Прыдзьвіньне № 6, чэрвень
|
Купляй сваё! Няважна, што яно пазаўчорашняе…
На Віцебшчыне цяпер праходзіць мэтавая праверка Дзяржкантролю. Кантралёры ў роспачы: гаспадарнікі ня любяць беларускае! Знаёмы дырэктар Глыбоцкай ПМК-78 Сяргей Кожух пахваліўся новым тэхнічным набыткам: – Быў у Мюнхэне на выставе будаўнічай тэхнікі і нагледзеў там незвычайны міні-завод фірмы "Карніс". Унікальная машына! На месцы рыхтуе выдатныя бэтонныя сумесі і, акрамя таго, сама можа заліваць, напрыклад у падмурак, 15 кубамэтраў бэтону ў гадзіну. Спадар Кожух кажа, што абабіў шмат парогаў, але выпрасіў у мясцовай ўлады дазвол купіць і прывезьці зь Нямеччыны цуда-тэхніку. Кіраўнік упэўнены: яго прадпрыемства сёлета яшчэ дадасьць у тэмпах вытворчасьці. Летась, напрыклад, аб’ёмы ўласнага будаўніцтва склалі 160 працэнтаў да ўзроўню 2006 году. Аднак баюся за дырэктара пасьпяховага прадпрыемства. Як высьвятляецца, на Віцебшчыне цяпер адбываецца мэтавая праверка Дзяржкантролю. Выкрываюцца недахопы ў выкарыстаньні грашовых сродкаў на набыцьцё імпартнай тэхнікі. Сяргея Кожуха могуць абвінаваціць, што не купіў беларускую тэхніку – бэтонамяшалку ці які-небудзь растворны вузел. Дарма, што іх, як гаворыцца, нават побач нельга паставіць зь нямецкім агрэгатам. Працу кантралёраў у рэгіёнах каардынуе намесьнік старшыні КДК Аляксандр Агееў. Нядаўна ён праінфармаваў журналістаў аб папярэдніх выніках: – У 2007 годзе ўдзельная вага прадукцыі, якая выраблена ў межах праектаў імпартазамяшчэньня, склала ўсяго толькі 3,7 працэнта ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасьці. Нават годам раней было больш – 5,8. Са словаў Аляксандра Агеева, сёлета спэцыялісты КДК праверылі амаль 140 прадпрыемстваў, усе аблвыканкамы, 9 міністэрстваў і канцэрнаў, спрабуючы даведацца, на якія імпартныя тавары яны трацяць грошы. Выснова: у сталіцы і ў рэгіёнах ігнаруецца вядомы заклік "Купляйце беларускае!" Так, у 2007 годзе адмоўнае сальда Беларусі ў зьнешнім гандлі склала рэкордную лічбу: чужых тавараў купілі на 2,7 мільярда даляраў больш, чым прадалі сваіх. Спашлюся на прыклады ад Аляксандра Агеева. Як вынікае, нібыта багатая на ўраджаі Беларусь закупіла грэчкавай крупы на 3 мільёны даляраў. 16 раённых спажывецкіх таварыстваў Гомельшчыны і ЧУП "Калінкавіцкая межрайбаза" імпартавалі 2,5 тысячы мукі. Заплацілі 814 тысяч даляраў. Таксама Беларусь імпартуе цяпер 75 працэнтаў расьліннага алею, больш як 12 найменьняў кансэрваванага зялёнага гарошку і кукурузы. Яшчэ ў 2006 годзе плянавалася, што Міністэрства прамысловасьці асвоіць 109 праектаў у праграме імпартазамяшчэньня. Спраўджана толькі 7. У 2007 годзе рэалізавана 14 праектаў з плянуемых 83-х. Да прыкладу, у Беларусь даводзіцца завозіць мэдычныя шпрыцы і тару са спэцыяльнага шкла, хаця, як плянавалася, аналягічную прадукцыю мусіў вырабляць Барысаўскі крыштальны завод. Але кошт першапачатковага праекту ў Барысаве перавысіў першапачатковую суму ў 1,5 раза. Завяршэньня рэалізацыі праекту пакуль не бачна. Ці вось яшчэ калярытны прыклад: канцэрн "Беллесбумпрам" закупіў за межамі Беларусі 100 тысяч тон макулятуры на суму 13,3 мільёна даляраў. У Беларусі ж макулятура вывозіцца на сьметнікі ці спальваецца, бо прадпрыемствы і насельніцтва не зацікаўленыя ў яе зборы – вельмі мала каштуе такая нарыхтоўка.. У мінулы аўторак да высьвятленьня прычынаў крызысу далучыўся прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. 24 чэрвеня на паседжаньні ўрада ён заявіў, што "на складах назьбіралася беларускай прадукцыі на 2 мільярды даляраў". Кіраўнік ураду абвінаваціў у гэтым кіраўнікоў прадпрыемстваў. Заявіў, што "прадукцыя прадпрыемстваў саступае ў канкурэнцыі імпартнай, а самі кіраўнікі не нацэленыя на выраб прадукцыі на экспарт". Галіна Баравая 26.06.2008
Хто сказаў, што каровы не лятаюць?
Падобнай практыкі ў беларускіх аэрапортах дагэтуль не было: зь віцебскага аэрапорту ва Узбэкістан выправілі статак з 70 цяжарных цялушак. Такога ня памятаюць нават ветэраны беларускай авіяцыі: згадаўшы фільм "Паласаты рэйс", пералёт у Сярэднюю Азію віцебскіх цялушак тутэйшыя авіятары дасьціпна назвалі "рагатым рэйсам". 70 чорна-белых буронак пагрузілі ў жоўта-блакітны "ІЛ-76", і празь некалькі гадзін яны ўжо скублі траўку на беразе Амудар’і. – Да новага месца жыхарства беларускім цялушкам з аэрапорту ехаць усяго паўгадзіны, – гаворыць супрацоўнік акцыянэрнай кампаніі чыгункі Узбэкістану, адказны за працу падсобнай гаспадаркі. – Упершыню мы закупілі іх у Беларусі, бо не заўсёды ўдалым было набыцьцё племянной жывёлы ў Бэльгіі, Галяндыі і Вугоршчыне: вельмі цяжка праходзіла адаптацыя да нашых кліматычных умоваў. У нас цяпер 45 градусаў гарачыні, але статак будзе пасьвіцца на беразе рэчкі, так што дыскамфорт, мы спадзяемся, будзе мінімальны. Да таго ж яшчэ на радзіме цялушкам зрабілі прышчэпкі ад спэцыфічных хваробаў, распаўсюджаных ва Узбэкістане. Набыўшы беларускі статак, новыя гаспадары спадзяюцца, што цялушкі прынясуць здаровы прыплод. Грошы ў цяжарных каровак укладзены немалыя – 7 даляраў за кіляграм жывой вагі, таму і клопат адпаведны. Разам з жывёламі ў пералёт скіраваліся трое вэтэрынарных урачоў, каб у выпадку неабходнасьці аказаць дапамогу адразу на борце самалёта. А на самы скрайні й непажаданы выпадак кожную цялушку застрахавалі на круглую суму. Паводле саршыні камітэта па сельскай гаспадарцы Віцебскага аблвыканкаму Леаніда Пляшко, гандлёвае супрацоўніцтва з Узбэкістанам, ды й з іншымі краіны ужа выгоднае: сёньня шмат якія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы гатовыя рэалізоўваць племянное пагалоўе. Іншае пытаньне: ці гатовая да гэтага беларуская транспартная сістэма? Не гаворачы ўжо пра тое, што зь віцебскага аэрапорта нават пасажырскія пералёты праводзяцца не рэгулярна, 10 апошніх год грузаперавозкі тут не практыкаваліся ўвогуле, тым больш перавозкі "жывога грузу". Хіба толькі на 10-годдзе "Славянскага базару ў Віцебску" з Масквы дастаўлялі самалётамі машыны для прэзыдэнцкага картэжу. Але ж машыны, пагадзіцеся, гэта ня статак жывых кароў... Алена Штраль 25.06.2008
У Віцебску ствараюць безалькагольныя зоны
У цэнтры гораду выбралі мясьціны, дзе зь 1 ліпеня будзе забаронена ўжываць сьпіртовыя напоі. Суседнія двары пры гэтым міліцыю не цікавяць. Безалькагольных зонаў у Віцебску будзе ўсяго тры: плошча Перамогі, парк імя Фрунзе і набярэжная Дзьвіны. Гэта невялікія ўчасткі, але менавіта тут па вечарох любіць бавіць час моладзь. Кіраўніцтва віцебскай міліцыі і гарадзкія ўлады не хаваюць таго, што галоўная мэта стварэньня безалькагольных зонаў – змаганьне зь юнымі аматарамі піва. Гэты напой у моладзі надзвычай папулярны, але сучаснае заканадаўства не забараняе ўжываць яго ў грамадзкіх месцах. Пасьля ж абвяшчэньня пэўных тэрыторый "зонамі адпачынку, вольнымі ад алькаголю", міліцыянты змогуць запатрабаваць, каб маладыя зь бляшанкамі або пляшкамі іх пакінулі. Тое, што ў віцебскай моладзі зьявілася завядзёнка прагульвацца зь півам па Плошчы Перамогі і сьмеціціь каля Вечнага агню, абурае шмат каго з гараджанаў. Гэтай праблеме была нават прысьвечана дыскусія ў газэце "Віцьбічы". Аднак выказваючы незадавальненьне паводзінамі нецьвярозых маладзёнаў у "сьвятым для жыхароў Віцебску месцы", людзі згадваюць, што пад вокнамі іхных дамоў ці не штовечар адбываецца тое самае. – Сытуацыя на Плошчы Перамогі ганебная, і ўлады проста абавязаныя зрабіць нешта, каб спыніць ужываньне піва ў грамадзкіх месцах, – гаворыць Марына Іванова, жыхарка праспэкту Фрунзэ. – Да прыкладу, у нас вокны дамоў №№52, 54, 58 выходзяць на крамку, задняя сьценка якой пэрыядычна ператвараецца ў прыбіральню, а мы мусім штодня гэта назіраць са сваіх вокнаў. Ад пачатку вясны на дзіцячых пляцоўках зьбіраюцца нецьвярозыя кампаніі, якія гучна сьпяваюць, брыдкасловяць, а пасьля іх застаюцца горы сьмецьця. На нашыя заўвагі няпрошаныя госьці адказваюць агрэсіўна, могуць кінуцца біцца. Не рызыкуючы нарвацца на сварку, жыхары Віцебску пагаджаюцца з тым, што міліцыянта ў кожным двары не паставіш, і трываюць нязручнасьці ды хамства, набіраючы тэлефонны нумар 102 толькі ў надзвычайных выпадках. Між тым міліцэйскае кіраўніцтва лічыць, што сытуацыя з падлеткавым п’янствам не такая ўжо вострая. – Няма ніякага сакрэту ў тым, што некаторыя падлеткі ўжываюць алькаголь, у тым ліку і ў грамадзкіх месцах, – сказаў у інтэрвію газэце "Віцьбічы" Вячаслаў Петкун, начальнік інспэкцыі па справах непаўналетніх Кастрычніцкага раёну. – Але гэтая зьява, я лічу, ужо сыходзіць з рэчаіснасьці. Па ўсёй краіне супрацоўнікі міліцыі ажыцьцяўляюць праграму "Клопат", якая мусіць адцягнуць моладзь ад ужываньня сьпіртовых напояў. Напрыклад, для дзяцей зь нядобранадзейных сем’яў мы арганізоўваем спартовыя спаборніцтвы, вывозім іх у летнія лягеры. "Схаваць" праблемных падлеткаў з вачэй грамадзкасьці, па сутнасьці, ёсьць і галоўнай ідэяй стварэньня безалькагольных зонаў. Аднак выціснуўшы нецьвярозыя кампаніі з Плошчы Перамогі ды іншых мясьцін у цэнтры Віцебску, ні міліцыя, ні гарвыканкам не гарантуе таго, што ў алькагольныя зоны не ператворацца аўтаматычна суседнія двары і вуліцы. Але для праверак "зьверху" і для справаздачаў начальству чарговы пункт у праграме барацьбы з падлеткавым п’янствам пэўныя структуры лічаць выкананым. Алена Штраль 24.06.2008
У Віцебску паставілі помнік трамваю
Яго адкрыцьцё прымеркаванае да 110-х угодкаў трамвайнага руху: гэты транспарт зьявіўся ў губэрнскім Віцебску раней за Маскву і Пецярбург. 18 чэрвеня 1898 года пад гукі "Трамвай-марша", адмыслова напісанага віцебскім кампазытарам Отта Крамерам да гэтай падзеі, першы трамвайны вагончык скіраваўся па першым віцебскім маршруце – ад Смаленскай вуліцы да Саборнай плошчы (цяпер гэта частка вуліцы Леніна да плошчы Свабоды). Той вагончык, канешне ж, не захаваўся да нашых часоў. І помнікам трамваю зрабілі яго "малодшага брата" – вагон прыкладна 1920-30 гадоў выпуску, які, дарэчы, яшчэ зусім нядаўна выкарыстоўваўся ў якасьці буксірнага сродку. Цяпер, адрэстаўраваны і пафарбаваны ў блакітны колер, ён стаіць на пастамэнце каля віцебскага трамвайнага дэпо. Тое, што "на пэнсію" трамвайныя вагоны ў Віцебску сыходзяць у стане амаль поўнага зносу і ў вельмі "пачэсным узросьце", нікога з супрацоўнікаў дэпо сёньня ня дзівіць. З 98 адзінак перасоўнага саставу новых вагонаў апошніх мадэляў – усяго каля дзесятка, астатнія адпрацавалі на сваіх маршрутах па некалькі дзесяткаў гадоў. І праблема абнаўленьня вагонаў для пасажырскіх перавозак самая вострая для віцебскіх трамвайшчыкаў. – Каб былі грошы, я пусьціў бы іх на набыцьцё новых вагонаў, – кажа начальнік упраўленьня трамвайнага дэпо Міхаіл Федарэнка. – Менскае прадпрыемства "Белкамунмаш" сёньня гатова задаволіць любы попыт спажыўцоў і ў самыя кароткія тэрміны. Трэба толькі сродкі – і пасажыры змогуць разглядаць віцебскія краявіды праз бліскучыя вакенцы новых вагончыкаў. Гэта было б прыемна! Хаця няблага замяніць на больш сучасныя мадэлі і спецыяльны састаў – трамваі-грузаперавозчыкі, сьнегаачышчальнікі, рэйкатранспарцёры... Прапановы ўсталяваць у Віцебску помнік трамваю выказваліся неаднаразова. Нарэшце ў 2006 годзе мясцовыя ўлады вырашылі ўвасобіць ідэю ў жыцьцё – пасьля таго, як 14 лістапада 2006 году Цэнтар сучаснага мастацтва і трамвайна-тралейбуснае ўпраўленьне арганізавалі для дэпутатаў гарсавету адмысловую экскурсію па гістарычным цэнтры горада. Зрэшты, усталяваньне помніка віцебскаму трамваю можна лічыць вельмі сымбалічным, калі пагадзіцца зь меркаваньнямі некаторых адмыслоўцаў пра стратнасьць і нерэнтабельнасьць гэтага віду транспарту. Яны мяркуюць, што будучыня гарадзкога транспарту – за тралейбусамі, рух якіх не вымагае вызваляць цэнтральную частку вуліцы, як гэта неабходна для трамвая, да таго ж яны больш экалягічныя ў параўнаньні з аўтобусамі. Але на сёньняші дзень сур’ёзныя гаворкі пра скасаваньне трамвайных маршрутаў у Віцебску не вядуцца: з-за дэфіцыту бюджэту выгадней эксплюатаваць старыя транспартныя сродкі, чымсьці набываць новыя. Так што віцебскі трамвай яшчэ пажыве, тым больш, яшчэ "пры жыцьці" яму наканавана было стаць у пэўным сэнсе рарытэтам: гэты від грамадзкага транспарту ёсьць усяго ў чатырох гарадах Беларусі: у Віцебску, Менску, Наваполацку і Мазыры. Алена Штраль 23.06.2008
На Віцебшчыне ўшануюць памяць Васіля Быкава
19 чэрвеня – дзень нараджэньня пісьменьніка-земляка, чые кнігі пра другую сусьветную вайну застаюцца ўзорам праўды ў літаратуры. Яго называлі сумленьнем нацыі, любілі і будуць любіць сотні тысяч чытачоў. Ён быў адным зь лідараў нацыянальнага адраджэньня. Ці не таму афіцыйныя дзяржаўныя структуры дагэтуль стараюцца трымацца ўбаку – ня дужа імкнуцца ўшаноўваць памяць пісьменьніка, якога ведае і чытае ўвесь сьвет. Адзначэньне ўгодкаў Васіля Быкава сталася справай гонару дэмакратычных актывістаў, пісьменьнікаў і звычайных аматараў ягонай творчасьці. 19 чэрвеня на малой радзіме пісьменьніка – у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну – чацьвёрты раз пройдзе імправізаваная вечарына памяці славутага земляка. Тыя людзі, якія зьбіраюцца тут, прыязжаюць без афіцыйных запрашэньняў: яны ведаюць, што ў дзень народзінаў Быкава ў тутэйшым мэмарыяльным музэі заўжды зьбіраюцца аднадумцы. Сёлета ўпершыню 84-я ўгодкі Васіля Быкава будуць адзначацца імпрэзай у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа: на малой сцэне тэатра прагучаць даклады пра жыцьцё і творчасьць пісьменьніка, будуць прадстаўленыя фрагмэнты са спэктакляў па ягоных творах. Адным з ініцыятараў правядзеньня вечарыны стаў віцебскі паэт Давід Сімановіч. – Увогуле гэту імпрэзу я першапачаткова задумаў больш маштабна – як першыя Быкаўскія чытаньні, – распавядае Давід Рыгоравіч. – І плянавалася, што яны пройдуць у Віцебскай абласной бібліятэцы. Але потым, на вялікі жаль, з гэтай ідэі нічога не атрымалася: у горадзе знайшліся сілы, якія перашкодзілі маёй задуме. Але я ўсё адно вырашыў ушанаваць памяць нашага земляка і правесьці мерапрыемства, няхай больш сціплае, у драмтэатры, дзе мне пайшлі насустрач. Праўда, і там атрымаліся некаторыя несастыкоўкі: напрыклад, не будзе паказаны фрагмент са спектакля "Стрэл у тумане", бо рэжысёра гэтай пастаноўкі Міхася Краснабаева зараз няма ў Віцебску. Але я да гэтага моманту не ўпэўнены, што імпрэза адбудзецца: раптам зноў хто-небудзь умяшаецца і забароніць гэта мерапрыемтва. Давід Сімановіч таксама распавёў, што ў яго захоўваецца рашэнне Віцебскага аблвыканкама за сакавік 2004 году, згодна зь якім чыноўнікі яшчэ чатыры гады таму зьбіраліся арганізаваць навуковую канфэрэнцыю, прысвечаную творчасці Быкава, а таксама ўсталяваць памятную дошку ў гонар пісьменьніка на будынку мастацкай вучэльні, дзе ў 1939-1940 гг. вучыўся Васіль Быкаў. На сёньняшні дзень выкананы толькі адзіны пункті з гэтага рашэння – адноўлена сядзіба пісьменніка на ягонай радзіме, у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. Старшыня абласной арганізацыі ТБМ Іосіф Навумчык згадаў, што ў 2004-м годзе віцебскія сябры грамадзкага аб'яднаньня зьвярталіся да ўладаў з цэлым шэрагам прапановаў па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава. У тым ліку з прапановай усталяваць мемарыяльную шыльду на будынку мастацкай вучэльні ў Віцебску, дзе ў 1939-1940 гг. вучыўся пісьменьнік. Вядома, што макет памятнай дошкі ўжо зрабілі віцебскія скульптары Валеры Магучы і Алясандар Гвозьдзікаў. Аднак ім паведалі, што ацаніць яе мастацкія вартасьці мусяць старшыня Віцебскага гарвыканкама Павал Лосіч і кіраўнік аддзела культуры гарвыканкама Віктар Кібісаў гэтымі днямі збіраюцца наведаць майстэрню, дзе знаходзіцца макет памятнай дошкі. Калі чынавенства ўхваліць іхнюю працу, то макет будуць рыхтаваць да адліўкі, і мемарыяльная дошка ў гонар Васіля Быкава зьявіцца ў Віцебску недзе ў сярэдзіне верасьня – калі будзе адзначацца Дзень горада. Алена Штраль 19.06.2008
Помнік Папу Рымскаму Бэнэдыкту ХУІ зьявіўся на Віцебшчыне
Мікалай Ліпскі, пробашч касьцёлу Сьвятога Юды Тадэвуша ў вёсцы Лучай Пастаўскага раёну, замовіў помнік Пантыфіку за ўласныя грошы. Гэтую зьяву можна лічыць унікальнай ня толькі з-за дабрачыннасьці сьвятара: дагэтуль толькі ў Германіі, у баварскім горадзе Траунштайн прыжыцьцёва ўшанавалі Бэнэдыкта ХУІ – там усталяваны ягона бронзавы бюст. У Беларусі помнік Пантыфіку – фігура ў поўны чалавечы рост на пастамэнце вышынёй амаль у паўтара мэтры – зьявіўся ўпершыню. Скульптурная выява Бэнэдыкта ХУІ усталяваная перад уваходам у касьцёл. 15 чэрвеня яе асьвяціў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Ўладзіслаў Блін. – Я фундаваў гэты помнік, – распавядае ксёндз Мікалай. – Замовіў яго менскаму скульптару Льву Аганаву, які ўжо рабіў падобныя працы на замову ксяндза Ёзаса Булькі з Мосара. У Мосары пастаўлены помнік памерламу Яну Паўлу ІІ, а ў нас цяпер ёсьць помнік цяперашняму Пантыфіку, Яго Сьвятасьці Папу Бэнэдыкту XVI. Мы хацелі, каб помнік асьвяціў Дзяржсакратар Ватыкану кардынал Тарчызіё Бэртонэ, які мае наведаць Беларусь з 18 па 22 чэрвеня. Аднак не атрымалася: у яго задужа шчыльны графік візыту, і мы вырашылі асьвяціць помнік раней, каб перадаць у Ватыкан фотаздымкі ўрачыстай цырымоніі і фотаальбом пра наш касьцёл і нашу парафію. Касьцёл сьвятога апостала Юды Тадэвуша быў заснаваны ў 1766 годзе Эльжбэтай Пузыняй з роду Агінскіх і быў дабудаваны ў 1776 годзе фундатарам Тадэвушам Агінскім у стылі позьняга барока зь першапачатковымі рысамі клясыцызму. У 1811 годзе ў касьцёле зьявіўся арган, які цяпер адрэстаўраваны і выкарыстоўваецца падчас службаў і канцэртаў. Старэйшыя вернікі памятаюць, што ў 1946 годзе храм зачынілі, а сьвятароў саслалі ў Сібір. У храме зрабілі зернесховішча, і на працягу дзесяцігодзьдзяў ён знаходзіўся ў занядбаным стане. Цяпер касьцёл адноўлены і ўключаны ў турыстычны маршрут разам зь іншымі архітэктурнымі помнікамі Пастаўскага раёну. Перад уваходам разбіты прыгожы газон, на якім у форме крыжа высаджаныя туі, абсталяваны штучны вадаём з фантанам. А неўзабаве ксёндз Мікалай плянуе набыць фігуры 12 апосталаў, якія таксама ўпрыгожаць гэты храм. Скульптурная выява Бэнэдыкта ХУІ – у белай сутане, выкнаная ў поўны рост і ўзьнятая на пастамент амаль паўтарамэтровай вышыні – нібыта бласлаўляе лучайскіх вернікаў, якіх у парафіі налічваецца каля 800 чалавек, і экскурсантаў – іх, на думку ксяндза Мікалая Ліпскага, з кожным годым тут будзе ўсё болей і болей. Алена Штраль 17.06.2008
Афіцыйныя прафсаюзы адмовіліся бараніць апазыцыянэра
Леанід Аўтухоў з райцэнтру Гарадок меркаваў праз суд аспрэчыць сваё звальненьне. Але старшыня галіновай прафсуполкі адмовіла ў падтрымцы. Леанід Аўтухоў, старшыня раённай суполкі Партыі БНФ, прыхільнік Аляксандра Мілінкевіча, хацеў давесьці, што ў час ягонага звальненьня мелі месца парушэньні працоўнага заканадаўства, а таксама перасьлед з палітычных матываў. Аднак на ягоны бок ня сталі ні пракурор, ні афіцыйны прафсаюз, і старшыня райсуду Аляксандар Ляшкевіч прызнаў звальненьне апазыцыянэра слушным. Спадар Аўтухоў быў звольнены з пасады апэратара ачышчальных збудаваньняў сёлета 4 красавіка: зь ім не працягнулі працоўны кантракт. У судзе ён распавёў, што працэдура звальненьня адбывалася з парушэньнямі. У прыватнасьці, яму менш як за месяц паведамілі пра тое, што кантракт ня будзе працягнуты. Да таго ж, як высьветлілася, ён адпрацаваў частку працоўнай зьмены ўжо пасьля таго, як быў звольнены, а гэта аўтаматычна абазначае працягненьне кантракту. Леанід Аўтухоў папрасіў, каб у суд выклікалі старшыню прафсаюзнай суполкі Гарадоцкага прадпрыемства ЖКГ Антаніну Захараву. Зьвярнуўшыся да яе, звольнены папрасіў дапамогі – каб прафсаюз патлумачыў спрэчныя пытаньні адносна заключэньня кантракту і дапамог аднавіцца на працы. Аднак спадарыня Захарава заявіла, што Аўтухоў аўтаматычна выключаны з прафсаюзу ў дзень ягонага звальненьня. І суддзя Аляксандар Ляшкевіч зьедліва заўважыў, што суд ня мае права абавязаць прафсаюз дапамагаць камусьці ў працоўных спрэчках. Не дачакаўшыся дапамогі на мясцовым узроўні, апазыцыянэр выказаў хадайніцтва, каб у суд зьявіўся нехта з вышэйшага прафсаюзнага начальства. На працэс прыехала намесьцніца старшыні Віцебскай абласной федэрацыі прафсаюзаў мясцовай прамысловасьці і ЖКГ Ірына Сямёнава. У адрозьненьне ад кіраўніцы мясцовай структуры, Ірына Сямёнава ня стала аспрэчваць таго, што звольнены Аўтухоў усё яшчэ лічыцца сябрам прафсаюзнай арганізацыі, але камэнтаваць ігнараваньне просьбы пра дапамогу з боку сваёй падначаленай яна адмовілася. – На працягу трох месяцаў пасьля звальненьня чалавек лічыцца сябрам галіновага прафсаюзу, –- сказала І.Сямёнава. – Я магу пацьвердзіць, што, згодна з пагадненьнямі, падпісанымі прафсаюзам, пра звальненьне насамрэч трэба папярэджваць за месяц. Аднак я лічу, што гэтыя дакумэнты маюць рэкамэндацыйны характар, і на месцах кіраўніцтва само вырашае, карыстацца імі ці не. Таму прэтэнзіі спадара Аўтухова можна й не лічыць доказамі парушэньня заканадаўства. Так, яго звольнілі, але я па-ранейшаму гатовая паўтарыць, што галоўны пастулят для нашага прафсаюзу – гэта "кожны чалавек мае права на працу". Ні падчас звальненьня, ні ў судзе гарадоцкі актывіст так і не даведаўся, чаму зь ім не працягнулі кантракт, хаця наймальнік паводле заканадаўства мусіць гэта тлумачыць. Адзінай прычынай Леанід Аўтухоў лічыць сваю грамадзкую актыўнасьць: – Я зьяўляюся старшынёй партыйнай суполкі, якая актывізавала сваю дзейнасьць, зьбіраюся балятавацца на будучых выбарах, выдаю недзяржаўную газэту "Да перамогі". Усё гэта не падабаецца мясцоваму райвыканкаму. Адбываўся вялікі ціск на аддзел ЖКГ, каб мяне пакараць – звольніць. І суд таксама падпарадкоўваецца мясцовай уладзе, залежыць ад яе. Але ўсё адно я буду аспрэчваць пастанову ў вышэйшых судовых інстанцыях, а таксама скардзіцца на несправядлівую пазыцыю прафсаюзаў. Яшчэ адзін актывіст з райцэнтру Гарадок, звольнены па палітычных матывах, – былы дырэктар школы Леанід Гаравы кажа, што падтрымлівае памкненьні Аўтухова дабівацца праўды. Але ён мала верыць у посьпех гэтае справы. – Гучна разрэклямаваная ў дзяржаўных СМІ сыстэма сацыяльнага партнэрства зьяўляецца пустым пшыкам, бо не мае пад сабой юрыдычнай базы, якая можа быць улічана судом. З году у год ідуць гаворкі аб абароненасьці працоўных праз калектыўныя дамовы, праз пагадненні, але ўсё гэта нічога ня вартыя, пустыя словы, –- кажа Леанід Гаравы. Алена Штраль 13.06.2008
Віртуальную прыгажуню вызначаць у купальскую ноч
Вэб-газета "Народныя навіны Віцебска" абвясьціла Першы гарадзкі інтэрнэт-конкурс прыгажосьці. Паводле рэглямэнту конкурсу, да 27 чэрвеня ахвотныя дзяўчаты ад 18 да 28 гадоў мусяць даслаць фотаздымкі, аўтабіяграфічныя зьвесткі і кароткі нарыс пра свае захапленьні. Гэтыя матэрыялы арганізатары зьбіраліся зьмясьціць на сайце "Народныя навіны Віцебска", каб наведнікі галасавалі за тых удзельніц, якія ім найбольш спадабаліся. – У нас знарок няма нейкага адмысловага журы, – распавядае рэдактар Сяргей Серабро. – А яшчэ мы хацелі, каб конкурс меў выразны нацыянальны калярыт, таму ўганараваць дзяўчат, якіх прызнаюць самымі прыгожымі, мы вырашылі не каронамі, а вяночкамі з кветак, да таго ж узнагароджаньне мяркуем правесьці ў купальскую ноч. Вядома, мы ня можам прапанаваць нашым прыгажуням доўгатэрміновых і дарагіх кантрактаў з мадэльнымі агенцыямі ці вядомымі фірмамі, але я ня веру, што дзяўчаты такія мэркантыльныя, каб толькі "выгадна прадаваць" сваю прыгажосьць. Як мне здавалася, удзел у Першым гарадзкім інтэрнэт-конкурсе – гэта такі крок, які мусіць засьведчыць у тым ліку і патрыятычнае стаўленьне дзяўчат да родных мясьцін. Тым ня менш, за тыдзень з дня абвяшчэньня ніводнае заяўкі патэнцыйныя ўдзельніцы не даслалі. Нягледзячы на тое, што арганізатары адразу раскрылі таямніцу галоўнага прызу – гэта 10-дзённы турыстычны тур на чарнаморскае ўзьбярэжжа Крыму ад кампаніі "R-tur". Кампанія аплаціць ня толькі двухмесны нумар у пансіянаце, але й праезд у абодва бакі. Віцебская "Міс Інтэрнэт" атрымае таксама й падарунак ад кампаніі МТС. Апрача гэтага, сотавы апэратар вызначыць яшчэ й "Міс Камунікабэльнасьць", і тую, якой пашанцуе займець гэты тытул, таксама чакае адмысловы прыз. Разважаючы пра тое, чаму да конкурсу дзяўчаты пакуль не праявілі цікаўнасьці, Сяргей Серабро найперш згадаў уступную кампанію ў ВНУ – якраз цяпер абітурыенткі рыхтуюцца да тэстаў і дбаюць пра сваю будучыню на час, куды больш працяглы за 10-дзённы паўднёвы адпачынак. А тыя, хто ўжо зьяўляюцца студэнткамі, якраз цяпер здаюць сэсію. Рэдактар "Народных навін Віцебска" не выключае й таго, што дзяўчаты проста ня ведаюць пра конкурс: мажліва, інтэрнэт-сайт сацыяльна- грамадзка-палітычных навінаў не ўваходзіць у кола інтарэсаў віцебскіх прыгажунь. На жаль, наведваньне любога інтэрнэт-цэнтру або інтэрнэт-кавярні ў абласным цэнтры ўскосна пацьвярджае гэтае меркаваньне – дзяўчаты-красуні пераважна бавяць час на інтэрнэт-старонках "odnoklassniki", "vkontakte" ды на сайтах знаёмстваў. Алена Штраль 12.06.2008
Заробак – прасьцінамі, прэмію – ручнікамі
З нагоды Дня лёгкай прамысловасьці работнікам Аршанскага льнокамбіната выдалі прэмію – прадукцыяй уласнай вытворчасьці. У якасьці матэрыяльнай падтрымкі да прафэсыйнага сьвята работніцы льнокамбінату – а працуюць там пераважна жанчыны – атрымалі ручнікі і абрусы са складу прадпрыемства. Засьцяліць новым абрусам сьвяточны стол, безумоўна, было б надзвычай прыемна, каб не адно "але" – адзначыць сьвята работніцам асабліва няма на што, бо нават заробкі льнокамбінат часткова выдае прасьцінамі або проста палатнінай свайго ж вырабу. Кіраўніцтва прадпрыемства мяркуе, што жанчыны мусяць нейкім чынам рэалізоўваць тую бялізну на ўласную карысьць. Хаця гэта заведама праблематычна зрабіць, не парушаючы гандлёвае заканадаўства – не зарэгістраваўшыся, да прыкладу, у прыватныя прадпрымальнікі. Рэалізацыя прадукцыі прадпрыемства афіцыйным чынам таксама адбываецца з вялікімі цяжкасьцямі: адмыслоўцы адзначаюць, што ў Эўропе попыт на беларускую льнопрадукцыю зьніжаецца. У гэтым сэнсе Беларусь пацясьніў Кітай, які ў апошнія гады гэтаксама стаў "сінявокім", бо пад лён там аддадзеныя вялікія сельскагаспадарчыя плошчы, і льнотканіна, а таксама адзеньне зь яе рэалізуецца па куды таньнейшых у параўнаньні зь беларускімі коштах. Такім чынам, колішні флагман айчынный лёгкай прамысловасьці – Аршанскі льнокамбінат – запазычыўся пастаўшчыкам сыравіны, беларускім льнозаводам мільярды й мільярды рублёў. Таму прадпрыемства ня ў стане рэгулярна плаціць ні заробкі, ні прэміі. Адсутнасьць абаротных грашовых сродкаў не дазваляе спадзявацца й на хуткае тэхнічнае пераўзбраеньне прадпрыемства. Паводле намесьніка старшыні канцэрну "Беллегпрам" Анатоля Гурава, ступень амартызацыі абсталяваньня Аршанскага льнокамбіната набліжаецца да 100 працэнтаў. Работнікі прадпрыемства спадзяюцца на дзяржаўныя субсідыі, якія дазволяць абнавіць тэхніку. Але, паводле папярэдніх дадзеных, гэта можа адбыцца толькі ў чацьвёртым квартале 2008 году. Сумнёўным, на думку аршанскіх працаўніц, выглядае прапанаваны дзяржаўнымі структурамі праект, згодна зь якім камбінату належыць вырабляць адмысловую тканіну, зь якій будуць шыць "беларускія джынсы". Тканіна будзе адрозьнівацца ад клясычнага "cotton" у сваім складам: 48 працэнтаў бавоўны і 52 лёну. Калі ажыятажнага попыту на адзеньне зь яе ня будзе, то льнокамбінат ня зможа ліквідаваць запазычынасьці. І тады прэміі ды заробкі давядзецца атрымліваць ужо нават не ручнікамі ды прасьцінамі, а штанамі ды спадніцамі. Алена Штраль 11.06.2008
Вуліцу Шагала апанавалі бадзяжныя сабакі
Па вуліцы Пакроўскай, дзе стаяў дом мастака, экскурсанты і простыя мінакі ходзяць з насьцярогаю – баяцца бадзяжных сабак, якія проста кідаюцца пад ногі. Жыхары вуліцы Пакроўскай распавядаюць, што асабліва страшна тут хадзіць на сьвітанку і позна ўвечары , калі бяздомныя і вечна галодныя сабакі прабягаюць цэлымі зграямі. Зранку яны будзяць жыхароў шматгалосям гаўканьнем, а ўвечары – выюць, не даючы спаць ня толькі насельнікам Пакроўскай, але й бліжэйшых вуліц. Нярэдка ў пошуках ежы сабачыя зграі дабіраюцца да бліжэйшага Полацкага кірмаша, да таксама аўта- і чыгуначнага вакзала, ствараючы зусім не прыемнае ўражаньне ў гасьцей горада. Тое самае прыкрае пачуцьцё на мяжы страху і гадлівасьці зьяўляецца і ў наведнікаў музэю вялікага мастака, якім даводзіцца праходзіць экскурсійным маршрутам ад помніка Шагалу ў пачатку віліцы Пакроўскай да музэю, дзе сабраныя копіі архіўных дакумэнтаў і карцін, прадметы побыту – сьведкі маладосьці мастака, якая прыпала на канец ХІХ- пачатак ХХ стагоддзя. У тыя часы па вуліцы Пакроўская малады Марк Шагал шпацыраваў са сваёй каханай Бэлай, якой было наканавана стацца жонкай і музай мастака. Але цяпер шпацыр па гэтай вуліцы мае ўсе шанцы скончыцца ня так рамантычна і натхняльна. – Сабакі носяцца ў нас стаямі, па дзесяць і болей штук, – распавядае мясцовая жыхарка. – Я ня чула, каб каго-небудзь яны пакусалі, але мы ўсё адно баімся, асабліва дзеці. Здаецца, даўно ўжо час навесьці тут парадак, і гэта, я мяркую, абавязак уладаў. Няхай ловяць гэтых сабак, як хочуць, бо ім мусіць быць сорамна перад наведнікамі шагалаўскага музэю. Па заяве жыхароў вуліцы Пакроўскай сюды прыяжджала брыгада спецаўтабазы, якая адлавіла шэсьць бадзяжных сабак. Мажліва, што напярэдадні штогадовых, ХУІІІ Міжнародных Шагалаўскіх чытаньняў , якія пройдуць у Віцебску 15-17 чэрвеня, будзе новы зьнішчальны рэйд... На думку старшыні ГА "Сябры жывёл" Натальлі Сьпірыдонавай, гэтую праблему ўлады й камунальныя службы мелі шанец вырашыць ужо даўно, і куды больш гуманным шляхам. – У 1999 годзе у Віцебску пачалі будаваць прытулак для бадзяжных жывёл, – гаворыць Н.Сьпірыдонава. – Але праз 5 год улады яго "замарозілі", а недабудаваны гмах, у які ўжо было ўкладзена процьма грошай, вырашылі прадаць з аукцыёна. Наколькі я ведаю, яго так ніхто дагэтуль і не набыў. Будынак тым часам развальваецца, а прытулку няма, хаця ён быў бы гораду вельмі патрэбны. Ня толькі аматары творчысьці мастака, але, бадай, усе больш ці менш адукаваныя людзі ведаюць, што Марк Шагал вельмі любіў Віцебск, захапляўся ягонай прыгажосьцю, марыў вярнуцца сюды з Парыжу. "...няма ніводнае карціны, на якой вы ня ўбачыце фрагмэнтаў маёй Пакроўскай вуліцы", – гаворыцца ў ягоных аўтабіяграфічных запісах. Прыежджыя нярэдка мяркуюць, што Пакроўская і дагэтуль ёсьць той самай ціхай местачковай вуліцай, дзе дагэтуль гучаць лёгкія крокі юнага мастака і прыдарожны пыл не асядае долу, ствараючы надзейную завесу часу. Але з тым, што гэта ня так, з болем мусіў пагадзіцца і сам мастак, адмовіўшыся наведаць родны горад падчас сваёй апошняй паездкі ў СССР: "Пасьля доўгіх ваганьняў я адмовіўся паехаць у Віцебск, хаця згадваю яго ўсё сваё жыцьцё. Таму і адмовіўся, што згадваю. Бо там, напэўна, я ўбачыў бы іншую абстаноўку – ня тую, якую памятаю, іншае жыцьцё. І гэта было б для мяне цяжкім выпрабаваньнем". Якія яшчэ горкія словы вырваліся ў мастака, калі б Марк Захаравіч убачыў сваю вуліцу цяпер?.. Алена Штраль 10.06.2008
Сьляпыя "ўбачылі" скульптуры
Віцебскі "Цэнтр сучаснага мастацтва" арганізуе незвычайныя экскурсіі: людзей з парушэньнямі зроку запрашаюць у майстэрню скульптара. Пазнаёміцца з мастацтвам навобмацак мелі магчымасьць пакуль толькі 10 сябраў "Беларускага таварыства інвалідаў па зроку", запрошаных у майстэрню віцебскага скульптара Леаніда Тарабукі. Яны дакраналіся да скульптур рукамі і дзяліліся сваімі ўражаньнямі з творцам. – Мне было вельмі цікава паслухаць меркваваньні людзей, якія ня могуць бачыць, пра мае працы, – кажа Л.Тарабука. – Да прыкладу, пра адну скульптуру я пачуў, што яна выклікае пачуцьцё трывогі. Пра другую мне сказалі, што яна добрая, выпраменьвае цяпло і супакой. Але найбольш уразіла невідушчая жанчына, якая пра адну з маіх прац раптам сказала, што яна "жоўтая"! Насамрэч, гэта было так: яна "ўбачыла" – праца выраблена са сьветла-жоўтага пяшчаніка, але ж зьверху я пакрыў яе таніроўкай колеру мокрага асфальту... Я не ўяўляю, як людзі могуць адчуваць такія рэчы! Паводле слоў скульптара, ідэя паказваць свае працы сьляпым людзям або людзям з абмежаванымі зрокавымі магчымасьцямі зьявілася ў яго яшчэ ў 1999 годзе. Цяпер, пасьля першага наведваньня майстэрні інвалідамі па зроку, Леанід Тарабука зьбіраецца правесьці для такіх людзей майстар-клясу па лепцы. Ён мяркуе, што тыя, хто авалодвае ведамі пра навакольны сьвет найперш праз тактыльныя адчуваньні, здольныя асэнсоўваць яго па-свойму і ствараць унікальныя мастацкія вобразы. Непасрэдным арганізатарам экскурсій у сьвет скульптуры стала супрацоўніца "Цэнтру сучаснага мастацтва" Алена Зорына. –Такія акцыі ня толькі дазваляюць сьляпым людзям далучыцца да мастацтва, – лічыць А.Зорына. – У іх абсалютна асобнае ўспрыманьне сьвету, які яны "бачаць" унутраным зрокам. Ня выключана, што вынікам майстар-клясы па лепцы стане экспазіцыя твораў інвалідаў па зроку, арганізаваная віцебскім "Цэнтрам сучаснага мастацтва". Алена Штраль 09.06.2008
Пошукі "культурнай сталіцы" Беларусі працягваюцца
Чарговы "правал" у Віцебскім амфітэатры: слухаць оперу "Кармэн" па халадэчы і пад дажджом шмат ахвотных не знайшлося. Паводле загаду ўладаў, віцебскі гарадзкі аддзел культуры абавязалі выкарыстоўваць летні амфітэатр амаль круглы год. Зважаючы на тое, што ў рамонт гэтае пабудовы і абсталяваньне для "Славянскага базару" ўкладзеныя вялікія грошы, іх спадзяваліся вярнуць шляхам арганізацыі тут культурна-масавых мерапрыемстваў самага рознага кшталту – ад канцэртаў мясцовай мастацкай самадзейнасьці да гастрольных выступаў кітайскага цырку. Але большасьць "наватарскіх" праектаў па запаўненьні амфітэатру гледачамі з трэскам правальвалася з-за таго, што гэты "аб’ект" прыстасаваны хіба што для выступаў эстрадных спевакоў. Спробы арганізаваць тут кінасеансы, паказваць балетныя спектаклі і канцэрты клясычнай музыкі былі няўдалымі хаця б з тае прычыны, што неверагодным аказалася запоўніць сем тысяч месцаў аматарамі пэўнага віду мастацтва. Падобнае здарылася і з пастаноўкай сусьветна вядомай опэры "Кармэн", якая 4 чэрвеня прагучала ў выкананьні артыстаў Вялікага тэатра оперы і балета. У спектаклі ўдзельнічалі каля 200 выканаўцаў, ня кажучы пра артыстаў аркестра, якім давялося разьмясьціцца проста ў глядзельнай залі, бо ў амфітэатры не прадугледжана аркестровая яма. Маляўнічыя дэкарацыі, разьлічаныя на тэатральную сцэну і адпаведнае асьвятленьне, таксама не зусім добра выглядалі на сцэне летняга амфітэатру. Гук на адкрытым паветры таксама быў спэцыфічны, да таго ж артысты сьпявалі па-француску, што, мажліва, таксама крыху нязвыкла для віцебскіх аматараў клясічных сьпеваў... Так ці інакш, але далёка не вялікая колькасьць гледачоў пачала катастрафічна зьмяншацца ўжо пасьля першай дзеі: запоўненая толькі на трэцюю частку "самая вялікая адкрытая канцэртная пляцоўка Эўропы" аказалася амаль што пустой праз тры гадзіны, напрыканцы спэктаклю. Сярод тых, хто масава сыходзіў пасьля другой дзеі, быў і начальнік аддзелу культуры Віцебскага гарвыканкаму Віктар Кібісаў. Канечне, у чыноўніка маглі быць важкія прычыны, каб не глядзець пастаноўку да канца. Але, верагодней за ўсё, ён проста зьмерз, як й іншыя гледачы. Пра патрачаныя грошы тым, хто сышоў, асабліва шкадаваць не даводзіцца: кошты невялікія – ад 3 да 12 тысяч рублёў, што непараўнальна з канцэртамі расейскіх поп-зорак, якія прыяжджаюць на фэстываль "Славянскі базар". Між тым, наладзіўшы паказ опэрнага спэктаклю, аддзел культуры меркаваў апрабаваць ідэю новага фестывалю для "культурнай сталіцы Беларусі" – міжнароднага фэстывалю опэрнага мастацтва. Калі гэтую спробу чыноўнікі палічаць канчаткова няўдалай, яны могуць скарыстацца запасным варыянтам: у якасьці альтэрнатывы Віцебску і Летняму амфітэатру разглядаецца мажлівасьць прапісаць фестываль у Полацку, дзе ўжо цягам двух гадоў оперныя сьпевакі выступаюць на пляцоўцы каля Сафійскага сабору. Алена Штраль 06.06.2008
З вадаправодных кранаў выпаўзаюць чарвякі
У пасёлку Фарынава Полацкага раёну вялікія праблемы зь якасьцю пітной вады. Зрэшты, і ня толькі з гэтым. Мясцовыя вымушаны адмовіцца ад карыстаньня такой выгодай цывілізацыі, як вадаправод у кватэрах. – Вада брудная, іржавая, такую ня толькі што піць нельга – у ёй бялізну мыць немагчыма, – распавядае Ала Хаткевіч. – А іншым разам з крана выпадаюць дажджавыя чарвякі... Мы ўжо прызвычаіліся насіць ваду з бліжэйшых калодзежаў. Добра, што яны яшчэ ёсьць. І добра, што яшчэ на гэта ёсьць сілы. А што застаецца рабіць пэнсіянэрам? Да таго ж у нашым пасёлку ёсьць школа, дзіцячы садок, піянерскі летнік. Там з калодзежа вады не наносісься, і яе ўсё-ткі бяруць з водаправоду. Праўда, гадзінамі потым адстойваюць, перш чым гатаваць... Жанчыны з Фарынава кажуць, што якасьць вады гатаванай вады ня лепшая: калі яе ўскіпяціць, то на паверхні зьяўляецца плёнка, якая потым утварае ападак цёмна-рудога колеру. Фарынаўцы пэўныя: гэтая праблема паўстае з-за падвышанага ўтрыманьня жалеза. Яны кажуць, што яшчэ ў 2005 годзе мясцовы райвыканкам паабяцаў рэканструяваць ачышчальную станцыю, але… Пра праблемы з пітной вадой жыхары пасёлка распавялі падчас прыёму ў Полацкім гарвыканкаме і "гарачай лініі" зь першым намесьнікам Камітэту дзяржкантролю Сяргеем Радненкам. Ён адзначыў, што сытуацыя ў Фарынаве ўстрывожыла: адтуль паступіла адразу сем скаргаў на бытавыя ўмовы. Людзі скардзіліся на нерэгулярную падачу гарачай вады, на адсутнасьць дзіцячых пляцовак, але часьцей за ўсё – на дрэнную якасьць вады ў вадаправодзе. Дзяржаўны чыноўнік мусіў прызнаць – падобныя праблемы паўстаюць з прычыны недапрацовак мясцовых уладаў і паабяцаў, што меры будуць прынятыя. Жыхары Фарынава цяпер ня ведаюць: пасёлак чакаюць выключна кадравыя перамены, альбо ўсё-ткі перамены да лепшага ў іхным жыцьці. Алена Штраль 02.06.2008 |