Прыдзьвіньне № 3, сакавік
|
Спачатку крыж, цяпер шыльда
Памятныя знакі, усталяваныя актывістамі Віцебшчыны ў гонар выбітных асобаў альбо гістарычных падзеяў, на якія цяперашнім беларускім уладам выгадней забыцца, патаемным чынам зьнікаюць. На трэці дзень пасьля ўсталяваньня зьнікла мемарыяльная шыльда ў гонар палітычнага дзеяча БНР Клаўдзія Дуж-Душэўскага ў Глыбокім. Кіраўнік раённага аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Юрый Сямяньнікаў распарадзіўся, бо мясцовыя актывісты не зьвярталіся ў гарвыканкам па дазвол, каб яе павесіць. – Гарадзкое асяроддзе – гэта ня проста так: што захацеў, тое прыляпіў, – гаворыць Юрый Сямяньнікоў. – Ёсьць у нас закон аб рэкляме, закон аб ушанаваньні нейкіх людзей. Таму трэба прадставіць у гарвыканкам дакумэнтальныя сьведчаньні, потым эскіз праекта, потым атрымаць станоўчую рэзалюцыю, і гэтак далей, і гэтак далей. Адным словам, усё вельмі проста! Прасьцейшым за ўсё ўладам падалося зьняць шыльду: распытаўшы Раймунда Салодкага, гаспадара дома №22 па вуліцы Горкага, чыноўнікі даведаліся, што яе ўсталявалі некалькі мясцовых хлопцаў, а ён быў ня супраць, каб на сьцяне вісела прыгожая вялікая шыльда з партрэтам і адрасам. Пенсыянэра хутка пераканалі ў тым, што гэтага рабіць было нельга, а чатырох хлопцаў-акітывістаў выклікалі да ўчастковага міліцыянта. Пакуль ён распытваў, хто быў аўтарам ідэі, хто вырабіў памятны знак ды колькі гэта каштавала, шыльду хуценька зьнялі са сьценкі. – Напэўна, каб мы тут нават ня шыльду прымацавалі, а заасфальтавалі кавалак разьбітай-разьезжанай вуліцы, улады б назаўтра прыгналі бульдозер, каб гэтую дарогу зьнішчыць! – абураецца Яраслаў Берніковіч, кіраўнік глыбоцкай арганізацыі партыі БНФ. –А самае галоўнае, што шыльду ў гонар дзеяча БНР зьнялі якраз 25-га сакавіка, у дзень 90-х угодкаў гэтае дзяржавы! Плюнулі ў душу ня толькі глыбачанам, але, я лічу, і ўсім беларусам! Увосень 2007 году падобная гісторыя здарылася ў Гарадоцкім раёне. Тамтэйшы кіраўнік раённай арганізацыі БНФ Леанід Аўтухоў усталяваў жалезны крыж у месцы масавых растрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій каля вёскі Фралова. Крыж зьнік на шосты дзень. Леанід Аўтухоў падаў заяву ў міліцыю, кб злодзеяў адшукалі. – У міліцыі завялі крымінальную справу, але шукаць вінаватых не сьпяшаюцца, – кажа гарадоцкі апзыцыянэр. – Выраб гэтага крыжа каштаваў мне каля 300 тысяч рублёў. Аднак мне шкада ня грошай, а скрадзенай гістарычнай памяці: раённыя ўлады ніколі ня мкнуліся хоць як-небудзь ушанаваць загінулых тут нашых землякоў. Затое, як мне казалі людзі, прыязжалі ды распытвалі ў вёсцы, хто прывёз сюды крыж, хто ўсталёўваў і гэтак далей. А потым крыжа ня стала, і ў мяне ёсьць пэўныя падазрэньні, якія асобы да гэтага маюць дачыненьне. Але спаміж іх выкрываць злодзеяў цяперашнія нашы міліцыянты ня стануць, бо яны на дзяржаўнай службе. Леанід Аўтухоў з Гарадку гаворыць, што не пашкадуе грошай, і на сёлетнія Дзяды зноў усталюе крыж у памяць пра бязьвінна загубленых людзей. Яраслаў Берніковіч таксама кажа, што актывісты Глыбоччыны будуць і надалей займацца ўшанаваньнем памяці знакамітых землякоў. А мясцовыя ўлады абяцаюць хіба што чарговыя "Дажынкі". Алена Штраль 26.03.2008
Віцебск: штрафы і арышты за бел-чырвона-белыя шалікі
25 сакавіка ў Віцебску затрымалі шасьцёра апазыцыянэраў. Тром сябрам КХП БНФ прысудзілі арышты, двух актывістак-пенсыянэрак аштрафавалі. Суд над яшчэ адным прадстаўніком апазыцыі адкладзены. Паводле пастановы судзьдзі Кастрычніцкага райсуду Ірыны Смаляковай сябры КХП БНФ Ян Таўпыга і Алесь Пазьняк арыштаваныя на 8 сутак, іхны аднапартыец Сяргей Каваленка мусіць правесьці пад вартай 10 сутак. Хлопцы выйшлі на Плошчу Волі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Міліцыянты затрымалі іх літаральна праз 5 хвілінаў. У пастарунку на актывістаў склалі пратаколы за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. Дэмакратычнай актывістцы Алене Залескай прысуджаны штраф памерам 700 тысяч рублёў за тое, што яна выйшла ў цэнтар Віцебску зь бел-чырвона-белым шалікам на шыі. Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Раман Дзягода расцаніў гэта як несанкцыянаваную вулічную акцыю. Дарэчы, у пастаруеку бел-чырвона-белы шалік ў 75-гадовай Алены Залескай гвалтам адбіралі трое міліцыянтаў, бо яна адмовілася зьняць яго добраахвотна. Удзельніцай недазволенай акцыі прызнаная таксама й Антаніна Піванос, якая стаяла побач з Аленай Залескай, трымаючы ў руках белы ручнік, на якім чырвонымі ніткамі была вышыта малітва "Ойча наш". Спадарыню Піванос суд аштрафаваў на 70 тысяч беларускіх рублёў. Барыс Хамайда, таксама затрыманы за тое, што таксама ў бел- чырвона-белым шаліку распаўсюджваў незалежную прэсу, запатрабаваў у суд перакладчыка. Ён заявіў, што не заўсёды разумее пытаньні судзьдзі, які размаўляе па-расейску. Хадайніцтва апазыцыянэра суд задаволіў, і працэс з удзелам перакладчыка будзе працягнуты 1 красавіка. Вярнуўшыся дахаты, Барыс Хамайда быў непрыемна ўражаны й абураны там, што нехта ў ягоную адсутнасьць на гаўбцы ягонай кватэры на другім паверсе вывесіў чырвона-зялёны сьцяг. "Лукашэнкаўскі" сымбаль актывіст успрыняў як асабістую абразу: ён лічыць, што нехта такім чынам помсьціць яму за апазыцыйную дзейнасьць. Алена Штраль 26.03.2008
Шыльда ў гонар славутага земляка
Актывісты з Глыбокага ўсталявалі памятную шыльду ў гонар дзеяча БНР Дуж-Душэўскага. За ўласныя сродкі, не прасіўшы ва ўладаў ні грошай, ні дазволу. Шыльду з надпісам: "Тут у 1891 годзе нарадзіўся Клаўдзій Сьцяпанавіч Дуж-Душэўскі – палітык, асьветнік, дойлід" вырашылі прымацаваць на доме №22 па вуліцы Горкага. Гаспадар хаты Раймунд Салодкі мае дамавую кнігу, якая пачынаецца запісам пра тое, што першым уладальнікам гэтае маёмасьці быў Аляксандар Душэўскі – магчыма, блізкі сваяк Клаўдзія Душэўскага, палітычнага дзеяча БНР і аўтара эскіза бел-чырвона-белага сьцяга, які стаўся сымбалем гэтае дзяржавы. – Мы знарок падгадалі адкрыцьцё шыльды да 90-х угодкаў БНР, – распавёў глыбоцкі краязнаўца Ўладзімер Скрабатун. – Бо Клаўдзій Дуж-Душэўскі зрабіў шмат для сьцвярджэньня беларускае незалежнасьці. На жаль, хата, у якой ён нарадзіўся, не захавалася, і шыльда будзе вісець на доме №22 па вуліцы Горкага, бо ў гэтым месцы раней стаяла некалькі хат, якія належалі дзьвюм сем’ям Душэўскіх, адна зь якіх мела да прозьвішча яшчэ й прыстаўку "Дуж-". Шкада, але на сёньняшні дзень род Душэўскіх на Глыбоччыне зьвёўся: паводле тэлефоннага даведніка, людзей с такім прозьвішчам у навакольлі не засталося. Шыльду з партрэтнай выявай Клаўдзія Дуж-Душэўскага зрабіў мясцовы мастак Аляксандр Мядзелец на дабрачынныя ахвяраваньні глыбоцкіх сяброў Партыі БНФ. Старшыня раённай арганізацыі Яраслаў Берніковіч лічыць, што і надалей варта працягваць акцыі па ўшанаваньні памяці славутых землякоў: – Калі ва ўладаў няма на гэта ні часу, ні грошай, мы зоймемся гэтай справай самі. Бо без гістарычнай памяці ня будзе сапраўднай незалежнай Беларусі. Пакуль шыльда правісела ў Глыбокім усяго два дні. Мясцовыя актывісты баяцца загадваць пра яе далейшы лёс, бо на Віцебшчыне вядомыя выпадкі, калі спробы ўвекавечыць памяць пра нейкіх людзей або гістарычныя падзеі прыходзіліся недаспадобы пэўным асобам. Так, у райцэнтры Гарадок ужо больш за паўгода міліцыя шукае невядомых вандалаў, якія скралі памятны крыж, пастаўлены за ўласныя грошы тамтэйшым сябрам Партыі БНФ Леанідам Аўтуховым на месцы сталінскіх расстрэлаў мірных жыхароў. Гэтаксама рэгулярна – літаральна на наступны дзень – у Віцебску зьнікаюць крыжы, пастаўленыя на Дзяды ў месцах масавых зьнішчэньняў грамадзянаў Беларусі ў 30-50-я гады мінулага стагоддзя. Ёсьць зьвесткі пра тое, што зьенішчэньнем памятных знакаў займаецца мясцовая міліцыя паводле загадаў з рай- або гарвыканкамаў. Але Глыбоцкія актывісты спадзяюцца, што ў шыльды ў гонар Кладзія Дуж-Душэўскага будзе шчасьлівейшы лёс, і яна яшчэ ня раз нагадае сёньняшнім нашчадкам пра іхных годных папярэднікаў. Алена Штраль 25.03.2008
Ці вывезе вершнікаў разбураная спадчына?
На будаўніцтве школы алімпійскага рэзэрву ў Глыбоцкім раёне выкарыстоўваюць цэглу з панскай сядзібы 19-га стагодзьдзя. Дырэктар Глыбоцкай птушкафабрыкі Эдуард Цынкевіч наняў людзей, каб яны разьбіралі на цэглу чырвоны млын у вёсцы Кашталяўшчына. Гэта пабудова ХIХ стагодзьдзя. Млын быў найлепшым у навакольлі. Яго мэханізмы працавалі яшчэ нават у 1987-м. А расьцягнуць мураваныя сьцены нялёгка і сёньня. У прыватнасьці, на гэта скардзіцца дырэктар Цынкевіч: – Муроўку з цэглы не бярэ лом. Іншы раз нават трактар не здужае. З-за гэтага ўжо маем незаплянаваныя раней выдаткі. Запытваю ў 45-гадовага сельгасначальніка, навошта яму было квапіцца на даўніну, якая магла б заставацца ўпрыгажэньнем мясцовасьці, а пры гаспадарскім клопаце – і паслужыць яшчэ людзям? Утульным мог быць тут гатэль. Ці, напрыклад, крама, майстэрня, сядзіба фэрмэра і г.д. Суразмоўца апраўдваецца. Кажа, будынак былога млыну ўпадабалі мясцовыя вандалы. Зьбіраюцца тут, напіваюцца і скандаляць. Часта распальваюць вогнішча, узламалі вокны й дзьверы. Са словаў дырэктара, яго палохае, што ў будынку існуе пагроза якога-небудзь наўмыснага злачынства ці выпадковага калецтва. Эдуард Цынкевіч – не тутэйшы. Яму цяжка, напрыклад, зразумець тугу па мінулым 85-гадовай Лідзіі Янкевіч. А бабуля кажа, што да 1939 года ў маёнтку Кашталяўшчына меліся свая цагельня, млын, збожжасховішча, сушня для ільну. – Маёнтак быў вельмі моцны, – нагадвае Лідзія Цімафееўна, – ля млына стаяў дом у два канцы. Палац, дзе раней жыла сям'я пана, спалілі ў 1944 партызаны. Усё іншае пазьней разрабавалі калгасьнікі. А цяпер вёска зусім памірае. Відавочна, што былую панскую сядзібу ў Кашталяўшчыне чакае лёс сядзібы Бжастоўскіх ў Валыне, сядзібы Масальскіх ў Глыбокім, Дамейкаў ў Дзеркаўшчыне і дзясяткаў іншых сядзіб і палацаў Глыбоччыны, якія расьцягалі па цагліне. А ці будзе толк з конным спортам? Даведваюся, што раней конна-спартыўная сэкцыя існавала ў Глыбоцкай ДЮСШ. Але бюджэт яе не пацягнуў нават самыя першасныя выдаткі. Ня дзіва, бо, напрыклад, сядло для вершніка каштуе амаль адзін мільён рублёў. Добры галаўны ўбор – 130 далляраў. Крагі на ногі – 100 далляраў. Брыджы – 40. Фрак з лацканамі – 100. Карацей, конны спорт зьяўляецца на сёньня самым дарагім. Красамоўны факт: у 2007 годзе на падрыхтоўку самай лепшай беларускай вершніцы Ірыны Ліс затрачана 220 мільёнаў рублёў! У цяперашні час конна-спартыўная школа адносіцца да ААТ "Глыбоцкая птушкафабрыка". Пагалоўе – 25 коней, 10 зь іх – спартыўныя. Трэніроўкі наведваюць больш 20 дзяцей, але амаль палова затрымліваюцца тут толькі на некаторы час. Астатнія – зьбягаюць. Галіна Баравая 24.03.2008
Райвыканкам загадаў абсталяваць бальніцу за кошт спонсараў
Праз прымусовую дабрачыннасць у Докшыцах мяркуюць абнавіць і паліклініку. "Спонсараў" уганароўваюць – вешаюць на палатах адпаведныя таблічкі. Той, хто трапляе ў Докшыцкую цэнтральную раённую бальніцу, дзівіцца на незвычайныя таблічкі на палатах: там пазначаны імёны і пасады ахвярадаўцаў, якія купілі для гэтай установы ўсё неабходнае – ложкі, шафы, пасцельную бялізну... Галоўны ўрач Докшыцкай ЦРБ Аляўціна Аўласевіч патлумачыла, што на рамонт шпіталю дзяржава выдаткавала такія мізэрныя сродкі, што іх хапіла толькі на аперацыйнае і рэанімацыйнае аддзяленьні. На тэрапеўтычнае аддзяленьне і дзённы стацыянар грошай проста не было, і старшыня райвыканкама Алег Пінчук прапанаваў размеркаваць бальнічныя палаты паміж прадпрыемствамі ды арганізацыямі. У "паднявольныя спонсары" трапілі камунгас, нафтабазы, ветстанцыі, хлебзавод, сельская гаспадарка "Таргуны" і прыватныя прадпрымальнікі. Яны мусілі не толькі зрабіць на "сваіх" аб’ектах паўнавартасны рамонт, але і абсталяваць іх мэбляй, а таксама набыць халадзільнікі ды тэлевізары. Тры мільёны рублёў на патрэбы бальніцы пералічыў Белаграпрамбанк, райгаз сваімі сіламі і за свой кошт добраўпарадкаваў тэрыторыю. Прадпрымальнік Юрый Гільніч набыў новы тэлевізар, DVD-прайгравальнік і антэну-"талерку"... Дактары і медсёстры кажуць, што ў новых інтэр’ерах прыемна працаваць, а пацыенты задаволеныя ўзроўнем камфорту. Аднак болей за ўсех усьцешана раённае начальства: знайшоўшы шлях да бясплатнага абсталяваньня бальніцы, у райвыканкаме ўжо абдумваюць, як пераабсталяваць паліклініку – каго абавязаць стацца "спонсарам" і схіліць да прымусовай дабрачыннасці. Алена Штраль 20.03.2008
Рэдактарка дзяржаўнай газэты піша пра мужчынскі стрыптыз
Алена Бегунова, кіраўніца "Віцебскага рабочага", нібыта ўбачыла, як апазыцыянэр Барыс Хамайда апранае швэдар. Гэта натхніла яе на артыкул. У газэце "Віцебскі рабочы" пэрыядычна зьяўляюцца абразьлівыя артыкулы пра мясцовых апазыцыянэраў. Да апошняга часу на іх спэцыялізаваўся выключна журналіст Уладзімер Касьцюкевіч, які дазваляў сабе назваць пэнсіянэрку-актывістку Алену Залесскую "старой демократической каргой", а распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду – "бамжом", які толькі што не жабруе ў самым цэнтры Віцебску – каля так званага "сіняга дому", дому №28 па вуліцы Леніна, побач з самым шматлюдным у горадзе транспартным прыпынкам. Рэдактарка "Віцебскага рабочага" таксама вырашыла апісаць занятак спадара Хамайды, які, паводле ейных словаў, "стаміўшыся ад беспасьпяховага стаяньня каля "сіняга дому" і абыякавасьці гараджан да сваёй пэрсоны" вырашыў праводзіць... сеансы стрыптызу. І адбываецца гэтае шоў, паводле спадарыні Бегуновай, якраз у памяшканьні будынку, дзе месьціцца газэта "Віцебскі рабочы", прычым з разьлікам на "масьцітых акулаў пяра" – менавіта так рэдактарка характарызуе сваіх калегаў і падначаленых. Сам "стрыптызёр", 60-гадовы пенсыянэр Барыс Хамайда, зьяўленьне абразьлівага артыкула на старонках абласной дзяржаўнай газэты тлумачыць наступным чынам: – У будынку па вуліцы Гогаля месьціцца ня толькі газэта "Віцебскі рабочы". У прыватнасьці, там арандуе памяшканьне адна фірма, дзе мне дазваляюць пакідаць на ноч свае рэчы. Каб ня зьмерзнуць за 5-6 гадзін працы каля "сіняга дому", я штораніцы заходжу туды, каб апрануцца ў яшчэ адзін швэдар і валёнкі. Аднойчы мяне падпільнавалі фотакарэспандэнты "Віцебскага рабочага" і без усялякіх тлумачэньняў пачалі здымаць, як я здымаю паліто, потым апранаю швэдэр і ўрэшце абуваю валёнкі. Я адразу зразумеў, што рыхтуецца нейкі падвох, але каб мяне на старонках газэты назвалі "стрыптызёрам" – ня мог нават сабе ўявіць! "На вачох у агаломшаных наведнікаў спадар Хамайда, не сьпяшаючыся, спачатку распранаецца, а потым гэтаксама прыгожа і грацыёзна апранаецца ў старыя швэдары, штаны й валёнкі", – піша рэдактарка. А напрыканцы дадае: "Нядаўна судом было адкладзена чарговая адміністрацыйная справа супраць Барыса Хамайды, які заявіў, што не разумее расейскай мовы, на якой зь ім размаўляе суддзя, і запатрабаваў перакладчыка. Хацелася б адзначыць, што з нашымі журналістамі "стрыптызёр" выдатна дыскутаваў на чысьцейшый расейскай мове", і нават назваў "любую" Беларусь, за росквіт якой ён нібыта перажывае, "краінай непалоханых ідыётаў". Прадэманстраваўшы веданьне спэцыфікі мужчынскага стрыптызу, напрыканцы артыкула рэдактарка "Віцебскага рабочага" задае рытарычнае пытаньне, дзеля якога, мабыць, і пісаўся гэты тэкст: дык пра чый жа дабрабыт усё-ткі дбае аганізатар шоў – сваёй радзімы або шчодрых да яго "апекуноў"? – Калі мяне больш няма чым упікнуць за прынцыповую палітычную пазыцыю, як толькі паношаным адзеньнем, дык усім чытачам адразу зразумела, ці ёсьць у мяне "шчодрыя апекуны", – разважае Барыс Хамайда. – А вось калі сама рэдактарка абласной газэты спрабуе практыкавацца ў палітычнай сатыры ды піша артыкул для апошняй 16-й старонкі, то міжволі зкрадаецца думка: ці не замовілі яго ейныя "шчодрыя апекуны"? Апазыцыянэр кажа: яму шкада спадарыню Бегунову, якая свой літаратурны талент марнуе на такога кшталту артыкулы. Таму зьвяртацца ў суд з заявай пра абразу асобы не зьбіраецца. А наконт таго, як маладая жанчына надумалася назваць яго "стрыптызёрам", згадвае хіба знакамітае выслоўе пра тое: кожны мяркуе пра сьвет у меру свае разбэшчанасьці. Алена Штраль 10.03.2008
Інтэграцыйная палітыка стала зброяй махляроў
На памежжы Віцебшчыны і Смаленшчыны дзейнічае злачынная групоўка, якая карыстаецца "братнімі пачуцьцямі" расейскіх і беларускіх вяскоўцаў. Схема, паводле якой працуюць махляры, выдатна дзейнічае ва ўмовах цяперашняй ідэалягічнай прапаганды "славянскай еднасьці" і інтэграцыйных памкненьняў Беларусі й Расеі. На практыцы апэрацыя падману складаецца з двух этапаў. Спачатку ў расейскую ці беларускую вёску прыяжджаюць цыганы ды скупляюць ў сялян хатнюю жывёлу на мяса. Паколькі кошты прапануюцца прыстойныя – куды вышэйшыя за дзяржаўныя, вяскоўцы-пенсыянэры ахвотна прадаюць сьвініну ды ялавічыну жывой вагой і вельмі радуюцца атрыманым вялікім грашам... А праз колькі дзён пачынаецца другі этап: да тых, хто з кім нядаўна разьлічыліся цыганы-прадпрымальнікі, прыяжджае імпазантная бляндынка, якая прадстаўляецца супрацоўніцай райвыканкаму ці муніцыпалітэту – у залежнасьці ад дзяржаўна-тэрытарыяльнай прыналежнасьці вёскі. Яна распавядае бабулькам-дзядулькам пра тое, што інтэграцыя Беларусі й Расеі ідзе поўнаю хадой, і што ўжо нават пачалася грашовая рэформа – уводзяцца адзіныя "расейска-беларускія" грошы. Спадарыня прапануе абмяняць "старыя" грошы, якія нібыта "ўжо адмяняюць", на "новыя" – намаляваныя невядомым мастаком і раздрукаваныя на каляровым прынтары. Пра тое, што сапраўдныя грошы абмяняныя на нічога ня вартыя паперкі, даверлівыя пенсыянэры даведваюцца самым бліжэйшым часам у краме, спрабуючы разьлічыцца за набытыя прадукты. Або за галаву хапаюцца іхныя дзеці, прыяжджаючы з гораду па сялянскія гасьцінцы, – калі шчасьлівыя бацькі замест кілбасаў і сала ўручаюць ім "грошы супольнай будучыні"... Групоўку махляроў шукае міліцыя адразу шасьці раёнаў: Гарадоцкага, Чашніцкага, Бешанковіцкага і Вушацкага на Віцебшчыне ды Невельскага й Усьвяцкага з памежнай Смаленшчыны. Пошукі цягнуцца ўжо амаль год, але пакуль безвынікова. Алена Штраль 05.03.2008
"Гарадоцкі весьнік" шукае тых, хто "ўхіляецца"
Мясцовы ваенкамат і службы ЖКГ выкарыстоўваюць "раёнку" для вышуку тых, хто хаваецца ад службы ў войску або ня пляціць за кватэру. Арыгінальны сродак вышуку хлопцаў, якія не зьявіліся сёлета на прызыўныя ўчасткі, вынайшлі ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці: іхныя прозьвішчы зьмясьцілі на старонках мясцовай газэты, публічна прыгразіўшы крымінальнай адказнасьцю. У артыкуле "Возвращение блудного призывника" працытаваныя зьвесткі, атрыманыя ад ваенкому Гарадоцкага раёну Алега Лымара. Паводле ягоных падлікаў, у вышуку за ўхіленьне ад службы ў войску знаходзяцца 14 маладых людзей. І ў тым выпадку, калі да 15 сакавіка яны ня зьявяцца ў ваенкамат дабраахвотна, супраць кожнага можа быць распачатая справа паводле 435-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Згодна зь ім, за ўхіленьне ад вайсковай службы на вінаватых можа быць накладзены грашовы штраф або прысуджана больш сур'ёзнае пакараньне – ад арышту на паўгода да пазбаўленьня волі на 2 гады. Выпусьціўшы ў сьвет артыкул з 14-цю прозьвішчамі, калектыў рэдакцыі "Гарадоцкі весьнік" выканаў заданьне ваенкамату. Удакладняць акалічнасьці й дэталі супрацоўнікі газэты не палічылі патрэбным, і таму ў "чорны сьпіс" трапіў, да прыкладу, Сяргей Фурманаў – гонар раённага аддзелу адукацыі: нядаўні "залаты медаліст", які цяпер вучыцца ў ЗША. Ягоная маці лічыць, што і яе, і сына зьняславілі на ўвесь раён. Каб выклікаць у людзей страх перад там, што іхныя прозьвішчы будуць надрукаваныя ў "раёнцы", адпаведныя даручэньні "Гарадоцкаму весьніку" дае і мясцовая служба ЖКХ. Яна ўжо даўно практыкуе гэткі "выхаваўчы сродак" – падае ў газэту сьпіс тых, хто запазычыўся ў аплаце за кватэру. Кажуць, іншым разам такое маральнае ўздзеяньне дае плён: нехта з даўжнікоў тэрмінова знаходзіць грошы, каб больш "ня трапіць у газэту". З пытаньнем пра службу ў войску сітуацыя на Гарадоччыне больш далікатная. Летась яго спрабавала асьвятляць ОНТ, і сямёра маладых людзей адкрыта заявілі, што не жадаюць служыць у беларускім войску. Адзін зь іх сказаў, што ня супраць далучыцца да міратворчых сілаў НАТА... Застаючыся ў баку ад падобных праблем, "Гарадоцкі весьнік" адно што перадрукоўвае прозьвішчы – па сутнасьці, робіць чужую працу, зь якой не спраўляюцца адпаведныя дзяржаўныя структуры. Алена Штраль 04.03.2008
Страусаў набылі. Чым цяпер карміць?
Каб выратаваць сваіх гадаванцаў ад голаду, у Віцебскім заапарку прапануюць добрым людзям узяць іх на ўтрыманьне. Усіх – ад ільва да мартышкі. Страусянятам Люсіі і Марціну усяго па 6 месяцаў. Іх прывезьлі са страусінай фермы СВК "Навасёлкі-Лучай", што на Пастаўшчыне. Таму, нягледзячы на афрыканскае паходжаньне, гэтых птушак ужо можна назваць беларускімі, бо яны вылупіліся на нашай зямлі і прыстасаваныя да тутэйшага клімату, нават да маразоў у 30 градусаў. Адно што страусянят трэба добра карміць. А спажываюць яны моркву, капусту, камбікорм, вітамінныя дамешкі – такую самую ежу, як многія іншыя насельнікі заапарку, якія часам вымушаныя сядзець "на галодным пайку". Колькі месяцаў далёка ня сытае існаваньне ўтрыманцаў змусіла работнікаў заапарку прыдумаць новую форму працы з наведнікамі: каб кожны ахвотны – арганізацыя, прадпрыемства ці прыватная асоба – меў магчымасьць узяць на ўтрыманьне любога гадаванца, ад ільва да дэкаратыўнага пацука. Мяркуецца, што "спонсар" будзе аплочваць харчаванне ўпадабанай жывёліны, а на клетках зьявяцца шыльдачкі з паведамленьнем, хто сёння "корміць" дзікабраза, пітона ці малпу, і падзякай добраму чалавеку. Ініцыятары незвычайнага праекту кажуць, што ўсё гэта робіцца дзеля таго, каб даць людзям магчымасць рабіць дабро, а не таму, што заапарк жабруе. Тым ня менш, ніхто асабліва не хавае таго, што тут заўсёды рады любой спонсарскай дапамозе – ахвяраваным грошам, прадуктам харчаваньня, будматэрыялам для рамонту старых пабудоў і вальераў. Набыцьцё новых "жывых экспанатаў" таксама даўно сталася праблемай для віцебскага заапарку: на гэта няма грошай, бо дзяжаўнага фінансаваньня хапае толькі на мінімум ежы для жывёлаў. Таму чарговых навасёлаў – пару камерунскіх козачак – зьбіраюцца не набыць, а выменяць у Менскім заапарку на віцебскіх лебедзяў і дзікабраза. На страусіную пару не пашкадавалі сабраных ахвяраваньняў, бо ўскладаюць на яе асаблівыя надзеі. Па-першае, спадзяюцца, што яны прывабяць незвычайна вялікую колькасьць наведнікаў і палепшаць фінансавае становішча заапарку за кошт набытых квіткоў. Па-другое, праз тры гады, калі паміж птушкамі "складуцца ўзаемаадносіны", маюць зьявіцца на сьвет першыя нашчадкі Люсіі і Марціна, якія стануць "жывым капіталам" для продажу ці абмену. Але – толькі ў тым выпадку, калі цяпер будучых бацькоў удасца падгадаваць і перш за ўсё выкарміць. Алена Штраль 03.03.2008 |