Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members zacharias Віцебск Прыдзьвіньне № 1, студзень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Прыдзьвіньне № 1, студзень

Гадзіньнікі і чаравікі "трапілі ў палон"

Кліенты майстэрні віцебскага Дому быту ня могуць атрымаць свае рэчы – новы гаспадар выгнаў прадпрымальнікаў, а маёмасьць пакінуў пад замком.

На дзьвярах Дому быту вісіць аб'ява, што з 16 студзеня будынак зачынены на рамонт. А два дзясяткі прадпрымальнікаў сабраліся на ганках і пачалі тлумачыць запрошаным журналістам складанасьць свайго становішча.

– Спачатку тут працавалі дзяржаўныя атэлье, цырульні ды майстэрні, – распавядае Ігар Літвінаў. – Аднак па меры таго, як дзяржаўная "бытоўка" пачала развальвацца,  вольныя месцы запоўнілі мы, прадпрымальнікі. Паслугі самыя розныя: рамантавалі сумкі, абутак, электрапрыборы, шылі і рэстаўравалі адзеньне, працавала гадзіньнікавая майстэрня, некалькі цырульняў, вясельны салён...Так мы жылі, пакуль  улады ня выставілі будынак Дома быту на аўкцыён. Выкупіла яго таварыства "Витебский двор", і новыя гаспадары адразу сказалі, што ў 10 разоў падвысяць арэндную плату.

Раней прадпрымальнікі плацілі штомесяц ад 1 да 6 эўра за квадратны мэтар. Падвышэньне у 10 разоў адразу падалося непрымальным, а новыя гаспадары неўзабаве зьмянілі і гэтае сваё рашэньне: сказалі, што будынак зачыняць на рамонт, пасьля якога прапануюць прадпрымальнікам выкупіць свае месцы раз і назаўсёды.

– Калі выкупіць месцы мы ня зможам, то застанёмся на вуліцы, – кажа Ігар Літвінаў. – А калі нават выкупім ды павяртаемся сюды пасьля рамонту, то будзем вымушаныя падняць кошт паслуг ды страцім сваіх кліентаў.

А гэта пераважна прыежджыя зь вёскі, бо КБА месьціцца якраз паміж чыгуначным і аўтобусным вакзаламі. Гэтая акалічнасьць таксама выклікае  абурэньне прадпрымальнікаў:  маўляў, афіцыйна ў нас гавораць, што ўлады дбаюць пра людзей, асабліва вяскоўцаў, пазбаўленых шмат якіх зручнасьцяў і выгод, а насамрэч  чыноўнікаў хвалююць толькі грошы – таму й прадалі Дом быту іншаму гаспадару.

Прадстаўнікі таварыства "Витебский двор" афіцыйна папярэдзілі прадпрымальнікаў – будынак зачыніцца на рамонт і прапанавалі загадзя вывезьці маёмасьць. Хто-ніхто так і зрабіў, а  іншыя вырашылі пайсьці на канфлікт з новым гаспадаром: яны сьцьвярджаюць, што ў іх ня скончаны тэрмін арэнды, і таму патрабаваньне "высяляцца" незаконнае. У выніку  ўраньні 16 студзеня частка прадпрымальнікаў апынулася перад зачыненымі дзьвярыма, за якімі засталася і іхняя ўласнасьць, і рэчы кліентаў, здадзеныя ў рамонтныя майстэрні – абутак, адзеньне, гадзіньнікі, электрапрыборы...

Прадпрымальнікі будуць зьвяртацца ў пракуратуру ды адстойваць свае правы – патрабаваць, каб ім дазволілі працаваць далей на ранейшых умовах.  У "закладніках" канфлікту засталіся спажыўцы бытавых паслуг: калі яны змогуць атрымаць назад свае рэчы, пакуль невядома.

Алена Штраль

17.01.2008

Улады паабяцалі накарміць бамжоў, але бамжы пра гэта ня ведаюць

Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэньне пра аднаразовую харчовую дапамогу  асобам бяз пэўнага месца жыхарства. Аднак за два месяцы ніхто па яе не зьвярнуўся.

Начальнік гарадзкога аддзелу па працы і сацыяльнай абароне Алена Капусьціна сьцвярджае, што ў Віцебску насельнікі каналізацыйных люкаў, закінутых будынкаў і падвалаў зусім ня кінутыя на волю лёсу.

– Зь 1 лістапада 2007 году такія людзі могуць прэтэндаваць на разавую матэрыяльную дапамогу памерам каля 10 тысяч рублёў, – кажа А.Капусьціна. – Але дапамога будзе выдавацца не грашыма, якія "бамжы" хутчэй за ўсё скарысталі б на алькаголь ды тытунёвыя вырабы, а непасрэдна прадуктамі. Для абслугоўваньня мы вызначылі тры крамы, куды яны мусяць прыходзіць з аформленымі заявамі, даведкамі  ды  пашпартамі.

Як высьветлілася, каб атрымаць у якасьці дапамогі "бамжоўскі спажывецкі кошык", зацікаўленыя асобы мусяць прайсьці цэлы шэраг бюракратычных інстанцыяў: зьвярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнай абароны з заявай на імя старшыні раённай адміністрацыі, ды яшчэ маючы пры сабе пашпарт, якога ў большасьці "бамжоў" проста няма. У такім выпадку, дарэчы, пашпарт мусіць замяніць даведка зь міліцыі, якую можна атрымаць, прадставіўшы нейкія доказы таго, што ты хоць і былы, але ўсё ж мясцовы жыхар...

Далёка ня кожны грамадзянін нашай краіны, знаёмы зь бюракратычнай валакітай, наважыцца на падобнае "хаджэньне па кабінэтах", ня кажучы ўжо пра тых, хто сьвядома хаваецца ад увагі чыноўнікаў або міліцыянтаў.

– Мяне адтуль прагоняць або адразу пасадзяць у турму, – кажа "бамжыха" Ніна, якая сядзіць на ганках крамы "Веста" з шыльдачкай "Падайце дзецям на ежу". – Пашпарт у мяне згарэў, а ў міліцыю я сама не пайду. А ў  краму мяне проста ня пусьцяць – нават адсюль, з ганкаў праганяюць:  кажуць, "ідзі адсюль, ванючка!"

Дарэчы, "санітарнае пытаньне" у сыстэме абслугоўваньня "бамжоў" насамрэч ня вырашанае. У краме № 148 па праспэкце Будаўнікоў нават не ўяўляюць, як арганізаваць працу, калі да іх раптам масава пойдуць рэальныя героі горкаўскай п’есы "На дне".

– Яны што, тут будуць булкі бруднымі рукамі мацаць? – абураецца гандлярка хлебнага аддзелу. – А што астатнія пакупнікі скажуць, калі ў нас "бамжатнік" будзе? Нармальныя людзі сюды проста хадзіць перастануць, і іх можна зразумець! Тут жа санітарную апрацоўку трэба праводзіць пасьля кожнага "бамжа", бо падхопіш ад іх і вашэй, і часотку. Я сама  звольнюся з крамы, калі тут такое пачнецца!

Аднак дагэтуль нічога такога "не пачалося": ужо два месяца прайшло пасьля прынятага гарвыканкамам рашэньня, але ніводзін "бомж" не зьвярнуўся з заявай на харчовую дапамогу. Перадусім таму, што пра "міласьць" гарадзкіх уладаў яны проста ня ведаюць.

– Міліцыя падобная тлумачальнай працай займацца не павінна, – кажа намесьнік начальніка гараддзелу МУС Уладзімір Папко. – Мы толькі час ад часу забіраем такіх "кліентаў" для высьвятленьня асобы. Але  карміць іх – ня нашая справа,  тым болей, што на выпіўку яны час ад часу грошы знаходзяць – часьцей за ўсё крадуць, ствараючы нам лішнія праблемы".

Такім чынам, "рэклямаваць" дабрачыннасьць уладаў не гатовыя ні міліцыя, ні гандлёвая сетка, ні сацыяльныя службы, ні самі работнікі віцебскага гарвыканкаму.  Адкуль пра тое, што чыноўнікі дбаюць пра іх, мусяць даведацца самі "бамжы", так і застаецца невядомым.

Зрэшты, нават назваць хаця б прыкладную колькасьць "асобаў бяз пэўнага месца жыхарства" у гарвыканкаме не бяруцца. Кажуць, на "зімоўках" у каналізацыйных люках іх зьбіраецца болей, чымсьці можна заўважыць "на прыродзе" ўлетку, аднак да вясны дажываюць далёка ня ўсе.

Алена Штраль

15.01.2008

Былыя прадпрымальнікі праігнаравалі "Ярмарку вакансій"

Віцебскі Цэнтр занятасьці насельніцтва  правёў адмысловае мерапрыемства для тых, хто страціў працу пасьля вядомых прэзыдэнцкіх указаў.

Паводле  намесніцы  дырэктара Віцебскага цэнтру занятасьці Валянціны Чапурко, на "Ярмарку вакансій"  з прапановамі працы  былі запрошаныя пераважна швейныя і гандлёвыя прадпрыемствы горада. Бо большасьць тых, хто страціў працу на кірмашах і гандлёвых цэнтрах  – гэта жанчыны, ды яшчэ зь вялікім  працоўным досьведам.

– Але часьцей за ўсё яны шмат гадоў гандлявалі на кірмашах або ў  прыватных крамках і ня маюць пасьведчаньняў пра спэцыяльную адукацыю, – тлумачыць В.Чапурко. – Таму цэнтар занятасьці ня можа іх працаўладкаваць адразу, а мусіць паслаць спачатку на курсы , каб яны атрымалі дакумэнт  пра наяўнасьць хаця б трэцяй, самай ніжэйшай прафэсійнай катэгорыі.

За апошнія паўгады ў цэнтар зьвярнуліся 133 чалавекі, якія раней працавалі ў прыватных прадпрымальнікаў.  Зь іх  працаўладкаваць або накіраваць на перанавучаньне  ўдалося 79 чалавек, так што на першага студзеня ў якасьці беспрацоўных засталіся зарэгістраванымі толькі 54 былых прадстаўнікоў малога бізнэсу.

– Аднак пасьля ўвядзеньня новых указаў працу страцілі каля дзьвюх тысяч нашых калег, – кажа намесьнік старшыні РГА "Пэрспэктыва" Анатоль Шапавалаў. – І рэгістравацца на біржу працы яны хутчэй за ўсё ня пойдуць, бо на заробкі, якія могуць прапанаваць патэнцыйныя працадаўцы, немагчыма ня тое што пракарміць сям’ю, але й нават выжыць самім.   

Меркаваньне Анатоля Шапавалава пацьвердзілі дзьве гандляркі, якія тыдзень таму звольніліся ад прыватнага прадпрымальніка.

– Сёньня мы спрабавалі ўладкавацца ў новую краму, якая адчыняецца па вуліцы Карла Маркса, – распавядае спадарыня год пад сорак. – Нам сказалі, што будуць плаціць па 300-350 тысяч на месяц. Пры гэтым мусім працаваць поўны працоўны тыдзень. А пакуль рабілі на гаспадара, то атрымлівалі мінімум 470 тысяч, дый тое, калі працавалі на тыдзень па 3-4 дні. Я лічу, указам пра абавязковы пераход у прыватныя прадпрыемствы ды забаронай наймаць на працу пабочных асобаў ў нашай дзяржаве проста хочуць пазбавіцца ад прадпрымальнікаў.

– А такія вось "Ярмаркі вакансій" праводзяць проста для "галачкі", – дадае маладзейшая суразмоўца, дзяўчына гадоў дваццаці пяці. – Гэта робіцца , каб паказаць, што дзяржава нібыта спрабуе нам дапамагчы.

Паводле дадзеных банка вакансій, найбольш запатрабаваныя ў Віцебску прадстаўнікі "мужчынскіх" прафэсій: тынкоўшчыкі, будаўнікі, кіроўцы аўтакранаў... Жанчынам прапануюцца нешматлікія варыянты: каля дзесятка вакансій гандлярак на заробак ад 300 да 500 тысяч пры ўмове адпаведнай адукацыі і стажу, вакансіі прыбіральшчыцы і мыйшчыцы посуду за 260 тысяч на месяц, найбольшую колькасьць жанчын – да 200 чалавек – гатовыя прыняць хіба швейныя прадпрыемствы гораду. Тамсама могуць навучыць і кравецкім навыкам – за 160 тысяч падчас навучаньня, каб потым прафэсійна працаваць ужо за 300 тысяч на месяц.

Такія пэрспэктывы не вабяць тых, хто адчуў смак самастойнае працы ў галіне прадпрымальніцтва. Таму на "Ярмарцы вакансій", якую Віцебскі цэнтар занятасьці насельніцтва зладзіў менавіта для былых прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў "мэтавай групы" практычна не было.

Алена Штраль

13.01.2008

"Выбух каханьня" ў "Віцебскгазе"

10 студзеня ў адміністрацыйным будынку  прадпрыемства "Віцебскгаз" грымнуў выбух. Сведкі распавялі, што за колькі хвілін да здарэньня тутэйшы супрацоўнік зайшоў да сваёй знаёмай з пяцілітровай плястыкавай бутэлькай бензіну і намерам высьветліць адносіны.

Служба МНС, якая прыняла трывожны сігнал каля першай гадзіны дня, мусіла патушыць невялікі пажар і арганізаваць дастаўку пацярпелых ад выбуху ў абласны шпіталь. Мужчына і жанчына, якія былі ў кабінэце №7, атрымалі вялікія тэрмічныя апёкі,  і яшчэ адна жанчына, якая на той час знаходзілася ў калідоры. Яе ўдарыла выбітымі дзьвярыма і таксама апякло полымем ад выбуху. Усе трое  – супрацоўнікі "Віцебскгазу". На шчасце, ніхто з пабочных наведнікаў установы ня быў траўмаваны, хаця зазвычай у кабінэт №7 прыходзіць шмат людзей, каб аформіць пэўныя дакумэнты.

– Вялікага пажару у пакоі не было, толькі ад выбуху абвалілася падвясная столь ды вынесла дзьверы, – распавёў на ўмовах ананімнасьці супрацоўнік выратавальнай службы МНС. – Нават шкло ў вокнах засталося цэлым. Але згарэлі нейкія дакумэнты, выбухнуў  манітор у кампутара. А яшчэ ў куце знайшлася вялікая плястыкавая бутэлька з рэшткамі бензіну. Кажуць, што зь ёй пацярпелы мужчына 1969 году нараджэньня заходзіў у кабінэт.

Інтэрнэт-карыстальнік з імем Аляксей зьмясьціў у сеціве ўласныя фотаздымкі, зробленыя ў хуткім часе пасьля выбуху. Хто ён, і якое дачыненьне мае да прадпрыемства "Віцебскгаз" застаецца невядомым.

Адразу пасьля выбуху усе супрацоўнікі   "Віцебскгазу" былі эвакуіраваныя, а ў будынку пачалі працу сапёры і сьледчая група з пракуратуры. Сапёрная брыгада не знайшла ніякіх тэхнічных выбуховых прыстасаваньняў. Сьледчыя пакуль не даюць аніякіх камэнтароў: кажуць хіба тое, што гэта ня быў тэрарыстычны акт. Затое мясцовыя работнікі, якія яшчэ пэўны час не разыходзіліся па дамах, падзяліліся з журналістамі сваімі меркаваньнямі пра тое, што здарылася. Нехта зь іх кажа, што паміж мужчынам і жанчынай, якія знаходзіліся ў кабінэце №7, быў канфлікт на глебе асабістых стасункаў. Якім чынам пара спрабавала вырашыць яго з дапамогай пяці літраў бензіну, так і застаецца невядомым.

Алена Штраль

11.01.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: