Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members expert Светлогорск Светлогорские вести № 5, май
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Светлогорские вести № 5, май

Узяліся за яйкі – 120 чалавек звольніліся

У Светлагорскім раёне спынілася птушкафабрыка. Работнікам прапанавалі шукаць працу ў іншых месцах. Але гэта мала рэальна.

Фабрыка знаходзіцца ў прыгараднай вёсцы Якімаўская Слабада. У 2005-м прадпрыемства прадалі закрытаму акцыянернаму таварыству "Прамбудгандаль" з Гомеля. За два гады ў рэканструкцыю светлагорска аб’екта яно нібыта ўклала 5,2 млрд. руб.

У Светлагорскім райвыканкаме ў сваю чаргу сцвярджаюць, што "Прамбудгандаль" не выплаціў яшчэ ўсю суму за выкупленае прадпрыемства, пры гэтым з пачатку бягучага году фабрыка фактычна не працуе. У выніку ўся сельская гаспадарка раёна сёлета не дасягнула станоўчых фінансавых паказчыкаў. Разам з тым у райвыканкаме лічаць, што продаж фабрыкі быў праведзены кампетэнтна, з ўсебаковым улікам інтарэсаў калектыва і магчымасцей новага ўладальніка. Намеснік старшыні выканкама па эканоміцы Аляксандр Магазіншчыкаў кажа: прычына праблемы – у фінансавых цяжкасцях “Прамбудгандля”. Таму фабрыку зноў хочуць вярнуць у камунальную ўласнасць – верагодна, у судовым парадку. Аднак гэты працэс, які планавалі пачаць у траўні пры ўдзеле Міністэрства сельскай гаспадаркі, патрабуе немалага часу.

Сітуацыя на фабрыцы абмяркоўвалася на адным з паседжанняў райвыканкама. Яго старшыня Сяргей Максіменка паабяцаў, што каб не ўзнікла сацыяльнага напружання, выканкам дасць магчымасць працаўладкавацца ўсім звольненым работнікам.

Міхаіл Мікіціч

30.05.2008

Гомельскі абласны суд падтрымаў забарону пікета

Ён пакінуў без змянення рашэнне суда Светлагорскага раёна, якое тычыцца забароны на правядзенне пікету.

Група грамадзян звярнулася ў Светлагорскі райвыканкам з заявай аб правядзенні пікету.

– Там мы ўказалі, што мэтай нашага мерапрыемства з’яўляецца інфармаванне грамадзян аб дзеяннях уладаў па забароне палітычных партый і грамадскіх арганізацый, – распавяла адна з ініцыятараў пікету Святлана Міхальчанка.

Намеснік старшыні райвыканкама С.Меркулаў адказаў забаронай: "У дадзеным выпадку публічнае выказванне пратэсту не мае пад сабой падставаў".

Шасцёра ініцыятараў пікету палічылі, што гэта парушае правы грамадзян, і звярнуліся са скаргай у раённы суд. Суддзя Галіна Свідуновіч у сакавіку прызнала: тое, што С.Меркулаў напісаў у пісьме, не можа быць прычынай для забароны мерапрыемства. Аднак у дзень суда С.Меркулаў прадаставіў рашэнне выканкама аб тым, што пікет на гарадской набярэжнай быў забаронены яшчэ і па  прычыне запланаванай там заліўкі катка. Суддзя ўзяла гэта пад увагу і пастанавіла, што забарона мерапрыемства была правільнай.

Ініцыятары не пагадзіліся і звярнуліся ў абласны суд з касацыйнай скаргай. Абгунтоўвалі сваю скаргу тым, што С.Меркулаў ад прачатку прыводзіў толькі адну прычыну – “публічнае выказванне пратэсту не мае пад сабой падставаў”, а пра заліўку катка там не гаварылася.

Нядаўна адбыўся разгляд справы ў абласным судзе. Судовая калегія па грамадзянскіх справах – старшыня Л.Буянкова, суддзі Е.Краўчанка і В.Караткевіч – прызнала рашэнне светлагорскага суда “законным і абгунтаваным”. Скарга В.Конанавай і іншых грамадзян пакінута без задавальнення. С.Міхальчанка лічыць, што гэтая сітуацыя паказвае: на практыцы людзі пазбаўлены канстытуцыйнага права на свабоду масавых мерапрыемстваў.

Міхаіл Мікіціч  

15.05.2008

Арыштаваны гендырэктар змешчаны ў бальніцу

Кіраўнік "Гандлёвага цэнтру" Светлагорска Вячаслаў Гаравы трапіў у кардыялогію, дзе знаходзіцца пад вартай міліцыі.

У мінулым месяцы В. Гаравы быў затрыманы ў сваім кабінеце, а ў яго кватэры праведзены ператрус. Затым паводле пастановы пракурора генеральны дырэктар быў арыштаваны на перыяд следства. А днямі В. Гаравы змешчаны ў кардыялагічнае аддзяленне Светлагорскай раённай бальніцы, дзе працягвае знаходзіцца пад міліцэйскай вартай.

Па якой прычыне арыштаваны генеральны дырэктар, праваахоўныя органы афіцыйна не паведамляюць. Неафіцыйныя звесткі аб прычынах арышту істотна адрозніваюцца.  Паводле адных крыніцаў, В. Гаравога падазраюць у спробе даць хабар у 800 тысяч рублёў супрацоўніку інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду. Паводле іншых – В. Гаравы сам падазраецца ва ўзяцці хабару ў 15 тысяч даляраў. Да прызначэння на пасаду генеральнага дырэктара В. Гаравы працаваў у мясцовым райвыканкаме, выконваў кантрольныя функцыі за дзейнасцю прадпрымальнікаў.

Адкрытае акцыянернае таварыства "Гандлёвы цэнтр" – буйнейшае гандлёвае прадпрыемства Светлагорска. Яго статутны фонд – 1.600.964.400  руб., доля дзяржавы ў ім – 44,72 працэнта.

Арсень Даніловіч

13.05.2008


Знайшлі невядомыя раней звесткі пра дзеяча БНР

У Светлагорскім раёне выяўлены невядомыя раней звесткі з жыцця Сцяпана Некрашэвіча – ініцыятара стварэння і першага старшыні Інстытута беларускай культуры.

Вандроўка адбылася з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння С.Некрашэвіча, якое споўнілася 8 траўня. У 1918 г. ён быў прадстаўніком Беларускай Народнай Рэспублікі на Украіне. У 1922-м прапанаваў стварыць Інстытут беларускай культуры, быў яго першым старшынём,  а ў 1928-м удзельнічаў у ператварэнні Інбелкульта ў Беларускую Акадэмію навук. У 30-м С.Некрашэвіча прыгаварылі да высылкі, у 37-м – расстралялі. У 1988 годзе акадэмік С.Некрашэвіч быў поўнасцю рэабілітаваны.

"Данілоўка – фальварак у Бабруйскім павеце, уласнасць Некрашэвічаў". Гэтыя звесткі – з  першага тому "Геаграфічнага слоўніка Польскага Каралеўства і іншых славянскіх краін", які выдадзены ў 1880 годзе. Тут і нарадзіўся будучы навуковец і грамадскі дзеяч. Рыхтуючыся да вандроўкі, яе ўдзельнікі адшукалі і тапаграфічную мапу, на якой пазначана Данілоўка. Цяпер гэтая вёска – у Краснаўскім сельсавеце Светлагорскага раёна.

Вандроўку наладзілі сябры Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, краязнаўцы і моладзь са Светлагорска. У Данілоўцы шануюць памяць аб сваім славутым зямляку. Удзельнікі вандроўкі на працягу двух дзён запісалі шэраг звестак пра С.Некрашэвіча, якія раней не былі вядомыя. Высветлена, што па веравызнанні ён быў праваслаўным. Выклікае цікавасць паведамленне мясцовых жыхароў аб тым, што аднойчы разам з С.Некрашэвічам сюды прыязджаў Янка Брыль. У вёсцы ўзгадваюць, што ў С.Некрашэвіча былі трое братоў і дзве сястры, якіх у 1930-х таксама выслалі, і назад ніхто не вернуўся. Сцвярджаюць таксама, што ў Данілоўцы тайна захоўвалася частка рукапісаў С.Некрашэвіча, аднак падчас рэпрэсій 1950-х гадоў іх вымушаны былі спаліць з меркаванняў перасцярогі.

Краязнаўца і журналіст В.Раманцоў запісаў са словаў вяскоўцаў назвы мясцовых урочышчаў – у выніку будзе складзены тапанімічны слоўнік наваколляў Данілоўкі. Удзельнікі вандроўкі распаўсюдзілі ў вёсцы інфармацыйны матэрыял да 125-годдзя С.Некрашэвіча, а таксама адправілі з радзімы акадэміка вітальны ліст ва ўсе установы Беларусі, Літвы, Расіі і Украіны, дзе С.Некрашэвіч навучаўся ці працаваў. Гэты ліст накіраваны таксама ў шэраг культурна-асветніцкіх і іншых ўстаноў краіны, якія маюць адносіны да ўшанавання памяці аб гэтым выбітным дзеячы.

Міхаіл Мікіціч

08.05.2008

Просіце пікет – атрымайце сустрэчную акцыю

Намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама па ідэалогіі Сяргей Меркулаў у чарговы раз забароніў правядзенне незапланаванга вертыкаллю мерапрыемства.

На гэты раз прычынай для забароны стала "святочная акцыя з удзелам вядомых беларускіх выканаўцаў".

Як паведаміла адна з ініцыятараў пікету Святлана Міхальчанка, пікет планавалася правесці з 14 да 17 гадзін на гарадской набярэжнай каля летняй сцэны.

Аднак, як аказалася, менавіта ў гэтым месцы райвыканкам запланаваў на 18 гадзін святочную акцыю. "З 12 гадзін пачнуцца працы па мантажу сцэны і абсталявання для правядзення канцэрту. У сувязі з вышэйпададзеным, раённы выканаўчы камітэт не дае дазволу на правядзенне вамі масавага мерапрыемства", –- паведаміў С. Меркулаў.

Па словах С. Міхальчанкі, у студзені грамадзяне таксама звярталіся ў райвыканкам з заявай аб правядзенні пікету на гарадской набярэжнай. Тады С. Меркулаў даслаў забарону ў сувязі з тым, што на той жа дзень райвыканкам запланаваў там заліўку катка.

Міхаіл Мікіціч

01.05.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: