадзкое асьвятленьне Пінскага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі". Да скаргі міністру прыкладзеныя 25 фотаздымкаў. Тлумачыць Юры Бахцераў:

– На сёньня ў Пінску 196 кілямэтраў паветраных сетак вулічнага асьвятленьня і 4.262 ліхтароў. Слупы, провад і ліхтары – пераважна савецкай вытворчасьці, выкарыстоўваюцца ўжо больш як другое дзесяцігодзьдзе запар. Каб пазбавіцца ад гэтага маральна састарэлага абсталяваньня, горад выдаткоўвае значныя бюджэтныя сродкі на набыцьцё новага. Але, як высьвятляецца, супрацоўнікі філіялу "Гарадзкое асьвятленьне" самі прыклалі рукі да разбазарваньня дарагой маёмасьці.

Пераправерыць зьвесткі Юры Бахцерава не складана. На пінскіх вуліцах Малчанава, Валадарскага, Урыцкага, Агародная да сёньня на ліхтарах не замацаваныя ахоўныя накрыўкі. У выніку схема электрычнага падключэньня і мантажу цалкам не абароненая ад атмасфэрных ападкаў. З-за вільгаці іржавеюць кантакты, здараюцца кароткія замыканьні, перагараюць лямпы. Але накрыўкі электрыкі кінулі ля слупоў. Шмат іх падабралі жыхары гораду.

Узначальвае пінскі філіял "Гарадзкое асьвятленьне" Анатоль Ксёндзык. Ён кажа:

– Мы прызнаём, што ў час мантажу вулічнага электраасьвятленьня адбылася службовая халатнасьць – электрыкі паленаваліся замацаваць накрыўкі. Мы гатовыя выправіць памылку, але частка накрывак ужо страчаная . На вяртаньне тых, што падабраў, напрыклад, спадар Бахцераў, ён патрабуе пісьмовую расьпіску.

Юры Бахцераў – былы дэпутат Пінскага гарсавету, вядомы ў горадзе грамадзкі актывіст. Ён пераконвае, што безгаспадарчасьць пачынаецца з дробнага:

– Напішуць расьпіску – атрымаюць накрыўкі. Фармалізм у дадзеным выпадку – абавязковая ўмова, бо начальнік Анатоль Ксёндзык – не гаспадар свайго слова.

Суразмоўца нагадвае, што жыхары вуліц Акопная, Усходняя, Урыцкага, Чыгуначная ўжо на працягу трох гадоў зьвяртаюцца з просьбамі навесьці элемэнтарны парадак у вулічным асьвятленьні.

– Толькі сёлета ў Кнігу заўвагаў і прапаноў Пінскай ЖКГ зроблены пяць скаргаў насельніцтва на дрэннае вулічнае асьвятленьне. У адказ людзі атрымліваюць толькі голыя абяцаньні, – кажа Юры Бахцераў і зноў спасылаецца на канкрэтны прыклад.

Паводле Бахцерава, сёлета 21 студзеня на вуліцы імя Ўрыцкага ў Пінску абарваўся дрот. Ён упаў на лінію электразабесьпячэньня тамтэйшых жылых дамоў. У выніку ў некаторых кватэрах выведзены са строю лядоўні, тэлевізары й іншыя электрапрыборы. Кампэнсаваць страты давялося філіялу "Гарадзкое асьвятленьне". Дасьледаваньне аварыі выкрыла, што раней дырэктар Анатоль Ксёндзык ігнараваў заявы жыхароў наконт ненадзейнасьці вулічнага электраасьвятленьня, правісаньня правадоў, іх заблытваньня і г.д.  

Галіна Баравая

14.05.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: