Прыдзьвіньне № 7, ліпень
|
Змаганьне з "падножным кормам"
Віцебскія ўлады спрабуюць выкараніць шырока распаўсюджаны ў горадзе "гандаль зь зямлі". Амаль каля кожнай віцебскай прадуктовай крамы можна ўбачыць дадатковыя "харчовыя шэрагі" – ад бабулек з цыбулькай, нагадаванай ва ўласным гародчыку, да імправізаваных мясных аддзелаў, дзе гандлююць кілбасамі, кансэрвамі і паўфабрыкатамі. Увесь гэты кантынгент гандлюе без дазволу санітарных службаў і без ліцэнзій на прадпрымальніцкую дзейнасьць. Таму гарадзкія ўлады ўжо не першы год змагаюцца з тымі, хто раскладае свой тавар на раскладных століках, на знойдзеных каля бліжэйшага шапіку скрынках з-пад "Сьнікерсаў", а то й проста на газэтцы, літаральна пад нагамі ў мінакоў. Віцебскія бабулькі навучыліся спрытна ўцякаць ад міліцыянтаў, якія час ад часу загадваюць "зьварочваць" несанкцыянаваны гандаль. Паводле заканадаўства, фізічная асоба мае права гандляваць ўласна вырашчанай прадукцыяй ня больш за пяць дзён у месяц, аднак некаторых гандлярак ўлетку можно сустрэць на звыклым месцы амаль штодня. – Пяць дзён узімку мне на кірмашы рабіць няма чаго, – скардзіцца кабета год пад 60, якую знаёмцы клічуць проста Фядосаўнай. – Я гандлюю толькі ўлетку. Так што застаецца або хлусіць рынкаваму кантралёру, што я тут толькі першы дзень стаю, або вось так цішком гандляваць цыбуляй, кропам ды ягадамі на вуліцы. Міліцыянты прыйдуць, папалохаюць, але не караюць – старая я ўжо, мусіць, шкадуюць. Значна большую пагрозу ў параўнаньні з бабулькамі-агародніцамі ўяўляюць сабою гандляры мяснымі вырабамі і яйкамі. Гэтак лічыць галоўны ўрач гігіеніст гарадзкога аддзела гігіены харчаваньня Ганна Мехава. – Вось паглядзіце: каля крамы "Каўнас" штодня гандлююць без усякіх дакумэнтаў мужчына і жанчына, – распавядае Ганна Мехава. – Тут і сасіскі, і рыбныя кансэрвы, і невядомае якасьці й паходжаньня фарш... Адным словам, безьліч крыніц магчымых цяжкіх атручваньняў. Мы неаднаразова ладзілі тут рэйды, аднак "злавіць за руку" несанкцыянаваных гандляроў вельмі складана. "Нас папрасілі толькі паглядзець", "гандляр адышоў", "гаспадар прыйдзе ўвечары забіраць выручку й тавар, а ягонага тэлефона мы ня ведаем" – вось стандартны набор адгаворак, якія можна пачуць у адказ на папярэджаньне пра забарону гандлю "зь зямлі". Канфіскацыя тавару за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць забаронена, і мы проста ня ведаем, як змагацца з гэтай антысанітарыяй. Змагацца спрабуюць з дапамогай падатковай інспэкцыі. Першы раз парушальнік атрымлівае афіцыйнае папярэджаньне, а за паўторнае парушэньне можа трапіць у суд і атрымаць грашовае пакараньне – штраф да 50-ці базавых велічынь. Але такімі вялікімі штрафамі суды караюць рэдка, бо асуджаныя іх проста не выплочваюць – спасылаюцца на безграшоўе. І насамрэч: хто ідзе гандляваць на вуліцу? Найхутчэй беспрацоўны, у якога ёсьць шмат вольнага часу і вялікае жаданьне зарабіць капейчыну. У кожным райсудзе ляжыць некалькі дзесяткаў спраў і адрэсаў, па якіх хадзілі судовыя выканаўцы, каб спагнаць у кошт штрафаў гаспадарскую маёмасьць. Але лішку маёмасьці ў такіх вулічных гандляроў у хаце няма. Як, зрэшты, і ў іхных патэнцыйных пакупнікоў, якія на мізэрныя заробкі, пенсіі ды стыпендыі спрабуюць зэканоміць на прадуктах, купляючы іх "зь зямлі". Нярэдка атрымліваюцца, што эканомяць яны на ўласным здароўі... Дзейных мераў у змаганьні з несанкцыянаваным гандлем у Віцебску пакуль не прыдумалі. Адно што разаслалі лісты дэпутатам палаты прадстаўнікоў з прозьбай распрацаваць больш строгія законы ў дачыненьні да парушальнікаў. Тым часам "падножны корм" актыўна прадаецца і купляецца, бо, на жаль, для небагатых грамадзян нашае краіны такая форма "таваразвароту" аказалася прыдатнай, хаця й шкоднай. Алена Штраль 23.07.2008
Большасьць жыхароў Віцебшчыны не давярае міліцыі
У абласной управе МУС распрацавалі адмысловую анкету, у якой прапануюць ацаніць дзейнасьць ахоўнікаў правапарадку. Адказаць на пытаньні анкеты просяць усіх, хто зьвяртаецца ў аддзяленьні з заявамі. Ахвяры рабаўнікоў і хуліганаў мусяць даць ацэнку працы міліцыянтаў, а таксама вызначыць ступень даверу да іх. Паводле гэтага "сацыялягічнага зрэзу" адпаведныя службы расфарбоўваюць мапу вобласьці чатырма колерамі: да прыкладу, зялёнам колерам адзначаюць рэгіёны, дзе міліцыі давярае больш за 45 адсоткаў насельніцтва. Паводле вынікаў першага паўгоддзя 2008 году такіх раёнаў на Віцебшчыне ўсяго 5 – гэта Дубровенскі, Лепельскі, Сеньненскі, Браслаўскі й Вушацкі. Сінім пазначаны тэрыторыі, дзе ступень даверу меншая – ад 35-45 адсоткаў, такі паказьнік зафіксаваны ў 10-ці раёнах, і менавіта сіні колер дамінуе на мапе вобласьці. Як высьветлілася, менш як 35 адсоткаў насельніцтва давярае праваахоўным органам у Верхнядзьвінскім, Мёрскім, Глыбоцкім, Бешанковіцкім, Лёзьненскім і Аршанскім раёнах, а таксама ў Чыгуначным і Першамайскім раёнах абласнога цэнтру. Самы нізкі паказьнік – у Шумілінскім раёне: усяго 24,5 адсотка жыхароў лічаць мясцовую міліцыю вартай свайго даверу. Абласнай ўправа МУС цяпер зьбіраецца высьветляць, што за прычыны ў такога негатыўнага стаўленьня да міліцыянтаў з боку тамтэйшых жыхароў. Дарэчы, у анкетах прапануецца пазначыць, якія прэтэнзіі грамадзяне маюць да працы міліцыі. Кожны пяты жыхар вобласьці адзначыў, што не задаволены аператыўнасьцю міліцыянтаў – скаргі такога кшталту сустракаюцца часьцей за ўсё. У Глыбоцкім і Аршанскім раёнах, а таксама ў Першамайскім раёне Віцебска кожны трэці насельнік выказаў незадавальненьне тым рашэньнем, якое ў міліцыі прынялі пасьля звароту па дапамогу. Анкетаваньне ў Полацку, Шумілінскім раёне, Чыгуначным і Першамайскім раёнах абласнога цэнтру паказала, што людзі не спадзяюцца на абарону міліцыі ў выпадку вулічных боек, рабаўніцтваў ды іншых праяваў гвалту. Шмат у якіх рэгіёнах ахоўнікаў правапарадку вінавацяць ў грубым і няўважлівым стаўленьні да грамадзянаў і іхных зваротаў у міліцыю. "Рознакаляровыя" мапы вобласьці міліцэйскае начальства загадала разьвесіць у кожным пастарунку – каб наведнікі і гаспадары рабілі адпаведныя высновы. Дарэчы, менавіта ў Віцебскай вобласьці міліцыянты першымі ў Беларусі пачалі анкетаваньне насельніцтва з мэтаю вызначыць уласны рэйтынг. Пакуль вынікі маласуцяшальныя: толькі ў Дубровенскім раёне міліцыі давяраюць 50,6 адсоткаў насельніцтва, у астатніх рэгіёнах паказьнікі ніжэйшыя – яны сьведчаць пра тое, што міліцыя не карыстаецца даверам нават у паловы жахароў Віцебшчыны. Алена Штраль 22.07.2008
Віцебскага апазыцыянэра ізалююць ад "Славянскага базару"
Барыса Хамайду штодня затрымліваюць або арыштоўваюць, каб ён толькі не стаяў у цэнтры фестывальнага гораду. Ад пачатку "Славянскага базару" не было яшчэ ніводнага дня, каб распаўсюднік недзяржаўнай прэсы Барыс Хамайда спакойна рабіў сваю справу: супрацоўнікі міліцыі выкарыстоўваюць любую нагоду, каб толькі завезьці яго ў пастарунак. – Яшчэ да фэсту падыходзілі міліцыянты і рэкамендавалі "ўзяць адпачынак" на час мерапрыемства, – распавядае апазыцыянэр. – Яны тлумачылі, што мая прысутнасьць на вачох у гасьцей Віцебску непажаданая. Але я адмовіўся. Сюды, да "сіняга дому" па вуліцы Леніна прыходжу з 1996 году. Тут мы зь нябожчыкам Уладзімерам Плешчанкам ладзілі пікеты, зьбіралі подпісы, а цяпер, застаўшыся адзін, распаўсюджваю недзяржаўныя выданьні. Гэтае месца ведае кожны жыхар Віцебска, і я нізавошта не саступлю сваіх пазыцый, нават калі маё знаходжаньне дужа не па душы міліцыі. Тое, што супрацоўнікі МУС настроеныя усур'ёз, праявілася яшчэ да пачатку фестывалю: 9 і 10 ліпеня па Барыса Хамайду пад'яжджала міліцэйская машына, ледзьве толькі ён пасьпяваў раскласьці газэты і часопісы на сваім століку. Ведаючы, што звычайна распаўсюднік сыходзіць дахаты каля дзьвюх гадзін, калі ў большасьці мінакоў сканчваецца абедзенны перапынак, менавіта такім часам яго й адпускалі з пастарунку. Аднак варта было апазыцыянэру паведаміць журналістам, што ён мяняе графік свае працы – працягвае стаяць каля "сіняга дому" і пасьля абеду, як тактыка ахоўнікаў правапарадку зьмянілася. – У дзень адкрыцьця фестывалю, калі ў Віцебску чакалі прыезду Аляксандра Лукашэнкі, да мяне падышоў незнаёмы мужчына і пачаў правакаваць на бойку, – працягвае Барыс Хамайда. – Заявіў, што я нібыта вінны яму нейкія грошы, потым пачаў штурхаць. Як высьветлілася, усё гэта назіраў міліцыянт у цывільным, які выклікаў патрульную машыну. Аднак на судзе ён засьведчыў, што гэта я, 60-гадовы пенсыянэр, чапляўся да незнаёмага чалавека і абражаў нецэнзурнай лаянкай. Суд прызнаў мяне вінаватым і вызначыў меру пакараньня – трое сутак арышту. З ізалятару часовага ўтрыманьня апазыцыянэр выйшаў 14 ліпеня. І адразу, не заходзячы да хаты, скіраваўся да "сіняга дому". Мусіць, гэта было неспадзяванкай для міліцыянтаў: у той дзень яго ніхто не ўпільнаваў і не затрымаў. Затое назаўтра, 15 ліпеня, супрацоўнікі міліцыяі высунулі новае абвінавачаньне – затрымалі за парушэньне правілаў гандлю, сказаўшы, што з гэтым мусіць разьбірацца раённая адміністрацыйная камісія. 16 ліпеня Барыса Хамайду затрымалі зноў. Проста так, бо ня толькі ня склалі ніякіх пратаколаў, але нават не патлумачылі падставаў затрыманьня. Тое самае паўтарылася і 17 ліпеня. Увечары 18 ліпеня "Славянскі базар" у Віцебску завяршыцца. Калі інтарэс да апазыцыянэра з боку міліцыянтаў пасьля гэтае даты будзе страчаны і штодзённыя затрыманьні ўрэшце скончацца, Барысу Хамайду можна не сумнявацца: у ягонай асобе нехта сапраўды ўбачыў пагрозу для іміджу фэстывальнага гораду. Алена Штраль 18.07.2008
У Віцебску забаранілі прадаваць сьпіртное
У межах "Славянскага базару" віцебская міліцыя вырашыла правесьці Дзень цьвярозасьці. 16 ліпеня ў крамах забаранілі прадаваць сьпіртное Пра тое, што гарэлкай, півам і віном ахвотным раяць запасацца загадзя, паведамлялася амаль у кожнай віцебскай краме ці ў прыватным шапіку. Паўсюль паразьвесілі аб'явы, а таксама праводзілі тлумачальную работу з пакупнікамі: нярэдка можна было пачуць, як касірка пыталася пры разьліку: – А вы ведаеце, што заўтра півам не гандлюем? Чаго ўзялі толькі дзьве бутэлькі? І ўсё ж часовая забарона на продаж алкагольных напояў для кагосьці сталася непрыемнай навіной. – У нас вісіць аб'ява, але хлопцы ўсё адно піва просяць, – скардзіцца гандлярка камэрцыйнага шапіка на Маскоўскім праспэкце. – Бывае, што па-харошаму просяць, а некаторыя пагражаюць і вітрыну пабіць. Нібыта мы вінаватыя, што нам загадалі. Увогуле ж я лічу, што гэтая забарона на адзін дзень нічога ня дасьць: за адзін дзень алькаголікаў не перавыхаваеш, а нармальным людзям забараняць ужываць сьпіртное ў невялікіх дозах – няма ніякага сэнсу. – Я сёньня купляла газэту ў кіёску, дык мне гандлярка распавяла, што за дзень у яе раскупілі ўвесь танны адэкалён, – распавядае спадарыня год пад 70. – Уяўляю тады, што рабілася ў аптэках! Там ужо, напэўна, ні валер'янкі, ні баярышніку ў настойках не засталося. Усё скупілі алкашы! – У вас дзень цьвярозасьці, а я сёньня зноў п'яны, – гарлае на ўвесь аўтобус хлопец у расхрыстанай кашулі. – І грошай у мяне на праезд няма, затое бутэлька піва ёсьць! Мы ўчора купілі – цяпер хоць заліся! Хочаце, я й вас усіх пачастую? Пасажыры адводзяць вочы, і хтосьці, напэўна, чарговы раз у думках задае рытарычнае пытаньне: "Вось чарговы п'яны хуліган. Куды глядзіць міліцыя?.." А міліцыя 16 ліпеня рыхтавала канцэртную праграму да Дня цьвярозасьці. Зранку на плошчы Перамогі агітатары за здаровы лад жыцьця забаўлялі дзетак: юным жыхарам Віцебску прапанавана было ўзяць удзел у конкурсе малюнкаў на асфальце пад дэвізам "Тата, мама і я – цьвярозая сям'я". Зарыфмаванае "... і я" асабліва насьмяшыла віцебскіх журналістаў, бо ў падобных конкурсах зазвычай удзельнічаюць дзеці дашкольнага ўзросту. Для больш дарослых прызначаліся вечаровыя імпрэзы на Плошчы Тысячагоддзя. БРСМаўцы прыйшлі туды са сьцягамі, віцебскія настаўнікі – за паабяцаны адгул, яшчэ некалькі дзесяткаў жыхароў і гасьцей Віцебску – з чыстае цікаўнасьці. Міліцыянты раздавалі прысутным сувэніры – значкі з надпісам "Я супраць незаконнага алькаголю", якіх на усіх не хапіла, улёткі з рэклямай флікераў і дзіўнага выгляду й прызначэньня "штучкі", якія больш за ўсё нагадвалі падстаўкі пад піўныя келіхі. Такія падстаўкі зазвычай прапнуюць у эўрапэйскіх "півярнях", толькі што на віцебскіх замест рэклямы пэўнага гатунку было напісана: "Замовіў гарэлкі – замаўляй таксі!" Як высьветлілася, гэты від папяровай прадукцыі прызначаўся кіроўцам, якія часам дазваляюць сабе езьдзіць у нецьвярозым стане. Паводле кіраўніка управы міліцыі Віцебскага аблвыканкама Леаніда Фармагея, 16 ліпеня ў выцьвярэзьніку не было ніводнага "кліента". Спадар Фармагей заклікаў усіх прысутных захоўваць "сухі закон" ня толькі цягам гэтага дня, але й надалей. Пасьля яго выступілі праваслаўны і каталіцкі сьвятары, байкеры, БРСМаўцы, міліцэйскі вакальна-інструментальны ансамбль прасьпяваў песьні пра карысьць фізкультуры і спорту... Паказальна, што ўсё гэта адбывалася на сцэне пад тэнтам з рэклямай піва "Крыніца", і гэта не засталося незаўважным пільнымі гараджанамі. Яны зьедліва пасьміхаліся і казалі, што міліцыя яўна тут "недапрацавала". Лепей за ўсіх вынікі Дня цьвярозасьці падсумавалі віцебскія дворнікі. Паводле іхных назіраньняў, пустых пляшак і бутэлек у горадзе было ніколькі ня менш, чым у любы іншы дзень. Алена Штраль 17.07.2008
У Дзень саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары ў Віцебску" прайшло цыркавое шоу
13 ліпеня ў 13 гадзін 13 хвілін пад вясёлую музыку ды выбухі фэйервэрку са скульптуры было зьнята фіялетавае покрыва. Выступы жанглёраў, гімнастаў і іншых артыстаў-цыркачоў суправаджалі адкрыцьцё вялікай скульптурнай выявы клоуна, усталяванай недалёка ад Летняга амфітэатра. Ідэя стварыць "цыркавую скульптуру" належыць двум даўнім сябрам: скульптару Івану Казаку і самаму сапраўднаму клоуну, кіраўніку калектыва "Невероятно странный цирк" Мікалаю Чаўнакову. І менавіта Чаўнакоў зазначыў, што фігура вулічнага клоуна з гармонікам стала для яго сымбалічным ўвасабленьнем яднаньня Беларусі і Расеі. Таму падараваць гэтую скульптуру Віцебску вырашылі менавіта ў Дзень Саюзнай Дзяржавы, які традыцыйна адбываецца ў межах "Славянскага базару" з 2003 году. І пад вясёлую музыку, выбухі фэйервэрку ды аплыдысменты гледачоў фіялетавае покрыва са скульптуры зьнялі 13 ліпеня роўна ў 13 гадзін 13 хвілін. Дзеткам, якія гэтым часам гулялі з бацькамі ў цэнтры горада, пашчасьціла паглядзець бесплатнае цыркавое шоу. А тыя, каму і пасьля гэтага весялосьці бракавала, маглі скіравацца ў Віцебскі краязнаўчы музэй, дзе экспануецца выстава "Самая вялікая калекцыя ўсьмешак". Гэта больш за 400 фігурак клоунаў з прыватнай калекцыі таго самага Мікалая Чаўнакова. Зразумела, што па часе гэтыя фігуркі павяртаюцца да гаспадара, а вялікі клоун каля будынку музычнай гасьцёўні застанецца ў Віцебску назаўсёды. Мажліва, гэтая скульптура, што паводле асацыяцыяў спадара Чаўнакова , ёсьць "увасабленьнем яднаньня Беларусі і Расеі", некалі стане пачаткам новай старонкі ў гісторыі старажытнага Віцебска: менавіта Віцебск Дзяржсакратар Саюзнай Дзяржавы Павел Барадзін прапанаваў у перспектыве зрабіць сталіцай гэтага міждзяржаўнага ўтварэньня. Падчас прэсавай канфэрэнцыі, прымеркаванай да Дня Саюзнай Дзяржавы, спадар Барадзін ня толькі гаварыў пра перспектывы дзейнасьці саюзу Беларусі і Расеі, але распавядаў журналістам показкі, гісторыі з уласнага жыцьця і ўвогуле шмат жартаваў. Напрыканцы размовы, калі ў канфэрэнц- залі ўжо й так панавала нязмушаная вясёлая атмасфэра, Дзяржсакратар Саюзнай Дзяржавы дадаў прысутным яшчэ адну падставу для добрага настрою: сказаў, што аднойчы аб'яднаныя Расеі і Беларусь стануць настолькі моцным тандэмам, што далучыцца да яго захочуць усе краіны цяперашняга Эўрасаюзу. Нехта ўспрыняў гэтыя словы ўсурёз, а нехта – проста як чарговы жарт ад Паўла Барадзіна. Алена Штраль 14.07.2008
Фестывальны горад зрабілі "рэжымнай зонай"
Цяпер трапіць у цэнтар Віцебску можна толькі праз кантрольна-прапускны пункт, аснашчаны металашукальнікам. Такіх КПП у раёне Плошчы Свабоды і Летняга амфітэатру усяго пяць, таму каля іх утвараюцца вялікія чэргі. "Брамка" металашукальніка, такая самая, як у аэрапорце, усталявана на ходніках каля крамы "Мілавіца" – па дарозе ад Плошчы Перамогі да летняга амфітэатру. За дзесяць-пятнаццаць хвілін чаканьня можна паназіраць і зрабіць высновы, наколькі эфектыўныя гэткія захады па захаваньні грамадзкай бясьпекі. – Я разумею, што пасьля выбухаў у Менску трэба прыдпрымаць нейкія надзвычайныя меры, але ж навошта зьбіраць такія натоўпы, каб кожнага "прапусьціць" праз браму металашукальніка! – абураецца спадарыня зь маленькім дзіцём. – Не ўяўляю нават, што тут будзе, калі пачнуцца канцэрты, і да летняга амфітэатру пойдуць тысячы гледачоў! Або трэба было купляць пабольш гэтых прыладаў ды ставіць іх шэрагам, або абмежавацца аглядам сумак, ці што. – Толькі што бачыў, як нейкую бабульку на прапусьцілі, бо ў ейнай сумцы ляжаў пакет з сокам, – распавядае маладзён гадоў пад 20. – Яшчэ кажуць, што ня будуць прапускаць на плошчу Свабоды ня толькі з сокам, але з любымі іншымі напоямі ў непразрыстай тары. Але пакуль што пускаюць: сам бачыў, як па плошчы ходзяць людзі ў п'юць піва з бляшанак. – А мне толькі што сказалі, што з гэтай штукі я магу забіць прэзыдэнта, і таму наступны раз яе проста адбяруць, – вядомы фотааматар і рэдактар сайту "Народныя навіны Віцебска" Сяржук Серабро паказвае на свой фотаапарат з вялікім аб'ектывам. – Гэта міліцыянты так пажартавалі, але тэхніку могуць забраць і насамрэч. Нездарма праз газэты папярэджвалі, што ў цэнтар гораду ня пусьцяць нават з цацачнымі аўтаматамі ці пісталетамі-запальнічкамі – з усім, што падобна да зброі. Зброі ці чаго іншага небясьпечнага за час нашага 15-хвіліннага чаканьня ні ў кога не знайшлі, хаця металадэтэктар пішчэў без перадыху: амаль у кожнага былі мэталёвыя дэталі на адзеньня ці абутку, а ў сумках ляжалі парасоны, ключы, аўтаручкі, "флэшкі" ды розныя іншыя дробязі, на якія рэагуе разумны прыбор. Таму міліцыянты – мужчына і жанчына – праводзілі яшчэ й дагляд асабістых рэчаў мінакоў. Вядома, ахоўнікі правапарадку сьпяшаліся, бо чарга гучна выказвала сваё незадавальненьне, і таму дагляд праводзіўся, мякка кажучы, вельмі павярхоўна. Тых, хто ішоў да Плошчы Свабоды ад плошчы Леніна, сустракалі міліцыянты з сабакамі. Узбоч стаялі відэакамеры, якія здымалі рух мінакоў. Некаторых людзей спынялі і патрабавалі паказаць зьмесьціва сумак, асабліва вялікіх... Сабакі, металашукальнікі, дзесяткі міліцэйскіх машын і сотні супрацоўнікаў міліцыі – ад інспэктраў ДАІ ў жоўта-зялёных камізэльках да моцных хлопцаў ў форменных куртках з надпісам "Спецназ" надаюць Віцебску гэтамі днямі сапраўды незвычайны калярыт. Але ён не дадае фестывальнаму гораду сьвяточнага настрою. Лішні раз ісьці ў цэнтр, дзе абсталяваныя галоўныя канцэртныя пляцоўкі, шмат каму проста не захочацца. Бо ніводнаму нармальнаму чалавеку ня хочацца трапіць "на зону" – няхай сабе нават толькі часова "рэжымную". Алена Штраль 11.07.2008
1 300 міліцыянтаў – на ахову "Славянскага базару"
Хоць фестываль яшчэ не пачаўся, спэцназ, ахоўнікі правапарадку і супрацоўнікі МНС працуюць ужо ва ўзмоцненым рэжыме. Міліцыянтаў у Віцебск звозяць з усёй Беларусі. Сюды скіравалі "дэлегацыі" з усіх райцэнтраў вобласьці, салдатаў, якія праходзяць службу ва унутраных войсках, і сталічны спэцназ. Ад пачатку гэтага тыдня нават на аддаленых ад цэнтру горада вуліцах можна сустрэць вулічныя патрулі. Яны складаюцца, як правіла, з трох асобаў: два спэцназаўцы з дубінкамі і ўзброены міліцыянт. Апрача гэтага, за правапарадкам у горадзе сочаць супрацоўнікі ў цывільным, карыстаючыся нібыта "неслужбовым" транспартам – аўтамашынамі, якія ня маюць міліцэйскай афарбоўкі. Паводле начальніка МУС віцебскага аблвыканкаму Леаніда Фармагея, у горадзе ўключаныя 50 камэр відэанізіраньня, а ўваходы на галоўныя сцэнічныя пляцоўкі фестывалю аснашчаныя металадэтэктарамі. У гледачоў амфітэатру, як і летась, будуць правяраць сумкі, і не дапусьцяць у амфітэатр тых, хто нясе з сабою напоі ў шкляным посудзе, а таксама тых, хто захоча трапіць на канцэрт у нецьвярозым стане. На ўваходзе ў амфітэатр будуць дзяжурыць сапёры з сабакамі, навучанымі шукаць выбухованебясьпечныя прадметы. Пасьля выбуху падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці ў Менску у самых людных месцах абласнога цээнтру – на вакзале, кірмашах, а ў перспектыве гэтак будзе і ў раёне летняга амфітэатру – гучаць папярэджаньні пра небясьпеку. Мінакоў заклікаюць быць пільнымі: не дакранацца да рэчаў падазронага выгляду, не тэлефанаваць з мабільных тэлефонаў паблізу ад такіх падазроных прадметаў, каб не справакаваць выбуху, зьвяртацца да міліцыянтаў, як толькі нешта незвычайнае на выгляд трапіць у поле зроку. Адказнасьць за бясьпеку жыхароў і гасьцей Віцебска разам з міліцыянтамі нясуць і падраздзяленьні МНС. Выратавальнікі гэтаксама будуць дзяжурыць на ўсіх фестывальных пляцоўках і месцах адпачынку. Пасьля аварыі на каруселі ў менскім Парку Чалюскінцаў на іх ускладзеныя абавязкі праверыць усе канструкцыі, якія могуць стаць прычынай надзвычайных здарэньняў, і перадусім – дэкарацыі сцэны і мантаж абсталяваньня ў летнім амфітэатры. Падчас прэсавай канфэрэнцыі, якую праводзілі адказныя службы, журналісты запыталіся, ці будзе праводзіцца "зачыстка" горада ад "сацыяльна небясьпечных элементаў". Прадстаўнікі МУС адказалі, што ня будуць "ганяць" бамжоў, а аматараў алькаголю будуць агітаваць за цьвярозасьць. Прынамсі, 16 ліпеня ў межах фестывалю будзе праводзіцца адмысловы "Дзень цьвярозасьці". Аднак у апошнія дні пад пільную ўвагу міліцыянтаў трапіў не "сацыяльны небясьпечны элемент", а віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, які штодня распаўсюджвае незалежную прэсу ў цэнтры гораду каля так званага "сіняга дому" – дом №28 па вуліцы Леніна. Пачынаючы з 8 ліпеня, спадара Хамайду міліцыянты штодня забіраюць у Чыгуначны РАУС. Там яму настойліва раяць "узяць адпачынак" на час "Славянскага базару" – каб не трапляцца на вочы прадстаўнікам урадавых дэлегацый ды іншым наведнікам фестывалю, якіх дзяржаўныя СМІ ўпарта пераконваюць, што Беларусь – гэта ўвасабленьне стабільнасьці і бясьпекі. Алена Штраль 10.07.2008
Заложніца "добраўпарадкавання"
І праз чатыры гады чыноўнікі Глыбоцкага раёну адмаўляюць спадарыні Косьцік выправіць хібы паказухі. За час свайго прэзыдэнцтва Аляксандр Лукашэнка ўсяго два разы наведаў Глыбоцкі раён. Абодвы разы на шляху яго картэжу траплялася вёска Мярэцкія. Хаця вуліцы, дамы і тэрыторыю навокал вяскоўцы загадзя чысьцілі, аднак не ўшанаваў ён вёску сваёй ўвагай. Між тым паказуха, якую рыхтавалі чыноўнікі, даводзіць некаторых да сьлёз і сёньня. Ля сядзібы сям’і Косьцікаў існуе невялічкае возера. Ля берагоў яго расла асака, а вада была зацягнутая зеленаватай раскай. Перад візітам прэзыдэнта, экскаватары вычарпалі з сажалкі ў вёсцы Мярэцкія глей і закінулі яго ў агарод Таісы Косьцік. З-за таго, што гара глею ляжыць на сотках, вада ў дождж падмывае падворак і хлеў. З-за гары і вады нельга апрацоўваць і агарод. Мінавіта таму і напісала жыхарка вёскі Мярэцкія ліст у Менск: – Я, Таіса Косьцік, былы бугальтар ААТ "За Радзіму" прашу дапамагчы знайсьці ўправу на кіраўніцтва Глыбоцкага раёну і тутэйшай птушкафабрыкі. Мінае ўжо чацьвёрты год ад таго часу, як яны, каб дагадзіць Лукашэнку, з......і мой агарод... . Натуральную прыроду сажалкі парушылі ў 2004-м. Тады завяршалася газыфікацыя Пастаўскага і Глыбоцкага раёнаў. Дзяржаўныя СМІ пратрубілі, што "па даручэньню Аляксандра Лукашэнкі за тры папярэднія гады асвоена 45 мільярдаў рублёў капітальных укладаньняў". Гаспадыня плакала ад гневу, калі пачула з экрану тэлевізара пра што кажа прэзыдэнт: – У Глыбоцкім раёне цяпер наведзены парадак, добраўпарадкаваная зямля. У вас не было ні "Дажынак", ні іншых вялікіх мерапрыемстваў. Вы сваімі сіламі пры невялікай падтрымцы дзяржавы навялі парадак да прыезду прэзыдэнта. Гэта ж усе ў вас застанецца, я нічога з сабой не забяру. Тым часам азярцо, якое паглыбілі і тым самым нібыта акультурылі, зноў зарасло. Усе скаргі на зьнявечаную спадчыну спадарыня Косьцік чацьвёрты год застаюцца без увагі: – Я 40 гадоў адпрацавала ў калгасе, палову зь іх – паляводам і жывёлаводам. Пасьля, як атрымала адукацыю, яшчэ 20 гадоў была бугальтарам. Муж памёр сем гадоў таму. Быў паважаным чалавекам у гаспадарцы – адпрацаваў мэханізатарам 42 гады. За добрасумленную працу атрымліваў узнагароды. Але цяпер за гэта мы не маем аніякай ласкі ад мясцовага кіраўніцтва. На нашы просьбы ніхто не зьвяртае ўвагу. Са зваротамі грамадзянаў да прэзыдэнта працуе адмысловае ўпраўленьне. Узначальвае яго Станіслаў Бука. Сёлета ўжо атрымана больш як 30 тысяч заяваў ад грамадзянаў. Запісаўшы прозьвішча заяўніцы Таісы Косьцік спадар Бука абяцаў пашукаць яе заяву. У той жа дзень ён паведаміў, што сытуацыю вывучаюць спэцыялісты Глыбоцкага райвыканкаму. Са словаў Станіслава Бука, чакаць адказу варта "менавіта з мясцовага органу ўлады". Іншымі словамі адказаць мусяць тыя, на каго яна скардзіцца. Галіна Баравая 09.07.2008
На Віцебшчыне – крытычны сэзон летніх ДТЗ
На вясковых дарогах зараз надзвычай небясьпечна: шмат ахвяраў як сярод кіроўцаў, так і мінакоў. На працягу мінулага месяца Дзяржаўтаінспэкцыя сканфіскавала на Віцебшчыне 131 матацыкл. Іх уладальнікі сыстэматычна парушалі правілы дарожнага руху – езьдзілі бяз шлемаў і ў нецьвярозым стане. У выніку па віне адбыліся каля двух дзясяткаў ДТЗ: адзін чалавек загінуў, а 22 атрымалі цялесныя пашкоджаньні рознай ступені цяжкасьці. Матацыклы, якія ўзімку найчасьцей прастойваюць у гаражах, у цёплы час году робяцца ці ня самым распаўсюджаным транспартам на вёсцы. Некаторыя часьцяком кіруюць ім на добрым падпітку, часам ігнаруюць неабходнасьць тэхаглядаў, а маладзейшыя хлопцы забаўляюцца, запрасіўшы дзяўчат пакатацца "зь вецярком" – на недазволенай хуткасьці. Старшы дзяржаўтаінспэктар Ігар Рыбакоў, які патрулюе вёскі Віцебскага раёну, адзначыў, што занепакоенасьць у ДАІ выклікаюць і юныя кіроўцы скутэраў. Калі скутэр ня надта магутны і не разьвівае хуткасьць зваш 50 км у гадзіну, яго ня трэба рэгістраваць і атрымліваць правы на кіраваньне. Таму шчасьлівыя ўладальнікі моднага сродку перасоўваньня дазваляюць пакатацца на ім сваякам, сябрам, знаёмым і суседзям, і неспрактыкаваныя юныя кіроўцы ў любы момант могуць трапіць у аварыю – як на гарадзкой вуліцы, так і на вясковай. Але найбольшую небясьпеку ставарае сельгастэхніка. Нярэдка можна ўбачыць, як два трактарысты, спыніўшыся пасярод дарогі, абмяркоўваюць нейкія свае праблемы, ствараючы нязручнасьці для іншых кіроўцаў. У бальшыні сваёй сельскагаспадарчая тэхніка вылучаецца нестандартнымі габарытамі – бывае, што перакрывае адразу абедзьве паласы. Пры гэтым іх хуткасьць зазвычай не перавышае 30-40 км у гадзіну, таму абгон ускладняецца. Дый ня кожны кіроўца дазволіць зрабіць гэта: ні для каго не сакрэт, што распаўсюджанае вясковае п’янства не абмінае трактарыстаў ды камбайнэраў, якія ў нецьвярозым стане могуць наладзіць экстрымальныя гонкі, уявіўшы сябе ўдзельнікамі "Формулы-1". Наступны фактар небясьпекі – далёка не ідэальны стан сельскіх дарог, якія нагадваюць палігоны для выпрабаваньня транспарту на трываласьць. Яны, як правіла, няроўныя – з выбоінамі і буграмі, брудныя – бо з палёў на асфальт на колах трапляе вільготная зямля. Вось і атрымліваецца: статыстыка ДТЗ на Віцебшчыне паказвае, што на сельскіх "магістралях" нікому расслабляцца ня варта. Алена Штраль 09.07.2008
Экс-пракурор ня справіўся зь дзецьмі
У Шумілніна зьнялі з пасады старшыню камісіі па справах няпоўнагадовых. Хоць многія лічаць: ня ён – дзяржаўная палітыка кульгае. Абласная "вэртыкаль" прызнала, што прызначаны на гэты пост год таму Пётр Цішуроў, былы пракурор і юрыст зь вялікім працоўным стажам, ня справіўся са сваімі абавязкамі. У прыватнасьці, намесьнік страшыні аблвыканкаму П.Южык засьведчыў нездавальняючай працу па выкананьні прэзыдэнцкага Дэкрэту №18 на Шуміліншчыне. Нагадаю: гэты дакумэнт абавязвае камісіі займацца працаўладкаваньнем бацькоў, чые дзеці выхоўваюцца ў дзяржаўных установах. Сэнс – аплочваць утрыманьне нашчадкаў. Аднак у райцэнтры Шуміліна і кваліфікаванаму спэцыялісту ня так лёгка знайсьці пасаду. А на вёсцы сытуацыя яшчэ больш крытычная. Ды й ня хочуць гора-бацькі працаваць. Усяго 74 шумілінскія дзіцяці маюць патрэбу ў дзяржаўнай дапамозе. Аднак цяпер звольнены старшыня камісіі Пётр Цішуроў ня змог забясьпечыць выканаць патрабаваньні дэкрэту. Між тым Шуміліна гісторыя хутчэй тыповая, чымсьці неардынарная – пра тое сьведчыць незадавальненьне вышэйшага начальства працай дзяцячых камісій і ў іншых рэгіёнах. У праватнасьці, папярэджаньне атрымаў старшыня камісіі па справах няпоўнагадовых Кастрычніцкага раёну Віцебска Іван Мацьвееў. Спрыяць выкананьню Дэкрэта №18 мусяць й іншыя службы: аддзелы адукацыі, міліцэйскія структуры і непасрэдна кіраўнікі прадпрыемстваў, якіх проста абавязалі браць на працу тых, чые дзеці выхоўваюцца ў дзяржаўных установах. Аднак "крайнімі" пакуль сталіся мясцовыя кіраўнікі камісій. Нібыта досьвед пракурорскай працы, на які чамусьці паспадзяваліся ў Шуміліне, калі прызначалі Пятра Цішурова на цяпер пакінутую пасаду, мог дапамагчы яму выправіць усе хібы сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне. Алена Штраль 08.07.2008
Беларускага прэзыдэнта сустрэнуць са сланамі
Падчас чарговага візыту на адкрыцьцё "Славянскага базару" ў Віцебску А.Лукашэнка наведае адрамантаваны радзільны дом. Першымі высокага госьця сустрэнуць тры сланы – незвычайная кампазыцыя з кветак на адмысловых фігурных каркасах. Падрыхтоўка да прыезду Лукашэнкі праводзіцца вельмі інтэнсыўна. Каб разгледзець недахопы рэканструкцыі аб’екта ва ўсіх ракурсах, абласное кіраўніцтва нават абляцела тэрыторыю вакол раддому на верталёце. Рамонт і новая "начынка" абышліся ў 24 мільярды бюджэтных сродкаў, і напрыканцы чэрвеня камісія ўжо прыняла гэты аб’ект. Напярэдадні візыту прэзыдэнта прайшла сэсія гарсавету, якая абмяркоўвала рэалізацыю Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бясьпекі на 2007-2010 гады ў Віцебску. На рэстаўраваны раддом, канешне, ускладаюцца вялікія надзеі: сучаснае абсталяваньне мусіць забясьпечыць лепшыя ўмовы ўтрыманьня немаўлятак, мацярок. Аднак выдаткі дэмаграфічнага крызысу ў Беларусі ў абласным цэнтры відавочныя: нягледзячы на падвышэньне нараджальнасьці (на 11 адсоткаў за 2007 год), па-ранейшаму неадольнай застаецца тэндэнцыя да агульнага састарэньня насельніцтва,і, як сьледзтва – да перавышэньня сьмяротнасьці над нараджальнасьцю. Зараз у Віцебску 345тысяч жыхароў, а пры ўмове захаваньня вышэй згаданай тэндэнцыі да 2020 году колькасьць насельнікаў абласнога цэнтру скароціцца да 319 тысяч, прычым на аднаго чалавека працоўнага ўзросту будуць прыходзіцца два пенсіянэры. Зь іншага боку, адрамантаваны радзільны дом можа быць толькі ўскосным паказьнікам дзяржаўнага клопату пра жыцьцё і здароўе юных грамадзянаў. Далёка не ў ідэальным стане знаходзяцца іншыя дзіцячыя мэдычныя ўстановы. Да прыкладу, даўно патрабуе рамонту паліклініка №2 па вуліцы Чкалава, якая абслугоўвае 30 тысяч дзяцей з усяго Першамайскага раёну. Установа не прыстасаваная да такой колькасьці пацыентаў і патрабуе пашырэньня. Таксама ёсьць праблемы і ў абслугоўваньні жыхароў новых мікрараёнаў "Поўдзень-7" і "Білева": там няма тэрытарыяльных паліклінік, і людзям прыходзіцца зьвяртацца па дапамогу медыкаў, дабіраючыся часам на іншы край горада зь перасадкамі. Вядома, будаўніцтва бальніц і паліклінік, якія мусяць забясьпечыць адпаведны ўзровень якасьці (і працягласьці) жыцьця вымагае значнах грашовых укладаньняў з боку дзяржавы. Але пра дыфіцыт бюджэту ў нас згадваць не прынята. Затое любяць падкрэсьліваць усё, што можа дэманстраваць вонкавы дабрабыт і стабільнасьць. Вось і паставілі ў Віцебску каля радзільнага дому "жыцьцесьцьвярджальную" кветкавую кампазыцыю з трох сланоў – мабыць, яна мусіць увасабляць шчасьлівую беларускую сям’ю: тата, мама і немаўлятка… Своечасовы паліў гарантуе ім добрае, але нядоўгавечнае жыцьцё – усяго толькі да бліжэйшае зімы. Алена Штраль 07.07.2008
Прыгажосьць запатрабавала ахвяраў
Ідэя ДАІ падчас "Славянскага базару" выставіць на цэнтральных скрыжаваньнях дзяўчат-рэгуліроўшчыц выклікала праблемы ў кіроўцаў. Цяпер ужо цяжка сказаць, хто ў Віцебску выказаў меркаваньне пра тое, што зьяўленьне на вуліцах прыгожых дзяўчат у міліцэйскай форме з паласатымі жэзламі ў руках будзе дысцыплінаваць удзельнікаў транспартнага руху. Кажуць нават, "кастынг" у службе ДАІ праводзіў асабіста начальнік абласнога міліцэйскага падраздзяленьня Леанід Фармагей. Так гэта альбо не, але ідэю пачалі ўвасабляць у жыцьцё каля месяца таму: каля дзесятка дзяўчат штовечар вывозілі на плошчу Свабоды, папярэдне адключыўшы сьветлафоры на гэтым самым буйным у Віцебску скрыжаваньні, каб патэнцыйныя рэгуліроўшчыцы змаглі патрэніравацца. Кіроўцы адразу адзначылі, што ў часе трэніровак на цэнтральных вуліцах пачалі стварацца "пробкі". Бо арыентавацца ў насычаным транспартным патоку без адпаведнага досьведу рэгуліроўшчыцам было цяжка, і неспрактыкаваных дзяўчат тут жа на месцы кансультавалі абазнаныя рэгуліроўшчыкі-мужчыны. У неафіцыйных гутарках супрацоўніцы ДАІ адкрыта казалі, што баяцца выходзіць "на пост", каб самім не стварыць аварыйную сытуацыю. Тым больш падчас "Славянскага базару", калі ў цэнтры гораду транспартны рух непараўнальна больш інтэнсыўны... Праводзячы паскоранае навучаньне рэгуліроўшчыц, ДАІ нечакана сутыкнулася зь яшчэ адной праблемай: як высьветлілася, далёка ня ўсе кіроўцы разумеюць "мову жэстаў", прызвычаіўшыся арыентавацца на сыгналы сьвятлафораў. Дарэчы, на плошчы Свободы ў Віцебску ўсталяваная самая сучасная сістэма сьветлавых сігналаў: пераходы аздобленая каляровымі таймерамі, што дазволіла істотна зьменшыць колькасьць ДТЗ у гэтым месцы. Цяпер кіроўцаў даводзіцца таксама "перавучваць" на стары ўзор. Паводле начальніка абласной управы ДАІ Сяргея Матаронка, кіроўцам ужо раздаюць адмысловыя памяткі-інструкцыі, дапоўненыя ілюстрацыямі – каб яны "пазнавалі" сыгналы рэгуліроўшчыц. "Дрэсіруюць" таксама й віцебскіх мінакоў: па некалькі гадзін на дзень адключаюць сьвятлафоры ў розных раёнах горада і давяраюць кіраваць рухам рэгуліроўшчыкам. Сёньня ўжо ніхто не бярэцца сьцьвярджаць, што жаночая прыгажосьць уратуе калі не ўвесь сьвет, то хаця б Віцебск ад аварыйных сытуацый на дарогах. Незадаваленыя ідэяй супрацоўнікаў ДАІ і кіроўцы, і мінакі, і супрацоўнікі транспартных прадпрыемстваў, і арганізатары фэстывалю – усе прадчуваюць верагоднасьць прынамсі вялікіх праблем, калі ня значных аварый. І дзяўчаты-рэгуліроўшчыцы зусім не радыя аказанаму даверу – яны папросту баяцца браць на сябе адказнасьць падчас выкананьня сумнёўнай функцыі аздабляць сваёй прысутнасьцю фэстывальны Віцебск. Алена Штраль 02.07.2008
Віцебск закідалі бэтоннымі яблыкамі
Спецыялісты жыльлёва-камунальнай гаспадаркі вырашылі ўпрыгожыць горад: раскласьці па газонах 160 бэтонных яблык, груш і сьлівін. Аднойчы нейкі дасьціпнік назваў Беларусь "бананавай рэспублікай" – з-за таго, што ў крамах круглы год прадаецца гэтая імпартная садавіна, якая амаль выцесьніла з прылаўкаў тутэйшыя яблыкі ды грушы. Знарок або не, але гарадзкому аддзелу архітэктуры і будаўніцтва ўдалося ліквідаваць гэты дэфіцыт, прычым без дапамогі садаводаў: 160 бэтонных пладоў расклалі па Віцебску ў выглядзе немудрагелістых кампазыцый – чырванабокая грушына па плечы вышынёй, пара плямістых яблычкаў мэтры па паўтара ў дыямэтры і колькі сьлівін з добры камень-валун. Колер сьліў ужо невызначальны – іх першымі паабівалі нагамі падлеткі, бо "натурморты" чамусь выклікалі ў іх жаданьне пагуляць у футбол. Нярэдка можна ўбачыць, як маладыя бацькі замілавана фатаграфуюць сваіх дзетак, што адразу ўдвух ці ўтрох "асядлалі" яблык або грушу... Ад такога імпэту, вядома, церпіць ня толькі штучная садавіна, але й газоны, па якіх яе расклалі – трава вакол вытаптаная да праплешын. – Ну не выглядае гэтае глупства на прадмет мастацтва, – кажа маладая маці, назіраючы за сыночкам гадоў чатырох-пяці, які з усяе свае дзіцячае моцы лупіць плясмасавай рыдлёвачкай па круглым баку бэтоннага яблыка, зь якога ляціць фарба. – Калі што, то такога дабра яшчэ наробяць. А ўвогуле я не сказала б, што Віцебск дужа папрыгажэў, дзякуючы гэтым муляжам... Ідэю ўпрыгожыць гарадзкі ляндшафт адмыслоўцы віцебскай ЖКГ "падгледзелі" ў Гомлі, дзе аздабленьне двароў і вуліц "малымі архітэктурнымі формамі" дужа папулярнае. Але ў Гомлі гэта зроблена па-іншаму: да прыкладу, там ёсьць скульптурныя выявы дворніка, вадаправодчыка ці прыбіральшчыцы, якая какетліва глядзіцца ў люстэрка... Вядома, гэта не ідзе ні ў якае параўнаньне зь "яблычнай гігантаманіяй" віцебскіх дызайнэраў. Жыхары гораду кажуць, што садавіна да зімы не даляжыць – яе папросту прыдзецца прыбраць з-за папсаванага дробным вандалізмам і дажджлівым надвор’ем непрывабнага зьнешняга выгляду. Ды й дзіўнавата б глядзеліся гэтыя фрукты "трапічнай" расфарбоўкі на брудным сьнезе ўздоўж дарогі... Своеасаблівым мастацкім пратэстам супраць безгустоўнасьці і таннага шыку можна лічыць памкненьне віцебскага скульптара Леаніда Тарабукі ўпрыгожыць горад выявамі на вечныя тэмы. Так, каля ўваходу ў сваю майстэрню ў двары дому на скрыжаваньні вуліц Леніна і Замкавай дацэнт катэдры дызайну тэхналягічнага ўнівэрсытэту ўсталяваў "камень каханьня”. Гэта вялікі шэры камень з выразаным на ім сардэчкам, навылёт прабітым стралой – пэўна ж амуравай. Недалёка – яшчэ адзін, на якім можна ўбачыць нейкі патаемны сымбаль накшталт скандынаўскіх рунаў. Скульптар кажа, што значэньне выявы кожны можа разумець па-свойму... А побач, на суседнім камні, Леанід Тарабука намаляваў фарбай чалавечы сьлед, праўда, крыху анамальны – з шасьцю пальчыкамі. "Гэта мой сьлед у гісторыі", – кажа майстар, які асобна ад "афіцыйнага мастацтва" вырашыў надаць Віцебску ўнікальныя зьнешнія рыскі. Алена Штраль 01.07.2008 |