Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members capriche Гомель Сож № 4, чэрвень
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Сож № 4, чэрвень

Найнебясьпечны сьметнік краіны – на Гомельшчыне

10 гадоў труціць паветра, ваду і глебу Петрыкаўскае пахаваньне сапсаваных пэстыцыдаў. Амаль 1500 тон ядаў расьцякаюцца і пранікаюць ужо на глыбіню 100 мэтраў.

У Літвы, Украіны, Расеі ды іншых краінаў-удзельніц адмысловай Стакгольмскай канвэнцыі ёсьць цяпер сур’ёзныя прэтэнзіі да Беларусі. Раней урад краіны замоўчваў праблему ненадзейнасьці сховішчаў для сапсаваных пэстыцыдаў (хімічных ядаў для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі ў сельскай гаспадарцы). Аднак ад 2004 году, калі  Беларусь далучылася да Стакгольмскай канвэнцыі і змушаная была дапусьціць міжнародных інспэктараў, выяўляюцца сапраўдныя маштабы небясьпекі.

Міністэрства прыроды і навакольнага асяродзьдзя паведаміла, што на сёньняшні дзень цалкам дасьледавана экалягічная сытуацыя на трох пахаваньнях пэстыцыдаў: Петрыкаўскім, Верхнядзьвінскім і Дрыбінскім. Найнебясьпечным ацэнена Петрыкаўскае. Афіцыйна спраўджана, што тут застаецца 1 тысяча 423 тоны сапсаваных ядахімікатаў. Дакладна засьведчана, што пэстыцыды плавяцца і расьцякаюцца, пранікаюць ужо на глыбіню 100 мэтраў. "Дробназярністы і насычаны вільгацьцю пясок не перашкаджае распаўсюджваньню ядахімікатаў у грунтовыя воды", – сьведчыць запіс у акце экалягічнай праверкі Петрыкаўскага пахаваньня.

Старшыня Гомельскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Алег Акушка расказаў, што петрыкаўскі могільнік знаходзіцца ў Кашэвіцкім лясьніцтве.

– Тут 7 траншэяў глыбінёй 3,5 мэтра. Выкапалі іх яшчэ ў 1970-я, а цалкам запоўнілі ў 1988-м, – удакладняе Алег Акушка. – Зрабілі тут так званы гліняны замок, зьверху наслалі ахоўную плёнку. Але мінулы час і ненадзейнасьць матэрыялаў пераўтварылі сховішча ў вельмі небясьпечнае.

Вучоныя, якія назіраюць за Петрыкаўскім сховішчам, канстатуюць міграцыю пэстыцыдаў, у тым ліку асабліва шкодных – поліхролвінілу і дыяксынаў. Яды пагражаюць грунтовым водам, а празь іх – вадаёмам і рэкам.

Дарэчы, факты ўцечкі трывалых арганічных забруджвальнікаў фіксуюцца і на іншых могільніках. Латвія зараз вылучае сур’ёзныя прэтэнзіі да Верхнядзьвінскага пахаваньня. Яно месьціцца ўсяго ў 35 кілямэтрах ад мяжы, пагражае Балтыйскаму басэйну. Паводле ацэнак спэцыялістаў, гэта пахаваньне пераўтвараецца ў транспамежны ачаг патэнцыйнай небясьпекі.

Увогуле, паводле праведзеных дасьледаваньняў, у Беларусі на сёньня запасы непрыгодных пэстыцыдаў складаюць 6500 тон. А штогоду яшчэ ўтвараецца 2000 тон адыходаў 1-3 клясу небясьпекі, у тым ліку і пэстыцыдаў. Небясьпека ўзмацняецца паводле таго, што ўсе гэтыя шкодныя рэчы складуюцца на часовых сховішчах. І адзінае, што робіцца ў краіне, – гэта пераўпакоўка ядаў у больш надзейную тару. У іншых праблемах ідзе гандаль за замежную грашовую дапамогу. Латвійскія СМІ паведамляюць, што Беларусь патрабуе 3 мільёны даляраў на працу, якая нібыта гарантуе чысьціню ў Дзьвіне.

У гэтыя дні зьяўляюцца паведамленьні, што могільнік ля Петрыкава будзе ачышчаны. Быццам бы ўсе таксычныя адыходы перавязуць у спэцыяльны комплекс "Дуброўка" ў Чачэрскім раёне.

Але навіна толькі дадае пытаньняў. Як высьвятляецца, у Беларусі няма досьведу бясьпечнай працы ў вызваленьні сховішчаў ад ядаў. Адтэрміноўкай праблемы, а не яе вырашэньнем зьявіцца таксама транспарціроўка пэстыцыдаў у Чачэрскі раён.

Галіна Баравая

25.06.2008

Гомельская Рада Партыі БНФ адклала пытанне пра Міхалевіча

Раней абмеркаванні гэтай жа тэмы прайшлі ў Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласных радах, а таксама ў Віцебскай і Гродзенскай гарадскіх – ніхто не спяшаецца падтрымаць Сойм.

Як вядома, Сойм Партыі БНФ 14 чэрвеня выключыў з партыі Алеся Міхалевіча, намесніка партыйнага старшыні. Нагадаем, што Сойм – цэнтральны кіруючы орган гэтай партыі ў перыяды паміж яе з’ездамі, а ў абласных партыйных арганізацыях аналагічнымі органамі з’яўляюцца рады.

Паседжанне Гомельскай абласной Рады прайшло ў Рэчыцы. Пры галасаванні аб тым, ці падтрымаць рашэнне Сойму пра выключэнне Міхалевіча, галасы "за" і "супраць" падзяліліся пароўну. Таму Рада пастанавіла не выказваць пакуль свайго меркавання на гэты конт, а запрасіць у кіраўніцтва партыі "факты і доказы парушэння спадаром Міхалевічам Статута партыі". Раней абмеркаванні гэтай жа тэмы прайшлі ў Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласных радах, а таксама ў Віцебскай і Гродзенскай гарадскіх; ніводная з гэтых структураў не прыняла пастанову аб падтрымцы рашэння Сойма.

Нагадаем, што летась на з’ездзе Партыі БНФ пры выбарах партыйнага старшыні галасы дэлегатаў размеркаваліся амаль пароўну паміж А.Міхалевічам і В.Вячоркам, які ўзначальваў партыю дагэтуль. У выніку ніводны з іх не набраў належнай колькасці галасоў, і ў якасці кампрамісу старшынём абралі Лявона Баршчэўскага.

Тэльман Маслюкоў

25.06.2008

Цяпер на бакланаў "палююць" з пушкамі

У рыбгасах Беларусі пачалі зьяўляцца адмысловыя прыстасаваньні для запалохваньня пярнатых. Традыцыйныя стрэльбы, аднак, больш эфэктыўныя.

Да тэмы забойстваў чапляў і бакланаў на сажалках усіх 15 рыбгасаў Беларусі неаднаразова далучаўся сайт Belnarod.org. Практычна першымі мы падставілі пад сумненьне заявы кіраўнікоў рыбгаса "Сялец", што бакланы адлоўліваюць "мяхі" рыбы. Што нібыта толькі ў адно пагружэньне ў ваду баклан можа зьесьці 300-грамовага карпа.

І вось знойдзены новы варыянт змаганьня з птушкамі – у рыбгасе "Белае" Жыткавіцкага раёну сёлета набылі шэсьць прыстасаваньняў ЗПУ-1.

Як патлумачыў намесьнік дырэктара ААТ "Белае" Рыгор Мірановіч, ЗПУ-1 – гэта газавая пушка для запалохваньня дзікіх птушак. Са словаў суразмоўцы, агрэгат "кампактны, надзейны, аўтаномны і нядорага каштуе". Прынцып дзеяньня новай "зброі" заснаваны на выкарыстаньні газавага балёну.

А менавіта: цялежка зь ім аснашчаная спэцыяльнымі рэгулятарамі, якія ўключаюцца аўтаматычна і назапашваюць ў ствале пушкі да 1 літра газа. Пасьля адбываецца імгненная ўспышка, а за ёй – гучны ляск і ў неба вырываецца вогненны язык.

– Даволі эфэктыўна спрацоўвала гэта запалохваньне ў першы пэрыяд выкарыстаньня, – гаворыць Рыгор Мірановіч. – Асьцярожныя бакланы ад страху нават рыбу гублялі зь дзюбы, а чаплі разьляталіся ў розныя бакі. Аднак цяпер птушкі прызвычаіліся. Ня дзіва, калі чаплі садзяцца на ЗПУ-1 для перадыху.

Ад спэцыяліста сп.Мірановіча даведваюся, што ў рыбгасе "Белае" па-ранейшаму аплачваюць працу брыгады з 11 паляўнічых. За аднаго забітага баклана яго здабытчык атрымлівае чатыры тысячы рублёў. Улік забітых вядзецца па верхняй частцы дзюбы, якую паляўнічы адрэзвае ад тушкі і пасьля здае яе ў рыбгас. Некаторыя паляўнічыя здабываюць за тыдзень такіх трафэяў на 200-300 тысяч рублёў.

– Гэта задорага, – пагаджаецца суразмоўца, але кажа, што цяпер баклан стаў вельмі асьцярожным, трэба патраціць не адзін патрон, каб зьбіць яго над шырокім вадаёмам. Калі раней бакланы прыляталі карміцца вялікай зграяй, то цяпер маленькімі групкамі на кароткі час.

І ўсё ж эколягі вітаюць выкарыстаньне прыстасаваньняў ЗПУ-1. Сябра таварыства "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Зьміцер Вінчэўскі даводзіць: Беларусь не зьяўляецца сталым прыстанкам гэтых птушак.

– Першыя калёніі бакланаў былі зарэгістраваныя ў вусьці Лані ў пачатку 1990-х гадоў. За больш як 10 гадоў яны расьсяліліся па ўсёй Беларусі. Ядуць выключна рыбу. На натуральных вадаёмах, дзе існуе дакладная экасыстэма, бакланы ня шкодзяць. Бакланы палююць на рыбу, а сава ці арлан-белахвост – на бакланаў.

На меркаваньне эколяга спюВінчэўскага, ЗПУ-1 – першае спэцыяльнае прыстасаваньне і, мажліва, далёкае ад дасканаласьці:

– Але разьвіцьцё тэхналягічных сродкаў не стаіць на месцы. Да прыкладу, над невялікімі па памерах саджалкамі можна нацягваць маскіровачную сетку, альбо дрот, каб птушкі не маглі ныраць у ваду. Будзе разьвівацца і тэхніка для запалохваньня бакланаў.

Удасканальваюцца таксама рэкамэндацыі вучоных Інстытуту заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук. Яны лічаць, што было памылкай разбураць гнёзды бакланаў у калёніях, якія суседнічалі з вадаёмамі. Птушкі перабраліся ў цяжкадаступныя мясьціны. Адначасна зь гэтым страчана магчымасьць рэгуляваць колькасьць дарослых птушак і іх патомства.

Галіна Баравая

18.06.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: