Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвінне № 20, сьнежань
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвінне № 20, сьнежань

У "беларускім тупіку" дзейнічаюць дакумэнты СССР

Пропуск СССРНават празь 16 гадоў незалежнасьці Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі выкарыстоўвае пропуск савецкай дзяржавы.

Лынтупы, што ў Пастаўскім раёне, – старажытнае мястэчка беларускага Паазер’я. Цяпер тут – памежная зона. Каб уехаць туды ці выехаць адтуль, трэба прайсьці памежны кантроль. Міліцыянты патрабуюць пашпарт са штампам тамтэйшай прапіскі, альбо спэцыяльны пропуск.

– Бязглузьдзіца гэты пропуск, – кажа яго ўладальнік Зьміцер Лупач, – герб СССР, рэгістрацыйная нумарацыя ад 1990-х гадоў, тэкст – рускамоўны.

Пропуск СССР1Зьміцер Лупач – краязнаўца. Ён наведвае Лынтупы дзеля вывучэньня беларускасьці. Пераконвае, напрыклад, у цікавай гісторыі Андрэеўскага касьцёлу. Кажа, што да сёньня тут захавалася кніга рэгістрацыі шлюбаў ад 1753 году. Карэнныя жыхары могуць прасачыць гісторыю свайго роду аж да сёмага калена!

Калісьці праз станцыю Лынтупы быў шлях на Вільню. Цяпер яны – тупік Беларускай чыгункі. За ўвесь дзень сюды заходзіць усяго адзін цягнік зь Віцебску.

Раней у мястэчку было 2,5 тысячы насельнiцтва. Сёння – на 700 менш. Здольных да працы па ўзросце 640 чалавек. Зь іх амаль паўтары сотнi працуе на мясцовым сьпiртзаводзе. Іншыя зьяжджаюць на заробкі ў Літву.

На могілках у Лынтупах ляжаць сыны Тамерлана і Тохтамыша, войскі якіх супрацьстаялі харугвам беларускага князя Вітаўта.

"У Лынтупах жылі ў добрай згодзе і каталікі, і праваслаўныя, і татары, і жыды. Людзі тут простыя, працалюбівыя, церпялівыя і сяброўскія", – нагадвае інвэнтар 1849 году, які вёў тутэйшы ксёндз.

Сёлета ў Лынтупах  адкрылі помнік Баляславу Ялавецкаму, выдатнаму інжынеру вынаходніку, чыгуначніку, прадпрымальніку, дзяржаўнаму дзеячу тагачаснай Расейскай імперыі. Імя якога запісана залатымі літарамі ў Пецярбурскай інжынернай Акадэміі…

Мясцовыя краязнаўцы – Алесь Гарбуль, Уладзімер Іваньковіч і Міхась Гіль аднавілі незаслужана забытае імя Балеслава Ялавецкага. А менскі скульптар Алесь Шатэрнік на грамадскіх пачатках зрабіў бюст.

– Шкада, што Лынтупы пераўтварылі цяпер ў беларускі тупік, – кажа Міхась Гіль, – месьцічы да цяперашняга часу ўзгадваюць, як у абедзенны перапынак удавалася зьезьдзіць у Прыбалтыку "на піва". Калі ж разваліўся СССР, то беларусы адправілі 17 кілямэтраў рэек на мэталялём.

Непадалёку ад Лынтупаў ёсьць месца, дзе мяжа праходзіць між беларускай вёскай Гадуцішкі і літоўскай Адуцішкіс. Ад нядаўняга часу тут зьявілася мэталічная агароджа ў больш як у паўтара мэтра вышыні. Калі яе не было, мясцовыя жыхары бегалі адзін да другога ў госьці, на вачох у памежнікаў частаваліся віном...

– Цяпер варта толькі сунуць нос, як адразу напорысься на першы штраф у 310 тысяч рублёў, у наступны раз – на мільён, – папярэджвае Міхась Гіль.

Галіна Баравая

27.12.2007

Віцебскія прадпрымальнікі ня ведаюць, каго слухаць

З-за "ідэйных" супярэчнасьцяў паміж рознымі арганізацыйнымі структурамі ў страйку 19 сьнежня ўзялі ўдзел толькі 15 адсоткаў прадпрымальнікаў.

Як адзначыў намесьнік старшыні РГА "Перспектыва" Анатоль Шапавалаў, напярэдадні страйку па ўсіх кірмашах і гандлёвых цэнтраў пачала распаўсюджвацца інфармацыя, што акцыя адмяняецца і пераносіцца на пазьнейшы час.

– Нашы прадпрымальнікі заўжды адгукаюцца на заклікі лідараў, – распавядае Анатоль Шапавалаў. – Але гэтым разам яны аказаліся дэзарыентаванымі і дэзінфармаванымі, бо прадстаўнікі нашай арганізацыі і актывісты прафсаюзу "Разам", які ствараецца пад кіраўніцтвам Ірыны Яскевіч, па-сутнасьці, паставілі перад прадпрымальнікамі супрацьлеглыя задачы. "Перспектыва" заклікала да аднадзённага страйку на знак пратэсту супраць Указу №760, паводле якога з 1 студзеня забараняецца прымаць на працу не сваякоў. Да таго ж  мы меркавалі падтрымаць арыштаваных 10 сьнежня ўдзельнікаў прадпрымальніцкага мітынгу. Тым часам актывісты прафсаюзу "Разам" і шэрагу іншых арганізацый прапанавалі дачакацца вынікаў перамоў з уладамі.

На думку Ірыны Яскевіч, старшыні  прафсаюзу "Разам", сёньняшняя акцыя проста несвоечасовая.  

– Мы трапілі ў дзіўную сітуацыю, – кажа Ірына Яскевіч. – Лідэр "Перспектывы" Анатоль Шумчанка абвясьціў акцыю, ні з кім не параіўшыся. На мой погляд, гэта нейкі падлеткавы ўчынак, спроба выглядаць аднаасобным лідарам. Падчас ранейшых акцый мы прапанавалі прадпрымальнікам пачакаць да 22-га сьнежня, пакуль не атрымаем адказ ад уладаў на нашыя патрабаваньні, і неяк няёмка, не дачакаўшыся гэтага тэрміну, абвяшчаць і праводзіць акцыі пратэсту.

Пустыя месцы, гаспадары якіх усё-ткі далучыліся да страйку, былі 19 сьнежня практычна на кожным з 12 віцебскіх кірмашоў і гандлёвых цэнтраў. На Полацкім пуставаў амаль увесь абутковы шэраг.

– Мы разумеем: трэба нешта рабіць, – гаворыць гандлярка абуткам Сьвятлана. – Нашае існаваньне  пагаршаецца з кожным днём – тавары даражэюць, пакупніцкая здольнасьць не расьце, бухгальтэрыя робіцца ўсё больш складанай. Гатовыя выйсьці пратэставаць і сёньня, і 22 сьнежня, і ў любы іншы дзень, бо стаміліся чакаць, што нехта нам дапаможа або заступіцца – ці то ва ўладах, ці то ў недзяржаўных арганізацыях.

Алёна Штраль

20.12.2007

У школах Пілсудскага – юбілей

70 гадоў таму на Віленшчыне на запавет маршала Юзафа Пілсудскага было пабудавана 100 школ. У некаторых і сёньня вучацца беларускія дзеці.

Сьвяточна адзначыла сваё 70-годзьдзе Задароская базавая школа Глыбоцкага раёну. Падарункам да юбілею стала перамога калектыву настаўнікаў і вучняў у раённым конкурсе-аглядзе на лепшыя будынак і тэрыторыі вакол  навучальнай установы. Лепшым таксама названы мэтадычны кабінэт беларускай мовы. А яшчэ ўвосень мясцовая школа атрымала багацейшы ўраджай агародніны.

– Выпадкова такое не дасягаецца, – лічыць колішняя выпускніца Задароскай школы пісьменьніца Ірына Жарнасек, – традыцыі ўпартасьці ў вучобе і працы ідуць ад пачатку заснаваньня гэтай унікальнай школы.

Госьця урачыстасьці прызнаецца, што піша цяпер пра сваю першую школу, фундатара яе будоўлі і настаўнікаў.

Са словаў Ірыны Жарнасек, тамтэйшая школа – старэйшая на Глыбоччыне. Яна была пабудаваная ў адпаведнасьці з запаветам кіраўніка Польскай дзяржавы Юзэфа Пілсудскага. Незадоўга да сваёй сьмерці ён загадаў пабудаваць на Віленшчыне 100 школ.

– Узводзілі хутка, – кажа пісьменьніца, – адкрыцьцё адбылося ўвосень 1937 году. З гэтай нагоды ў касьцёле прайшла адмысловая імша. У клясы па вывучэньню матэматыкі, геаграфіі, гісторыі і яшчэ шасьці прадметаў бацькі прывялі 156 вучняў. Дырэктарам быў прызначаны Стэфан Паўлоўскі. Заняткі пачыналіся ў 8 раніцы, урокі доўжыліся 40 хвілін.

Шторазу са зьменай улады ў школе вывешвалі новыя партрэты: спачатку быў Пілсудскі, потым – Ленін, пасьля – Гітлер. Цярпелі настаўнікі і вучні. Да прыкладу, Стэфана Паўлоўскага бальшавікі арыштавалі на вачох дзяцей, якіх ён вучыў рабіць дабро. Расстралялі настаўніка ў Катыні.

Цяперашняя дырэктарка Аліна Аляхновіч прызнаецца, што марыць, каб у школе быў музэй яе гісторыі, а прозьвішча Стэфана Паўлоўскага ўшанавана на мэмарыяльнай дошцы.

– Праўдзівых зьвестак і сапраўдных экспанатаў дастаткова, – кажа Аліна Аляхновіч, – шмат чаго зь іх мы вывесілі на стэндах, утварылі краязнаўчы куток.

У Задарожжы я спаткалася зь мясцовай 80-гадовай жыхаркай Ганнай Вярцінскай. Бабуля ўпэўненая, што школа Пілсудскага прастаіць яшчэ сто гадоў.

Дарэчы, аналягічныя будынкі захаваліся і сёньня ў Барсуках (перад Докшыцамі), Боўкалах і Шкунцічах (Шаркоўшчынскі раён).

Галіна Баравая

14.12.2007

Улада квапіцца на рэлігійны турызм

Дзяржчыноўнікі рыхтуюцца зарабляць грошы на справе ксяндза Язэпа Булькі й іншых сьвятароў?

Ксёндз Язэп Булька служыць настаяцелем касьцёлу Сьвятой Ганны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна. Дзякуючы яму, у вёсцы цяпер амаль не ўжываюць алкаголь. Але апошнім часам заўважылі, што стаў ксёндз задуменны. Дасьціпная ў псыхалёгіі экскурсавод зь Менску Ірына Корань паведаміла:

– Днямі ў Мосары і вакол яго тапталіся служкі з адміністрацыі прэзыдэнта. Распытвалі  наведнікаў, што вабіць іх сюды? Лічылі аўтобусы, аўтамашыны, хадзілі ўсьлед за экскурсіямі сьвятара. Няўжо яны квапяцца на тое, каб зарабляць грошы на справе шаноўнага Язэпа Булькі?

Ён – наватар у выхаваньні людзей. Шмат у чым не пагаджаецца з афіцыйнай пэдагогікай. Выпраўляе яе хібы. Узамен алькаголю прапанаваў прыгажосьць жыцьця. У вёсцы – цудоўны парк, дзе амаль 500 дрэў, газон, мноства кветак. Летась ксёндз паставіў на гары крыж, а сёлета копію Эйфелевай вежы. У пакінутай адрыне ля касьцёлу працуе экспазыцыя этнаграфіі. А цяпер на трох лёдавых пляцоўках штучных басэйнаў дзеці гуляюць у хакей. Сьвятар асабіста купіў для гэтага неабходны рыштунак.

То ці ёсьць праўда ў папярэджаньні, што на набыткі касьцёлу ксяндза Булькі паклалі вока чыноўнікі? За адказам зьвяртаюся ў Дэпартамэнт па турызму Міністэрства спорту.

– Дакладна вядома, што ў Беларусі кожны пяты турыст наведвае культавыя збудаваньні, – гаворыць Васіль Янкавенка, начальнік вышэйзгаданага дэпартамэнту. – У Менску практычна кожная экскурсія прадугледжвае наведваньне ці хаця б зьнешні агляд храму.

Яшчэ ў 1996 годзе ўрад падпісаў пагадненьне зь Беларускай праваслаўнай царквою аб супрацоўніцтве. Пасьля такія дамовы заключылі з БПЦ розныя міністэрствы і ведамствы.

Цяпер, атрымліваецца, надыходзіць "час разьліку". Дзяржканторы складаюць бізнэс-пляны камэрцыйных экскурсіяў у Жыровічы, Полацак, Сынкавіцкую крэпасьць-царкву, Слонім. На падыходзе – Слуцак, Тураў, Бялынічы...

Нядаўна Нацыянальнае агенцтва па турызму агучыла свае пляны ў выкарыстаньні цікавасьці людзей да месцаў пакланеньня абразам, крыніцам, крыжам. Гэта таксама будзе ўцягвацца ў так званы вясковы турызм.

Сытуацыю камэнтуе беларускі гісторык Алег Трусаў:

–Увогуле, чыноўнікі мала памыляюцца, калі ўпэўненыя, што можна добра зарабіць на нацыянальнай спадчыне. Але гэта можа адбыцца толькі пры ўмове арганізацыі турызму на ўзроўні хаця б набліжаным да эўрапейскага. А менавіта: большую прывабнасьць да гістарычнага будынку забясьпечваюць добрыя дарогі, гандлёвы сэрвіс і наяўнасьць хаця б міні-гатэлю. Па-другое, трэба адмовіцца ад хамскіх адносінаў: "Прыехаў – плаці". Трэцяе: нельга квапіцца на здабыткі ксяндза Язэпа Булькі і іншых сьвятароў у адраджэньні сьвятых месцаў у Беларусі. У краіне на сёньня больш як 200 касьцёлаў і цэркваў маюць патрэбу ў аднаўленьні.

Галіна Баравая

12.12.2007

Прадпрымальнікі хадзілі запісвацца ў беспрацоўныя

Больш за 50 прадпрымальнікаў сабраліся 10 снежня каля рэгіянальнага Цэнтра занятасці насельніцтва ў Віцебску.

Такім чынам яны пратэставалі супраць прэзідэнцкіх указаў, паводле якіх ад новага году шмат хто з прадстаўнікоў малага бізнесу можа застацца беспрацоўным.

Старшыня прадпрымальніцкага прафсаюзу "Разам" Ірына Яскевіч распавяла, што акцыю пратэсту ў Віцебску яны запланавалі правесці адначасова з мітынгам прадпрымальнікаў у Менску.

– У нас такія ж праблемы, як у прадпрымальнікаў з Менску і іншых рэгіёнаў, – сказала спадарыня Яскевіч. – Гэта непрымальныя для нас эканамічная палітыка дзяржавы, нібыта знарок скіраванае на вынішчэнне прадпрымальнікаў як прафесійнай групы. Ня выключана, што з 1 студзеня 2008 году многім прадпрымальнікам сапраўды давядзецца папоўніць шэрагі беспрацоўных. Таму візіт у Віцебскі цэнтр занятасці насельніцтва быў карысны з двух прычын. Па-першае, мы меркавалі прыцягнуць да праблемаў прадпрымальнікаў увагу грамадзкасці, а па-другое, некаторым  нашым калегам насамрэч было цікава ведаць, якія вакансіі можа прапанаваць так званая "біржа працы", калі раптам давядзецца шукаць іншы прафесійны занятак.

Супрацоўнікі Цэнтру занятасці насельніцтва пакінулі праблемы прадпрымальнікаў без увагі. Ніхто з работнікаў гэтай установы ня толькі не адказаў на  пытанні ўдзельнікаў акцыі, але нават і ня  выйшаў да натоўпу. Аднак неўзабаве прыехала міліцэйская машына. Супрацоўнікі міліцыі назіралі за ўсім, што адбываецца навокал, праз вокны транспартнага сродку.

Прастаяўшы крыху больш за гадзіну, прадпрымальнікі разышліся. Пытанне, як пазбегнуць таго, каб не стацца беспрацоўным, так і засталося без адказу.

Алёна Штраль

11.12.2007

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: