Персональные инструменты
Вы здесь: Главная Members expert Светлогорск Светлогорские вести № 6, июнь
Bulletin Online Menu
Главная Брестская область Витебская область Гомельская область Гродненская область Могилёвская область Минская область Минск Зарубежье Народная школка Пишите нам
 
Действия с Документом

Светлогорские вести № 6, июнь

Яшчэ адзін дакумэнт пра вайну з Масковіяй

Светлагорскі краязнаўца Вадзім Болбас знайшоў невядомыя раней звесткі пра горад Казімір, які існаваў у ХVII стагоддзі на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна.

Гэты горад праіснаваў 12 год. Ён мог знікнуць у цемры стагоддзяў, калі б мінскаму гісторыку Сяргею Рассадзіну аднойчы не патрапіў у рукі каралеўскі ўказ за 1643 год. Археалагічныя раскопкі Казіміра даюць навуцы "эталонны" матэрыял аб XVII стагоддзі, які не змяшаны з іншымі эпохамі. Таму і фінансуюцца раскопкі з фонду фундаментальных даследванняў Нацыянальнай Акадэміі навук.

Але чаго не хапае для даследванняў, дык гэта пісьмовых звестак аб Казіміры. Дасюль былі вядомыя ўсяго два тэксты. Цяпер, дзякуючы В.Болбасу, гісторыкі ведаюць пра незаўважаны раней дакумент.

– "Паўстанне Хмяльніцкага: ваенныя дзеянні ў Літве ў 1648-1649 гг." – пад такой назвай польскі гісторык Вітальд Бярнацкі два гады таму апублікаваў сваю чарговую працу. Гаворыцца ў ёй аб падзеях, што адбываліся на землях Вялікага княства Літоўскага – у Беларусі. Сёлета ў перакладзе на беларускую мову гэтае даследванне надрукаваў мінскі часопіс "Архэ", – распавядае В.Болбас.

Ні рэдакцыя часопіса, ні нават В.Бярнацкі не падазравалі, што тым самым яны прыадкрыюць і невядомую старонку з гісторыі Казіміра. Але тое, аб чым не ведаў польскі даследчык, было заўважана пільным вокам В. Болбаса.

– Вітальд Бярнацкі сярод іншага ўзгадвае паселішча Казімерава Слабада паміж Бабруйскам і Парычамі. У мяне, калі прычытаў гэтыя радкі, не ўзнікла сумнення: гаворка ідзе пра горад Казімір, – расказвае краязнаўца.

…28 чэрвеня 1649 года князь Януш Радзівіл дайшоў да Казімеравай Слабады, дзе стаяла рота ў 100 драгунаў на чале з капітанам Маенам. Адсюль князь выправіў пасланца з лістом да Яна Казіміра, караля Рэчы Паспалітай. Апоўдні з Менску падцягнулася артылерыя. Князь адразу накіраваў яе ў Рэчыцу, "дадаўшы да яе роту капітана Маена, якая пры гарматах рушыла". На ноч Радзівіл спыніўся ў Парычах. 29 чэрвеня выехаў з Парычаў, спыніўся на абед у Здудзічах. На начлег князь затрымаўся ў Чыркавічах…

– Парычы, Здудзічы, Чыркавічы – усё гэта цяперашні Светлагорскі раён. А на месцы Казіміра ўтварылася вёска Каралеўская Слабада. Як адзначае ў сваіх артыкулах доктар гістарычных навук С. Рассадзін, яна ў некаторых старадаўніх дакументах называецца і "Казіміраўская Слабада". Цяпер відавочна, што такая назва ўжывалася і ў той час, калі існаваў горад, разам з афіцыйным найменнем Казімір, – кажа спадар Вадзім.

Водны турызм і краязнаўства – тое, чаму прысвячае заслужаны адпачынак В. Болбас, колішні начальнік цэха светлагорскага вытворчага аб'яднання "Хімвалакно". Наваколлі былога Казіміра – асаблівыя мясціны для спадара Вадзіма: побач – яго родная вёска Казакова. У 2006 годзе В. Болбас быў адным з першых дабраахвотнікаў, якія разам з прафесарам Рассадзіным распачалі археалагічныя раскопкі Казіміра – горада, які разбураны ў 1655 годзе падчас вайны паміж Расійскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай.

Інфармацыя пра выяўленыя звесткі перададзена прафесару С.Рассадзіну. Калі падрабязна вывучыць архіўны дакумент, на які спасылаецца В.Бярнацкі, то ў ім, магчыма, можна знайсці і іншыя факты аб колішнім горадзе, які меў Магдэбургскае права.

– А калі раённы музей і навукоўцы пастараюцца, то могуць адшукаць у архівах і той ліст, што князь адправіў каралю з Казіміра, – гаворыць В. Болбас. – Копія гэтага ліста стала б адметным экспанатам у музеі.

Тэльман Маслюкоў

16.06.2008

У Светлагорску ўначы падпалілі два аўтамабілі

З суботы на нядзелю, калі ў Беларусі праводзіліся выпускныя балы, невядомыя  злаўмыснікі падклалі свінню міністру ўнутраных спраў спадару Навумаву.

Здарэнні адбыліся ўначы 8 чэрвеня. Пасля апоўначы ў мясцовую аварыйна-выратавальную частку паступіла інфармацыя: загарэўся легкавік, прыпаркаваны па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Амаль у гэты ж час тое самае адбылося яшчэ на адной з вуліц гораду. Пажарныя разлікі пагасілі агонь, аднак аўтамабілі атрымалі сур’ёзныя пашкоджанні.

Увечары 7 чэрвеня ў Светлагорску прайшоў моцны лівень, і першапачаткова меркавалася, што прычынай узгарання маглі быць замкненні ў электрычным абсталяванні машын. Аднак раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях зрабіў выснову, што адбыўся падпал. 9 чэрвеня матэрыялы справы перададзены ў раённы аддзел міліцыі.

У ноч з 7 на 8 чэрвеня ўзмоцненае патруляванне гораду рабіла міліцыя і рота ўнутраных войск. Адмысловыя дысцыплінарныя захады былі прадпрынятыя і ў школах – у прыватнасці, кіраўнікоў выпускных класаў загадамі абавязалі ў начны час сачыць за сваімі класамі, у кожнай школе дзяжурылі міліцыянты. Цяпер мясцовыя ўлады патрабуюць ад адміністрацыі школ спраўдзіць спісы выпускнікоў, якія прысутнічалі ўначы на школьных мерапрыемствах.

Нагадаем, што ў пачатку чэрвеня ў Маскве і Пермскім краі Расіі былі падпалены болей 20 аўтамабіляў. 6 чэрвеня міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў, што не лічыць неабходным прадпрымаць прэвентыўныя меры ў мэтах недапушчэння падобных выпадкаў у нашай краіне.

Арсень Даніловіч

10.06.2008

Італьянец надуў купал у Светлагорску

Пакуль трэнераў па тэнісу ў горадзе няма, але корт ужо зьявіўся. Пры любым раскладзе гэта добра – хоць нейкая, аднак альтэрнатыва абрыдламу хакею.

Насамрэч гэта – надуўны тэнісны корт. У Беларусі майстроў па надуванню такіх купалоў няма, таму ў Светлагорск запрасілі спецыяліста з Італіі. Ён усталяваў тэхніку, запусціў яе, і на працягу двух сутак купал набыў свой належны аб’ём. Астатнюю працу па ўзвядзенню корта робіць мясцовы будаўнічы трэст № 20. Падрыхтоўчыя работы на будоўлі цягнуліся шэсць месяцаў, яшчэ некалькі спатрэбіцца на рамонт адміністрацыйнага будынку.

Спецыялісты лічаць, што надуўная тэхналогія для крытых кортаў найбольш эканамічная і энергазберагаючая. Надуўны купал не мае нясучых канструкцый, таму з’яўляецца бяспечным – ён ні пры якіх выпадках не абрынецца. У халодны перыяд года памяшканне корта суграваецца цёплым паветрам, якое падаецца адмысловым насосам.

Трэнераў па вялікім тэнісе ў Светлагорску таксама няма. Але начальнік гарадскога аддзела па фізічнай культуры і спорту Станіслаў Башынскі філасофскі лічыць, што будзе корт – з’явяцца і трэнеры. Аб’ект уваходзіць у састаў тутэйшай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 1. Мяркуецца, што на корце будуць праводіцца і платныя заняткі па тэнісе.

Міхаіл Мікіціч

09.06.2008

Дзеці завалілі Светлагорск фальшывымі грашыма

У горадзе на працягу тыдня шукалі фальшываманетчыкаў, якія разлічваліся ў крамах несапраўднымі грашыма. Міліцыя затрымала восем вучняў.

Верагодна, апынуўшыся на летніх вакацыях, падлеткі пачалі шукаць вострых прыгодаў. 14-15-гадовыя школьнікі выраблялі купюры ў 10 і 20 тысяч рублёў на звычайнай капіравальнай тэхніцы. Урэшце пры спробе ў чарговы раз сплаціць ў краме фальшывай купюрай уся група была выкрыта. Займаўся гэтым міліцэйскі аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

За апошнія два гады тое не першы выпадак у Гомельскай вобласці, калі падлеткі вырабляюць фальшывыя грошы. Спачатку яны звычайна робяць гэта проста з-за цікавасці, затым узнікае жаданне скарыстацца ўдала падробленымі фальшыўкамі. У выніку бацькоў чакаюць вялікія штрафы.

Саміх падлеткаў можна толькі  паставіць на ўлік у інспекцыі па справах непаўнагадовых – па ўзросце яны не могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за такое правапарушэнне. А вось з 16 гадоў за тое ж самае можна атрымаць да 7 гадоў зняволення.

Арсень Даніловіч

05.06.2008

Вы пытайцеся – адказы ёсць

Светлагорскі журналіст і краязнаўца Віктар Раманцоў працуе над кнігай, якую яшчэ не мае ніводны раён Беларусі.

Па словах В.Раманцова, кніга будзе пабудавана ў жанры пытанняў і адказаў пра цікавыя, незвычайныя, драматычныя і гучныя падзеі, што адбыліся на тэрыторыі Светлагорскага раёна ў розны час: ад старажытнасці да сучаснасці. У кнізе таксама будуць змешчаны нарысы пра славутых людзей, якія нарадзіліся тут. Аўтар плануе выдаць кнігу ўжо ў наступным годзе.

Сваю працу В. Раманцоў прысвячае 450-годдзю Шацілак (з 1961 года – Светлагорск) і 50-годдзю атрымання населеным пунктам статусу горада. Гэтыя юбілейныя даты споўняцца адпаведна ў 2010 і 2011 гг.

– Наш раён стане першым у Беларусі, пра які будзе напісана кніга ў жанры пытанняў і адказаў,  –  гаворыць аўтар. – Выходзілі падобныя кнігі пра ўсю краіну: "100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі", і пра вобласць: "Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах". Але пра раён яшчэ ніхто не пісаў.

Ідэя стварыць кнігу ў жанры пытанняў і адказаў з'явілася ў Віктара ў 2000 г. Але доўгі час не рэалізоўвалася. Аўтар гаворыць, што не адчуваў свайго чытача. Сур’ёзна ўзяўся пісаць кнігу толькі летась – па закліку душы. Па электронным адрасе svetlahorsk100@mail.ru можна ўжо цяпер даведацца, як замовіць будучую кнігу.

Краязнаўствам В. Раманцоў зацікавіўся яшчэ падчас навучання ў мясцовым індустрыяльным тэхнікуме, удзельнічаў тады ў грамадскім гісторыка-культурным аб’яднанні "Поўня". Пасля закончыў Гомельскі ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, па размеркаванні працаваў у Светлагорскай філіі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Апошнія гады займаецца журналістыкай – спачатку быў карэспандэнтам у газеце "Хімікі" светлагорскага вытворчага аб’яднання "Хімвалакно", а цяпер – у мясцовым тыднёвіку "Ранак-плюс".

Тэльман Маслюкоў

02.06.2008

комментировать
Уважаемые коллеги, напоминаем вам, что использование материалов сайта разрешается только при условии гиперссылки на
BulletinOnline.org
Banner
 

Powered by Plone CMS, the Open Source Content Management System

Этот сайт соответствует следующим стандартам: